Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 8 Кніга Ешуа 8 раздзел

1 Сказаў жа Госпад Ешуа: «Не бойся і не палохайся! Вазьмі з сабой усіх ваяроў і, устаўшы, ідзі на горад Гай: вось, Я аддаў у рукі твае цара яго, і народ, і горад, і зямлю яго.
2 І зробіш з Гаем і царом яго, як зрабіў ты з Ерыхонам і яго царом; вазьміце ж сабе здабычу і ўсю жывёлу. Зрабі засаду на горад ззаду горада».
3 І падняўся Ешуа і з ім усё войска ваяроў, каб ісці на Гай; адабраў Ешуа трыццаць тысяч моцных ваяроў, і выправіў іх ноччу,
4 і загадаў ім, кажучы: «Збярыцеся ў засадзе за горадам і не адыходзьце далёка ад яго; будзьце ўсе гатовыя.
5 А я і ўвесь народ, які са мной, прыступімся з другога боку горада. Калі выйдуць яны супраць нас, як раней, мы кінемся наўцёкі перад імі,
6 пакуль пераследнікі не будуць адведзены даволі далёка ад горада, бо падумаюць, што мы ўцякаем ад іх, як той раз.
7 Так, калі мы так будзем уцякаць і калі яны будуць нас даганяць, вы ўстаньце з засады і захапіце горад; і аддасць яго Госпад, Бог ваш, у вашы рукі.
8 І, калі захопіце яго, спаліце яго; зрабіце па слове Госпада. Вось, я вам гэта загадаў».
9 І Ешуа паслаў іх, і яны выправіліся на месца засады, і затрымаліся між Бэтэлем і Гаем у заходняй частцы за горадам Гай. А Ешуа правёў тую ноч сярод народа.
10 І, устаўшы надта рана, Ешуа агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраэля наперадзе войска.
11 І, калі ўсе ваяры пайшлі з ім і наблізіліся да горада, яны затрымаліся на паўночным баку горада, а пасярэдзіне, паміж горадам і імі, была даліна.
12 І ён адабраў каля пяці тысяч чалавек, і паставіў іх як засаду паміж Бэтэлем і Гаем, з заходняга боку гэтага горада.
13 І народ паставіў усе лагеры, што былі, на поўначы ад горада, і апошнюю дружыну — у заходняй частцы ад горада. Так прыйшоў Ешуа ў тую ноч і затрымаўся на сярэдзіне даліны.
14 Калі ўбачыў гэта цар Гая, раніцай хутка вырушыў, і выйшаў з усім гарадскім войскам, і накіраваў строй у бой насупраць Арабы, не ведаючы, што ў яго за плячамі хаваецца засада.
15 А Ешуа і ўвесь Ізраэль, нібыта ў страху, пачалі адыходзіць з таго месца, ўцякаючы дарогаю ў пустыню.
16 І быў скліканы ўвесь народ, які быў у горадзе, даганяць іх, і яны пагналіся за Ізраэлем. І, калі адышлі яны далёка ад горада
17 і нікога не засталося ў горадзе Гай, хто б не пагнаўся за Ізраэлем, і калі пакінулі яны горад адкрытым і гналіся за Ізраэлем,
18 сказаў Госпад Ешуа: «Падымі дзіду, якую трымаеш у руцэ сваёй, супраць горада Гай, бо Я аддам яго табе». І, калі падняў ён дзіду, якая была ў руцэ яго, супраць горада,
19 людзі, якія хаваліся ў засадзе, падняліся адразу ж, і пабеглі ў горад, і захапілі яго, і падпалілі яго.
20 А людзі з горада, якія гналіся за Ешуа, аглянуўшыся і бачачы дым над горадам, які аж пад неба ўздымаўся, не маглі больш анікуды ўцякаць, тым больш, што тыя, што паказвалі ўцёкі і накіроўваліся ў бок пустыні, павярнуліся супраць іх.
21 Ешуа і ўвесь Ізраэль, бачачы, што горад узяты і што дым уздымаецца над горадам, павярнуўшыся, ударылі людзей Гая.
22 Таксама і тыя, якія занялі і падпалілі горад, выйшлі з горада насустрач ім, і ворагі апынуліся паміж імі. Такім чынам, паколькі Ізраэльцы забівалі ворагаў з абодвух бакоў, з вялікага мноства не ўратаваўся ніводзін,
23 таксама і цара горада Гайскага схапілі і жывога даставілі да Ешуа.
24 Дык, забіўшы ўсіх жыхароў Гая, якія пагналіся за ўцякаючым у пустыню Ізраэлем, на тым самым полі засекшы іх мечам, сыны Ізраэля, вярнуўшыся, забілі ўвесь горад вастрыём меча.
25 А ў той дзень загінула мужчын і жанчын дванаццаць тысяч чалавек, усе жыхары горада Гая.
26 А Ешуа не апускаў рукі сваёй, якую выцягнуў угору, трымаючы дзіду, пакуль не былі забіты ўсе жыхары Гая.
27 Толькі жывёлу і здабычу з горада падзялілі паміж сабою сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Ешуа.
28 Ешуа спаліў горад і зрабіў з яго вечную магілу, пустыню аж да сённяшняга дня.
29 А цара Гайскага павесіў на дрэве аж да вечара; на захадзе сонца загадаў Ешуа, і знялі труп яго з дрэва, і кінулі яго ля самага ўваходу ў брамы горада, накідаўшы над ім вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня.
30 Тады Ешуа паставіў ахвярнік Госпаду, Богу Ізраэля, на гары Гэбал,
31 як загадаў Майсей, слуга Госпада, сынам Ізраэля і як запісана ў кнізе закону Майсея, ахвярнік з неапрацаваных камянёў, да якіх не дакранулася жалеза; на ім складзена было цэласпаленне Госпаду, і складалі ахвяры прымірэння.
32 І напісаў ён там на камянях копію закону Майсеевага, які напісаў Майсей для сыноў Ізраэля.
33 А ўвесь народ, і яго старэйшыны, і кіраўнікі, і суддзі сталі з аднаго і другога боку каўчэга, супраць святароў і левіцкага роду, што носяць каўчэг запавету Госпада, як чужынцы, так і тутэйшыя. Палова іх стала каля гары Гарызім, і другая палова — каля гары Гэбал, як загадаў раней Майсей, паслугач Госпада, каб дабраславіць народ Ізраэля;
34 потым прачытаў Ешуа ўсе словы закону, дабраславенне і праклён, паводле ўсяго таго, што было запісана ў кнізе закону.
35 Не апусціў Ешуа анічога з таго, што загадаў Майсей, але ўсё прачытаў перад усім сходам Ізраэля, перад жанчынамі, і дзецьмі, і чужынцамі, якія між іх пражывалі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 8 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.