Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 7 Кніга Ешуа 7 раздзел

1 Сыны ж Ізраэля парушылі прыказанне і ўзялі рэчы праклятыя: бо Ахан, сын Хармі, сына Забдыя, сына Зары з пакалення Юды, узяў нешта з рэчаў праклятых. І разгневаўся Госпад на сыноў Ізраэля.
2 І, калі Ешуа паслаў з Ерыхона людзей у Гай, што каля Бэт-Авэна ва ўсходняй частцы горада Бэтэля, ён сказаў ім: «Ідзіце і разведайце зямлю». Яны, выконваючы загад, агледзелі Гай
3 і, вярнуўшыся, сказалі Ешуа: «Хай не ідзе ўвесь народ, але хай пойдуць дзве або тры тысячы чалавек і знішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо вельмі мала ворагаў».
4 Дык выбралася каля трох тысяч ваяроў, якія зараз жа кінуліся наўцёкі перад жыхарамі горада Гай,
5 што забілі з іх каля трыццаці шасці чалавек, і пераследавалі іх ад брамы аж да Сэбарыма, і забівалі іх на спуску з гары; і ўстрывожылася сэрца народа і, як вада, разлілося.
6 Тады Ешуа разадраў адзенне сваё і ўпаў тварам на зямлю перад каўчэгам Госпада, як ён сам, так і ўсе старэйшыны Ізраэля, аж да вечара; і пасыпалі попелам свае галовы.
7 І сказаў Ешуа: «О, Госпадзе, Божа, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі амарэяў і загубіць? О, каб лепш заставаліся мы за Ярданам!
8 Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраэль уцякае перад ворагамі?
9 Пачуюць хананеі і ўсе жыхары зямлі, і, сабраўшыся, абкружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што Ты зробіш для вялікага імя Твайго?»
10 І сказаў Госпад Ешуа: «Устань! Чаму ляжыш тварам на зямлі?
11 Ізраэль зграшыў і парушыў Мой запавет, які Я з імі заключыў; і ўзялі сабе тое, што было праклятае, і ўкралі гэта, і затаілі, і схавалі паміж сваіх рэчаў.
12 І сыны Ізраэля не змаглі ўстаяць перад ворагамі сваімі, і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад праклён; не буду Я больш з вамі, пакуль не вынішчыце з сябе праклятага.
13 Устань! Ачысці народ і скажы ім: “Ачысціцеся да заўтра. Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Праклён у грамадзе тваёй, Ізраэлю! Не зможаш устаяць перад ворагамі сваімі, пакуль не выдаліце праклён з грамады вашай”.
14 І заўтра раніцай будзеце падыходзіць па адным па вашых пакаленнях; і пакаленне, на якое Госпад пакажа, хай ідзе па родах сваіх, і род, на які пакажа Госпад, хай ідзе па сем’ях сваіх, і сям’я, на якую пакажа Госпад, хай ідзе па адным чалавеку:
15 і той, хто будзе выкрыты ў гэтым двурушніцтве, будзе спалены агнём разам з усім, што яму належыць, бо ён парушыў запавет Госпада і дапусціўся злачынства ў Ізраэлі”».
16 Такім чынам, устаў Ешуа рана, і расставіў Ізраэль па пакаленнях яго, і паказана было пакаленне Юды.
17 Калі яно па родах сваіх ішло, быў паказаны род Зары; паставіўшы таксама і яго па сем’ях, ён знайшоў сям’ю Забдыя.
18 Раздзяліўшы яго сям’ю па асобных членах, ён знайшоў Ахана, сына Хармі, сына Забдыя, сына Зары, з пакалення Юды.
19 І сказаў Ешуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу Госпаду, Богу Ізраэля, і прызнайся, і скажы ты мне, што ты зрабіў; не ўтойвай».
20 І адказаў Ахан Ешуа, і сказаў яму: «Сапраўды, зграшыў я перад Госпадам, Богам Ізраэля, і вось што я зрабіў:
21 убачыў бо я між здабычы вельмі прыгожы плашч з Сэнаара, і дзвесце сікляў срэбра, і залаты пруток у пяцьдзесят сікляў вагі; і зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне маёй палаткі, і срэбра пад імі».
22 Тады Ешуа выслаў пасланцоў, якія пабеглі ў яго палатку і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра разам;
23 і забралі з палаткі, і прынеслі да Ешуа і да ўсіх сыноў Ізраэля, і паклалі перад Госпадам.
24 Дык Ешуа ўзяў Ахана, сына Зары, і срэбра, і плашч, і залаты пруток, і сыноў яго, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і самую палатку, і ўсе рэчы, і ў суправаджэнні ўсяго Ізраэля вывеў іх у лагчыну Ахор,
25 дзе Ешуа сказаў: «За тое, што ты навёў на нас гора, хай Госпад навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраэль; і ўсё, што было ў яго, агнём было спалена.
26 Таксама накідалі на яго вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня. І адвярнуўся гнеў Госпада ад іх; і назвалі тое месца лагчынаю Ахор аж да сённяшняга дня.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.