Библия › Чарняўскі-17 › Ешуа
І сталася па смерці Майсея, паслугача Госпада, сказаў Госпад да Ешуа, сына Нуна, памочніка Майсея, і казаў яму: «Майсей, паслугач Мой, памёр; дык цяпер ты ўстань і перайдзі праз гэты Ярдан, ты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля. Кожнае месца, на якое ступіць падэшва нагі вашай, Я даю вам, як Я сказаў Майсею. Ад пустыні і ад Лібана гэтага аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат, уся зямля хетэяў, і аж да Вялікага мора на захад сонца будзе мяжа ваша. Ніхто не зможа супрацівіцца табе ва ўсе дні жыцця твайго; як Я быў з Майсеем, так буду і з табою; не пакіну цябе і не адступлю ад цябе. Будзь цвёрды і мужны, бо ты гэтаму народу жэрабем Толькі будзь цвёрды і вельмі мужны, каб пільнаваць і выконваць увесь закон, які пераказаў табе Майсей, паслугач Мой. Не адступіся ад яго ані ўправа, ані ўлева, каб мець поспех ва ўсім, да чаго будзеш імкнуцца. Няхай не адыдзе гэтая кніга закону ад вуснаў тваіх, але будзеш разважаць над ёй удзень і ўначы, каб пільнаваць і выконваць усё, што напісана ў ёй: тады будуць найшчаснейшыя дарогі твае і будзеш мець поспех. Ці не Я загадваю табе: “Будзь цвёрды і мужны, не палохайся і не бойся, бо з табою Госпад, Бог твой, ва ўсім, да чаго імкнешся”»? І загадаў Ешуа кіраўнікам народа, кажучы: «Прайдзіце праз лагер і загадайце народу, і кажыце: “Прыгатуйце сабе ежу, бо па трэцім дні пяройдзеце праз гэты Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую Госпад, Бог ваш, дае вам ва ўласнасць”». А пакаленню Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы сказаў: «Прыпомніце загад, што вам загадаў Майсей, паслугач Госпада, кажучы: “Госпад, Бог ваш, даў вам супакой і гэтую зямлю”. Жонкі вашы, і дзеці, і жывёла будуць прабываць у зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам; вы, аднак, пяройдзеце са зброяй перад братамі вашымі, усе здатныя да бою мужчыны, і будзеце дапамагаць ім, аж пакуль дасць Госпад супакой братам вашым, як і вам даў, каб і яны таксама валодалі зямлёй, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім. І тады вернецеся ў зямлю валодання вашага, якую даў вам Майсей, паслугач Госпада, за Ярданам на ўсход сонца, і будзеце жыць у ёй». І адказалі яны Ешуа гэтымі словамі: «Усё, што ты загадаў нам, зробім і, куды пашлеш, пойдзем. Як слухалі мы ва ўсім Майсея, так будзем слухаць і цябе; толькі хай будзе Госпад, Бог твой, з табою, як быў з Майсеем. Хто будзе пярэчыць вуснам тваім і не слухацца ўсіх слоў тваіх, што яму загадаеш, хай будзе пакараны смерцю; ты толькі будзь цвёрды і мужны».
Ешуа, сын Нуна, з Сэтыма паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». Яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом жанчыны распусніцы на імя Рахаб, і там затрымаліся. І данеслі аб гэтым цару Ерыхонскаму, і сказалі: «Вось, людзі прыйшлі сюды ноччу ад сыноў Ізраэля, каб выведаць зямлю». Дык цар Ерыхонскі паслаў да Рахаб, загадваючы: «Выведзі людзей, якія прыбылі да цябе і ўвайшлі ў твой дом, бо яны выведчыкі і прыбылі выведаць усю зямлю». А жанчына ўзяла і схавала мужчын, і сказала: «Прызнаюся, прыбылі да мяне тыя людзі, але я не ведала, адкуль яны; і калі ў поцемках зачынялася брама, то і яны разам выйшлі, я не ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце хутка за імі і зловіце іх». Сама ж яна завяла іх на дах дома свайго і накрыла іх ільняною саломаю, якая там была. Тыя ж, каго паслалі, пабеглі за імі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане, і па іх адыходзе брама была зараз жа зачынена. Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, і вось, жанчына прыйшла да іх і сказала: «Я ведаю, што Госпад аддаў вам гэтую зямлю, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі самлелі перад вамі. Бо чулі мы, што Госпад асушыў перад вамі воды Чырвонага мора, калі выйшлі вы з Егіпта, і што вы зрабілі двум царам амарэйскім, якія жылі за Ярданам: Сэгону і Огу, якіх вы забілі. І, гэта чуючы, мы баімся, і млее сэрца наша, і займае дух нам дзеля вашага надыходу; бо Госпад, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка. Такім чынам, цяпер прысягніце мне Госпадам, што як я вам аказала міласэрнасць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасцё мне знак як заруку, што захаваеце бацьку майго і маці, братоў і сясцёр маіх і ўсё, што ёсць у іх, і ўратуеце душы нашы ад смерці». Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовы памерці, калі толькі нас не выдасі; калі Госпад аддасць нам гэтую зямлю, акажам табе міласэрнасць і вернасць». Дык спусціла яна іх на вяроўцы з акна; бо дом яе прылягаў да мура гарадскога і яна як бы ў муры пражывала. І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас пераследнікі вашы, і там схаваецеся на тры дні, пакуль яны не вернуцца; і тады пойдзеце сваёю дарогаю». Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою звязала ты нас, калі па нашым уваходзе ў гэтую зямлю не будзе гэта вяроўка з пурпуровых нітак табой прымацавана да акна, праз якое спусціла ты нас, і забяры ў дом свой бацьку свайго, і маці, і братоў, і ўвесь род свой. Калі хто выйдзе з дзвярэй дома твайго, то кроў яго ўпадзе на яго галаву, і мы будзем не вінаваты, а кроў кожнага, хто ў доме з табой будзе заставацца, упадзе на нашу галаву, калі хто да яго дакранецца. Бо калі не выканаеш гэтае абяцанне, мы будзем свабодны ад той прысягі, якой ты нас звязала». І яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І, адпусціўшы іх у дарогу, яна павесіла пурпуровую вяроўку ў акне. А выведчыкі пайшлі, і прыбылі ў горы, і там прабылі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх; бо яны, шукаючы па ўсёй дарозе, не знайшлі іх. Вярнуліся два выведчыкі і сышлі з гары, і, пераправіўшыся праз Ярдан, прыбылі да Ешуа, сына Нуна, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі, і дадалі: «Аддаў Госпад у рукі нашы ўсю гэтую зямлю, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».
І вось, Ешуа, з ночы ўстаўшы, падняў лагер. І, выйшаўшы з Сэтыма, прыбылі яны на Ярдан; ён і ўсе сыны Ізраэля; і затрымаліся там перад пераправай. Па трох днях прайшлі кіраўнікі праз лагер і далі загад народу: «Калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада, Бога вашага, і святароў з роду левіцкага, што нясуць яго, дык вы, устаўшы, ідзіце за ім. Хай паміж вамі і каўчэгам будзе прастора каля двух тысяч локцяў, і не набліжайцеся да яго, каб вы ведалі, якою дарогаю ісці, бо раней вы гэтаю дарогай не хадзілі». І сказаў Ешуа народу: «Асвяціцеся, бо заўтра выявіць Госпад пасярод вас цуды». І сказаў святарам: «Вазьміце каўчэг запавету і ідзіце перад народам». Яны ўзялі і пайшлі перад народам. І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння Я пачну ўзвышаць цябе перад усім Ізраэлем, каб ведалі яны, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табой. Ты ж загадай святарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы ім: “Калі прыйдзеце на бераг ракі Ярдан, станеце ў Ярдане!”» І сказаў Ешуа сынам Ізраэля: «Падыдзіце сюды і паслухайце словы Госпада, Бога вашага». І зноў казаў Ешуа: «Па гэтым пазнаеце, што Бог жывы пасярод вас і што Ён прагоніць хананеяў, хетэяў, гівеяў, феразеяў, а таксама гергесеяў, амарэяў і евусеяў: вось, каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пяройдзе перад вамі праз Ярдан. Выберыце дванаццаць мужчын з пакаленняў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення; і, як толькі святары, якія нясуць у водах Ярдана каўчэг Госпада, Бога ўсёй зямлі, пакінуць сляды ног сваіх, воды, якія цякуць унізе, сыйдуць, а тыя, што цякуць з гор, стануць адзінаю сцяною». Дык народ вырушыў са сваіх палатак, каб пераправіцца праз Ярдан; і святары, якія неслі каўчэг запавету, ішлі перад народам. Яны дайшлі аж да Ярдана, і, калі ногі святароў, якія неслі каўчэг, уступілі ў ваду, — а Ярдан у пару жніва напаўняў берагі свайго рэчышча, — вада, што цякла зверху, затрымалася на адным месцы накшталт сцяны на вялікай адлегласці ад горада Адамы, які побач з Сартанам; а тая, што цякла ніжэй у мора Арабы, гэта значыць у мора Салёнае, сыходзіла, аж пакуль зусім не знікла. А народ пераходзіў каля Ерыхона, і святары, якія неслі каўчэг запавету Госпада, стаялі на сухой зямлі пасярод Ярдана цвёрдаю нагою, аж пакуль увесь Ізраэль пераходзіў праз Ярдан па сухім рэчышчы.
Калі ўвесь народ пераправіўся праз Ярдан, сказаў Госпад да Ешуа: «Выберыце дванаццаць мужчын з народа, па адным з кожнага пакалення, і загадайце ім, каб узялі з сярэдзіны рэчышча Ярдана, дзе моцна стаялі ногі святароў, дванаццаць камянёў; іх панесяце з сабою і пакладзяце ў месцы для лагера, дзе раскладзецеся вы пераначаваць». І Ешуа паклікаў дванаццаць мужчын, якіх выбраў з сыноў Ізраэля, па адным з кожнага пакалення, і сказаў ім: «Пойдзеце перад каўчэгам Госпада, Бога вашага, на сярэдзіну Ярдана, і хай кожны прынясе на плячах сваіх па адным камені паводле ліку пакаленняў сыноў Ізраэля, каб гэта было знакам паміж вас. Калі сыны вашы ў будучыні запытаюцца ў вас: “Што значаць гэтыя камяні?” — вы адкажаце ім: “Воды Ярдана сышлі перад каўчэгам запавету Госпада, калі ён перапраўляўся праз яго; дзеля таго пакладзены камяні гэтыя як памятка сынам Ізраэля аж навечна”». Дык сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў ім Ешуа; прынеслі з сярэдзіны рэчышча Ярдана дванаццаць камянёў, як Ешуа загадаў Госпад, паводле ліку пакаленняў сыноў Ізраэля, і прынеслі ў месца, дзе яны расклаліся лагерам. Там іх паклалі. Таксама іншых дванаццаць камянёў паклаў Ешуа на сярэдзіне рэчышча Ярдана, дзе стаялі святары, якія неслі каўчэг запавету; і яны там знаходзяцца па сённяшні дзень. Святары, якія неслі каўчэг, стаялі на сярэдзіне Ярдана, аж пакуль не было выканана ўсё, што Госпад загадаў Ешуа абвясціць народу ўсё, згодна з тым, што загадаў Майсей Ешуа. І народ паспешна перапраўляўся. І калі ўсе пераправіліся, тады перайшоў і каўчэг Госпада; і святары сталі наперадзе народа. Таксама сыны Рубэна і Гада і палова пакалення Манасы ішлі, узброеныя, наперадзе сыноў Ізраэля, як ім загадаў Майсей; каля сарака тысяч узброеных ваяроў прайшло перад абліччам Госпада на раўніны Ерыхонскія, каб ваяваць. У той дзень узвялічыў Госпад Ешуа перад усім Ізраэлем, каб баяліся яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцця яго. І сказаў Госпад да Ешуа: «Загадай святарам, якія неслі каўчэг запавету, каб выйшлі з Ярдана!» Ён загадаў ім, кажучы: «Выйдзіце з Ярдана». І, калі яны выйшлі, несучы каўчэг запавету Госпада, і пачалі ісці па сухой зямлі, вярнуліся воды ў рэчышча сваё і цяклі, як раней, ва ўсіх сваіх берагах. А ў дзесяты дзень першага месяца народ выйшаў ад Ярдана і стаў лагерам у Галгале, на ўсход ад Ерыхона. Таксама дванаццаць камянёў, якія былі ўзяты з рэчышча Ярдана, Ешуа паставіў у Галгале. І сказаў сынам Ізраэля: «Калі спытаюцца сыны вашы ў будучым у бацькоў сваіх і скажуць ім: “Што азначаюць гэтыя камяні?” — навучыце іх і скажыце: “Па сухім рэчышчы перайшоў Ізраэль гэтую раку Ярдан”, бо Госпад, Бог ваш, высушыў ваду гэтую на вачах вашых, пакуль вы не перайшлі, як раней учыніў на Чырвоным моры, якое высушыў перад намі, пакуль мы праз яго не перайшлі, каб усе народы на зямлі пазналі наймагутнейшую руку Госпада і каб вы ва ўсе дні баяліся Госпада, Бога вашага».
Такім чынам, усе цары амарэяў, якія пражывалі за Ярданам на заходнім баку, і ўсе цары Ханаана, якія валодалі землямі, блізкімі да Вялікага мора, пачулі, што Госпад высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраэля, аж пакуль яны не пераправіліся; аслабела ў іх сэрца, і страцілі яны адвагу перад сынамі Ізраэля. У той час сказаў Госпад да Ешуа: «Зрабі сабе нажы каменныя і абрэж сыноў Ізраэля зноў, другі раз». Зрабіў ён нажы каменныя і абрэзаў сыноў Ізраэля на ўзгорку Аралот. А гэта прычына другога абразання: увесь народ мужчынскага роду, які выйшаў з Егіпта, усе ваяры памерлі, вандруючы па пустыні; яны ўсе былі абрэзаны. Народ жа, які нарадзіўся ў пустыні, не быў абрэзаны. Сорак гадоў блукалі сыны Ізраэля па пустыні, пакуль не загінулі ўсе ваяры, людзі, якія выйшлі з Егіпта, якія не чулі голасу Госпада і якім Ён прысягнуў, што не пакажа ім зямлю, якою Ён прысягнуў бацькам іх, што дасць ім зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Сыны іх сталі на месца бацькоў і былі абрэзаны Ешуа, бо яны па нараджэнні не былі абрэзаны і ніхто іх у дарозе не абразаў. А калі ўсе былі абрэзаны, заставаліся ў тым самым месцы лагерам, пакуль не ачунялі. І сказаў Госпад да Ешуа: «Сёння зняў Я з вас ганьбу Егіпецкую». І названа было тое месца Галгал, і захавалася назва гэтая да сённяшняга дня. І заставаліся сыны Ізраэля ў Галгале, і чатырнаццатага дня месяца святкавалі пасху вечарам на раўнінах Ерыхонскіх; і на другі дзень елі плады той зямлі, праснакі і зерне пражанае. Манна спынілася ад другога дня, калі пачалі есці плады той зямлі, і не елі ўжо гэтае ежы сыны Ізраэля, а харчаваліся ў той год пладамі зямлі Ханаанскай. Калі ж Ешуа быў на полі каля горада Ерыхона, падняў вочы і ўбачыў мужчыну, што стаяў насупраць яго, трымаючы аголены меч; і падышоў Ешуа да яго, і спытаўся: «Ці на нашым баку ты, ці на баку ворагаў нашых?» Ён адказаў: «Не; я кіраўнік войска Госпада, і вось я прыйшоў». Тады Ешуа ўпаў вобліч і, пакланіўшыся, сказаў: «Што скажа Госпад слузе свайму?» І князь войска Госпада сказаў Ешуа: «Здымі абутак з ног тваіх: бо месца, на якім ты стаіш, — святое». І Ешуа зрабіў, як яму было загадана. А Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраэля, і ніхто не асмельваўся выходзіць з яго або ў яго ўваходзіць.
І Госпад сказаў да Ешуа: «Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон, і цара яго, і ўсіх моцных ваяроў. Усе вы, узброеныя ваяры, абыходзьце вакол горада раз у дзень: так рабіце шэсць дзён. Сем святароў хай нясуць перад каўчэгам запавету сем труб з барановых рагоў. А сёмага дня абыдзіце вакол горада сем разоў, і святары хай трубяць у трубы. І калі труба загучыць больш працягла і зашуміць у вашых вушах, хай увесь народ закрычыць найвялікшым крыкам, і муры горада разваляцца дашчэнту; і народ увойдзе, кожны проста перад сабою». Такім чынам, Ешуа, сын Нуна, паклікаў святароў і сказаў ім: «Нясіце каўчэг запавету, і сем другіх святароў няхай нясуць сем труб і ідуць перад каўчэгам Госпада». Таксама загадаў народу: «Ідзіце і абыходзьце горад, і ўзброеныя ваяры хай ідуць перад каўчэгам Госпада». І, як толькі Ешуа скончыў гаварыць, сем святароў затрубілі ў сем труб з рагоў барановых і пайшлі, а каўчэг запавету Госпада пайшоў за імі. Усё ўзброенае войска ішло перад святарамі, што трубілі, а рэшта войска ішла за каўчэгам, і трубы штораз мацней трубілі. А Ешуа загадаў людзям, кажучы: «Не гаманіце, каб не чуўся ваш гоман і каб нават слова не выходзіла з вуснаў вашых, пакуль не настане дзень, у які скажу вам: “Крычыце!” — і будзеце крычаць». Такім чынам, каўчэг Госпада за дзень абышоў горад, і ўсе вярнуліся ў лагер, і там пераначавалі. Устаў Ешуа з ночы, і святары ўзялі каўчэг запавету Госпада, і сем з іх узялі сем труб з рагоў барановых, і пайшлі перад каўчэгам Госпада, ідучы і трубячы, і ўзброены народ ішоў перад імі; а рэшта войска ішла за каўчэгам і трубіла ў трубы. І ў другі дзень абышлі горад адзін раз і вярнуліся ў лагер; так рабілі шэсць дзён. А ў сёмы дзень, на світанні ўстаўшы, абышлі горад такім самым чынам сем разоў; толькі ў той дзень абышлі горад сем разоў. І, калі святары за сёмым разам затрубілі ў трубы, Ешуа крыкнуў народу: «Крычыце! Бо Госпад аддаў вам гэты горад. І хай будзе горад пад праклёнам, ён і ўсё, што ў ім, — для Госпада; адна толькі Рахаб распусніца хай жыве разам з усімі, якія будуць з ёй у доме; бо яна схавала выведчыкаў, якіх мы паслалі. Вы ж сцеражыцеся, каб нічога, абкладзенага праклёнам, не браць, і каб не двурушнічаць, калі возьмеце што-небудзь, і каб не быў праклятым увесь лагер Ізраэля, каб не прынесці яму няшчасце. Усё, што залатое або срэбранае, і посуд з медзі і жалеза — гэта святыня для Госпада, памешчаная ў скарбоўнях Яго». Такім чынам, увесь народ падняў крык і затрубіў у трубы, як толькі ў вушах народа зашумеў голас і гук труб; і муры разваліліся на месцы; і народ увайшоў у горад, кожны праз тое месца, што было насупраць яго, і занялі горад. І забілі яны ўсіх, хто ў ім быў, ад мужчыны аж да жанчыны, ад дзіцяці аж да старога; таксама валоў, і авечак, і аслоў забілі мечам. Двум жа мужчынам, якія былі пасланы выведчыкамі, Ешуа сказаў: «Ідзіце ў дом той жанчыны распусніцы і прывядзіце яе і ўсё, што яе, як ёй пад прысягай паабяцалі». І юнакі пайшлі і прывялі Рахаб і бацькоў яе, таксама братоў і ўсе рэчы, і род яе, і пакінулі за лагерам Ізраэля. Горад жа і ўсё, што ў ім было, спалілі, апрача срэбра, і золата, і меднага посуду, і жалеза, якія аддалі ў скарбоўню дома Госпадава. А Рахаб распусніцу, і сям’ю бацькі яе пакінуў Ешуа жыць, і ўсё, што яна мела, не кранулі; і абжылася яна ў Ізраэлі па сённяшні дзень, таму што схавала выведчыкаў, якіх паслаў Ешуа для выведвання Ерыхона. У той час Ешуа пакляўся і сказаў: «Хай будзе пракляты перад абліччам Госпада чалавек, які ўзяўся б адбудаваць горад Ерыхон; хай закладвае ён падмуркі яго на сваім першародным і хай на наймалодшым з дзяцей паставіць брамы яго». Такім чынам, Госпад быў з Ешуа, і імя яго разышлося па ўсёй зямлі.
Сыны ж Ізраэля парушылі прыказанне і ўзялі рэчы праклятыя: бо Ахан, сын Хармі, сына Забдыя, сына Зары з пакалення Юды, узяў нешта з рэчаў праклятых. І разгневаўся Госпад на сыноў Ізраэля. І, калі Ешуа паслаў з Ерыхона людзей у Гай, што каля Бэт-Авэна ва ўсходняй частцы горада Бэтэля, ён сказаў ім: «Ідзіце і разведайце зямлю». Яны, выконваючы загад, агледзелі Гай і, вярнуўшыся, сказалі Ешуа: «Хай не ідзе ўвесь народ, але хай пойдуць дзве або тры тысячы чалавек і знішчаць горад. Не турбуй увесь народ, бо вельмі мала ворагаў». Дык выбралася каля трох тысяч ваяроў, якія зараз жа кінуліся наўцёкі перад жыхарамі горада Гай, што забілі з іх каля трыццаці шасці чалавек, і пераследавалі іх ад брамы аж да Сэбарыма, і забівалі іх на спуску з гары; і ўстрывожылася сэрца народа і, як вада, разлілося. Тады Ешуа разадраў адзенне сваё і ўпаў тварам на зямлю перад каўчэгам Госпада, як ён сам, так і ўсе старэйшыны Ізраэля, аж да вечара; і пасыпалі попелам свае галовы. І сказаў Ешуа: «О, Госпадзе, Божа, чаму захацеў Ты пераправіць народ гэты за раку Ярдан, каб выдаць нас у рукі амарэяў і загубіць? О, каб лепш заставаліся мы за Ярданам! Госпадзе, што маю сказаць, калі бачу, як Ізраэль уцякае перад ворагамі? Пачуюць хананеі і ўсе жыхары зямлі, і, сабраўшыся, абкружаць нас, і сатруць імя нашае з зямлі. І што Ты зробіш для вялікага імя Твайго?» І сказаў Госпад Ешуа: «Устань! Чаму ляжыш тварам на зямлі? Ізраэль зграшыў і парушыў Мой запавет, які Я з імі заключыў; і ўзялі сабе тое, што было праклятае, і ўкралі гэта, і затаілі, і схавалі паміж сваіх рэчаў. І сыны Ізраэля не змаглі ўстаяць перад ворагамі сваімі, і ўцяклі ад іх, бо яны падпалі пад праклён; не буду Я больш з вамі, пакуль не вынішчыце з сябе праклятага. Устань! Ачысці народ і скажы ім: “Ачысціцеся да заўтра. Бо вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Праклён у грамадзе тваёй, Ізраэлю! Не зможаш устаяць перад ворагамі сваімі, пакуль не выдаліце праклён з грамады вашай”. І заўтра раніцай будзеце падыходзіць па адным па вашых пакаленнях; і пакаленне, на якое Госпад пакажа, хай ідзе па родах сваіх, і род, на які пакажа Госпад, хай ідзе па сем’ях сваіх, і сям’я, на якую пакажа Госпад, хай ідзе па адным чалавеку: і той, хто будзе выкрыты ў гэтым двурушніцтве, будзе спалены агнём разам з усім, што яму належыць, бо ён парушыў запавет Госпада і дапусціўся злачынства ў Ізраэлі”». Такім чынам, устаў Ешуа рана, і расставіў Ізраэль па пакаленнях яго, і паказана было пакаленне Юды. Калі яно па родах сваіх ішло, быў паказаны род Зары; паставіўшы таксама і яго па сем’ях, ён знайшоў сям’ю Забдыя. Раздзяліўшы яго сям’ю па асобных членах, ён знайшоў Ахана, сына Хармі, сына Забдыя, сына Зары, з пакалення Юды. І сказаў Ешуа Ахану: «Сыне мой, аддай славу Госпаду, Богу Ізраэля, і прызнайся, і скажы ты мне, што ты зрабіў; не ўтойвай». І адказаў Ахан Ешуа, і сказаў яму: «Сапраўды, зграшыў я перад Госпадам, Богам Ізраэля, і вось што я зрабіў: убачыў бо я між здабычы вельмі прыгожы плашч з Сэнаара, і дзвесце сікляў срэбра, і залаты пруток у пяцьдзесят сікляў вагі; і зажадаў я іх, і забраў іх, і схаваў у зямлі ў сярэдзіне маёй палаткі, і срэбра пад імі». Тады Ешуа выслаў пасланцоў, якія пабеглі ў яго палатку і знайшлі там усё схаванае ў тым самым месцы, і срэбра разам; і забралі з палаткі, і прынеслі да Ешуа і да ўсіх сыноў Ізраэля, і паклалі перад Госпадам. Дык Ешуа ўзяў Ахана, сына Зары, і срэбра, і плашч, і залаты пруток, і сыноў яго, і дачок, і валоў, і аслоў, і авечак, і самую палатку, і ўсе рэчы, і ў суправаджэнні ўсяго Ізраэля вывеў іх у лагчыну Ахор, дзе Ешуа сказаў: «За тое, што ты навёў на нас гора, хай Госпад навядзе на цябе гора ў гэты дзень». І ўкаменаваў яго ўвесь Ізраэль; і ўсё, што было ў яго, агнём было спалена. Таксама накідалі на яго вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня. І адвярнуўся гнеў Госпада ад іх; і назвалі тое месца лагчынаю Ахор аж да сённяшняга дня.
Сказаў жа Госпад Ешуа: «Не бойся і не палохайся! Вазьмі з сабой усіх ваяроў і, устаўшы, ідзі на горад Гай: вось, Я аддаў у рукі твае цара яго, і народ, і горад, і зямлю яго. І зробіш з Гаем і царом яго, як зрабіў ты з Ерыхонам і яго царом; вазьміце ж сабе здабычу і ўсю жывёлу. Зрабі засаду на горад ззаду горада». І падняўся Ешуа і з ім усё войска ваяроў, каб ісці на Гай; адабраў Ешуа трыццаць тысяч моцных ваяроў, і выправіў іх ноччу, і загадаў ім, кажучы: «Збярыцеся ў засадзе за горадам і не адыходзьце далёка ад яго; будзьце ўсе гатовыя. А я і ўвесь народ, які са мной, прыступімся з другога боку горада. Калі выйдуць яны супраць нас, як раней, мы кінемся наўцёкі перад імі, пакуль пераследнікі не будуць адведзены даволі далёка ад горада, бо падумаюць, што мы ўцякаем ад іх, як той раз. Так, калі мы так будзем уцякаць і калі яны будуць нас даганяць, вы ўстаньце з засады і захапіце горад; і аддасць яго Госпад, Бог ваш, у вашы рукі. І, калі захопіце яго, спаліце яго; зрабіце па слове Госпада. Вось, я вам гэта загадаў». І Ешуа паслаў іх, і яны выправіліся на месца засады, і затрымаліся між Бэтэлем і Гаем у заходняй частцы за горадам Гай. А Ешуа правёў тую ноч сярод народа. І, устаўшы надта рана, Ешуа агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраэля наперадзе войска. І, калі ўсе ваяры пайшлі з ім і наблізіліся да горада, яны затрымаліся на паўночным баку горада, а пасярэдзіне, паміж горадам і імі, была даліна. І ён адабраў каля пяці тысяч чалавек, і паставіў іх як засаду паміж Бэтэлем і Гаем, з заходняга боку гэтага горада. І народ паставіў усе лагеры, што былі, на поўначы ад горада, і апошнюю дружыну — у заходняй частцы ад горада. Так прыйшоў Ешуа ў тую ноч і затрымаўся на сярэдзіне даліны. Калі ўбачыў гэта цар Гая, раніцай хутка вырушыў, і выйшаў з усім гарадскім войскам, і накіраваў строй у бой насупраць Арабы, не ведаючы, што ў яго за плячамі хаваецца засада. А Ешуа і ўвесь Ізраэль, нібыта ў страху, пачалі адыходзіць з таго месца, ўцякаючы дарогаю ў пустыню. І быў скліканы ўвесь народ, які быў у горадзе, даганяць іх, і яны пагналіся за Ізраэлем. І, калі адышлі яны далёка ад горада і нікога не засталося ў горадзе Гай, хто б не пагнаўся за Ізраэлем, і калі пакінулі яны горад адкрытым і гналіся за Ізраэлем, сказаў Госпад Ешуа: «Падымі дзіду, якую трымаеш у руцэ сваёй, супраць горада Гай, бо Я аддам яго табе». І, калі падняў ён дзіду, якая была ў руцэ яго, супраць горада, людзі, якія хаваліся ў засадзе, падняліся адразу ж, і пабеглі ў горад, і захапілі яго, і падпалілі яго. А людзі з горада, якія гналіся за Ешуа, аглянуўшыся і бачачы дым над горадам, які аж пад неба ўздымаўся, не маглі больш анікуды ўцякаць, тым больш, што тыя, што паказвалі ўцёкі і накіроўваліся ў бок пустыні, павярнуліся супраць іх. Ешуа і ўвесь Ізраэль, бачачы, што горад узяты і што дым уздымаецца над горадам, павярнуўшыся, ударылі людзей Гая. Таксама і тыя, якія занялі і падпалілі горад, выйшлі з горада насустрач ім, і ворагі апынуліся паміж імі. Такім чынам, паколькі Ізраэльцы забівалі ворагаў з абодвух бакоў, з вялікага мноства не ўратаваўся ніводзін, таксама і цара горада Гайскага схапілі і жывога даставілі да Ешуа. Дык, забіўшы ўсіх жыхароў Гая, якія пагналіся за ўцякаючым у пустыню Ізраэлем, на тым самым полі засекшы іх мечам, сыны Ізраэля, вярнуўшыся, забілі ўвесь горад вастрыём меча. А ў той дзень загінула мужчын і жанчын дванаццаць тысяч чалавек, усе жыхары горада Гая. А Ешуа не апускаў рукі сваёй, якую выцягнуў угору, трымаючы дзіду, пакуль не былі забіты ўсе жыхары Гая. Толькі жывёлу і здабычу з горада падзялілі паміж сабою сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Ешуа. Ешуа спаліў горад і зрабіў з яго вечную магілу, пустыню аж да сённяшняга дня. А цара Гайскага павесіў на дрэве аж да вечара; на захадзе сонца загадаў Ешуа, і знялі труп яго з дрэва, і кінулі яго ля самага ўваходу ў брамы горада, накідаўшы над ім вялікую кучу камянёў, якія захаваліся да сённяшняга дня. Тады Ешуа паставіў ахвярнік Госпаду, Богу Ізраэля, на гары Гэбал, як загадаў Майсей, слуга Госпада, сынам Ізраэля і як запісана ў кнізе закону Майсея, ахвярнік з неапрацаваных камянёў, да якіх не дакранулася жалеза; на ім складзена было цэласпаленне Госпаду, і складалі ахвяры прымірэння. І напісаў ён там на камянях копію закону Майсеевага, які напісаў Майсей для сыноў Ізраэля. А ўвесь народ, і яго старэйшыны, і кіраўнікі, і суддзі сталі з аднаго і другога боку каўчэга, супраць святароў і левіцкага роду, што носяць каўчэг запавету Госпада, як чужынцы, так і тутэйшыя. Палова іх стала каля гары Гарызім, і другая палова — каля гары Гэбал, як загадаў раней Майсей, паслугач Госпада, каб дабраславіць народ Ізраэля; потым прачытаў Ешуа ўсе словы закону, дабраславенне і праклён, паводле ўсяго таго, што было запісана ў кнізе закону. Не апусціў Ешуа анічога з таго, што загадаў Майсей, але ўсё прачытаў перад усім сходам Ізраэля, перад жанчынамі, і дзецьмі, і чужынцамі, якія між іх пражывалі.
Пачуўшы пра гэта, усе цары, што жылі за Ярданам, у гарах, і ў Сэфэле, і на ўсім беразе Вялікага мора, таксама тыя, хто жыў аж да Лібана, — хетэі і амарэі, хананеі, феразеі, гівеі і евусеі, — сабраліся разам, каб супольна ваяваць супраць Ешуа і Ізраэля, адзінадушна і з агульным для ўсіх жаданнем. Аднак тыя, што жылі ў Габаоне, чуючы ўсё, што зрабіў Ешуа з Ерыхонам і Гаем, і абдумаўшы хітрасць, узялі з сабою харчы, усклаўшы старыя мяхі на аслоў і старыя бурдзюкі для віна, падзёртыя і палатаныя, і на нагах мелі падзёрты абутак, які быў сшыты абрэзкамі дзеля таго, каб паказаць яго старасць, і апрануліся ў старое адзенне; таксама хлеб падарожны быў сухі ды паламаны на кавалкі. І прыбылі яны да Ешуа, які ў той час пражываў у лагеры ў Галгале, і сказалі яму і таксама ўсяму Ізраэлю: «Прыбылі мы з далёкай зямлі, жадаючы заключыць запавет з вамі». І ў адказ сказалі Ізраэльцы гівеям: «А можа, вы сярод нас жывеце і мы не можам заключаць запавет з вамі?» Яны ж сказалі Ешуа: «Паслугачы мы твае». Ешуа кажа ім: «Хто вы і адкуль прыбылі?» Яны адказалі: «З вельмі далёкай зямлі прыбылі паслугачы твае ў імя Госпада, Бога твайго; бо чулі мы пра славу магутнасці Яго, пра ўсё, што ўчыніў Ён у Егіпце і што зрабіў двум царам амарэйскім за Ярданам, Сэгону, цару Хесебона, і Огу, цару Басана, які быў у Астароце. І сказалі нам старэйшыны і ўсе жыхары нашай зямлі: “Вазьміце ў рукі харчы ў дарогу, і ідзіце насустрач ім, і скажыце: “Паслугачы мы вашыя; заключыце з намі запавет”. Вось хлеб: калі мы выходзілі з дамоў нашых, каб дабрацца да вас, узялі мы яго цёплым; цяпер жа зрабіўся ён сухі і пакрыты цвіллю, бурдзюкі новыя мы налілі віном, а цяпер яны парваліся і паабмяклі; адзенне, у якое апрануліся, і абутак, які маем на нагах, дзеля працягласці даволі далёкай дарогі падзёрліся і ледзь трымаюцца». Дык ізраэльцы пакаштавалі ежы іх і, што скажа Госпад, не запыталіся. І заключыў Ешуа мір з імі, і, увайшоўшы ў запавет, прырок ім жыццё; таксама кіраўнікі супольнасці пацвердзілі гэта ім прысягаю. А па трох днях па заключэнні запавету ізраэльцы пачулі, што яны жывуць у суседстве і сярод іх. І сыны Ізраэля паднялі лагер і ў трэці дзень прыбылі ў іх гарады, якія называюцца Габаон, і Кафіра, і Бэрот, і Карыят-Ярым; і сыны Ізраэля не пазабівалі іх, бо далі ім прысягу кіраўнікі супольнасці ў імя Госпада, Бога Ізраэля. Таму наракала ўся супольнасць супраць кіраўнікоў, якія ім адказалі: «Прысягнулі мы ім у імя Госпада, Бога Ізраэля, і дзеля таго не можам іх чапаць. Але зробім з імі так: захаваем іх, каб жылі, каб не ўзгарэўся супраць нас гнеў Госпада з-за таго, што мы парушылі прысягу; але няхай яны жывуць так, каб секчы дровы і насіць ваду». Калі яны сказалі гэта, Ешуа паклікаў жыхароў Габаона і сказаў ім: «Чаму захацелі вы нас ашукаць падступна, кажучы: “Мы ад вас вельмі далёка жывём”, калі сярод нас жывеце? Таму будзеце вы пад праклёнам, і ніхто з вашага роду не перастане быць паслугачом, секчы дровы і насіць ваду ў дом Бога майго». Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, даведаліся, што Госпад, Бог твой, загадаў слузе Свайму, Майсею, што аддасць вам усю зямлю і знішчыць усіх яе жыхароў; таму мы дужа баяліся дзеля жыцця нашага, напалоханыя страхам перад вамі, і таму так вырашылі зрабіць. Цяпер жа мы ў руках тваіх: што табе здаецца добрым і справядлівым, рабі з намі». Дык Ешуа зрабіў, як сказаў, і вызваліў іх ад рукі сыноў Ізраэля, каб не былі пазабіваныя. І ў той дзень вырашыў ён, што яны будуць дапамагаць усяму народу і ахвярніку Госпада, секчы дровы і насіць ваду аж да цяперашняга часу на месцы, якое Госпад выбраў.
Калі Адоні-Сэдэк, цар Ерузаліма, дачуўся гэта, што Ешуа заняў Гай і знішчыў яго, бо зрабіў ён з Гаем і яго царом так, як зрабіў з Ерыхонам і царом яго, і што заключылі жыхары Габаона мір з Ізраэлем і жылі ў грамадзе яго, то моцна ўстрывожыўся. Бо Габаон быў вялікім горадам, як адзін з гарадоў царскіх, і большы за горад Гай, і ўсе яго жыхары былі наймужнейшымі ваярамі. Дык Адоні-Сэдэк, цар Ерузаліма, паслаў пасланцоў да Агама, цара Геброна, і да Парама, цара Ярмута, таксама да Яфія, цара Лахіса, і да Дабіра, цара Эглона, запрашаючы: «Прыбудзьце да мяне і дайце дапамогу, каб мы перамаглі жыхароў Габаона, бо яны заключылі мір з Ешуа і сынамі Ізраэля». Дык, сышоўшыся, злучыліся разам пяць цароў амарэйскіх: цар Ерузаліма, цар Геброна, цар Ярмута, цар Лахіса, цар Эглона са сваімі войскамі; і сталі яны лагерам каля Габаона, і ваявалі супраць яго. А жыхары Габаона паслалі людзей да Ешуа, які прабываў тады ў лагеры ў Галгале, і прасілі яго: «Не стрымлівай рукі сваёй, каб даць дапамогу паслугачам тваім! Устань хутка, і вызвалі нас, і прыйдзі з дапамогаю: бо сышліся супраць нас усе цары амарэйскія, якія жывуць у гарах». І пайшоў Ешуа з Галгала, і ўсё войска ваяроў з ім, ваяры наймужнейшыя. І сказаў Госпад Ешуа: «Не бойся іх! Бо ў рукі твае Я аддаю іх; ніхто з іх не зможа ўстаяць перад табою». Такім чынам, неспадзявана напаў на іх Ешуа, які ўсю ноч ішоў з Галгала, і напалохаў іх Госпад перад абліччам Ізраэля, і знішчыў іх вялікаю караю ў Габаоне, і гнаў іх у бок узгорка Бэтарон, і біў іх аж да Азэкі і Македы. І калі ўцякалі яны перад сынамі Ізраэля і былі на схіле гары Бэтарон, Госпад кідаў на іх вялікія камяні з неба аж да Азэкі, і больш іх паўмірала ад камянёў градавых, чым ад меча сыноў Ізраэля. У той дзень, калі выдаў Госпад амарэяў сынам Ізраэля, сказаў Ешуа Госпаду ў прысутнасці Ізраэля: «Стой, сонца, над Габаонам, і ты, месяц, над далінай Аялона». І затрымаліся сонца і месяц, пакуль не адпомсціў народ сваім ворагам. Ці ж не запісана гэта ў Кнізе Справядлівага? «Дык стала сонца пасярэдзіне неба і на працягу амаль дня не спяшалася заходзіць». Не было падобнага дня ані перад тым, ані потым, каб Госпад паслухаў голас чалавека, бо Госпад ваяваў на баку Ізраэля. І вярнуўся Ешуа з усім Ізраэлем у лагер у Галгал. А пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры горада Македы. І паведамілі Ешуа, што пяць цароў знойдзены і што яны хаваюцца ў пячоры горада Македы. Ён загадаў: «Закрыйце ўваход у пячору вялікімі камянямі і пастаўце людзей, каб іх, запёртых, пільнавалі. А вы не стойце, але пераследуйце ворагаў і таксама забівайце апошніх з уцекачоў; не дазвольце ім увайсці ў гарады свае за дапамогаю, бо Госпад, Бог ваш, выдаў іх у рукі вашы». Такім чынам, ударыўшы ворагаў найвялікшай караю аж да знішчэння так, што толькі рэшткі з іх змаглі ўцячы ў гарады ўмацаваныя, усё войска вярнулася да Ешуа ў Македу ў лагер, жывыя і здаровыя; і ніхто не адважыўся нават языком варухнуць супраць сыноў Ізраэля. І Ешуа загадаў, кажучы: «Адкрыйце ўваход у пячору і прывядзіце да мяне пяцярых цароў, якія ў ёй хаваюцца». І зрабілі так, і прывялі да яго пяцярых цароў з пячоры: цара Ерузаліма, цара Геброна, цара Ярмута, цара Лахіса і цара Эглона. Калі іх прывялі да яго, ён паклікаў усіх ізраэльцаў і сказаў кіраўнікам войска, якія былі з ім: «Хадзіце і пастаўце ногі на шыі цароў гэтых». Калі яны падышлі і паставілі ногі на шыі ляжачых, зноў Ешуа сказаў ім: «Не бойцеся і не палохайцеся; будзьце цвёрдымі і мужнымі! Бо так Госпад зробіць усім ворагам вашым, супраць якіх будзеце змагацца». І ўдарыў іх Ешуа, і забіў іх, і павесіў на пяці дрэвах; і віселі яны аж да вечара, і ўкінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і закідалі ўваход у яе вялікімі камянямі, якія ляжаць там аж да сёння. У той самы дзень здабыў Ешуа Македу і знішчыў яе вастрыём меча, і забіў цара яе і ўсіх жыхароў яе; не пакінуў у ёй анікога, і зрабіў цару Македы так, як зрабіў цару Ерыхонскаму. З Македы перайшоў Ешуа з усім Ізраэлем у Лебну і ваяваў супраць яе. Выдаў Лебну Госпад разам з царом яе ў рукі Ізраэля, і яны знішчылі горад вастрыём меча ды ўсіх яго жыхароў, і не пакінулі нікога, і ўчынілі цару Лебны, як зрабілі цару Ерыхона. З Лебны Ешуа з усім Ізраэлем перайшоў у Лахіс і, размясціўшы кругом войска, нападаў на яго. І аддаў Госпад Лахіс у рукі Ізраэля, які заняў яго на другі дзень; і загубіў вастрыём меча ўсё жывое, што было ў ім, як зрабіў раней у Лебне. У той час прыйшоў Гарам, цар Газэра, каб дапамагчы Лахісу; знішчыў яго Ешуа разам з усім народам яго аж да поўнага вынішчэння. І перайшоў Ешуа з усім Ізраэлем з Лахіса ў Эглон, і акружыў яго, і ваяваў з ім, у той жа дзень апанаваў яго і забіў вастрыём меча ўсё жывое, адпаведна ўсяму, што зрабіў у Лахісе. Таксама з Эглона пайшоў Ешуа з усім Ізраэлем на Геброн і ваяваў супраць яго. І ўзяў яго, і забіў вастрыём меча яго, таксама цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё жывое, што там пражывала; не пакінуў анікога: як зрабіў у Эглоне, так зрабіў і ў Геброне, усё, што ў ім знайшлося, знішчыўшы. Адтуль павярнуў Ешуа з усім Ізраэлем у Дабір, і ваяваў з ім, і заняў яго; таксама цара яго і ўсе гарады яго вынішчыў вастрыём меча; не пакінуў у ім ніякіх астаткаў: так зрабіў у Геброне і Лебне і з царамі іх, так зрабіў з Дабірам і царом яго. Такім чынам, Ешуа заваяваў усю зямлю: горы, і Нагэб, і Сэфэлу, і схілы гор, і цароў іх; не пакінуў у іх ніякіх астаткаў, але ўсё, што магло дыхаць, забіў, як загадаў Госпад, Бог Ізраэля. І Ешуа пакараў іх ад Кадэс-Барнэ аж да Газы, усю зямлю Госэн аж да Габаона, і ўсіх цароў і іх землі захапіў адным паходам; бо Госпад, Бог Ізраэля, ваяваў на баку Ізраэля. І вярнуўся Ешуа з усім Ізраэлем у месца лагера, у Галгал.
Калі Явін, цар Асора, пачуў пра гэта, ён паслаў да Ёбаба, цара Мадона, і да цара Сэмрона, і да цара Ахсафа, да цароў поўначы, якія пражывалі ў гарах і ў Арабе з паўднёвага боку Кінэрэта, а таксама ў Сэфэле і на землях Дора каля мора, да хананеяў на ўсходзе і захадзе, і да амарэяў, і да хетэяў, феразеяў і евусеяў у гарах, а таксама да гівеяў, якія пражывалі ля падножжа Гэрмона ў зямлі Міцпа. І выйшлі яны ўсе са сваімі дружынамі, народ вельмі вялікі, быццам пясок на беразе мора, а таксама коні і калясніцы ў вялікай колькасці; і сабраліся ўсе гэтыя цары, і сталі адным лагерам ля водаў Мэромы, каб ваяваць супраць Ізраэля. І сказаў да Ешуа Госпад: «Не бойся іх! Бо заўтра ў гэтую самую гадзіну Я пакладу ўсіх іх забітымі перад Ізраэлем: коней іх ты акульгавіш, а калясніцы іх спаліш агнём». І Ешуа і ўсё яго войска з ім пайшлі раптоўна супраць іх да водаў Мэромы, і напалі на іх. І аддаў іх Госпад у рукі Ізраэля; ён разбіў іх і гнаўся за імі аж да вялікага Сідона і Мацэрэфота на захадзе і аж да даліны Міцпы на ўсходзе. Так забіваў усіх, што не застаўся ніводзін з іх; зрабіў Ешуа так, як яму загадаў Госпад: коней іх акульгавіў і калясніцы спаліў. А ў той час Ешуа вярнуўся і заняў Асор і цара яго забіў мечам, а Асор спакон веку быў сталіцай усіх гэтых царстваў. І забіў ён усё жывое, што там было, і не пакінуў у ім анікога, але ўсё спустошыў аж да вынішчэння і сам горад спаліў пажарам. І ўсё навокал, гарады і іх цароў, схапіў, ударыў, і знішчыў, і спустошыў, як загадаў Майсей, паслугач Госпадаў. Толькі гарады, што стаялі на ўзгорках, не спаліў Ізраэль; адзін толькі Асор спаліў Ешуа полымем. І ўсю здабычу з гэтых гарадоў і жывёлу падзялілі ізраэльцы паміж сабою, людзей усіх забіўшы; не пакінулі яны жывым нікога. Так загадаў Госпад Майсею, слузе Свайму, так пераказаў Майсей Ешуа, а ён усё выканаў; не прапусціў з усіх загадаў ніводнага слова, якое загадаў Госпад Майсею. Такім чынам, Ешуа завалодаў усёю гэтаю зямлёю: гарамі, і Нагэбам, і зямлёю Госэн, Сэфэлай, і Арабай, і гарою Ізраэльскай, і яе раўнінамі, ад гары Кальв, якая падымаецца да Сэіра, аж да Баалгада ў даліне Лібана, ля падножжа гары Гэрмон; усіх цароў іх захапіў, ударыў і забіў. Доўгі час Ешуа ваяваў супраць цароў гэтых. Ніводзін горад не заключыў запавету з сынамі Ізраэля, апрача гівеяў, якія пражывалі ў Габаоне: усе ён здабыў вайною. Бо быў намер Госпада, каб рабіліся ўпартымі іх сэрцы, і каб ваявалі супраць Ізраэля, і каб загінулі, і каб не заслужылі ніякай міласэрнасці, і каб загінулі так, як загадаў Госпад Майсею. У той час Ешуа прыйшоў і забіў сыноў Анака ў гарах, у Геброне і ў Дабіры, і ў Анабе, і ва ўсіх гарах юдэйскіх і ізраэльскіх, і спустошыў гарады. Не пакінуў ён ніводнага чалавека з роду Анака ў зямлі сыноў Ізраэля, за выключэннем гарадоў Газа, і Гет, і Азот, — толькі ў іх яны засталіся. Дык захапіў Ешуа ўсю зямлю, як прадказаў Госпад Майсею, і аддаў яе ва ўласнасць сынам Ізраэля, адпаведна з часткамі і пакаленнямі яго; і зямля супакоілася ад войнаў.
Вось цары, якіх забілі сыны Ізраэля і завалодалі іх зямлёю за Ярданам, на ўсход сонца, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон і з усёй усходняй часткай Арабы. Сэгон, цар амарэяў, які жыў у Хесебоне і ўладарыў ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад сярэдзіны даліны і па палову Галаада аж да ручая Ябок, мяжы сыноў Амона; і ў Арабе аж да мора Кінэрэт на ўсходзе і аж да мора Арабы, гэта значыць мора Салёнага, на ўсходні бок па дарозе, што вядзе ў Бэт-Есімот, і на паўднёвым баку, што ляжыць ля падножжа Пісгі. Пасля Ог, цар Басана, апошні з рэфаімаў, які жыў у Астароце і ў Эдраі і панаваў на гары Гэрмон, і ў межах Сальхі, а таксама ва ўсім Басане аж да межаў Гэсура і Маахі, і над паловай Галаада, аж да межаў Сэгона, цара Хесебона. Майсей, паслугач Госпадаў, і сыны Ізраэля забілі іх; і аддаў зямлю іх Майсей ва ўладанне пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы. Гэта цары зямлі, якіх забіў Ешуа і сыны Ізраэля за Ярданам у заходнім баку, ад Баалгада ў даліне Лібана аж да гары Кальв, якая падымаецца да Сэіра, яе аддаў Ешуа ва ўладанне пакаленням Ізраэля, кожнаму — яго частку, як на гарах, так і ў Сэфэле, у Арабе і на схілах гары, і ў пустыні, і ў Нагэбе; зямлю хетэяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў: цар Ерыхона — адзін, цар Гая, што на баку Бэтэля, — другі, цар Ерузаліма — трэці, цар Геброна — чацвёрты, цар Ярмута — пяты, цар Лахіса — шосты, цар Эглона — сёмы, цар Газэра — восьмы, цар Дабіра — дзевяты, цар Гадэра — дзесяты, цар Хормы — адзінаццаты, цар Арада — дванаццаты, цар Лебны — трынаццаты, цар Адалама — чатырнаццаты, цар Македы — пятнаццаты, цар Бэтэля — шаснаццаты, цар Тафуа — семнаццаты, цар Хафэра — васемнаццаты, цар Афэка — дзевятнаццаты, цар Сарона — дваццаты, цар Мадона — дваццаць першы, валадар Асора — дваццаць другі, цар Сэмрона — дваццаць трэці, цар Ахсафа — дваццаць чацвёрты, цар Танаха — дваццаць пяты, цар Магеды — дваццаць шосты, цар Кадэса — дваццаць сёмы, цар Екнаама, што каля Кармэля, — дваццаць восьмы, цар Дора з узвышшаў Дор — дваццаць дзевяты, цар паганаў з Галгала — трыццаты, цар Тэрсы — трыццаць першы, усіх цароў — трыццаць адзін.
Ешуа састарэў і быў у гадах пажылых, і сказаў яму Госпад: «Ты састарэў і ты ў гадах пажылых; і да гэтай пары ёсць найвялізнейшая зямля, што яшчэ не занятая. Гэта, відавочна, уся Галілея, край філістынцаў, і ўвесь Гэсур, ад Сіхора, што на ўсход ад Егіпта, аж да межаў Акарона на поўнач, зямля Хананейская, што падзяляецца паміж пяццю князямі філістынскімі з Газы, Азота, Аскалона, Гета і Акарона і гевеямі на поўдні; і ўся зямля Ханаан, ад Мэрары Сідонскай аж да Афэка і межаў амарэяў; і зямля Гібла, і ўвесь Лібан на ўсходзе ад Баалгада, што ля падножжа гары Гэрмон, аж да ўваходу ў Эмат, усе, што жывуць на гары ад Лібана аж да Мацэрэфота на захадзе, усе сідонцы. Я выганю і знішчу іх перад сынамі Ізраэля. Толькі жэрабем падзялі зямлю між сынамі Ізраэля ў спадчыну, як Я загадаў табе. І цяпер падзялі гэтую зямлю ва ўладанне дзевяці пакаленням і палове пакалення Манасы». Пакаленне Рубэна і пакаленне Гада з другою паловай пакалення Манасы валодалі зямлёю, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, на ўсходнім баку за ракой Ярданам: ад Араэра, што ляжыць на беразе ручая Арнон, і горада ў сярэдзіне даліны, якую даў ім Майсей, паслугач Госпада, і да ўсёй раўніны ад Мэдабы і да Дыбона; і ўсімі гарадамі Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, аж да межаў сыноў Амона; і Галаадам, і межамі з Гэсурам і Маахам, і ўсёю гарою Гэрмон, і ўсім Басанам аж да Сальхі, усім царствам Ога, які цараваў у Басане, Астароце і Эдраі, — сам ён быў апошнім з рэфаімаў; і Майсей пабіў іх і знішчыў. Але сыны Ізраэля не выгналі сыноў Гэсура і Мааха, і жывуць яны сярод Ізраэля па сённяшні дзень. Толькі пакаленню Леві не дадзена ўласнасці, але ахвяры Госпаду, Богу Ізраэля, — гэта яго спадчына, як абвясціў яму Госпад. Майсей даў пакаленню сыноў Рубэна ўласнасць адпаведна іх родам. І была іх мяжа ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў сярэдзіне даліны таго ж ручая, і ўся раўніна аж да Мэдабы, Хесебон і ўсе яго гарады, што на раўніне: Дыбон, і Бамот-Баал, і Бэт-Баал-Мэон, Яса, Кадэмот і Мэфаат, Карыятаім, і Сабама, і Сэрэт-Гэссахар на гары на раўніне, Бэт-Пэгор і схілы Пісгі, і Бэт-Есімот, і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сэгона, цара амарэйскага, які цараваў у Хесебоне, якога забіў Майсей, яго і кіраўнікоў мадыянскіх: Эвія, Рэкема, і Сура, і Гура, і Рэбу, князёў Сэгона, жыхароў той зямлі. І варажбіта Балаама, сына Бэора, забілі сыны Ізраэля мечам разам з іншымі забітымі. Мяжой зямлі сыноў Рубэна была рака Ярдан. Гэта ўласнасць сыноў Рубэна па іх родах, іх гарады і навакольныя вёскі. І даў Майсей уласнасць пакаленню Гада, сынам Гада адпаведна іх родам, мяжа якой такая: Язэр, і ўсе гарады Галаада, і палова зямлі сыноў Амона аж да Араэра, што насупраць Рабы; і ад Хесебона аж да Рамот-Міцпы, і Бэтаніма і ад Маханаіма аж да межаў Ладабара, таксама ў даліне Бэтаран, і Бэтнэмра, і Сукот, і Сафон, астатняя частка царства Сэгона, цара Хесебона; Ярдан і мяжа аж да крайняй часткі мора Кінэрэт за Ярданам на ўсходнім баку. Гэта спадчына сыноў Гада па родах іх, гарады з навакольнымі вёскамі. Майсей даў спадчыну і палове пакалення сыноў Манасы адпаведна іх родам: Манаса — ад Маханаіма ўвесь Басан, усё царства Ога, цара Басана, і ўсе пасяленні Яіра, што ў Басане, шэсцьдзесят гарадоў; і палову Галаада, і Астарот і Эдраі, гарады царства Ога ў Басане, займелі сыны Махіра, сына Манасы, палова сыноў Махіра па сваіх родах. Гэтую ўласнасць падзяліў Майсей на раўнінах Мааба за Ярданам насупраць Ерыхона, на ўсходнім баку. А пакаленню Леві не даў уласнасці, бо Госпад, Бог Ізраэля, Ён Сам — яго ўласнасць, як Ён яму сказаў.
Гэта тое, што атрымалі ва ўласнасць сыны Ізраэля ў зямлі Ханаан, што далі ім Элеязэр святар і Ешуа, сын Нуна, і князі плямёнаў пакаленняў Ізраэля, якія дзялілі ўсё жэрабем, як загадаў Госпад праз Майсея, дзевяці пакаленням і палове пакалення. Бо двум пакаленням і палове пакалення даў Майсей уласнасць за Ярданам, апрача левітаў, якім нічога не даў між братоў іх; але ад сыноў Язэпа выйшлі два пакаленні: Манасы і Эфраіма, і левіты не атрымалі ніякай часткі на зямлі, акрамя гарадоў на жыццё і іх прыгарадаў для таго, каб пасвіць сваю жывёлу і статкі. Як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі сыны Ізраэля, і падзялілі зямлю. Тады прыйшлі сыны Юды да Ешуа ў Галгале, і Калеб, сын Ефоны, кенэзей, сказаў яму: «Ты ведаеш, што Госпад сказаў Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Барнэ. Сорак гадоў меў я, калі Майсей, паслугач Госпада, паслаў мяне з Кадэс-Барнэ, каб выведаць зямлю; і я яму расказаў праўдзіва, што я бачыў. А браты мае, якія хадзілі разам са мною, напалохалі сэрцы людзей, і я, тым не менш, быў верным у тым, каб пайсці за Госпадам, Богам маім. І ў той дзень Майсей прысягнуў, кажучы: “Зямля, на якую ступіла нага твая, будзе ўласнасцю тваёй і сыноў тваіх навекі, бо ты быў верным у тым, каб пайсці за Госпадам, Богам маім”. Такім чынам, захаваў мне Госпад жыццё, як паабяцаў, да сённяшняга дня. Сорак пяць гадоў мінула з таго часу, як Госпад сказаў словы гэтыя Майсею, калі Ізраэль вандраваў праз пустыню; цяпер маю восемдзесят пяць гадоў, але я дужы як тады, калі пасланы быў дзеля выведвання, колькі ў мяне тады было сілы, столькі і цяпер маю для таго, каб ваяваць ды ісці ў паход і вяртацца. То дай ты мне гэтую гару, якую абяцаў мне Госпад у той дзень, бо ты таксама чуў, што там жывуць сыны Анака і што гарады іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, калі Госпад будзе са мною, я змагу знішчыць іх, як мне паабяцаў гэта Госпад». І Ешуа дабраславіў яго і даў яму ва ўласнасць Геброн; і таму Геброн належыць Калебу, сыну Ефоны, кенэзею, аж па сённяшні дзень, бо ён быў верны, каб пайсці за Госпадам, Богам Ізраэля. Геброн перад тым называўся Карыят-Арбаa, а Арба быў найвялікшым чалавекам сярод сыноў Анака. І зямля жыла ў супакоі ад войнаў.
Жэрабя пакалення сыноў Юды па родах яго было такое: аж да мяжы Эдома, да пустыні Сін, насупраць Нагэба, аж да найдалейшых краёў на паўднёвым баку. Яго мяжа паўднёвая ідзе ад канца мора Салёнага і ад яго мыса, што глядзіць на поўдзень, і выходзіць яна на подступах да Акрабіма, і праходзіць праз Сін, і бяжыць на поўдні да Кадэс-Барнэ, і прыходзіць да Эсрона, падымаючыся да Адара, і паварочвае да Каркі; і далей, праходзячы Асэмон, даходзіць да ручая Егіпецкага; будуць у яе выхады да Вялікага мора: гэта будзе мяжа паўднёвага боку для вас. А мяжа ўсходняя — мора Салёнае аж да вусця Ярдана. Мяжа паўночная пачынаецца ад марскога мыса і ад вусця Ярдана да Бэтаглі і праходзіць ад поўначы да Бэт-Арабы, падымаючыся да каменя Баэн сыноў Рубэна, і падымаючыся да Дабіра ад лагчыны Ахор, і заварочваючы на поўнач да Галілотаa, што насупраць узвышша Адамім, якое ідзе ад паўднёвага боку ручая; далей мяжа ідзе да водаў, што называюцца крыніцаю Сонца, і будуць у яе выхады да крыніцы Рагель; і мяжа падымаецца лагчынай Бэн-Гэном на поўдзень з боку евусеяў, гэта значыць праз Ерузалім, і адтуль, уздымаючыся да вяршыні гары, што насупраць лагчыны Гэном да захаду і ў крайняй частцы лагчыны Рэфаім на поўнач; і з вяршыні гары спускаецца мяжа аж да крыніцы вады Нэфтоа і вядзе да паселішчаў гары Эфрон, і заварочвае да Баалы, або Карыят-Ярыма. І з Баалы мяжа заварочвае на захад аж да гары Сэір і праходзіць ля схілу гары Ярым на поўнач, гэта значыць Хеслон, і зыходзіць да Бэтсамэса, і пераходзіць у Тамну, і даходзіць да паўночнага хрыбта Акарона, і заварочвае да Сэхрона, і пераходзіць праз гару Баалы, і набліжаецца да Ібнээля, і спыняецца ля мора. Мяжой заходняй з’яўляецца Вялікае мора. Гэта межы вакол зямлі сыноў Юды па родах іх. А Калеб, сын Ефоны, атрымаў частку між сыноў Юды, як загадаў Госпад Ешуа, — Карыят-Арбуb, галоўны горад бацькі Анака, значыць Геброн. І адсюль Калеб знішчыў трох сыноў Анака: Сэсая, і Ахімана, і Талмая з роду Анака. І адтуль выправіўся ён супраць жыхароў Дабіра, які раней называўся Карыят-Сэфэрc. І Калеб сказаў: «Таму, хто здабудзе Карыят-Сэфэр і захопіць яго, я дам сваю дачку Аксу за жонку». І здабыў яго Атаніэль, сын Кенэза, брат Калеба, і той даў яму Аксу, дачку сваю, за жонку. Калі яна прыбыла, то пераканала мужа свайго, каб той прасіў поля ў бацькі яе; і злезла яна з асла, а Калеб у яе спытаўся: «Чаго ты хочаш?» Яна ж адказала: «Дай мне дабраславенне; даў ты мне Нагэб, зямлю сухую, дык дай мне і зямлю з крыніцамі водаў». Дык даў ёй Калеб напоеныя крыніцамі узвышша і даліну. Гэта ўласнасць пакалення сыноў Юды па родах іх. І былі гарады ад ускраін сыноў Юды каля межаў Эдома ў Нагэбе: Кабсээль, і Эдэр, і Ягур, і Кіна, і Дымона, і Адада, і Кадэс, і Асор, і Ятнан, і Зіф, і Тэлем, і Балот, і Асор-Хадата, і Карыят, Эсрон — гэта Асор, і Амам, і Сама, і Малада, і Асаргада, і Гасэмон, і Бэтпэлет, Асарсуал, Бээр-Сэба, Базіётыя, і Баала, і Ійм, і Эсэм, і Эльталад, і Хэсіль, і Хорма, і Сікэлаг, і Мадмена, і Сэнсэна, і Лебаот, і Селім, і Эн-Рэмон — усіх гарадоў дваццаць дзевяць з вёскамі іх. А на раўнінах вось гэтыя: Эстаол, і Цора, і Асэна, і Заноэ, і Эн-Ганім, і Тафуа, і Энайм, і Ярмут, і Адалам, і Соха, і Азэка, і Саарым, і Адзітаім, і Гадэра, і Гадэратаім: чатырнаццаць гарадоў з вёскамі іх. І Санан, і Гадаса, і Магдал-Гад, і Дэлеан, і Міцпа, і Ецэтэль, і Лахіс, і Баскат, і Эглон, і Хэбон, і Лехемас, і Кэтліс, і Гадэрот, Бэтдагон, і Наама, і Македа: шаснаццаць гарадоў з вёскамі іх. Лебна, і Этэр, і Асан, і Ефта, і Эсна, і Нэсіб, і Кэйла, і Ахзіб, і Марэса: дзевяць гарадоў з іх вёскамі. Акарон з яго навакольнымі гарадамі і вёскамі; ад Акарона аж да мора: усё, што знаходзіцца на баку Азота і вёсак яго, Азот разам з яго гарадамі і вёскамі, Газа з залежнымі ад яе гарадамі і вёскамі аж да ручая Егіпецкага і Вялікага мора, што з’яўляецца мяжою. І на гары: Самір, і Ятэр, і Соха, і Дан, і Карыят-Сэна, або Дабір, і Анаб, і Эстэмо, і Анім, і Госэн, і Алон, і Хелон: адзінаццаць гарадоў з іх вёскамі. Араб, і Дума, і Эсаан, і Янум, і Бэт-Тапуа, і Афэка, і Амата, і Карыят-Арба, значыць Геброн, і Сіор: дзевяць гарадоў з іх вёскамі. Маон, і Кармэль, і Зіф, і Юта, і Езрагэль, і Юкадам, і Заноэ, Акаін, Габа і Тамна: дзесяць гарадоў з іх вёскамі. Галгал, Бэтсур, і Гэдор, і Марэт, і Бэтанот, і Эльтэкон: шэсць гарадоў з іх вёскамі. Тэкуэ, і Эфрата, значыць Бэтлехэм, і Пэгор, і Этам, і Кулон, і Татам, і Сорэс, і Карэм, і Галім, і Бэтэр, і Манагат: адзінаццаць гарадоў з іх вёскамі. Карыят-Баал, значыць Карыят-Ярымd, і Арэба: два гарады з іх вёскамі. У пустыні: Бэт-Араба, Мэдын і Сахаха, і Нэбсан, і горад Сонца, і Эн-Гадзі: шэсць гарадоў з вёскамі іх. Сыны Юды не маглі, аднак, знішчыць евусеяў; евусеі з сынамі Юды пражываюць у Ерузаліме да сённяшняга дня.
Таксама жэрабем выпала ўласнасць сынам Язэпа ад Ярдана насупраць Ерыхона і воды яго ад усходу; праз пустыню ідзе мяжа ад Ерыхона да гары Бэтэль, і ад Бэтэля мяжа ідзе да Луза і праходзіць праз зямлю арахейцаў, што жывуць у Атароце, і сыходзіць на захадзе да мяжы Ефлата аж да межаў ніжняга Бэтарона і да Газэра; і заканчваюцца яе землі ля Вялікага мора. Такую спадчыну мелі сыны Язэпа: Манаса і Эфраім. Мяжа для сыноў Эфраіма па родах іх была вызначана і ўласнасць іх: на ўсходзе Атарот-Адар аж да верхняга Бэтарона; і межы цягнуцца аж да мора, а ад Махмэтата глядзіць на поўнач, і паварочвае мяжа на ўсход праз Танат-Сэло, і цягнецца ад усходу да Яноэ. З Яноэ сыходзіць да Атарота і Наараты, і праходзіць каля Ерыхона, і выходзіць каля Ярдана. Ад Тафуа ідзе мяжа на захад да ручая Кана і так ёсць у яе выхады да мора: гэта ўласнасць пакалення сыноў Эфраіма па родах іх, і былі ў сыноў Эфраіма паасобныя гарады пасярод уласнасці сыноў Манасы, усе гарады з іх вёскамі. І сыны Эфраіма не забілі хананеяў, якія пражывалі ў Газэры; і хананеі жывуць сярод Эфраіма да гэтага дня і плацяць падатак.
А такое выпала жэрабя пакаленню Манасы, — бо сам ён быў першародным Язэпа; Махір, першародны Манасы, бацькі Галаада, бо быў ён ваяром, атрымаў Галаад і Басан. Сваю частку атрымалі таксама астатнія сыны Манасы па іх родах: сыны Абіязэра, і сыны Гэлека, і сыны Асрыэля, і сыны Сэхема, і сыны Хэфэра, і сыны Сэміда: гэта вось сыны Манасы, сына Язэпа, мужчыны, па родах іх. А Салфаад, сын Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы, не меў сыноў, але толькі дачок, якія называліся: Маала, і Ноа, і Хэгла, і Мэлха, і Тэрса. І яны прыйшлі да Элеязэра святара, і Ешуа, сына Нуна, і князёў, і сказалі: «Госпад загадаў Майсею, каб дадзена была нам уласнасць між братоў нашых». І далі ім па загадзе Госпада ўласнасць між братоў бацькі іх. І выпалі Манасе дзесяць частак, апрача зямлі Галаад і Басан за Ярданам. Бо дочкі Манасы атрымалі спадчыну між сыноў яго. А зямля Галаад выпала па жэрабі астатнім сынам Манасы. І мяжа ў Манасы была ад Асэра: Махмэтат, што насупраць Сіхэма, і мяжа паварочвае ўправа на Ясіб ля ручая Тафуа. Менавіта па жэрабі зямля Тафуа выпала Манасе; а горад Тафуа, які знаходзіцца каля межаў Манасы, належаў да сыноў Эфраіма. І мяжа сыходзіць да ручая Кана. На поўдзень ад ручая знаходзяцца гарады Эфраіма, апроч тых, якія меў Эфраім сярод гарадоў Манасы. Мяжа Манасы знаходзіцца на поўнач ад ручая і выходзіць да мора, так што на поўдні знаходзіцца ўласнасць Эфраіма, і на поўначы — Манасы, і мяжой іх з’яўляецца мора. І з племем Асэра мяжуюць яны на поўначы, і з племем Ісахара — на ўсходзе. І была ў Манасы спадчына ў межах Ісахара і Асэра: Бэт-Сан з яго навакольнымі гарадамі, і Іблаам з яго навакольнымі гарадамі, і жыхары Дора з яго навакольнымі гарадамі, таксама жыхары Эн-Дора з яго навакольнымі гарадамі, і таксама жыхары Танаха з яго навакольнымі гарадамі, і жыхары Магеды з яго навакольнымі гарадамі, і трэцяя частка зямлі Нофэт. І сыны Манасы не маглі авалодаць гэтымі гарадамі, але хананеі засталіся ў гэтай зямлі. Калі ж сыны Ізраэля ўмацаваліся, яны пакарылі хананеяў і прымусілі плаціць ім падаткі, але не выгналі іх. І гаварылі сыны Язэпа да Ешуа, кажучы: «Чаму ты даў мне ўласнасць па жэрабі і адну толькі частку, хоць я маю такое мноства людзей і дабраславіў мяне Госпад?» І Ешуа адказаў ім: «Калі ты з’яўляешся вялікім народам, ідзі ў лес і выкарчуй сабе абшары ў зямлі феразеяў і рэфаімаў, калі ўладанне тваё на гары Эфраім цеснае для цябе». Яму адказалі сыны Язэпа: «Гор нам не хапае, і ўсе хананеі, што пражываюць на раўніннай зямлі, маюць калясніцы жалезныя, як жыхары Бэт-Сана і сумежных з ім мясцовасцей, так і тыя, хто жыве на раўніне Езрагэль». І сказаў Ешуа дому Язэпа, Эфраіму і Манасе: «Ты — народ вялікі і вельмі мужны; не будзе ў цябе адна толькі частка, але ты пайдзі на гару, і высечы яе для сябе, і расчысці месца на пасяленне; і ты зможаш пашырыць межы твае, калі выганіш хананеяў, якія маюць жалезныя калясніцы і з’яўляюцца моцнымі».
І ўсе сыны Ізраэля сабраліся ў Сіло, і там паставілі палатку сустрэчы, і ўся зямля пакарылася імі. А засталіся з сыноў Ізраэля сем пакаленняў, якія не атрымалі сваіх уладанняў. Сказаў Ешуа тым пакаленням: «Як доўга вы будзеце марудзіць і не ўступаць ва ўладанне зямлёю, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, даў вам? Выберыце з кожнага пакалення па тры чалавекі, каб я паслаў іх і каб яны падняліся, і абышлі зямлю, і раздзялілі яе паводле колькасці кожнага народа, і каб паведамілі мне пра тое, як раздзялілі. Раздзяліце між сабой зямлю на сем частак: Юда хай застаецца ў сваіх межах на паўднёвым баку, і дом Язэпа — на поўначы. Астатнюю зямлю падзяліце на сем частак; і прынясіце апісанне бо левіты не атрымаюць часткі між вамі, але святарства Госпадава будзе іх спадчынай. А Гад, і Рубэн, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо свае ўладанні на ўсходнім баку за Ярданам, якія даў ім Майсей, паслугач Госпада». І калі сабраліся мужчыны, каб ісці дзяліць зямлю, загадаў ім Ешуа, кажучы: «Абыдзіце зямлю і падзяліце яе, і вярніцеся да мяне, каб тут, у Сіло, у прысутнасці Госпада кінуў я дзеля вас жэрабя». Дык выбраліся яны і, агледзеўшы зямлю па гарадах, раздзялілі яе на сем частак, занатоўваючы гэта ў кнізе; і вярнуліся да Ешуа ў лагер у Сіло. Ешуа кінуў ім жэрабя перад Госпадам у Сіло, і падзяліў там зямлю між сынамі Ізраэля па іх частках. І выпала першае жэрабя на сыноў Бэньяміна па родах іх, каб яны валодалі зямлёю між сынамі Юды і сынамі Язэпа. І мяжа іх на поўнач пачыналася ад Ярдана, падымаючыся на паўночны бок Ерыхона, і потым ішла праз горы на захад і дасягала пустыні Бэт-Авэн; і, праходзячы да Луза, на поўдзень — гэта Бэтэль, — сыходзіла ў Атарот-Адар на гару, што на поўдні ад ніжняга Бэтарона, і адхілялася, паварочваючы да мора на поўдзень ад гары, якая на поўдні глядзіць на Бэтарон; і ў яе былі выхады на Карыят-Баал, што завецца таксама Карыят-Ярым, горад сыноў Юды: гэта заходні бок. А на паўднёвым баку з боку Карыят-Ярыма мяжа ідзе ў Гасім і даходзіць аж да крыніцы водаў Нэфтоа, і даходзіць да краю гары, што глядзіць на лагчыну Бэн-Гэном, якая знаходзіцца на поўначы ў крайняй частцы лагчыны Рэфаім, і сыходзіць у лагчыну Гэном ля схілу гары евусеяў на поўдзень, і даходзіць да крыніцы Рагель, паварочваючы на поўнач і даходзячы да Эн-Самэсаa. І ідзе аж да Галіотаb, што насупраць узвышша Адамім і цягнецца да Абэнбаэнаc, сыноў Рубэна, і праходзіць з паўночнага боку Бэт-Арабы і сыходзіць у Арабу. І праходзіць мяжа на поўнач каля Бэтаглі; і ёсць у яе выхады ля вусця мора Салёнага ад поўначы ў канцы Ярдана. Гэта паўднёвы бок. А Ярдан — мяжа ад усходу. Гэта — уладанне сыноў Бэньяміна па яго межах навокал па родах іх. І былі гарады яго: Ерыхон, і Бэтагла, і Амэк-Касіс, і Бэт-Араба, і Сэмараім, і Бэтэль, і Авім, і Фара, і Офра, і Кафарэмон, і Офні, і Габа; дванаццаць гарадоў з навакольнымі вёскамі. Габаон, і Рама, і Бэрот, і Міцпа, і Кафіра, і Моца, і Рэкэм, і Ярафел, і Тарала, і Сэла, Элеф, і Евус, інакш Ерузалім, Габа і Карыят: чатырнаццаць гарадоў з іх вёскамі. Гэта ўладанне сыноў Бэньяміна па родах іх.
І другое жэрабя выпала сынам Сімяона па родах іх; і ўласнасць іх знаходзілася сярод уласнасці сыноў Юды. Бээр-Сэба, або Сама, і Малада, і Асарсуал, і Бала, і Эсэм, і Эльталад, і Бэтул, і Хорма, і Сікэлаг, і Бэтмархабот, і Асарсуса, і Бэтлебаот, і Сараген: трынаццаць гарадоў з іх навакольнымі вёскамі. Аін, і Рэмон, і Этэр, і Асан: чатыры гарады з іх навакольнымі вёскамі. Усе вёскі вакол гэтых гарадоў аж да Баалат-Бээра, значыць Рамот-Нагэба: гэта ўласнасць сыноў Сімяона па родах іх. Частка для сыноў Сімяона ўзятая была з уласнасці сыноў Юды, якая была даволі вялікай; і таму сыны Сімяона атрымалі ўласнасць між іх. І трэцяе жэрабя выпала сынам Забулона па родах іх; мяжа іх уладання была аж да Сарыда, і ішла на захад да Мэралы, і даходзіла да Дэбасэта аж да ручая, які насупраць Екнаама, ад Сарыда паварочвала на ўсход у напрамку Кэсэлет-Табора, і ішла да Дабэрэта і падымалася да Яфіі. І адтуль мяжа пераходзіла на ўсход, да Гет-Хефэра, да Этакасіна, і выходзіла да Рэмона, і ўхілялася да Ноа, і ішла на поўнач каля Ханатона. І былі ў яе выхады да даліны Эфтагэл; і Катэт, і Наалол, і Сэмрон, і Едала, і Бэтлехэм: дванаццаць гарадоў разам з іх вёскамі. Такая ўласнасць пакалення сыноў Забулона па родах іх, гарады з іх навакольнымі вёскамі. Чацвёртае жэрабя выпала на пакаленне Ісахара па родах яго. І ўласнасцю яго былі Езрагэль, і Хасалот, і Сунам, і Хафараім, і Сэон, і Анахарат, і Рабіт, і Кэслон, і Абэс, і Рамэт, і Эн-Ганім, Эн-Гадзі, і Бэтпэсас. І дасягала мяжа яго аж да Табора, і Сэгасімы, і Бэтсамэса, і былі ў яе выхады да Ярдана; шаснаццаць гарадоў з іх навакольнымі вёскамі. Такая ўласнасць сыноў Ісахара па родах іх, гарады і іх навакольныя вёскі. І пятае жэрабя выпала пакаленню сыноў Асэра па родах іх. І мяжой іх былі: Хэлькат, і Халі, і Бэтэн, і Ахсаф, і Эльмэлех, і Амаад, і Масал, і даходзіла мяжа аж да Кармэля на захадзе і аж да Сігор-Лабаната; і паварочвала на ўсход да Бэтдагона, і дасягала Забулона і даліны Эфтагэл на поўначы, і ішла далей праз Бэтэмэк і Наэль. І выходзіла да левага боку Кабула, і да Абрана, і Рагоба, і Хамона, і Кана аж да вялікага Сідона; і заварочвала да Рамы аж да вельмі ўмацаванага горада Тыра, і вярталася да Госы; і былі ў яе выхады ў мора; Махалеб і Ахзіб, і Ама, і Афэк, і Рагоб: дваццаць два гарады з іх навакольнымі вёскамі. Гэта ўласнасць пакалення сыноў Асэра па родах іх; гарады і сёлы іх. Шостае жэрабя выпала сынам Нэфталі па родах іх. І мяжа іх ішла з Гэлефа і ад дуба ў Саананіме і да Адамі-Нагэба і Ібнээля, аж да Лекума, і выхады ў яе былі аж да Ярдана; і на захадзе мяжа ішла да Азнот-Табора, і адтуль выходзіла на Хукок і датыкалася Забулона на поўдні, і Асэра на захадзе, і Ярдана — на ўсходзе сонца; гарадамі самымі ўмацаванымі былі: Асэдым, Сэр і Амат, Рэкат і Кінэрэт, і Адама, і Рама, і Асор, і Кадэс, і Эдраі, і Эн-Асор, Ярон і Магдалэль, Харэм, і Бэтанат, і Бэтсамэс: дзевятнаццаць гарадоў з іх навакольнымі вёскамі. Такая ўласнасць пакалення сыноў Нэфталі па родах іх; гарады з іх навакольнымі вёскамі. Сёмае жэрабя выпала сынам Дана па родах іх. І мяжою яго ўласнасці былі: Цора, і Эстаол, Гір-Самэсa. і Сэлебін, і Аялон, Ятэла, і Элон, і Тамна, і Акарон, і Эльтэк, і Габэтон, і Баалат, і Юда, і Бэнэбарах, і Гет-Рэмон, і Мэяркон, і Арэкон з мяжою, што глядзіць на Ёпэ. І мяжа сыноў Дана ўцякае ад іх. І выправіліся сыны Дана, і ўступілі ў бой з Ласэмам, і занялі яго; і забілі яго вастрыём меча, і апанавалі яго, і абжыліся там, і назвалі яго Ласэм-Дан, ад імя Дана, бацькі свайго. Такое ўладанне пакалення сыноў Дана па родах іх, гарады і сёлы іх. І калі сыны Ізраэля скончылі падзел зямлі жэрабем для кожнага з пакаленняў сваіх, тады сыны Ізраэля далі ўласнасць Ешуа, сыну Нуна, пасярод сябе; па загадзе Госпада далі яму горад, які ён запатрабаваў для сябе: Тамнатсар на гары Эфраім. І ён адбудаваў гэты горад і абжыўся ў ім. Гэта ўладанні, якія падзялілі жэрабем Элеязэр святар, і Ешуа, сын Нуна, і князі пакаленняў сыноў Ізраэля ў Сіло ў прысутнасці Госпада пры ўваходзе ў палатку сустрэчы; і быў скончаны падзел зямлі.
І сказаў Госпад да Ешуа, кажучы: «Паведамі сынам Ізраэля і скажы ім: “Выдзеліце сабе гарады для ўцекачоў, аб якіх Я гаварыў вам праз Майсея, каб уцякаў у іх той, хто забіў чалавека не жадаючы, праз памылку і хоча пазбегнуць гневу блізкага, які з’яўляецца мсціўцам за кроў. Калі ён уцячэ ў адзін з такіх гарадоў, хай стане перад брамай горада і вытлумачыць старэйшынам горада таго тое, што сцвердзіць яго невінаватасць; і так прымуць яго і дадуць яму месца для жыцця. І калі мсціўца за кроў будзе пераследаваць яго, хай не аддадуць яго ў рукі яго, бо ён, не разумеючы таго, забіў блізкага свайго і не лічыў яго ворагам ані ўчора, ані заўчора. І хай ён жыве ў горадзе тым, пакуль не стане перад судом супольнасці, высвятляючы прычыну свайго ўчынку, і пакуль на памрэ першасвятар, які будзе ў тыя дні. Тады хай забойца вернецца і ўвойдзе ў свой горад і ў свой дом, з якога ўцёк”». І з гэтай мэтай вызначылі Кадэс у Галілеі на гары Нэфталі, і Сіхэм на гары Эфраім, і Карыят-Арбу, або Геброн, на гары Юды; і з другога боку Ярдана, на ўсходнім баку Ерыхона, вызначылі Басор у пустыні на раўніне ад пакалення Рубэна, і Рамот у Галаадзе ад пакалення Гада, і Галан у Басане ад пакалення Манасы. Гэтыя гарады былі выбраныя для ўсіх сыноў Ізраэля і для чужынцаў, якія жывуць сярод іх, каб мог уцячы туды кожны, хто заб’е чалавека не жадаючы, каб не быў ён пакараны смерцю ад рукі блізкага, які імкнецца адпомсціць за пралітую кроў, пакуль не стане перад народам, каб высветліць сваю справу.
І прыйшлі кіраўнікі родаў Левіевых да Элеязэра святара, і да Ешуа, сына Нуна, і да кіраўнікоў родаў кожнага з пакаленняў сыноў Ізраэля, і паведамілі ім у Сіло зямлі Ханаан, і сказалі: «Праз Майсея Госпад загадаў, каб дадзены былі нам гарады на пражыванне і наваколлі іх для выпасу жывёлы». І сыны Ізраэля далі левітам са сваёй уласнасці, па загадзе Госпада, гарады тыя з іх наваколлямі. І выпала жэрабя для родаў Кагата: і атрымалі сыны Аарона святара, ад пакалення Юды, і Сімяона, і Бэньяміна трынаццаць гарадоў. І астатнія сыны Кагата атрымалі ад пакаленняў Эфраіма, і Дана, і паловы пакалення Манасы дзесяць гарадоў. Далей сынам Гэрсона выпала жэрабем, каб атрымаць трынаццаць гарадоў ад пакаленняў Ісахара, і Асэра, і Нэфталі, і паловы пакалення Манасы ў Басане. І сынам Мэрары па родах іх жэрабем выпала дванаццаць гарадоў ад пакаленняў Рубэна, і Гада, і Забулона. І сыны Ізраэля аддалі левітам гэтыя гарады разам з іх наваколлямі, як загадаў Госпад праз Майсея, даючы кожнаму па жэрабі. Ад пакаленняў сыноў Юды і Сімяона сынам Аарона з роду Кагата, левіцкага паходжання, — бо на іх выпала першае жэрабя, — аддалі гарады, назвы якіх наступныя: Карыят-Арбаa, бацькі Анака, які інакш называецца Геброн, на гары Юды, разам з наваколлямі яго. Палі, аднак, і вёскі яго аддалі ва ўласнасць Калебу, сыну Ефоны. Такім чынам, сынам святара Аарона ў Геброне далі горад для ўцёкаў і наваколлі яго, і Лебну разам з яе наваколлямі, і Ятэр, і Эстэмо, і Хелон, і Дабір, і Аін, і Юту, і Бэтсамэс з іх наваколлямі: дзевяць гарадоў ад двух гэтых пакаленняў. А ад пакалення Бэньяміна Габаон, і Габу, і Анатот, і Алмат з іх наваколлямі: чатыры гарады. Усіх разам гарадоў для сыноў Аарона святара трынаццаць разам з іх наваколлямі. А астатнім з родаў сыноў Кагата, левітам, была дадзена наступная ўласнасць: ад пакалення Эфраіма — горад для ўцёкаў Сіхэм з наваколлямі яго на гары Эфраім, і Газэр, і Кібцаім, і Бэтарон з іх наваколлямі: чатыры гарады. Таксама ад пакалення Дана — Эльтэк, і Габэтон, і Аялон, і Гет-Рэмон з іх наваколлямі: чатыры гарады. А ад паловы пакалення Манасы — Танах і Гет-Рэмон з іх наваколлямі: два гарады. Усіх гарадоў з іх наваколлямі дадзена было дзесяць астатнім сынам Кагата. Таксама сынам Гэрсона з роду Леві далі ад паловы пакалення Манасы горад для ўцёкаў Галан у Басане і Атарот з наваколлямі іх: два гарады. Далей ад пакалення Ісахара — Кэслон, Дабэрэт, і Ярмут, і Эн-Ганім з наваколлямі іх: чатыры гарады. А ад пакалення Асэра — Масал, і Абдон, і Хэлькат, і Рагоб з наваколлямі іх: чатыры гарады. Таксама ад пакалення Нэфталі — горад для ўцёкаў Кадэс у Галілеі, і Аматдор, і Картан з наваколлямі іх: тры гарады. Усіх гарадоў родаў Гэрсона — трынаццаць разам з іх наваколлямі. А сынам Мэрары, астатнім левітам, далі па родах іх ад пакалення Забулона: Екнаам, і Карту, і Рэмон, і Наалол з іх наваколлямі: чатыры гарады. Ад пакалення Рубэна за Ярданам насупраць Ерыхона горад для ўцёкаў Басор у пустыні, і Ясу, і Кадэмот, і Мэфаат: чатыры гарады з іх наваколлямі. І ад пакалення Гада — горад для ўцёкаў Рамот у Галаадзе, і Маханаім, і Хесебон, і Язэр: чатыры гарады з іх наваколлямі. Усіх гарадоў сыноў Мэрары астатніх па родах ад родаў левітаў — дванаццаць. Дык усіх гарадоў сыноў Леві паміж уладання сыноў Ізраэля было сорак восем разам з іх наваколлямі, кожны горад са сваімі наваколлямі кругом. І даў Госпад Ізраэлю ўсю зямлю, якую прысягнуў даць бацькам іх, і яны атрымалі яе ва ўладанне і абжыліся на ёй. І даў ім Госпад супакой з усіх бакоў, і ніхто з ворагаў не адважыўся ваяваць з імі, але ўсіх ворагаў Госпад падпарадкаваў Ізраэлю. І ні адно слова добрае, якое сказаў Ён дому Ізраэля, не было пустым, але ўсё споўнілася.
Тады Ешуа паклікаў сыноў Рубэна і Гада і паловы пакалення Манасы і сказаў ім: «Вы споўнілі ўсё, што вам загадаў Майсей, паслугач Госпадаў; мяне слухалі таксама ва ўсім, што я загадаў вам, і не пакінулі вы братоў сваіх увесь гэты доўгі час аж да сённяшняга дня, пільнуючы ўладу Госпада, Бога вашага. Бо, такім чынам, даў Госпад, Бог ваш, супакой братам вашым і цішыню, як паабяцаў ім; цяпер вяртайцеся і ідзіце ў палаткі вашыя і ў зямлю ўладання вашага, якую даў вам Майсей, паслугач Госпадаў, за Ярданам; толькі вельмі старанна пільнуйце і на самай справе выконвайце прыказанні і закон, як загадаў вам Майсей, паслугач Госпадаў, каб любіць Госпада, Бога вашага, і хадзіць па ўсіх шляхах Яго, і спаўняць прыказанні Яго, і туліцца да Яго, і служыць Яму ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёю». І дабраславіў іх Ешуа, і адпусціў іх, і яны вярнуліся ў свае палаткі. А палове пакалення Манасы Майсей даў уласнасць у Басане; і таму другой палове Ешуа даў частку між іншых братоў іх, на заходнім беразе Ярдана. І калі Ешуа адпусціў іх у іх палаткі і дабраславіў іх, ён ім сказаў: «Вы вяртаецеся ў свае мясціны з вялікімі багаццямі, з мноствам жывёлы, срэбрам і золатам, меддзю, якую вы забралі ў ворагаў вашых, і жалезам, і вялікаю колькасцю адзення; падзяліце здабычу ад ворагаў паміж братамі вашымі». І сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакалення Манасы вярнуліся і пакінулі сыноў Ізраэля ў Сіло, што ў Ханаане, каб увайсці ў зямлю Галаад, зямлю ўладання свайго, якую атрымалі па загадзе Госпада праз Майсея. І калі прыбылі яны ў ваколіцы Ярдана ў зямлі Ханаан, пабудавалі каля Ярдана ахвярнік, вялікі з выгляду. Калі пачулі сыны Ізраэля, што сыны Рубэна і Гада і палова пакалення Манасы пабудавалі ахвярнік на зямлі Ханаан у ваколіцах Ярдана насупраць сыноў Ізраэля, усе сабраліся ў Сіло, каб выступіць і ваяваць супраць іх. І сыны Ізраэля між тым выправілі да іх у зямлю Галаад Пінхаса, сына Элеязэра святара, і з ім дзесяць князёў, па адным з кожнага пакалення Ізраэля, кожны стаяў на чале роду ў родах Ізраэля. Яны прыбылі да сыноў Рубэна і Гада, і паловы пакалення Манасы ў зямлю Галаад і сказалі ім: «Гэта загадвае ўся супольнасць Госпада: “Што гэта за злачынства? Чаму пакінулі вы Госпада, Бога Ізраэля, пабудаваўшы сабе ахвярнік святатацкі, адступіўшыся ад шанавання Яго? Ці не хапае вам граху з Пэгора, і пляма гэтага злачынства захоўваецца на нас аж да сённяшняга дня, і пакаранне сышло на супольнасць Госпадаву? І вы сёння адступіліся ад Госпада і сталася так, што паднялі вы бунт супраць Госпада; і заўтра ўзгарыцца гнеў Яго на ўсю супольнасць Ізраэля. Бо калі вы думаеце, што зямля вашага ўладання з’яўляецца нячыстай, перайдзіце ў зямлю ўладання Госпадава, дзе прабывае Госпад, і абжывіцеся ў нас; толькі не бунтуйце супраць Госпада і не прымушайце нас бунтаваць, будуючы ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада, Бога нашага. Ці не Ахан, сын Зары, парушыў загад Госпада адносна праклёну, і гнеў Госпада не абярнуўся на ўсю супольнасць Ізраэля? І гэта быў адзін чалавек, хто зграшыў, хай бы толькі адзін і паміраў за сваё злачынства!”» І сыны Рубэна, і сыны Гада, і палова пакалення Манасы адказалі князям, пасланцам Ізраэля: «Наймацнейшы Госпад Бог, наймацнейшы Госпад Бог Сам ведае гэта, і Ізраэль павінен зразумець: калі мы з намерам бунту і двурушніцтва адносна Госпада пабудавалі гэты ахвярнік — не пашкадуе Ён нас, але зараз жа пакарае; і калі зрабілі мы ахвярнік з той думкаю, каб адступіцца ад Госпада і ўскладаць на ім цэласпаленні і ахвяры, і ахвяры прымірэння, то хай Сам Госпад разбярэцца і рассудзіць; і калі мы не зрабілі гэта больш з-за руплівасці і з-за думкі пра будучыню, кажучы: “Заўтра скажуць сыны вашыя сынам нашым: “Што маеце вы супольнага з Госпадам, Богам Ізраэля? Госпад паставіў на рацэ Ярдан мяжу між намі і вамі, сыны Рубэна і сыны Гада, і таму вы не маеце ніякай часткі ў Госпада”; — і з гэтай нагоды сыны вашы адвернуць сыноў нашых ад страху Госпада. Такім чынам, і добра падумалі, і сказалі: “Паставім сабе ахвярнік не на цэласпаленні і не на ахвярапрынашэнне, але як сведчанне паміж намі і вамі, і паміж нашчадкамі нашымі і нашчадкамі вашымі, што мы будзем служыць Госпаду і што ў нас будзе права складаць цэласпаленні, і ахвяры, і ахвяры прымірэння; і што ні скажуць заўтра вашыя сыны сынам нашым: “Вы не маеце часткі ў Госпадзе”. Калі б яны гэта хацелі сказаць, мы б адказалі ім: “Вось, бачыце падабенства ахвярніка Госпада, які зрабілі бацькі нашыя не на цэласпаленні, і не на ахвяры, але каб гэта было сведчаннем між намі і вамі”. Далёкія мы ад гэтага злачынства, каб бунтаваць супраць Госпада і не ісці па Яго слядах, пабудаваўшы ахвярнік для цэласпаленняў, і ахвяраў, і ахвяраў крывавых, акрамя ахвярніка Госпада, Бога нашага, што ёсць перад скініяй Яго”». Калі святар Пінхас і князі супольнасці і кіраўнікі дружын Ізраэля, што былі з ім, пачулі гэта, яны супакоіліся і вельмі ахвотна падтрымалі словы сыноў Рубэна, і Гада, і паловы пакалення Манасы; Тады Пінхас, сын Элеязэра святара, сказаў ім: «Пераканаліся мы сёння, што з намі Госпад, бо вы не дапусцілі гэтага двурушніцтва адносна Госпада і збераглі сыноў Ізраэля ад рукі Госпада!» І святар Пінхас, сын Элеязэра, і князі пакінулі сыноў Рубэна і сыноў Гада, і вярнуліся з зямлі Галаад у зямлю Ханаан, да сыноў Ізраэля, і прынеслі ім гэты адказ. І спадабалася размова ўсім, хто слухаў, і ўславілі сыны Ізраэля Бога; і не гаварылі больш, каб ісці супраць іх ваяваць і каб спусташаць зямлю, якую абжылі сыны Рубэна і Гада. І сыны Рубэна і сыны Гада назвалі ахвярнік, які пабудавалі, Эд, бо казалі: «Гэта сведка між намі, што Госпад ёсць Сам Бог».
Калі ж мінуў доўгі час пасля таго, як Госпад даў Ізраэлю супакой ад усіх ворагаў навокал, і Ешуа быў ужо стары і ў гадах пажылых, склікаў Ешуа ўвесь Ізраэль, і старэйшын, і князёў, і суддзяў, і кіраўнікоў, і сказаў ім: «Я састарэў і прыйшоў у гады пажылыя, і вы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад, Бог ваш, усім гэтым народам, і як Ён змагаўся за вас. Глядзіце, вось я падзяліў між вас жэрабем як уласнасць для вашых пакаленняў тыя народы, якія трэба яшчэ заваяваць, таксама, як і ўсе, якія я вынішчыў ад Ярдана аж па Вялікае мора на захадзе. Госпад, Бог ваш, разгоніць іх і прыме іх ад аблічча вашага, і вы будзеце валодаць іх зямлёю, як Ён вам абяцаў. Толькі будзьце мужнымі, каб пільнаваць усё, што напісана ў кнізе закону Майсея, і не адхіляцца ад гэтага ані ўправа, ані ўлева; не сябруйце з народамі, якія між вас пражываюць, і не прысягайце ў імя багоў іх, і не служыце ім, і не пакланяйцеся ім; але туліцеся да Госпада, Бога вашага, як рабілі вы да гэтага дня. І павыганяў Госпад на вачах вашых вялікія і наймацнейшыя народы, і ніводзін з іх не мог вам супрацівіцца, адзін з вас гоніць тысячу ворагаў, бо Госпад, Бог ваш, Сам ваюе за вас, як абяцаў; толькі вельмі старанна пільнуйце тое, каб любіць Госпада, Бога вашага. Бо калі вы пажадаеце адысці ад вернага шляху, як тыя народы, што засталіся сярод вас, і сябраваць, і змешвацца праз шлюбы з імі, то тады ведайце, што Госпад, Бог ваш, не будзе нішчыць іх перад вамі; і хай яны стануць вам сеткаю, і пасткаю, і сілом, і бізуном для вас, і калючкамі ў вачах вашых, аж пакуль не вынішчыць Ён вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам. Вось, сёння я ўзыходжу на дарогу ўсяе зямлі; і вы пераканаецеся ўсёю душою, што з усіх слоў добрых, якімі прамаўляў да вас Госпад, Бог ваш, ніводнае не было пустое. Але паколькі Ён на справе выканаў тое, што абяцаў, і ўсё паспяхова ажыццявілася, то Ён навядзе на вас усё ліхое, чым пагарджаў, пакуль не вынішчыць вас з гэтай найлепшай зямлі, якую даў вам. Калі вы парушыце запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і станеце служыць багам іншым і пакланяцца ім, дык падымецца на вас гнеў Госпада і хутка вы прападзеце з гэтай зямлі найлепшай, якую Ён вам даў».
І сабраў Ешуа ў Сіхэме ўсе пакаленні Ізраэля, і паклікаў старэйшын, і князёў, і суддзяў, і кіраўнікоў, і яны сталі ў прысутнасці Бога; і так прамовіў Ешуа да ўсяго народа: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку: Тэрах, бацька Абрагама і Нахора, і служылі іншым багам. Дык узяў Я бацьку вашага, Абрагама, з межаў Месапатаміі, і правёў яго праз усю зямлю Ханаан, і памножыў нашчадкаў яго. І даў яму Ізаака, і зноў даў Я Ізааку Якуба і Эзава; з іх Эзаву даў Я гару Сэір ва ўласнасць, а Якуб і сыны яго пакачавалі ў Егіпет. І паслаў Я туды Майсея і Аарона, і ўдарыў Егіпет плягамі, якія Я рабіў у ім, і пасля Я вывеў вас. І вывеў Я бацькоў вашых з Егіпта, і прыбылі вы да мора. І гналіся за бацькамі вашымі егіпцяне з калясніцамі і коннікамі аж да Чырвонага мора. А прызвалі яны Госпада, Які паставіў цемру паміж вамі і егіпцянамі, і напусціў на іх мора, і яно пахавала іх. Бачылі вочы вашыя, што Я зрабіў у Егіпце; і жылі вы доўгі час у пустыні. І ўвёў Я вас у зямлю амарэяў, якія жылі за Ярданам; і, калі яны пайшлі вайной на вас, выдаў Я іх у рукі вашыя, і занялі вы зямлю іх і забілі іх. Паўстаў жа Балак, сын Сэфора, цар Мааба, і ваяваў супраць Ізраэля; і ён паслаў і паклікаў Балаама, сына Бэора, каб ён праклінаў вас. І Я не захацеў слухаць яго, але, наадварот, дабраславіў вас і вызваліў вас з рук яго. І пераправіліся вы праз Ярдан, і прыбылі ў Ерыхон; і ваявалі супраць вас жыхары таго горада, амарэі, і феразеі, і хананеі, і хетэі, і гергесеі, і гівеі, і евусеі; і Я выдаў іх у рукі вашы. І паслаў Я перад вамі шэршняў, і яны выгналі іх перад вамі, — двух цароў амарэйскіх, — не мечам і не лукам тваім. І даў Я вам зямлю, над якой вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх, і вінаграднікі, і аліўкавыя гаі, якіх вы не саджалі, а ясце з іх”. Дык цяпер бойцеся Госпада і служыце Яму са шчырым сэрцам і найпраўдзіва; выкіньце багоў, якім служылі бацькі вашы ў Месапатаміі і ў Егіпце, і служыце Госпаду! Калі ж вам не падабаецца служыць Госпаду, то выбірайце сабе цяпер, каму служыць хочаце: ці багам, якім служылі бацькі вашы ў Месапатаміі, ці багам амарэяў, у зямлі якіх вы жывяце: а я і дом мой будзем служыць Госпаду». І ў адказ народ сказаў: «Не будзе так, каб мы пакінулі Госпада і служылі чужым багам. Госпад, Бог наш, Сам вывеў нас і бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай, з дому няволі; і Ён учыніў на вачах нашых страшныя знакі, і Ён пільнаваў нас на ўсёй дарозе, па якой мы вандравалі, і сярод усіх народаў, праз якія мы праходзілі; і Ён выгнаў усе народы амарэяў, жыхароў зямлі, у якую мы ўвайшлі: дык мы будзем таксама служыць Госпаду, бо Ён — Бог наш!» І сказаў Ешуа народу: «Вы не зможаце служыць Госпаду, бо Ён — Бог святы і Бог змагар, і Ён не даруе вам злачынстваў і грахоў вашых. Калі вы пакінеце Госпада і станеце служыць багам іншым, то Ён прыйдзе да вас, і вынішчыць вас, і скіне вас пасля таго, як раней рабіў дабро вам». І сказаў народ Ешуа: «Гэтага ніколі не будзе, але мы будзем служыць Госпаду». І Ешуа сказаў народу: «Вы самі сведкі супраць сябе, бо вы самі выбралі сабе Госпада, каб служыць Яму». І яны адказалі: «Мы сведкі». Ешуа сказаў: «Цяпер выкіньце багоў іншых з грамады вашай ды прыхіліце сэрцы вашыя да Госпада, Бога Ізраэля». І народ адказаў Ешуа: «Госпаду, Богу нашаму, будзем служыць; слухацца будзем Яго загадаў». І заключыў Ешуа ў гэты дзень запавет з народам і даў яму загады і прыказанні ў Сіхэме. І запісаў Ешуа гэтыя словы ў кнізе закону Божага; і ўзяў вялікі камень, і паставіў яго там пад дубам, які быў у месцы свяцілішча Госпадава, і сказаў усяму народу: «Вось, гэты камень хай будзе супраць вас як сведчанне, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Госпад гаварыў сярод нас, каб часам пасля вы не захацелі адмовіцца і вырачыся Госпада, Бога вашага». І адпусціў Ешуа народ — і кожны пайшоў у сваё ўладанне. І па гэтым памёр Ешуа, сын Нуна, паслугач Госпада, маючы сто дзесяць гадоў. І пахавалі яго ў межах яго ўладання ў Тамнатсары, што на гары Эфраім, у паўночнай частцы гары Гаас. І Ізраэль служыў Госпаду ва ўсе дні жыцця Ешуа і старэйшых, якія значна перажылі Ешуа і якія ведалі ўсе справы Госпада, што Ён зрабіў Ізраэлю. Таксама косці Язэпа, якія сыны Ізраэля забралі з Егіпта, пахавалі ў Сіхэме, на частцы поля, купленага Якубам ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў, і стала яно ўласнасцю сыноў Язэпа. Памёр таксама Элеязэр, сын Аарона; і пахавалі яго на пагорку Пінхаса, сына яго, які дадзены быў яму на гары Эфраім.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017