Библия › Чарняўскі-17 › Паўтор Закону
Гэта словы, якія прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфа, паміж Паранам, і Тафелам, і Лабанам, і Асэротам, і Дызагабам, на адлегласці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэба да Кадэс-Барнэ праз горы Сэір. У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад загадаў, каб ён сказаў ім. Пасля таго, як ён забіў Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, і Ога, цара Басана, які жыў у Астароце і ў Эдраі, за Ярданам, у зямлі Мааба, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць: «Госпад, Бог наш, прамаўляў да нас на Гарэбе, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары. Абярніцеся і выберыцеся, і ідзіце на гару амарэяў і да ўсіх суседзяў іх: у Арабе, і ў гарах, і ў Сэфэле, і ў Нагэбе, і на марскім узбярэжжы; у зямлю хананеяў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат. Вось, кажа, Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе ва ўласнасць, бо яе паабяцаў Госпад бацькам вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, што аддасць яе ім і іх нашчадкам пасля іх”». І сказаў ён ім у той час: «Не магу я адзін весці вас; Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сёння вас так многа, як зорак у небе. Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасць да гэтай лічбы многія тысячы і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам. Не магу я адзін забяспечыць вашы патрэбы, пераносіць вашы цяжары і спрэчкі. Абярыце сабе людзей мудрых і богабаязных, лад жыцця якіх выпрабаваны ў пакаленнях вашых, і я пастаўлю іх кіраўнікамі вашымі». Тады адказалі вы мне: «Добрая гэта рэч, што ты хочаш зрабіць». Дык выбраў я тады з вашых пакаленняў мужоў мудрых і выпрабаваных, і паставіў іх князямі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, кіраўнікамі над дзесяццю і загадчыкамі працы для пакаленняў вашых. У той час загадаў я суддзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, — суайчыннік ён ці прыбылец. Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа падавалася вам цяжкай, скіроўвайце да мяне, і я выслухаю». У той час загадаў я вам усё, што вы маеце рабіць. Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ. І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гары амарэйскай, якую мае нам даць Госпад, Бог наш. Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог твой, увайдзі і вазьмі яе ва ўладанне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; не бойся і нічога не палохайся». Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісці, і пра гарады, у якія маем увайсці». Слова мне спадабалася, і я выбраў паміж вас дванаццаць мужчын, па адным з кожнага пакалення іх. Яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Нэгэлескал, і агледзелі зямлю. І ўзялі яны плады тае зямлі, і прынеслі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую мае даць нам Госпад, Бог наш». Але вы не хацелі ісці і не паверылі слову Госпада, Бога вашага. І наракалі ў палатках сваіх, і казалі: «Ненавідзіць нас Госпад, таму і вывеў нас з зямлі Егіпецкай, каб выдаць нас у рукі амарэяў ды пагубіць. Куды пойдзем? Нашы браты напалохалі сэрца наша, кажучы: народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака». Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і не бойцеся іх. Госпад Бог, Які ёсць правадыр ваш, Сам будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Егіпце на вачах вашых. Бачыў ты сам на пустыні, як Госпад, Бог твой, насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца. Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму, Які ідзе перад вамі ў дарозе і вызначае месца, на якім вам належыць ставіць палаткі, паказваючы вам шлях: ноччу — агнём, каб асвятляць вам дарогу, удзень — у слупе воблачным». Калі Госпад пачуў голас слоў вашых, то разгневаўся, і прысягнуў, і сказаў: «Не ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакалення ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым, за выключэннем Калеба, сына Ефоны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён рабіў усё, каб быць паслухмяным Госпаду». Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і казаў: «І ты туды не ўвойдзеш, але Ешуа, сын Нуна, твой паслугач, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён размяркуе зямлю Ізраэлю. Дзеці вашы, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашы, якія сёння не разумеюць, што добрае або ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я яе, і яны завалодаюць ёю. А вы павярніце ды адыдзіце ў пустыню па дарозе праз мора Чырвонае». І адказалі вы мне: «Зграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы падперазаліся зброяй і выправіліся на гару. Госпад сказаў мне: Скажы ім: «Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я не з вамі, каб не пападалі вы перад ворагамі вашымі». Сказаў я, ды вы не паслухалі, і супрацівіліся загаду Госпадаву, і, гнаныя пыхаю, вы ўзышлі на вяршыню гары. Дык выйшаў супраць вас амарэй, які жыў на той гары, і пагнаў вас, як звычайна гоняць пчолы, і пабіў вас ад Сэіра аж да Хормы. І вярнуліся вы і плакалі перад Госпадам, але Госпад не выслухаў вас і не захацеў звярнуць увагі на голас ваш. І прабылі вы ў Кадэсе на працягу таго доўгага часу, пакуль вы там заставаліся.
Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы ў пустыню праз Чырвонае мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір. І Госпад сказаў мне: «Досыць вам хадзіць вакол гэтае гары, павярніце на поўнач. Вось жа, загадай народу і скажы: “Вы будзеце праходзіць праз межы братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры і баяцца вас. Дык будзьце ўважлівымі, не выступайце супраць іх, бо Я не дам вам зямлі іх ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў ва ўладанне Эзаву. Ежу купляйце ў іх за грошы і ежце; таксама і ваду купляйце, набірайце і піце”». Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх; ведае Ён шлях твой, і ў той час, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню, прабываў з табой Госпад, Бог твой, і нічога табе не бракавала. І, калі абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, ад Элата і Эцыён-Гебэра, мы завярнулі і пайшлі дарогай, якая вядзе ў пустыню Мааб. Тады сказаў мне Госпад: «Не варагуй супраць Мааба і не пачынай з імі вайны, Я не дам нічога ва ўладанне табе з іх зямлі, бо аддаў Ар ва ўладанне сынам Лота». Першымі пасяленцамі яе былі эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як анакімы; залічалі іх да рэфаімаў, як і анакімаў. Нарэшце маабцы называюць іх эмімамі. У Сэіры жылі раней харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі валадарання свайго, якую даў ім Госпад. «Дык уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд». І перайшлі мы ручай Зарэд. Час жа, які мы ішлі з Кадэс-Барнэ да пераправы праз ручай Зарэд, — трыццаць восем гадоў, аж пакуль не загінула ў лагеры ўсё тое пакаленне людзей, здатных да бою, як ім у гэтым пакляўся Госпад, рука Якога была супраць іх, каб вынішчыць іх пасярод лагера. Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны пасярод народа, сказаў мне Госпад, кажучы: «Ты пяройдзеш сёння межы Мааба, горад пад назваю Ар, і падыдзеш блізка да сыноў Амона. Высцерагайся, не ваюй з імі і не пачынай бою, бо Я не дам табе нічога з зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ва ўладанне сынам Лота». І яна лічылася зямлёй рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй рэфаімы, якіх аманіцяне завуць замзумімамі. Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як анакімы, але знішчыў іх Госпад перад абліччам іх, ды ўчыніў так, што яны пасяліліся на месцы іх. Таксама зрабіў Ён з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы харэяў і перадаючы ім зямлю іх, якою валодаюць яны аж да гэтага часу. У той спосаб і авімаў, якія пражывалі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі кафтарымы, якія прыбылі з Кафтора, каб пасяліцца на іх месцы. «Уставайце, вырушыце ў дарогу, пераходзьце ручай Арнон: вось жа, Я аддаў у рукі твае Сэгона, цара Хесебона, амарэя; і бяры ва ўласнасць яго зямлю і пачынай вайну супраць яго. Сёння ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы, што жывуць пад усім небам, каб, пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжалі перад табою». Дык выправіў я паслоў з пустыні Кадэмот да Сэгона, цара Хесебона, з словамі мірнымі, кажучы: «Я прайду праз зямлю тваю. Я пакрочу гасцінцам, проста, і не збочу ані ўправа, ані ўлева. Харчаванне прадавай мне за плату, каб меў я што есці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсці пехатою, як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і маабцы, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдана і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш». Але цар Хесебона Сэгон не захацеў дазволіць нам прайсці праз яго [зямлю], бо закамяніў яму дух Госпад, Бог твой, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася сёння. Госпад сказаў мне: «Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сэгона і зямлю яго. Пачынай займаць яе!» І выйшаў супраць нас Сэгон з усім народам сваім на вайну каля Ясы. І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў яго, і ўвесь народ яго. У той час авалодалі мы ўсімі гарадамі яго і палажылі праклён на кожны горад, мужчын і жанчын, і дзяцей, і нікога з іх не пакінулі жывога, апроч жывёлы, якую сабе пазабіралі, ды апроч таго, што захапілі ў гарадах, занятых намі. Ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў даліне аж да Галаада не было горада, які б пазбег нашых заваёў; усё аддаў нам Госпад, Бог наш, за выключэннем зямлі сыноў Амона, да якой ты не набліжаўся; мясцовасцей вакол ручая Ябок, гарадоў у гарах, ды ўсіх месцаў, на якія даў нам забарону Госпад, Бог наш.
Потым мы павярнулі і пайшлі дарогай на Басан; і выступіў Ог, цар Басана, насустрач нам з усім сваім народам ваяваць каля Эдраі. Госпад сказаў мне: «Не бойся яго, бо Я аддаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй яго; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, які жыў у Хесебоне». І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашы Ога, цара Басана, і ўвесь народ яго, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ўцалеў. У той час захапілі мы ўсе яго гарады, і не было горада, які б пазбегнуў нас: шэсцьдзесят гарадоў, увесь абшар Аргоба, царства Ога ў Басане. Усе гарады былі ўмацаваныя вельмі высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, не лічачы многіх гарадоў, што не мелі муроў. І аддалі мы іх праклёну, як зрабілі Сэгону, цару Хесебона, знішчаючы кожны горад, мужчын, і жанчын, і дзяцей, а жывёлу і здабычу з гарадоў забіралі сабе. У той час узялі мы зямлю з рук двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам, ад ручая Арнон аж да гары Гэрмон. Сідонцы называюць Гэрмон Сірыёнам, а амарэі — Сэнірам. Усе гарады на раўніне, ды ўсю зямлю Галаад і Басан аж да Сальхі і Эдраі, гарадоў царства Ога ў Басане, бо толькі Ог, цар Басана, быў апошні з рэфаімаў. Можна пабачыць яго жалезнае ложа. Хіба яно не ў Рабе, у сыноў Амона? Яно мае дзевяць локцяў даўжыні і чатыры — шырыні, меркаю локця мужчынскай рукі. І ўзялі мы ва ўласнасць у той час гэтую зямлю ад Араэра над ручаём Арнон аж да паловы гары Галаад; і гарады яе аддаў я [пакаленням] Рубэна і Гада. Рэшту Галаада і ўвесь Басан, царства Ога, даў я палове пакалення Манасы, увесь абшар Аргоба; увесь гэты прастор Басана называецца зямлёю рэфаімаў. Яір, сын Манасы, здабыў увесь абшар Аргоба аж да межаў Гэсура і Мааха; і назваў іх сваім імем «Басан Гавот Яірa», так і да сённяшняга дня. Махіру я даў Галаад, а пакаленням Рубэна і Гада даў частку зямлі Галаада аж да ручая Арнон, сярэдзіну ручая як мяжу аж да ручая Ябок, якая ёсць мяжою сыноў Амона, і яшчэ Арабу з Ярданам як межы ад Кінэрэта да мора Арабы, якое ёсць морам Салёным ля падножжа гары Пісга на ўсход. У гэты час даў я вам гэткі загад, кажучы: «Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ва ўласнасць; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце, узброеныя, наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля, толькі без жонак, дзяцей і жывёлы. Я ведаю, што вы маеце вялікія статкі, дык яны павінны будуць застацца ў гарадах, якія я вам аддаў, аж пакуль Госпад дасць супачынак братам вашым, як вам даў, ды аж пакуль і яны атрымаюць ва ўласнасць зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць ім за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасці сваёй, якую я даў вам”. У той час загадаў я Ешуа, кажучы: «Твае вочы бачылі, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым царам; так зробіць Ён усім царствам, да якіх ты маеш прыйсці. Не бойся іх: бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас». Маліў я ў той час Госпада, кажучы: «Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб’яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж ёсць іншы бог на небе або на зямлі, які б здолеў выканаць справы Твае і прыпадобніцца да магутнасці Тваёй? Дык дазволь мне прайсці і ўбачыць тую найлепшую зямлю за Ярданам, і гару тую выдатную, і Лібан». Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і не выслухаў мяне, але сказаў мне: «Хопіць табе, больш ніколі не гавары Мне пра гэта. Узыдзі на вяршыню Пісгі і паглядзі вачамі сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь, бо гэтага, вось, Ярдана ты не пяройдзеш. Загадай Ешуа, і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народа і падзеліць для іх зямлю, якую ты маеш убачыць». Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэгора.
А цяпер, Ізраэль, слухай прыказанні і законы, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую мае даць вам Госпад, Бог бацькоў вашых. Не дадавайце нічога да слова, што я вам кажу, ані аднімайце ад яго; выконвайце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам загадваю. Вочы вашы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад супраць Баал-Пэгора, як Ён вынішчыў сярод вас усіх паслядоўнікаў яго. А вы ўсе, якія засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывеце аж па сённяшні дзень. Вось жа, я навучыў вас прыказанням і законам, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць. Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасць ваша і разумнасць перад народамі, якія, чуючы аб усіх прыказаннях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!» Бо дзе ж ёсць другі народ такі вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, Які бывае з намі, калі мы Яго прызываем? І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказанні і справядлівыя законы, як увесь гэты закон, які я сёння прапаную вам перад вачамі вашымі? Дык пільна беражы сябе самога і душу сваю, і не забудзь падзей, якія бачылі вочы твае, і хай не выйдуць яны з сэрца твайго ва ўсе дні жыцця твайго. Ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў сваіх у той дзень, калі ты стаяў у прысутнасці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Збяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся шанаваць Мяне ва ўсе дні жыцця на зямлі і навучылі сыноў сваіх». Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, якая палала аж пад неба, і былі над ёю цемра, хмары і змрок. І прамовіў Госпад да вас з сярэдзіны агню; і гук слоў вы чулі, але ўнутры аблічча не бачылі. Ён аб’явіў вам запавет Свой і загадаў, каб яго выконвалі, і дзесяць прыказанняў, якія напісаў на дзвюх каменных табліцах. У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказанням і законам, якія павінны вы выконваць на зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць. Дык беражыце пільна душы вашы, бо не бачылі вы ў той дзень ніякага падабенства, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб пасярод агню, каб вы не сапсаваліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны, або на падабенства якой-небудзь жывёліны, якая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае пад небам, або паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, якія плаваюць у вадзе пад зямлёй; і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам, якія ёсць пад небам. А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы егіпецкай, каб мець народ спадчынны, як гэта ёсць сёння. Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдана і не ўвайду ў найлепшую зямлю, якую мае даць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой. Вось жа, я памру на гэтай зямлі, і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце праз яго і атрымаеце ва ўласнасць гэтую выдатную зямлю. Дык сцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяў, падобных да ўсяго, што забараніў Госпад, Бог твой, бо Госпад, Бог твой, ёсць агонь знішчальны, Бог руплівы апякун. Калі ж ты народзіш сыноў і ўнукаў, і будзеце вы доўга жыць на зямлі, і, сапсаваўшыся, зробіце статую на падабенства чагосьці, і ўчыніце ліхое перад Госпадам, Богам вашым, так што давядзеце Яго да гневу, дык бяру сёння неба і зямлю за сведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгублены з зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, маеце атрымаць ва ўладанне. Не доўга будзеце жыць на ёй, але знішчыць вас Госпад і расцярушыць паміж плямёнамі, і нямногія з вас застануцца сярод народаў, да якіх мае вывесці вас Госпад. Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, якія не бачаць, не чуюць, не ядуць, не адчуваюць паху. І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёй. Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ўсё, што прадказана ў апошнія дні, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Яго, бо Госпад, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, не знішчыць зусім і не забудзе запавету, у якім склаў прысягу бацькам тваім. Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, ад аднаго краю неба да другога, ці было што-колечы такое вялікае, як гэтая справа, і ці было вядома пра штосьці падобнае? Ці чуў які народ голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, як ты пачуў і застаўся жывым? Або ці спрабаваў які бог прыйсці і выбраць сабе народ пасярод народаў праз выпрабаванні, знакі і цуды, праз войны, рукой дужай і плячом узнятым, ды праз вялікія жахі, як усё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Егіпце на вачах тваіх? Табе паказана гэта, каб ты ведаў, што Госпад ёсць Бог, і апроч Яго няма іншага. Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі паказаў табе агонь Свой велізарны; і ты пачуў словы Яго з сярэдзіны агню, бо Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў нашчадкаў іх пасля іх. І вывеў цябе абліччам Сваім з Егіпта сілай вялікаю, каб выгнаць народы большыя і мацнейшыя за цябе ў час уваходу твайго ды каб увесці цябе і даць табе зямлю іх ва ўласнасць, як ты гэта сёння бачыш. Дык пераканайся сёння і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсць Бог на небе высока і на зямлі нізка і няма іншага. Захоўвай прыказанні Яго і запаветы, якія я сёння даручаю табе, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе». Потым аддзяліў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца, каб туды мог уцячы кожны, хто забіў блізкага мімаволі і не быў яму ворагам ні ўчора, ні заўчора, ды каб мог ён уцячы ў адзін з тых гарадоў і жыў там. Гэта Басор у пустыні, што знаходзіцца на раўніне, для сыноў Рубэна; і Рамот у Галаадзе для сыноў Гада, і Галан у Басане для сыноў Манасы». Такі вось закон прапанаваў Майсей перад сынамі Ізраэля; вось такія сведчанні, прыказанні і законы, якія абвясціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Егіпта, за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэгора, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, якога знішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Егіпта. І завалодалі яны зямлёю яго і зямлёю Ога, цара Басана, двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца; ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, аж да гары Сіён, значыць Гэрмон, і ўсёю зямлёю Арабы за Ярданам на ўсходзе, аж да мора Арабы ля падножжа гары Пісгі.
І склікаў Майсей увесь Ізраэль і сказаў ім: «Слухай, Ізраэль, прыказанні, а таксама законы, якія я сёння прамоўлю ў вушы вашыя; навучыцеся ім і спаўняйце іх дзейсна. Госпад, Бог наш, заключыў запавет з намі на Гарэбе. Не з бацькамі нашымі заключыў Ён гэтую дамову, але з намі, якія тут сёння жывём, з намі ўсімі. Тварам у твар гаварыў з вамі Госпад на гары з сярэдзіны агню. У той час я як пасрэднік стаяў між Госпадам і вамі, каб вам абвясціць словы Яго, бо вы баяліся агню і не ўзышлі на гару. А Ён сказаў: “Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі. Не май другіх багоў перад абліччам Маім. Не рабі сабе ідала і ніякай выявы ўсяго таго, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю. Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае ліхоту бацькоў ў дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, што ненавідзяць Мяне, і аказвае міласэрнасць на многія тысячы [пакаленняў] тым, што любяць Мяне і спаўняюць прыказанні Мае. Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо не будзе непакараным той, хто будзе ўжываць імя Яго марна. Беражы дзень суботні, каб ты святкаваў яго, як загадаў табе Госпад, Бог твой. Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае. А сёмы дзень — гэта субота для Госпада, Бога твайго. Не рабі ў ім аніякай працы ты, і сын твой, і дачка, і паслугач, і паслугачка, і вол, і асёл, і ўсякая жывёла твая, і чужынец, які жыве ў брамах тваіх; хай адпачывае твой паслугач і твая паслугачка, як і ты. Памятай, што ты быў рабом у Егіпце, і што вывеў цябе адтуль Госпад, Бог твой, дужай рукою і ўзнятым плячом, таму і загадаў Ён табе, каб бярог ты дзень суботы. Паважай бацьку свайго і маці сваю, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб быў ты даўгавечны і добра табе было на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой. Не забівай. Не чужалож. Не крадзі. Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго. Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго і не зажадай дома блізкага свайго, ані поля, ані паслугача, ані паслугачкі, ані вала, ані асла, — нічога, што яго”». Гэтыя словы гаварыў Госпад да ўсіх вас на гары, з сярэдзіны агню і хмары і змроку моцным голасам, і нічога болей не дадаваў; і напісаў гэта на дзвюх табліцах каменных, якія перадаў мне. Вы, вось, як пачулі голас пасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, прыступілі да мяне ўсе князі пакаленняў і старэйшыя векам, і вы казалі: «Вось жа, паказаў нам Госпад, Бог наш, веліч Сваю і магутнасць; мы чулі голас Яго з сярэдзіны агню і пераканаліся сёння, што, калі Бог гаворыць з чалавекам, чалавек застаўся жывы. Цяпер жа нашто нам паміраць? Бо праглыне нас гэты вялікі агонь; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, паўміраем. Ці ёсць якое цела, што пачула б голас Бога жывога, Які прамаўляе з сярэдзіны агню, як мы пачулі, і здолела б выжыць? Ты прыступіся хутчэй і выслухай усё, што скажа Госпад, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, і мы, выслухаўшы, зробім гэта». Калі пачуў гэта Госпад, дык сказаў мне: «Чуў Я голас слоў гэтага народа, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі. Хто дасць ім мець такую памяць, каб яны шанавалі Мяне і бераглі ўсе загады Мае ўвесь час, каб добра ім было і дзецям іх на векі? Ідзі і скажы ім: “Вярніцеся ў палаткі вашыя”. Ты ж стой тут са Мною, і Я скажу табе ўсе загады і прыказанні, і законы, якім навучыш іх, каб выконвалі іх на зямлі, якую дам ім ва ўласнасць”. Дык беражыце і выконвайце, што загадаў вам Госпад, Бог ваш, не адхіляйцеся ані ўправа, ані ўлева. Ва ўсім ідзіце тою дарогаю, якую вызначыў вам Госпад, Бог ваш, каб жылі, і каб было вам добра, ды каб прадоўжыліся дні на зямлі ўласнасці вашай, якую атрымаеце».
«Такія вось загады, і прыказанні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб я навучыў вас, а вы каб выконвалі іх на зямлі, якую ідзяце ўзяць ва ўласнасць. Шануй Госпада, Бога твайго, і беражы ўсе прыказанні і загады Яго, якія даручаю табе, сынам і нашчадкам тваім на ўсё жыццё, каб даўгавечныя былі дні твае. Слухай, Ізраэль, і пільнуй, каб выконваць, каб добра табе было і ўзрос ты лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Слухай, Ізраэль: «Госпад, Бог наш, Госпад адзіны. Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёй». Гэтыя словы, якія я даручаю табе сёння, хай будуць у сэрцы тваім. Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, засынаючы і абуджаючыся. Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны быццам якая падвязка паміж вачэй тваіх. Выпішы іх на бэльках дома твайго і на браме тваёй. Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую прысягнуў даць бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, каб даць табе гарады вялікія і выдатныя, якіх ты не будаваў, дамы, поўныя ўсякіх багаццяў, якіх ты не збіраў, студні, якіх ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, якіх ты не садзіў, калі будзеш есці і спатоліш голад, сцеражыся вельмі, каб не забыўся ты пра Госпада, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі. Госпада, Бога твайго, шануй, і Яму служы, і Яго імем прысягай. Не ідзі за багамі чужымі з ліку багоў тых народаў, якія акружаюць цябе, бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, — Бог руплівы апякун; каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб не сцёр Ён цябе з паверхні зямлі. Не выпрабоўвай Госпада, Бога вашага, як выпрабоўвалі ў Масе. Захоўвай загады Госпада, Бога вашага, і сведчанні і прыказанні, якія даў Ён табе; і рабі, што правільна і што добра перад абліччам Госпада, каб добра было табе і каб, увайшоўшы, атрымаў ты ва ўласнасць зямлю найлепшую, наконт якой Госпад склаў прысягу бацькам тваім, каб вынішчыў Ён усіх ворагаў тваіх перад табою, як сказаў Госпад. Калі спытаецца цябе ў будучым сын твой, кажучы: “Што за сэнс гэтых сведчанняў, прыказанняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог наш?” — скажы яму: “Былі мы нявольнікамі ў фараона ў Егіпце, але вывеў нас Госпад з Егіпта рукой дужай, ды чыніў цуды і знакі вялікія і жудасныя ў Егіпце супраць фараона і ўсяго дому яго ў прысутнасці нашай, і вывеў нас адтуль, каб нам, уведзеным, даць зямлю, адносна якой прысягнуў бацькам нашым даць нам. І загадаў нам Госпад, каб выконвалі мы ўсе гэтыя прыказанні і каб шанавалі Госпада, Бога нашага, і тады добра будзе нам усім у дні жыцця нашага, як і сёння жывём. І будзе нам справядлівасць, калі мы будзем берагчы і выконваць усе загады гэтыя перад абліччам Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”».
Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да якой ідзеш, каб завалодаць ёю, вынішчыць Ён перад табой многія народы, хетэяў і гергесеяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, сем народаў намнога большых і дужэйшых за цябе. Госпад, Бог твой, аддасць іх табе, а ты іх выгубі аж да поўнага вынішчэння. Не заключай з імі пагаднення і не будзь да іх літасцівы. Не злучайся з імі ў шлюбе: не аддавай дачкі сваёй сынам іх, а іх дачку не прымай для сына твайго, бо яна звядзе сына твайго, каб не ішоў ён следам за Ім ды каб служыў другім багам, і ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас знішчыць. Але вось так маеце зрабіць лепш з імі: знішчыце іх ахвярнікі, разбіце іх камяні, ссячыце святыя гаі, а ідалаў спаліце агнём. Бо ты народ, пасвячоны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты Яго ўласным народам з усіх народаў, што жывуць на зямлі. Не з той прычыны, што вы перавышаеце лікам усе народы, паяднаўся з вамі Госпад і абраў вас, — бо вы меншыя з усіх народаў, — але дзеля таго, што Госпад палюбіў вас і захаваў запавет, якім прысягнуў бацькам вашым, вывеў Ён вас рукой дужай і выкупіў цябе з дому няволі, з рукі фараона, цара Егіпта. І ведай, што Госпад, Бог твой, і ёсць Сам Бог, Бог верны, Які зберагае запавет і міласэрнасць да тых, хто любіць Яго, і да тых, якія пільнуюць загады Яго, на тысячы пакаленняў, і адгаджае ненавіснікам Сваім так, каб расцярушыць іх і больш не памнажаць, безадкладна аддаючы ім тое, што яны заслугоўваюць. Дык выконвай загады, і прыказанні, і законы, якія Я сёння даю табе, каб ты выконваў. Калі вы будзеце слухаць гэтыя загады, берагчы іх і выконваць, то і Госпад, Бог твой, зберажэ для цябе запавет і міласэрнасць, аб якой прысягаў бацькам тваім, і будзе любіць цябе і дабраслаўляць цябе, і размножыць цябе, і дабраславіць плод улоння твайго і плод зямлі тваёй, збожжа тваё і вінаград, алей і прыплод жывёлы, і прырост авечак тваіх на зямлі, адносна якой прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць яе табе. Дабраславёны будзеш ты больш за ўсе народы. Не будзе ў цябе ані бясплоднага, ані бясплоднай, як у людзей, так і ў статках тваіх. Забярэ ад цябе Госпад усякую немач; і найгоршыя хваробы егіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх. Ты паглынеш усе народы, якія Госпад, Бог твой, мае даць табе; хай не пашкадуе іх вока тваё, і не служы багам іх, каб не былі яны на загубу табе. Калі скажаш ты ў сэрцы сваім: «Гэтыя народы большыя лікам за мяне; як жа змагу я вынішчыць іх?» — не бойся іх, але ўспомні, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім егіпцянам: вялікія плягі, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, а таксама руку магутную і ўзнятае плячо, каб вывеў цябе Госпад, Бог твой; так зробіць Ён усім народам, якіх ты баішся. Звыш таго, пашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, аж пакуль не вынішчыць усіх і не расцярушыць тых, якія маглі ўцячы ад цябе і схавацца. Не бойся іх, бо Госпад, Бог твой, — пасярод цябе, Бог магутны і страшны. Ён будзе знішчаць гэтыя народы перад абліччам тваім пакрысе і часткамі. Не зможаш вынішчыць іх хутка, каб не размножыліся супраць цябе звяры зямныя. І выдасць іх Госпад, Бог твой, перад абліччам тваім, і будзе трывожыць іх вялікай трывогай, пакуль зусім не будуць вынішчаны. У рукі твае аддасць Ён цароў іх, і сатрэш імёны іх з-пад неба; ніхто не зможа супрацівіцца табе, пакуль не выгубіш іх. Ідалаў іх спалі агнём; і не будзь сквапным на срэбра і золата, якімі яны прыбраныя, нічога з гэтага не бяры сабе, каб не ўчыніць грэх, бо гэта брыдота для Госпада, Бога твайго. Не прынось брыдоту ў дом твой, каб не было на цябе пракляцця, як і на яе; прызнавай гэта за бруд і лічы за нячыстасць ды агіднасць брыдкую, бо гэта — пракляцце.
Кожнае прыказанне, якое я табе сёння даю, выконвай з уважлівай пільнасцю, каб змаглі вы жыць і множыцца і каб, увайшоўшы, атрымалі ва ўласнасць зямлю, наконт якой прысягнуў Госпад бацькам вашым. І ўспамінай усе шляхі, якімі выводзіў цябе Госпад, Бог твой, на працягу гэтых сарака гадоў праз пустыню, каб упакорыць цябе і выпрабаваць, ды каб стала вядома, што ў душы тваёй, ці будзеш ты захоўваць прыказанні Яго, ці не. Ён упакорыў цябе нястачай і даў табе есці манну, якой не ведаў ані ты, ані бацькі твае, каб паказаць табе, што не хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада. Не меў ты недахопу ў адзенні тваім, у якое апранаўся, ды нага твая не пухла на працягу гэтых сарака гадоў. Дык разважай у сэрцы сваім, што, як чалавек гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе, каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, ішоў шляхамі Яго і шанаваў Яго. Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю крыніц водных і ручаёў, дзе на палях і ў гарах прабіваюцца з глыбінь струмені, у зямлю пшаніцы, ячменю і вінаграду, у якой растуць фінікавае, гранатавае і аліўкавае дрэвы, у зямлю алею і мёду, дзе без аніякай нястачы будзеш есці хлеб свой ды будзеш цешыцца мноствам усялякіх рэчаў; камяні яе — жалеза, а з гор яе прабіваюцца медныя руднікі; каб, калі ты будзеш есці і наясіся, дабраславіў ты Госпада, Бога твайго, за зямлю найлепшую, якую даў Ён табе. Пільнуй і сцеражыся, каб часам не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказанняў Яго, законаў і пастаноў, якія я даручаю табе сёння; а пасля таго, як будзеш есці і наясіся, пабудуеш прыгожыя дамы і абжывешся ў іх, і будзеш мець вялікія статкі буйной і дробнай жывёлы, а таксама вялікае мноства срэбра, золата і ўсялякіх рэчаў сцеражыся, каб не ўзганарылася сэрца тваё і каб не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі, і быў тваім правадыром праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі змеі, якія абпальваюць, і скарпіёны, зямля сухая і поўнае бязводдзе; Ён вывеў табе ручаі са скалы вельмі цвёрдай, і карміў цябе маннай у пустыні, чаго не ведалі бацькі твае, і пасля таго, як упакорыў і выпрабаваў цябе, урэшце пашкадаваў цябе, каб не гаварыў ты ў сэрцы тваім: «Сіла мая і моц рукі маёй — яны далі мне ўсё гэта», але каб памятаў ты Госпада, Бога твайго, што Ён надае табе сілы, каб мог дасягнуць ты поспеху, каб споўніў Ён запавет Свой, адносна якога склаў прысягу бацькам тваім, як паказвае сённяшні дзень. А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за іншымі багамі, і будзеш шанаваць іх і пакланяцца ім, — вось, цяпер сведчу перад вамі, што папрападаеце вы зусім. Як тыя народы, якія Госпад знішчыў у час прыходу вашага, так і вы загінеце, калі будзеце непаслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.
«Слухай, Ізраэль: ты пяройдзеш сёння праз Ярдан, каб завалодаць народамі моцнымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялізнымі і ўмацаванымі аж да неба, народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў, якім ніхто не можа супрацьстаяць. Дык ведай сёння, што Госпад, Бог твой, Сам пройдзе перад табой, як агонь знішчальны, які сатрэ іх і зрыне перад абліччам тваім, каб ты хутка выгнаў і знішчыў іх, як Ён сказаў табе. Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, — бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою. Бо вось не дзеля справядлівасці тваёй і праваты сэрца твайго ўвойдзеш ты, каб завалодаць зямлёю іх, але за тое, што яны чынілі бязбожна; па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганіць іх перад табой, каб споўніў Госпад слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу. Дык ведай, што не дзеля справядлівасці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю ва ўласнасць, бо ты народ цвёрдага карку. Памятай і не забывайся, як раздражняў ты Госпада, Бога твайго, аж да гневу ў пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Егіпта і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду. Бо і на Гарэбе раздражнялі вы Яго, і, разгневаны, хацеў Ён знішчыць вас, і калі я ўзышоў на гару, каб атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, не еў хлеба і не піў вады. І даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, якія былі запісаны пальцам Бога і змяшчалі ўсе словы, якія вам сказаў Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі народ сабраўся на сход. Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, табліцы запавету, і сказаў мне: “Устань і сыдзі адсюль хутка, бо зграшыў народ твой, які вывеў ты з Егіпта; хутка пакінулі яны шлях, які загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з металу”. І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсць цвёрдага карку, дазволь Мне, каб Я знішчыў іх і сцёр іх імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”. І, павярнуўшыся, сышоў я з палаючай гары, і трымаў я аберуч дзве каменныя табліцы запавету. І калі я ўбачыў, што вы зграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля ды што хутка сышлі з дарогі Яго, якую Госпад вам загадаў, схапіў я абедзве табліцы і кінуў іх рукамі сваімі, і разбіў іх перад абліччам вашым; і ўпаў я перад Госпадам, як раней, сорак дзён і начэй не еў хлеба і не піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусціліся супраць Госпада і раздражнілі Яго да гневу, бо баяўся я абурэння і гневу Яго, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас знішчыць. І выслухаў мяне Госпад нават у гэты раз. Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго вынішчыць, але і за яго тады я памаліўся. А грэх ваш, які вы ўчынілі, гэта значыць цяля, я, схапіўшы, спаліў агнём і, разбіўшы на кавалкі, дашчэнту сцёр на попел і кінуў у ручай, які сцякаў з гары. І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гатаве яшчэ раздражнялі вы Госпада. І калі пасылаў вас Госпад з Кадэс-Барнэ, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не захацелі паслухацца голасу Яго. Вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як пачаў я вас ведаць. І ляжаў я перад Госпадам сорак дзён і начэй, на працягу якіх пакорна маліў, каб Ён не нішчыў вас, як прыгразіў. І ў малітве прасіў: “Госпадзе, Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, бо вывеў з Егіпта дужаю рукой. Памятай пра паслугачоў Сваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласць народа гэтага і на бязбожнасць, а таксама грэх, каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не казалі: “Не мог Госпад увесці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і ўзненавідзеў іх; з гэтай прычыны і вывеў, каб забіць іх у пустыні”. А яны ж — Твой народ і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў Сваёй вялікай сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.
У гэты час сказаў мне Госпад: “Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, і ўзыдзі да Мяне на гару і зрабі каўчэг з дрэва. І напішу Я на табліцах словы, што былі на тых, якія ты перад гэтым пабіў, а ты пакладзеш іх у каўчэг”». Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі, і калі вычасаў дзве каменныя табліцы, такія ж, як папярэднія, то ўзышоў на гару, трымаючы іх у руках. І напісаў Ён на табліцах падобна, як было раней напісана Ім, Дзесяць выслоўяў, якія абвясціў вам Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі сабраўся народ, і даў іх мне. Я павярнуўся і сышоў з гары, і паклаў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там знаходзяцца яны аж дагэтуль, як мне загадаў Госпад. А сыны Ізраэля зняліся лагерам з Бэрота сыноў Якана ў Масэру, там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеязэр, стаў святаром замест яго. Адтуль прыбылі ў Гадгад: з таго месца выправіліся і сталі лагерам у Етэбаце, у зямлі водных крыніц. У гэты час Госпад аддзяліў пакаленне Леві, каб насілі каўчэг запавету Госпада і каб яны стаялі перад Ім на службе і дабраслаўлялі ў імя Яго па сённяшні дзень. Дзеля таго Леві не мае часткі ані спадчыны з братамі сваімі, бо спадчына яго — Сам Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой. І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і нават у гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе. І сказаў Ён мне: «Устань, ідзі і ачаляй народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, пра якую Я прысягнуў бацькам іх, каб перадаць ім». А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў шляхамі Яго, ды любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй, ды каб выконваў загады Госпада і прыказанні Яго, якія я сёння загадваю, каб добра было табе. Вось, Госпаду, Богу твайму, належаць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй. Ды, аднак жа, да бацькоў тваіх прыхінуўся Госпад і ўзлюбіў іх ды выбраў нашчадкаў іх па іх, значыць вас, з усіх народаў, як сёння гэта было пацверджана. Дык абрэжце край сэрца вашага і карак ваш, каб больш не зацвярдзелі, бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, Які не глядзіць ні на асобу, ані на падарункі. Ён чыніць справядлівасць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзенне. Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі прышэльцамі ў зямлі Егіпецкай. Госпада, Бога твайго, бойся і Яму служы, да Яго туліся і імем Яго прысягай. Ён — слава твая і Бог твой, Які творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае. У сямідзесяці душах перасяліліся бацькі твае ў Егіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.
Дык любі Госпада, Бога твайго, і пільнуй Яго настаўленні і загады, законы і прыказанні ўвесь час. І вы даведаецеся сёння пра тое, чаго не ведаюць дзеці вашы, якія не бачылі навукі Госпада, Бога вашага, вялікіх учыненняў Яго, і дужай рукі, і ўзнятага пляча, знакаў і спраў Яго, якія ўчыніў Ён у Егіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй яго, і ўсім войскам егіпецкім, конямі і калясніцамі; якім чынам накрылі іх воды Чырвонага мора, калі гналіся яны за вамі, і знішчыў іх Госпад аж да сённяшняга дня, і што зрабіў Ён вам на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на гэтае месца, і што зрабіў ён Датану і Абіраму, сынам Эліяба, які быў сынам Рубэна, як іх праглынула зямля, адкрыўшы сваю пашчу, разам з дамамі і палаткамі, і з усёй іх маёмасцю, якую мелі яны сярод Ізраэля. Вочы вашы бачылі ўсе вялікія справы Госпада, якія Ён учыніў, каб вы пільнавалі ўсе прыказанні, якія сёння я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і змаглі ўвайсці і завалодаць зямлёю, у якую ўступаеце, каб доўгі час жылі ў той зямлі, якую пад прысягай абяцаў Госпад бацькам вашым і нашчадкам іх, — зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Бо зямля, у якую ты ўваходзіш, каб завалодаць ёю, не ёсць такой, як зямля Егіпецкая, з якой ты выйшаў: там, калі зерне засеяна, то воды жыватворчыя дастаўляліся нагамі, як у садах; але гарыстая і лагчынная, яна чакае дажджу з неба, над якою Госпад, Бог твой, заўсёды апякуецца, і вочы Яго звернуты на яе ад пачатку года аж да канца яго. “Дык, калі будзеш слухаць прыказанні Мае, якія сёння Я даю вам, каб любілі Госпада, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай, Я дам зямлі вашай дождж ранні і позні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і алівы. І дасць яна траву з палёў на кармленне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся”. Сцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца ваша, каб не адышлі вы ад Госпада і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім, бо разгневаецца Госпад на вас, і зачыніць Ён неба, і не будзе падаць дождж, і зямля не дасць плода свайго, і згінеце вы хутка на найлепшай зямлі, якую мае даць вам Госпад. Дык пакладзіце гэтыя словы Мае ў сэрцах і ў душах вашых, і прывяжыце іх як знак на руках, і звяжыце іх, быццам якую падвеску, паміж вачэй вашых. Навучыце ім дзяцей вашых, гаворачы пра іх, калі сядзіш у доме сваім і калі ідзеш дарогаю, калі кладзешся і ўстаеш. І напішы іх на бэльках дому свайго і над брамамі сваімі, каб памножыліся дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, пра якую прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць ім [яе] да таго часу, пакуль неба будзе ўзвышацца над зямлёй. Калі, вось, будзеце пільнаваць усе прыказанні гэтыя, якія я загадваю вам, ды будзеце спаўняць іх, каб любіць Госпада, Бога вашага, ды будзеце хадзіць усімі шляхамі Яго і будзеце туліцца да Яго, то Госпад перад абліччам вашым расцярушыць усе гэтыя народы, і вы будзеце валодаць імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас. Кожнае месца, на якое стане нага ваша, будзе вашым: ад пустыні, ад Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашы. Ніхто не ўстаіць супраць вас. Госпад, Бог ваш, навядзе страх і жах перад вамі на ўсякую зямлю, на якую вы ступіце, як Ён вам казаў. Дык вось, прапаную сёння перад абліччам вашым дабраславенне і праклён: дабраславенне, калі паслухаеце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам сёння загадваю; і праклён, калі не паслухаеце прыказанні Госпада, Бога вашага, але сыдзеце з дарогі, якую я вам цяпер паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, якіх не ведаеце. Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, у якую ты ідзеш, каб пасяліцца ў ёй, тады абвясці дабраславенне на гары Гарызім, а праклён — на гары Гэбал. Горы гэтыя за Ярданам, за дарогай, што схіляецца на захад сонца ў зямлі хананеяў, якія жывуць у Арабе, насупраць Галгала, каля дубоў Марэг. Бо вы пройдзеце праз Ярдан, каб завалодаць зямлёю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, і будзеце жыць на ёй. Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе загады і законы, якія я кладу сёння перад абліччам вашым.
Такія вось загады і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, мае даць табе, каб валодаў ты ёю ва ўсе дні, у якія крочыш ты па зямлі: «Знішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы маеце валодаць, служылі багам сваім, на гарах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам. Разваліце ахвярнікі іх, пабіце каменныя слупы іх, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтых месцаў. Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму, але на месца, якое Госпад, Бог ваш, выбера з усіх пакаленняў вашых, каб там памясціць імя Сваё і на ім жыць, прыходзьце, і ў гэтым месцы складайце цэласпаленні і крывавыя ахвяры вашы, дзесяціны ды дары рук вашых, і тое, у чым прысягалі, і добраахвотныя ахвяры першародных валоў і авечак. Там, перад абліччам Госпада, Бога вашага, ежце і весяліцеся з усяго, да чаго прыклалі рукі вы і сям’я ваша, у чым дабраславіў вас Госпад, Бог ваш. Не рабіце паводле ўсяго таго, што мы тут робім сёння, кожны, што яму здаецца добрым, бо вы яшчэ не дасягнулі на сённяшні дзень супакою і ўласнасці, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам. Вы пяройдзеце Ярдан і абжывецеся на зямлі, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал ды жылі без аніякага страху ў месцы, якое выбера Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце, што я загадваю: цэласпаленні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і тую найлепшую з ахвяр, якою прысягнеце вы Госпаду. Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашы, паслугачы і паслугачкі, а таксама левіт, які ў гарадах вашых прабывае; бо не мае ён ані часткі, ані ўласнасці паміж вамі. Сцеражыся, каб не складаць сваіх ахвяр цэласпальных на кожным месцы, якое ўбачыш, але на тое, якое выбера Госпад у адным з пакаленняў тваіх, занясі цэласпальныя ахвяры і там зрабі ўсё, што я табе загадваю. Калі ж захочаш есці і мясная ежа будзе даспадобы табе, забі [жывёлу] і з’еж мяса па дабраславенні Госпада, Бога твайго, якое даў Ён табе ва ўсіх гарадах тваіх: чысты і нячысты можа есці яго, як сарну, так і аленя, за выняткам крыві: яе выльеш на зямлю, як ваду. Не зможаш есці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа, віна і алівы тваёй, першародных бычкоў і авечак, ані ўсяго таго, на чым прысягнуў ты і што захацеў скласці на добраахвотную ахвяру, ані першага плёну рук тваіх. Але будзеш есці іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач і паслугачка, таксама левіт, які знаходзіцца ў гарадах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прыкладзеш руку сваю. Чувай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй. Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есці мяса, якога жадае душа твая, тады еж мяса паводле кожнага прагнення душы сваёй; а калі б далёка было месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, то забі з буйной і дробнай жывёлы, якую даў табе Госпад і як загадаў я табе, і спажывай у гарадах тваіх, як табе заўгодна. Еж іх так, як ядуць сарну і аленя; і чысты, і нячысты хай спажываюць разам. Аднаго толькі высцерагайся, каб не спажываць крыві; бо кроў ёсць душа іх, і таму не павінен ты есці душу разам з мясам. Не спажывай яе, але вылівай на зямлю, як ваду. Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што прыстойна перад абліччам Госпада. Але тое, што пасвяціў ты і склаў праз прысягу Госпаду, вазьмі і прыходзь у тое месца, якое выбраў Госпад, і ахвяруй цэласпаленні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяр тваіх выльеш на ахвярніку, а мяса сам з’еж. Падпарадкоўвайся і слухайся ўсяго, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на векі, калі споўніш, што добрае і што мілае перад абліччам Госпада, Бога твайго. Калі Госпад, Бог твой, раскідае перад абліччам тваім народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі, сцеражыся, каб не трапіць у сеці праз іх, пасля таго, як яны, па прыходзе тваім, будуць выгублены, ды каб не шукаў іх абрадаў, кажучы: “Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду служыць”. Не рабі падобным чынам Госпаду, Богу твайму, бо ўсе брыдкія рэчы, якія адвяргае Госпад і якія ненавідзіць, яны чынілі для сваіх багоў, нават сваіх сыноў і дачок складаючы ў ахвяру і праводзячы праз агонь. Што я загадваю вам, тое і беражыце і рабіце, не дадавай нічога і не аднімай.
Калі паўстане сярод цябе прарок або той, хто кажа, што ён бачыць сон, і дасць табе знак або цуд, і споўніцца той цуд, што ён прадказаў, ды скажа табе снавідзец: “Пойдзем за іншымі багамі, якіх ты не ведаеш, і будзем ім служыць”, то не слухай слоў такога прарока або снавідца, бо выпрабоўвае цябе Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіш ты Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, ці не. За Госпадам, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і прыказанні Яго пільнуйце ды слухайце голасу Яго, Яму служыце і да Яго туліцеся. Прарок жа той або выясніцель сноў хай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад Госпада, Бога вашага, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, ды каб звесці цябе з той дарогі, якую табе загадаў Госпад, Бог твой; дык выкарані зло з асяроддзя твайго. Калі б хацеў угаварыць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка, або жонка, якая туліцца да цябе, або прыяцель, якога любіш як душу сваю, таемна кажучы: “Хадзем і будзем служыць багам чужым”, якіх ані ты не ведаеш, ані бацькі твае, з багоў усіх тых народаў, якія вакол цябе, або зводдаль ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога, не слухай яго і не згаджайся з ім; і не слухай яго ды хай не пашкадуе яго вока тваё, каб злітавацца і ўхаваць яго, але забі. Хай перш твая рука падымецца на яго, а потым кожны ўзніме руку: укамянуй яго на смерць, бо хацеў адцягнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі, каб увесь Ізраэль спалохаўся, чуючы гэта, і больш ніколі не чыніў падобную ліхоту ў асяроддзі сваім. Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія Госпад, Бог твой, дасць табе на пражыванне, як нехта кажа: “Выйшлі з асяроддзя твайго сыны Бэліяла і адварочваюць жыхароў горада свайго, і кажуць: “Хадзем і будзем служыць чужым багам, якіх ты не ведаеш”, — то распытай пільна і старанна правер праўдзівасць справы, і калі даведаешся, што праўду гавораць і што такая брыдота робіцца ў асяроддзі тваім, то жыхароў гэтага горада выбі мечам і вынішчы яго, а таксама ўсё, што ў ім. Усю ж здабычу з яго збяры на сярэдзіну плошчы яго і спалі разам з самім горадам, і такім чынам знішчы ўсё для Госпада, Бога твайго, і хай будзе ён вечна ў руінах, не адбудуецца больш. І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з таго праклятага, каб Госпад адвярнуўся ад абурэння гневу Свайго і злітаваўся над табой, і памножыў цябе, як прысягнуў бацькам тваім, калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, пільнуючы ўсе прыказанні Яго, якія Я загадваю табе сёння, каб рабіў тое, што прыемна перад абліччам Госпада, Бога твайго.
Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; не рабіце надрэзаў на сабе, не выстрыгайце валасоў паміж вачамі вашымі па памерлым, бо ты народ святы для Госпада, Бога твайго, і цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асаблівым народам для Яго з усіх народаў, якія ёсць на зямлі. Не еж нічога паганага. Вось жывёлы, якіх вы можаце есці: вол, баран, каза, алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылопа, горны казёл. Можаце есці кожную жывёлу, якая мае цалкам раздвоеныя капыты і якая жуе жвайку, і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку. Але тых, якія жуюць жвайку і не маюць раздвоеных капытоў, не ежце такіх: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо яны жуюць жвайку, але не маюць цалкам раздвоеных капытоў, яны будуць нячыстымі для вас. Свіння таксама, бо хаця ў яе цалкам раздвоеныя капыты, але не жуе жвайку, яна будзе для вас нячыстай; мяса іх не ежце і да падліны не дакранайцеся. Вось што можна есці з усяго таго, што родзіцца ў вадзе: ежце тых, што маюць плаўнікі і луску; а тых, што без плаўнікоў і лускі, не ежце, бо яны для вас нячыстыя. Усіх чыстых птушак — ежце. Толькі наступных не ежце: арла, грыфа і марскога арла, чорнага грыфа, каршука і сокала з родам яго, і любую птушку з роду крумкача, страуса, саву, чайку і ястраба з родам яго, пугача, рыбалова і ібіса, лебедзя, пелікана і сыча, чаплю і бусла з родам яго, і ўдода і кажана. Таксама ўсё, што поўзае і мае крылы, нячыстым будзе для вас, нельга есці. Усякую птушку чыстую можаце есці. Падліны, якой бы яна ні была, не будзеце есці. Дай яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасці, або прадай чужынцу: бо ты — народ святы для Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго. Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насення твайго, якое родзіцца на зямлі штогод, і еж перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое Ён выбера, каб прабывала ў ім імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першародных бычкоў і авечак тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні шанаваць Госпада, Бога твайго. Калі ж далёкай будзе дарога твая і месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб памясціць там імя Сваё і дабраславіць цябе, і ты не зможаш для Бога ў Яго месца ўсё гэта прынесці, каб памясціць там імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе, то прадай усё ды атрымай грошы; і вазьмі ў руку сваю ды накіруйся да месца, якое выбера Госпад, Бог твой, і купляй за гэтыя грошы ўсё, што табе спадабаецца: ці з валоў, ці з авечак, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і еж там перад Госпадам, Богам тваім, і весяліся ты і ўся сям’я твая, і левіт, які ў брамах тваіх; глядзі, не пакідай яго, бо ён не мае ані часткі, ані ўласнасці з табою. Пад канец трэцяга года аддзялі іншую дзесяціну з усяго, што ўрадзілася ў цябе за гэты час, і пакладзі ў брамах тваіх, і хай прыйдзе левіт, які не мае часткі і спадчыны з табой, і чужынец, і сірата, і ўдава, якія знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есці і наядуцца, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, што будзеш рабіць.
У канцы сёмага года рабі дараванне, і адзначай гэта наступным чынам: калі хто даў якую пазыку блізкаму ці брату свайму, то не зможа ён спагнаць, бо гэта год даравання на ўшанаванне Госпада. З чужога спаганяй, з суайчынніка ж і блізкага не будзеш мець магчымасці вымагаць тое, што тваё. Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, якую мае даць табе ва ўласнасць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і пільнаваць кожнае прыказанне гэтае, якое сёння я табе загадваю. Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраслаўляць цябе, як было абяцана. Ты будзеш даваць пазыку многім народам, а сам ні ў каго не бяры пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто не будзе панаваць. Калі адзін з братоў тваіх, якія жывуць у адным з гарадоў тваіх, у зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасці, не закамяні сэрца свайго і не сцісні руку, але адкрый яе перад убогім братам сваім і дай пазыку такую, якая, на твой погляд, яму будзе патрэбная. Сцеражыся, каб не падкралася да цябе нягодная думка: “Блізка сёмы год, год даравання”, каб не адводзіў ты вачэй сваіх ад убогага брата свайго, не жадаючы даць яму той пазыкі, якой ён патрабуе, каб той не прызываў Госпада супраць цябе ды каб не сталася гэта грахом. Але дай яму і хай не сумуе сэрца тваё, што трэба падтрымаць яго ў нястачы, бо праз гэта дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, у кожнай справе тваёй ды ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты рукі. Будуць убогія ў зямлі пражывання твайго, дзеля таго я загадваю табе, каб ты адкрываў руку дзеля брата твайго, няшчаснага і ўбогага, які жыве з табою на зямлі тваёй. Калі табе будзе прададзены брат твой, гебрай або гебрайка, і будзе служыць табе шэсць гадоў, то на сёмы год адпусці яго на волю. І не дапусці, каб той, каму ты даеш свабоду, пайшоў з пустымі рукамі. Але дай яму на дарогу штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой. Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Егіпецкай, і вызваліў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта. А ён, можа, скажа: “Я не хачу адыходзіць”, таму што любіць цябе, і дом твой, і добра сябе адчувае ў цябе. Тады вазьмі шыла і пракалі вуха яму пры дзвярах дома твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і з нявольніцай. Хай не будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго на волю, бо ён адслужыў табе на працягу шасці гадоў столькі ж, колькі ты заплаціў бы найміту, і дабраславіць цябе Госпад, Бог твой, ва ўсіх справах, якія ты робіш. Першародных мужчынскага роду, якія родзяцца ў кароў і авечак тваіх, маеш пасвяціць Госпаду, Богу твайму, не карыстайся ў працы першародным валом і не стрыжы першароднага з авечак. Штогод перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, будзеш спажываць іх ты і сям’я твая. Калі б мела яно якую загану, было кульгавае або сляпое, ці з іншай якой спракудай або немаччу, не складай такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму, а ў брамах тваіх спажывай яго. Чысты і нячысты чалавек можа есці іх, як сарну або аленя. Толькі крыві іх не еж, але, як ваду, вылівай на зямлю.
Беражы месяц Абіб, каб учыняць Пасху Госпаду, Богу твайму, бо ў гэтым месяцы Абіб вывеў цябе Госпад, Бог твой, з Егіпта ноччу. І складзі ахвяру пасхальную Госпаду, Богу твайму, з авечак і бычкоў у месцы, якое сам Госпад, Бог твой, выбера, каб было там імя Яго. Не еж з ёю хлеба квашанага. Сем дзён еж з гэтымі ахвярамі хлеб бедавання без закваскі, бо паспешна выйшаў ты з Егіпта, каб ты памятаў пра дзень выхаду твайго з Егіпта ўсе дні жыцця свайго. Не павінна быць нічога кваснага ва ўсіх межах тваіх на працягу сямі дзён; з мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, нічога не павінна застацца да раніцы ў першы дзень. Не можаш ты складаць ахвяру Пасхі ў якім-колечы з гарадоў сваіх, якія мае даць табе Госпад, Бог твой, але толькі ў тым месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, складзеш ахвяру Пасхі вечарам пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Егіпта. Спячы і з’еж на тым месцы, якое выбера Госпад, Бог твой; на ранку ўстань і вярніся ў палаткі свае. Шэсць дзён еж праснакі і на сёмы дзень таксама, бо ён усталяваны для Госпада, Бога твайго, і не працуй. Адлічы сабе сем поўных тыдняў ад дня таго, калі ўзнясеш серп над жнівом, і ўшаноўвай свята тыдняў для Госпада, Бога твайго, дабрачыннай ахвярай з рукі тваёй, якую складаеш паводле дабраславення Госпада, Бога твайго. І святкуй перад Госпадам, Богам тваім, і ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач твой і паслугачка твая, і левіт, той, што ў брамах тваіх, прыбылец, і сірата, і ўдава, якая прабывае з табой у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, каб там было імя Яго; і прыпомні сабе, што ты быў нявольнікам у Егіпце, таму зберагай і чыні тое, што загадана табе. Святкуй свята палатак сем дзён пасля таго, як збярэш плён твой з току і з тоўчні. У гэта свята будзеш святкаваць ты, і сын твой, і дачка, паслугач твой і паслугачка, таксама левіт і чужынец, сірата і ўдава, якія жывуць у брамах тваіх. Сем дзён адзначай святы Госпаду, Богу твайму, у месцы, якое выбера Госпад; бо дабраслаўляць цябе будзе Госпад, Бог твой, ва ўсім плёне тваім і ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасці. Тры разы ў год хай пакажацца кожны з мужчын тваіх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбера: на свята праснакоў, на свята тыдняў і на свята палатак. І ніхто хай не пакажацца перад абліччам Госпада з пустымі рукамі, але кожны хай ахвяруе паводле таго, што будзе мець, паводле дабраславення Госпада, Бога твайго, якое Ён табе дасць. Ва ўсіх брамах тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, устанаві суддзяў і загадчыкаў на працах на ўсе пакаленні, каб судзілі людзей справядлівым судом. Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, якія засляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы справядлівых. За справядлівасцю, за справядлівасцю ідзі следам, каб жыў ты і валодаў зямлёю, якую Госпад, Бог твой, дасць табе. Не садзі сабе гаёў з якіх-колечы дрэў каля ахвярніка Госпада, Бога твайго, які збудуеш сабе. Не стаў слупа, бо гэта ненавідзіць Госпад, Бог твой.
Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, на якіх ёсць пляма або якая-небудзь загана, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой. Калі знойдуцца ў асяроддзі тваім, унутры адной з брам тваіх, якія дасць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, якія зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і пераступяць запавет Яго, і пойдуць служыць чужым багам, і будуць пакланяцца ім, ці сонцу, ці месяцу, ці ўсяму войску нябеснаму, чаго я не загадаў, і аб гэтым паведамяць табе, то выслухай і старанна даследуй справу, і калі выявіш, што гэта праўда, што такая брыдота здарылася ў Ізраэлі, завядзі таго мужчыну або жанчыну, якія дапусціліся гэтай надзвычай злачыннай справы, да брамы горада твайго і ўкамянуй. Паводле слоў двух або трох сведкаў хай загіне той, хто мае быць забіты; ніхто не можа быць пакараны смерцю па словах аднаго сведкі. Рука сведкаў будзе першай, каб забіць яго, а потым хай уздымецца рука ўсяго народа, каб ты выдаліў ліха з асяроддзя твайго. Калі ўнутры брам тваіх ты ўбачыш, што ў судовых справах цяжка адназначна рассудзіць паміж крывёю і крывёю, спрэчкай і спрэчкай, бойкай і бойкай, то ўстань і ідзі на месца, якое выбера Госпад, Бог твой, і прыйдзі да святароў з роду левіцкага і да суддзі, які будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і спытайся ў іх, і яны скажуць табе рашэнне наконт прысуду. І зрабі, як яны скажуць табе з месца, якое выбраў Госпад, і будзь пільны, каб выканаць так, як яны навучаць цябе паводле загаду, які яны загадаюць, і паводле рашэння, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані ўправа, ані ўлева. Хто з пыхлівасці не хацеў бы паслухаць волі святара, які ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэння суддзі, — будзе пакараны смерцю той чалавек, каб ты выдаліў ліха з Ізраэля. А ўвесь народ, чуючы гэта, хай баіцца, каб ніхто больш не раздуваўся ад пыхі. Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою цара, як маюць усе народы вакол нас”, таго толькі паставіш над сабой царом, каго Госпад, Бог твой, выбера пасярод братоў тваіх. Не зможаш ты зрабіць царом чалавека другога народа, які не ёсць тваім братам. Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Егіпет, каб павялічыць колькасць коней, тым больш што Госпад загадаў вам, каб ніколі больш гэтаю дарогаю не вярталіся. Хай не будзе ён мець мноства жонак, каб не адхілялася сэрца яго, ды вялікай колькасці срэбра і золата. Калі сядзе ён на пасадзе царства свайго, няхай спіша сабе са скрутка асобнік гэтага закону, узяўшы яго ў святароў з пакалення левіцкага, і мае яго пры сабе і чытае яго праз усе дні жыцця свайго, каб навучыўся шанаваць Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага закону і гэтыя прыказанні, ды тое, што загадана ў законе. Хай не ўздымаецца сэрца яго да пыхі над братамі сваімі, хай не ўхіляецца ён ад загадаў ані ўправа, ані ўлева, каб доўга цараваў сам і дзеці яго пасярод Ізраэля.
Святары левіты, усё пакаленне Леві, хай не маюць ані часткі, ані ўласнасці ў Ізраэлю. Хай харчуюцца з ахвяр, паленых на ўшанаванне Госпада і спадчыны Яго. Не атрымаюць яны нічога з уласнасці братоў сваіх: Сам Госпад — уласнасць іх, як Ён гэта сказаў ім. Вось што хай належыць па праву святару з таго, што народ складае ў ахвяру: якія складаюць у ахвяру вала або авечку, хай дадуць святару лапатку, сківіцы і страўнік, пяршыні збожжа свайго, віна і алею, а таксама воўны ад стрыжкі авечак. Бо яго выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленняў тваіх, каб ён стаяў і служыў у імя Госпада, — сам ён і сыны яго, навечна. Калі пакіне левіт адзін з гарадоў усяго Ізраэля, у якім жыве ён як прыхадзень, і захоча пайсці, жадаючы таго месца, якое выбраў Госпад, хай служыць ён у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, якія будуць стаяць там перад Госпадам, хай атрымлівае ён такую ж частку ўтрымання, як і іншыя, за выключэннем таго, што належыць яму ад бацькоўскай спадчыны. Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, сцеражыся, каб не навучыўся брыдотам гэтых народаў. Хай не знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, імкнуўся зведаць лёс або варажыў па рэчах ці па аблоках, хай не будзе чараўніка, ані заклінальніка, ані выклікаючага духаў, ані чарадзея, ані таго, хто запытвае ў памерлых, бо брыдзіцца Госпад усім гэтым, і за злачынствы такога кшталту Ён выганіць іх у час прыходу твайго. Будзь дасканалы і беззаганны перад Госпадам, Богам тваім. Тыя вось народы, зямлёю якіх ты будзеш валодаць, слухаюць варажбітоў і прадказальнікаў; ты ж іначай навучаны Госпадам, Богам тваім. Прарока, як мяне, уздыме табе з народа твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой, Яго слухайце. Як прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сходу, калі казаў ты: “Не буду болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”. І сказаў мне Госпад: “Слушна тое, што яны сказалі. Я пастаўлю ім паміж братоў іх Прарока, падобнага табе, ды ўкладу словы Мае ў Яго вусны, і Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю. Хто ж слоў Маіх, якія будзе прамаўляць Ён у імя Маё, не захоча слухаць, Я пакараю таго. А прарок, разбэшчаны пыхаю, які захоча гаварыць у імя Маё тое, чаго Я не загадаў, каб ён гаварыў, або ў імя чужых багоў, будзе забіты. А калі ты падумаеш у маўклівым разважанні: “Як я магу пазнаць слова, якога Госпад не гаварыў?”, — гэтакі будзеш мець знак: калі прарок той прадказаў штосьці ў імя Госпада і гэта не споўнілася, значыцца, Госпад гэтага не казаў, але прарок казаў гэта праз пыхлівасць душы сваёй, таму не бойся яго.
Калі Госпад, Бог твой, знішчыць народы, зямлю якіх мае перадаць табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах яе, тады выдзелі сабе тры гарады пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб хтосьці з блізкіх, які стаў выгнаннікам праз забойства, меў куды адысці. Такі хай будзе закон для забойцы-ўцекача, якога жыццё мае быць захавана: калі ён забіў блізкага без намеру і калі прадставіў доказы, што ані ўчора, ані заўчора не меў супраць яго ніякай нянавісці, але проста пайшоў з ім у лес секчы дрэвы і пры сячэнні дрэў сякера выпала з рук і жалеза, саскочыўшы з тапарышча, ударыла і забіла яго сябра, — тады хай ён уцякае ў адзін з вышэй згаданых гарадоў і жыве, каб мсцівец за кроў у гарачнасці сэрца не пагнаўся і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, ды каб не памёр той, хто не вінаваты ў смерці, бо даказана, што не меў ён раней аніякай нянавісці да таго, які быў забіты. Ні ўчора, ні трэцяга дня. Таму я загадваю табе, каб ты выдзеліў тры гарады на аднолькавай адлегласці паміж сабою, калі Госпад, Бог Твой, пашырыць межы твае, як прысягнуў тваім бацькам, ды аддасць табе ўсю зямлю, якую паабяцаў ім, калі ты будзеш пільнавацца кожнага гэтага прыказання і выконваць тое, што я табе сёння загадваю, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў увесь час дарогамі Яго, — тады дадасі сабе тры іншыя гарады і падвоіш колькасць вышэй згаданых гарадоў, каб не праліваць нявіннай крыві пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, каб не было на табе віны крыві. Калі аднак хтосьці з нянавісці да свайго блізкага цікаваў на яго жыццё, паўстаў супраць яго, забіў яго, і той памёр, і ўцячэ ён у адзін з вышэй названых гарадоў, то старэйшыны гэтага горада пашлюць па яго, забяруць яго з месца сховішча і аддадуць у рукі мсціўцы за кроў, і ён памрэ. Не шкадуй яго і змый кроў нявінную з Ізраэля, каб добра табе было. Не парушай межаў блізкага твайго, якія вызначылі папярэднікі ва ўладанні тваім, якое атрымаеш ты ў зямлі, што дасць табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой. Недастаткова будзе аднаго сведкі супраць каго-небудзь, якім бы ні быў яго грэх або яго злачынства; але дастаткова будзе любога слова з вуснаў двух або трох сведкаў. Калі выступіць сведка лжывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве, то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад абліччам святароў і суддзяў, што будуць у тыя дні. Калі суддзі, надзвычай уважліва праверыўшы, выявяць, што лжывы сведка сказаў няпраўду супраць брата свайго, то хай яны зробяць яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму; і так вынішчыш зло з асяроддзя свайго, каб другія, пачуўшы, баяліся і ніколі больш у асяроддзі тваім такіх рэчаў не адважваліся рабіць. Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу патрабуй.
Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што і коней, і калясніц, і людзей у варожым войску болей, чым у цябе, не бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай. «Перад пачаткам бою хай выступіць святар перад войскам і прамовіць да народа так: “Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёння супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца ваша, не саступайце і не палохайцеся іх, бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі і будзе ваяваць за вас з ворагамі вашымі, каб выратаваць вас з небяспекі”. Таксама і кіраўнікі, калі войска выслухае, няхай звернуцца да кожнага атрада: “Ці ёсць тут чалавек, які пабудаваў новы дом і не пасвяціў яго? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не згінуў у баі і хто іншы яго пасвяціў. Ці ёсць чалавек, які насадзіў вінаграднік і яшчэ не сабраў ураджаю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а другі чалавек не сабраў вінаград. Ці ёсць чалавек, які заручыўся з жонкаю, але не пабраўся з ёю? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб часам не загінуў у баі, а хто іншы не пабраўся б з ёю”. Сказаўшы гэта, хай дададуць яны апошняе і скажуць народу: “Хто чалавек баязлівы і чыё сэрца дрыжыць? Хай пойдзе і вернецца ў дом свой, каб не рабіў баязлівымі сэрцы братоў сваіх, як і сам ён ахоплены страхам”. Як толькі кіраўнікі скончаць прамаўляць да народа, тады трэба паставіць правадыроў войска на чале народа. Калі ты падыдзеш пад горад, каб яго заваяваць, перш прапануй яму супакой. Калі ён прыме прапанову і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсць, служыць табе, плацячы даніну. А калі ён не захоча заключыць дамову з табою і пачне супраць цябе вайну, то штурмуй яго. І калі Госпад, Бог твой, аддасць яго ў рукі твае, пазабівай усіх, хто ў ім мужчынскага роду, вастрыём меча, за выключэннем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў горадзе знаходзіцца. Усю здабычу гэтую забяры сабе і спажывай здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой. Так зрабі з усімі гарадамі, якія ад цябе вельмі далёка, якія не ёсць гарадамі гэтых народаў, якія ты маеш атрымаць ва ўласнасць. Толькі з тых гарадоў, якія будуць дадзены табе, нікога наогул не пакінеш ты жывым, але заб’еш мечам хетэяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія яны рабілі багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам вашым. Калі доўгі час будзеш рабіць аблогу горада і акружыш яго ўмацаваннямі, каб заваяваць яго, не ссякай дрэў яго, з якіх можаш жывіцца, плады яго можаш есці, а яго самога не ссякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць? Калі ж якое дрэва не надаецца на ежу, ссячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш горада, які з табой ваюе».
Калі ў зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага і вінаваты ў забойстве будзе невядомы, то хай выйдуць старэйшыя родам і суддзі твае і адмераюць адлегласць ад месца трупа да кожнага з навакольных гарадоў. І калі вызначаць, які бліжэй за астатнія, то старэйшыя родам з горада возьмуць цялушку, якая яшчэ не насіла ярма і не рассякала зямлю лемяшом, і хай прывядуць яе старэйшыя да ракі невысыхаючай, дзе месца неаранае і неабсеянае, і зломяць каля яго карак цялушцы; і тады прыйдуць святары, сыны Леві, якіх выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Яго, і па іх слове павінна разбірацца кожная спрэчная справа і кожнае забойства. І ўсе старэйшыя родам з гэтага горада, якія знаходзяцца паблізу забітага, няхай памыюць рукі свае над цялушкай, якая была забіта каля ракі, і няхай скажуць яны: «Нашы рукі не вылілі гэтай крыві і вочы нашы не бачылі. Міласцівы будзь да народа Свайго, Ізраэля, які адкупіў Ты, Госпадзе, і не залічы крыві нявіннай пасярод народа твайго, Ізраэля». І адпушчана хай будзе ім адказнасць за кроў. Павінен ты змываць у сябе кроў бязвіннага, калі хочаш рабіць тое, што ёсць справядлівым у вачах Госпада. Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх і аддасць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных, і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш узяць яе за жонку, то ўвядзі яе ў дом свой. Хай яна паголіць галаву сваю і абрэжа пазногці, і скіне з сябе адзенне палоннай, і, седзячы ў доме тваім, будзе адзін месяц аплакваць бацьку і маці сваю. Потым увойдзеш да яе, і злучышся з ёю, і будзе яна жонкай тваёй. Калі ж пазней стане яна не па душы табе, адпусці яе, куды захоча; не прадасі яе за срэбра і не ўчыніш з ёй як з нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе насуперак. Калі які муж будзе мець дзвюх жонак, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай, то, калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сынамі сваімі, не можа сына любімай зрабіць першародным і аддаць [яму] перавагу перад сынам нелюбімай, але сына нелюбімай хай прызнае першародным і дасць яму з усяго, што мае, падвоеную частку, бо ён ёсць пачатак сілы яго і яму належыць права першародства. Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які не слухаў бы волі бацькі і маці і, нават караны, занядбаў бы паслухмянасць, дык хай возьмуць яго і прывядуць да старэйшых горада свайго і да брамы судовай і скажуць ім: «Сын наш гэты ўпорысты і непаслухмяны, не хоча ён слухаць нашых напамінаў, аддаецца гулянкам, распусце і п’янству». Тады мужчыны горада няхай укамянуюць яго да смерці, каб вынішчыць зло з асяроддзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца. Калі хто дапусціцца злачынства, якое варта пакарання смерцю, то, каб вынішчыць, ты павесіш яго на шыбеніцы, дык труп яго хай не застаецца на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой.
Калі ўбачыш вала або авечку брата свайго, якія заблукалі, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму. Калі ж брат твой не блізка ад цябе або калі яго не ведаеш, завядзі ў дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой і тады аддасі іх яму. Так зрабі з яго аслом, з плашчом і з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго: калі знойдзеш яе, не замоўчвай. Калі ўбачыш, што асёл або вол брата твайго ўпаў на дарозе, не хавайся, але падымай разам з ім. Хай не апранаецца жанчына ў мужчынскае адзенне, а мужчына хай не ўжывае адзення жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэта робіць. Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі. Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае. Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім кругом агароджу, каб не навесці крыві на дом свой, калі хто-небудзь зваліцца з яго. Не засявай вінаградніку свайго другім насеннем, каб не зрабіць табе заклятым і збор насення, якое ты пасееш, і плады вінаградніку свайго. Не ары на вале і асле разам. Не апранай адзення, сатканага з воўны і лёну разам. Зрабі сабе фрэнзлі на чатырох рагах плашча твайго, якім акрываешся. «Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым узненавідзіць яе, і пачне намаўляць на яе, і зняславіць яе, кажучы: “Узяў я яе за жонку, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”, тады бацька і маці яе хай занясуць знакі дзявоцтва яе да старэйшых з горада, якія сядзяць у браме, і бацька хай скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе ўзненавідзеў і знеслаўляе яе імя тым, што кажа: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, — і раскладзе адзенне перад старэйшымі з горада. Тады старэйшыя з таго горада хай возьмуць мужчыну і пакараюць яго, і накладуць на яго пакаранне ў сто сікляў срэбра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна хай застаецца яго жонкай і не зможа ён кінуць яе ва ўсе дні жыцця свайго. Але калі тое, у чым ён абвінавачвае, акажацца праўдай, калі не пацверджана дзявоцтва ў дзяўчыны, то завядуць яе да дзвярэй дома бацькі яе і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго». Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца; і ты вынішчыш ліха з Ізраэля. Калі хто-небудзь спаткае ў горадзе маладую дзяўчыну, заручаную мужу, і ляжа з ёю, то абаіх прывядзіце да брамы горада таго і ўкамянуйце да смерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку блізкага свайго, і так вынішчыш зло паміж сябе. Калі, аднак, мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і, схапіўшы, лёг з ёю, хай ён адзін памрэ, а дзяўчыне хай нічога не будзе, няма на ёй смяротнай віны, бо падобна, як чалавек паўстае супраць брата свайго і забівае яго, тое ж і дзяўчына пацярпела: яна адна была на полі, і крычала заручаная дзяўчына, але не было нікога, хто б дапамог ёй. Калі б мужчына напаткаў цнатлівую дзяўчыну, не заручаную, схапіў яе і лёг з ёю, і справа дайшла б да суда, той мужчына, які лёг з ёю, хай дасць бацьку дзяўчыны пяцьдзесят сікляў срэбра і возьме яе за жонку, таму што ён згвалтаваў яе, і не будзе ў яго магчымасці кінуць яе ва ўсе дні жыцця яго. Не павінен браць мужчына жонкі бацькі свайго і адкрываць [покрыва] яго.
Не павінен еўнух з патрушчанымі або адсечанымі яечкамі або адрэзаным членам уваходзіць у супольнасць Госпадаву. Не павінен уваходзіць байструк у супольнасць Госпадаву, нават у дзесятым пакаленні. Не павінны ўваходзіць аманіцяне і маабцы ў супольнасць Госпада навекі, нават у дзесятым пакаленні; не ўвойдзе ён у супольнасць Госпада навекі, таму што не захацелі яны выйсці вам насустрач з хлебам і вадой, калі вы ішлі з Егіпта, ды набылі супраць цябе Балаама, сына Бэора, з Пэтора ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў. Але Госпад, Бог твой, не захацеў слухаць Балаама, і замяніў праклён адносна цябе на дабраславенне, бо Ён узлюбіў цябе. Не ўчыняй з імі міру і не жадай ім дабра ва ўсе дні жыцця свайго навекі. Не мусіш брыдзіцца эдомцам, бо ён — твой брат, ані егіпцянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго: тыя, што нарадзіліся ад іх у трэцім пакаленні, могуць увайсці ў супольнасць Госпадаву. Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сцеражыся ўсякай ліхой рэчы. Калі знойдзецца ў цябе чалавек, які паганіцца ў час начнога сну, дык хай выйдзе ён з лагера і не вернецца, перш, чым не памыецца да вечара вадою, а пры захадзе сонца хай вернецца ў лагер. Завядзі месца па-за лагерам, у якое хадзі па патрэбе, несучы кіёчак за поясам, і, калі выйдзеш вонкі, выкапай ямку і, схінуўшы нячыстасць, закапай. Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод лагера твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць іх табе; хай лагер твой будзе святы, і хай не ўбачыць Ён аніякай нячыстасці ў ім і не пакіне цябе. Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк, гаспадару яго. Хай ён жыве з табою пасярод цябе, у месцы, якое ён выбера ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаецца яму, і ты не засмучай яго. Хай не будзе распусніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусніка сярод сыноў Ізраэля. Не складай у ахвяру заробку распусніцы або платы распусніка ў доме Госпада, Бога твайго, чым бы ты ні прысягаў, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім. Не давай пазыкі пад працэнты брату свайму ані грашамі, ані харчаваннем, ані іншымі якімі рэчамі, але давай чужому. Брату ж дай без працэнтаў тое, у чым ён мае патрэбу, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю на зямлі, у якую ўвайшоў ты, каб валодаць. Калі складзеш прысягу Госпаду, Богу твайму, не марудзь выканаць яе, бо Госпад, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і залічыцца гэта табе за грэх. Калі ўстрымаешся ад абяцання, будзеш без граху. А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў. Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага свайго, еж вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой. І калі ўвойдзеш на ніву блізкага свайго, зрывай каласы рукою, а сярпом не жні.
Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна не знойдзе ласкі ў вачах яго дзеля нейкай брыдкасці, напіша ён ёй пасведчанне разводнае, падасць у рукі яе і выправіць яе з дому свайго; і калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага, а той таксама зненавідзіць яе, і дасць ёй пасведчанне аб разводзе, і адашле з дому свайго, або калі ён памрэ, то першы яе муж не можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б брыдотай перад Госпадам. Дык не ўчыняй граху зямлі тваёй, якую табе дае ва ўладанне Госпад, Бог твой. Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадскі, але хай застанецца ён свабодны ў доме сваім, каб адзін год цешыцца з жонкаю сваёй. Не бяры ў заклад жоран або верхні камень млыновы, бо бралася б гэтым само жыццё ў заклад. Калі будзе схоплены чалавек, які выкраў аднаго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай ён будзе забіты. Так вынішчыш зло пасярод сябе. Калі напаткаеш пляму праказы, захоўвай пільна тое, чаму вучаць вас святары з роду левітаў; што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна. Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Егіпта. Калі блізкаму свайму дасі якую рэч у пазыку, не ўваходзь у дом яго, каб узяць што ў заклад, але пастой на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець. Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад, але зараз жа аддай яму да захаду сонца, каб спаў ён у адзенні сваім і дабраслаўляў цябе і каб меў ты справядлівасць перад абліччам Госпада, Бога твайго. Не адмаўляй у плаце незаможнаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прышэльцаў, якія жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх, але ў той самы дзень аддай яму плату за працу яго перад захадам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыццё яго, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх. Хай не будуць забіваныя бацькі за сыноў і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх. Не судзі крывадушна чужынца і сірату, і ад удавы не бяры адзення ў заклад. Памятай, што ты быў нявольнікам у Егіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю, каб ты рабіў гэта. Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і, забыўшыся, пакінеш сноп на полі, не вяртайся забраць яго, але дазволь забраць яго чужынцу, сіраце ды ўдаве, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае. Калі будзеш збіраць аліўкі і застанецца некалькі на дрэве, не вяртайся забраць іх, але пакінь іх для чужынца, сіраты ды ўдавы. Калі будзеш збіраць вінаград, не збірай гронак, якія засталіся, але хай будуць яны на спажытак для чужынца, сіраты і ўдавы. Памятай, што і ты быў нявольнікам у Егіпце, таму я загадваю, каб ты рабіў гэта.
Калі ўзнікне звадка паміж людзьмі, то хай суддзі вырашаць, і каго прызнаюць сумленным, таго хай апраўдаюць, каго ж несумленным, хай пакараюць за злачынства. Калі вось суддзя таго, хто зграшыў, прызнае вартым пакарання, дык хай паваліць і загадае бічаваць у сваёй прысутнасці; колькасць удараў хай адпавядае памерам праступка, але так, каб колькасць не перавышала сарака, каб брат твой на вачах тваіх не быў занадта збіты шматлікім бічаваннем і каб не быў ганебна скалечаны. Не завязвай пысы валу, які малоціць на таку твой ураджай. Калі браты будуць жыць сумесна і адзін з іх памрэ без сына, то хай не выйдзе жонка памерлага замуж за каго іншага, але брат яго хай возьме яе за жонку і адновіць нашчадкаў брату свайму. І першароднаму сыну, якога народзіць яна, дадуць імя таго, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі. Калі ж ён не захоча ўзяць жонку брата свайго, якая належыць яму па законе, хай жанчына пойдзе да брамы горада, і паскардзіцца старэйшынам роду, і скажа: «Брат мужа майго адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлі і ўзяць мяне за жонку», і тады адразу хай яны загадаюць яму прыйсці і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: «Не хачу яе браць за жонку», дык тады жанчына тая хай падыдзе да яго на вачах старэйшын, ды здыме яму сандалю з нагі, і плюне яму ў твар, і скажа: «Так бывае з чалавекам, які не будуе дому брата свайго». І будзе названа імя яго ў Ізраэлі: «Дом разутага». Калі мужчыны будуць мець звадку паміж сабою і калі адзін пачне шумна спрачацца з другім, а жонка аднаго з іх, хочучы вырваць мужа свайго з рук мацнейшага, выцягне руку і схопіць яго за сорам яго, адрэж руку яе і не май да яе аніякай літасці. Не май у мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых. Хай не будзе ў доме тваім эфы большай і меншай. Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая, і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой. Бо брыдзіцца Госпад твой кожным, хто так робіць, і выракаецца кожнага несправядлівага. Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выходзіў ты з Егіпта. Заступіў ён табе дарогу і пабіў усіх тых, якія ішлі апошнімі ў натоўпе тваім, бо затрымаліся ў знямозе, а ты быў знясілены голадам і цяжарам, і не пабаяўся ён Бога. Дык калі Госпад, Бог твой, дасць табе супакой ад усіх навокал ворагаў тваіх у зямлі, якую мае даць табе, ты сатрэш імя Амалека з-пад неба. Глядзі, не забудзься.
Калі ўвойдзеш у зямлю, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, і завалодаеш ёю і абжывешся ў ёй, вазьмі пяршыні з усіх пладоў на полі, якія збярэш з зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ды пакладзі іх у кошык і ідзі на месца, якое Госпад, Бог твой, абярэ, каб прабывала там імя Яго, і прыйдзі да святара, які будзе ў тыя дні, і скажы яму: «Абвяшчаю сёння перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якою Госпад прысягнуў бацькам нашым, што дасць Ён яе нам». І хай возьме святар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярніку Госпада, Бога твайго, а ты скажы перад абліччам Госпада, Бога твайго: «Бацька мой быў вандроўны арамеец, прыйшоў аж у Егіпет і качаваў там у невялікай колькасці, а разросся ў народ вялікі, дужы ды незлічона шматлікі. І прыгняталі нас егіпцяне і пераследавалі нас, накладаючы найцяжэйшыя работы. Дык мы ўсклікалі да Госпада, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэнне наша, і работу, і прыцясненне. І вывеў нас Госпад з Егіпта рукою магутнаю і плячом узнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў. І прывёў у гэтае месца, і даў нам гэтую зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Вось таму прынёс я пяршыні пладоў зямлі, якую Ты даў мне, Госпадзе». І пакладзі іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, і пакланіся Госпаду, Богу твайму. І будзеш цешыцца ва ўсіх даброццях, якія даў Госпад, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і левіт, і чужынец, які пры табе. Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш усе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх левіту, і чужынцу, і сіраце, і ўдаве, каб елі ў брамах тваіх і насычаліся ўдосталь, тады скажаш перад абліччам Госпада, Бога твайго: «Узяў я з дому свайго тое, што было пасвечана, і даў тое левіту, і чужынцу, і сіраце, і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю. Не спажываў я іх у жалобе сваёй, не ўзяў нічога з іх, што было нячыстым у чымсьці, не аддзяляў з іх нічога для памерлага, я слухаў голас Госпада, Бога майго, і зрабіў усё, што загадаў Ты мне. Дык глянь са святога прыстанку Свайго, з неба, і дабраславі народ твой, Ізраэля, і зямлю, якую Ты даў нам, як прысягнуў бацькам нашым, зямлю, што ацякае малаком і мёдам». Сёння загадвае табе Госпад, Бог твой, каб ты спаўняў прыказанні гэтыя, а таксама законы, і пільнаваўся гэтага, і выконваў іх усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй. Выбраў ты сёння Госпада, каб быў Ён табе Богам і каб ты хадзіў дарогамі Яго і трымаўся Яго пастаноў і прыказанняў, і закону ды быў паслухмяным волі Яго. І Госпад выбраў цябе сёння, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён сказаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказанні Яго. І тады ўчыніць Ён цябе вышэйшым за іншыя народы, якія Ён паклікаў да жыцця, каб быў ты народам святым Госпада, Бога твайго, як Ён сказаў.
Загадаў вось Майсей разам са старэйшынамі Ізраэля народу, кажучы: «Захавайце ўсякі загад, які я вам сёння загадваю. Калі пяройдзеш праз Ярдан у зямлю, якую табе дасць Госпад, Бог твой, пастаў велізарныя камяні і абмаж іх вапнай, каб мог напісаць на іх усе словы гэтага закону, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсці ў зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх. Дык калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя камяні, як я вам сёння загадваю, на гары Гэбал, і абмажце іх вапнай. І пабудуй там ахвярнік Госпаду, Богу твайму, з камянёў, якіх не кранула жалеза, з камянёў нячэсаных, і складзі на ім ахвяру цэласпалення Госпаду, Богу твайму. І складзі ахвяры прымірэння, і еж там і весяліся перад абліччам Госпада, Бога твайго; ды напішы на камянях усе словы закону гэтага выразна і ясна». Потым Майсей і святары левіты народа прамовілі да ўсяго Ізраэля: «Слухай уважліва, Ізраэль: у дзень сённяшні стаўся ты народам Госпада, Бога твайго. Слухай голас Яго і спаўняй прыказанні і загады Яго, якія я загадваю табе». У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы: «Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраславіць народ, вось гэтыя: Сімяон, Леві, Юда, Ісахар, Язэп і Бэньямін. На гары ж Гэбал, згодна абраду, для праклёну будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, і Асэр, і Забулон, Дан і Нэфталі. І пачнуць абвяшчаць левіты і загамоняць гучным голасам да ўсіх мужоў Ізраэля: “Пракляты чалавек, які робіць статую або літога ідала, брыдоту перад Госпадам, твор рук рамесніка, і паставіць яго ў месцы схаваным!” І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маці”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто перасоўвае межы блізкага свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто несправядліва судзіць чужынца, сірату і ўдаву”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто падманвае сляпога ў дарозе”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто спіць з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча яго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто спіць з любой жывёлай”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто спіць з сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маці сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто спіць з цешчай сваёй”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто тайна заб’е блізкага свайго”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную”. І ўвесь народ скажа: “Амін”. “Пракляты той, хто не трымаецца слоў гэтага закону і не спаўняе іх у справе”. І ўвесь народ скажа: “Амін”.
Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб спаўняць і берагчы ўсе загады Яго, якія я загадваю табе сёння, то Госпад, Бог твой, зробіць цябе вышэйшым за ўсе народы, якія пражываюць на зямлі, і сыдуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенні, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго. Дабраславёны ты ў горадзе і дабраславёны ў полі. Дабраславёны плод улоння твайго, і плод зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх, і прырост авечак тваіх. Дабраславёны кош твой і жорны твае. Дабраславёны ты пры ўваходзе і дабраславёны пры выхадзе. Дасць Госпад, што ворагі твае, якія паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя перад абліччам тваім. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямю шляхамі ўцякуць ад аблічча твайго. Спашле Госпад дабраславенне на свірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраслаўляць цябе зямля, якую дасць табе Госпад, Бог твой. І паставіць цябе Госпад перад Сабою як народ святы, як прысягнуў табе, калі будзеш берагчы прыказанні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Яго. І ўбачаць усе народы земляў, што імя Госпада прызывана на табе, і будуць баяцца цябе. І дасць табе Госпад дастатак ва ўсіх даброццях; і плод улонню твайму, і прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, што дасць табе. Адкрые табе Госпад скарб Свой найдаражэйшы, неба, каб даць у свой час дажджы зямлі тваёй і дабраславіць усе справы рук тваіх; і будзеш ты пазычаць многім народам, а сам ні ад каго не возьмеш пазыкі. І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды наверсе, а не ўнізе, калі будзеш слухаць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія сёння я загадваю табе, а ты захоўвай і спаўняй, і не адступай ад слоў, якія я загадваю вам сёння, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім. А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, каб берагчы і выконваць усе прыказанні Яго і загады, якія я сёння загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і апануюць цябе. Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі. Пракляты кош твой і жорны твае. Пракляты плод улоння твайго, і плён зямлі тваёй, і прыплод жывёлы тваёй, і прырост авечак тваіх. Пракляты ты пры ўваходзе і пры выхадзе. Пакарае цябе Госпад праклёнам, і трывогай, і няшчасцем ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль не знішчыць цябе і не пагубіць хутка дзеля найгоршых задумак тваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне. Прычэпіць да цябе Госпад пошасць, пакуль не выкараніць цябе з зямлі, у якую ты ўвойдзеш, каб атрымаць ва ўласнасць. Дакранецца да цябе Госпад сухотамі і гарачкаю, трасцай, спякотаю, засухаю, палючым ветрам, іржою, і яны будуць пераследаваць цябе, пакуль ты не загінеш. І неба, якое над галавой тваёй, зробіцца медным, а зямля, па якой крочыш, — жалезнай. Зменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а з неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ты не будзеш знішчаны. І аддасць цябе Госпад на паразу перад ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісці на іх, а сямю дарогамі будзеце вы ўцякаць, і станеш ты страхоццем для ўсіх царстваў зямлі. Труп твой будзе пажываю ўсім птушкам нябесным і звярам зямным, і ніхто не будзе адганяць іх. Дакранецца да цябе Госпад праказай егіпецкай і балячкамі, а таксама каростаю і скуламі, і не зможаш вылечыць іх. Пакарае цябе Госпад вар’яцтвам, і слепатою, і неспакоем сэрца. У поўдзень будзеш хадзіць навобмацак, як сляпы звычайна навобмацак ходзіць у поцемках, і не выпрастаеш шляхоў сваіх. Увесь час будзеш прыгнечаны і рабаваны, і не будзеш мець таго, хто б вызваліў цябе. Заручышся з жонкай, а другі будзе спаць з ёй. Будзеш будаваць дом, але не будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не збярэш пладоў яго. Вол твой будзе забіты на вачах у цябе, і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны перад абліччам тваім і не вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і не будзе каму дапамагчы табе. Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і не будзе сілы ў руках тваіх. Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю з’есць народ, якога не ведаеш, і будзеш ты заўсёды прыгнечаны і разбіты ва ўсіх днях. І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае. Дакранецца да цябе Госпад балючымі нарывамі на каленях і нагах, і не зможаш вылечыцца ад стопаў ног аж да макушкі тваёй. Цябе і цара твайго, якога паставіш над сабою, завядзе Госпад да народа, якога не ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю, і будзеш страхоццем, і прыказкай, і пасмяяннем для ўсіх народаў, да якіх завядзе цябе Госпад. Насення многа кінеш у зямлю, а збярэш мала, бо саранча паесць усё. Вінаграднікі пасадзіш і будзеш даглядаць, а віна піць не будзеш, ды нічога з іх не збярэш, бо будуць паедзены чарвякамі. Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але не выціснеш алею, бо змарнеюць і прападуць. Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся з іх, бо павядуць іх у няволю. Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паесць саранча. Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над табой і стане вышэйшым, а ты сыдзеш і будзеш нізкім. Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом. І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і будуць цябе пераследаваць і здзекавацца з цябе, пакуль не прападзеш, бо не слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў прыказанняў Яго і загадаў, якія Ён загадаў табе. І будуць яны знакамі і адзнакамі на табе і на нашчадках тваіх навек. За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, з весялосцю і радасцю сэрца дзеля дастатку ва ўсіх рэчах, будзеш служыць ворагу твайму, якога Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у галечы і нястачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карак твой, пакуль не вынішчыць цябе. Навядзе на цябе Госпад народ з далечыні ды з крайніх межаў зямлі на падабенства арла, які ляціць імкліва, мовы якога зразумець ты не зможаш: народ вельмі нахабны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці. І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і плады зямлі тваёй, пакуль ты не загінеш; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыросту авечак, пакуль цябе не знішчыць. І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты ўскладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх брамах тваіх, на ўсёй зямлі тваёй, якую дасць табе Госпад, Бог твой, і будзеш ты есці плод улоння твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якіх даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісне цябе вораг твой. У цябе чалавек чуллівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да пляча яго, і апошніх дзяцей сваіх, якіх ён захаваў, каб не даць ніводнаму з іх целы сыноў сваіх, якіх будзе есці, бо ён не будзе ўжо больш нічога мець у аблозе і бядзе, якімі вораг твой прыцісне цябе ва ўсіх брамах тваіх. Жанчына ў цябе, вельмі чуллівая і далікатная, якая не спрабавала нават пакінуць следу ад нагі на зямлі дзеля надзвычайнай далікатнасці і распешчанасці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа, які туліць яе да пляча свайго, на сына і дачку, і не дасць ім ложышча, якое выйшла з яе жаночага ўлоння, і дзяцей, якія нарадзіліся ў тую гадзіну; бо есці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісне цябе вораг твой у брамах тваіх. Калі не будзеш берагчы і выконваць усіх слоў гэтага закону, якія напісаны ў гэтым скрутку, і не будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго, то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на нашчадкаў тваіх, і плягі цяжкія і доўгатрывалыя, хваробы найцяжэйшыя і невылечныя, і навядзе на цябе ўсе плягі егіпецкія, якіх ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе. І ўсе хваробы і плягі, якія не запісаны ў скрутку гэтага закону, напусціць Госпад на цябе, пакуль цябе не выгубіць. І застанецеся вы ў малой лічбе, вы, што раней былі, як зоркі на небе, у колькасці сваёй, бо не слухаў ты голасу Госпада, Бога твайго. Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і вывяргаючы, каб не стала вас на зямлі, у якую вы ўваходзіце, каб завалодаць. Госпад расцярушыць цябе сярод усіх народаў, ад пачатку зямлі да яе крайніх межаў, і там будзеш ты служыць чужым багам, якіх не ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменям. І не будзеш ты мець супакою сярод гэтых народаў, стапе тваёй нагі не будзе супакою; і дасць там табе Госпад сэрца баязлівае, вочы заплаканыя і душу, апанаваную тугою. Жыццё тваё будзе быццам бы вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і не будзеш упэўнены ў жыцці сваім. Раніцай ты скажаш: “О! Калі б звечарэла!”, а ўвечары: “О! калі б развіднела!” — дзеля страху сэрца свайго, якім будзеш апанаваны, і дзеля ўсяго таго, што ўбачыш сваімі вачамі. І верне Госпад у Егіпет на караблях тою дарогаю, пра якую я сказаў табе, што яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзены ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы, ды не будзе каму купляць».
Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею, каб заключыў з сынамі Ізраэля ў зямлі Мааба, апрача запавету, які заключыў з імі на Гарэбе. І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: «Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Егіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону, і ўсім паслугачам яго, і ўсёй зямлі яго, тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашы, тыя знакі і цуды вялізныя, ды не даў вам Госпад сэрца, што разумее, ды вачэй, якія бачаць, і вушэй, якія маглі б чуць, аж да сённяшняга дня. І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; не сцёрлася адзенне ваша, сандалі на нагах вашых ад старасці не знасіліся. Хлеба вы не елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі што Я — Госпад, Бог ваш. І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сэгон, цар Хесебона, і Ог, цар Басана, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі. І забралі мы іх зямлю, і аддалі яе ва ўласнасць пакаленням Рубэна і Гада і палове пакалення Манасы. Дык беражыце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы поспех ва ўсім, што робіце. Вы стаіце сёння ўсе ў прысутнасці Госпада, Бога вашага; князі вашы, кіраўнікі пакаленняў вашых, старэйшыны вашы, суддзі, таксама кожны ізраэлец, дзеці і жонкі вашы, і чужаземец твой, які з табой прабывае ў лагеры, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, якія чэрпаюць ваду тваю, каб увайшоў ты, прычым пад прысягай, у запавет Госпада, Бога твайго, які сёння Госпад, Бог твой, заключыў з табою, каб зрабіць цябе сёння Сваім народам і каб Ён быў тваім Богам, як сказаў табе і як прысягнуў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу. Не толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацвярджаю гэтай прысягай, але з усімі тут прысутнымі разам з намі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёння тут з намі няма. Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Егіпецкай і як ішлі між народамі, праз якія вы прайшлі. Бачылі вы брыдоты і ідалаў іх, дрэвы і камяні, срэбра і золата, якім яны пакланяліся. Хай не будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакалення, якога сэрца было б сёння адвернута ад Госпада, Бога вашага, каб ісці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, які родзіць атруту і палын. Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, кажучы: “Супакой мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасці сэрца свайго,” — той сцягвае загубу на зямлю як абводненую, так і сухую. Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Яго і лютасць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, якія запісаны ў гэтым скрутку, і вынішчыць Госпад імя яго з-пад неба, і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, што запісаны ў гэтай кнізе закону. Тады будучыя пакаленні, сыны вашы, якія народзяцца пасля вас, і прыхадні, якія прыбудуць здалёк, убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яе Госпад, і скажуць: “Серка, і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што не будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасля загубы Садома і Гаморы, Адамы і Себаіма, якія Госпад знішчыў у гневе Сваім і раз’ятранасці”. Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму такая бязмежная раз’ятранасць гневу?” І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іх, які заключыў Ён з імі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і служылі яны багам чужым, і пакланяліся ім, тым, якіх не ведалі і якія не былі ім прызначаны, таму ўзгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, якія ў гэтым скрутку запісаны. І выгнаў Ён іх з зямлі іх у гневе, раз’ятранасці і абурэнні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта сёння было пацверджана”». Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага закону.
«Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы, дабраславенне і праклён, якія я абвясціў перад абліччам тваім, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, па якіх раскідаў цябе Госпад, Бог твой, і вернешся да Яго, і будзеш слухацца Яго волі ва ўсім, што я сёння табе загадваю, разам з сынамі тваімі, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй, тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю, і пашкадуе цябе, і зноў збярэ цябе з усіх народаў, сярод якіх цябе перад тым расцярушыў. Хоць бы ты быў расцярушаны аж да краёў неба, і нават адтуль сцягне і забярэ цябе Госпад, Бог твой, і ўвядзе ў зямлю, якой валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе, і зробіць Ён цябе шчаслівейшым і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх. Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб мог ты жыць. А ўсе гэтыя праклёны зверне Ён на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і пераследуюць. Ты, вось, навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказанні, якія я загадваю табе сёння; і Госпад, Бог твой, дасць табе вялікі поспех ва ўсіх справах рук тваіх, у пладах улоння твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасці зямлі тваёй, у дастатку ўсіх рэчаў. Бо навернецца Госпад, каб цешыцца з цябе ва ўсіх дабротах, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх, калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Яго і прыказанні, якія запісаны ў гэтым законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй. Загад гэты, які я табе сёння даю, не ёсць па-над табою і не занадта далёкі. Не ў небе ён змешчаны, каб мог ты сказаць: “Хто з нас здолее ўзысці ў неба, каб ён спусціўся да нас, каб маглі мы пачуць і выканаць?” І не за морам ён знаходзіцца, каб ты скардзіўся і гаварыў: “Хто з нас можа пераплысці мора і прынесці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?” Але ж слова блізка каля цябе, яно проста ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць. Глядзі, я прапаную табе сёння перад абліччам тваім жыццё і шчасце, і наадварот — смерць і няшчасце. Калі будзеш выконваць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёння, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго шляхамі, і сцярог Яго загады, і прыказанні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, у якую ідзеш, каб атрымаць яе ва ўласнасць. А калі адвернецца сэрца тваё, і не захочаш слухаць, і, аблудаю зведзены, паклонішся багам чужым і будзеш ім служыць, то я прадказваю вам сёння, што прападзеце і за кароткі час пагінеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, вы ўвойдзеце, каб атрымаць ва ўласнасць. За сведкаў перад вамі клічу сёння неба і зямлю, што прапаную вам жыццё і смерць, дабраславенне і праклён. Дык выбірай жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае, і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, бо Ён жыццё тваё і даўгавечнасць дзён тваіх, каб жыў ты на зямлі, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасць ім яе».
І так адышоў Майсей і прамовіў усе гэтыя словы да ўсяго Ізраэля, і сказаў ім: «Маю ўжо сёння сто дваццаць гадоў. Не магу больш выходзіць і ўваходзіць, хаця нават Госпад сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”. Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён знішчыць гэтыя народы перад абліччам тваім, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад. І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сэгону і Огу, царам амарэяў, і зямлі іх, і знішчыў іх. Калі ж нават іх выдасць Ён вам, зрабіце вы з імі паводле ўсіх прыказанняў, якія я загадаў вам. Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, не бойцеся і не палохайцеся, бачачы іх, бо Госпад, Бог твой, Сам ёсць правадыр твой, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе». Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якою прысягнуў Госпад, што мае даць яе бацькам іх, і ты яе падзеліш па жэрабі. А Госпад, Які ёсць правадыр твой, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык не бойся і не трывожся». І напісаў Майсей закон гэты і перадаў яго святарам, сынам Леві, якія насілі каўчэг запавету Госпада і ўсім старэйшынам Ізраэля. І загадаў ім Майсей, кажучы: «Па сямі гадах, у год адпушчэння, у свята палатак, калі сыдуцца ўсе, хто з Ізраэля, каб з’явіцца перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён абярэ, прачытай словы гэтага закону перад усім Ізраэлем, каб чулі іх; збяры ўвесь народ, мужчын і жанчын, дзяцей і чужынцаў, якія пражываюць у брамах тваіх, каб яны слухалі і вучыліся ды каб баяліся Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага закону. Таксама сыны іх, якія яшчэ не ведаюць, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, ва ўсе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, у якую вы, перайшоўшы Ярдан, выпраўляецеся, каб атрымаць ва ўласнасць». І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, набліжаецца дзень смерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў палатцы сустрэчы, каб Я даў яму даручэнні». Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў палатцы сустрэчы. І Госпад аб’явіўся там у воблачным слупе, які стаяў ля ўваходу ў палатку. І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, ты заснеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб хадзіць распусна за чужымі багамі зямлі, у якую ўвойдзеце; тады пакіне ён Мяне і парушыць запавет, які Я заключыў з ім. І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе гэта на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: “Напэўна, за тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне”. Я, вось, схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі. Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб захавалі яго ў памяці і выконвалі, спяваючы, каб гэтая песня была Мне сведкаю паміж сыноў Ізраэля. Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго, якая ацякае малаком і мёдам. Калі будзе ён есці і стане сыты і тлусты, то павернецца да чужых багоў; і будуць яны служыць ім, а Мною пагардзяць і знішчаць запавет Мой. А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэты гімн будзе сведчыць супраць яго, бо ніякае забыццё не вынішчыць яго з вуснаў нашчадкаў яго. Я бо ведаю думкі яго, што ён робіць сёння, перш, чым увяду яго ў зямлю, якую абяцаў яму». Дык запісаў Майсей гэты гімн у той дзень і навучыў сыноў Ізраэля. А Госпад загадаў Ешуа, сыну Нуна, і сказаў: «Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою». Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага закону ў скрутку, то загадаў левітам, якія насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы: «Вазьміце гэтую кнігу закону і пакладзіце яе побач з каўчэгам запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна там сведкам супраць цябе. Я вось знаю ўпартасць тваю і вельмі цвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па смерці маёй. Збярыце да мяне ўсіх старэйшын пакаленняў вашых, а таксама кіраўнікоў вашых, і скажу я ім словы гэтыя, каб яны пачулі, і паклічу я супраць іх неба і зямлю. Бо я ведаю, што пасля маёй смерці ліхое чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасці, калі дапусціцеся ліхога перад абліччам Госпада, так што разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых». Так прамаўляў Майсей, і слухаў яго ўвесь сход ізраэльскі, і выказаў ён да канца словы гэтага гімна:
«Слухайце нябёсы, што я гавару, і хай чуе зямля словы вуснаў маіх! Хай цячэ, як дождж, навука мая, хай падае, як раса, мова мая, як імжа, хай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю. Бо прызываць я буду імя Госпада, дык дайце вялікую хвалу Богу нашаму! Ён — скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Яго — справядлівасць. Бог верны, і няма ў Ім ніякай няпраўды, Ён справядлівы і праўдзівы. Зграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці ў брыдотах сваіх, пакаленне паганае і ліхое. Чым аддаеце Госпаду, народ дурны і безразважны? Ці ж Ён не Айцец твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцці цябе. Памятай аб днях даўнейшых, разважай пра паасобныя пакаленні; спытайся ў бацькі свайго, і ён скажа табе, старэйшын тваіх, і раскажуць табе. Калі падзяляў Найвышэйшы народы, калі раздзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраэля. Уласнасць Госпада народ Яго. Якуб — удзел спадчыны Яго. Ён знайшоў яго на зямлі бязлюднай у месцы жаху і ляманту пустыннага, абходзіў яго кругом і пільнаваў, і сцярог, як зрэнку вока Свайго. Як арол прынукае лятаць птушанят сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх, так Госпад Сам вадзіў яго, і не было з ім бога чужога. І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей з цвёрдага каменя, масла з кароў і малако з авечак, разам з тлушчам бараноў, і ягнят сыноў Басана, і казлоў, разам з найчысцейшай пшаніцай, і каб піў адборную кроў вінаграду. Насыціўся Ізраэль і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і распаўнелы, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зняважыў скалу збаўлення свайго. І правакавалі яны Яго багамі чужымі, ды брыдотамі прынукалі да гневу. Ахвяры складалі яны дэманам, а не Богу, багам, якіх не ведалі; з’явіліся яны, новыя і невядомыя, якім не пакланяліся бацькі іх. Скалу, якая цябе нарадзіла, пакінуў ты, і забыўся ты на Госпада, Творцу свайго. Убачыў Госпад і абурыўся, бо правакавалі Яго сыны Яго і дочкі. Дык сказаў: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іх, бо пакаленне гэта ліхое і сыны няверныя. Яны Мяне абурылі тым, хто не быў Богам, і раздражнілі марнасцю сваёй; і Я справакую іх тым, хто не ёсць народам, народам дурным раздражню іх. Узгарэўся агонь раз’ятранасці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расліннасцю яе, і спапяліць падваліны гор. Я збяру на іх няшчасці і засыплю іх стрэламі Маімі. Будуць мораны яны голадам, марнаваны трасцаю і лютай пошасцю; і пашлю Я на іх зубы звяроў і атруту змеяў, якія поўзаюць у пыле. На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам з дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам”. Я сказаў: “Знішчу іх і звяду ў людзей памяць пра іх”. Але спыніў гэта дзеля пыхлівасці ворагаў, каб ворагі яго не ўзганарыліся і не казалі: “Рука наша ўзнятая, а не Госпад зрабіў усё гэта!” Народ бо гэта бязрадны і неразважлівы. Ці ж разважаюць яны і ці зразумеюць яны гэта і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю? Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а двое адганяць дзесяць тысяч? Ці няпраўда, што скала іх прадала іх, і Госпад выдаў іх? Бо іх скала не такая, як наша Скала; і ворагі нашы — суддзі у гэтым. Бо вінаград іх ад вінаграднага куста садомскага і з прыгарада гаморскага. Ягады іх — ягады атруты, і гронкі, як палын. Віно іх — атрута змяіная і смяротная атрута гадзючая. Ці ж гэта не схавана ў Мяне і не запячаткавана ў скарбах Маіх? Маім ёсць пакаранне, і я аднагароджу ў час, калі пахіснецца нага іх! Блізка ўжо дзень загубы, і хутка надыходзіць рашэнне лёсу іх». Будзе судзіць Госпад народ Свой, пашкадуе Ён паслугачоў Сваіх; убачыць, што рука іх аслабла і што не стала ні нявольнікаў, ні вольных, і скажа: «Дзе ж багі іх, скала, на якую яны мелі надзею, ад ахвяр якім елі тлушч і пілі віно іх вадкіх ахвяр? Хай падымуцца і дапамогуць вам і хай у бядзе абароняць вас! Паглядзіце цяпер, што Я — адзіны і няма Бога, апрача Мяне; Я магу забіць і магу даць жыццё, Я магу скалечыць і аздаравіць, і няма такога, хто б з Маёй рукі мог вырвацца. Падыму аж да неба руку Маю і скажу: “Я жыву вечна! Калі Я навастру, як маланку, Мой меч і рука Мая выканае прысуд, аддам Я кару ворагам маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, адплачу. Насычу кроўю стрэлы Мае, і меч Мой паглынаць будзе целы, кроў забітых і палонных, галовы варожых правадыроў!” Хваліце, народы, народ Яго, бо адпомсціць Ён за кроў паслугачоў Сваіх, і прызначыць пакаранне для ворагаў Сваіх, і міласцівы будзе да зямлі народа Свайго». Дык пайшоў Майсей з Ешуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы гэтага гімна ў вушы народа. І скончыў Майсей пераказваць усе гэтыя словы, прамаўляючы да ўсяго Ізраэля, і сказаў ім: «Захавайце ў сэрцы вашым усе словы, якія я вам сёння пераказваю, ды загадайце вашым дзецям берагчы і выконваць іх і спаўняць усе словы гэтага закону. Бо слова гэтае не ёсць для вас малаважнае, але гэта жыццё ваша; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю». У той самы дзень сказаў Госпад Майсею: «Узыдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэба, якая ў зямлі Мааба насупраць Ерыхона, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраэля ва ўласнасць. І памры ты на гары, на якую ты ўзыдзеш, і далучыся да народа свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народа свайго. Бо зграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраэля пры водах Мэрыбы каля Кадэса, на пустыні Сін, бо не ўшанавалі святасці Маёй сярод сыноў Ізраэля. Таму толькі здалёк убачыш перад сабою тую зямлю, але ты сам не ўвойдзеш у тую зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля».
Вось гэта дабраславенне, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй смерцю. І ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сіная і з Сэіра з’явіўся ім; з’явіўся з гары Паран і прыбыў у Мэрыбу каля Кадэса, з Яго правіцы агонь палае. Сапраўды, Ён любіць народы, усе святыя Яго ў руцэ Яго, і тыя, якія туляцца да ног Тваіх, слухаюцца навукі Тваёй». Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасці Якуба. І быў выбраны ў Ізраэлі цар на сходзе князёў народа разам з пакаленнямі Ізраэля. «Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам». Гэткае дабраславенне для Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народа свайго. Рукі яго ваяваць будуць за яго, а Ты Успаможца яго будзеш». Пра Леві таксама сказаў: «Твае тумім і урым дай чалавеку святому Твайму, якога выпрабаваў Ты ў Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрыбы. Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: “Не ведаю вас”. І не ведае братоў сваіх, і дзяцей сваіх не ведае. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць. Будуць вучыць яны пастановам Тваім Якуба і закону Твайму Ізраэля; і будуць паліць кадзіла для ноздраў Тваіх і цэласпаленні на ахвярніку Тваім. Дабраславі, Госпадзе, моц яго ды прымі творы рук яго. Стаўчы сцёгны непрыяцелям яго, і тыя, што зненавідзелі яго, хай не падымуцца». Пра Бэньяміна сказаў: «Улюбёны Госпадам будзе пражываць упэўнена з Ім, Узвышні будзе апекавацца над ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго». Пра Язэпа таксама сказаў: «Дабраславёна Госпадам зямля яго: дарамі неба, расою, ды тым, што ў бездані падзямельнай, пладамі сонца і дарамі месяцаў, багаццем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых, пладамі зямлі і багаццем яе. Дабраславенне Таго, Хто аб’явіўся ў кусце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасвячонага пасярод братоў сваіх. Прыгажосць яго — як першароднага быка, і рогі яго — рогі адзінарога, імі забадзе народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасць Эфраіма, і такія тысячы Манасы». Пра Забулона сказаў: «Цешся, Забулон, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх! Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасці. Яны будуць спажываць шчодрасць мора, быццам малако, і багацці, схаваныя ў пяску». Пра Гада вось што сказаў: «Дабраславёны, хто пашырае Гада! Як леў, ён адпачывае, разрывае ён плячо і галаву. І ён бачыць пачаткі для сябе, бо там была змешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народа, і рабіў справядліва перад Госпадам, і прысуды Яго разам з Ізраэлем». Пра Дана гэтак сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае часта з Басана». Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасцю і поўны будзе дабраславенне Госпадавага; завалодае морам і поўднем». Пра Асэра вось што сказаў: «Дабраславёны Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алеі нагу сваю. Жалеза і медзь — засаўкі твае, як дні твае — сіла твая. Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе сваёй па воблаках. Прыбежышча — Бог адвечны, абарона — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: “Знішчы”». Ізраэль будзе жыць бяспечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу. Шчаслівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, зберагаемы Госпадам, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі.
Дык Майсей з раўніны Мааба ўзышоў на гару Нэба, на вяршыню Пісгі насупраць Ерыхона. І паказаў яму Госпад усю зямлю Галаад аж да Дана, і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, ды ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора, Нагэб і абшар раўніны Ерыхона, горада Пальмаў, аж да Сэгора. І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсць тая зямля, якою Я прысягнуў Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе нашчадкам тваім”. Бачыў ты яе вачамі сваімі, але не ўвойдзеш у яе». Там, у зямлі Мааба, з волі Госпада памёр Майсей, паслугач Божы. І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааба насупраць Бэт-Пэгора. І ніхто з людзей не ведае магілы яго па сённяшні дзень. Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцміліся і не змарнела сіла яго. Плакалі па ім сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Мааба. Пасля скончыліся дні жалобы па Майсею. Ешуа, сын Нуна, быў поўны духам мудрасці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае; і слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад Майсею. І не паўстаў больш у Ізраэлі прарок такі, як Майсей, якога ведаў бы Госпад тварам у твар, па ўсіх знаках і цудах, з якімі паслаў Ён яго, каб учыніў у зямлі Егіпецкай перад фараонам і перад усімі паслугачамі яго і перад усёй зямлёй яго, ды па ўсёй руцэ магутнай і па ўсіх дзівосах, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017