Библия › Чарняўскі-17 › Лічбаў
І ў першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Егіпта прамовіў Госпад да Майсея ў пустыні Сінай у палатцы сустрэчы, кажучы: «Пералічыць усю грамаду сыноў Ізраэлевых па родах і па сем’ях іх, і па імёнах — усіх мужчынскага полу: ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою ізраэльцаў, палічыце іх па дружынах іх, ты і Аарон. І з кожнага пакалення павінен быць з вамі чалавек, князь дому бацькоў яго, вось гэтыя імёны: ад Рубэна — Элісур, сын Сэдэура; ад Сімяона — Саламіэль, сын Сурысадая; ад Юды — Наасон, сын Амінадаба; ад Ісахара — Натанаэль, сын Суара; ад Забулона — Эліяб, сын Гэлона; ад сыноў Язэпа: ад Эфраіма — Элісама, сын Аміюда; ад Манасы — Гамаліэль, сын Падасура; ад Бэньяміна — Абідан, сын Гедэона; ад Дана — Ахіязэр, сын Амісадая; ад Асэра — Пэгіэль, сын Акрана; ад Гада — Эліясаф, сын Дэуэля; ад Нэфталі — Ахіра, сын Энана». Гэта людзі самыя знакамітыя ў грамадзе, кіраўнікі пакаленняў бацькоў сваіх і кіраўнікі тысяч Ізраэля. Майсей і Аарон узялі іх, паімённа названых, і першага дня другога месяца сабралі яны ўсю грамаду, пералічваючы іх па родах іх, і па сем’ях бацькоў іх, і кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй, па кіраўніках, як загадаў Госпад Майсею. І былі палічаны яны ў пустыні Сінай. Ад сыноў Рубэна, першароднага Ізраэля — пакаленні па плямёнах і па сем’ях бацькоў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою. Было налічана з пакалення Рубэна сорак шэсць тысяч пяцьсот. Ад сыноў Сімяона — пакаленні па племёнах і па сем’ях родаў іх, былі палічаны па імёнах усе людзі мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, здатныя да бою. Было налічана з пакалення Сімяонавага пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста. Ад сыноў Гада — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, здатных да бою, было налічана сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят. Ад сыноў Юды — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот. Ад сыноў Ісахара — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста. Ад сыноў Забулона — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана пяцьдзесят сем тысяч чатырыста. Ад сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана сорак тысяч пяцьсот. Ад сыноў Манасы — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана трыццаць дзве тысячы дзвесце. Ад сыноў Бэньяміна — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана трыццаць пяць тысяч чатырыста. Ад сыноў Дана — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана шэсцьдзесят дзве тысячы семсот. Ад сыноў Асэра — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана сорак адна тысяча пяцьсот. Ад сыноў Нэфталі — пакаленні па плямёнах і па сем’ях родаў іх, па імёнах усіх людзей мужчынскага полу ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою, было налічана пяцьдзесят тры тысячы чатырыста. Гэта тыя, каго палічылі Майсей і Аарон разам з дванаццаццю кіраўнікамі Ізраэля, па адным з сям’і бацькоў іх. І поўны лік сыноў Ізраэля, здатных да бою, па сем’ях бацькоў іх, ад дваццаці гадоў і вышэй, складаў шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят. А левіты былі палічаны з імі ў пакаленні бацькоў іх. І Госпад сказаў Майсею, гаворачы: «Не лічы пакаленне Леві і не далучай колькасць іх да сыноў Ізраэля, але даручы ім скінію сведчання, усе яе прылады і ўсё, што патрэбна для рытуалаў. Хай яны носяць скінію і ўсе яе прыналежнасці, і хай будуць пры ёй служыць, і навокал яе хай паставяць палаткі. Калі трэба будзе пусціцца ў дарогу, хай разбяруць скінію левіты; калі трэба будзе размясціцца лагерам, хай паставяць яе; калі хто з чужых наблізіцца, будзе пакараны смерцю. Сыны ж Ізраэля хай стануць лагерам: усе на сваім месцы ў лагеры, кожны пад сваім сцягам, пры сваіх дружынах. А левіты хай паставяць палаткі вакол скініі сведчання, каб не было гневу на грамаду сыноў Ізраэля, і хай яны стаяць на варце скініі сведчання». Такім чынам, сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што Госпад загадаў Майсею.
І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: «Хай сыны Ізраэля стануць лагерам: кожны пад сваім сцягам, пад знакамі бацькоў сваіх, навокал палаткі сустрэчы на адлегласці. З усходу хай стаіць лагер Юды па дружынах войска яго, а кіраўніком сыноў яго хай будзе Наасон, сын Амінадаба; і лік яго ваяроў — семдзесят чатыры тысячы шэсцьсот. Побач з ім хай стануць лагерам людзі калена Ісахарава, кіраўніком якіх мае быць Натанаэль, сын Суара; і ўвесь лік ваяроў яго — пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста. У пакаленні Забулона кіраўніком хай будзе Эліяб, сын Гэлона; і лік ваяроў — пяцьдзесят сем тысяч чатырыста. Усіх палічаных у лагеры Юды хай будзе сто восемдзесят шэсць тысяч чатырыста, і хай па дружынах сваіх яны першыя будуць выходзіць. З паўднёвага боку хай будзе сцяг лагера Рубэна па яго войсках, а кіраўнік — Элісур, сын Сэдэура; і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак шэсць тысяч пяцьсот. Побач з імі хай стануць лагерам людзі з пакалення Сімяона, а кіраўніком іх — хай Саламіэль, сын Сурысадая; і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае пяцьдзесят дзевяць тысяч трыста. У пакаленні Гада кіраўніком хай будзе Эліясаф, сын Дэуэля; і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак пяць тысяч шэсцьсот пяцьдзесят. Усіх палічаных у лагеры Рубэна — сто пяцьдзесят адна тысяча чатырыста пяцьдзесят; хай яны выходзяць другімі па сваіх дружынах. Пасля хай здымецца з месца палатка сустрэчы і лагер левітаў у сярэдзіне іншых лагераў, хай яна здымаецца так, як ставіцца; хай усе пускаюцца ў дарогу на сваіх месцах і пад сваім сцягам. З заходняга боку хай будзе сцяг лагера Эфраіма па дружынах яго, кіраўніком іх хай будзе Элісама, сын Аміюда; усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак тысяч пяцьсот. І з імі пакаленне сыноў Манасы, кіраўніком якіх хай будзе Гамаліэль, сын Падасура; і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць дзве тысячы дзвесце. І пакаленні сыноў Бэньяміна; кіраўніком хай будзе Абідан, сын Гедэона; і ўсё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае трыццаць пяць тысяч чатырыста. Усіх палічаных у лагеры Эфраіма — сто восем тысяч сто; і хай па дружынах сваіх яны выходзяць трэція. З паўночнага боку адпаведна сваім дружынам хай стаіць сцяг лагера сыноў Дана, а кіраўніком іх хай будзе Ахіязэр, сын Амісадая; усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае шэсцьдзесят дзве тысячы семсот. Побач з ім хай стане лагерам пакаленне Асэра, кіраўніком іх хай будзе Пэгіэль, сын Акрана; усё войска ваяроў яго паводле падліку хай мае сорак адну тысячу пяцьсот. З пакалення сыноў Нэфталі кіраўніком хай будзе Ахіра, сын Энана; усё войска ваяроў яго — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста. Усіх палічаных у лагеры Дана хай будзе сто пяцьдзесят сем тысяч шэсцьсот, і хай яны самымі апошнімі выходзяць пад сваімі сцягамі». Гэта лік сыноў Ізраэля, усе яны палічаны па сем’ях бацькоў сваіх адпаведна войскам сваім — шэсцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят. А левіты не былі палічаны разам з сынамі Ізраэля; бо так загадаў Госпад Майсею. І сыны Ізраэля споўнілі ўсё, што загадаў Госпад: сталі лагерам пад сваімі сцягамі і выйшлі паводле пакаленняў і сем’яў бацькоў сваіх.
Гэта пакаленні Аарона і Майсея ў дзень, калі прамаўляў Госпад да Майсея на гары Сінай. І гэта імёны сыноў Аарона: першародны яго Надаб, потым Абігу, і Элеязэр, і Ітамар: гэта імёны сыноў Аарона, святароў, каб спаўняць святарскую службу. Але Надаб і Абігу памерлі перад абліччам Госпада ў пустыні Сінай, прынеслі чужы агонь, і памерлі яны бяздзетныя; і выконвалі святарскую службу перад бацькам сваім, Ааронам, Элеязэр і Ітамар. І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы: «Прывядзі пакаленне Леві і пастаў яго перад Ааронам святаром, каб яны паслугавалі яму і рупіліся аб усім, што тычыцца яго і ўсёй грамады ля палаткі сустрэчы, каб выконваць службу пры скініі, і каб захоўвалі прыналежнасці палаткі сустрэчы, спаўняючы абавязкі сыноў Ізраэля, выконваючы службу пры скініі. І аддай левітаў як дарунак Аарону і сынам яго, каму яны будуць дадзены ад сыноў Ізраэля; а Аарона і сыноў яго пастаў наглядчыкамі над службаю святарскай. Калі хто чужы прыступіць да службы, той хай будзе пакараны смерцю». І казаў Госпад Майсею, кажучы: «Вось, Я вылучыў левітаў з сыноў ізраэльскіх замест усіх першародных, якія адкрываюць улонне маці сярод сыноў Ізраэля, таму левіты будуць Маімі. Бо Мой кожны першародны з часу, калі ў зямлі Егіпецкай ударыў Я ўсіх пешародных, пасвяціў Я Сабе ўсё, што нараджаецца першародным у Ізраэлі, ад чалавека аж да жывёлы, яны Мае! Я — Госпад!» І казаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, кажучы: «Палічы сыноў Леві па сем’ях бацькоў іх і плямёнах, усіх мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй». Палічыў іх Майсей, як загадаў Госпад, і былі названы сыны Леві па імёнах іх; а вось імёны сыноў Леві: Гэрсон, Кагат і Мэрары. А вось імёны сыноў Гэрсона па родах іх: Лобні і Сямэй; сыны Кагата па родах іх: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль; сыны Мэрары па родах іх: Махалі і Мусі. Вось жа гэтыя роды Леві па сем’ях бацькоў іх. Ад Гэрсона паходзяць сям’я Лобні і сям’я Сямэя, усіх людзей мужчынскага полу, якіх ад аднаго месяца і вышэй было налічана сем тысяч пяцьсот. Яны размяшчаюцца лагерам за скініяй на захадзе пад кіраўніцтвам Эліясафа, сына Лаэля; яны ахоўваюць у палатцы сустрэчы саму скінію, палатку, яе пакрыццё, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў палатку сустрэчы і пакрывала панадворка, а таксама пакрывала, што нацягваецца пры ўваходзе ў панадворак, які акружае скінію і ахвярнік, і вяроўкі, патрэбныя для ўсякай службы. Кагат мае сем’і: Амрама і Ісаара, Геброна і Азіэля; гэта сем’і Кагатавы. Усе мужчынскага роду ад аднаго месяца і вышэй — восем тысяч шэсцьсот — апекавалі скінію. Сем’і сыноў Кагата размясціліся лагерам на паўднёвым баку скініі, і кіраўніком іх быў Элісафан, сын Азіэля. І рупіліся яны пра каўчэг, і стол, і падсвечнік, пра ахвярнік і прылады свяцілішча, прызначаныя на службу Божую, і пра пакрывала, і ўсе прыналежнасці ўсякага роду. А кіраўніком над кіраўнікамі сем’яў левітаў быў Элеязэр, сын Аарона святара, ён наглядаў за тымі, што ахоўвалі свяцілішча. А вось ад Мэрары паходзілі сем’і Махалі і Мусі; гэта сем’і Мэраравы. Усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй — шэсць тысяч дзвесце; кіраўніком сем’яў Мэрары быў Сурыэль, сын Абігаіля. Яны размясцілі лагер на паўночным баку скініі. Пад аховаю іх былі: дошкі скініі, і жэрдкі, і слупы, і падножжы іх, і ўсе прыналежнасці яе, і ўсё, што мае дачыненне да ўсякага роду службы, і слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі іх, і калкі з вяроўкамі. А з пярэдняга боку скініі, перад палаткай сустрэчы, на ўсход ставілі палаткі Майсей, і Аарон, і сыны яго, якім даручана святыня ад імя сыноў Ізраэля. Калі б хто наблізіўся чужы, мае быць пакараны смерцю. Усіх левітаў, якіх палічыў Майсей па загадзе Госпада, мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй было дваццаць дзве тысячы. І сказаў Госпад Майсею: «Палічы ўсіх першародных мужчынскага полу з сыноў Ізраэлевых у гадах ад аднаго месяца і вышэй, палічы іх агульную колькасць; і вазьмі левітаў для Мяне як замену ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых, Я — Госпад; і іх жывёлу на замену ўсёй першароднай жывёле сыноў Ізраэлевых». Палічыў Майсей, як загадаў Госпад, усіх першародных з сыноў Ізраэлевых, і было ўсіх першародных мужчынскага полу па імёнах іх, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзве тысячы дзвесце семдзесят тры. І зноў сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Вазьмі левітаў на месца ўсіх першародных з сыноў Ізраэлевых разам з жывёлай левітаў на замену іх жывёле; і левіты будуць Маімі. Я — Госпад. А як выкуп за гэтых дзвесце семдзесят трох з першародных сыноў Ізраэлевых, што перавышаюць лік левітаў, вазьмі па пяць сікляў ад галавы, па вазе сікля святыні; сікль мае дваццаць гераў. І дай грошы Аарону і яго сынам як выкуп за тых, што засталіся». Дык узяў Майсей выкуп ад тых, што перавышалі лік выкупленых левітамі; ад першародных сыноў Ізраэлевых узяў грошай тысячу трыста шэсцьдзесят пяць па вазе сікля святыні. І аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам, згодна загаду, як сказаў яму Госпад.
І сказаў Госпад Майсею і Аарону, кажучы: «Аддзялі паміж сыноў Леві сыноў Кагата, усю іх лічбу па родах і сем’ях іх ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да таго, каб стаяць і служыць у палатцы сустрэчы. Гэта служба сыноў Кагатавых у палатцы сустрэчы: рэчы найсвяцейшыя. Калі патрэбна будзе зняцца з лагера, хай Аарон і сыны яго ўвойдуць і здымуць пакрывала, што вісіць перад дзвярыма, і хай накрыюць ім каўчэг сведчання; зноў пакладуць пакрывала са шкур сініх і над ім хай нацягнуць тканіну, усю з гіяцынту, і хай прасунуць яны жэрдкі. Хай таксама стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю фіялетаваю і хай паставяць на ім чары і фіялы, кіяфы і кратэры для здзяйснення ўзліванняў; і хлябы хай будуць на ім заўсёды. І хай пакладуць зверху тканіну пунсовую, а потым хай накрыюць яе пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі. Хай яны возьмуць і тканіну фіялетавую і хай накрыюць ёю падсвечнік разам з лямпамі і шчыпцамі яго, і са шчыпцамі для зняцця нагару, і з усімі пасудзінамі для алею, якія неабходны для стварэння лямпаў, і хай гэта накрыюць пакрывалам са шкур сініх, і хай пакладуць на насілы. І хай на залаты ахвярнік пакладуць тканіну фіялетавую і накрыюць яго пакрывалам са шкур сініх і хай пакладуць на насілы. Усе прыналежнасці, патрэбныя да службы ў святыні, хай накрыюць тканінай фіялетаваю; і хай пакладуць зверху пакрыццё са шкур сініх, і хай прасунуць жэрдкі. Але хай ачысцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго пурпуровым пакрывалам. І пакладуць на яго ўсе пасудзіны, якімі карыстаюцца яны ў час іх службы, гэта значыць: попельніцы, вілкі, і вугальныя лапаткі, і чары. Усе прыналежнасці ахвярніка хай таксама накрыюць пакрывалам са шкур сініх і хай прасунуць жэрдкі. І калі ў час зняцця з лагера Аарон і сыны яго пакрыюць святыню і ўсе прыналежнасці яе, тады падыдуць сыны Кагата, каб пакрытае несці, і хай не дакранаюцца да каўчэга сведчання, каб не памерлі. Такія вось абавязкі сыноў Кагата ў палатцы сустрэчы. Элеязэр, сын Аарона святара, хай рупіцца аб алеі на асвятленне, і аб найпрыемнейшым пахучым курэнні, і аб ахвяры, якая заўсёды ўчыняецца, і аб алеі намашчэння, і аб усім, што толькі патрэбна для служэння ў скініі, і аб усіх прыналежнасцях, што ў святыні». І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: «Не згубіце сям’ю Кагата сярод грамады левітаў, але зрабіце для іх гэта, каб жылі і не паміралі, калі будуць набліжацца да найсвяцейшых рэчаў: Аарон і сыны яго хай прыйдуць і самі вызначаць кожнаму яго занятак; і хай падзеляць, што кожны павінен несці. Няхай самі не ўваходзяць у святыню ані на хвіліну, каб паглядзець; бо будуць пакараны смерцю». І казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Палічы таксама сыноў Гэрсона па сем’ях, пакаленнях і родах іх; палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і вышэй аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да службы, каб выконвалі работу ў палатцы сустрэчы. Вось такі абавязак пакаленняў Гэрсона; што яны будуць рабіць: каб яны насілі пакрывалы скініі, палатку сустрэчы, яе пакрыццё, а таксама пакрыццё са шкур сініх, і пакрыццё, што вісіць ля ўваходу ў палатку сустрэчы, пакрывалы панадворка і пакрывала ля ўваходу ў панадворак, што знаходзіцца вакол скініі і ахвярніка, вяроўкі і ўсе прыналежнасці для службы, што былі зроблены, каб працаваць з імі. На загад Аарона і сыноў яго павінны праходзіць ўсе службы сыны Гэрсона і павінны ведаць усе, што кожнаму даручана. Такі абавязак сыноў Гэрсона ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара. Палічы таксама сыноў Мэрары па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх, ад трыццаці і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да выканання службы сваёй і для службы ў палатцы сустрэчы. Гэта іх абавязкі: насіць дошкі скініі і яе жэрдкі, слупы і іх падножжы, таксама слупы панадворка з усіх бакоў з падножжамі, і калкамі, і вяроўкамі іх; усе пасудзіны і рэчы хай палічаць і носяць такім чынам. Такі абавязак пакаленняў Мэрары і служба ў палатцы сустрэчы; і хай будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара». Такім чынам Майсей, і Аарон, і князі супольнасці палічылі сыноў Кагата па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх, ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усіх здатных да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы; і было налічана іх дзве тысячы семсот пяцьдзесят. Гэта лік пакаленняў сыноў Кагата, што служаць у палатцы сустрэчы. Іх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея. Палічаны былі таксама сыны Гэрсона па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх, ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы; і было налічана іх па пакаленнях і сем’ях бацькоў іх дзве тысячы шэсцьсот трыццаць. Гэта лік пакаленняў сыноў Гэрсона, усіх, хто служыць у палатцы сустрэчы, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада. Былі палічаны таксама пакаленні сыноў Мэрары па родах і сем’ях бацькоў іх, ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці гадоў, усе здатныя да спаўнення службы ў палатцы сустрэчы; і было налічана тры тысячы дзвесце. Гэта лік пакаленняў сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея. Усіх, хто быў палічаны ад левітаў і каго палічылі пайменна Майсей, і Аарон, і князі Ізраэля па родах і сем’ях бацькоў іх ад трыццаці гадоў і вышэй — аж да пяцідзесяці, здатных да спаўнення службы ў скініі і да выканання абавязкаў у палатцы сустрэчы, было налічана восем тысяч пяцьсот восемдзесят. Па загадзе Госпада, дадзеным Майсею, ён палічыў іх, і кожнага — па занятку і абавязках яго, як загадаў Госпад Майсею.
І прамовіў зноў Госпад да Майсея: «Загадай сынам Ізраэля выдаліць з лагера ўсіх пракажаных, хворых на выцёкі і апаганеных ад нябожчыка. Як мужчыну, так і жанчыну выдаліце з лагера, каб не паганілі лагера, дзе Я жыву паміж вамі». Так і зрабілі сыны Ізраэля і выдалілі іх па-за лагер, як загадаў Госпад Майсею. Далей загадаў Госпад Майсею, кажучы: «Скажы сынам Ізраэля: “Калі мужчына або жанчына зграшыць як-небудзь, як здараецца сярод людзей, і парушыць загад Госпадаў, то будзе той чалавек вінаваты; і няхай прызнаюць грэх свой і аддадуць сам капітал і пятую частку таму, перад кім зграшылі. А калі ў яго няма нашчадка, хай аддасць Госпаду асвяціць гэта, хай будзе гэта святару, апрача барана, што ахвяруецца на ўміласціўленне, каб быць ачышчальнай ахвярай. Таксама ўсякае каштаванне святых рэчаў, якія прыносяць сыны Ізраэля, належыць святару; і ўсё, што ахвяруецца ў свяцілішча ад кожнага чалавека і перадаецца ў рукі святара, будзе яго”». І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Пагавары з сынамі Ізраэля і скажы ім: “Муж, жонка якога распуснічала і, ашукваючы мужа, спала з чужым мужчынам, і муж яе пра гэта не ведае, а яна дапусцілася нячыстасці, і сведкаў на гэта няма, бо не заспелі яе ў час распусты, калі дух падазрэння ахапіў мужа супраць яго жонкі, якая або сапраўды спракудзілася, або пераследуецца памылковым падазрэннем, хай прывядзе ён яе да святара і складзе ў ахвяру за яе дзесятую частку эфы мукі ячменнай. Хай не вылье на яе алею, ані пакладзе кадзіла, бо гэта ахвяра падазрэння, ахвяра, што мае выявіць віну. Такім чынам хай прывядзе яе святар і паставіць перад Госпадам; і хай возьме ён святой вады ў гліняным посудзе і трошкі зямлі з падлогі скініі і ўкладзе ў ваду. І калі паставіць святар жанчыну перад Госпадам, ён мае агаліць галаву яе і пакласці на яе рукі ахвяру выяўлення, або падазрэння; ваду ж найгарчэйшую, у якой ён злучыў праклён з закляццем, святар будзе трымаць у руцэ. Тады закляне жанчыну і скажа ёй: “Калі чужы мужчына не ляжаў з табой, і калі не адхілілася ты ад свайго мужа і не апаганілася на пустым ложку мужа, тады вада найгарчэйшая, у якой я злучыў праклёны, не прынясе табе шкоды, калі, аднак, адхілілася ты ад свайго мужа, і апаганілася, і лягла з іншым мужчынам, а не твой муж ляжаў з табой, — тады святар пракляне жанчыну прысягай праклёну: “Хай аддасць цябе Госпад праклёну і клятве ў народзе тваім; ды хай чэзне ўлонне тваё і апухне жывот твой. Хай вада праклёну пранікне ў нутро тваё, каб апух жывот твой ды апала ўлонне тваё”. І жанчына адкажа: “Амін, амін”. І хай напіша святар на скрутку гэтыя праклёны, а пасля змые іх вадою найгарчэйшаю, і дасць выпіць жанчыне горкую ваду, у якую ён сабраў праклёны, і хай пранікне ў яе вада праклёну, што спрычыніць горкі боль; хай возьме святар з рук жанчыны ахвяру падазрэння, і ўзніме яе перад Госпадам, і складзе яе на ахвярнік; хай возьме з яе поўную жменю ахвяры, што прыносіцца на памяць, і хай спаліць яе на ахвярніку; а затым хай дасць жанчыне выпіць вады найгарчэйшай. Калі вып’е жанчына яе, то калі абвінавачваная ў чужаложстве, яна сапраўды сябе абняславіла, занядбаўшы мужа свайго, хай вада праклёну пранікне ў яе, выклікаючы горкі боль. Улонне яе ападзе, і жывот апухне, і хай будзе тая жанчына праклятаю ва ўсім народзе сваім. Калі тая жанчына не абняславіла сябе, але была чыстай, то хай застанецца непашкоджанай і хай нараджае дзяцей”». Гэта закон адносна падазрэння, калі жонка адхіліцца ад свайго мужа і абняславіць сябе і калі муж яе, пабуджаны духам рэўнасці, прывядзе яе да аблічча Госпада, а святар споўніць для яе ўсё, што прадпісана; хай муж яе будзе без віны, а тая жонка хай адкажа за грэх свой.
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі мужчына або жанчына складуць зарок назіру, каб пасвяціць сябе Госпаду, хай яны ўстрымаюцца ад віна і ўсяго, што можа ап’яніць; хай не п’юць яны воцату з віна і ўсякага іншага пітва, што выціскаецца з вінаграду; хай не ядуць свежага вінаграду і сушанага ва ўсе дні, у якія згодна з зарокам яны прысвячаюць сябе Госпаду; хай не ядуць нічога, што можа быць у вінаградніку: ад няспелага вінаграду аж да выцісканага. Увесь час аддзялення яго хай нажніцы не дакрануцца да галавы яго аж да заканчэння часу, на які ён прысвячае сябе Госпаду; хай будзе ён святы ды мае даць свабоду валасам расці на галаве. Увесь час прысвячэння свайго не павінен ён падыходзіць да нябожчыка; і хай пры пахаванні нават бацькі, маці, брата або сястры не апаганіцца, бо прысвячэнне Богу яго — на галаве яго. Ва ўсе дні аддзялення свайго хай святым будзе для Госпада. А калі хто раптам пры ім памрэ, апаганіцца галава прысвячэння яго; так што хай зараз жа паголіць галаву ў дзень ачышчэння свайго, гэта значыць у сёмы дзень. У восьмы ж дзень хай прынясе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў святару да ўваходу ў палатку сустрэчы, і хай аднаго прынясе святар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення, і хай ачысціць яго, бо зграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень хай асвяціць галаву яго, і хай прысвяціць ён Госпаду дні аддзялення свайго, прыносячы ў ахвяру ягня аднагадовае за злачынства; такім чынам, аднак, каб дні папярэднія былі несапраўднымі, бо прысвячэнне яго абняславілася. Гэта — закон прысвячэння; калі дні, якія ён вызначыў згодна з зарокам, пройдуць, хай прывядуць яго да ўваходу ў палатку сустрэчы, а ён хай прынясе сваю ахвяру Госпаду — адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпалення, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, ды аднаго барана без заганы ў ахвяру прымірэння, таксама кошык хлябоў прэсных, запраўленых алеем, з мукі пшанічнай, і праснакі без рошчыны, запраўленыя алеем, і ахвяру з ежы, і ахвяру да ўзлівання — кожную асобна. Святар хай занясе гэта перад Госпадам і ўскладзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпалення; а барана хай прынясе Госпаду ў ахвяру прымірэння разам з кошыкам праснакоў; і хай ускладзе святар ахвяру з ежы і ахвяру ўзлівання. Тады хай паголіць назір ля ўваходу ў палатку сустрэчы валасы свайго прысвячэння, і возьме валасы свае, і кіне іх у агонь, што гарыць пад ахвярай прымірэння; і хай возьме святар звараную лапатку барана, і адзін хлеб без рошчыны з каша, і адну прэсную аладку, і хай аддасць іх у рукі назіра, пасля таго як будзе паголена галава яго; і хай святар дары ўзніме перад Госпадам; гэта бо дар святы, які належыць святару, апрача грудзіны ўздымання і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасля гэтага назір можа піць віно. Гэта — закон адносна назіра, які прысвяціў ахвяру сваю Госпаду ў час прысвячэння свайго, апрача таго, што набывае рука яго. Згодна са сваім зарокам, што даў ён, павінен ён так рабіць паводле закону прысвячэння свайго”». І казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Скажы Аарону і сынам яго: “Так дабраслаўляйце сыноў Ізраэля і кажыце: “Хай дабраславіць цябе Госпад і захоўвае цябе! Хай асвеціць цябе Госпад святлом твару Свайго і хай злітуецца Ён над табою! Хай зверне Госпад аблічча Сваё да цябе і хай дасць табе супакой!” І хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду іх дабраслаўляць».
Калі Майсей пабудаваў скінію, і ўзняў яе, і памазаў яе, і асвяціў яе з усімі яе прыналежнасцямі, таксама ахвярнік і ўсе яго прыналежнасці, тады князі Ізраэля і галовы родаў, якія былі пастаўлены на чале кожнага пакалення, якія былі пералічаны, прынеслі дары перад аблічча Госпада: шэсць крытых вазоў і дванаццаць валоў. Прынеслі па адным возе ад двух кіраўнікоў і па адным воле ад кожнага; і паставілі гэта перад скініяй. І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі гэта ад іх, каб яны спраўлялі службу ў палатцы сустрэчы, і перадай гэта левітам адпаведна парадку іх паслугі». Дык узяў Майсей вазы і валоў і аддаў іх левітам. Адпаведна іх патрэбам сынам Гэрсона даў два вазы і чатыры валы. Восем валоў і чатыры другія вазы даў сынам Мэрары, адпаведна іх абавязкам пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара. А сынам Кагата не даў валоў і вазоў, бо яны служылі ў свяцілішчы і насілі грузы на сваіх плячах. Такім чынам на пасвячэнне ахвярніка ў дзень намашчэння прынеслі кіраўнікі сваю ахвяру перад ахвярнікам. І сказаў Госпад Майсею: «Хай кіраўнікі па адным штодзень прыносяць свае дары на пасвячэнне ахвярніка». У першы дзень прынёс сваю ахвяру Наасон, сын Амінадаба, з пакалення Юды. І ў ёй былі срэбраная міса ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраная чара ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўнены былі пшанічнаю мукой, запраўленай алеем, на ахвяру з ежы, залатая чара ў дзесяць сікляў золата, напоўненая кадзілам, адзін бычок ад статка, баран і гадавалае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казёл у ахвяру за грэх; і ў ахвяру прымірэння два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят: гэта — ахвяра Наасона, сына Амінадаба. У другі дзень прынёс Натанаэль, сын Суара, князь з пакалення Ісахара, місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам; аднаго бычка ад статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і ў ахвяру прымірэння двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць аднагадовых ягнят: гэта была ахвяра Натанаэля, сына Суара. У трэці дзень князь сыноў Забулона, Эліяб, сын Гэлона, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, чару срэбраную ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, бычка ад статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта — ахвяра Эліяба, сына Гэлона. У чацвёрты дзень князь сыноў Рубэна, Элісур, сын Сэдэура, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя пшанічнай мукой, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Элісура, сына Сэдэура. У пяты дзень князь сыноў Сімяона Саламіэль, сын Сурысадая, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Саламіэля, сына Сурысадая. У шосты дзень князь сыноў Гада Эліясаф, сын Дэуэля, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, і аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Эліясафа, сына Дэуэля. У сёмы дзень князь сыноў Эфраіма Элісама, сын Аміюда, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Элісамы, сына Аміюда. У восьмы дзень князь сыноў Манасы Гамаліэль, сын Падасура, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Гамаліэля, сына Падасура. У дзевяты дзень князь сыноў Бэньяміна, Абідан, сын Гедэона, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, і залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, і аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Абідана, сына Гедэона. У дзесяты дзень князь сыноў Дана Ахіязэр, сын Амісадая, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Ахіязэра, сына Амісадая. У адзінаццаты дзень князь сыноў Асэра Пэгіэль, сын Акрана, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Пэгіэля, сына Акрана. У дванаццаты дзень князь сыноў Нэфталі Ахіра, сын Энана, прынёс місу срэбраную ў сто трыццаць сікляў вагі, срэбраную чару ў семдзесят сікляў вагі, па вазе святыні, абедзве напоўненыя мукой пшанічнай, запраўленай алеем, у ахвяру з ежы, залатую чару ў дзесяць сікляў вагі, напоўненую кадзілам, аднаго бычка са статка, барана і аднагадовае ягня ў ахвяру цэласпалення, і казла ў ахвяру за грэх; і двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць аднагадовых ягнят у ахвяру прымірэння: гэта была ахвяра Ахіра, сына Энана; а было прынесена ад князёў Ізраэля на пасвячэнне ахвярніка, у дзень яго намашчэння: дванаццаць срэбраных міс, дванаццаць срэбраных чар, дванаццаць залатых чар, так што кожная міса важыла сто трыццаць сікляў срэбра, а кожная чара — семдзясят, гэта значыць увогуле ўсіх пасудзінаў са срэбра было дзве тысячы чатырыста па вазе святыні; чар залатых, напоўненых кадзілам, было дванаццаць; кожная чара важыла дзесяць сікляў, па вазе святыні, гэта значыць было ўсяго сто дваццаць сікляў золата; усіх бычкоў са статка для цэласпалення было дванаццаць, дванаццаць бараноў, дванаццаць аднагадовых ягнят і ўзліванняў да іх і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх. Усіх валоў у ахвяру прымірэння было дваццаць чатыры, шэсцьдзесят бараноў, шэсцьдзесят казлоў і шэсцьдзесят аднагадовых ягнят: яны былі прынесены на пасвячэнне ахвярніка, калі ён быў намашчоны. І калі Майсей уваходзіў у палатку сустрэчы, каб гаварыць з Госпадам, чуў ён голас, што гаварыў з ім з па-над перамольні, што была над каўчэгам сведчання паміж двума херубінамі, адтуль казаў Ён яму.
І казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Аб’яві Аарону і скажы яму: “Калі будзеш запальваць лямпы, то супраць той часткі, што звернута да падсвечніка, павінны гарэць сем лямпаў”». І Аарон зрабіў так, і на падсвечніку запаліў лямпы, як загадаў Госпад Майсею. А такім быў выраблены падсвечнік: з золата чаканенага як цэнтральны стрыжань, так і кветкі яго скаваны. Быў падсвечнік зроблены паводле ўзору, які паказаў Госпад Майсею. І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Вазьмі левітаў з грамады сыноў Ізраэля і ачысці іх адпаведна гэтаму абраду: хай будуць акроплены яны вадой збавення, і хай паголяць яны ўсе валасы на целе сваім, і хай вымыюць адзенне сваё, і ачысцяць сябе. Хай возьмуць бычка са статка і ахвяру да яго з мукі, запраўленай алеем; а другога бычка са статка ты возьмеш у ахвяру за грэх і прывядзеш левітаў да палаткі сустрэчы, паклікаўшы мноства сыноў Ізраэля. І калі левіты збяруцца перад Госпадам, хай сыны Ізраэля пакладуць на іх рукі свае, і хай Аарон уздыме перад Госпадам дар ад сыноў Ізраэля, каб яны служылі Яму. Таксама левіты хай ускладуць рукі свае на галовы бычкоў, і ты аднаго з іх вазьмі за грэх, а другога — у ахвяру Госпаду на цэласпаленне, каб ачысціць іх. І пастаў левітаў перад Ааронам і яго сынамі, і ўздымі іх перад Госпадам, і аддзялі ад грамады сыноў Ізраэля, каб былі яны Маімі; а потым хай прыходзяць, каб служыць у палатцы сустрэчы. І так ты іх ачысціш, і ўздымеш іх, бо яны Мне аддадзены з грамады сыноў Ізраэля; узяў Я іх замест першародных, якія адкрываюць усе ўлонні ў Ізраэля. Бо мае ўсе першародныя з сыноў Ізраэля, як з людзей, так і з жывёлы. Ад дня, у які ўдарыў Я па ўсім першародным у зямлі Егіпецкай, Я іх пасвяціў Сабе. І ўзяў Я левітаў замест усіх першародных з сыноў Ізраэля, і перадаў Я іх у дар Аарону і сынам яго ад грамады сыноў Ізраэля, каб служылі Мне за ўвесь Ізраэль у палатцы сустрэчы і каб перамольваць Госпада за іх, каб усцерагчы ад кары народ, калі б хто адважыўся наблізіцца да свяцілішча». І Майсей і Аарон і ўся грамада сыноў Ізраэля зрабілі з левітамі так, як Майсею загадаў Госпад, так і зрабілі з імі сыны Ізраэля. І ачысціліся левіты, і памылі адзенне сваё, Аарон жа ўзняў іх перад Госпадам і ачысціў іх, каб, ачышчаныя, спаўнялі яны свае абавязкі ў палатцы сустрэчы ў прысутнасці Аарона і сыноў яго; так загадаў Госпад Майсею, так было зроблена адносна левітаў. І казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Гэта — закон адносна левітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй хай прыходзяць яны, каб служыць у палатцы сустрэчы; а калі пройдзе пяцідзясяты год жыцця, хай пакінуць служыць, каб захоўваць тое, што ім было даручана; і будуць толькі памочнікамі братоў сваіх у палатцы сустрэчы, але саму працу хай не выконваюць. Так зрабі з левітамі адносна іх службы».
У першы месяц другога года па выхадзе з Егіпта сказаў Госпад Майсею ў пустыні Сінай, гаворачы: «У свой час сыны Ізраэля павінны святкаваць Пасху: у чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары па ўсіх загадах і звычаях яго». І загадаў Майсей сынам Ізраэля спраўляць Пасху. Яны спраўлялі свята ў свой час у чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінай; паводле ўсяго таго, што загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі сыны Ізраэля. І вось, хтосьці, нячысты дзеля дакранання да нябожчыка, хто не мог у той час святкаваць Пасху, падышоў да Майсея і Аарона і сказаў ім: «Мы нячыстыя дзеля дакранання да нябожчыка, і чаму нам адмаўляюць у тым, каб мы маглі сярод сыноў Ізраэля ў свой час скласці ахвяру Госпаду?» Майсей ім адказаў: «Пачакайце, даведаюся, што адносна вас загадае Госпад». І адказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Скажы сынам Ізраэля: “Чалавек з вас ці з нашчадкаў вашых, які стаўся нячыстым дзеля нябожчыка або дзеля далёкай дарогі, павінен спраўляць Пасху ў чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары; з прэсным хлебам і горкімі травамі хай спажываюць Пасху. Хай не пакідаюць з яе анічога да раніцы, таксама косткі яе хай не ламаюць: хай увесь парадак Пасхі захоўваюць. Калі ж хто чысты і не ў дарозе, аднак Пасхі не спраўляе, хай вынішчана будзе душа тая з народа свайго, бо ён не склаў ахвяру Госпаду ў свой час: ён сам будзе несці грэх свой. Таксама падарожнік і чужаземец, калі б такія жылі ў вас, хай спраўляюць Пасху паводле загадаў і звычаяў яе; загад той самы будзе ў вас і для чужаземца, і для тутэйшага”». Такім чынам, у дзень, у які была пастаўлена скінія, воблака накрыла скінію разам з палаткай сведчання; і ад вечара аж да раніцы заставалася над скініяй у выглядзе агню. І так было заўсёды: удзень пакрывала яе воблака, а ўночы — быццам бляск агню. І калі воблака, якое пакрывала скінію, уздымалася над скініяй, тады сыны Ізраэля адпраўляліся ў дарогу, а на тым месцы, дзе воблака затрымлівалася, там станавіліся лагерам. На загад Госпада адпраўляліся ў дарогу і на Яго загад станавіліся лагерам. Усе дні, у якія воблака стаяла над скініяй, яны заставаліся на адным і тым жа месцы. І калі здаралася, што воблака доўгі час заставалася над скініяй, сыны Ізраэля былі пад аховай Госпада і не адпраўляліся ў дарогу; калі воблака кароткі час стаяла над скініяй, яны па загадзе Госпада зварочвалі палаткі і па Яго загадзе пакідалі гэтае месца. Калі воблака стаяла ад вечара да раніцы, а на світанні адразу ж пакідала скінію, то і яны адпраўляліся ў дарогу; а калі воблака адыходзіла праз дзень і ноч, яны зварочвалі палаткі. А калі воблака не падымалася над скініяй два дні, або адзін месяц, або большы тэрмін, то і сыны Ізраэля заставаліся на адным і тым жа месцы і не пускаліся яны ў дарогу. Па волі Госпада яны ставілі палаткі і па волі Яго адпраўляліся ў дарогу; і былі яны пад аховай Госпада згодна загадам, дадзеным праз Майсея.
І казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Зрабі сабе дзве трубы срэбраныя, чаканеныя, якімі зможаш склікаць сход, калі трэба будзе зняцца з лагера. І калі ты зайграеш на трубах, збярэцца да цябе ўся супольнасць ля дзвярэй палаткі сустрэчы. А калі зайграеш толькі ў адну, збяруцца да цябе князі і галовы грамады Ізраэля. А калі прагучыць больш працяглы гук, хай здымуцца з лагера першымі тыя, хто знаходзіцца на ўсходнім баку; а ў другую чаргу ў час гучання трубы, падобнага да выцця, хай звярнуць палаткі тыя, хто знаходзіцца на поўдні; і хай астатнія робяць такім жа чынам, калі трубы выццём клікаюць у дарогу. А на збіранне супольнасці хай будзе просты, а не працяглы трубны гук. Хай трубяць у трубы сыны Аарона, святары. І хай будзе гэта вам у пакаленнях вашых законам вечным. Калі будзеце ісці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, які змагаецца супраць вас, працягла трубіце ў трубы; і гэта будзе ўспамін аб вас перад Госпадам, Богам вашым, каб пазбеглі вы рук ворагаў вашых. Калі будзеце мець баляванне, і святочныя дні, і маладзікі, пры вашых ахвярах цэласпалення і ахвярах прымірэння трубіце ў трубы, каб яны былі ўспамінам аб Госпадзе для вас. Я — Госпад, Бог ваш!» У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца ўзнялося воблака па-над палаткай сведчання; і адправіліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сінай, і спынілася воблака ў пустыні Паран. І зняліся яны з лагера ў першы раз па загадзе Госпада, дадзеным праз Майсея. Першым узняўся сцяг лагера сыноў Юды па іх дружынах, князем якіх быў Наасон, сын Амінадаба; а князем дружыны пакалення Ісахара быў Натанаэль, сын Суара; а князем дружыны пакалення Забулона быў Эліяб, сын Гэлона. І была разабрана скінія, якую неслі па выхадзе сыны Гэрсона і Мэрары. Адправіўся ў дарогу сцяг лагера сыноў Рубэна па сваіх дружынах, а над сваёй дружынай князем быў Элісур, сын Сэдэура. А над дружынай пакалення сыноў Сімяона князем быў Саламіэль, сын Сурысадая. А над дружынай пакалення сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэуэля. Рушылі ў дарогу і сыны Кагата, што неслі свяцілішча. Перад тым, як яны прыбылі, скінія была ўжо пастаўлена. Быў узняты сцяг лагера сыноў Эфраіма па сваіх дружынах, якіх князем быў Элісама, сын Аміюда. А над дружынай пакалення сыноў Манасы князем быў Гамаліэль, сын Падасура; а над дружынай пакалення сыноў Бэньяміна князем быў Абідан, сын Гедэона. Нарэшце быў узняты сцяг лагера сыноў Дана па сваіх дружынах у войску, князем якіх быў Ахіязэр, сын Амісадая. А над дружынай пакалення сыноў Асэра князем быў Пэгіэль, сын Акрана; а над дружынай пакалення сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана. Гэта — парадак выхаду сыноў Ізраэля па дружынах сваіх, калі яны выходзілі. І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рагуэля, мадыянца, свайму сваяку: «Адпраўляемся мы ў дарогу да месца, якое мае намер нам даць Госпад; ідзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю». Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю сваю, у якой я нарадзіўся». І сказаў [Майсей]: «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх месцах пустыні павінны мы ставіць лагер, і будзь нашымі вачамі. А калі пойдзеш з намі, тое, што будзе найлепшае з багаццяў, якія дасць нам Госпад, аддадзім табе». Дык адправіліся яны ў дарогу на тры дні з гары Госпада; і каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца для лагера. Таксама воблака Госпадава было над імі ўдзень, калі яны выходзілі. Калі ўздымаўся каўчэг, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай рассеюцца непрыяцелі Твае, і хай уцякаюць ад аблічча Твайго тыя, што ненавідзяць Цябе». А калі ставіўся каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска ізраэльскага!»
І пачаўся супраць Госпада шум народа, што быццам пакутаваў ад вялікага гора. Калі пачуў гэта Госпад, разгневаўся, і ўзгарэўся на іх, як агонь, гнеў Госпада, і знішчыў крайнюю частку лагера. І, калі народ стаў усклікаць да Майсея, Майсей пачаў маліць Госпада, і агонь спыніўся. Назвалі тое месца Табэра, таму што ўзгарэўся там супраць іх агонь Госпадаў. А іншапляменныя людзі, якія былі паміж імі, засмуткавалі, і, усеўшыся разам, сыны Ізраэля таксама плакалі і наракалі: «Хто дасць нам наесціся мяса? Мы памятаем, як у Егіпце мы елі дарма рыбу; памятаем агуркі, гарбузы, цыбулю і часнок. Горла наша — сухое, нічога іншага не бачаць вочы нашы, апрача манны». Манна ж была падобная да насення каляндры і мела выгляд, як бдалах. А народ хадзіў вакол, і збіраў яе, і малоў у жорнах або тоўк у ступе ды варыў у гаршку, і рабіў з яе аладкі; са смакам хлеба, прыгатаванага на аліўкавым алеі. І калі ўначы раса ападала на лагер, ападала адначасова і манна. Такім чынам, Майсей чуў, як народ плача па сем’ях, кожны ля ўваходу ў палатку сваю. І вельмі ўзгарэлася абурэнне Госпада; бо невыноснай для Майсея была ўбачаная ім рэч, і казаў ён Госпаду: «Чаму Ты мучыш паслугача Свайго? Чаму не магу я знайсці ласкі ў Цябе? І чаму Ты ўсклаў на мяне ўвесь цяжар народа гэтага? Ці ж з мяне пачаўся ўвесь гэты народ або з мяне нарадзіўся, што кажаш мне: “Насі яго ў сэрцы сваім, як носіць звычайна карміцелька немаўля, ды адвядзі яго ў зямлю, якою прысягнуў Я бацькам яго”? Адкуль узяць мне мяса, каб есці нам? З плачам наракаюць на мяне, кажучы: “Дай нам мяса, каб наесціся!” Не магу адзін вытрымліваць увесь гэты народ, бо занадта цяжкі ён для мяне. Калі такім чынам абыходзішся са мною, прашу, забі мяне, калі маю ласку ў вачах Тваіх, каб не бачыў я болей няшчасця свайго!» І сказаў Госпад Майсею: «Збяры Мне семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, аб якіх ты ведаеш, што яны людзі сталыя і кіраўнікі, і прывядзі іх у палатку сустрэчы, і хай там стаяць разам з табой. А Я сыду і буду гаварыць з табою, і вазьму ад духа твайго, і перадам ім, каб разам з табою пераносілі яны цяжар народа, а не толькі ты быў ім абцяжараны. Таксама народу скажы: “Асвяціцеся, заўтра будзеце есці мяса; бо я чуў плач ваш: “Хто дасць нам есці мяса? Добра было нам у Егіпце”. І дасць вам Госпад мяса, і будзеце есці не адзін дзень, ані два або пяць, або дзесяць, ані дваццаць нават, але ўвесь месяц, аж пакуль яно не выйдзе праз ноздры вашы і не вернецца ванітамі, бо адвярнуліся вы ад Госпада, Які паміж вас, і наракалі на Яго, кажучы: “Чаму выходзілі мы з Егіпта?”» І сказаў Майсей: «Шэсцьсот тысяч пешых у гэтым народзе, а Ты кажаш: “Я дам ім есці мяса цэлы месяц!” Ці мноства авечак і валоў будзе забіта, каб маглі яны наесціся? Або ўсе рыбы мора збяруцца ў адно, каб іх насыціць?» Адказаў яму Госпад: «Ці ж рука Госпада скарацілася? Ужо цяпер убачыш, ці слова Маё спаўняецца на справе, ці не». Дык выйшаў Майсей і абвясціў народу словы Госпада, і склікаў семдзесят чалавек са старэйшын Ізраэля, якіх паставіў вакол скініі. А Госпад сышоў у воблаку і гаварыў з імі, узяўшы ад духа, які быў у Майсеі, і перадаўшы сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі дух супачыў на іх, прарочылі яны, а потым пакінулі. А два чалавекі засталіся ў лагеры, адзін з іх зваўся Эльдад, а другі — Мэдад; на іх таксама сышоў дух, бо і яны былі прызначаны, толькі не пайшлі ў палатку. І, калі яны прарочылі ў лагеры, прыбег юнак да Майсея і паведаміў яму, кажучы: «Эльдад і Мэдад прарочаць у лагеры». Адразу ж Ешуа, сын Нуна, які ад юнацтва свайго быў на паслузе ў Майсея, сказаў: «Гаспадару мой, Майсей, забарані ім!» Але Майсей адказаў: «Ці не раўнуеш ты за мне? О, калі б усе ў народзе былі прарокі, калі б даў ім Госпад Духа Свайго?» І Майсей і старэйшыны Ізраэля вярнуліся ў лагер. Але падняўся вецер ад Госпада, і прынёс з-за мора перапёлак, і кінуў іх каля лагера на дарозе, на дзень дарогі з аднаго боку і дзень дарогі з другога боку лагера, амаль на два локці ад зямлі. Дык паўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч, і ўвесь наступны дзень збіралі перапёлак; хто мала сабраў, прынёс дзесяць звязак; і параскладалі іх вакол лагера. Яшчэ мяса было на іх зубах і хапала гэтай ежы, і вось, узгарэлася абурэнне Госпада супраць народа і ўдарыў яго Госпад вельмі вялікай плягаю. І тое месца названа Кіброт-Гатава; бо там пахавалі прагавіты народ. А выйшаўшы з Кіброт-Гатавы, прыбылі ў Асэрот і там затрымаліся.
А Мірыям і Аарон гаварылі супраць Майсея з-за яго жонкі-кушыткі і казалі: «Ці ж толькі праз аднаго Майсея гаварыў Госпад? Ці таксама і праз нас не гаварыў Ён?» Калі пачуў гэта Госпад — а Майсей быў найпакорлівейшы з усіх людзей, якія жылі на зямлі, — сказаў раптам Госпад да Майсея і да Аарона, і да Мірыям: «Толькі вы ўтраіх падыдзіце да палаткі сустрэчы». І, калі яны падышлі, Госпад сышоў у слупе воблачным і затрымаўся ля ўваходу ў палатку, клікаючы Аарона і Мірыям. Калі яны ўвайшлі, сказаў Ён ім: «Слухайце словы Мае! Калі хто паміж вас будзе прарок Госпадаў, Я з’яўлюся яму ў з’яве, або ў снах буду гаварыць з ім. Але не такі паслугач Мой Майсей, які найвярнейшы ва ўсім доме Маім! Бо вуснамі ў вусны кажу яму, і адкрыта, а не праз згадкі і ўяўленні бачыць ён Госпада! Дык чаму асмеліліся вы дакараць паслугача Майго Майсея?» І, загневаўшыся на іх, Ён адышоў, таксама знікла воблака, што было над скініяй; і вось, Мірыям зрабілася белая, як снег, ад праказы. І калі Аарон павярнуўся да яе і ўбачыў яе, пашкоджаную праказай, сказаў ён Майсею: «Прашу, гаспадару мой, не карай нас за той грэх, які мы ўчынілі па дурноце, каб не была яна, быццам мёртвая і як выкідыш, які выходзіць з улоння маці сваёй». І прасіў Майсей Госпада, кажучы: «Божа, прашу, аздараві яе!» Адказаў яму Госпад: «Калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, ці не павінна была б яна сем дзён чырванець ад сораму? Хай яна на сем дзён аддзеліцца ад лагера, а потым вернецца». Дык выдалена была Мірыям па-за лагер на сем дзён, а народ не рухаўся з таго месца, пакуль Мірыям не вярнулася.
І народ выйшаў з Асэрота, паставіўшы палаткі ў пустыні Паран. Там сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Пашлі людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаан, якую Я маю даць сынам Ізраэля, па адным ад кожнага пакалення кіраўнікоў». Што Госпад загадаў, тое і зрабіў Майсей, і паслаў мужчын князей з пустыні Паран, вось імёны іх: з пакалення Рубэна — Самуа, сына Закхура; з пакалення Сімяона — Сафата, сына Горы; з пакалення Юды — Калеба, сына Ефоны; з пакалення Ісахара — Ігал, сына Язэпа; з пакалення Эфраіма — Осію, сына Нуна; з пакалення Бэньяміна — Палці, сына Рэфу; з пакалення Забулона — Гэдзіэля, сына Содзі; з пакалення Язэпа, пакалення Манасы — Гадзі, сына Сусі; з пакалення Дана — Аміэля, сына Гэмалі; з пакалення Асэра — Стура, сына Міхаэля; з пакалення Нэфталі — Нагабі, сына Вафсі; з пакалення Гада — Гуэля, сына Махі. Гэта вось імёны мужчын, якіх паслаў Майсей для выведвання зямлі. І Осію, сына Нуна, назваў Майсей потым Ешуа. Дык паслаў іх для выведвання зямлі Ханаан Майсей і сказаў ім: «Ідзіце праз Нагэб. І калі прыйдзеце ў горы, агледзьце зямлю, якая яна, і народ, жыхароў той зямлі, ці моцны ён, ці кволы, ці нямногія лікам, ці шматлікія; а сама зямля, — ці добрая, ці ліхая; якія гарады, ці абмураваныя, ці без муроў; ці глеба ўрадлівая, ці пустая, лясістая, ці без дрэў. Будзьце адважнымі і прынясіце нам пладоў той зямлі». А быў час, калі ўжо можна было есці ранні вінаград. І калі яны пайшлі, то разведалі зямлю ад пустыні Сін па Рагоб паблізу Эмата. І дайшлі да Нагэба, і прыйшлі ў Геброн, дзе жылі Ахіман, і Сэсай, і Талмай, сыны Анака. Бо Геброн быў заснаваны на сем гадоў раней, чым Танея, горад егіпецкі. І дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, зрэзалі вінаградную галінку з яе вінаградам, які неслі на жэрдцы два мужчыны. Неслі таксама яблыкі гранатавыя і фігі той мясцовасці, што была названа далінай Нэгэлескал, таму што адтуль сыны Ізраэля неслі вінаград. І вярнуліся выведчыкі зямлі па сарака днях, абышоўшы кожную вобласць, прыйшлі да Майсея і Аарона і ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў пустыню Паран, што ў Кадэсе. І расказвалі ім, і паказалі плады той зямлі ўсёй грамадзе, і распавядалі, гаворачы: «Прыбылі мы ў зямлю, у якую паслаў ты нас, якая сапраўды ацякае малаком і мёдам, як можна пераканацца з гэтых пладоў. Але жыхароў мае яна найдужэйшых і гарады вялікія і абмураваныя. Бачылі мы там род Анака; амалекцы жывуць у Нагэбе; хетэі, і евусеі, і амарэі — у гарах, а хананеі жывуць каля мора і на берагах Ярдана». Між тым Калеб, супакойваючы абурэнне народа супраць Майсея, казаў: «Пойдзем і здабудзем зямлю, бо мы зможам авалодаць ёю». Іншыя ж, хто быў з ім, казалі: «Ніякім чынам не зможам ваяваць з тым народам, бо ён дужэйшы за нас». І гаварылі ліхія весткі пра зямлю, якую агледзелі, паміж сыноў Ізраэля, кажучы: «Зямля, якую мы агледзелі, пажырае жыхароў сваіх; народ, які мы бачылі, — высокага росту; бачылі мы там волатаў, сыноў Анака з роду волатаўскага, і ў параўнанні з імі мы выглядалі саранчою».
Дык увесь народ ў тую ноч плакаў уголас, і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраэля, гаворачы: «Лепш было б, каб мы паўміралі ў Егіпце або ў той бязлюднай пустыні! Навошта завёў нас Госпад у гэтую зямлю, каб мы загінулі ад меча, а жонкі і дзеці нашы пайшлі ў палон? Ці не лепш нам вярнуцца ў Егіпет? Адзін аднаму казалі: “Паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет”». Пачуўшы гэта, Майсей і Аарон палі вобліч на зямлю перад усёй грамадою сыноў Ізраэля. А Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, якія самі аглядалі зямлю, раздзёрлі шаты свае і казалі ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Зямля, якую мы абышлі, вельмі добрая. Калі ласкавы будзе Госпад, то ўвядзе нас у яе і дасць нам зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Не бунтуйце супраць Госпада і не палохайцеся народа той зямлі, бо, як хлеб, мы можам іх праглынуць. Адышла ад іх уся дапамога; Госпад з намі; не бойцеся». І калі ўся грамада залямантавала і хацела іх укаменаваць, над палаткай сустрэчы з’явілася слава Госпада перад усімі сынамі Ізраэля, і прамовіў Госпад да Майсея: «Дакуль будзе зневажаць Мяне народ гэты? І дакуль не будзе ён верыць усім знакам, якія Я ўчыніў перад ім? Такім чынам, Я адведаю іх пошасцю і вынішчу; з цябе ж зраблю вялікі народ, мацнейшы за іх». І Майсей сказаў Госпаду: «Хай пачуюць егіпцяне, з грамады якіх вывеў Ты народ гэты магутнасцю Сваёй, і хай яны скажуць жыхарам той зямлі, бо яны чулі, што Ты, Госпадзе, знаходзішся ў народзе гэтым і паказваешся тварам да твару, і воблака Тваё пакрывае іх, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы — у слупе вогненным. І калі гэты народ заб’еш да апошняга чалавека, народы, якія чулі голас Твой, скажуць: “Госпад не мог увесці народ у зямлю, аб якой ім прысягнуў, таму забіў іх у пустыні!” Дык хай уславіцца магутнасць Госпада, як Ты прысягнуў, кажучы: “Госпад цярплівы ў бязмежнай міласэрнасці, што прабачае правіннасць і злачынствы і не пакідае нікога без пакарання, Ён карае грахі бацькоў на сынах да трэцяга і чацвёртага пакалення”. Малю, даруй грэх народу гэтаму дзеля вялікай міласэрнасці Тваёй, як Ты быў ласкавы да народа гэтага ад Егіпта аж да гэтага месца». І сказаў Госпад: «Вось жа, Я прабачаю паводле слова твайго. Я жыву, і слава Госпада напаўняе ўсю зямлю! І ўсё ж людзі, якія бачылі веліч Маю і знакі, якія чыніў Я ў Егіпце і ў пустыні, спакушалі Мяне ўжо дзесяць разоў і не слухаліся голасу Майго, не пабачаць яны зямлі, якою прысягнуў Я бацькам іх, і ніхто з тых, хто зневажаў Мяне, не будзе аглядаць яе. Паслугача Свайго Калеба, поўнага іншага духа, які ідзе за Мною, увяду Я ў тую зямлю, якую ён абышоў, і нашчадкі яго авалодаюць ёю. Таму што Амалек і хананеі жывуць у далінах, заўтра здыміцеся з лагера і вярніцеся ў пустыню шляхам да Чырвонага мора». І казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: «Дакуль гэтая грамада найгоршая будзе наракаць на Мяне? Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля. Таму скажы ім: “Жыву Я, кажа Госпад, як вы гаварылі, бо Я чуў, гэтак зраблю вам! У гэтай пустыні будуць ляжаць трупы вашы! Усе, што палічаны былі ад дваццаці гадоў і вышэй і што наракалі на Мяне, не ўвойдзеце вы ў зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб пасяліць вас, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна. Дзяцей жа вашых, пра якіх вы гаварылі, што будуць яны здабычай ворагаў, Я ўвяду, каб убачылі зямлю, якая вам не спадабалася. Вашы трупы будуць ляжаць у гэтай пустыні; сыны вашы будуць пастухамі ў пустыні сорак гадоў і будуць цярпець за распусту вашу, пакуль не знікнуць трупы вашы ў пустыні. Па ліку сарака дзён, на працягу якіх аглядалі вы зямлю, — год будзе залічаны за дзень, — сорак гадоў вы будзеце выносіць несправядлівасці вашы і даведаецеся, што такое помста Мая. Я, Госпад, сказаў і так зраблю гэтай найгоршай грамадзе, што ўзбунтавалася супраць Мяне: у гэтай пустыні вы загінеце і памраце”». Такім чынам, усе людзі, якіх паслаў Майсей на агляданне зямлі і якія, вярнуўшыся, прымусілі ўсю грамаду наракаць, падаючы ліхія весткі аб зямлі, памерлі і былі ўдараны ў прысутнасці Госпада. Аднак Ешуа, сын Нуна, і Калеб, сын Ефоны, засталіся жывымі з усіх, хто хадзілі аглядаць зямлю. І ўсе гэтыя словы пераказаў Майсей усім сынам Ізраэля, і народ вельмі засмуткаваў. І вось, устаўшы раніцай, узышлі яны на вяршыню гары і казалі: «Гатовы мы пайсці ў зямлю, пра якую казаў Госпад, бо мы зграшылі», Майсей сказаў ім: «Чаму вы пераступаеце слова Госпада? Гэта не пойдзе вам на карысць. Не ідзіце, бо няма Госпада з вамі, каб не загінулі вы ад ворагаў вашых! Амалекцы і хананеі перад вамі, ад іх меча загінеце, таму што вы не пажадалі знайсці супакой у Госпадзе, і не будзе з вамі Госпад». Але, ахутаныя цемраю, яны ўзышлі на вяршыню гары; каўчэг жа Госпадава запавету і Майсей не выйшлі з лагера. І выйшлі амалекцы і хананеі, што пражывалі на гары, і, удараючы іх і забіваючы, гналі іх аж да Хормы.
Казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Паведамі сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю пражывання вашага, якую Я дам вам, і будзеце складаць ахвяру Госпаду, цэласпаленні або ахвяру, выконваючы абяцанні, або прыносячы добраахвотна дары, або ў час святкаванняў вашых, выкурваючы прыемны Госпаду пах з валоў ці авечак, хай той, хто прыносіць ахвяру, прынясе ў ахвяру з ежы дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, што мае колькасць чацвёртай часткі гіна, як ахвяру з вадкасці павінен даць разам з ахвярай цэласпалення або з ахвярай прымірэння чацвёртую частку гіна віна на кожнае ягня. Да бараноў хай будзе ахвяра з дзвюх трэціх эфы пшанічнай мукі, якая хай будзе запраўлена трэцяй часткай гіна алею, а да паху, прыемнага Госпаду, хай прынясе віна для ўзлівання — трэцюю частку таго ж памеру. Калі складзеце цэласпаленне з бычкоў або ахвяру, каб споўніць абяцанне, або ў ахвяру прымірэння Госпаду, дай па адным бычку на тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, запраўленай паловай гіна алею, і віна для ўчынення ўзліванняў той жа колькасці ў ахвяру дзеля паху, найпрыемнейшага для Госпада. Так трэба рабіць пры кожнай ахвяры з бычка або барана, або авечак, або коз. Паводле ліку ахвяр, якія вы складаеце, так рабіце пры кожнай, паводле ліку іх. Кожны тутэйшы па тым жа парадку хай прыносіць ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага для Госпада. А ўсякі чужаземец, што пражывае ў вас, або які пасяліўся сярод вас у пакаленнях вашых, хай складае ахвяру з агню дзеля паху, прыемнага Госпаду, тым жа чынам, што і вы. Адна пастанова хай будзе для вас і для чужаземцаў ва ўсе пакаленні вашы перад Госпадам. Адзін закон і адно прыказанне хай будзе як для вас, так і для чужаземцаў, што прабываюць у вас”». Казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы прыйдзеце ў зямлю, якую Я вам дам, і калі будзеце есці хлеб з той зямлі, то аддзяліце перш асаблівы дар Госпаду. Ад першага цеста вашага пірог прынясіце як асаблівы дар з току. Будзеце складаць пяршыні цеста як асаблівы дар Госпаду ва ўсе пакаленні вашы. Калі праз няведанне вы не споўніце што-небудзь з таго, што перадаў Госпад праз Майсея і загадаў вам праз яго, ад дня, у які Госпад загадаў гэта, і далей да пакаленняў вашых, калі будзеце вы далёка ад вачэй грамады, хай грамада складзе ў ахвяру цэласпалення цяля са статка дзеля паху, прыемнага Госпаду; і ахвяру на ўзліванні да яго, як патрабуе цырымонія, і казла за грэх. Хай святар ачысціць усю супольнасць сыноў Ізраэля, і хай будзе ім адпушчана, бо яны зграшылі не добраахвотна, і ўсё ж прыносячы ахвяру агню для Госпада за сябе, і за грэх, і за памылку сваю. І хай адпушчана будзе ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля, і чужаземцам, што пражываюць сярод іх, бо была гэта віна ўсяго народа па няведанні. Бо калі адна душа грашыць па няведанні, то хай прынясе аднагадовую казу за грэх свой. І святар хай ачысціць яе за тое, што па няведанні зграшыла перад Госпадам; і ён ачысціць яе, і хай будзе адпушчана ёй. Хай будзе адзін закон для ўсіх, як для тутэйшых, так і для чужаземцаў, для тых, хто зграшыў па няведанні. А душа, якая ўчыніла што-небудзь свядома, ці то тутэйшы, ці то чужаземец, бо была бунтаром супраць Госпада, будзе вынішчана душа тая з народа свайго. Бо яна пагрэбавала словам Госпада і парушыла прыказанне Яго; таму будзе яна знішчана і панясе адказнасць за грэх свой”». І здарылася, калі сыны Ізраэля прабывалі ў пустыні і напаткалі чалавека, што збіраў дровы ў дзень суботы, яны прывялі яго да Майсея і Аарона і да ўсёй грамады, якія ўзялі яго пад варту, не ведаючы, што з ім павінны зрабіць. І Госпад сказаў Майсею: «Гэты чалавек павінен памерці; хай уся грамада ўкамянуе яго па-за лагерам». І калі яны вывелі яго па-за лагер, укаменавалі яго, як загадаў Госпад, і памёр ён. І зноў кажа Госпад Майсею: «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім, каб зрабілі сабе махры па краях шатаў сваіх, укладваючы ў іх стужкі фіялетавыя. Калі іх убачыце, прыгадаеце ўсе прыказанні Госпада і споўніце іх, і не ідзіце за думкамі вашымі і вачамі, якія аддаюцца распусце праз розныя рэчы, але, памятаючы ўсе Мае прыказанні, спаўняйце іх, і будзеце святымі перад Богам вашым. Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць Богам вашым. Я — Госпад, Бог ваш!»
І вось Корэ, сын Ісаара, сына Кагата, сына Леві, і Датан і Абірам, сыны Эліяба, таксама Гон, сын Пэлета, з сыноў Рубэна, паўсталі супраць Майсея разам з іншымі сынамі Ізраэля, — дзвесце пяцьдзесят чалавек, кіраўнікі супольнасці, пакліканыя на сход, людзі вядомыя. І калі выступілі яны супраць Майсея і Аарона, яны казалі: «Хопіць вам, бо ўся супольнасць, усе — святыя, і сярод іх ёсць Госпад! Чаму вы ставіце сябе вышэй за грамаду Госпадаву?» Калі пачуў гэта Майсей, упаў на твар і сказаў Корэ і ўсяму сходу: «Раніцай пакажа Госпад, хто да Яго належыць і хто святы, каб прытуліць да Сябе; і каго Ён выбера, таго Ён наблізіць да Сябе. Дык вось што зрабіце: ты, Корэ, і ўвесь твой сход вазьміце кожны кадзільніцу сваю; і калі заўтра будзе запалены агонь, пакладзіце іх на кадзіла перад Госпадам; і каго выбера Госпад, той святы. Досыць вам, сыны Леві!» І сказаў Майсей зноў Корэ: «Слухайце, сыны Леві: ці мала вам, што Бог Ізраэля аддзяліў вас ад усёй супольнасці Ізраэля і далучыў вас да Сябе, каб вы служылі Яму ў скініі Госпада і каб стаялі перад шматлікім народам і служылі за яго? Таму Ён дапусціў цябе да Сябе і ўсіх братоў тваіх, сыноў Леві, а вы дамагаецеся яшчэ святарства для сябе, і ўвесь твой сход паўстаў супраць Госпада? Кім жа ёсць Аарон, каб вы наракалі на яго?» Дык паслаў Майсей, каб паклікаць Датана і Абірама, сыноў Эліяба, але яны сказалі: «Не пойдзем! Ці мала табе, што ты вывеў нас з зямлі, што ацякала малаком і мёдам, каб загубіць нас у пустыні, і яшчэ хочаш валадарыць над намі? На самай справе не ўвёў ты нас у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, і не даў нам ва ўласнасць палёў і вінаграднікаў! Ці ты хочаш вочы гэтых людзей асляпіць? Не пойдзем!» І Майсей разгневаўся надта і сказаў Госпаду: «Не прымай іх ахвяры. Ты ведаеш, што я ніколі не ўзяў бы нават асла ад іх і нікому з іх я не ўчыніў крыўды». І сказаў Майсей Корэ: «Заўтра ты і ўвесь сход твой паасобку станьце перад Госпадам, ты і Аарон асобна. І вазьміце кожны сваю кадзільніцу і пакладзіце на іх кадзіла, прыносячы Госпаду дзвесце пяцьдзесят кадзільніц; ты і Аарон трымайце кожны сваю кадзільніцу». І ўзяў кожны сваю кадзільніцу, паклаўшы ў іх агонь і духмянасці, і сталі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. Гэта ж зрабілі Майсей і Аарон. Корэ сабраў насупраць іх увесь сход ля ўваходу ў палатку сустрэчы, з’явілася перад усімі слава Госпада. І Госпад сказаў Майсею і Аарону, гаворачы: «Адлучыцеся ад сходу гэтай грамады, каб Я іх знішчыў у момант». Яны тады ўпалі на твар і сказалі: «Божа, Божа, ад Якога залежыць жыццё ўсяго жывога, ці Сваім гневам хочаш усіх ахапіць, калі хто адзін зграшыў?» І сказаў Госпад Майсею: «Загадай усяму народу, каб адышлі яны ад жылля Корэ, Датана і Абірама». І ўстаў Майсей, і пайшоў да Датана і Абірама, а старэйшыны Ізраэля пайшлі за ім, і сказаў ён натоўпу: «Адыдзіце ад жылля бязбожных людзей і не дакранайцеся ні да чаго, што ім належыць, каб не ўпасці ў іх грахі!» І калі кругом адышліся яны ад жылля іх, Датан і Абірам, выйшаўшы, сталі перад уваходам у свае палаткі разам са сваімі жонкамі, сынамі і малымі дзецьмі. І сказаў Майсей: «З гэтага пазнаеце, што Госпад паслаў мяне, каб я чыніў усё, што бачыце, і што гэта не ад свайго сэрца я прапанаваў вам: калі яны памруць звычайнаю смерцю людзей і іх спасцігне кара, якая звычайна спасцігае астатніх, то Госпад не паслаў мяне. А калі Госпад даканае штосьці незвычайнае, што зямля разявіць пашчу сваю і праглыне іх і ўсё, што ім належыць, і жывыя трапяць яны ў пекла, то ведайце, што яны ганьбілі Госпада». Такім чынам зараз жа, як перастаў гаварыць, расступілася зямля пад іх нагамі і, разявіўшы пашчу сваю, праглынула іх разам з іх сем’ямі, усіх людзей Корэ з усёй іх маёмасцю; і жывыя трапілі яны ў пекла, зямлёю накрытыя, і былі вынішчаны з грамады. Усе ж ізраэльцы, што стаялі навокал, паўцякалі, кажучы на лямант тых, хто гінуў: «Каб часам і нас зямля не праглынула». Затым агонь, выйшаўшы ад Госпада, спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек, якія неслі кадзіла. І гаварыў Госпад Майсею, кажучы: «Загадай Элеязэру, сыну Аарона святара, каб сабраў кадзільніцы, што ляжалі на папялішчы, і каб ён параскідаў агонь сям-там, бо яны асвяціліся ў смерці грэшнікаў; хай з іх зробіць пласцінкі і прымацуе іх да ахвярніка, таму што іх прынеслі Госпаду, і яны асвяціліся, каб быць сынам Ізраэля перасцярогай». Такім чынам, прынёс святар Элеязэр медныя кадзільніцы, з якімі прыйшлі тыя, каго спаліў пажар, і перарабіў іх на пласціны, што прымацоўваюцца да ахвярніка, каб потым ведалі сыны Ізраэля, каб памяталі, каб ніхто чужы, хто не належыць да нашчадкаў Аарона, не прыходзіў, каб несці кадзіла перад Госпадам, каб не сталася з ім тое, што з Корэ і супольнікамі яго, як казаў Госпад Майсею. А назаўтра ўся грамада сыноў Ізраэля наракала на Майсея і Аарона, кажучы: «Вы загубілі народ Госпадаў». І калі сабралася супольнасць супраць Майсея і Аарона, яны накіраваліся да палаткі сустрэчы; у той час воблака ахутала палатку і з’явілася слава Госпада. Майсей і Аарон прыйшлі да палаткі сустрэчы. І сказаў Госпад Майсею: «Адыдзіце ад гэтай грамады, бо вынішчу іх зараз жа». І яны ўпалі на твары свае. Сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі кадзільніцу і, узяўшы агню з ахвярніка, ускладзі кадзіла зверху, паспяшаючы жвава да народа, каб ачысціць яго, бо ўзгарэўся ўжо гнеў Госпада і кара лютуе». Калі гэта зрабіў Аарон і прыбег да грамады, якую ўжо вынішчала кара, ён прынёс кадзіла і ачысціў народ; ён стаў паміж мёртвымі і жывымі, і пляга спынілася. І памерла ад пагібелі, — чатырнаццаць тысяч семсот чалавек, апрача тых, хто загінуў у жыллі Корэ. І вярнуўся Аарон да Майсея да ўваходу ў палатку сустрэчы, пасля чаго спынілася пляга.
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Скажы сынам Ізраэля і вазьмі ад іх па кіі ад кожнага іх пакалення, ад усіх князёў пакаленняў, дванаццаць кіёў, і напішы імя кожнага на яго кіі. А на кіі левітаў напішы імя Аарона, і хай будзе па адным кіі асобна на кожнае пакаленне. І пакладзі іх у палатцы сустрэчы перад каўчэгам сведчання, дзе Я з вамі сустракаюся. Каго з іх Я выберу, хай кій таго закрасуе, і спыню нараканні сыноў Ізраэля, якімі яны наракаюць на вас». І сказаў Майсей сынам Ізраэля, і далі яму ўсе князі кіі ад кожнага пакалення; і было дванаццаць кіёў, і кій Аарона паміж іх. Калі іх паклаў Майсей перад Госпадам у палатцы сустрэчы, на другі дзень, вярнуўшыся, Майсей убачыў, што закрасаваў кій Аарона з пакалення Леві і што выраслі кветкі з набухлых пупышак, якія, закрасаваўшы, ператварыліся ў міндаль. Такім чынам, вынес Майсей ад аблічча Госпада ўсе кіі да ўсіх сыноў Ізраэля; і яны ўбачылі, і кожны ўзяў свой кій. І Госпад сказаў Майсею: «Кій Аарона аднясі назад перад каўчэгам сведчання, каб захаваўся там як знак супраць бунту сыноў Ізраэлевых, і хай спыняць яны нараканні свае на Мяне, каб не загінуць». І Майсей зрабіў, як загадаў Госпад. І сказалі сыны Ізраэля Майсею: «Вось, мы прапалі, мы паміраем, усе паміраем! Хто толькі прыступіцца да скініі Госпада, памірае. Ці ўсе мы да апошняга будзем вынішчаны?»
І сказаў Госпад Аарону: «Ты, і сыны твае, і дом бацькі твайго з табой, будзеце адказныя за правіннасць адносна скініі; ты і сыны твае будзеце адказныя таксама за грахі вашага святарства. Але вазьмі сабе таксама братоў сваіх з пакалення Леві, племя бацькі твайго, хай будуць яны пры табе і хай служаць табе; а ты і сыны твае служыце пры палатцы сустрэчы. І хай левіты рупяцца аб загадах тваіх і аб усіх справах скініі, так, каб не набліжацца да прыналежнасцей свяцілішча і да ахвярніка, каб яны не памерлі, і яны, і вы разам з імі таксама. Яны ж хай будуць з табою і хай рупяцца аб ахове палаткі сустрэчы і аб усёй службе ў ёй; ніводзін чужынец не можа набліжацца да вас. Вы рупцеся аб абслугоўванні скініі і аб абслугоўванні ахвярніка, каб не ўзгарэўся зноў гнеў на сыноў Ізраэля. Узяў Я братоў вашых, левітаў, з грамады сыноў Ізраэля і аддаў іх як дар Госпаду, каб спаўнялі службу ў палатцы сустрэчы. А ты і сыны твае захоўвайце святарства ваша і ва ўсім, што тычыцца ўбрання ахвярніка і месца за заслонаю, служыце. Даю Я вам дар службы святарства, а калі хто чужы наблізіцца, пакараны будзе смерцю». І казаў Госпад Аарону: «Вось, Я даручаю табе нагляд за дарамі Маімі. Усё, што пасвячаецца сынамі Ізраэля, Я перадаю табе і сынам тваім за служэнне святарскае як закон вечны. Такім чынам, з дароў найсвяцейшых, за выключэннем таго, што будзе спалена, вазьмі наступнае: кожны дар і ахвяру за грэх і злачынства, што аддаецца Мне, як рэчы найсвяцейшыя, хай будуць яны належаць табе і сынам тваім. У свяцілішчы павінен ты іх есці; толькі мужчыны могуць есці гэта, бо гэта святыня для цябе. Каштаванне дароў, якія сыны Ізраэля склалі дзеля паднашэння, Я даю табе, і сынам тваім, і дочкам тваім як закон вечны; кожны чысты ў доме тваім хай спажывае іх. Табе Я даю ўсё, што лепшае з алею, з віна і са збожжа, усё, што сыны Ізраэля прыносяць Госпаду як першыя плады. Усе пяршыні пладоў, якія родзіць зямля і якія прыносяцца Госпаду, хай пойдуць табе на ўжыванне: кожны, хто чысты ў доме тваім, хай іх спажывае. Усё, што заклятае ў Ізраэлі, хай тваім будзе. Усё жывое, што першым раскрывае ўлонне маці, што прыносіцца ў ахвяру Госпаду, ці з людзей, ці з жывёлы, хай тваім будзе па праве; зрабі так, каб было выкуплена першароднае ад чалавека і ўсякая жывёла, што з’яўляецца нячыстай. Выкуп гэтага хай бярэцца праз адзін месяц па нараджэнні ў пяць сікляў срэбра па вазе святыні; сікль мае дваццаць гераў. А першароднае каровы, або авечкі, або казы не выкупляй, бо яны прысвечаны Госпаду; толькі кроў іх вылі на ахвярнік, а тлушч іх спалі дзеля паху, найпрыемнейшага Госпаду. Мяса ж хай пойдзе табе на ўжыванне, так, хай тваімі будуць грудзінка ўзнятая і правая лапатка. Усе каштаванні святыя, якія ахвяруюць сыны Ізраэля Госпаду, Я даю табе, і сынам, і дочкам тваім як закон вечны: гэта вечны закон солі перад Госпадам для цябе і дзяцей тваіх». І казаў Госпад Аарону: «У зямлі іх не будзеце мець ніякай уласнасці, і не будзеце мець між імі часткі зямлі: Я — частка твая і спадчына твая ў грамадзе сыноў Ізраэля. А сынам Леві даю Я як спадчыну ўсе дзесяціны Ізраэля за служэнне, якое яны выконваюць для Мяне ў палатцы сустрэчы, каб не набліжаліся больш да палаткі сустрэчы і каб не дапусціліся граху аж да смерці. Адны толькі левіты могуць выконваць служэнне ў палатцы сустрэчы і адказваць за грахі народа; гэта хай будзе закон вечны для пакаленняў вашых; хай не будуць яны мець спадчыны ў грамадзе сыноў Ізраэля. Бо Я даў левітам у спадчыну дзесяціны, якія сыны Ізраэля ахвяроўваюць Госпаду». Акрамя таго, сказаў Я ім: «У грамадзе сыноў Ізраэля не будзеце вы мець уласнасці». І гаварыў Госпад Майсею, кажучы: «Аб’яві левітам і скажы ім: “Калі вы атрымаеце дзесяціны ад сыноў Ізраэля, якія Я даў вам у спадчыну, то вы павінны ўзняць каштаванне іх для Госпада, гэта значыць дзесятую частку ад дзесяці, каб было вам залічана за каштаванне як тое, што з палёў, так і тое, што з давільняў. Так з усяго, з чаго вы атрымліваеце пяршыні ад сыноў Ізраэля, вы павінны ўзносіць Госпаду: павінны даць Аарону святару. Усё, што атрымліваеце з дзесяцін, выдзеліце ў дар Госпаду; хай будзе ён найлепшы і адборны”. І скажы ім: “Калі вы зложыце ў ахвяру з дзесяцінаў усё адборнае і найлепшае, то будзе вам залічана, як быццам вы аддалі плады з тока і давільні; і можаце гэта есці на кожным вашым месцы, як вы, так і сем’і вашы, бо гэта плата за вашу службу ў палатцы сустрэчы. І не грашыце ў гэтым, зберагаючы для сябе адборнае і тлустае, каб не апаганіць ахвяры сыноў Ізраэля і не памерці”».
Казаў Госпад Майсею і Аарону, гаворачы: «Гэта святыня закону, які ўстанавіў Госпад. Скажы сынам Ізраэля, каб прывялі табе рыжую карову без заганы, на якой няма ніякай плямы і на якую яшчэ не ўскладана ярмо. І аддайце яе святару Элеязэру, каб ён вывеў яе па-за лагер, каб яна была забіта ў яго прысутнасці. І, памачыўшы палец у яе крыві, хай ён пакропіць сем разоў дзверы палаткі сустрэчы, і хай спаляць цела яе ў яго прысутнасці, аддаўшы агню як шкуру і мяса яе, так і кроў з нечыстотамі. Хай таксама святар дровы кедравыя і гізоп з пурпурам кіне ў агонь, у якім гарыць карова. І тады нарэшце, памыўшы шаты свае і цела сваё, хай увойдзе ён у лагер, і хай нячысты будзе ён аж да вечара. Потым чалавек чысты хай збярэ попел каровы і высыпле за лагерам у месцы чыстым, каб для супольнасці Ізраэля быў захаваны для прыгатавання вады ачышчэння. Гэта ахвяра за грэх. Той, хто збіраў попел каровы, павінен вымыць сваё адзенне і будзе нячысты аж да вечара. Гэта пастанова вечная як для ізраэльцаў, так і для чужаземцаў, якія ў іх прабываюць. Хто дакранецца да нябожчыка, будзе з-за таго сем дзён нячысты, павінен ён [вадой з попелам каровы] ачысціцца ў трэці і сёмы дзень і тады будзе чысты. Калі ў трэці дзень ён не ачысціцца, то ў сёмы дзень ён не будзе чысты. Кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела чалавека і гэтай сумессю не ачысціўся, зневажае скінію Госпада і будзе вынішчаны з Ізраэля, бо ён не акрапіў сябе вадою ачышчэння, і нячысты ён будзе, і яго нячыстасць застанецца на ім. Гэта закон адносна чалавека, які памірае ў палатцы: кожны, хто ўвойдзе ў гэту палатку, і ўсе пасудзіны, што ў ёй прабываюць, будуць нячыстыя сем дзён. Пасудзіна, што не мае накрыўкі і перавязкі, прымацаванай на шнурку, будзе нячыстай. Будзе нячыстым сем дзён той, хто ў полі дакранецца або да чалавека, забітага мечам, або да таго, хто памёр, або да касцей яго, або да магілы. І хай яны возьмуць попелу той спаленай ахвяры за грэх і хай нальюць на яго жывой вады ў пасудзіну; калі чалавек чысты памочыць у гэтым гізоп, хай пакропіць ім усю палатку, і ўвесь посуд, і людзей, якія будуць там, і таксама таго, хто дакрануўся да касцей, або забітага, або да таго, хто памёр, або да магілы. І такім чынам хай ачысціць чалавек чысты нячыстага ў трэці і сёмы дзень; і хай ён, ачышчаны, у сёмы дзень вымые сябе і сваё адзенне і ўвечары будзе чыстым. Калі хто гэтым спосабам не ачысціцца, то будзе вынішчана душа яго з грамады, бо ён апаганіў скінію Госпадаву; вадою ачышчэння ён не быў пакроплены, ён нячысты. Гэта будзе вам законам ва ўсе векі; таксама той, хто кропіць вадой ачышчэння, хай вымые адзенне сваё; кожны, хто дакранецца да вады ачышчэння, нячысты будзе аж да вечара. Усё, да чаго дакранецца нячысты, а таксама асоба, якая дакранецца да чаго-небудзь з гэтага, будуць нячыстымі аж да вечара».
У першы месяц сыны Ізраэля і ўся супольнасць прыбылі ў пустыню Сін, і затрымаўся народ у Кадэсе. І там памерла Мірыям, і была яна пахавана ў тым самым месцы. І, калі ў народа не было вады для піцця, выступілі яны супраць Майсея і Аарона, і, усхваляваўшыся, яны казалі: «Лепш бы мы загінулі разам з братамі нашымі перад Госпадам! Навошта вывелі вы супольнасць Госпадаву ў пустыню, каб мы разам з нашай жывёлай загінулі? Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта і завялі нас у гэтае месца найгоршае, дзе сеяць нельга, дзе фігавае дрэва не расце, ані вінаград, ані дрэвы гранатавыя, і нават вады няма для піцця?» Майсей і Аарон, адышоўшы ад натоўпу, прыйшлі да ўваходу ў палатку сустрэчы і ўпалі ніц на зямлю, і з’явілася слава Госпадава над імі. І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Вазьмі кій, і ты, і Аарон, брат твой, збярыце народ і скажыце скале, што перад вамі, а яна дасць вады. І калі пацячэ з яе вада, прывядзі грамаду і яе жывёлу». Дык Майсей па загадзе Госпада ўзяў кій, што быў перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму. Майсей і Аарон сабралі народ перад скалою і сказалі яму: «Слухайце, бунтаўнікі! Ці зможам мы з гэтай скалы вывесці ваду для вас?» І калі ўзняў Майсей руку, ударыўшы кіем два разы ў скалу, выйшлі воды найбагацейшыя, так што напіўся і народ, і жывёла. І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «За тое, што не паверылі вы Мне, каб выявіць Маю святасць перад сынамі Ізраэля, не ўвядзеце гэтых людзей у зямлю, якую Я даў ім». Гэта вада Мэрыбы, дзе ўзбунтаваліся сыны Ізраэля супраць Госпада і дзе Ён выявіў Сваю святасць перад імі. З Кадэса паслаў Майсей паслоў да цара Эдома, каб яны сказалі: «Так кажа брат твой, Ізраэль: “Ты ведаеш усе беды, якія ахапілі нас, калі перабраліся бацькі нашы ў Егіпет і мы пражылі там шмат часу, і як егіпцяне вынішчалі нас і бацькоў нашых, і як мы клікалі Госпада, і як выслухаў Ён нас, і паслаў Анёла, Які вывеў нас з Егіпта. І вось мы ў горадзе Кадэсе, што знаходзіцца пры межах тваіх, размясціліся і просім, каб нам дазволена было прайсці праз зямлю тваю: не пойдзем мы праз палі і вінаграднікі, і не будзем піць ваду са студняў тваіх; але пойдзем дарогай царскай, не адхіляючыся ані ў правы, ані ў левы бок, пакуль не мінём межаў тваіх”». Адказаў ім Эдом: «Не ідзі праз мяне, бо перайму цябе са зброяй». І сказалі сыны Ізраэля: «Мы пойдзем бітаю дарогай, а калі будзем піць ваду, мы і жывёла наша, заплацім, што належыць: не будзе ніякай цяжкасці з платай; мы толькі хутка пройдзем». Але Эдом адказаў: «Не пройдзеце!» І адразу выйшаў Эдом супраць іх з безліччу войска і добра ўзброены, і забараніў Эдом Ізраэлю, каб ён пераходзіў межы яго; дык Ізраэль накіраваўся ў іншы бок ад яго. І калі яны зняліся з лагера з Кадэса, яны прыбылі пад гару Гор, дзе сказаў Госпад Майсею і Аарону, — там, на гары Гор, што знаходзіцца на мяжы зямлі Эдома: «Хай Аарон, — сказаў Ён, — будзе далучаны да народа свайго, бо ён не ўвойдзе ў зямлю, якую Я даў сынам Ізраэля, таму што вы бунтавалі супраць волі Маёй ля водаў Мэрыбы. Вазьмі Аарона і сына яго Элеязэра і завядзі іх на гару Гор. І калі здымеш з бацькі адзенне яго, апрані ў яго Элеязэра, сына яго: Аарон хай адыдзе і там памрэ». Майсей зрабіў, як Госпад загадаў; узышлі яны на гару Гор у прысутнасці ўсёй супольнасці. І калі Аарон скінуў шаты свае, ён апрануў у іх Элеязэра, сына яго. Калі памёр Аарон на вяршыні гары, Майсей з Элеязэрам сышлі ўніз. А калі ўся супольнасць Ізраэля ўбачыла, што памёр Аарон, плакаў аб ім увесь дом Ізраэля трыццаць дзён.
Калі цар Арада, хананей, які пражываў у Нагэбе, даведаўся, што ізраэльцы падыходзяць дарогай ад Атарыма, напаў ён на Ізраэль, і ўзяў палонных з яго. Тады Ізраэль, звязваючы сябе абяцаннем Госпаду, сказаў: «Калі Ты выдасі народ гэты ў нашы рукі, то мы разбурым гарады яго». І выслухаў Госпад малітву Ізраэля, і даў ім хананеяў, якіх яны забілі, разбурыўшы гарады іх, і назвалі месца тое Хорма. І з гары Гор ішлі яны ў напрамку Чырвонага мора, каб абысці зямлю Эдом. І ў дарозе народ страціў цярплівасць. І пачалі яны наракаць на Бога і Майсея, і казалі: «Навошта вы вывелі нас з Егіпта, каб мы памерлі ў пустыні? Няма хлеба, няма вады; душа наша ўжо гадзіцца гэтай нягоднаю ежаю». Таму паслаў Госпад на народ пякучых змеяў, якія кусалі народ, і памерла шмат народа з Ізраэля. І прыйшоў народ да Майсея, і скардзіўся: «Зграшылі мы, бо плявузгалі супраць Госпада і супраць цябе; маліся Госпаду, каб забраў Ён ад нас гэтых змеяў». І маліўся Майсей за народ. І сказаў Госпад яму: «Зрабі сабе змея і падымі яго замест знака; хто, укушаны, гляне на яго, будзе жыць». Дык зрабіў Майсей меднага змея і змясціў яго замест знака; і калі хто, укушаны змеямі, глядзеў на меднага змея, ён аздараўляўся. І выйшлі сыны Ізраэля, і расклаліся лагерам у Абоце, выйшаўшы адтуль, яны паставілі палаткі ў Еабарыме, у пустыні, што глядзіць на Мааб, на ўсходні бок. І адтуль пайшлі далей да ручая Зарэд; пакінуўшы яго, расклаліся лагерам за ручаём Арнон, што цячэ ў пустыні, пачынаючыся з зямлі амарэяў. Бо Арнон утварае мяжу між маабцамі і амарэямі. Таму сказана ў Кнізе войнаў Госпада: «Вагэб каля Суфа і ручаёў Арнона. Уцёсы ручаёў ідуць да мясцовасці Ар і прылягаюць да межаў Мааба». Адгэтуль рушылі ў Бээр. Гэта тая студня, аб якой сказаў Госпад Майсею: «Збяры народ, і Я дам ім вады». Тады заспявалі ізраэльцы гэтую песню: «Напаўняйся, студня, спявайце аб ёй! Студня, якую выкапалі князі і падрыхтавалі кіраўнікі народа скіпетрамі і жэзламі сваімі». З пустыні яны вырушылі ў Матану; з Матаны ў Нагаліэль, з Нагаліэля ў Бамот; з Бамота ў даліну, што ў зямлі Мааб, каля вяршыні гары Пісга, што ўзвышаецца над пустыняй. І паслаў Ізраэль паслоў да Сэгона, цара амарэяў, каб яму сказаць: «Прашу, дазволь мне прайсці праз зямлю тваю, і не збочым мы на палі і на вінаграднікі, не будзем піць вады са студняў. Пойдзем простаю дарогай, пакуль не пройдзем твае межы». Але Сэгон не дазволіў Ізраэлю прайсці праз свае межы; і нават, сабраўшы народ, пераняў іх у пустыні, і прыйшоў у Ясу, і напаў на Ізраэль. Аднак ён быў удараны ім з дапамогаю меча, і заняў Ізраэль зямлю яго ад Арнона да Ябока сыноў Амона; бо вартаю ахоўваліся межы аманіцян. І авалодаў Ізраэль усімі тымі гарадамі, і абжыўся ў гарадах амарэяў, гэта значыць у Хесебоне і ваколіцах яго. Бо Хесебон быў горадам Сэгона, цара амарэяў, які ваяваў з папярэднім царом Мааба і заваяваў у яго ўсю зямлю аж да Арнона. Таму гаворыцца ў прымаўцы: «Ідзіце ў Хесебон! Няхай будзе адбудаваны і ўмацаваны горад Сэгона! Агонь выйшаў з Хесебона, полымя з горада Сэгона, і спаліў Ар-Мааб і праглынуў узгоркі Арнона. Гора табе, Мааб; прапаў ты, народ Хамоса! Прымусіў ён сыноў тваіх да ўцёкаў, а дачок тваіх — у палон Сэгону, цару амарэяў. Пусцілі мы стрэлы ў іх, загінуў Хесебон да Дыбона. Знішчылі мы ўсё да Нофы і да Мэдабы». Так абжыўся Ізраэль у зямлі амарэя. Пасля паслаў Майсей лазутчыкаў, каб агледзелі Язэр, і яны захапілі яго ваколіцы, а амарэяў, што былі там, выгналі. Далей павярнуліся і пайшлі ў бок Басана, і сустрэўся з імі Ог, цар Басана, з усім сваім народам, каб ваяваць з імі ў Эдраі. І Госпад сказаў Майсею: «Не бойся яго, бо аддаў Я яго ў рукі твае з усім народам яго, і зямлю яго, і зробіш ты яму тое, што зрабіў Сэгону, цару амарэяў, жыхароў Хесебона». Такім чынам, ударылі яны яго, і сыноў яго, і ўвесь народ яго аж да поўнага знішчэння, і завалодалі зямлёй яго.
Потым сыны Ізраэля пайшлі далей і расклаліся лагерам на раўнінах Мааба, на другім баку Ярдана, насупраць Ерыхона. А Балак, сын Сэфора, бачачы ўсё, што зрабіў Ізраэль амарэям, дужа напужаў маабскі народ, бо быў ён шматлікі. І, паколькі баяўся Мааб сыноў Ізраэля, сказаў старэйшынам мадыянцаў: «Цяпер гэтае мноства з’есць усё вакол, як вол звычайна есць траву на полі». Тады царом Мааба быў Балак, сын Сэфора. І паслаў ён пасланцоў да Балаама, сына Бэора, у Пэтор, што над ракой у зямлі маабцаў, каб паклікаць яго і сказаць яму: «Вось, выйшаў народ з Егіпта і пакрыў паверхню зямлі, пасяліўшыся насупраць мяне. Дык прыйдзі і пракляні народ гэты, бо ён дужэйшы за мяне; о, каб якім чынам я здолеў перамагчы яго і выгнаць з маёй зямлі. Бо ведаю, што каго ты дабраславіш, будзе дабраславёны, а каго ты праклянеш, будзе пракляты». Вось, выбраліся старэйшыны маабцаў са старэйшынамі мадыянцаў у дарогу, трымаючы ў руках падарункі для вешчуна. І, калі прыбылі да Балаама і перадалі яму ўсе словы Балака, ён ім адказаў: «Пераначуйце тут ноч, і я адкажу вам, што скажа мне Госпад». Калі засталіся старэйшыны маабцаў у Балаама, прыйшоў Бог і сказаў яму: «Што гэта за людзі ў цябе?» Ён адказаў: «Балак, сын Сэфора, цар маабцаў, даслаў да мяне іх, каб сказаць: “Вось народ, які выйшаў з Егіпта, пакрыў паверхню зямлі; прыйдзі і пракляні мне яго, каб мог я якім-небудзь чынам з ім ваяваць і выгнаць яго”». На тое сказаў Бог Балааму: «Не можаш ты ісці з імі і нельга табе праклінаць народ, бо ён дабраславёны». І раніцай устаў ён, і сказаў князям Балака: «Вяртайцеся ў сваю зямлю, бо Госпад не дазволіў мне ісці з вамі». Усталі тады князі Мааба, і прыйшлі да Балака, і сказалі яму: «Балаам не пажадаў ісці з намі». Дык Балак паслаў яшчэ больш князёў, і болей дастойных, чым раней. Як толькі прыбылі яны да Балаама, сказалі яму: «Так кажа Балак, сын Сэфора: “Не адмаўляйся прыйсці да мяне; я гатовы табе выказаць вялікую пашану і, што пажадаеш, дам табе. Прыйдзі і пракляні мне народ гэты”». Балаам адказаў: «Калі б даваў мне Балак поўны дом свой срэбра і золата, то не змог бы я пераступіць слова Госпада, Бога майго, як у малых рэчах, так і ў вялікіх. Прашу, застаньцеся таксама ў гэтую ноч, а я даведаюся, што скажа мне зноў Госпад». І прыйшоў Бог да Балаама ноччу і кажа яму: «Калі прыйшлі гэтыя людзі паклікаць цябе, то ўстань і ідзі з імі, але зробіш толькі тое, што Я табе скажу». І ўстаў Балаам раніцай і, асядлаўшы сваю асліцу, рушыў разам з імі. І ўзгарэўся гнеў Бога, што ён паехаў; і паўстаў Анёл Госпадаў на дарозе супраць Балаама, каб затрымаць яго; ён жа меў двух паслугачоў і ехаў на сваёй асліцы. Калі асліца заўважыла Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй, сышла з дарогі і пайшла ў поле. Калі Балаам ударыў яе і захацеў павярнуць яе на дарогу, Анёл Госпадаў стаў на цеснай дарозе паміж двума мурамі, якімі былі абкружаны вінаграднікі. Калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, яна прыціснулася да мура і зашчаміла нагу седака. Ён жа пачаў яе біць ізноў; і Анёл Госпадаў перайшоў у месца цеснае, дзе ані справа, ані злева ніяк не можна было яго абмінуць, і закрыў дарогу. І калі асліца ўбачыла Анёла Госпадава, што стаяў, лягла яна пад ногі седака; ён, узлаваны, яшчэ мацней біў бакі яе палкаю. Тады адкрыў Госпад вусны асліцы, і яна сказала Балааму: «Што я табе зрабіла? Чаму б’еш мяне вось ужо трэці раз?» Балаам адказаў: «Бо ты працівілася мне. Каб меў я меч у руцэ, забіў бы цябе!» Асліца сказала: «Ці ж я не твая асліца, на якой ездзіш ад пачатку да сённяшняга дня? Скажы: ці рабіла я табе калі-небудзь штосьці падобнае?» А ён кажа: «Ніколі». Раптам адкрыў Госпад вочы Балаама, і ён угледзеў Анёла Госпадава, што стаяў на дарозе, выцягнуўшы меч у руцэ сваёй; і пакланіўся ён тады анёлу да зямлі. Сказаў яму Анёл Госпадаў: «Навошта трэці раз біў ты асліцу сваю? Я прыбыў, каб заступіць табе дарогу, бо нядобрая твая дарога і мне варожая. І, бачачы мяне, асліца тры разы ўхілялася ад мяне; і каб не ўхілялася, забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывою». Балаам сказаў: «Зграшыў я, бо не ведаў, што ты заступіў мне дарогу; а цяпер, калі табе не падабаецца, вярнуся назад». Анёл Госпадаў сказаў: «Ідзі з тымі людзьмі, але сцеражыся, каб не гаварыць нічога іншага, акрамя таго, што Я табе загадаю». І пайшоў Балаам з князямі Балака. Калі пачуў Балак, што Балаам ідзе, выйшаў яму насустрач у Ар-Маабе, што знаходзіўся на самай мяжы Арнона; і ён сказаў Балааму: «Ці ж не пасылаў я да цябе пасланцоў, каб паклікаць цябе? Чаму не адразу прыбыў ты да мяне? Няўжо я не магу ўшанаваць цябе?» Балаам яму адказаў: «Вось, я прыбыў да цябе; ці ж магу што другое гаварыць, апрача таго, што мне ў вусны Бог уклаў?» Дык пайшлі Балак разам з Балаамам і прыбылі ў Карыят-Хусот. І, калі Балак пазабіваў валоў і авечак, паслаў ён іх Балааму і князям, што з ім былі. А з надыходам раніцы Балак завёў Балаама на вышыні Баала, і ўбачыў ён частку ізраэльскага народа.
Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй мне столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў». І калі Балак зрабіў так, як яму сказаў Балаам, паклалі яны па быку і баране на кожны ахвярнік. І сказаў Балаам Балаку: «Пастой каля цэласпалення свайго, а я пайду, можа, мяне спаткае Госпад; і што мне загадае, скажу табе». І, калі ён узышоў на лысы ўзгорак, спаткаў яго Бог. І сказаў Яму Балаам: «Паставіў я сем ахвярнікаў і на кожны ахвярнік узнёс быка і барана». Тады Госпад уклаў словы ў вусны яго і сказаў: «Вярніся да Балака і гэта скажы». Вярнуўшыся, Балаам знайшоў Балака, што стаяў каля цэласпалення свайго, і ўсіх князёў маабскіх; і сказаў ён сваё прароцтва, кажучы: «З Арама прывёў мяне Балак, з гор усходніх, цар Мааба. “Прыйдзі, — кажа, — і пракляні мне Якуба! Паспяшай і навядзі няшчасце на Ізраэль!” Як магу я праклінаць таго, каго не праклінае Бог? Як жа магу хацець каму зла, калі Бог не хоча? Я бачу яго з вяршыняў скал, і з узгоркаў гляджу на яго: вось народ, што жыве асобна і сярод народаў не лічыцца. І хто можа злічыць пыл Якуба, і хто палічыць пясок Ізраэля? Хай памрэ душа мая смерцю справядлівых і хай будзе мой канец падобны да іх». Сказаў тады Балак Балааму: «Што гэта, што ты робіш? Я цябе паклікаў, каб праклясці ворагаў маіх, а ты, наадварот, дабраслаўляеш іх!» І адказаў яму Балаам: «Ці магу я што іншае казаць, акрамя таго, што загадаў мне Госпад?» Тады сказаў Балак: «Пойдзем са мной на другое месца, адтуль толькі частку Ізраэля ўбачыш, а ўсяго не зможаш убачыць; адтуль будзеш яго праклінаць». І калі завёў ён яго на Поле Вартаўнікоў, на вяршыню гары Пісгі, паставіў ён там сем ахвярнікаў і паклаў на кожны па быку і баране. Тады сказаў Балаам Балаку: «Пастой тут каля свайго цэласпалення, а я пайду насустрач Госпаду». Калі яго спаткаў Госпад і ўклаў словы ў вусны яго, Ён сказаў: «Вяртайся да Балака і гэта скажаш яму». Вярнуўшыся, знайшоў Балака, што стаяў ля цэласпалення свайго, і князёў Мааба з ім. І звярнуўся да яго Балак: «Што гаварыў табе Госпад?» А ён аб’явіў сваё прароцтва, кажучы: «Устань, Балак, і настаў вуха, слухай, сыне Сэфора! Бог — гэта не чалавек, каб падманваць, і не як сын чалавечы, каб памыляцца. Ці ж Ён скажа і не здзейсніць? Дабраславіць прывёў Ён мяне, і я не магу забараніць дабраславенне. Не відаць няшчасця ў Якуба і не відаць гора ў Ізраэля. Госпад, Бог яго, з ім, і трубны царскі гук у ім. Бог вывеў яго з Егіпта. Ён для іх — як рогі буйвала. Няма варажбы ў Якуба, ані прадказанняў у Ізраэля. У свой час будзе сказана Якубу і Ізраэлю, што зрабіў Бог. Вось, народ, як ільвіца, падымаецца, і, як леў, устае; ён не ляжа, пакуль не з’есць здабычу і пакуль не нап’ецца крыві забітых». І сказаў Балак Балааму: «Ані праклінай яго, ані дабраслаўляй!» А Балаам кажа: «Ці ж я табе не казаў: што мне Госпад загадае, тое мушу рабіць». І кажа Балак яму: «Пойдзем, я завяду цябе на іншае месца, можа, спадабаецца Богу, што адтуль праклянеш яго?» І, калі ён завёў яго на вяршыню гары Пэгор, што звернута ў бок пустыні, сказаў яму Балаам: «Пастаў мне тут сем ахвярнікаў і прыгатуй столькі ж быкоў і такую ж колькасць бараноў». І зрабіў Балак, як яму сказаў Балаам, паклаў быкоў і бараноў на кожны асобны ахвярнік.
І калі Балаам пераканаўся, што Госпаду падабаецца, каб ён дабраславіў Ізраэль, не пайшоў, як раней хадзіў, каб варажыць, але, павярнуўшы аблічча сваё да пустыні і падняўшы вочы, убачыў Ізраэль, што стаяў лагерам па сваіх пакаленнях, і, калі агарнуў яго Дух Божы, сказаў ён прароцтва сваё, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, у якога адкрытыя вочы, кажа той, хто чуе слова Божае, той, перад кім з’яўляецца Усемагутны, той, хто падае, але так вочы яго адкрываюцца. О, як прыгожыя палаткі твае, Якубе, і паселішчы твае, Ізраэлю! Раскінуліся яны, як даліны, як сады, што арошаны рэкамі, як дрэвы алоэ, якія Госпад пасадзіў, як кедры паблізу водаў. Хай цячэ вада з вёдзер яго і хай зерне яго мае ўдосталь вільгаці. Хай цар яго ўзвысіцца над Агагам, і хай узнімецца царства яго. Бог вывеў яго з Егіпта, Ён для яго, як рогі буйвала. Праглыне ён народы, ворагаў сваіх, а косці іх паламае і струшчыць стрэламі сваімі. Ён ляжыць і спіць, як леў і як ільвіца, хто адважыцца пабудзіць яго? Хто дабраславіць цябе, той і сам будзе дабраславёны, хто пракляне цябе, сам будзе пракляты!» І, разгневаны на Балаама, Балак, пляснуўшы рукамі, кажа: «На праклён ворагаў сваіх паклікаў я цябе, а іх ты ўжо трэці раз дабраславіў! Вяртайся цяпер да свайго дому! Хацеў я цябе багата ўзнагародзіць, але Госпад пазбавіў цябе прыгатаванай узнагароды». Балаам адказаў Балаку: «Ці ж ужо тваім пасланцам, пасланым табою да мяне, не казаў я: “Нават калі Балак дасць мне поўны свой дом срэбра і золата, не змагу працівіцца слову Госпада; ані што добрае, ані што ліхое не выкажу з сэрца свайго, але толькі тое, што Госпад скажа, тое і я скажу?” І цяпер, адыходзячы да народа майго, я скажу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім у апошнія часы». І выказаў ён прароцтва, кажучы: «Кажа Балаам, сын Бэора, кажа чалавек, які мае адкрытыя вочы; кажа той, хто чуе словы Божыя, хто ведае думку Найвышэйшага і бачыць з’яўленні Усемагутнага, які, падаючы, мае адкрытыя вочы. Бачу яго, але яшчэ не цяпер; аглядаю яго, але не паблізу. Узыходзіць зорка з Якуба і паўстае скіпетр з Ізраэля; і ён струшчыць галаву Мааба і зруйнуе ўсіх сыноў Сэта. І Эдом будзе ўласнасцю яго, і Сэір стане ўласнасцю яго ад ворагаў яго; Ізраэль будзе рабіць вялікія справы. Ад Якуба будзе валадар і знішчыць ён рэшткі з народа». І, калі ўбачыў ён Амалека, абвясціў прароцтва сваё, ён сказаў: «Амалек — першы з народаў, рэшткі яго знікнуць». Убачыў таксама кінэяў, і абвясціў прароцтва сваё, і сказаў: «Моцнае жытло тваё і на скале пабудавана тваё гняздо; але і яно прызначана на знішчэнне, калі Асур зняволіць цябе». І абвясціў прароцтва сваё, і зноў сказаў ён: «Гора! Хто будзе жыць, калі Бог зробіць гэта? Прыплывуць караблі з Кітыма, і перамогуць асірыйцаў, і спустошаць Гебэр, але ўрэшце і самі загінуць». І ўстаў Балаам і вярнуўся на сваё месца; Балак жа дарогай, якой прыйшоў, пайшоў назад.
Пражываў тады Ізраэль у Сэтыме і пачаў распуснічаць з дачкамі Мааба, якія запрашалі народ на ахвяры багам сваім. Разам яны елі і пакланяліся багам іх; так прыляпіўся Ізраэль да Баал-Пэгора, і ўзгарэўся гнеў Госпада, і сказаў Ён Майсею: «Збяры ўсіх кіраўнікоў народа і павесь іх на шыбеніцах перад Госпадам на сонцы, каб адвярнуўся гнеў Мой ад Ізраэля». І сказаў Майсей суддзям Ізраэля: «Хай кожны з вас заб’е блізкіх сваіх, якія прыляпіліся да Баал-Пэгора». І вось адзін з сыноў Ізраэля прыйшоў і прывёў да братоў сваіх распусніцу мадыянку на вачах Майсея і ўсёй грамады сыноў Ізраэля, якія лямантавалі перад дзвярыма палаткі сустрэчы. Калі гэта ўбачыў Пінхас, сын Элеязэра, сына Аарона святара, ён выбег з сярэдзіны грамады і, схапіўшы дзіду, пайшоў за ізраэльцам мужчынам у палатку, і прабіў іх дзідаю абодвух: мужчыну і жанчыну праз улонні; так распачалася кара на сыноў Ізраэля. А загінула дваццаць чатыры тысячы чалавек. І сказаў Госпад Майсею: «Пінхас, сын Элеязэра, сына Аарона святара, адвярнуў гнеў Мой ад сыноў Ізраэля, бо загарэўся Маёю руплівасцю сярод іх, каб не Я Сам знішчыў сыноў Ізраэля ў руплівасці Маёй. Дзеля таго скажы яму: “Вось, Я заключаю з ім Мой запавет супакою, і хай будзе гэта яму і нашчадкам яго запаветам вечнага святарства, бо ўзраўнаваў ён за Бога свайго і адкупіў злачынства сыноў Ізраэля”». Імя ж таго ізраэльца мужчыны, забітага разам з мадыянкай, было Замры, сын Салу, князь з роду і пакалення Сімяона; а забітая жанчына мадыянка называлася Казбі, была яна дачкой Сура, кіраўніка аднаго з пакаленняў мадыянскіх. І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Ваюйце супраць мадыянцаў і забіце іх, бо яны варожа ставіліся да вас і ашуквалі вас праз ідала Пэгора і праз распусту Казбі, дачкі кіраўніка мадыянскага, іх сястры, забітай у дзень кары за Пэгора».
Пасля гэтай плягі сказаў Госпад Майсею і Элеязэру, сыну Аарона святара: «Палічыце ўсю колькасць грамады сыноў Ізраэля ад дваццаці гадоў і вышэй па сем’ях і родах іх, усіх, здатных ваяваць». Такім чынам, Майсей і святар Элеязэр сказалі гэта на раўнінах Мааба, насупраць Ерыхона, над Ярданам тым, хто меў ад дваццаці гадоў і вышэй, як Госпад загадаў Майсею. Вось колькасць сыноў Ізраэля, якія выйшлі з зямлі Егіпецкай: Рубэн першародны Ізраэля. Сыны Рубэна: Гэнох, ад якога род Гэноха, і Паллю, ад якога род Паллю, і Хэцрон, ад якога род Хэцрона, і Хармі, ад якога род Хармі. Гэта роды з пакалення Рубэна, колькасць іх дасягае сарака трох тысяч сямісот трыццаці. Сыны Паллю: Эліяб. Яго сыны: Намуэль, Датан і Абірам. Датан і Абірам — гэта тыя князі народа, якія ўзбунтаваліся супраць Майсея і Аарона ў час бунту Корэ, калі яны паднялі бунт супраць Госпада, і зямля адкрыла вусны свае і праглынула іх і Корэ, і паўміралі многія, калі агонь спаліў дзвесце пяцьдзесят чалавек; і сталі яны знакам [перасцярогі]. Хаця Корэ памёр, але сыны яго не загінулі. Сыны Сімяона па іх родах: Намуэль, ад якога паходзіць род Намуэля; Ямін, ад якога — род Яміна; Яхін, ад якога — род Яхіна; Зара, ад якога — род Зары; Саўл, ад якога — род Саўла. Гэта роды з пакалення Сімяона, агульная колькасць якіх — дваццаць дзве тысячы дзвесце. Сыны Гада па сваіх родах: Сэфон, ад якога — род Сэфона; Хагі, ад якога — род Хагі; Шуні, ад якога — род Шуні, Озні, ад якога — род Озні; Эры, ад якога — род Эры, Арод, ад якога — род Арода; Арэлі, ад якога — род Арэлі. Гэта роды Гада, агульная колькасць якіх — сорак тысяч пяцьсот. Сыны Юды: Гэр і Анан, яны абодва памерлі ў зямлі Ханаан. Вось сыны Юды па іх родах: Шэла, ад якога — род Шэлы; Пэрэс, ад якога — род Пэрэса; Зара, ад якога — род Зары. А вось сыны Пэрэса: Эсром, ад якога — род Эсрома: Гамул, ад якога — род Гамула. Гэта роды Юды, агульная колькасць якіх — семдзесят шэсць тысяч пяцьсот. Сыны Ісахара па родах сваіх: Тола, ад якога — род Толы; Пува, ад якога — род Пувы; Ясуб, ад якога — род Ясуба; Сэмрон, ад якога — род Сэмрона. Такія роды Ісахара, агульная колькасць якіх — шэсцьдзесят чатыры тысячы трыста. Сыны Забулона па іх родах: Сарэд, ад якога — род Сарэда; Элон, ад якога — род Элона; Яхэлэль, ад якога — род Яхэлэля. Гэта роды Забулона, агульная колькасць якіх — шэсцьдзесят тысяч пяцьсот. Сыны Язэпа па іх родах: Манаса і Эфраім. З Манасы нарадзіўся Махір, ад якога — род Махіра; Махір быў бацькам Галаада, ад якога — род Галаада. Галаад меў сыноў: Язэра, ад якога — род Язэра; і Гэлека, ад якога — род Гэлека; і Асрыэля, ад якога — род Асрыэля; і Сэхема, ад якога — род Сэхема, і Сэміда, ад якога — род Сэміда; і Хэфэр, ад якога — род Хэфэра. Хэфэр быў бацькам Салпаада, які не меў сыноў, а толькі дачок, імёны якіх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса. Гэта роды Манасы, і колькасць іх — пяцьдзесят дзве тысячы семсот. А Эфраіма сыны па іх родах былі такія: Сутала, ад якога — род Суталы; Бэхэр, ад якога — род Бэхэра; Тэхен, ад якога — род Тэхена. Далей сынам Суталы быў Эран, ад якога — род Эрана. Такія роды сыноў Эфраіма, колькасць якіх — трыццаць дзве тысячы пяцьсот. Яны нашчадкі Язэпа па сваіх родах. Сыны Бэньяміна па родах сваіх: Бэла, ад якога — род Бэлы; Асбэл, ад якога — род Асбэла; Ахірам, ад якога — род Ахірама; Супам, ад якога — род Супама; Хупам, ад якога — род Хупама. Сыны Бэлы: Арэд і Нааман; ад Арэда паходзіць род Арэда, ад Наамана — род Наамана. Гэта — сыны Бэньяміна па родах сваіх, колькасць іх — сорак пяць тысяч шэсцьсот. Сыны Дана па сваіх родах: Сухам, ад якога — род Сухама; гэта — роды Дана па сваіх пакаленнях: усе былі сыны Сухама, колькасць іх — шэсцьдзесят чатыры тысячы чатырыста. Сыны Асэра па родах іх: Емна, ад якога — род Емны; Ішві, ад якога — род Ішві; Бэрыя, ад якога — род Бэрыі. Сыны Бэрыі: Гебэр, ад якога — род Гебэра, і Мэлхіэль, ад якога — род Мэлхіэля. А дачкі Асэра імя было Сараі. Гэта — роды сыноў Асэра, колькасць іх — пяцьдзесят тры тысячы чатырыста. Сыны Нэфталі па іх родах: Ясіэль, ад якога — род Ясіэля; Гуні, ад якога — род Гуні; Язэр, ад якога — род Язэра, Шылем, ад якога — род Шылема. Гэта — роды сыноў Нэфталі па сваіх пакаленнях, колькасць іх — сорак пяць тысяч чатырыста. Агульная колькасць сыноў Ізраэля, што былі палічаны, — шэсцьсот адна тысяча семсот трыццаць. Потым сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Паміж імі будзе падзелена зямля на ўласнасць паводле ліку імёнаў. Больш шматлікім большую частку дасі; менш шматлікім — меншую; і кожнаму асобна, як цяпер яны былі палічаны, будзе дадзена уласнасць; зямля павінна быць падзелена жэрабем. Спадчыну маюць атрымаць паводле колькасці пакаленняў бацькоў сваіх. Жэрабем трэба падзяліць уласнасць між вялікімі і малымі родамі». А гэта колькасць сыноў Леві па іх родах: Гэрсон, ад якога — род Гэрсона; Кагат, ад якога — род Кагата; Мэрары, ад якога — род Мэрары. Гэта — роды Леві: род Лобні, род Геброна, род Махалі, род Мусі, род Корэ. Кагат жа быў бацькам Амрама, які меў жонку Ёхабэд, дачку Леві, якая нарадзілася яму ў Егіпце. Яна нарадзіла Амраму, мужу свайму, сыноў Аарона і Майсея і сястру іх Мірыям. Аарон меў сыноў: Надаба, Абігу, Элеязэра і Ітамара, з якіх Надаб і Абігу памерлі, калі прынеслі чужы агонь перад аблічча Госпада. І ўсіх, каго палічылі, было дваццаць тры тысячы мужчын ад аднаго месяца і вышэй; бо яны не былі палічаны сярод сыноў Ізраэля і не была дадзена ім уласнасць разам з іншымі. Гэта колькасць сыноў Ізраэля, пералічаных Майсеем і Элеязэрам святаром на раўнінах Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона; між імі не было нікога з тых, каго Майсей і Аарон лічылі ў пустыні Сінай: бо прадказаў ім Госпад, што ўсе яны перамруць у пустыні; і не застанецца з іх у жывых ніводзін, апрача Калеба, сына Ефоны, і Ешуа, сына Нуна.
Прыйшлі ж дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаада, сына Махіра, сына Манасы — з роду Манасы, які быў сынам Язэпа, а імёны іх: Маала, Ноа, Хэгла, Мэлха і Тэрса. І сталі яны перад Майсеем, і Элеязэрам святаром, і князямі, і перад усёю супольнасцю ля дзвярэй палаткі сустрэчы і сказалі: «Бацька наш памёр у пустыні, і не ўдзельнічаў у бунце Корэ супраць Госпада, але памёр у сваім граху; і ён не меў сыноў. Чаму вынішчаецца імя яго ў родзе яго, бо ён не меў сына? Дайце нам уласнасць паміж братоў бацькі нашага». І прынёс Майсей справу іх на суд Госпада, Які сказаў яму: «Справядліва дамагаюцца дочкі Салпаада. Дай ім уласнасць між братоў бацькі іх, і хай маюць спадчыну. Сынам жа Ізраэля скажы так: “Калі чалавек памрэ без сына, яго спадчына пераходзіць на дачку; калі не будзе ў яго дачкі, спадкаемцамі хай стануць браты яго. Калі б і братоў не было, аддасцё спадчыну братам бацькі яго. Калі і братоў у бацькі не будзе, тады яго спадчына хай пераходзіць найбліжэйшаму сваяку ў яго родзе; і хай ён возьме спадчыну. Як загадаў Госпад Майсею, так хай будзе гэта сынам Ізраэля святыняй па вечным законе”». Таксама сказаў Госпад Майсею: «Узыдзі на гэту гару Абарым і паглядзі адтуль на зямлю, якую Я дам сынам Ізраэля. І калі агледзіш яе, ты пойдзеш да народа свайго, як пайшоў брат твой, Аарон, бо вы зняважылі Мяне ў пустыні Сін у час бунту супольнасці, бо не пажадалі аб’явіць святасці Маёй перад імі на водах». Гэта вада Мэрыбы каля Кадэса ў пустыні Сін. Майсей адказаў Госпаду: «Хай прызначыць Госпад, Бог духаў і кожнага цела, чалавека, які кіраваў бы гэтай грамадою і мог бы выступіць перад імі, выводзіць іх або ўводзіць, каб не стаў народ Госпадаў, як авечкі без пастуха». І сказаў Госпад яму: «Вазьмі Ешуа, сына Нуна, чалавека, на якім прабывае Дух, і ўскладзі руку сваю на яго. І паставіш яго перад Элеязэрам святаром і ўсёй супольнасцю, і на вачах ва ўсіх дай яму загады, і сваёй уладай падтрымай яго, каб слухала яго ўся супольнасць сыноў Ізраэля. Стане ён перад Элеязэрам святаром, які пра яго параіцца з Госпадам праз суд урыму. Паводле яго загаду будзе выходзіць і ўваходзіць ён сам, і ўсе сыны Ізраэля з ім, і ўся супольнасць». Майсей зрабіў так, як яму загадаў Госпад. І, калі паклікаў Ешуа, паставіў яго перад святаром Элеязэрам і ўсім прысутным народам; і, усклаўшы на галаву яго рукі, паставіў яго правадыром, як загадаў Госпад праз Майсея.
Сказаў далей Госпад Майсею: «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: хай у свой час складаюць ахвяру Мне і хлеб Мой, ахвяру цэласпалення, дзеля найпрыемнейшага паху. Гэта агнявая ахвяра, якую вы павінны скласці: двух гадавых ягнят без плям штодзень у вечную ахвяру цэласпалення; адно ягня складзіце раніцай, а другое — увечары; і, як ахвяру з ежы, дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацвёртай часткай гіна найчысцейшага алею. Гэта цэласпаленне нязменнае, якое склалі вы на гары Сінай дзеля найпрыемнейшага паху як агнявую ахвяру Госпаду; і ахвяруйце віно — чацвёртую частку гіна на кожнае ягня; у свяцілішчы ўчыняйце ўзліванне п’янлівага пітва Госпаду. І такім жа чынам другое ягня ахвяруй увечары адпаведна парадку ранішняга ахвяравання: гэта ахвяра агнявая дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду. У дзень жа суботы ахвяруйце двух аднагадовых ягнят без плям і дзве дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і ўзліванне да яе. Гэта суботняя ахвяра цэласпалення на кожную суботу, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ўзлівання да яе. У кожны першы дзень месяца ўскладайце Госпаду ахвяру цэласпалення: двух быкоў са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям, і ў ахвяру з ежы на кожнага быка дайце тры дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, і на кожнага барана — дзве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем, і на кожнае ягня ў ахвяру з ежы дайце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем: усё гэта як цэласпаленне дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду. А ўзліванні да іх хай будуць такія: палова гіна віна на кожнага бычка, адна трэцяя гіна — на барана і адна чацвёртая гіна — на ягня. Гэта цэласпаленне хай будзе ў кожны першы дзень месяца ва ўсе месяцы года. Таксама казёл хай будзе складзены Госпаду ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення з яе ўзліваннямі. А ў першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, хай будзе Пасха Госпадава, а ў пятнаццаты дзень таго месяца хай будзе свята. Сем дзён будзеце есці толькі праснакі, а ў першы дзень будзе святы сход; нельга ў той дзень працаваць. І ўскладайце ахвяру агнявую, цэласпаленне Госпаду: два бычкі са статка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям; да іх ахвяру з ежы, з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага бычка, дзве дзесятыя — на аднаго барана і адна дзесятая — на кожнага з сямі ягнят; і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэння вашага, апрача ранішняга цэлапалення, якое ўчыняць вы павінны заўсёды. Такія ахвяры ўскладайце штодзень сем дзён: як цэласпаленне, як найпрыемнейшы пах Госпаду. Апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы, павінны быць складаныя гэтыя ахвяры. Дзень сёмы хай будзе для вас святым сходам; ніякай працы ў той дзень не выконвайце. У дзень пяршыняў, калі складаеце Госпаду ахвяру з новага збожжа ў свята тыдняў, таксама збярыце святы сход, і ніякай работы не рабіце ў той дзень. І складзіце тады цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду: быка, двух бараноў са статка і сем аднагадовых ягнят без плям, і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка, дзве дзесятыя — на барана і па адной дзесятай на кожнае з сямі ягнят; а таксама казла [у ахвяру за грэх] для ачышчэння вашага, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яе. Ахвяруйце ўсё беззаганнае разам з узліваннямі.
А ў першы дзень сёмага месяца хай будзе ў вас святы сход; у той дзень не рабіце ніякай работы, бо дзень гэты — дзень трубнага гуку. І ўскладзіце ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: аднаго быка са статка, аднаго барана і сем ягнят гадавых без плям, а таксама да іх ахвяру з ежы — пшанічную муку, запраўленую алеем: тры дзесятыя [эфы] на аднаго быка, дзве дзесятыя на барана і адну дзесятую на кожнае ягня; і казла, як ахвяру за грэх, што прыносіцца для ачышчэння вашага, апрача ахвяры цэласпалення ў першы дзень кожнага месяца разам з ахвяраю з ежы і апрача штодзённай ахвяры цэласпалення з ахвяраю з ежы і звычайнымі ўзліваннямі дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду. Таксама ў дзесяты дзень таго сёмага месяца хай адбудзецца ў вас святы сход, і засмуціце душы вашы; нельга рабіць у той дзень ніякай работы. У ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду ўскладзіце: аднаго бычка са статка, аднаго барана і сем гадавых ягнят без плям; і ў ахвяру з ежы да іх — пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя [эфы] на быка, дзве дзесятыя на барана, адну дзесятую на кожнае з сямі ягнят і казла ў ахвяру за грэх, апрача таго, што звычайна ахвяроўваюць за злачынствы на ачышчэнне і на штодзённае цэласпаленне разам з ахвярамі з ежы і ўзліваннямі да іх. А ў пятнаццаты дзень сёмага месяца хай адбудзецца святы сход; нельга ў той дзень рабіць ніякай работы, але трэба святкаваць сем дзён свята Госпада і ахвяру цэласпалення складваць дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: трынаццаць быкоў са статка, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят гадавых без плям; і да іх ахвяру з ежы — пшанічную муку, запраўленую алеем: тры дзесятыя [эфы] на кожнага з трынаццаці быкоў; дзве дзесятыя на кожнага з двух бараноў і па адной дзесятай на кожнае з чатырнаццаці ягнят; і казла ў ахвяру за грэх, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяр з ежы і іх узлівання. У другі дзень прынясіце ў ахвяру дванаццаць быкоў са статка, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям; і ўрачыста прынясіце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. Прынясіце ў ахвяру ў трэці дзень: адзінаццаць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят адпаведна іх ліку паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. У чацвёрты дзень прынясіце ў ахвяру дзесяць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх, апрача штодзённай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы да яго і ўзлівання. У пяты дзень прынясіце ў ахвяру дзевяць быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. У шосты дзень прынясіце ў ахвяру восем быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, урачыста прыносьце ахвяры з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. У сёмы дзень прынясіце ў ахвяру сем быкоў, двух бараноў і чатырнаццаць аднагадовых ягнят без плям, урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з бычкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку, паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. У восьмы дзень хай адбудзецца святы сход; не будзеце ніякай работы рабіць у той дзень, складаючы ахвяру цэласпалення дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду: аднаго быка, аднаго барана і сем аднагадовых ягнят без плям, урачыста прыносьце ахвяру з ежы і ўзліванні да кожнага з быкоў, бараноў і ягнят, адпаведна іх ліку паводле парадку, і казла ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэласпалення, і ахвяры з ежы і ўзлівання да яе. Гэтыя ахвяры маеце ўскладаць Госпаду ў час вашых святаў, апрача абяцанняў і добраахвотных ахвяр на цэласпаленні, на ахвяры з ежы, на ўзліванні і на ахвяры прымірэння».
І Майсей расказаў усё сынам Ізраэля, што яму Госпад загадаў, і сказаў Майсей правадырам пакаленняў сыноў Ізраэлевых: «Вось што загадаў Госпад: “Калі хто з мужчын дасць абяцанне Госпаду або звяжа сябе прысягай, няхай не парушыць слова сваё, але ўсё, што абяцаў, выканае. Калі жанчына дасць абяцанне Госпаду або звяжа сябе прысягай, і яна яшчэ ў доме бацькі свайго і маладых гадоў, то, калі бацька даведаецца аб абяцанні, што яна дала, або аб прысязе, якой яна звязала душу сваю, то хай маўчыць, бо яна звязана абяцаннем; усё, што яна абяцала і чым прысягала, хай споўніць на справе. Калі ж бацька запярэчыць ёй у той дзень, калі пачуе аб гэтым, тады абяцанні і прысягі яе будуць марнымі; і ласкавы да яе будзе Госпад таму, што бацька запярэчыў. Калі, аднак, выйдзе яна замуж і дасць якое-небудзь абяцанне, калі слова, выходзячы з вуснаў яе, звяжа прысягаю душу яе, і калі ў той дзень пачуе гэта муж яе і не запярэчыць, — то яна будзе звязана абяцаннем і павінна будзе споўніць, што абяцала. А калі ў той дзень пачуе муж і запярэчыць, то абяцанні яе і словы, якімі звязала душу сваю, будуць марнымі; і ласкавы да яе будзе Госпад. Усё, што абяцалі ўдовы і разведзеныя, хай выконваюць. Калі жонка ў доме мужа звязалася абяцаннем або прысягаю, і калі аб гэтым даведаўся муж, і маўчаў, і не запярэчыў абяцанню, то няхай яна споўніць тое, што абяцала. А калі ён адразу ж запярэчыў, то яна не будзе звязана прысягай, бо муж запярэчыў, і хай Госпад будзе ласкавы да яе. Калі ж яна дасць абяцанне або прысягай звяжа сябе, каб праз устрыманне ўпакорыць душу сваю, ад волі мужа залежыць: ці споўніць яна гэта, ці не. Калі ж муж, пачуўшы гэта, будзе маўчаць, і з дня на дзень будзе адкладаць свой прысуд, то ўсё, што абяцала і чым прысягала, яна павінна споўніць, бо муж пачуў аб гэтым у той дзень, але маўчаў. Калі б ён запярэчыў праз нейкі час пасля таго, як даведаўся, няхай сам адказвае за сваю правіннасць”». Вось законы, якія перадаў Госпад Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна ў юнацтве яшчэ жыве ў доме бацькоў.
І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Адпомсці за сыноў Ізраэля мадыянцам, а потым далучыся да народа свайго». І зараз жа загадаў Майсей: «Узбройце з асяроддзя свайго мужчын да бою, каб яны маглі выканаць помсту Госпада над мадыянцамі. Выберыце па тысячы мужчын з кожнага пакалення Ізраэля і пашліце іх на вайну». І выдзелена было па тысячы з кожнага пакалення, гэта значыць дванаццаць тысяч здатных да бою, якіх адправіў Майсей з Пінхасам, сынам Элеязэра святара. Даў яму таксама пасудзіны святыя і трубы, каб у трывозе трубіць. І калі па загадзе Госпада ваявалі яны з мадыянцамі, забілі яны ўсіх мужчын і цароў іх: Эвія, Рэкема, Сура, Гура, Рэбу, пяць цароў гэтага народа, а таксама Балаама, сына Бэора, забілі мечам; і ўзялі яны ў палон жанчын іх і дзяцей. І, як здабычу, узялі ўсю жывёлу іх і ўсю маёмасць; а гарады, пасяленні і лагеры іх спалілі агнём; і забралі яны здабычу сваю, як людзей, так і жывёлу, і прывялі яны палонных, здабычу і нарабаванае да Майсея і Элеязэра святара і да ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля ў лагер на раўнінах Мааба, над Ярданам, супраць Ерыхона. Майсей, святар Элеязэр і ўсе князі супольнасці выйшлі з лагера насустрач ім. І, загневаўшыся на кіраўнікоў войска, на тысячнікаў і сотнікаў, якія вярталіся з вайны, Майсей казаў ім: «Чаму вы захавалі ўсіх жанчын? Ці ж не яны за намовай Балаама псавалі сыноў Ізраэля і нявернымі зрабілі вас перад Госпадам праз Пэгора? Таму і знішчаны быў народ Госпадаў. Дык забіце ўсіх дзяцей мужчынскага полу ды ўсіх жанчын, якія жылі з мужчынамі, знішчыце, дзяўчат жа і ўсіх жанчын, што не жылі з мужчынамі, пакіньце сабе. І вы будзьце па-за лагерам сем дзён; хто забіў чалавека або дакрануўся да забітага, мусіць ачысціцца трэцяга і сёмага дня, як вы, так і вашы палонныя. І ачысціце ўсю здабычу вашу: або адзенне, або штосьці, падрыхтаванае да ўжывання, з казіных шкур і з поўсці, і з драўляных рэчаў». Таксама сказаў наступнае Элеязэр святар ваярам, якія былі на вайне: «Такое прыказанне закону, што загадаў Госпад Майсею: золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і свінец — усё, што можа прайсці праз агонь, — хай агнём будзе ачышчана; а што не пераносіць агню, хай будзе асвечана вадой ачышчэння. Сёмага дня памыеце адзенне ваша, і, ужо ачышчаныя, увойдзеце ў лагер». Таксама сказаў Госпад Майсею: «Палічыце ўсё, што здабыта, ад чалавека аж да жывёлы, ты і Элеязэр святар, і кіраўнікі родаў; і падзеліш здабычу папалам паміж тымі, што ваявалі і выйшлі на вайну, і паміж усёй супольнасцю. І вылучы частку Госпаду ад тых, што ваявалі і былі на вайне, — адно жывое на пяцьсот, як з людзей, так і з валоў, аслоў і авечак, і дасі гэта Элеязэру святару як ахвяру Госпаду. А з паловы сыноў Ізраэля вазьмі адну частку з пяцідзесяці: з людзей, валоў, аслоў і авечак, з усяго жывога, і дасі гэта левітам, якія служаць пры скініі Госпада». Майсей і святар Элеязэр усё выканалі, як ім загадаў Госпад. А здабыча, якую ваяры здабылі, налічвала шэсцьсот семдзесят пяць тысяч авечак, семдзесят дзве тысячы валоў, шэсцьдзесят адну тысячу аслоў, а людзей жаночага полу, якія яшчэ не жылі з мужчынамі, было разам трыццаць дзве тысячы. Палова дадзена была тым, што былі на вайне: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак, з якіх Госпаду далі шэсцьсот семдзесят пяць авечак, трыццаць шэсць тысяч валоў, з чаго Госпаду далі семдзесят два, аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, з іх Госпаду далі семдзесят два. І шаснаццаць тысяч дзяўчат, з якіх Госпаду далі трыццаць дзве асобы. Вось жа аддаў Майсей святару Элеязэру дары, прызначаныя ў ахвяру Госпаду, па загадзе, дадзеным Госпадам Майсею. А з паловы для сыноў Ізраэля, якую Майсей аддзяліў ад часткі тых, хто быў на вайне, ад той паловы, што выпадала на долю супольнасці, гэта значыць: трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот авечак, трыццаць шэсць тысяч валоў, трыццаць тысяч пяцьсот аслоў, і з людзей шаснаццаць тысяч дзяўчат — узяў Майсей — адну пяцідзесятую частку з людзей і жывёлы — і аддаў яе левітам, што служаць пры скініі Госпада, як загадаў Госпад. І, калі прыйшлі да Майсея кіраўнікі войска, тысячнікі і сотнікі, яны сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, праверылі лік ваяроў, якіх мы мелі пад сваёй рукой, і высветлілася, што ні адзін не загінуў. Дзеля гэтае прычыны прыносім мы ў ахвяру Госпаду ўсе знойдзеныя вырабы з золата: нажныя ўпрыгожванні і бранзалеты, пярсцёнкі і завушніцы, і каралі для ачышчэння душ нашых перад Госпадам». І ўзялі тады Майсей і святар Элеязэр золата і ўсе каштоўнасці; усяго золата, аддадзенага тысячнікамі і сотнікамі ў ахвяру Госпаду, было шаснаццаць тысяч семсот пяцьдзесят сікляў. А кожны з ваяроў меў яшчэ свой здабытак. І Майсей і святар Элеязэр узятае золата занеслі ў палатку сустрэчы як памятны дар сыноў Ізраэля для Госпада.
Сыны ж Рубэна і Гада мелі многа жывёлы. Калі яны ўбачылі зямлю Язэр і Галаад, прыдатныя на гадоўлю быдла, прыйшлі яны да Майсея, і Элеязэра, і кіраўнікоў супольнасці і сказалі ім: «Атарот, Дыбон, Язэр, Нэмра, Хесебон, Элеале, Сабам, Наба і Бэон, — зямля, якую Госпад ударыў у прысутнасці супольнасці Ізраэля, край найураджайнейшы, прыдатны для гадоўлі жывёлы, і мы, паслугачы твае, маем вельмі многа жывёлы». І далей казалі: «Калі мы знайшлі ласку ў цябе, дай гэтую зямлю паслугачам сваім ва ўласнасць, не пераводзь нас за Ярдан». Адказаў ім Майсей: «Няўжо, калі браты вашы пойдуць ваяваць, вы тут будзеце сядзець? Чаму вы стрымліваеце сэрцы сыноў Ізраэля, каб не мелі яны адвагі перайсці ў зямлю, якую ім мае даць Госпад? Ці не так зрабілі бацькі вашы, калі паслаў я іх з Кадэс-Барнэ выведаць зямлю? Калі дайшлі яны аж да даліны Нэгэлескал, выведаўшы ўвесь той край, стрымалі яны сэрцы сыноў Ізраэля, каб не ішлі ў зямлю, якую прызначыў ім Госпад. І Госпад, узгарэўшыся гневам, прысягнуў, кажучы: “Не ўбачаць гэтыя людзі, што выйшлі з Егіпта, дваццаці гадоў і вышэй, зямлі, якую Госпад пад прысягай абяцаў Абрагаму, Ізааку і Якубу; бо не пажадалі Мяне слухаць, апрача Калеба, сына Ефоны, кенэзея, і Ешуа, сына Нуна, бо яны слухалі Госпада!” І, узгневаўшыся на Ізраэля, Госпад вадзіў яго па пустыні сорак гадоў, пакуль не вымерла ўсё пакаленне, якое рабіла зло перад абліччам Госпада. Вось, і вы, род ліхіх людзей, як і бацькі вашы, узбунтаваліся, каб павялічыць гнеўнае абурэнне Госпадава на Ізраэль. Калі зноў не пажадаеце слухаць Яго, зноў будзе Ён вадзіць вас па пустыні вакол і вы будзеце прычынай гібелі ўсіх». А яны падышлі бліжэй да яго і сказалі: «Мы пабудуем загарадзі для статкаў нашых і гарады для дзяцей нашых; а самі, узброеныя і падпяраэзаныя, пойдзем ваяваць перад сынамі Ізраэля, пакуль не ўвядзём іх у іх мясціны. Дзеці нашы будуць жыць у гарадах, абмураваных дзеля падкопаў ад жыхароў зямлі гэтай. Не вернемся мы ў дамы нашы, пакуль не завалодаюць сыны Ізраэля сваёй ўласнасцю; і мы не будзем шукаць нічога за Ярданам або далей, бо ўжо маем сваю ўласнасць на ўсходнім беразе Ярдана». Майсей адказаў ім: «Калі ўчыніце так, як вы сказалі, калі будзеце дзеля Госпада гатовыя да бою і калі кожны мужчына-змагар, узброены, пяройдзе Ярдан, аж пакуль Госпад не выганіць ворагаў Сваіх перад Сабою, і па авалоданні ўсёй гэтаю зямлёй вернецеся вы ў гэтую зямлю, тады не будзеце вінаватыя перад Госпадам і перад Ізраэлем і возьмеце гэтую зямлю ва ўласнасць перад Госпадам. А калі тое, што кажаце, не споўніце, вы, несумненна, зграшыце перад Госпадам; і ведайце, што грэх ваш знойдзе вас. Дык будуйце гарады дзецям вашым і загарадзі для авечак, і тое, што абяцалі, споўніце». І сыны Гада і Рубэна сказалі Майсею: «Мы, паслугачы твае, зробім усё, што загадвае гаспадар наш: нашы дзеці, жанчыны, статкі і ўючная жывёла застануцца ў гарадах Галаадскіх; а паслугачы твае, усе ўзброеныя, пойдуць перад абліччам Госпада на вайну, як загадваеш ты, гаспадар наш». Дык Майсей загадаў святару Элеязэру, і Ешуа, сыну Нуна, і кіраўнікам родаў усіх пакаленняў Ізраэля і сказаў ім: «Калі сыны Гада і сыны Рубэна разам з вамі пяройдуць раку Ярдан, усе ўзброеныя, каб перад абліччам Госпада ваяваць, і вы завалодаеце зямлёю, дайце ім Галаад ва ўласнасць. А калі не пажадаюць разам з вамі, узброеныя, ісці ў зямлю Ханаан, хай атрымаюць месцы для пасялення паміж вас». І сыны Гада і сыны Рубэна адказалі: «Як загадаў Госпад паслугачам Сваім, так зробім. Узброеныя, самі пойдзем перад абліччам Госпада ў зямлю Ханаан; і возьмем уласнасць нашую за Ярданам». Такім чынам, даў Майсей сынам Гада і Рубэна і палове пакалення Манасы, сына Язэпа, царства Сэгона, цара амарэяў, і царства Ога, цара Басана, зямлю з гарадамі яе і межамі, гарады яе, што навокал. І пабудавалі сыны Гада Дыбон, Атарот, Араэр, Атрот-Сафан, Язэр і Егбаа, і Бэтнэмру і Бэтаран, абмураваныя гарады, і загарадзі для сваіх статкаў. Сыны ж Рубэна будавалі Хесебон, Элеале і Карыятаім, Нэба, Баал-Мэон, змяніўшы іх назвы, а таксама Сабаму, даючы назвы гарадам, якія адбудавалі. А сыны Махіра, сына Манасы, пайшлі ў Галаад і занялі яго, выгнаўшы амарэяў, што жылі ў ім. Дык даў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасы, які і абжыўся ў ім. Яір жа, сын Манасы, пайшоў і заняў мястэчкі амарэяў, якія назваў Гавот Яір. Нобэ таксама выйшаў, і захапіў Канат з яго ваколіцамі, і назваў яго сваім імем — Нобэ.
Гэта месцы прыпынку сыноў Ізраэля, якія выйшлі з Егіпта дружынамі на чале з Майсеем і Ааронам і якіх Майсей запісаў па месцы лагераў, з якіх яны па загадзе Госпада выходзілі. Вось гэтыя месцы. Вось, у першы месяц, пятнаццатага дня першага месяца вырушылі сыны Ізраэля з Рамэсаса, у другі дзень Пасхі, ведзеныя рукой Узвышняга на вачах усіх егіпцян, калі яны хавалі ўсіх сваіх першародных, забітых Госпадам, калі Ён учыніў суд над іх багамі, і расклаліся лагерам у Сукоце. А з Сукота прыбылі яны ў Этам, што на самай мяжы пустыні. Адтуль вырушыўшы, прыбылі ў Пігахірот, што каля Баал-Сэфона, ды расклаліся лагерам перад Магдолам. Выйшаўшы з Пігахірота, перайшлі яны сярэдзінай мора ў пустыню і тры дні ішлі пустыняй, і расклаліся лагерам у Мары. А выйшаўшы з Мары, прыбылі ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц водных і семдзесят пальмаў; і там расклаліся лагерам. Выйшаўшы з Эліма, расклаліся лагерам каля Чырвонага мора. А выйшаўшы ад Чырвонага мора, яны расклаліся лагерам у пустыні Сін; а адтуль выйшаўшы, яны прыбылі ў Дафку. А выйшаўшы з Дафкі, яны разлажыліся лагерам у Алусе. А выйшаўшы з Алуса, паставілі палаткі ў Рэфідыме, дзе не было вады для піцця; а выйшаўшы з Рэфідыма, яны расклаліся лагерам у пустыні Сінай. Але яны вырушылі і з пустыні Сінай і прыбылі ў Кіброт-Гатаву; а вырушыўшы з Кіброт-Гатавы, яны расклаліся лагерам у Асэроце. А з Асэрота прыбылі ў Рэтму; а выйшаўшы з Рэтмы, яны сталі лагерам у Рэмон-Парэсе. Выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Лебну; пасля Лебны сталі лагерам у Рэсе; А выйшаўшы з Рэсы, прыбылі ў Каалату, адкуль выйшаўшы, паставілі палаткі на гары Сэфар. Затым, выйшаўшы ад гары Сэфар, яны прыйшлі ў Араду; адтуль выйшаўшы, сталі лагерам у Мацэлоце. Выйшаўшы з Мацэлота, прыйшлі ў Тагат; пасля Тагата сталі лагерам у Тарэ. Адтуль выйшаўшы, яны паставілі палаткі ў Мэтцы, а пасля Мэткі яны сталі лагерам у Хэсмоне; выйшаўшы з Хэсмоны, прыбылі ў Мацэрот. А пасля Мацэрота яны сталі лагерам у Бэнэ-Якане; і, выйшаўшы з Бэнэ-Якана, прыбылі да гары Гадгад; выйшаўшы адтуль, паставілі палаткі ў Етэбаце. І з Етэбаты прыбылі ў Эброну; а выйшаўшы з Эброны, расклаліся лагерам у Эцыён-Гебэры. Адтуль выбраўшыся, прыбылі ў пустыню Сін, або Кадэс. Выйшаўшы з Кадэса, паставілі палаткі на гары Гор, на самай мяжы зямлі Эдома. Па загадзе Госпада Аарон, святар, узышоў на гару Гор і там памёр у саракавым годзе па выхадзе сыноў Ізраэля з Егіпта, у першы дзень пятага месяца, маючы сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Гор. Цар Арада, хананеец, які жыў у Нагэбе, у зямлі Ханаан, пачуў у той час, што прыбылі сыны Ізраэля. І выйшаўшы з гары Гор, яны сталі лагерам у Салмоне; выйшаўшы адтуль, яны прыбылі ў Пунон. З Пунона выйшлі і прыбылі ў Абот. З Абота прыбылі ў Еабарым, што на мяжы Мааба. А выйшаўшы з Еабарыма, яны паставілі палаткі ў Дыбонгадзе; выйшаўшы адтуль, сталі лагерам у Элман-Дэблатаіме. А выйшаўшы з Элман-Дэблатаіма, прыбылі пад гару Абарым, насупраць Нэба. А выйшаўшы з гор Абарым, прыйшлі на раўніны Мааба, над Ярданам, насупраць Ерыхона; там расклаліся лагерам на мясцовасці ад Бэт-Есімота аж да Абэл-Сітыма на раўнінах Мааба. Там сказаў Госпад Майсею: «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце раку Ярдан і ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, — выганіце перад сабою ўсіх жыхароў той зямлі, паламайце ўсіх іх ідалаў ды разбіце ўсе статуі, і ўсе ўзгоркі спусташыце. Завалодайце зямлёй і абжывайцеся на ёй, бо Я даў яе вам ва ўласнасць; яе падзяліце паміж вашымі пакаленнямі: большаму пакаленню дайце большую частку, меншаму — меншую; як жэрабя выпадзе, так паміж усімі хай будзе падзелена ўласнасць; па пакаленнях і родах хай будзе яна падзелена. Калі ж не захочаце выгнаць жыхароў зямлі гэтай, і калі яны застануцца, будуць яны вам як церні ў вачах вашых і як калючкі ў баках вашых, будуць яны ўціскаць вас у зямлі пражывання вашага; і тады, што Я меркаваў ім зрабіць, вам зраблю”».
Далей казаў Госпад Майсею, гаворачы: «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі ўвойдзеце ў зямлю гэтую Ханаан, тады абшар, які выпадзе па жэрабі вам ва ўласнасць, хай будзе ў гэтых межах. Паўднёвая мяжа хай будзе ад пустыні Сін, уздоўж Эдома, і хай мяжуецца на ўсходзе з морам Салёным. Хай яны звернуць на поўдзень да ўзвышша Акрабім, каб, такім чынам, пайсці праз Сін і дасягнуць на поўдні Кадэс-Барнэ, а адтуль выйсці да Асарадара і дайсці аж да Асэмона. Ад Асэмона хай паверне мяжа да ручая Егіпецкага і спыніцца хай на беразе Вялікага мора. Вашай мяжой заходняй хай будзе Вялікае мора, гэта будзе ваша заходняя мяжа. А на поўначы хай будзе ў вас мяжа, пачынаючы ад Вялікага мора і аж да гары Гор, ад якой павядзіце мяжу да ўваходу ў Эмат і далей, да межаў Сэдада. Потым хай пойдзе мяжа да Зэфрона і Асарэнона. Такія хай будуць межы з поўначы. Усходнюю мяжу правядзіце ад Асарэнона да Сэпама, і ад Сэпама хай пойдзе мяжа ў напрамку Рэблы на ўсход ад Аіна, адтуль хай пойдзе далей і дасягне на ўсходзе боку мора Кінэрэт, і працягнецца аж да Ярдана, і спыніцца, нарэшце, пры моры Салёным. Гэта хай будзе зямля вашая з межамі сваімі вакол”». І, кажучы, загадаў Майсей сынам Ізраэля: «Гэта хай будзе зямля, якую маеце падзяліць па жэрабі і якую загадаў Госпад даць дзевяці пакаленням і палове пакалення. Бо пакаленне сыноў Рубэна па сем’ях сваіх, і пакаленне сыноў Гада па ліку родаў, і палова пакалення Манасы атрымалі ўжо сваю ўласнасць; гэтыя два і палова пакаленні ўзялі сваю ўласнасць па той бок Ярдана насупраць Ерыхона на ўсходзе». І сказаў Госпад Майсею: «Гэта імёны людзей, якія падзеляць вам зямлю: Элеязэр святар, і Ешуа, сын Нуна, і адзін князь з кожнага пакалення, каб падзяліць зямлю ва ўласнасць, імёны якіх наступныя: з пакалення Юды — Калеб, сын Ефоны; з пакалення Сімяона — Самуэль, сын Аміюда; з пакалення Бэньяміна — Элідад, сын Хаселона; з пакалення сыноў Дана — Бокцы, сын Ёглі. З сыноў Язэпа: з пакалення Манасы — Ханіэль, сын Эфода; з пакалення Эфраіма — Кемуэль, сын Сэфтана. З пакалення Забулона — Элісафан, сын Парнаха; з пакалення Ісахара — кіраўнік Палціэль, сын Азана; з пакалення Асэра — Ахіюд, сын Саломі; з пакалення Нэфталі — Пэдаэль, сын Аміюда». Вось тыя, каму загадаў Госпад падзяліць зямлю Ханаан між сыноў Ізраэля.
Таксама наступнае сказаў Госпад Майсею на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона: «Загадай сынам Ізраэля, каб далі левітам у іх уласнасць гарады, у якіх яны б жылі, і палі вакол гарадоў, каб самі яны ў гарадах жылі, а палі каб былі для статкаў, і для маёмасці, і для ўсёй іх жывёлы; гэтая прастора хай цягнецца ад муроў гарадскіх звонку на тысячу локцяў вакол. Адмерайце за горадам дзве тысячы локцяў з боку ўсходняга, дзве тысячы локцяў з боку паўднёвага, дзве тысячы локцяў з боку заходняга і дзве тысячы локцяў з боку паўночнага, каб гарады былі пасярэдзіне, а палі вакол тых гарадоў звонку. А з саміх гарадоў, якія аддасце левітам, хай будуць шэсць гарадоў вылучаныя на дапамогу ўцекачам, каб бег у іх той, хто па няведанні праліў кроў; і, апрача гэтых гарадоў, дасце яшчэ сорак два гарады, гэта значыць разам з іх палямі будзе сорак восем гарадоў. Пры выбары гарадоў, якія аддасце з уласнасці сыноў Ізраэля, так будзеце вырашаць: ад большага пакалення — большую іх колькасць, ад меншага — меншую; кожнае пакаленне павінна аддаць левітам колькасць гарадоў адпаведна памеру сваёй уласнасці». Далей сказаў Госпад Майсею: «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі пяройдзеце праз Ярдан у зямлю Ханаан, выберыце сабе гарады, што маюць быць дапамогай уцекачам, якія, не хочучы, пралілі кроў; хай гэтыя гарады будуць вам абаронай ад мсціўцаў, і хай забойца захавае жыццё, пакуль не стане перад судом супольнасці. З саміх жа шасці гарадоў, якія будуць вылучаны дзеля дапамогі ўцекачам, тры хай будуць за Ярданам, а тры — у зямлі Ханаан як гарады прыбежышча як для сыноў Ізраэля, так і для чужаземцаў або падарожнікаў, каб у гэтыя шэсць гарадоў уцякалі тыя, што ненаўмысна пралілі кроў. Калі ж хто ўдарыць каго жалезам, што той памрэ, тады той, хто ўдарыў, — забойца, і сам павінен памерці. Калі хто каго каменем ударыў, якім можна забіць, і ўдараны памер, падобна хай будзе пакараны. Калі хто каго паленам так ударыў, што той памер, — ён забойца; і сам ён хай будзе пакараны смерцю. Мсціўца за кроў хай заб’е забойцу; адразу ж, як зловіць яго, можа яго забіць. Калі хто з нянавісці напаў на чалавека, або кінуў у яго штосьці наўмысна, так што той памер, або калі хто ў злосці ўдарыў кулаком так, што той памер, тады той, хто ўдарыў, — забойца; і мсціўца за кроў можа яго забіць адразу ж, як сустрэне. Калі ж хто выпадкова і без нянавісці ўдарыў каго або кінуў у яго чым-небудзь ненаўмысна, або, не бачачы яго, кінуў у яго каменем, які можа забіць, і ўдарыў яго так, што ён памер, але забойца не быў яго ворагам і не жадаў яму ліха, то грамада павінна рассудзіць забойцу і мсціўцу за кроў на гэтай аснове, і грамада павінна выратаваць забойцу ад рукі мсціўцы за кроў і павінна вярнуць яго ў горад — прыбежышча яго, куды ён уцёк, каб ён там жыў да смерці першасвятара, які памазаны святым алеем. Калі ж забойца выйдзе па-за межы горада-прыбежышча, у які ён уцёк, і калі мсціўца за кроў сустрэне яго па-за межамі горада прыбежышча і заб’е, тады мсціўца за кроў не вінаваты, што забіў забойцу; бо да смерці першасвятара павінен забойца прабываць у горадзе прыбежышча свайго. Па смерці ж першасвятара можа ён вярнуцца да сваёй спадчыны. Хай гэта будзе вам законам ва ўсе пакаленні вашы і ва ўсіх месцах пражывання вашага. Забойцу на падставе слоў сведкаў караюць смерцю; на падставе сведчання аднаго чалавека ніхто на смерць не можа быць асуджаны. Нельга прымаць выкуп за душу забойцы, які варты смерці, павінен ён быць пакараны смерцю. Не бярыце выкуп, каб уцёк ён у горад прыбежышча свайго, а не каб ён вярнуўся і жыў у сваёй зямлі перш, чым памрэ першасвятар. Не паганьце зямлі прабывання вашага, бо кроў паганіць зямлю, і ніяк яна не можа быць ачышчана, як толькі праз кроў таго, хто праліў яе. Не паганьце зямлі, на якой будзеце жыць, бо Я буду жыць з вамі. Бо Я — Госпад, Які жыве сярод сыноў Ізраэля”».
І прыйшлі кіраўнікі сем’яў пакалення сыноў Галаада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і кіраўнікам пакаленняў Ізраэля: «Табе, гаспадар наш, загадаў Госпад жэрабем падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраэля і таксама даць уласнасць дочкам Салпаада, брата нашага; калі яны будуць жонкамі якога з сыноў другога пакалення сыноў Ізраэля, то ўласнасць іх адымецца ад уласнасці бацькоў нашых і далучыцца да таго пакалення, у якім яны будуць жыць, а наша частка, атрыманая па жэрабі, зменшыцца. І калі для Ізраэля настане год юбілейны, тады іх уласнасць будзе назаўсёды аддадзена пакаленню, да якога яна адышла, і ўласнасць пакалення нашых бацькоў паменшыцца на іх спадчыну». Тады сказаў Майсей сынам Ізраэля па загадзе Госпада: «Справядліва сказала пакаленне сыноў Язэпа, і гэты закон пастанавіў Госпад для дачок Салпаада: яны могуць ісці замуж за каго пажадаюць, але за мужчын свайго пакалення, каб не пераходзіла ўласнасць сыноў Ізраэля з аднаго пакалення ў другое пакаленне; хай сыны Ізраэля трымаюцца ўласнасці пакалення бацькоў сваіх, а кожная дзяўчына, як атрымае спадчыну ў якімсьці пакаленні, хай стане жонкаю аднаго з мужчын свайго пакалення, каб ізраэльцы захавалі спадчыну сваіх бацькоў і каб спадчынная маёмасць не пераходзіла з аднаго пакалення ў другое; але пакаленні сыноў Ізраэля павінны трымацца спадчыны сваіх пакаленняў». Дочкі Салпаада зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею, і выйшлі замуж Маала, Тэрса, Хэгла, Мэлха і Ноа за сыноў дзядзькоў сваіх з пакалення Манасы, сына Язэпа; і так іх уласнасць, якая ім была дадзена, засталася пры пакаленні і родзе бацькі іх. Гэта настаўленні і прыказанні, якія даў Госпад праз Майсея сынам Ізраэля на раўнінах Мааба каля Ярдана насупраць Ерыхона.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017