Библия › Чарняўскі-17 › Святарская

Кніга Святарская

І паклікаў Ён Майсея, і прамовіў да яго Госпад з палаткі сустрэчы, кажучы: «Гавары да сыноў Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з вас будзе складаць ахвяру Госпаду з хатняе жывёлы, хай складае з валоў або жывёл драбнейшых. Калі цэласпальная ахвяра яго будзе з жывёлы, хай ахвяруе самца без заганы ды прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы, каб Госпад прыняў яго ласкава, і пакладзе руку на галаву ахвяры, і будзе яна прынята як перамаленне за яго. І хай заб’е цяля перад Госпадам, а сыны Аарона, святары, хай ахвяруюць кроў яго і пакропяць кругом ахвярнік, што стаіць перад уваходам у палатку сустрэчы. Калі здыме скуру, то, прыносячы ахвяру, хай пасячэ [ахвяру] на часткі. Сыны ж Аарона, святары, хай прынясуць агонь на ахвярнік і, паклаўшы дровы на агонь, сыны Аарона, святары, хай пакладуць часткі, безумоўна, галаву і тлушч на дровах, што ляжаць на агні на ахвярніку. А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай абмые [іх] вадой і хай запаліць гэта святар на ахвярніку як цэласпаленне, як ахвяру агнявую з найпрыемнейшым пахам для Госпада. Калі ж ахвяра яго з дробнай жывёлы, цэласпаленне з авечак або коз, хай прынясе ў ахвяру самца без заганы; і заб’е яго перад Госпадам на паўночным баку ахвярніка, а сыны Аарона, святары, пакропяць крывёй яго насупраць ахвярніка. І, прыносячы ахвяру, хай аддзеліць часткі, галаву і тлушч, ды хай пакладзе гэта святар на дровы, што ляжаць пад агнём на ахвярніку. А прыносячы ў ахвяру нутро і ногі, хай вымые [іх] вадой; і, паклаўшы ўсё, хай спаліць святар на ахвярніку: гэта цэласпаленне на найпрыемнейшы пах Госпаду. А калі хто захоча скласці ў ахвяру Госпаду птушку на цэласпаленне, хай складзе ахвяру сваю з туркавак або з маладых галубоў, і святар прынясе яго на ахвярнік; скруціўшы яму шыю, спаліць на ахвярніку, а кроў яго выціснецца на сцяну ахвярніка; і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярніка на ўсходнім баку, дзе звычайна высыпаюць попел; надломіць яго паміж крылаў, не аддзяляючы іх, ды спаліць яго святар на ахвярніку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэласпаленне і ахвяра агнявая на найпрыемнейшы пах Госпаду.

Калі хто будзе складаць ахвяру Госпаду з ежы, яго ахвярай будзе мука, і хай увалье ў яе алею і пакладзе кадзіла, потым прынясе яе да святароў, сыноў Аарона, і возьме святар з таго поўную жменю мукі з алеем і ўсё кадзіла, ды спаліць гэта святар як памятную частку на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, на пах найпрыемнейшы Госпаду, а што застанецца ад ахвяры, будзе для Аарона і сыноў яго. Гэта найсвяцейшая частка з ахвяр, паленых для Госпада. Калі захочаш скласці ахвяру з мукі, хай гэта будуць праснакі, спечаныя ў печы і запраўленыя алеем, ці хай аладкі прэсныя, памазаныя алеем. Калі ахвяра твая будзе з патэльні, то хай будзе пшанічная мука неквашаная ды запраўленая алеем. Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта вось ахвяра з мукі. Калі ахвяра твая будзе з гаршка, смажаная, то хай таксама будзе мука запраўлена алеем. Тады прынясеш з гэтага прыгатаваную ахвяру Госпаду і аддасі ў рукі святара, а ён прынясе яе да ахвярніка; і возьме памятную частку ахвяры ды спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра агнявая, на прыемны пах Госпаду. А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў яго. Гэта найсвяцейшая частка з ахвяр, паленых для Госпада. Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, хай не будзе квашанай, бо нічога квашанага, ані мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду. Толькі пяршыні з гэтага прынясіце як дары Госпаду, але хай не ўскладаюцца яны на ахвярнік, каб спаліць на пах прыемны. Кожную ахвяру, якую складаеш з мукі, пасалі соллю. І не пакідай ахвяры тваёй без солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі соллю. Калі прыносіш ахвяру з пяршынь пладоў тваіх Госпаду, то прынось каласы, высушаныя на агні, або тоўчанае зерне свежых каласоў на ахвяру першых пладоў тваіх, паліўшы іх алеем і паклаўшы на іх кадзіла. Гэта ахвяра з мукі. І спаліць святар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.

Калі яго ахвяра будзе ахвярай прымірэння і ён захоча скласці яе з валоў, самца або самку без заганы хай складае Госпаду; і паложыць руку сваю на галаву сваёй ахвяры, якую заб’е перад уваходам у палатку сустрэчы, а пасля святары, сыны Аарона, пальюць ахвярнік крывёю [яе] наўкола. І складуць яны з ахвяры прымірэння ў ахвяру цэласпалення Госпаду тлушч, які пакрывае нутро, ды ўсё тое, што прылягае да гэтага тлушчу, а таксама дзве ныркі і тлушч, які іх пакрывае каля вантробаў, а ён аддзеліць сальнік печані, што каля нырак. І сыны Аарона спаляць гэта на ахвярніку як цэласпаленне на дровах, якія на агні: гэта ахвяра цэласпалення на мілы пах Госпаду. Калі ж яго ахвяра будзе з дробнай жывёлы, як ахвяра прымірэння для Госпада, хай складае ахвяру з жывёлы без заганы, самца або самку. Калі авечку прыносіць хто ў ахвяру перад Госпадам, хай пакладзе руку на галаву ахвяры сваёй і заб’е яе перад палаткаю сустрэчы, а сыны Аарона пакропяць крывёй яе ахвярнік наўкола, ды складзе з ахвяры прымірэння ў ахвяру цэласпалення Госпаду тлушч, і хай адрэжа ўвесь курдзюк, што каля спіны, і адрэжа яго па самую хрыбетную косць, і тлушч, які пакрывае нутро, ды ўвесь тлушч, што прылягае да вантробаў, і абедзве ныркі разам з тлушчам, які каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак. І святар спаліць гэта на ахвярніку: [гэта] хлеб і цэласпальная ахвяра Госпаду. Калі каза будзе яго ахвярай, хай складзе яе перад Госпадам, і пакладзе ён руку сваю на галаву яе ды заб’е яе перад палаткай сустрэчы. І сыны Аарона пальюць крывёй яе ахвярнік наўкола. І складзе ён з яе ахвяру сваю на спаленне для Госпада: тлушч, які пакрывае нутро, разам увесь тлушч, які прылягае да вантробаў, дзве ныркі разам з тлушчам, які на іх каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак, які на вантробах; з ныркамі хай аддзеліць яго. І святар спаліць гэта на ахвярніку: ежа агню на прыемны пах і ўвесь тлушч для Госпада. Гэта пастанова вечная для пакаленняў і для ўсіх паселішчаў вашых: ані тлушчу, ані крыві зусім не ежце”».

Прамовіў Госпад Майсею, кажучы: «Гавары сынам Ізраэля: “Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць што-небудзь з ліку ўсіх тых прыказанняў Госпада, што Ён загадаў, каб не рабілі, калі граху дапусціцца памазаны святар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён за свой грэх у ахвяру Госпаду маладога бычка без заганы як перамольную ахвяру за грэх; хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам і пакладзе руку на галаву яго ды заб’е яго перад Госпадам. Потым хай памазаны святар зачэрпне крыві таго бычка і ўнясе яе ў палатку сустрэчы; і калі памочыць святар палец у крыві, то хай пакропіць ёю сем разоў перад Госпадам, перад заслонай месца святога; і хай пакладзе ад гэтай крыві на рогі ахвярніка пахкага каджэння перад Госпадам, які ў палатцы сустрэчы, а рэшту крыві бычка хай вылье ён на падножжа ахвярніка цэласпальных ахвяр перад уваходам у палатку сустрэчы. І хай выцягне з бычка ахвяры ўвесь тлушч, як той, што пакрываў усё нутро, так і ўвесь тлушч, які прылягае да вантробаў, і абедзве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каля вантробаў, ды аддзеліць сальнік печані, што каля нырак, такім жа чынам як аддзяляецца [тлушч] бычка ахвяры прымірэння. І спаліць святар гэта на ахвярніку цэласпалення. А скуру цяляці, усё мяса, галаву, ногі, і нутро, і нячыстасць усяго бычка хай вынесуць па-за лагер; на чыстае месца, дзе звычайна высыпаюць попел, і там хай спаляць агнём на дровах: у месцы высыпання попелу. Калі ўся супольнасць Ізраэля зграшыць праз няўвагу і схавана гэта будзе перад вачыма сабрання, і ўчыніць яна тое, што супраць прыказання Госпадава, і правініцца, а потым яна зразумее грэх свой, дык хай супольнасць складзе ў ахвяру за грэх бычка і хай прывядзе яго да дзвярэй палаткі сустрэчы. Тады старэйшыны супольнасці народа ўскладуць рукі на галаву яго перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам. Памазаны святар унясе ў палатку сустрэчы частку крыві яго, пасля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад заслонай. І памажа тою крывёю рогі ахвярніка, які перад Госпадам у палатцы сустрэчы, а астатнюю кроў вылье на падножжа ахвярніка цэласпалення, які ля ўваходу ў палатку сустрэчы. А ўвесь тлушч яго аддзеліць і спаліць на ахвярніку. І зробіць з гэтым бычком тое, што робіць ён з бычком ахвяры за грэх, так павінен зрабіць з ім. Так ачысціць іх святар, і будзе спагадны Госпад да іх. І вынесе самога бычка па-за лагер, і спаліць яго так, як і папярэдняга бычка. Гэта ахвяра за грэх супольнасці. Калі зграшыць начальнік і дапусціцца праз няўвагу чагосьці з ліку таго, што забараняецца паводле закону Госпада, Бога яго, ды гэтак правініцца, то, калі будзе даказаны грэх яго, хай прывядзе ён у ахвяру Госпаду казла без заганы. Паложыць ён руку сваю на галаву яго ды заб’е яго на месцы, дзе звычайна забівае ахвяры цэласпалення перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх. І памочыць святар палец у крыві ахвяры за грэх ды памажа ёю рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту крыві вылье на падножжа яго. А тлушч яго спаліць зверху, падобна як тлушч ахвяры прымірэння. Так вось ачысціць яго святар ад граху яго, ды будзе яму даравана. Калі якая душа паміж народа зямлі праз няўвагу зграшыць тым, што ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, і правініцца, то, калі будзе выяўлены грэх яго, хай прывядзе казу без заганы. Пасля ўскладзе руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб’е яе на месцы ахвяры цэласпалення. Святар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёй рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа яго. Потым аддзеліць увесь тлушч так, як звычайна аддзяляецца тлушч ахвяры прымірэння. І спаліць яго святар на ахвярніку на мілы пах Госпаду. Так ачысціць яго святар, і будзе спагадны Госпад. А калі хто захоча скласці ў ахвяру за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы, ускладзе руку на яе галаву ды заб’е яе на месцы, дзе звычайна забіваюць ахвяры цэласпалення. Потым возьме святар пальцам сваім крыві і памажа рогі ахвярніка цэласпалення, а рэшту вылье на падножжа ахвярніка. А ўвесь тлушч аддзеліць, як аддзяляецца тлушч авечкі, што забіваецца як ахвяра прымірэння, ды спаліць на ахвярніку на агнявых ахвярах Госпаду. Так ачысціць яго святар ад граху яго, і будзе яму даравана.

Калі якая душа пачуе голас праклінаючага і будзе сведкам таго, што ён або бачыў, або даведаўся, ды калі не выявіць [гэтага], то правініцца, або калі якая душа дакранецца чаго нячыстага, трупа звера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна, але яму гэта не будзе вядома, то будзе ён нячыстым і правініцца, або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог апаганіцца, і яму гэта будзе невядома, а потым даведаецца, то паддасца ён праступку, або калі душа прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, і гэта будзе скрыта ад яго, але потым ён зразумее, то паддасца ён праступку, дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца ў сваім граху і хай прынясе ён Госпаду ў ахвяру за грэх свой, якім зграшыў, авечку са статка або казу як ахвяру за грэх, і ачысціць яго святар ад граху яго. Калі хто не зможа ахвяраваць авечку, хай складзе ў ахвяру за праступак дзвюх туркавак, або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленне. Хай прынясе іх да святара, які першага складзе ў ахвяру за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць. Пасля пакропіць крывёй яго сцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падножжа яго. Гэта вось ахвяра за грэх. Другога голуба хай складзе ён у ахвяру цэласпалення, як звычайна бывае; так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны. Калі б рука яго не знайшла дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, хай прынясе дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх. І прынясе яе да святара, а той возьме з гэтага поўную жменю як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў агнявую ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх. Так ачысціць яго святар ад граху яго, якім ён зграшыў супраць аднаго з тых прыказанняў, і будзе літасцівы Госпад. Застаўшуюся частку возьме святар як ахвяру з ежы”». Вось што сказаў Госпад Майсею: «Калі хто спракудзіцца і зграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, што пасвячоны Госпаду, хай за віну сваю са свайго статка авечак прынясе Госпаду ягня без заганы па цане двух сікляў срэбра паводле вагі святыні як ахвяру за грэх, і за тую страту, якую ўчыніў, хай аддасць і дадасць да таго пятую частку вартасці ды аддасць гэта святару, а святар ачысціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны. Калі душа зграшыць праз няўвагу і ўчыніць штосьці з таго, што забаронена законам Госпада, ды, абвінавачаная ў граху, панясе сваё злачынства, хай прынясе да святара ягня без заганы са статка, па сваім ацаненні, у ахвяру за грэх. Тады святар ачысціць яго ад праступка, якога несвядома дапусціўся, і будзе ён яму адпушчаны. Гэта ахвяра за праступак; правініўшыся, правініўся ён перад Госпадам».

Прамовіў Госпад да Майсея, кажучы: «Душа, якая зграшыць і, дапусціўшы праступак перад Госпадам, адмовіцца аддаць блізкаму тое, што яму было дадзена на захаванне, або што яму было пазычана на веру, або адыме што-небудзь сілаю, або ўчыніць паклёп, або знойдзе згубленую рэч і не прызнаецца, ды яшчэ і прысягне фальшыва ў чымсьці з усяго таго, у чым звычайна чалавек грашыць, вось жа, хто так зграшыць і будзе вінаваты, хай аддасць ён усё тое, што забраў праз крадзеж або падман, або тое пазычанае, што не аддаў, або тое згубленае, што знайшоў, або рэч, адносна якой прысягаў фальшыва, і хай ён верне тое поўнасцю і дадасць пры тым пятую частку ўласніку, якому нанёс страту, у дзень складання ахвяры за праступак. А за праступак хай ахвяруе ён Госпаду ягня без заганы са статка, паводле ацанення [твайго], на ахвяру аднагараджэння, і прывядзе яго да святара. І ачысціць святар яго перад Госпадам, і будуць адпушчаны яму ўсе ўчынкі, якімі ён зграшыў». Прамовіў Госпад Майсею, кажучы: «Загадай Аарону і сынам яго: “Вось закон адносна ахвяры цэласпалення: хай яна спальваецца на вогнішчы ахвярніка ўсю ноч аж да раніцы, і агонь ахвярніка хай на ім гарыць. Хай святар адзене шаты і льняную бялізну на цела сваё, і збярэ попел таго, што, паглынаючы, спаліў агонь, і высыпе каля ахвярніка. Потым здыме з сябе папярэдняе адзенне, а на цела апране другое адзенне, ды вынесе попел за лагер на чыстае месца. Агонь жа на ахвярніку будзе гарэць заўсёды і не будзе згасаць. Яго святар кожную раніцу хай падтрымлівае, падкладаючы дровы, і, складваючы ахвяру цэласпалення, хай зноў паліць тлушч ахвяр прымірэння. Агонь гэты вечны, ён ніколі не будзе згасаць на ахвярніку. Гэткі закон адносна ахвяры з ежы, якую прыносяць сыны Ааронавы перад абліччам Госпада перад ахвярнікам. Святар возьме адтуль жменю мукі, палітай алеем, і ўсё кадзіла, пакладзенае на муку, ды спаліць гэта на ахвярніку на наймілейшы пах як напамін Госпаду. Рэшту ж мукі хай з’ядуць Аарон з сынамі сваімі, а хлеб прэсны хай ядуць на святым месцы, на панадворку палаткі сустрэчы хай ядуць яе. Таму вось не пячыце хлябоў квашаных, бо гэта іх частка, якую Я даю з Маіх ахвяр агнявых. Гэта ахвяра найсвяцейшая, як ахвяра за грэх і за праступак. Толькі мужчыны з патомства Аарона будуць яе есці. Гэта закон вечны для вашых пакаленняў адносна агнявых ахвяр Госпаду. Кожны, хто да іх дакранецца, будзе асвечаны”». Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы: «Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў яго, якую павінны яны складаць Госпаду ў дзень іх памазання. Будуць яны складаць ахвяру штодзённую з дзесятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе раніцай і палову — вечарам. Яна павінна быць прыгатавана на патэльні, скропленай алеем. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе падзеленую на кавалкі, ахвяру на наймілейшы пах Госпаду. Святар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Усё павінна быць спалена для Госпада. Бо кожная хлебная ахвяра святароў будзе спалена агнём, ды ніхто не будзе есці яе». Зноў прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Скажы Аарону і сынам яго: “Такі вось закон адносна ахвяры за грэх: яна павінна забівацца перад Госпадам на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпалення: гэта справа святая. Святар, які будзе складаць ахвяру за грэх, хай есць яе на святым месцы, на панадворку палаткі сустрэчы. Кожны, хто дакранецца да яе мяса, будзе асвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзенне, то апырсканае хай будзе абмыта вадой на святым месцы. А гліняны посуд, у якім мяса гатавалася, трэба разбіць, а калі посуд медны, хай ён будзе добра вышараваны і абмыты вадой. Кожны мужчына са святарскага роду будзе есці яе, гэта святая рэч! А ўсякую ахвяру за грэх, кроў якой уносяць у палатку сустрэчы для ачышчэння ў месцы святым, хай ніхто не есць, але хай паліцца яна агнём.

Вось жа закон адносна ахвяры за праступак: гэта святая рэч. А таму на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэласпалення, будуць забіваць ахвяру за праступак, кроў яе выльюць вакол ахвярніка; але ўвесь тлушч з яе будзе складзены ў ахвяру: гэта значыць, курдзюк і тлушч, які пакрывае нутро, абедзве ныркі і тлушч, што на іх каля вантробаў, ды сальнік печані, што каля нырак, хай будзе аддзелены. Спаліць гэта святар на ахвярніку як агнявую ахвяру Госпаду. Такая вось ахвяра за праступак. Кожны мужчына са святарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на святым месцы: гэта святая рэч. Для ахвяры за грэх, як для ахвяры за праступак: адзін закон і той, і другой ахвяры; хай яна належыць святару, які складаў гэтую ахвяру. Святар, які складае ахвяру цэласпалення нейкага чалавека, атрымае скуру жывёлы, якую склаў у ахвяру. Таксама кожная ахвяра хлебная належыць святару, якім гэта ахвяра складзена. Але кожная ахвяра з ежы, з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як аднаму, так і другому. Вось жа закон адносна ахвяры прымірэння, якую складаюць Госпаду: калі ахвяра будзе выказам падзякі, то хай складаюць хлябы без закваскі, скропленыя алеем, і прэсныя аладкі, змочаныя алеем, ды прыгатаваную пшанічную муку ў выглядзе аладак, скропленых сумессю алею. Таксама хай прыносіць хлябы з цеста квашанага пры ахвяры прымірэння як выказ падзякі. Адна з іх хай будзе складзена як дар Госпаду, і яна будзе належаць святару, які вылье кроў ахвяры. Мяса гэтай самай ахвяры мусіць быць з’едзена ў той самы дзень, нельга нічога з іх пакідаць да раніцы. Калі хто складае ахвяру як урачыстае абяцанне або з добрай волі, то яе, падобным чынам, трэба есці ў дзень ахвяравання, але і на другі дзень можна есці, калі што застанецца. А вось калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць. Калі хто з’есць мяса ахвяры прымірэння на трэці дзень, то такая ахвяра не будзе прынятая, не будзе яна залічана таму, хто яе склаў; звыш таго, якая душа зняважыць сябе такой ежаю, будзе абвінавачана ў крывадушніцтве. Мяса, якое дакраналася да чаго нячыстага, нельга есці, але павінна быць спалена на агні; дый наогул толькі той, хто будзе чысты, можа есці мяса. Душа нячыстая, якая будзе есці мяса ахвяры прымірэння, што складзена для Госпада, будзе вынішчана з народа свайго. І калі яна дакранецца нячыстасці чалавека, або жывёлы, або гнюснасці любой рэчы, якая можа запэцкаць, ды будзе есці мяса гэтай самай ахвяры прымірэння, якая для Госпада, тая будзе выключана з народа свайго”». Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы: «Скажы сынам Ізраэля: “Нельга вам есці тлушч цялят, авечак і казлоў. Тлушч з мярцвячыны і з той жывёлы, якую разарваў дзікі звер, можаце ўжываць у розных патрэбах, але не ежце яго; калі хто будзе есці тлушч, які складаецца на агнявую ахвяру для Госпада, той будзе вынішчаны з народа свайго. Таксама не ўжывайце з ежай крыві аніводнай жывёлы: ні птушкі, ні быдла. Кожная душа, якая будзе есці якую-колечы кроў, будзе вынішчана з народа свайго”». Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Скажы сынам Ізраэля: “Хто складае ахвяру прымірэння для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэння. Хай возьме ў рукі ахвяру агнявую для Госпада: хай ускладзе тлушч з грудзіны і грудзіну, каб узнімаць яе перад Госпадам. Тлушч спаліць святар на ахвярніку, а грудзіна ж будзе належаць Аарону і сынам яго. Таксама правая лапатка пойдзе як дар святару з ахвяр прымірэння. Які з сыноў Аарона складае кроў і тлушч ахвяры прымірэння, той як сваю частку атрымае правую лапатку, бо грудзіну ўздымання і лапатку паднашэння Я бяру ад сыноў Ізраэля з іх ахвяр прымірэння ды даю іх Аарону святару і сынам яго як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага”». Гэта ёсць частка з ахвяр агнявых для Госпада, якая належыць Аарону і сынам яго ад дня, калі Ён прызначыў іх, каб яны выконвалі святарскія абавязкі, і Госпад загадаў, каб гэта было дадзена ім сынамі Ізраэля, у дзень, калі Ён памазаў іх. Гэта пастанова вечная ў пакаленнях іх. Гэта вось закон адносна ахвяры цэласпалення, ахвяры хлебнай, ахвяры за грэх, за праступак, і за пасвячэнне, а таксама ахвяры прымірэння. Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сінай, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры свае Госпаду ў пустыні Сінайскай.

Вось гэта прамовіў Госпад Майсею, кажучы: «Вазьмі Аарона і сыноў яго, адзенне іх і алей намашчэння, бычка на ахвяру за грэх, двух бараноў і кош прэсных хлябоў. Пасля збяры ўсю супольнасць ля ўваходу ў палатку сустрэчы». Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і калі ўся супольнасць сабралася ля ўваходу ў палатку сустрэчы, сказаў: «Вось, даручэнне, якое загадаў Госпад выканаць!» І ў той жа момант прывёў Аарона і сыноў яго. І калі абмыў іх вадою, усклаў на святара шаты льняныя і падперазаў яго поясам ды адзеў на яго верхняе фіялетавае адзенне, і наверх усклаў эфод: і гэты эфод моцна сцягнуў поясам і ўсклаў яму нагруднік, на якім размясціў урым і тумім, таксама пакрыў галаву яму кідарам, і на яго спераду паклаў залатую бляху, святую дыядэму, так, як загадаў Майсею Госпад. Потым узяў Майсей алей намашчэння, якім і памазаў скінію разам з усёй яе маёмасцю, і пасвяціў гэта. І калі пакрапіў ён ім ахвярнік сем разоў, памазаў яго, а таксама ўвесь посуд яго, ды ўмывальнік з падножжам яго пасвяціў алеем. А выліўшы яго на галаву Аарона, памазаў яго. Таксама і прыведзеных сыноў яго апрануў ён у тунікі льняныя і падперазаў іх поясам; і ўсклаў мітры, як загадаў Госпад Майсею. І прывёў [Майсей] бычка на ахвяру за грэх. І калі Аарон і сыны яго ўсклалі рукі свае на галаву яго, забіў яго, ды, намачыўшы палец у крыві яго, памазаў рогі ахвярніка кругом і ачысціў яго; рэшту крыві выліў на падножжа яго і так пасвяціў яго, ачышчаючы. А тлушч, які пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі разам з тлушчам іх спаліў на ахвярніку, а бычка, і скуру яго, і мяса яго, і нечыстоты яго спаліў у агні па-за лагерам, так, як загадаў Майсею Госпад. Потым прывёў барана на ахвяру цэласпалення. Калі Аарон і сыны яго ўсклалі на галаву яго рукі свае, закалоў яго і пакрапіў кругом ахвярніка крывёю яго, пасля рассек самога барана на часткі і спаліў на агні галаву, і члены цела, і тлушч. Абмыўшы найперш нутро і ногі, спаліў ён цэлага барана на ахвярніку, і гэта была ахвяра цэласпалення на найпрыемнейшы пах, агнявая ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею. Потым прывёў і другога барана на [ахвяру] пасвячэння святароў. Аарон і сыны яго ўсклалі свае рукі на галаву яго. Майсей забіў яго ды ўзяў крыху крыві яго і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі. Прывёў ён і сыноў Аарона; і калі крывёй ахвяраванага барана памазаў верх правага вуха кожнага з іх ды вялікія пальцы правай рукі і нагі, то рэшту крыві пакрапіў вакол ахвярніка. Потым узяў тлушч і курдзюк, і ўвесь тлушч, які пакрывае вантробы ды сальнік печані, і абедзве ныркі з іх тлушчам, ды правую лапатку, і з каша праснакоў, які стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку, скропленую алеем, і адзін сухарык, і паклаў на тлушч і на правую лапатку, перадаючы ўсё разам на рукі Аарона і сыноў яго. Той, пасля таго, як яны ўзнялі гэта перад Госпадам, прыняўшы назад з рук іх, спаліў на ахвярніку на ахвяру цэласпалення, і гэта была ахвяра пасвячэння на пах найпрыемнейшы: гэта была ахвяра агнявая для Госпада. Потым прынёс грудзіну і падняў яе перад Госпадам; гэта была яго частка з барана, ахвяры пасвячэння, як загадаў Госпад Майсею. Потым Майсей узяў крыху алею намашчэння і крыху крыві з ахвярніка і пакрапіў зверху Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Гэтак пасвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іх. Па пасвячэнні іх і шатаў іх загадаў ім, кажучы: «Зварыце мяса ля ўваходу ў палатку і там ежце яго; таксама ежце хлябы [ахвяры] пасвячэння, што ляжаць у кашы, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць іх есці,” а што застанецца з мяса і хлябоў, спаліце агнём. Ад уваходу ў палатку сустрэчы не адыдзецеся сем дзён, аж да дня, калі споўніцца час пасвячэння вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасвячэнне. І што адбылося сёння, так загадаў Госпад, каб рабілася дзеля іх ачышчэння. Ля ўваходу ў палатку сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо мне гэтак загадана». І зрабілі Аарон і сыны яго ўсё, што сказаў Госпад праз Майсея.

Па прашэсці васьмі дзён паклікаў Майсей Аарона, і сыноў яго, і старэйшын родаў Ізраэля ды сказаў Аарону: «Вазьмі са статка бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэласпалення, абодвух без заганы, ды складзі іх у ахвяру перад Госпадам. А сынам Ізраэля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх і цяля і барана аднагадовых ды без заганы на ахвяру цэласпалення, і вала і барана ў ахвяру прымірэння, і ахвяруйце іх перад Госпадам, і ахвяру хлебную, пакропленую алеем, бо сёння Госпад з’явіцца вам”». І прынеслі ўсё тое, што загадаў Майсей, да ўваходу палаткі сустрэчы; там, калі прыйшла ўся супольнасць і стала перад Госпадам, сказаў Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад: зрабіце, і аб’явіцца вам слава Яго!» Сказаў ён таксама Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка і складзі ахвяру за грэх свой, і прынясі ахвяру цэласпалення, і ачысці сябе і народ. І ўчыні ахвяру ад народа і ачысці яго, як загадаў Госпад». Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цяля за грэх свой, Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец, памазаў ёй рогі ахвярніка, а рэшту выліў на падножжа ахвярніка. Тлушч, ныркі і сальнік печані з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею; а мяса і скуру яго спаліў на агні за лагерам. Пасля забіў ахвяру цэласпалення; сыны яго далі яму кроў яе, і ён выліў яе вакол ахвярніка. Далі яму таксама саму ахвяру, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта ўсё агнём на ахвярніку. Потым абмыў вадой нутро і ногі і спаліў як цэласпальную ахвяру на ахвярніку. Потым склаў ён ахвяру ад народа. Узяў казла, за грэх народа, і забіў яго, і ахвяраваў дзеля ачышчэння, як і першага, а таксама ўчыніў цэласпаленне паводле пастановы, і прынёс ён ахвяру хлебную, і напоўніў ёю руку ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэласпалення. Пасля забіў вала і барана, ахвяры прымірэння ад народа; сыны ж яго далі яму кроў, якую выліў ён з усіх бакоў на ахвярнік. Тлушч жа вала і курдзюк барана, і ныркі з тлушчам, і сальнік печані склалі яны на грудзіну; і калі тлушч быў спалены на ахвярніку, грудзіну іх і правае плячо Аарон узняў перад Госпадам, як загадаў Майсей. Потым Аарон падняў рукі ў бок народа і дабраславіў яго. Па заканчэнні ахвяр за грэх, ахвяр цэласпалення і прымірэння сышоў уніз. Потым Майсей і Аарон увайшлі ў палатку сустрэчы, ды, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб’явілася слава Госпада ўсяму народу. І вось, агонь выйшаў ад Госпада і спаліў ахвяру цэласпалення разам з тлушчам, што былі на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, то ўзрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.

Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узяўшы кадзільніцы, паклалі у агонь ды яшчэ і духмянасці, складаючы ў ахвяру перад Госпадам іншы агонь, а не той, што быў загаданы. Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад Госпадам. Дык сказаў Майсей Аарону: «Вось што сказаў Госпад: “Я аб’яўлю Сваю святасць тым, якія набліжаюцца да Мяне, ды ўслаўлюся перад усім народам”». Аарон, чуючы гэта, маўчаў. Тады Майсей паклікаў Місаэля і Элісафана, сыноў Азіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, і забярыце братоў вашых з месца святога, і вынесіце іх за лагер». Яны зараз пайшлі і вынеслі іх, як ляжалі яны, апранутых у шаты свае, вонкі, як ім было загадана Майсеем. Майсей сказаў тады Аарону, Элеязэру і Ітамару, сынам яго: «Не галіце валасоў вашых і не раздзірайце адзення, каб часам не былі вы пакараныя смерцю, ды каб не ўзняўся гнеў на ўсю супольнасць. Браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля могуць плакаць над спаленнем, якое ўчыніў Госпад. Вы ж не выходзьце па-за палатку сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазання Госпада на вас». І яны зрабілі ўсё, як Майсей ім загадаў. І казаў таксама Госпад Аарону: «Калі ўваходзіце ў палатку сустрэчы, то ані ты, ані твае сыны не піце віна, ані ўсяго таго, што можа п’яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны ў пакаленнях вашых, каб умелі адрозніваць паміж святым і паганым, паміж нячыстым і чыстым, каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказанням Маім, якія Госпад аб’явіў ім непасрэдна праз Майсея». Вось што сказаў Майсей Аарону і сынам яго, Элеязэру і Ітамару, якія засталіся: «Вазьміце ахвяру хлебную, што засталася ад агнявых ахвяр Госпада, і ежце яе прэсную каля ахвярніка, бо гэта самая святая рэч. Ежце яе ў святым месцы, бо будзе дадзена яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяр Госпадавых, як мне загадана. Грудзіну ўздымання і лапатку даравання маеце есці на найчысцейшым месцы, ты і сыны твае, ды дочкі твае з табою; бо гэта пакінута табе і дзецям тваім з ахвяр прымірэння сыноў Ізраэля. Лапатка і грудзіна хай складаюцца з агнявымі ахвярамі тлушчу для ўздымання перад Госпадам ды хай належаць табе і сынам тваім паводле вечнага закону, як загадаў Госпад». Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і знайшоў яго спаленага. Дык разгневаўся ён на сыноў Аарона, Элеязэра і Ітамара, ды сказаў ім: «Чаму не з’елі вы ахвяру за грэх у святым месцы? Гэта ж самая святая рэч. Яна дадзена вам, каб вы знімалі грахі з супольнасці для ачышчэння іх перад Госпадам. А асабліва, калі частка крыві яе не была ўнесена ў месца святое, вы мусілі яе з’есці ў свяцілішчы, як загадана мне». Аарон адказаў: «Складзена сёння ахвяра за грэх, і цэласпаленне іх перад Госпадам. Са мною здарылася тое, што бачыш. Калі сёння з’ем ахвяру за грэх, ці гэта ўпадабае Госпад?» Майсей выслухаў гэта і прыняў апраўданне.

І прамовіў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы: «Вось што кажыце сынам Ізраэля: “Вось жывёлы з усіх жывёл зямных, якіх можаце есці: кожную жывёліну, у якой цалкам раздвоеныя капыты і на іх глыбокі разрэз і якая жуе жвайку, тую можаце есці. З тых, што маюць раздвоеныя капыты ці што жуюць жвайку, не ежце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, лічы яго нячыстым, тушканчыка, які жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, — нячысты ён, таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але не мае раздвоеных капытоў, і свінню, якая, хаця мае цалкам раздвоеныя капыты, не жуе жвайку; нячыстая яна для цябе. Іх мясам не карыстайцеся і да падліны іх не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас. Вось тыя, што родзяцца ў вадзе і якіх можна есці: кожнага з тых, што маюць плаўнікі і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есці можаце. Якія ж з іх не маюць плаўнікоў і лускі, з ліку паўзуноў або іншых якіх жывёл, якія рухаюцца ў вадзе, гэта паганае для вас і павінны быць брыдотай. Не ежце іх мяса ды высцерагайцеся іх падліны. Усе жывуны вадзяныя, якія не маюць плаўнікоў і лускі, будуць для вас нячыстымі. Гэта тыя з птушак, якіх не павінны вы есці і якіх трэба высцерагацца: арла, грыфа і марскога арла, каршука і сокала з родам яго, усякіх гатункаў крумкачоў, страуса, савы, чайкі, ды ястраба з родам яго, пугача, рыбалова, ібіса, лебедзя, пелікана і сыча, чаплі, бусла з родам яго, удода і кажана. Усе жывуны крылатыя, што ходзяць на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас. Тых, хто ходзіць на чатырох нагах, але мае голені даўжэйшыя за ногі, якімі ён скача па зямлі, вы можаце есці; гэта саранча з родам яе, ды салам з родам яго, харгол і хагаб з родам яго. Усе іншыя гатункі чатырохногіх крылатых паўзуноў будуць для вас нячыстыя. І хто дакранецца да іх мярцвячыны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара. І калі б яму выпала несці нейкую мярцвячыну, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да захаду сонца. Кожная жывёла, якая мае капыт, але не раздвоены, ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас, дык хто дакранецца да яе, станецца нячыстым. З усіх жывёл чатырохногіх тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя будуць для вас; кожны, хто дакранецца да мярцвячыны іх, нячысты будзе да вечара. Дык кожны, хто нёс бы мярцвячыну іх, хай вымые адзенне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас. Паміж малых жывёлін, якія рухаюцца па зямлі, нячыстымі хай лічацца гэтыя: ласка, мыш ды яшчаркі з родам іх, землярыйка, чарапаха, стэліён, крот і хамелеон. Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца да іх мярцвячыны, будзе нячысты аж да вечара. Калі з гэтай мярцвячыны ўпадзе што-колечы, ці то на посуд драўляны, ці на адзенне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя. А посуд гліняны, у які штосьці з гэтага ўпала, будзе нячысты і яго трэба разбіць. Кожная страва, якую ўжываеце, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, ды ўсякае пітво, якое п’юць з такога посуду, будзе нячыстым. На што толькі нешта з гэтае мярцвячыны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць знішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас. Толькі крыніцы і студні ды ўсё, дзе сабрана вада, будзе чыстым. Але той, хто дакранецца да той мярцвячыны, будзе нячысты. Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насенне, не спаганіць яго, але калі б якое насенне намачыла вада і такога дакранулася штосьці ад мярцвячыны, то яно будзе для вас нячыстым. Калі здохне жывёла, якую вам можна есці, дык калі б хто дакрануўся да мярцвячыны, будзе нячысты да вечара, і хто з’есць штосьці з яе або панясе падліну яе, хай памые адзенне сваё; і будзе нячысты да вечара. Усякая жывёліна, якая поўзае па зямлі, — гэта брыдота, нельга яе ўжываць у ежу. Што-колечы, што поўзае на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, не ежце гэтага, бо гэта брыдота. Не паганьце душ вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся ні да каго з іх, каб не сталіся нячыстымі. Я — Госпад, Бог ваш. Асвячайцеся ды будзьце святымі, бо Я — святы! Не паганьце душ вашых якім-колечы паўзуном, які поўзае па зямлі, бо Я — Госпад, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце святымі, бо Я — святы! Гэта вось закон адносна жывёлы і птушак ды ўсякага жывуна, які рухаецца ў вадзе і поўзае па зямлі, каб адрознівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есці, а чым маеце брыдзіцца”».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Прамаўляй да сыноў Ізраэля і гавары ім: “Калі жанчына пачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай, як у дні месячных яна будзе нячыстай. І ў восьмы дзень будзе абрэзаны хлопчык, а яна трыццаць тры дні будзе заставацца ў крыві ачышчэння свайго, не будзе дакранацца да нічога святога, не будзе хадзіць у святыню, пакуль не скончацца дні яе ачышчэння. Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні, як у дні месячніцы, і шэсцьдзесят шэсць дзён будзе заставацца ў крыві ачышчэння свайго. Калі скончацца дні ачышчэння яе дзеля нараджэння сына або дачкі, хай прынясе яна аднагадовага барана ў ахвяру цэласпалення і маладога голуба або туркаўку ў ахвяру за грэх да дзвярэй палаткі сустрэчы ды перадасць святару. Ён складзе іх у ахвяру перад Госпадам і ачысціць яе, ды так ачысціцца яна ад цячэння крыві сваёй. Гэта закон адносна той, якая нарадзіла сына або дачку. Калі ж рука яе не знойдзе гэтага і не зможа яна ахвяраваць барана, хай возьме яна дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, аднаго — у ахвяру цэласпалення, другога — у ахвяру за грэх; гэтак ачысціць яе святар, і яна будзе ачышчаная”».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы: «Калі ў якога чалавека на скуры цела з’явіцца пухліна, або гнайнік, або белая пляма, што ёсць рана праказы, то хай прывядуць яго да Аарона святара, або да аднаго з сыноў яго, святароў. Калі той убачыць, што на скуры рана і валасы змянілі колер на белы ды сам выгляд плямы паглыбіцца на скуры цела, — гэта рана праказы; калі святар убачыць гэта, хай прызнае яго нячыстым. Калі аднак пляма на скуры будзе белая, але не ўглыбілася ў цела, ды валасы ранейшага колеру, то святар адасобіць яго на сем дзён. Сёмага дня агледзіць яго. Калі святар сцвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры па-за ранейшыя межы, то адасобіць яго яшчэ на сем дзён. Пасля сямі дзён зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнее і не пашырыцца на скуры, то святар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай чалавек вымые адзенне сваё і будзе чысты. Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасля таго, як ён быў агледжаны святаром і вернуты на ачышчэнне, хай зноў прывядуць [чалавека] да яго, і калі ён убачыць, што [усё] так і ёсць, прызнае яго нячыстым; гэта праказа. Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, прывядуць яго да святара. Святар агледзіць яго, і калі на скуры яго ёсць белая пухліна, парослая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса, хай прызнаюць застарэлую праказу, што вырасла на скуры. Тады святар прызнае яго нячыстым і не адасобіць яго, бо гэта відавочная нячыстасць. Калі ж праказа расцвіце шырока на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы святара, ды ўбачыць святар яго, што праказа пакрыла ўсё цела яго, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё перамянілася ў белае; ён чысты. Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён будзе нячысты. Святар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа. Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да святара, які, агледзеўшы гэта, прызнае яго чыстым; ён чысты. Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла, але на месцы скулы з’явіцца белая пухліна або чырвоная пляма, то [гэты] чалавек павінен паказацца святару. Калі той убачыць, што месца плямы паглыблена адносна скуры і валасы змянілі колер на белы, ён прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацвіла на скуле. Калі ж валасы ранейшага колеру, і рана цемнаватая, і скура паблізу не сапсаваная, хай адасобіць яго на сем дзён. Калі ж яна разрасцецца, то святар прызнае на ім праказу. Гэта бо хвароба праказы. Калі, аднак, пляма застанецца на тым самым месцы і не пашырыцца, то гэта рана на скуле, і святар прызнае яго чыстым. Калі хто мае на сваёй скуры апёк, ды калі на месцы апёку паявіцца чырвоная або белая пляма, дык святар агледзіць яго. І вось, валасы змянілі колер на белы, і месца яе паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць гэта праказа, якая зацвіла на апёку; святар прызнае яго нячыстым, бо гэта хвароба праказы з’явілася на ране. Калі, аднак, святар сцвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнелая, дык святар адасобіць яго на сем дзён. Сёмага дня зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырыцца на скуры, то прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы. Калі, аднак, пляма не пашырыцца па скуры, але пацямнее, значыць гэта пухліна ад апёку, таму прызнае яго чыстым, бо гэта ёсць рана ад апёку. Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе з’явіцца пляма, хай агледзіць яе святар, і калі яна будзе паглыблена адносна акружаючай скуры і валасы на ёй сталіся жоўтымі і тонкімі, дык святар прызнае іх нячыстымі. Гэта паршывасць, праказа галавы або барады. Калі ж ён убачыць, што пляма паршывасці не змянілася адносна прылеглага цела і што валасы на ёй не чорныя, дык адасобіць іх на сем дзён. У сёмы дзень агледзіць пляму, і калі пляма не разраслася і на ёй няма жоўтых валасоў, ды калі месца плямы не паглыбілася адносна скуры, то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і святар зноў адасобіць яго на сем дзён. Сёмага дня, калі святар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то святар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзенне, будзе ён чыстым. А калі пасля ачышчэння зноў разрасцецца паршывасць на скуры, то не будзе ўжо больш высвятляць, ці не змяніўся колер валасоў на жоўты, бо ён відавочна нячысты. Калі ж пляма застаецца ды не будзе на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай святар смела заяўляе, што ён чысты. Калі ў мужчыны або жанчыны на скуры цела іх з’явіцца шмат плям белых, хай агледзіць іх святар. Калі сцвердзіць, што на іх скуры бледнавата-белыя плямы, дык хай ведае, што гэта крапіўка з’явілася на скуры. Ён чысты. Калі з чыёй галавы выпадаюць валасы, то ён лысы, і ён чысты. Калі ў каго выпадуць валасы з ілба, ён паўлысы, і ён чысты. А калі на лысіне або на залысіне з’явіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або вылыселым чале. Хай святар агледзіць яго, і вось, пухліна белая або чырвоная на залысіне, падобная да праказы на скуры цела, гэта значыць чалавек нячысты, пракажаны. У яго на галаве праказа. Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзенне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!” Увесь час, пакуль апанаваны праказай, нячысты; будзе жыць асобна па-за лагерам. Калі на якімсьці адзенні з’явіцца праказа, ці на адзенні ваўняным, ці на льняным, ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным, і калі з’явіцца пляма зеленаватая або чырванаватая на адзенні, або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, трэба лічыць, што гэта хвароба праказы, і трэба паказаць святару. Ён агледзіць заражанае плямай і замкне на сем дзён. Сёмага дня агледзіць зноў, і калі заўважыць, што яна пашырылася на адзенні, або аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая, хай прызнае ён адзенне ды ўсё тое, на чым яна будзе знойдзена, нячыстым. Запаланела ёй адзенне ды ўсё, на чым была знойдзена. І ён павінен спаліць гэта агнём. Калі ж аднак убачыць, што яна не пашырылася на адзенні або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе, то ў такім выпадку святар загадае вымыць рэч, на якой ёсць зараза, і замкне яе яшчэ на сем дзён. Калі па вымыцці святар убачыць, што пляма не змяніла свайго віду, то гэта рэч нячыстая, хоць і пляма не пашырылася. Спаліш тое агнём, бо прымяшалася зараза ці з аднаго, ці з другога боку. А калі па вымыцці пляма станецца святлейшай, то святар адарве гэтае месца і аддзеліць ад цэлага. А калі пляма зноў з’явіцца на тых рэчах, якія раней былі незаражаныя, то гэта лятучая і вандроўная праказа; спалі гэта агнём. Аднак тое, што ты вымыў ды з чаго знікла пляма, тое памый яшчэ раз, і будзе яно чыстым. Гэта вось закон адносна праказы на адзенні ваўняным ці льняным, на аснове, або ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі, ці нячыстымі».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Гэта закон адносна пракажанага, калі належыць яму ачышчацца: прывядуць яго да святара, а ён выйдзе з лагера і, калі выявіць, што праказа вылечаная, загадае, каб за таго, які ачышчаны, узялі дзве птушкі жывыя, чыстыя, і кедравага дрэва, і кармазынавыя ніткі, і гізоп. Потым святар загадае забіць адну птушку ў гліняным начынні над жывою вадой. Пасля другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедравага, з ніткамі кармазынавымі і з гізопам умочыць у крыві птушкі, забітай над жывою вадою, і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, каб той быў ачышчаным па законе. А жывую птушку выпусціць, каб ляцела ў поле. Калі ачышчаны памые адзенне сваё, абголіць усе валасы на целе і вымыецца ў вадзе, і, ачышчаны, увойдзе ў лагер, аднак будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай. І сёмага дня абголіць ён валасы на галаве, бараду і бровы, ды валасы на ўсім целе, і вымые адзенне і цела сваё вадой, і будзе чысты. Восьмага дня возьме ён двух бараноў без заганы, адну гадавалую авечку без плямы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, змешанай з алеем, як ахвяру [з ежы] і адзін лог алею. Потым святар, які ачышчае, паставіць гэтага чалавека з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў палатку сустрэчы. Пасля возьме аднаго барана і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, уздымаючы ўсё гэта перад Госпадам. І заб’е барана на месцы, на якім звычайна забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэласпалення, на месцы святым. Як ахвяра за грэх, так і ахвяра за праступак належыць святару, гэта святая рэч! Далей возьме святар кроў ахвяры аднагараджэння і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі. Далей святар з лога алею вылье на сваю левую далонь і памочыць правы палец у ім ды пакропіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам. Рэштай алею ў левай руцэ святар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі; над крывёй ахвяры за праступак. І ускладзе на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысціць яго перад Госпадам. Пасля святар складзе ахвяру за грэх і ачысціць таго, хто ачышчаецца ад нячыстасці яго. Далей заб’е ахвяру цэласпалення і складзе яе на ахвярніку разам з ахвярай хлебнай, і чалавек будзе ачышчаны па законе. Калі ж хто бедны і рука яго не можа знайсці таго, што прадпісана, хай возьме барана ў ахвяру за праступак для ўздымання, каб ачысціў яго святар, а таксама дзесятую частку мукі, запраўленай алеем, у ахвяру і адзін лог алею, і дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, якіх зможа знайсці рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую — на цэласпаленне. Ды прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэння святару да дзвярэй палаткі сустрэчы перад Госпадам. Святар возьме ягня за грэх і лог алею ды разам уздыме перад Госпадам. І заб’е барана ў ахвяру за грэх, кроўю яго памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі. Далей святар налье алею на сваю левую далонь і, памачыўшы ў ёй палец правай рукі, пакропіць сем разоў перад Госпадам. Далей святар памажа верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, і таксама вялікі палец яго правай рукі ды вялікі палец яго правай нагі над месцам крыві, што праліта ў ахвяру за праступак. Рэшту ж алею, што застаўся на левай руцэ, вылье на галаву чалавека, які ачышчаецца, каб перапрасіць за яго перад Госпадам. Пасля ахвяруе туркавак або маладых галубоў, якіх знойдзе яго рука, аднаго за праступак, а другога на цэласпаленне разам з ахвярай хлебнай, і так ачысціць яго святар перад Госпадам. Такая вось ахвяра пракажанага, які не ў стане мець усяго для ачышчэння свайго». Гэта вось прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы: «Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, якую Я дам вам ва ўласнасць, калі б з’явілася пляма праказы на дамах пасялення вашага, хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць святару, кажучы: “Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме”. І той загадае, каб вынеслі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла ўсяго, што ў доме. І ўвойдзе пасля святар, каб агледзець дом. І калі б заўважыў на сценах яго нібы ямінкі, пакрытыя агіднай плесенню або чырванню, якія пашыраюцца на [усё] астатняе, тады выйдзе з дому да дзвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён. Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што пляма-язва разраслася, загадае тое каменне, на якім зараза, вырваць ды выкінуць яго за горадам у нячыстым месцы, дом жа кругом унутры абскрэбсці і абскрэбкі высыпаць у месцы нячыстым за горадам. Пасля ўзяць другія каменні замест тых, што былі вынесены, і абтынкаваць дом іншай глінай. Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменні, а дом абскрэблі і абтынкавалі іншай глінай, дык прыйдзе святар і агледзіць, што зараза ў доме разраслася; значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты. Тады дом гэты зараз жа разбяруць. Каменне з яго, і дрэва, і ўвесь попел з дому таго выкінуць за горадам у нячыстым месцы. Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён закрыты, будзе ён нячысты да вечара, а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзенне сваё. Калі вось святар прыйдзе і агледзіць, што зараза не разраслася ў гэтым доме па новым абтынкаванні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылечана. Каб ачысціць дом, ён возьме дзве птушкі, кавалак дрэва кедравага, ніткі кармазынавыя і гізоп. І заб’е адну птушку ў пасудзіне глінянай над жывой вадою. Пасля возьме кедравага дрэва, гізоп, ніткі кармазынавыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе і пакропіць сем разоў дом. Такім чынам ачысціць ён крывёй птушкі гэты дом і вадой жывой, і жывой птушкай, і дрэвам кедравым, і гізопам, і ніткамі кармазынавымі. Жывую птушку пусціць за горадам свабодна ляцець у поле. Такім чынам ачысціць дом, і ён будзе чыстым. Гэта закон адносна ўсякай праказы і паршывасці, праказы адзення і дому, пухліны, скулы і белай плямы, каб можна было ведаць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы: «Аб’явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: мужчына, які мае выцёкі семя, будзе нячысты. Хай лічыцца, што загана яго палягае або на тым, што цела яго дапускае свой выцёк, або на тым, што ўстрымліваецца ад выцёку, гэта нячыстасць яго. Кожны ложак, на якім ён ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў. Калі хтосьці з людзей дакранецца да яго ложка, павінен памыць адзенне сваё і вымыцца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Калі хто сеў там, дзе сядзеў той, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Той, хто дакранецца да цела яго, маючага выцёкі, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Калі гэткі чалавек плюне на таго, хто чысты, няхай ён вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Кожнае сядло, на якім ён сядзеў, маючы выцёкі, будзе нячыстае. Кожны, хто дакранецца да чаго-колечы, што той, хто мае выцёкі семя, меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзенне сваё, сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Таксама кожны, да каго дакранецца той, хто мае выцёкі, не памыўшы перш рукі, хай вымые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Кожны посуд гліняны, да якога ён дакранаецца, маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны посуд драўляны хай будзе вымыты вадой. Калі паздаравее той, хто церпіць ад такой хваробы, то хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэнне і, памыўшы адзенне сваё і ўсё цела ў жывой вадзе, будзе чысты. У восьмы дзень хай возьме дзвюх туркавак або двух маладых галубоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзвярэй палаткі сустрэчы, і аддасць іх святару. Той складзе аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэласпалення, і такім чынам ачысціць яго святар перад Госпадам, і будзе ён ачышчаны ад выцёкаў семя свайго. Мужчына, з якога вывяргаецца семя, хай абмые вадою ўсё цела сваё; і будзе нячысты да вечара. Адзенне і скуру, на якую выльецца семя, трэба вымыць вадою; і яны будуць нячыстыя да вечара. Калі мужчына ляжыць з жанчынаю і ў яго выльецца семя, хай абодва абмыюцца вадою і будуць нячыстыя да вечара. Жанчына, якая мае штомесячную крывацечу, хай яна адасобіцца на сем дзён. Кожны, хто да яе дакранецца, будзе нячысты да вечара, ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасаблення свайго, будзе нячыстым. Хто дакранецца да ложка яе, хай памые адзенне сваё і сам абмыецца вадою; і будзе нячысты да вечара. Кожны, хто дакранецца да любой рэчы, на якой яна сядзела, хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Калі хто дакранецца да чагосьці, што ляжала на яе ложку, або да сядзення, на якім яна сядзела, будзе нячысты да вечара. Калі які мужчына ляжа з ёю ў час штомесячнай крывацечы, то ён будзе нячысты сем дзён; кожны ложак, на якім ён спаў, будзе нячысты. Калі жанчына церпіць цячэнне крыві многія дні, ды не ў час месячніцы, або калі пасля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як у час месячніцы. Кожны ложак, на якім будзе спаць у час хваробы сваёй, і рэч, на якой будзе сядзець, будуць нячыстымі. Хто дакранецца да іх, занячысціцца, дык хай памые адзенне сваё вадою, і сам вымыецца ў вадзе; і будзе нячысты да вечара. Калі кроў затрымаецца і перастане цячы, хай адлічыць яна сем дзён; і потым будзе чыстая. Восьмага дня возьме яна за сябе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў і прынясе святару да дзвярэй палаткі сустрэчы. Святар аднаго складзе ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення. Гэта ачысціць яе перад Госпадам ад цячэння нячыстасці яе. Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высцерагаліся нячыстасці, каб не памерлі ў нячыстасці сваёй, паганячы дом Мой, які ёсць паміж імі. Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі семя і з якога вывяргаецца семя, і ён стаецца нячыстым, і [адносна той], якая аддзяляецца ў час месячніцы або якая несупынна мае крывацечу, а таксама [адносна] чалавека, які спіць з нячыстай».

Вось што сказаў Госпад Майсею па смерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя, і загадаў яму, кажучы: «Скажы Аарону, брату твайму, каб не ў кожны час уваходзіў у месца найсвяцейшае, якое ёсць за заслонай, перад перамольняй, якой накрываецца каўчэг, каб ён не памёр ад таго, што Я буду аб’яўляцца ў воблаку над перамольняй. Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у месца найсвяцейшае: хай складзе маладога бычка ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпалення. Хай апранецца ён у шаты святыя льняныя, ільнянымі штанамі хай прыкрые сорам, перапаяшацца льняным поясам, а на галаву ўскладзе льняны кідар — гэта святыя шаты. Хай абмыецца вадою і апране ўсё гэта. Ад супольнасці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў у ахвяру за грэх і аднаго барана ў ахвяру цэласпалення. Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і ачысціць сябе і дом свой. І возьме двух казлоў, і паставіць іх як ахвяру сваю перад Госпадам, перад уваходам у палатку сустрэчы. Пасля кіне Аарон жэрабя на абодвух казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля. На якога выпала жэрабя для Госпада, таго складзе ён у ахвяру за грэх; а на якога — для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам дзеля ачышчэння, каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню. Потым Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх і заб’е яго на перамаленне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе. Потым возьме кадзільніцу, і напоўніць яе гарачым вуголлем з ахвярніка перад Госпадам, і, узяўшы жменю тоўчанага кадзіла для запальвання, занясе яго за заслону ў святое месца; каб пасля таго, як ён кіне кадзіла на агонь перад Госпадам, яго воблака і дым закрылі перамольню, якая над каўчэгам сведчання, і так не памрэ. Далей возьме крыві цяляці і пакропіць пальцам сем разоў спераду перамольні. Сем разоў пакропіць перад перамольняй пальцам, змочаным у крыві. Потым заб’е казла за грэх народа і ўнясе кроў яго за заслону, як было загадана накот крыві цяляці, каб пакропіць насупраць перамольні. І ачысціць месца святое ад нячыстасці сыноў Ізраэля ды ад злачынстваў іх паводле ўсіх іх грахоў. Паводле таго ж закону зробіць ён з палаткаю сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод нячыстасці іх жылля. Ні адзін чалавек не павінен быць у палатцы сустрэчы ад хвіліны, калі святар увойдзе ў святыню, каб ачысціць сябе і дом свой і ўсю супольнасць Ізраэля, аж пакуль ён не выйдзе. Вось так ачысціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасць Ізраэлеву. Потым выйдзе да ахвярніка, які перад Госпадам, і ачысціць яго, і возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёй рогі ахвярніка з усіх бакоў, і пакропіць сем разоў пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысціць яго ад нячыстасці сыноў Ізраэля і асвяціць яго. Калі ўжо скончыць ачышчэнне месца святога, палаткі сустрэчы і ахвярніка, тады прывядзе жывога казла. І ўскладзе Аарон абедзве рукі на галаву яго, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іх злачынствы ды ўсе грахі іх, ускладзе іх на галаву яго і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню. Такім спосабам казёл панясе на сабе ўсе іх правіны ў зямлю бязлюдную, і выгнаны будзе казёл у пустыню. Тады Аарон увойдзе ў палатку сустрэчы, здыме шаты льняныя, якія перш надзеў, уваходзячы ў месца святое, ды пакладзе іх там. І абмые цела сваё вадою ў святым месцы, і ўскладзе шаты свае, і потым выйдзе, і складзе ахвяру цэласпалення за сябе і за народ, і ачысціць сябе і народ. Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку. А чалавек, які выгнаў казла адпушчэння [для Азазэля], памые адзенне сваё і цела вадою, а потым вернецца ў лагер. А бычка і казла, якія былі забіты за грэх і кроў якіх была ўнесена, каб споўніць ачышчэнне ў святым месцы, вынесуць за лагер і спаляць агнём і скуру, і мяса іх, і нячыстасць. Той, хто спаліць іх, вымые адзенне сваё і цела вадою, а пасля вернецца ў лагер. Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, упакорвайце душы вашы, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, які паселіцца паміж вамі. У той дзень будзе перамаленне вашае і ачышчэнне; ад усіх грахоў вашых ачысціцеся перад абліччам Госпада. Гэта для вас субота супачынку, упакорвайце душы вашыя ў пастанове вечнай. Ачышчаць будзе святар, які быў памазаны і рукі якога пасвячоны, каб ён выконваў святарства на месцы бацькі свайго; і ўскладзе ён ільняныя шаты, адзенне святое, і ачысціць месца найсвяцейшае і палатку сустрэчы, ахвярнік, а таксама святароў ды ўвесь народ супольнасці. Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іх грахоў». І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.

Далей прамовіў Госпад да Майсея, кажучы: «Абвясці Аарону і сынам яго ды ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: “Такі вось загад, які даў Госпад, кажучы: “Калі хто з дому Ізраэля заб’е бычка або авечку, або казу ў межах лагера або па-за лагерам і не прынясе іх да дзвярэй палаткі сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен у крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны з народа свайго. Дзеля таго сыны Ізраэля павінны прыносіць святару ахвяры свае, якія забівалі ў полі, каб складаць для Госпада перад уваходам у палатку сустрэчы, да святара, ды складаць іх як ахвяры прымірэння для Госпада. І пакропіць святар крывёй ахвярнік Госпада пры ўваходзе ў палатку сустрэчы, а тлушч спаліць на прыемны пах Госпаду. Ужо не будуць складаць ахвяр сваіх дэманам, з якімі распуснічалі: гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленняў іх”. Далей скажаш ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод вас, складае ахвяру цэласпалення або іншую і не прывядзе яе да ўваходу ў палатку сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народа свайго. Калі хто з дому Ізраэля або з іншаземцаў, якія жывуць сярод іх, еў бы кроў, то скірую аблічча Сваё супраць такой душы ды вынішчу яе з народа яе. Бо душа цела ў крыві, і даў яе Я вам, каб на ахвярніку ёю ачышчалі вы душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае праз душу. Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: “Ніхто з вас не будзе спажываць крыві, таксама і прышэльцы, якія пасяліліся сярод вас, не будуць спажываць крыві. Калі хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія пасяліліся сярод вас, зловіць на паляванні дзікага звера або птушку, якіх можна есці, хай вылье з іх кроў і закрые яе зямлёю. Бо душа кожнага цела ў крыві яго; таму даў Я загад сынам Ізраэля: не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела — гэта кроў яго. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне. Душа, якая будзе спажываць мяса падліны або разарванае жывёлы, — ці то з тутэйшых, ці з прышэльцаў, — хай памые адзенне сваё і вымыецца ў вадзе ды будзе нячысты да вечара, і такім чынам станецца чыстым. Калі ж хто не памые адзення ані цела свайго, будзе насіць правіннасць сваю”».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Вучы сыноў Ізраэля і кажы ім: “Я — Госпад, Бог ваш. Не рабіце паводле звычаю зямлі Егіпецкай, у якой вы жылі, і паводле неразумнасці зямлі Ханаан, у якую Я збіраюся ўвесці вас, не рабіце і не хадзіце па іх законах. Будзеце спаўняць пастановы Мае і выконваць прыказанні Мае ды жыць паводле іх. Я — Госпад, Бог ваш. Беражыце пастановы Мае і закон Мой. Спаўняючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я — Госпад! Ніводны чалавек не наблізіцца да сваяка свайго, каб выявіць заганнасць яго. Я — Госпад. Не адкрывай галізны бацькі і маці сваёй: бо гэта — маці твая, не выяўляй галізны яе. Не адкрывай галізны жонкі бацькі твайго, бо гэта галізна бацькі твайго. Не адкрывай галізны сястры сваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маці тваёй, нягледзячы на тое, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай галізны іх. Не адкрывай галізны дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта галізна твая. Не адкрывай галізны дачкі жонкі бацькі твайго, якую нарадзіла яна бацьку твайму, гэта сястра твая, не адкрывай галізны яе. Не адкрывай галізны сястры бацькі свайго, бо яна сваячка бацькі твайго. Не адкрывай галізны сястры маці сваёй, бо яна сваячка маці тваёй. Не адкрывай галізны брата бацькі свайго, не ўваходзь да жонкі яго, якая звязана з табою сваяцтвам, бо гэта цётка твая. Не адкрывай галізны нявесткі сваёй, бо яна жонка сына твайго, не адкрывай ганьбы яе. Не адкрывай галізны братавай сваёй, бо гэта галізна брата твайго. Не адкрывай галізны жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына яе ані дачкі яе дачкі, каб адкрыць ганьбу яе, бо яны цела яе. Гэта беззаконне. Не бяры сястру жонкі сваёй, саперніцу яе, каб адкрыць яе галізну, пакуль гэтая жывая. Не набліжайся да жанчыны ў час яе месячніцы і не адкрывай галізну яе. Не кладзіся з жонкай бліжняга свайго і не спаганьвай сябе змяшэннем семя; праз гэта станешся ты нячысты. Не аддавай дзіцяці свайго на ахвяру ідалу Малоху, каб не спаганіць імя Бога твайго. Я — Госпад. Не спалучайся з мужчынам так, як ляжыш з жанчынаю: гэта агіда. Не кладзіся з ніякаю жывёлаю, не спаганьвай сябе з ёю. Таксама і жанчына не будзе злучацца з жывёлай, бо гэта злачынства! Не паганьцеся ўсім гэтым, як апаганілі сябе ўсе народы, якія Я выганю перад вашым абліччам, ды якімі была спракуджана зямля, злачынствы якой Я пакараў, і выкінула з сябе жыхароў сваіх. Дык вы пільнуйцеся пастаноў і законаў Маіх і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдот, ані тутэйшы, ані прышэлец, які жыве сярод вас, бо ўсіх гэтых брыдот дапускаліся жыхары зямлі, якія былі перад вамі і якія апаганілі яе. Дык сцеражыцеся, каб і вас яна не выкінула, калі будзеце яе паганіць, як выкінула з сябе народ, які быў перад вамі. Бо кожная душа, якая б дапусцілася адной з гэтых брыдот, будзе вынішчана з народа свайго. Трымайцеся прыказанняў Маіх. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, не паганьцеся імі. Я — Госпад, Бог ваш”».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Гавары ўсёй супольнасці сыноў Ізраэля і кажы ім: “Будзьце святымі, бо святы Я — Госпад, Бог ваш. Хай кожны паважае маці і бацьку свайго. Пільнуйце суботы Мае. Я — Госпад, Бог ваш! Не звяртайцеся да ідалаў ані не вылівайце сабе багоў з металу. Я — Госпад, Бог ваш! Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэння, дык складайце яе так, каб была яна Яму прыемнай. Будзеце яе есці ў сам дзень ахвяры ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём. Калі хто гэта будзе есці праз два дні, паганым гэта будзе і не будзе прыемным [Госпаду]. Хто будзе гэта есці, панясе правіннасць сваю, бо спаганіў святасць Госпада, ды знішчана будзе душа тая з народа свайго. Калі будзеш жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля свайго, ды не збірай каласоў, якія засталіся. Не збірай у вінаградніку сваім да рэшты і ягады, што абсыпаліся, але пакінь, каб іх сабралі бедныя і прыбыльцы. Я — Госпад, Бог ваш! Не крадзіце і не хлусіце. Хай ніводны з вас не ашуквае блізкага свайго. Не прысягай імем Маім і не зневажай імя Бога твайго. Я — Госпад! Не нагаворвай на блізкага твайго і не чыні яму рабунку. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы. Не праклінай глухога ды перад сляпым не кладзі перашкоды, але шануй Бога твайго. Я — Госпад! Не дапускайцеся несправядлівасці на судзе. Не пагарджай асобаю беднай ды не патурай асобе магутнага. Справядліва судзі блізкага свайго. Не будзь паклёпнікам і плеткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў блізкага свайго. Я — Госпад! Не май у сэрцы сваім нянавісці да брата свайго; дакарай яго, каб не мець граху з прычыны яго. Не помсці ды не гневайся на суайчыннікаў сваіх. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я — Госпад! Пільнуйце законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёламі другой пароды; поля свайго не засявай рознымі гатункамі насення. Не апранай адзення з двух матэрыялаў. Калі хто будзе спаць з жанчынай, выліваючы семя, а яна ёсць нявольніца, заручаная з мужам, але яшчэ не выкуплена і не надзелена воляй, абодва будуць пакараныя, але не карай смерцю, бо не была яна свабоднай. Дзеля таго складзе ён у ахвяру Госпаду ля ўваходу ў палатку сустрэчы за праступак свой барана ў ахвяру адплаты. І ачысціць яго святар бараном ад граху яго перад Госпадам, ды будзе адпушчаны яму грэх, якім зграшыў. Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, не забірайце іх абразання, гэта значыць пладоў, якія яны родзяць; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есці. У чацвёртым годзе ўсе іх плады будуць пасвячоны як дар для Госпада. У пяты год будзеце есці плады іх, каб павялічыўся для вас ураджай з іх. Я — Госпад, Бог ваш! Не ежце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі. Не стрыжыце валасоў кругом галавы, і не караці край барады сваёй. Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памерлых ды не накалвайце надпісы на скуры вашай. Я — Госпад! Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы з яе распусніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай. Пільнуйце Мае суботы і паважайце Маё святое месца. Я — Госпад! Не звяртайцеся да выклікаючых духі памерлых і не райцеся ні пра што з варажбітамі, каб праз іх не апаганіліся. Я — Госпад, Бог ваш! Перад сівой галавой устань і шануй старога ды шануй Бога твайго. Я — Госпад. Калі ў вашай зямлі паселіцца побач з табою чужынец, не крыўдзі яго, але хай будзе пасярод вас як тутэйшы, і любі яго, як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш! Не дапускайцеся якой-небудзь несправядлівасці на судзе, у мерцы ды ў вымярэнні. Хай будуць у вас справядлівыя вагі, правільныя гіры, справядлівая эфа ды правільны гін. Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай. Захоўвайце ўсе прыказанні Мае і ўсе пастановы, і выконвайце іх. Я — Госпад”».

Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Кажы сынам Ізраэля: “Хто з сыноў Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць у Ізраэлі, дасць адно са сваіх дзяцей ідалу Малоху, будзе пакараны смерцю; народ землі хай укамянуе яго. І Я Сам звярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго з народа яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў святыню Маю ды зняважыў святое імя Маё. Калі землякі яго закрыюць вочы свае, каб не бачыць такога чалавека, які аддаў адно са сваіх дзяцей Малоху, ды не захочуць забіць яго, то Я Сам звярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям’і ды выкараню яго з народа яго, а таксама тых усіх, якія спачуваюць яму ў тым, каб распуснічаць з Малохам. Таксама супраць кожнай душы, якая звернецца да выклікаючых духі памерлых або да варажбітоў і будзе распуснічаць з імі, Я звярну аблічча Маё і выкараню яе з народа яе. Дык асвяціцеся і будзьце святымі, бо Я — Госпад, Бог ваш! Захоўвайце прыказанні Мае і выконвайце іх. Я — Госпад, Які асвячае вас! Хто праклінае бацьку свайго і маці сваю, будзе пакараны смерцю; хто праклінаў бацьку або маці, той выклікаў смерць на сябе. Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай ці ўчыніць пералюб з жонкай блізкага свайго, будзе пакараны смерцю і чужаложнік, і чужаложніца. Калі хто ляжа з жонкаю бацькі свайго і адкрые галізну бацькі свайго, то будуць пакараны смерцю абодва, яны самі гэтую смерць сцягнуць на сябе. Хто ляжа з нявесткай, будзе разам з ёю пакараны смерцю, бо яны ўчынілі злачынства і самі гэтую смерць сцягнулі на сябе. Калі хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, то абодва дапускаюцца брыдоты і будуць пакараныя смерцю; яны самі на сябе гэтую смерць сцягнулі. Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе маці, дапускаецца злачынства: ён і яна будуць спалены ў агні, каб толькі не было распусты сярод вас. Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны смерцю. Жывёлу таксама забіце. Калі жанчына злучыцца з якой-небудзь жывёлай, адразу забі іх разам, хай будуць пакараныя смерцю; самі гэтую смерць на сябе сцягнулі. Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маці сваёй, і будзе аглядаць яе галізну, а яна будзе аглядаць галізну брата, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў галізну сястры сваёй, панясе ён правіннасць сваю. Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе галізну, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць з народа свайго. Не адкрывай галізны сястры маці сваёй або сястры бацькі свайго, хто так робіць, галізну цела свайго адкрывае; панясуць абодва правіннасць сваю. Хто ляжа з жонкай стрыя або вуя свайго, той адкрывае галізну блізкага свайго, абодва панясуць грэх свой, памруць бяздзетныя. Хто бярэ жонку брата свайго, гэта нячыстасць. Адкрыў ён галізну свайго брата, будуць яны бяздзетныя. Захоўвайце ўсе пастановы ды ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб вас не выкінула зямля, у якую вы збіраецеся ўвайсці і жыць там. Не жывіце паводле звычаяў народаў, якія Я збіраюся выгнаць перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі”. Вось жа, сказаў Я вам: “Вы возьмеце зямлю іх, Я дам яе вам у спадчыну — зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Я — Госпад, Бог ваш, Які аддзяліў вас ад іншых народаў. Дык адрознівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душ вашых жывёлай і птушкамі ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі і што Я вылучыў вам як нячыстае. Будзьце перад Мною святымі, бо Я святы, Я — Госпад, і Я аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі. Мужчына або жанчына, якія будуць варажыць або прадказваць будучыню і выклікаць духаў памерлых, будуць пакараныя смерцю. Хай закідаюць іх каменнем; яны самі заслужылі такую смерць”».

Далей сказаў Госпад да Майсея: «Гавары святарам, сынам Аарона, і кажы ім: “Хай не занячысціцца святар тым, што дакранаецца да памерлага з народа свайго. Хіба толькі да блізкіх сваякоў, гэта значыць да бацькі і маці, сына і дачкі, а таксама брата і сястры сваёй, дзяўчыны, што незамужняя, на ёй хай занячысціцца ён. І хай не занячысціць сябе святар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, каб не зняважыць сябе. Не павінны яны стрыгчы галавы і барады ды на целе сваім не будуць рабіць нарэзаў. Святымі будуць яны перад Богам сваім і не будуць паганіць імя Яго, бо яны складаюць агнявыя ахвяры Госпаду і ахвяру хлебную Богу свайму, і таму яны будуць святымі. Не возьмуць яны за жонку распусніцы або зняслаўленай; ані той, якая адрынута мужам, бо той пасвячоны Богу свайму. І будзеш усвячаць яго, бо ён складае хлебную ахвяру Богу свайму. Дык хай будзе ён святы для цябе, бо святы Я, Госпад, Які асвячае вас. Калі дачка святара паганіць сябе распустаю, то няславіць імя бацькі свайго; будзе яна спалена ў агні. Найвышэйшы святар паміж братоў сваіх, на галаву якога нанесены алей памазання, рукі якога пасвячоныя ў святарства ды які адзеты ў святыя шаты, не будзе распускаць валасоў сваіх і раздзіраць шатаў, і не будзе ён набліжацца да ніводнага памерлага, не занячысціцца ён нават з прычыны бацькі свайго і маці. Не будзе ён выходзіць са святыні і не апаганіць святога месца Госпадавага, бо ён пасвячоны алеем намашчэння для Бога свайго. Я — Госпад. За жонку павінен браць ён дзяўчыну. Не возьме за жонку ані ўдавы, ані разведзенай, ані зняслаўленай, ані распусніцы, ніводнай з такіх не возьме, але возьме дзяўчыну са сваякоў сваіх. І не зняславіць ён семя свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я — Госпад, Які асвячае яго”». Далей прамаўляў Госпад да Майсея, кажучы: «Скажы Аарону: “Ніхто з патомства твайго ва ўсе пакаленні іх, у якога на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру хлебную Богу свайму, бо ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць: ані сляпы, ані кульгавы, ані крываносы, ані скалечаны, ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку, ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані карослівы, ані той, хто мае паршу на целе або пашкоджаныя яечкі. Ніводзін чалавек з патомства Аарона святара, у якога на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, ані хлебную ахвяру Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго. Але можа ён есці хлеб Бога свайго, як з [дароў] найсвяцейшых, так і са святых. Толькі не будзе ён падыходзіць да заслоны і не будзе падыходзіць да ахвярніка, бо мае загану, і не павінен ён паганіць святыню Маю, бо Я — Госпад, Які асвячае іх”». Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго ды ўсяму Ізраэлю.

Вось што прамовіў далей Госпад да Майсея, кажучы: «Скажы Аарону і сынам яго, каб яны асцярожна абыходзіліся з тым, што пасвечана сынамі Ізраэля, і каб не знеслаўлялі святое імя Маё ў тым, што яны Мне складаюць у ахвяру. Я — Госпад. Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленні, калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасці, прыступіцца да рэчаў святых, якія сыны Ізраэля пасвяцілі Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны перад абліччам Маім. Я — Госпад. Ніводзін патомак Аарона, які быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, не будзе магчы есці таго, што пасвечана, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памерлага або мужчына, у якога вывяргаецца семя, або хто дакранецца да паўзуна, якім занячысціцца, або чалавека, які апаганіў бы яго нейкай сваёй нячыстасцю, дык хто дакранецца да такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і не будзе есці таго, што пасвечана; але калі абмые сваё цела ў вадзе, па захадзе сонца будзе ён ачышчаны і тады будзе есці пасвечанае, бо гэта ёсць ежа яго. Не будзе ён есці мярцвячыны ані мяса жывёл, разарваных звярамі, ды не занячысціцца праз гэта. Я — Госпад. Хай выконваюць Мае прыказанні, каб не мелі дзеля таго граху, ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я — Госпад, Які асвячае іх. Ніводзін чужынец не будзе есці пасвечанага, ані пражываючы ў святара або найміт не будзе есці гэтага. А той, каго святар купіць і хто будзе паслугачом у доме яго, тыя могуць есці гэта, таксама народжаныя ў доме яго могуць есці хлеб яго. Калі б дачка святара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есці гэтых асвечаных ахвяраваных дароў. Аднак, калі дачка святара аўдавела або была кінута і, не маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто, аднак, чужы не мае права есці яе. Калі ж хто несвядома з’есць святое, хай дадасца яшчэ пятая частка да таго, што ён з’еў, і хай аддасць ён святару пасвечанае. Яны ж [святары] не будуць паганіць святых дароў, якія сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду, і не павінны сцягваць на сябе віну, калі будуць есці пасвечанае сваё. Я — Госпад, Які асвячае іх». Далей прамаўляў Госпад Майсею, кажучы: «Гавары Аарону і сынам яго і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: “Калі хто з дому Ізраэля або з прышэльцаў, якія жывуць сярод вас, выконваючы прысягу, па якой або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, якую прыносіць Госпаду на цэласпаленне, то, каб была яна спрыяльнай для вас, трэба прыносіць самца беззаганнага з цялят, з бараноў ды з казлоў; мужчынскага роду. Калі будзе мець загану, не складайце ў ахвяру, бо не будзе яна для вас спрыяльнай. Калі хто захоча скласці Госпаду ахвяру прымірэння, каб выпаўніць прысягу або па добрай волі, ці гэта з валоў, ці з авечак, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай. Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках, ды не давайце такіх у агнявую ахвяру на ахвярніку для Госпада. Цяля або барана някшталтнага ці хворага можаш скласці як ахвяру добраахвотную, але як ахвяра прысягі не будзе прынятая. Жывёлу, у якой яечкі сціснутыя, разбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І не будзеце такога рабіць наогул у вашай зямлі, ані з рук чужынцаў не будзеце складаць такіх жывёлін як ахвяру з ежы Богу вашаму, таму што гэта ўсё сапсаванае і заганнае, і дзеля таго не будуць яны для вас карыснымі”». Далей казаў Госпад Майсею: «Калі народзіцца табе цяля, або ягня, або казляня, то будзе яно сем дзён пад вымем маткі сваёй. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада. Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам з іх малым. Калі складаеце ахвяру дзеля выказу падзякі Госпаду, складайце яе так, каб магла яна быць прыемнай; у той самы дзень з’ежце яе; хай не застаецца з яе нічога да раніцы другога дня. Я — Госпад. Беражыце прыказанні Мае і спаўняйце іх. Я — Госпад. Не паганьце імя Маё святое, каб быў Я святым паміж сыноў Ізраэля. Я Госпад, Які асвячае вас ды Які вывеў з зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам. Я — Госпад».

Вось што прамаўляў Госпад Майсею, кажучы: «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: “Вось якія святы ў Госпада, у якія вы будзеце склікаць сходы святых; гэтыя вось святы Мае. Шэсць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень — субота супачынку, сход святы, не будзеце зусім працаваць, бо гэта субота для Госпада ва ўсіх месцах пражывання вашага. Вось святы Госпада, святыя сходы, якія павінны вы святкаваць у свой час. У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава. А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасць праснакоў Госпада. Сем дзён будзеце есці праснакі. У першы дзень будзе ў вас сход святы; не будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень, але праз сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую. У сёмы ж дзень будзе сход святы, ніякай працы ў той дзень не будзеце рабіць”». Потым сказаў Госпад Майсею: «Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце ўчыняць жніво, то прынясіце святару першы сноп жніва вашага. Ён уздыме сноп перад Госпадам, каб Ён быў для вас спрыяльным; у другі дзень пасля суботы асвяціць ён яго. Таксама ў той дзень, у якім прынясеце ў ахвяру сноп, складзіце ахвяру цэласпалення Госпаду з гадавалага ягняці, без заганы, і разам з ім ахвяру з ежы з дзвюх дзесятых мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на прыемны пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую Яму, чвэрць гіна віна. Аж да гэтага дня не будзеце есці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня новага ўраджаю, пакуль не складзеце з яго ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленням вашым ва ўсіх месцах прабывання вашага. Адлічыце сабе ад другога дня пасля суботы, ад дня, у які прынясеце сноп для ўздымання, сем поўных тыдняў, аж да другога дня па сёмай субоце, гэта значыць пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду. Прынясіце з вашых месцаў пражывання па два хлябы для ўздымання, кожны з двух дзесятых [эфы] мукі квашанай, якія спячыце як пяршыні Госпаду. Апрача хлеба, складзіце ў ахвяру сем ягнят без заганы, аднагадовых, аднаго маладога быка і двух бараноў. Яны будуць ахвяраю цэласпалення Госпаду разам з ахвяраю хлебнай і з вадкаю ахвярай вашай на найпрыемнейшы пах Госпаду. Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і двух бараноў аднагадовых як ахвяру прымірэння. І калі святар уздыме іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршыняў і разам з двума баранамі, будзе гэта святыняй для Госпада на ўжытак святара. У той самы дзень збярыце сход, гэта будзе для вас сход святы. Ніякай работы не будзеце рабіць у той дзень. Гэта будзе вечная пастанова ва ўсіх месцах пражывання вашага, для ўсіх пакаленняў вашых. Калі будзеце жаць на зямлі вашай, не будзеце дажынаць да мяжы поля ды не будзеце збіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прышэльцам. Я — Госпад, Бог ваш”». Далей казаў Госпад Майсею: «Скажы сынам Ізраэля: “У першы дзень сёмага месяца будзе вам адпачынак, напамін, і будзе ў вас святы сход пры гуку труб. Не будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую”». Далей казаў Госпад Майсею: «Вось жа, дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца выпадзе дзень ачышчэння, і будзе ў вас святы сход. У той дзень будзеце ўпакорваць душы вашыя і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя. Не будзеце рабіць у той дзень аніякай работы, бо гэта дзень ачышчэння, дзеля ачышчэння вашага перад Госпадам, Богам вашым. Усякая душа, якая не будзе посціць у той дзень, будзе вынішчана з народа свайго. І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу з народа яго. Дык нічога не будзеце рабіць у той дзень. Гэта будзе пастанова вечная для ўсіх пакаленняў вашых, ва ўсіх месцах пражывання вашага. Гэта субота супачынку вашага, і будзеце вы посціць; з вечара дзевятага дня да вечара дзесятага дня будзеце святкаваць суботу вашую». Зноў сказаў Госпад Майсею: «Скажы сынам Ізраэля: “У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца будзе свята палатак, сем дзён Госпадавых. У першы дзень — святы сход; у той дзень не рабіце ніякай работы. Усе сем дзён складайце агнявую ахвяру Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас святы сход і складзеце агнявую ахвяру Госпаду. Гэта — сход: не рабіце ніякай работы. Гэтыя вось святы Госпадавы, у якія будзеце склікаць святыя сходы, у якіх будзеце складаць агнявыя ахвяры Госпаду: цэласпаленні, ахвяры хлебныя, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры, кожную ў свой дзень, апрача субот Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяраваць на прысягу або добраахвотна дасцё Госпаду. Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі збярэце ўсе плады зямлі, будзеце святкаваць урачыстасць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак. У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэва, лісты пальмавыя ды галіны дрэў густалістых і пруты вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён. Будзеце святкаваць гэтую ўрачыстасць штогод сем дзён. Гэта будзе пастанова вечная для вашых пакаленняў. У сёмы месяц будзеце святкаваць гэтае свята. Сем дзён будзеце жыць у палатках. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у палатках, каб навучаліся нашчадкі вашыя, што пасяліў Я сыноў Ізраэля жыць у палатках, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!”» Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасці Госпадавы.

Далей казаў Госпад Майсею: «Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе найчысцейшага алею з аліўкавых дрэў ды празрыстага для пастаяннага гарэння свечак падсвечніка. Будзе рыхтаваць яго Аарон за заслонай, што павешана перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, каб гарэў заўсёды ад вечара аж да раніцы перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленняў вашых. Будзе рыхтаваць ён заўсёды свечкі на найчысцейшым падсвечніку перад абліччам Госпада. Вазьмі таксама мукі і спячы з яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзве дзесятыя [эфы]. Пасля пакладзеш іх у два рады, па шэсць у кожным радзе, на вельмі чыстым стале перад Госпадам, ды пакладзеш на кожны рад найчысцейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра агнявая для Госпада. У кожную суботу пастаянна будуць мяняць іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта вечная дамова. Яны будуць належаць Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асвячоным месцы, бо гэта святыя рэчы для яго паміж ахвяр агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная». Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной ізраэлькі, якога нарадзіла яна ад егіпцяніна. У лагеры ён палаяўся з адным ізраэльцам, і сын ізраэлькі зблюзніў супраць імя [Госпада] і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Саламіт, дачка Дабры, з пакалення Дана. Аддалі яго пад варту, пакуль не даведаюцца, што загадае Госпад. І Госпад сказаў Майсею: «Выведзі блюзнерцу за лагер, і ўсе, якія яго чулі, пакладуць рукі свае на яго галаву, і ўвесь сход укамянуе яго. А сынам Ізраэля скажы: “Чалавек, які зблюзніць супраць Бога свайго, панясе грэх свой. І хто зблюзніць супраць імя Госпада, будзе пакараны смерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прышэлец, ці тутэйшы. Хто блюзніць на імя Госпада, той будзе пакараны смерцю. Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю. Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: гэта значыць жывёлу за жывёлу. Калі хто скалечыць кагосьці з суайчыннікаў сваіх, то, як ён зрабіў, так і яму зробяць. Хай вернецца пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. Якім чынам ён скалечыў, тое ж самае прыйдзецца яму сцярпець. Хто заб’е жывёлу, аддасць іншую; хто заб’е чалавека, будзе пакараны смерцю. Роўны суд хай будзе ў вас, ці прыхадзень зграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!”» Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля, каб вывелі таго, хто зблюзніў, за лагер і каб закідалі камянямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.

Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сінай, гаворачы: «Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна святкаваць суботу Госпада. Шэсць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой ды збіраць у ім плады, але ў сёмы год хай будзе субота супачынку для зямлі, субота для Госпада. Не будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніку свайго. Што само вырасце на полі, не будзеш жаць таго, і не будзеш збіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі. І будзе гэта на працягу суботы зямлі вам у ежу: табе, і паслугачу твайму, і паслугачцы тваёй, і парабку твайму, і прышэльцам, якія жывуць у цябе, і жывёле тваёй, і звярам, якія жывуць на зямлі тваёй, усё, што родзіцца, паслужыць ежаю. Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць сем разоў па сем гадоў, так што разам складуць яны сорак дзевяць гадоў. І затрубіш у трубу ў сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, у дзень ачышчэння зайграеш на трубе на ўсёй зямлі вашай. І будзеце святкаваць пяцідзесяты год, і аб’явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам яе. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці, ды кожны вернецца ў ранейшую сям’ю. Пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; не будзеце сеяць, не будзеце жаць таго, што вырасце ў полі, і не будзеце збіраць неабрэзанага вінаграду, бо гэта юбілей; хай будзе ён святым для вас, будзеце есці плады, адразу сабраныя з поля. У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасці. Калі што будзеце прадаваць блізкаму або купляць ад яго, не крыўдзіце адзін брат другога, але паводле ліку гадоў пасля юбілею ты будзеш купляць у яго, ды паводле ліку гадоў ураджаю ён будзе прадаваць табе. Чым больш гадоў застаецца пасля юбілею, тым больш вырасце цана, а чым менш гадоў налічыш, тым меншай стане цана продажу, бо ён прадасць табе час пладоў. Не крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш! Спаўняйце прыказанні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі без ніякага страху. І будзе зямля даваць вам плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй. А калі запытаеце: “Што мы будзем есці ў сёмым годзе, калі не будзем сеяць ані збіраць пладоў нашых?” Я спашлю на вас дабраславенства Маё ў шостым годзе так, што яно створыць пладоў на тры гады. У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага года, аж пакуль не вырасце новы ўраджай, будзеце есці старое. Зямлю не належыць прадаваць назаўсёды, бо яна — Мая, а вы — прышэльцы і пасяленцы ў Мяне. Таму ўся зямля, якая ў вашым валоданні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу. Калі збяднее брат твой і прадасць частку сваёй маёмасці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк як адкупіцель і выкупіць маёмасць, прададзеную братам. Калі ж хто не мае адкупіцеля, але сам зможа знайсці належныя сродкі на выкуп, дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зверне рэшту пакупніку, і гэтак верне сваю маёмасць. Калі аднак не здабудзе рука яго належных сродкаў на выкуп, то пакупнік будзе валодаць тым, што купіў, аж да юбілейнага года. А ў юбілейны год усё прададзенае вернецца гаспадару і ранейшаму ўладальніку. Калі хто прадасць дом у горадзе, акружанам мурам, то будзе мець права на выкуп аж да канца года; закон выкупу будзе трываць год. Калі ён не выкупіць і год завершыцца, завалодае ім пакупнік і нашчадкі яго навечна; і ён не зможа быць выкуплены, нават у юбілейны год. Дом у паселішчы, які не абведзены мурам, будзе прадавацца на роўні з зямлёю, дык можа быць выкуплены, і ў юбілейным годзе вернецца гаспадару. Што да дамоў левітаў, якія знаходзяцца ў гарадах іх валодання, то яны заўсёды могуць быць імі выкуплены. Калі ж хто будзе купляць у левітаў, то дом і горад у юбілейным годзе вернуцца гаспадарам, бо дамы гарадоў левітаў лічацца іх маёмасцю сярод сыноў Ізраэля. Таксама і палеткаў вакол іх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасць. Калі брат твой збяднее і аслабее рука яго ў цябе, дык падтрымай яго, і хай жыве з табою, хаця б як прышэлец або пасяленец. Не бяры ад яго працэнтаў, ані ліхвы таго, што ты даў. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе. Не давай яму грошай сваіх на працэнты і не вымагай ад яго ліхвы за ежу тваю. Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам! Калі брат твой з убогасці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнікаў, але будзеш з ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да года юбілейнага, а тады разам са сваімі дзецьмі выйдзе ён ад цябе і вернецца да сваёй радні, ва ўласнасць бацькоў сваіх. Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў з зямлі Егіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі. Не будзеш уціскаць іх моцна, але будзеш баяцца Бога твайго. Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у тых народаў, што навокал цябе. Таксама купляйце дзяцей прышэльцаў, якія пасяліліся ў вас, і з сям’і іх, якая жыве ў вас і якую стварылі яны на зямлі вашай. Яны будуць вашай уласнасцю, і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і майце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, не прыгнятайце сілаю. Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой збяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому з яго сям’і, дык пасля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў яго выкупіць яго: ці дзяцька, ці сын яго, ці сваяк, ці хто блізкі. А калі зможа, сам сябе хай выкупіць. І ён павінен разлічыцца з тым, хто купіў яго, пачынаючы з таго года, калі ён прадаў сябе, да года юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыць аддаць яму па лічбе гадоў і па правіле найміта. Але калі да юбілейнага года застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу адносна цаны пакупкі. А калі застаецца нямнога, палічыць іх, і адпаведна ліку тых гадоў заплаціць свой выкуп пакупніку, колькі засталося гадоў ад тых, якія ён раней адслужыў як найміт за наёмную плату. Хай не ўціскае яго строга перад абліччам сваім. Калі ж такім чынам выкупіцца не зможа, то ў годзе юбілейным вызваліцца разам з дзецьмі сваімі. Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, якіх Я вывеў з зямлі Егіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!

Не рабіце сабе ідалаў і выяў, і не стаўляйце ані камянёў, ані каменных фігур не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — Госпад, Бог ваш. Святкуйце суботы Мае і шануйце святыню Маю. Я — Госпад! Калі будзеце жыць паводле прыказанняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх, Я дам вам у свой час дажджы, і зямля будзе даваць свой ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі. І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а збор вінаграду працягнецца да сяўбы, ды будзеце есці хлеб ваш удосталь, і без турбот будзеце жыць на сваёй зямлі. Я дам супакой на межах вашых, і будзеце вы спаць і не будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх звяроў, і меч не пройдзе па зямлі вашай. Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад меча вашага. Пяцёра з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысяч. І будуць падаць ворагі вашы ад меча вашага. Я прыхілюся да вас і зраблю, каб вы пладзіліся, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі. Вы будзеце есці старое збожжа з леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя. Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і не будзе брыдзіцца вамі душа Мая. Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам. Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з зямлі Егіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі. А калі не будзеце Мяне слухаць і не будзеце выконваць усіх гэтых прыказанняў Маіх, калі пагардзіце законамі Маімі і душа ваша не будзе зважаць на прысуды Мае, і не будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, ды будзеце парушаць Мой запавет, тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, якія спрычыняюць слепату і нішчаць душу. Надарма будзеце сеяць насенне, бо з’ядуць яго ворагі. Я павярну аблічча Сваё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, якія вас зненавідзелі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто не будзе гнацца за вамі. А калі і тады не будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў ды сатру пыхлівасць сілы вашай. Я дам для вас неба зверху, як жалеза, а зямлю, як медзь. Надарма будзе марнавацца сіла ваша; зямля не будзе даваць ураджаю, а дрэвы не дадуць пладоў. Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашы ў сем разоў. Я напушчу на вас звяроў палявых, якія пазбавяць вас дзяцей вашых і знішчаць жывёлу вашу, ды зменшаць колькасць вашу; пустымі стануцца дарогі вашы. Калі і далей не захочаце ўспрымаць вучэння ды будзеце хадзіць супраць Мяне, дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашы. Я навяду на вас меч, мсціўцу за парушэнне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашы, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў. Калі Я знішчу хлеб, вашу падпору, тады пячы будуць дзесяць жанчын хлеб ваш у адной печы, і будуць выдаваць яго пад мерку, і вы будзеце есці і не наясцеся! А калі і дзеля гэтага не будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне, дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўным абурэннем; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашы, так што будзеце есці целы сыноў і дачок вашых. Я зруйную вашы ўзгоркі, паб’ю слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі, настолькі, што гарады вашы зраблю пустыняй, і спустошу святыні вашы, і не прыму больш найпрыемнейшага паху. Я спустошу зямлю вашу, аж будуць дзівіцца ворагі вашы, якія яе заселяць. Вас жа расцярушу між народамі і пушчу меч услед за вамі; і будзе зямля ваша пустая, а гарады будуць зруйнаваныя. Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэння, а вы апынецеся ў зямлі варожай. Тады зямля адпачываць будзе і святкаваць суботы. Усе дні спусташэння свайго будзе святкаваць яна адпачынак, якога не святкавала ў час вашых субот, калі вы ў ёй жылі. А тым, якія з вас застануцца, Я папушчу страх у сэрцы іх у зямлі варожай. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад меча, і, хоць ніхто не будзе за імі гнацца, упадуць. І будуць нападаць брат на брата свайго, быццам бы пераследуючы ў вайне, хоць ніхто не будзе гнацца. Ніхто з вас не зможа ўстаяць перад ворагам. Вы загінеце паміж народамі, і праглыне вас зямля варожая! А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконнях у землях сваіх ворагаў, і дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць разам з імі. Тады прызнаюцца яны ў злачынствах сваіх і бацькоў сваіх, якімі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне. Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую; і тады ўпакорыцца іх неабрэзанае сэрца, і тады панясуць яны кару за свае беззаконні. Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў Я з Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось успомню Я зямлю, якая, хаця пакінута імі, падабаецца ім, у час субот іх церпячы спустошанасць ад іх. А яны будуць несці кару за свае грахі, бо адкінулі Мае законы і пагардзілі пастановамі Маімі. Але і тады, калі яны былі ў зямлі ворагаў іх, Я не адкінуў іх, не пагардзіў, каб іх знішчыць ды зламаць Маю дамову з імі, бо Я — Госпад, Бог іх. Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, якіх вывеў Я з зямлі Егіпецкай перад абліччам усіх народаў, каб быць іх Богам. Я — Госпад!”» Гэта пастановы, прыказанні і законы, якія даў Госпад на гары Сінай адносна Сябе і адносна сыноў Ізраэля праз Майсея.

Далей казаў Госпад Майсею: «Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: “Калі які чалавек складзе прысягу і ахвяруе душу Богу, то кошт яго будзе па ацаненні, дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да шасцідзесяці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сікляў срэбрам па мерцы святыні, а калі жанчына, то на трыццаць. А ад пятага года да дваццатага будзе ацэнка мужчыны — дваццаць сікляў срэбра, а жанчыны — дзесяць. А ад аднаго месяца да пяці гадоў будзе дадзена за мужчыну пяць сікляў, а за жанчыну — тры. Ад шасцідзесяці гадоў і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сікляў, а за жанчыну — дзесяць. Калі б хто быў такі бедны і не мог бы заплаціць ацанення, то хай паставяць яго перад святаром, а ён ацэніць і паглядзіць: што ён можа даць, — хай тое дасць. Калі хто складзе на прысягу жывёлу, якая можа складацца ў ахвяру Госпаду, то гэта будзе святое. Нельга будзе яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена будзе святой рэччу для Госпада. Калі б хто ахвяраваў жывёлу нячыстую, якой нельга складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да святара, які ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе. Калі хто захоча выкупіць яе, то тады той, хто складае, хай дасць пятую частку звыш ацанення. Калі хто ахвяруе дом свой Госпаду як святую рэч, дык святар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як святар яго ацэніць, такая будзе яго вартасць. А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасць пятую частку кошту яго і будзе мець дом. Калі хто ахвяруе і пасвяціць Госпаду поле з уласнай маёмасці, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: калі ў зямлю засяваецца трыццаць гамэраў ячменю — хай будзе ацэнена ў пяцьдзесят сікляў срэбра. Калі хто ахвяруе поле сваё ў год юбілейны, то хай будзе ацэнена ў столькі, колькі можа каштаваць. А калі хто [ахвяруе сваю зямлю] праз некаторы час, то святар вылічыць за яго суму грошай па гадах, якія засталіся, колькасць аж да юбілею, ды будзе зніжана ацаненне. Калі той, хто ахвяраваў зямлю, захоча выкупіць яе, то дадасць пятую частку грошай ацанення і будзе мець яе. А калі ён не захоча выкупляць ды калі прадасць яе каму іншаму, то ўжо больш яе нельга будзе выкупіць. Аднак, калі яна адыдзе ў год юбілею, то будзе святой рэччу для Госпада, як поле пад клятвай; валодаць ёю будзе святар. А калі хто захоча ахвяраваць Госпаду зямлю купленую, якая не з уласнасці продкаў, то святар вылічыць суму ацанення за [зямлю] паводле колькасці гадоў да юбілейнага года, і той, хто ахвяраваў, аддасць яе ў той самы дзень як святую рэч для Госпада. У год юбілейны зямля вернецца да ранейшага ўладальніка, які прадаў яе і валодаў [ёю] як часткай сваёй уласнасці. Кожная ацэнка павінна быць паводле сікля святыні. Адзін сікль раўняецца дваццаці гэрам. Ніхто не можа пасвяціць і ахвяраваць Госпаду першароднае з жывёлы, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны Госпадавы. Калі гэта жывёла нячыстая, то можа выкупіць [яе] той, хто складае, паводле ацанення, дадаўшы яшчэ пятую частку кошту; калі ж ён не захоча выкупіць, то будзе прададзена за столькі, колькі будзе. Калі нейкі чалавек пасвяціць штосьці з сваёй уласнасці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або поле, то гэта рэч не можа быць ані прададзена, ані выкуплена. Усё, што толькі калісьці будзе пасвечана, — гэта будзе рэч найсвяцейшая для Госпада. Ніводзін чалавек, які пасвячоны Госпаду як клятва, не можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты. Кожная дзесяціна зямлі з пасеву або з пладоў дрэў ёсць Госпадава, гэта святая рэч для Госпада. Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасць да яе адну пятую. Кожная дзесяціна з валоў, авечак, коз, якія праходзяць пад палкай пастуха, кожнае, што пройдзе дзесятым, будзе святой рэччу для Госпада. Не будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і не будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто аднак зробіць замену, то абедзве жывёліны, — якая заменена і на якую заменена, — будуць пасвячоны і не могуць быць выкуплены”». Такія вось прыказанні, якія даў Госпад Майсею для сыноў Ізраэля на гары Сінай.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.