Библия › Чарняўскі-17 › Выхад

Выхад

Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам з Якубам увайшлі ў Егіпет; кожны ўвайшоў са сваёю сям’ёй: Рубэн, Сімяон, Леві, Юда, Ісахар, Забулон і Бэньямін, Дан і Нэфталі, Гад і Асэр. Такім чынам, усіх іх, што выйшлі са сцёгнаў Якуба, было семдзесят асоб; а Язэп быў у Егіпце. Калі ён памёр, і ўсе яго браты, і ўвесь той род, сыны Ізраэля размнажаліся, узмацняючыся, дужэлі і хутка запаўнялі зямлю. Між тым узняўся над Егіптам новы цар, які не ведаў Язэпа, і сказаў свайму народу: «Вось, народ сыноў Ізраэля — шматлікі і мацнейшы за нас: прыходзьце, давайце разумна абыдземся з ім, каб ён не размножыўся; бо калі выбухне супраць нас вайна, ён далучыцца да нашых ворагаў, і, скарыўшы нас, выйдзе з зямлі». Такім чынам, для іх паставіў ён наглядчыкаў работ, каб вынішчалі іх цяжарам; і пабудавалі яны для фараона гарады, каб захоўваць прыпасы, — Пітом і Рамэсас. І чым болей іх прыгняталі, тым больш яны размножваліся і раслі. Дык егіпцяне пачалі дужа баяцца сыноў Ізраэля, і загналі іх у нявольніцтва, і да гаркаты даводзілі жыццё іх цяжкімі работамі над глінай і цэглай і праз розную службу, якою прыгняталіся яны ў зямельных справах. І сказаў цар егіпецкі павітухам гебрайскім, адна з якіх звалася Сэфраю, другая — Пуваю, загадваючы ім: «Калі будзеце прымаць роды ў гебраяк і надыдзе час нараджэння, то глядзіце: калі будзе [дзіця] мужчынскага роду — забівайце яго; калі будзе жаночага роду — захоўвайце». Але павітухі шанавалі Бога і не зрабілі згодна пастановы цара Егіпецкага, а зберагалі хлопчыкаў. Заклікаўшы іх да сябе, цар сказаў: «Чаму ж гэта, чаму пажадалі вы рабіць, каб ратаваць хлопчыкаў?» Яны адказалі: «Гебрайкі не такія, як егіпецкія жанчыны; бо яны здаровыя, і яны нараджаюць, перш чым мы прыходзім да іх». Таму Бог добра абышоўся з павітухамі, а народ разрастаўся і рабіўся вельмі дужым; і таму, што павітухі шанавалі Бога, Ён пабудаваў ім дамы. А фараон загадаў усяму свайму народу, кажучы: «Калі што народзіцца мужчынскага роду — кідайце ў раку, калі што жаночага — захоўвайце».

Чалавек з пакалення Леві выйшаў і ўзяў жонку са свайго пакалення; яна пачала, і нарадзіла сына, і, бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы. А паколькі далей хаваць не магла, узяла трысняговы кошык і абмазала яго смалою і дзёгцем; і паклала ў сярэдзіну дзіця, і пакінула яго ў чароце на беразе ракі, у той час, як сястра яго стаяла недалёка і наглядала за зыходам справы. І вось, дачка фараона ішла, каб пакупацца ў рацэ, а паслугачкі яе хадзілі па беразе ракі. Калі яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала адну са сваіх паслугачак; і яна адкрыла прынесены [кошык], і ўбачыла ў ім немаўля, што крычыць, і, злітаваўшыся над ім, сказала: «Ён з дзяцей гебрайскіх». Сястра хлопчыка сказала ёй: «Хочаш, каб я пайшла і паклікала табе жанчыну гебрайку, якая можа выкарміць дзіця для цябе?» Тая адказала: «Ідзі!» Пабегла дзяўчынка і паклікала маці дзіцяці. Сказала ёй дачка фараона: «Вазьмі хлопчыка гэтага і выкармі для мяне; я дам табе тваю плату». Прыняла жанчына, і выкарміла хлопца, і дарослага перадала дачцэ фараона. Яна ўсынавіла яго і назвала яго імем Майсей, кажучы: «Бо я выцягнула яго з вады». У той час, калі ён вырас, выйшаў Майсей да братоў сваіх; і ўбачыў ён смутак іх, і ўбачыў егіпцяніна, які біў кагосьці з гебрайскіх братоў яго. І, калі азірнуўся ён туды і сюды і ўбачыў, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску. А выйшаўшы ў наступны дзень, убачыў двух гебраяў, што сварыліся, і сказаў таму, хто крыўдзіў: «Чаму ты б’еш блізкага свайго?» Той адказаў: «Хто цябе зрабіў кіраўніком і суддзёю над намі? Ці ты хочаш мяне забіць, як забіў егіпцяніна?» Спалохаўся Майсей і сказаў: «Напэўна, справа гэта выявілася». І фараон пачуў гэтую гутарку, і хацеў забіць Майсея. Дык ён, уцякаючы з вачэй яго, спыніўся ў зямлі Мадыян; вось такім чынам прыйшоў ён у зямлю Мадыян і сеў каля студні. А ў святара мадыянскага было сем дачок, якія прыйшлі, каб чэрпаць ваду; і жадалі яны, напоўніўшы карыты, панапойваць статкі бацькі свайго. Нечакана падышлі пастухі і адагналі іх; устаў Майсей і, абараніўшы дзяўчат, напаіў авечак іх. Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, ён сказаў ім: «Чаму вы прыйшлі хутчэй, чым звычайна?» Яны адказалі: «Чалавек егіпцянін вызваліў нас ад рукі пастухоў; акрамя таго, ён і вады для нас начэрпаў, і даў пойла авечкам». І спытаўся ён: «Дзе ён? Чаму вы пакінулі яго? Паклічце яго, каб з’еў хлеба». Такім чынам згадзіўся Майсей жыць з ім і ўзяў за жонку Сэфару, дачку яго. Яна нарадзіла яму сына, якога ён назваў Гэрсам, кажучы: «Прыхадзень я ў зямлі чужой». А праз доўгі час памёр цар Егіпецкі; а сыны Ізраэля, стогнучыя з-за працы, залямантавалі, і лямант іх ад працы дайшоў да Бога. І пачуў Ён стагнанне іх, і прыгадаў дагавор, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам; і глянуў Бог на сыноў Ізраэля, і пашкадаваў іх.

А Майсей пасвіў авечак для Етры, цесця свайго, святара мадыянскага; і, калі гнаў ён статак па-за пустыню, прыйшоў да гары Божай Гарэб. З’явіўся яму Анёл Госпадаў у полымі агню, з сярэдзіны куста; бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае. Тады сказаў Майсей: «Пайду і ўбачу з’яву гэтую вялікую, чаму не згарае куст». А Госпад убачыў, што ён пасоўваецца, каб паглядзець на з’яву; паклікаў яго Госпад з сярэдзіны куста і сказаў: «Майсей, Майсей!» Ён адказаў: «Я тут». І сказаў Ён: «Не падыходзь сюды; здымі абутак з ног тваіх; бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая». І сказаў: «Я — Бог бацькі твайго, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». Схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога. Сказаў яму Госпад: «Убачыў Я смутак народа Майго ў Егіпце і пачуў лямант яго ад бязлітаснасці наглядчыкаў яго. І, ведаючы пакуту яго, Я спусціўся, каб вызваліць яго з рук егіпцян і вывесці з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам, да мясцін хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, гівеяў і евусеяў. Вось, крык сыноў Ізраэля дайшоў да Мяне, і ўбачыў Я смутак іх, як прыгнятаюцца яны егіпцянамі; а ты ідзі, Я пашлю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Ізраэля, з Егіпта». І сказаў Майсей Богу: «Хто я, каб ісці да фараона і вывесці сыноў Ізраэля з Егіпта?» Адказаў яму Ён: «Я буду з табой; будзеш мець гэты знак, што Я паслаў цябе: калі выведзеш народ з Егіпта, будзеш служыць Богу на гэтай гары». Майсей сказаў Богу: «Вось, я пайду да сыноў Ізраэля і скажу ім: “Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас”. А калі яны запытаюць мяне: “Якое імя Яго?”, што я адкажу ім?» Сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто ёсць». Сказаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, паслаў мяне да вас”». І зноў сказаў Бог Майсею: «Гэта скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто ёсць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба паслаў мяне да вас; гэта імя ў Мяне навек, і гэта памятны Мой знак з пакалення ў пакаленне”. Ідзі і збяры старэйшын Ізраэля, і скажы ім: “Госпад, Бог бацькоў вашых, з’явіўся мне, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба, гаворачы тым, якіх наведаў: “Я наведаў вас і ўбачыў усё, што адбылося з вамі ў Егіпце”; і сказаў: “Я ўвяду вас ад смутку Егіпта ў зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў і феразеяў, і гівеяў, і евусеяў, у зямлю, што ацякае малаком і мёдам”. І яны паслухаюць голас твой, і ты, і старэйшыны Ізраэля пойдзеце да цара Егіпта і скажаце яму: “Госпад, Бог гебраяў, з’явіўся нам; і цяпер мы пойдзем у дарогу на тры дні ў пустыню, каб прынесці ахвяру Госпаду, Богу нашаму”. Але Я ведаю, што не адпусціць вас цар Егіпта, каб вы пайшлі, хіба праз магутную руку. І Я выцягну руку Маю і ўдару Егіпет усімі цудамі Маімі, якія ўчыню пасярод яго; і пасля гэтага адпусціць ён вас. І дам я ласку гэтаму народу з боку егіпцян, і, калі выйдзеце, не выйдзеце вы з пустымі рукамі. А кожная жанчына папросіць ад сваёй суседкі і ад гаспадыні сваёй срэбраны і залаты посуд, а таксама адзенне; і апранеце ў яго сыноў і дачок вашых, і аббярэце Егіпет».

Адказваючы, сказаў Майсей: «А што, калі не павераць мне і не пачуюць голас мой, але скажуць: “Госпад не з’явіўся табе”»? Сказаў тады Ён яму: «Што трымаеш у руцэ сваёй?» Адказаў: «Кій». І сказаў Госпад: «Кінь яго на зямлю!» Кінуў, і ператварыўся ён у змяю, так што Майсей пачаў уцякаць. І сказаў Госпад: «Выцягні руку сваю і схапі за хвост яе!» Выцягнуў ён руку і схапіў, і ператварылася ў кій. «Каб паверылі, — кажа, — што з’явіўся табе Госпад, Бог бацькоў іх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба». І сказаў Госпад ізноў: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Пасля таго як ён паклаў руку за пазуху, выняў ён яе пакрытаю праказай, быццам снегам. Сказаў Ён: «Пакладзі руку сваю сабе за пазуху!» Паклаў ён і выняў зноў, і яна была падобная да другой рукі. «Калі не павераць, — кажа, — табе і не паслухаюць слоў першага знака, павераць слову знака наступнага. Бо калі нават двум гэтым знакам не павераць і не пачуюць голас твой, вазьмі ваду з ракі і вылі яе на сухую зямлю, і што б ні вычарпаў ты з ракі, ператворыцца яно ў кроў». Сказаў Майсей: «Прабач, Госпадзе, я не красамоўны ад учора і заўчора, і нават ад [часу], калі гаворыш з рабом Сваім, бо даволі непаваротлівы і марудны язык мой». Сказаў яму Госпад: «Хто стварыў вусны чалавека? Або хто зрабіў чалавека нямым або глухім, або відушчым, або сляпым? Ці не Я? Дык ідзі, а Я буду ў вуснах тваіх; і навучу цябе, што гаварыць». А ён адказаў: «Малю Цябе, Госпадзе, пашлі іншага, каго маеш паслаць». Угнявіўшыся, сказаў Госпад Майсею: «Аарон, брат твой, левіцянін, ведаю, што ён красамоўны; вось, ён сам выходзіць табе насустрач і, бачачы цябе, узвесяліцца ён сэрцам. Гавары з ім і ўкладвай словы Мае ў яго вусны; а Я буду ў вуснах тваіх і ў яго вуснах і пакажу вам, што вы павінны рабіць. За цябе ён будзе гаварыць з народам, і ён будзе вуснамі тваімі; а ты будзеш яму як Бог. Таксама вазьмі ў руку сваю кій гэты, якім будзеш учыняць знакі». Пайшоў Майсей, і вярнуўся да цесця свайго Етры, і сказаў яму: «Прашу цябе, пайду я і вярнуся да братоў сваіх у Егіпет, каб паглядзець, ці жывуць яны дагэтуль». Етра сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». Вось, сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: «Ідзі, вярніся ў Егіпет; бо памерлі ўсе, хто шукаў душу тваю». Узяў Майсей жонку сваю і сыноў сваіх і пасадзіў іх на асла; і вярнуўся ў Егіпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй. І калі ён вяртаўся ў Егіпет, сказаў яму Госпад: «Глядзі, каб усе знакі, якія змясціў Я ў руцэ тваёй, учыніў ты перад фараонам; а Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён не адпусціць народ. І ты скажаш яму: “Гэта кажа Госпад: “Ізраэль ёсць сын Мой першародны. Я кажу табе: “Адпусці сына Майго, каб ён служыў Мне; а калі не хочаш яго адпусціць, то Я заб’ю твайго першароднага сына”». І калі ён быў у дарозе, у час начлегу спаткаў яго Госпад і хацеў яго забіць. Адразу Сэфара ўзяла востры камень і абрэзала крайнюю плоць сына свайго; і дакранулася да ног яго, і сказала: «Ты мне жаніх крыві». І адпусціў яго, пасля таго як яна сказала: «Ты жаніх крыві», з-за абразання. І сказаў Госпад Аарону: «Ідзі насустрач Майсею ў пустыню». Ён пайшоў насустрач яму на гару Божую і пацалаваў яго. І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, з якімі Ён яго паслаў, і пра ўсе знакі, якія Ён уручыў. І прыйшлі яны разам, і сабралі ўсіх старэйшын сыноў Ізраэля. І сказаў Аарон усе словы, якія сказаў Госпад Майсею, і ўчыніў знакі ў прысутнасці народа. І паверыў народ, і пачулі, што Госпад наведаў сыноў Ізраэля і што заўважыў смутак іх; і, схіліўшыся, яны памаліліся.

Пасля гэтага ўвайшлі Майсей і Аарон і сказалі фараону: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Адпусці народ Мой, каб ён учыніў Мне ахвярапрынашэнне ў пустыні”». А ён адказаў: «Хто такі Госпад, каб я слухаў голас Яго і адпусціў Ізраэля? Не ведаю Госпада і не адпушчу Ізраэля». І сказалі яны: «Гэта Бог гебраяў з’явіўся нам; калі ласка, мы пойдзем на тры дні дарогі ў пустыню і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу нашаму, каб не спасцігла нас часам пошасць або меч». Сказаў ім цар Егіпта: «Чаму вы, Майсей і Аарон, адцягваеце народ ад працы яго? Ідзіце да сваіх абавязкаў». І сказаў фараон: «Ужо занадта шматлікі народ зямлі; вы бачыце, што колькасць людзей павялічваецца; тым болей, калі вы дасцё яму адпачынак ад працы». Вось, загадаў ён у той дзень наглядчыкам за народам і кіраўнікам яго, кажучы: «Надалей зусім не давайце народу саломы для вырабу цэглы, як раней, але няхай яны самі ходзяць і збіраюць сцябло. А колькасць цэглы, якую выраблялі раней, ускладайце на іх; і не памяншайце ніколькі. Бо ходзяць яны без працы і таму заклікаюць: “Пойдзем і ўчынім ахвярапрынашэнне Богу нашаму”. Хай будуць прыгнечаны яны працаю і хай выконваюць яе, каб не адпачываць з ілжывымі словамі». Такім чынам, наглядчыкі за народам і кіраўнікі яго, што выйшлі, казалі народу: «Так гаворыць фараон: “Я не даю вам саломы. Ідзіце і збірайце, колькі здолееце знайсці, і ніколькі не паменшыцца [выраб] ад працы вашай”». І рассыпаліся людзі па ўсёй зямлі Егіпта дзеля збору саломы. Таксама і наглядчыкі пагражалі, кажучы: «Выконвайце працу вашую штодзень, як раней звычайна выконвалі, калі вам дастаўлялі салому». І былі збітыя бізунамі кіраўнікі сыноў Ізраэля, якіх наглядчыкі фараона паставілі над імі, кажучы: «Чаму не вырабляеце колькасць цэглы, як раней, ані ўчора, ані сёння?» І прыйшлі кіраўнікі сыноў Ізраэля, і ўсклікнулі, кажучы фараону: «Чаму так робіш адносна паслугачоў тваіх? Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькі ж; вось, б’юць нас, паслугачоў тваіх, бізунамі і вінавацяць народ твой». Ён адказаў: «Адпачываеце вы і таму кажаце: “Пойдзем і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду”. Таму ідзіце і працуйце; саломы вам даваць не будуць, а вырабляйце звычайную колькасць цэглы». І бачылі кіраўнікі сыноў Ізраэля, што апынуліся ў бядзе, таму што было сказана ім: «Не змяншайце ніколькі ад штодзённага вырабу цэглы», і сустрэлі Майсея і Аарона, якія стаялі насупраць тых, што выходзілі ад фараона, і сказалі ім: «Хай бачыць Госпад вас і асудзіць, бо вы зрабілі, каб дух наш быў непрыемны для фараона і паслугачоў яго; і далі яму меч, каб забіваць нас». І звярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: «Госпадзе, чаму пераследуеш Ты народ гэты? Чаму паслаў мяне? Бо з таго часу, калі я ўвайшоў да фараона, каб гаварыць імем Тваім, ён стаў чыніць шкоду народу Твайму, і не вызваліў Ты іх».

Сказаў Госпад Майсею: «Цяпер убачыш, што Я зраблю фараону; бо праз дужую руку адпусціць іх і моцнай рукою выкіне іх з зямлі сваёй». І сказаў Госпад, гаворачы Майсею: «Я — Госпад, Які з’явіўся Абрагаму, Ізааку і Якубу як Бог Усемагутны; і імя Сваё, Ягвэ, не аб’явіў ім. І заключыў Я з імі запавет, што дам ім зямлю Ханаан, зямлю вандравання іх, у якой былі яны чужынцамі. Пачуў Я стогн сыноў Ізраэля, бо егіпцяне прыгняталі іх; і прыгадаў запавет Мой. Таму скажы сынам Ізраэля: “Я — Госпад, Я выведу вас з-пад ярма егіпцян, і вырву вас з няволі, і вызвалю вас выцягнутаю рукою і цяжкімі карамі. І вазьму вас Сабе за народ, і буду вашым Богам; і вы даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш, Які вывеў вас з турмы егіпцян, і ўвёў у зямлю, над якой Я падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Ізааку і Якубу; і дам вам яе ва ўладанне. Я — Госпад”». Такім чынам, расказаў Майсей усё сынам Ізраэля; але яны не паверылі яму з-за маладушнасці і вельмі цяжкай працы. І сказаў Госпад, гаворачы Майсею: «Ідзі і кажы фараону, цару Егіпта, каб адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй». Адказаў Майсей перад абліччам Госпада: «Вось, сыны Ізраэля не слухаюць мяне, а як паслухае мяне фараон, калі я не ўмею гаварыць?» І сказаў Госпад Майсею і Аарону, і даў ім загад для сыноў Ізраэля і для фараона, цара Егіпта, каб вывесці сыноў Ізраэля з зямлі Егіпта. Гэта — кіраўнікі пакаленняў па сем’ях сваіх. Сыны Рубэна, першароднага Ізраэля: Гэнох і Паллю, Хэцрон і Хармі; гэта сем’і Рубэна. Сыны Сімяона: Ямуэль, і Ямін, і Огад, і Яхін, і Цахар, і Саўл, сын хананейкі; гэта сем’і Сімяона. А гэта імёны сыноў Леві па іх сем’ях: Гэрсон, і Кагат, і Мэрары; а гадоў жыцця Леві было сто трыццаць сем. Сыны Гэрсона: Лобні і Сямэй па сем’ях сваіх. Сыны Кагата: Амрам і Ісаар, Геброн і Азіэль; таксама і гады жыцця Кагата — сто трыццаць тры. Сыны Мэрары: Махалі і Мусі; гэта сем’і Леві па родах іх. А Амрам узяў за жонку Ёхабэд, цётку сваю, якая нарадзіла яму Аарона і Майсея; гадоў жыцця Амрама было сто трыццаць сем. Таксама сыны Ісаара: Корэ, і Напэг, і Зэхры. Таксама сыны Азіэля: Місаэль, і Элісафан, і Сэтры. А Аарон узяў за жонку Элісэбу, дачку Амінадаба, сястру Наасона, якая нарадзіла яму Надаба і Абігу, Элеязэра і Ітамара. Сыны Корэ: Асір, і Элькана, і Абіясаф; гэта сем’і Корэ. А Элеязэр, сын Аарона, узяў за жонку адну з дачок Путыэля, якая нарадзіла яму Пінхаса; гэта галовы сем’яў Леві па родах іх. Гэта Аарон і Майсей, каму Госпад загадаў вывесці сыноў Ізраэля з зямлі Егіпта паводле іх дружынаў. Гэта тыя, хто кажа фараону, цару Егіпта, вывесці сыноў Ізраэля з Егіпта; гэта Майсей і Аарон у дзень, калі звярнуўся Госпад да Майсея ў зямлі Егіпта. І вось што сказаў Госпад, кажучы Майсею: «Я — Госпад! Скажы фараону, цару Егіпта, усё, што Я кажу табе». Але Майсей сказаў перад Госпадам: «Вось, я не красамоўны, як будзе слухаць мяне фараон?»

І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я прадставіў цябе богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваім прарокам. Ты скажаш, што Я табе даручу; а ён будзе гаварыць фараону, каб той адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй. Але Я зраблю цвёрдым сэрца яго і павялічу знакі і цуды Мае ў зямлі Егіпецкай. Але ён не паслухае вас; Я пакладу руку Сваю на Егіпет і выведу войска Маё і народ Мой, сыноў Ізраэля, з зямлі Егіпецкай праз суды найвялікшыя. І хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад, Які працягнуў руку Сваю над Егіптам і вывеў сыноў Ізраэля з іх грамады». Тады Майсей і Аарон зрабілі, як загадаў Госпад; такім чынам выканалі. Майсей жа меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калі яны выказаліся перад фараонам. І казаў Госпад Майсею і Аарону: «Калі скажа вам фараон: “Дайце знак”, скажаш Аарону: “Вазьмі кій твой і кінь яго перад фараонам, і ён ператворыцца ў змяю”». Такім чынам, Майсей і Аарон, што прыйшлі да фараона, зрабілі, як загадаў Госпад; і Аарон кінуў перад фараонам і паслугачамі яго кій, які ператварыўся ў змяю. А фараон склікаў мудрацоў і чараўнікоў, і тыя варажбіты егіпецкія таксама зрабілі падобнае з дапамогай сваіх заклінанняў. І кожны з іх кінуў палкі свае, якія ператварыліся ў змей; але кій Аарона праглынуў іх палкі. Аднак зацвярдзела сэрца фараона і не паслухаў іх, як і прадказваў Госпад. І сказаў Госпад Майсею: «Зацвярдзела сэрца фараона; не хоча ён адпусціць народ. Ідзі да яго зранку. Вось, ён выйдзе да вады; а ты ўстань перад ім на беразе ракі. І вазьмі ў руку сваю кій, які ператварыўся ў змяю, і скажы яму: “Госпад, Бог гебраяў, паслаў мяне да цябе, гаворачы: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне ў пустыні”; але да гэтага моманту не хацеў ты паслухаць. Такім чынам, гэта кажа Госпад: “З гэтага даведаешся, што Я — Госпад; вось, кіем, які ў руцэ маёй, удару па вадзе ў рацэ, і ператварыцца яна ў кроў. І рыбы, якія ў рацэ, памруць, а вада засмярдзіць, так што егіпцяне будуць брыдзіцца піць ваду з ракі”». Сказаў таксама Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Вазьмі кій твой і працягні руку сваю над водамі Егіпта, над рэкамі яго і ручаямі, а таксама над багнамі і азёрамі яго, каб ператварыліся яны ў кроў; і хай будзе кроў ва ўсёй зямлі Егіпецкай, як у драўляных пасудзінах, так і ў каменных”». І зрабілі так Майсей і Аарон, як загадаў Госпад. І, узнімаючы кій, ударыў ваду ў рацэ ў прысутнасці фараона і паслугачоў яго; ператварылася яна ў кроў. І рыбы, якія былі ў рацэ, памерлі, і рака засмярдзела, і егіпцяне не маглі піць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлі Егіпецкай. Але падобнае зрабілі чараўнікі егіпецкія сваімі заклінаннямі; і зацвярдзела сэрца фараона, і не паслухаў ён іх, як сказаў Госпад. І павярнуўся ён, і пайшоў у дом свой, і не дадаў да гэтага сэрца сваё. А ўсе егіпцяне капалі вакол ракі, шукаючы вады для піцця; бо не маглі піць вады з ракі. І мінула сем дзён пасля таго, як Госпад ударыў раку.

Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: “Гэта кажа Госпад: “Адпусці народ Мой, каб ён учыніў Мне ахвярапрынашэнне. А калі не захочаш адпусціць, тады Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамі. І запоўніцца рака жабамі, якія выйдуць і ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю на ложак твой, і на коўдру тваю, і ў дамы паслугачоў тваіх, і ў народ твой, і ў печы твае, і ў пякарні твае; і да цябе, і да народа твайго, і да ўсіх паслугачоў тваіх увойдуць жабы”». сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Працягні руку сваю з кіем сваім на рэкі, на ручаі і багны і ўвядзі жаб у зямлю Егіпецкую”». І Аарон працягнуў руку сваю на воды Егіпта, і выпаўзлі жабы, і пакрылі зямлю Егіпецкую. Але чараўнікі зрабілі падобнае сваімі заклінаннямі, і прывялі жаб на зямлю Егіпецкую. Паклікаў тады фараон Майсея і Аарона і сказаў: «Прасіце Госпада, каб прыняў жаб ад мяне і ад народа майго, тады адпушчу народ, каб учыніў ён ахвярапрынашэнне Госпаду». І сказаў Майсей фараону: «Прызнач мне, калі прасіць за цябе, і за паслугачоў тваіх, і за народ твой, каб былі выгнаны жабы ад цябе і ад дому твайго, і каб засталіся яны толькі ў рацэ». Ён адказаў: «Заўтра». А Майсей сказаў: «Згодна са словам тваім, зраблю, каб ведаў ты, што няма нікога, акрамя Госпада, Бога нашага. І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, і ад паслугачоў тваіх, і ад народа твайго, і застануцца яны толькі ў рацэ». І выйшлі Майсей і Аарон ад фараона; і Майсей заклікаў да Госпада аб абяцанні адносна жаб, як дамовіўся з фараонам. І Госпад зрабіў па слове Майсея, і памерлі жабы ў дамах, і ў паселішчах, і ў палях; і сабралі іх у вялізныя кучы, і зямля засмярдзела. А фараон, заўважаючы, што настаў супакой, зрабіў цвёрдым сэрца сваё, і не паслухаў ён іх, як прадказваў Госпад. І сказаў Госпад Майсею: «Скажы Аарону: “Выцягні кій свой і ўдар у пыл зямлі, і хай будуць скініфы на ўсёй зямлі Егіпецкай”». І зрабілі так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы кій, і ўдарыў у пыл зямлі. І з’явіліся скініфы на людзях і на жывёле; увесь пыл зямлі ператварыўся ў скініфаў па ўсёй зямлі Егіпецкай. І падобнае рабілі чараўнікі сваімі заклінаннямі, каб выклікаць скініфаў; і не змаглі. І былі скініфы на людзях і на жывёле; і чараўнікі сказалі фараону: «Гэта палец Божы». Але сэрца фараона зацвярдзела, і не паслухаў ён іх, як прадказаў Госпад. Зноў сказаў Госпад Майсею: «Устань на золку і стань перад фараонам. Бо выйдзе ён да вады, і скажы яму: “Гэта кажа Госпад: “Адпусці народ Мой, каб Мне ўчыніў ён ахвярапрынашэнне. Бо калі не адпусціш яго, то Я пашлю на цябе, і на паслугачоў тваіх, і на народ твой, і на дамы твае ўвесь мушыны род. І запоўняцца мухамі дамы егіпцян, і нават зямля, на якой яны жывуць. І аддзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой знаходзіцца народ Мой, каб там не было мух, бо так ты і даведаешся, што Я — Госпад сярод зямлі; і Я ўчыню рознае паміж Маім народам і тваім народам; заўтра будзе гэты знак”». І Госпад учыніў гэтак; і наляцела найвялікшае мноства мух у дамы фараона і паслугачоў яго, і на ўсю Егіпецкую зямлю, і прападала зямля ад такога мноства мух. І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце, учыніце ахвярапрынашэнне Богу вашаму на зямлі». Але Майсей сказаў: «Немагчыма гэтаму здарыцца, бо мы прынясём у ахвяру Госпаду, Богу нашаму, агіднасці для егіпцян; бо калі мы прынясём у ахвяру тое, што шануюць егіпцяне, у прысутнасці іх, яны закідаюць нас камянямі. Мы пойдзем у пустыню на тры дні дарогі і ўчынім ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам». І фараон сказаў: «Адпушчу я вас, каб учынілі вы ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу вашаму, у пустыню, аднак, далёка не адыходзьце; маліцеся за мяне». І сказаў Майсей: «Выйшаўшы ад цябе, буду маліць Госпада, і заўтра адступяцца мухі ад фараона, і ад паслугачоў яго, і ад народа яго; аднак не падманвай больш у тым, што не адпускаеш народ учыніць ахвярапрынашэнне Госпаду». І, выйшаўшы ад фараона, Майсей маліў Госпада; Ён зрабіў згодна слову яго і прыняў мух ад фараона, і ад паслугачоў яго, і ад народа яго; і не засталося з іх аніводнай. Але зацвярдзела сэрца фараона, так што не адпусціў ён народ і ў гэты раз.

І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: “Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне. Бо калі адмовішся яшчэ раз і будзеш іх утрымліваць, тады рука Госпадава будзе на маёмасці тваёй: на палях, на конях, і аслах, і вярблюдах, і валах, і авечках — пошасць вельмі страшная; але Госпад раздзеліць маёмасць Ізраэля і маёмасць егіпцян, каб нічога не прапала з таго, што належыць сынам Ізраэля”». І назначыў Госпад час, кажучы: «Заўтра споўніць Госпад слова гэтае на зямлі». Такім чынам, споўніў Госпад слова гэтае ў наступны дзень, і загінула ўся жывёла егіпцян, а з жывёлы сыноў Ізраэля не загінула нічога. І паслаў фараон выведаць; і нічога не прапала з таго, чым валодаў Ізраэль. Аднак сэрца фараона зацвярдзела, і не адпусціў ён народ. І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Вазьміце поўнымі прыгаршчамі попел з печы, і Майсей хай кіне яго ў неба перад фараонам; і хай падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай; і будуць на людзях і на жывёле нарывы і скулы набухлыя на ўсёй зямлі Егіпецкай». І прынеслі яны попел з печы, і сталі перад фараонам, і кінуў яго Майсей у неба; і з’явіліся нарывы скул набухлых у людзей і жывёлы. І чараўнікі не маглі з’явіцца перад Майсеем з-за скул, якія на іх былі, як і па ўсёй зямлі Егіпецкай. Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як прадказаў Госпад Майсею. І сказаў Госпад Майсею: «Устань зранку, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне; бо ў гэты раз пашлю ўсе плягі Мае на сэрца тваё, і на паслугачоў тваіх, і на народ твой, каб ведаў ты, што няма падобнага Мне на ўсёй зямлі. Бо цяпер, калі б Я, выцягнуўшы руку, ударыў цябе і народ твой пошасцю, прапаў бы ты з зямлі. Таму Я і захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасць Маю і каб было распавядана пра імя Маё па ўсёй зямлі. Ты ўсё яшчэ ўтрымліваеш народ Мой і не жадаеш адпусціць яго? Вось, заўтра, у гэты самы час, Я пашлю град, такі вялікі, якога не было ў Егіпце ад дня яго заснавання і дасюль. Такім чынам, ужо цяпер пашлі і сабяры жывёлу сваю і ўсё, што маеш на полі; бо на людзей і жывёлу ўсю, што будзе на двары і што не будзе сабрана з палёў, упадзе град, і яны загінуць”». Хто спалохаўся слова Госпадава з паслугачоў фараона, дазволіў паслугачам сваім і жывёле шукаць абароны ў дамах; а хто пагрэбаваў словам Госпада, той пакінуў паслугачоў сваіх і жывёлу на палях. І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю ў неба, каб пайшоў град на ўсёй зямлі Егіпецкай: на людзей, і на жывёлу, і на ўсю расліннасць палявую ў зямлі Егіпецкай». І выцягнуў Майсей кій свой у неба, і Госпад паслаў грымоты, і град, і маланкі, што разбягаюцца па зямлі; і спаслаў Госпад град на зямлю Егіпецкую. І град, і агонь, змяшаныя разам, з’явіліся; град быў такі велізарны, якога не было на зямлі Егіпецкай ніколі ад часу, калі ён стаўся народам. І ўдарыў град па ўсёй зямлі Егіпецкай, па ўсім, што было на палях: ад чалавека да жывёлы; і ўдарыў град па ўсёй расліннасці палявой і паламаў кожнае дрэва краіны. Толькі ў зямлі Гашэн, дзе былі сыны Ізраэля, граду не здарылася. І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, гаворачы ім: «Цяпер я зграшыў; Госпад справядлівы, я і мой народ — вінаватыя. Прасіце Госпада, каб спыніліся грымоты Божыя і град, а я адпушчу вас, і ўжо ніколі больш не застанецеся тут». Сказаў Майсей: «Калі я выйду з горада, выцягну далоні мае да Госпада; і спыняцца грымоты, і граду не будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля. Але я ведаю, што ані ты, ані паслугачы твае не баіцеся яшчэ Госпада Бога». Такім чынам, лён і ячмень былі папсаваныя, таму што ячмень выпусціў ужо каласы, а лён ужо меў семя; а пшаніца і жыта не былі папсаваныя, бо паспявалі позна. І, выйшаўшы ад фараона з горада, Майсей выцягнуў рукі да Госпада; і спыніліся грымоты і град, і не праліваліся больш дажджы на зямлю. А фараон, бачачы, што і дажджы спыніліся, і град, і грымоты, павялічыў грэх; і зацвярдзела сэрца яго і паслугачоў яго, і занадта зацвярдзела; і не адпусціў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.

І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона; бо Я зрабіў цвёрдым сэрца яго і паслугачоў яго, каб паказаць гэтыя знакі Свае пасярод іх і каб ты распавядаў у вушы сына свайго і ўнукаў сваіх, колькі разоў Я мучыў егіпцян і паказваў ім знакі Свае; і каб ведалі вы, што Я — Госпад». Такім чынам, пайшлі Майсей і Аарон да фараона і сказалі яму: «Гэта кажа Госпад, Бог гебраяў: “Дакуль жа не жадаеш ты скарыцца Мне? Адпусці народ Мой, каб учыніў Мне ахвярапрынашэнне. Калі ж будзеш працівіцца і не захочаш адпусціць яго, тады Я заўтра напушчу на зямлю тваю саранчу, што пакрые паверхню зямлі, так што яе зусім не будзе відаць, і што з’есць усё, што засталося па градзе; бо знішчыць усе дрэвы, якія растуць на землях. І запоўніць яна ўсе дамы твае, і паслугачоў тваіх, і ўсіх егіпцян; такога не бачылі бацькі твае, і дзяды твае ад часу, калі нарадзіліся на зямлі, і да сённяшняга дня”». І павярнуўся, і выйшаў ад фараона. І сказалі паслугачы фараона яму: «Як доўга яшчэ будзем цярпець гэтае спатыкненне? Адпусці людзей, каб учынілі яны ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу свайму; ці не бачыш, што загіне Егіпет?» І паклікалі зноў Майсея і Аарона да фараона, які сказаў ім: «Ідзіце, і ўчыніце ахвярапрынашэнне Госпаду, Богу вашаму. Хто ж тыя, што пойдуць?» Майсей сказаў: «Пойдзем мы з дзецьмі нашымі, і старымі, з сынамі і дочкамі, з авечкамі і валамі; бо для нас гэта — урачыстасць Госпада». І ён адказаў ім: «Так, хай будзе Госпад з вамі! Як жа я магу адпусціць вас з дзецьмі вашымі? Глядзіце, якія ліхія намеры вашы. Так не будзе, але хай ідуць толькі мужчыны, і ўчыняйце ахвярапрынашэнне Госпаду; бо аб гэтым вы і самі папрасілі». І зараз жа выгналі іх з вачэй фараона. І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над зямлёю Егіпецкай, каб прыйшла саранча і ўзышла на яе, і з’ела ўсю зеляніну, якая засталася па градзе». І выцягнуў Майсей кій над зямлёй Егіпта, і Госпад напусціў вецер, што паліў увесь той дзень і ноч. А калі надышла раніца, гарачы вецер падняў саранчу; яна ўзышла на ўсю зямлю Егіпецкую, і асела на ўсіх межах Егіпта безліч, якой да гэтага часу не было і ў будучым не будзе. І пакрыла яна ўсю паверхню зямлі, і зямля пацямнела. Такім чынам, з’ела яна ўсю расліннасць зямлі і ўсё, што засталося з пладоў на дрэвах, якія абмінуў град; не засталося зусім нічога зялёнага на дрэвах і на травах палявых на ўсёй зямлі Егіпецкай. Таму загадаў фараон як мага хутчэй паклікаць Майсея і Аарона і сказаў ім: «Зграшыў я перад Госпадам, Богам вашым, і перад вамі. Але цяпер прабачце мне такі грэх і прасіце Госпада, Бога вашага, каб ухіліў прынамсі ад мяне гэтую смерць». І, выйшаўшы ад фараона, Майсей пачаў маліць Госпада, Які ўчыніў так, што падзьмуў наймацнейшы вецер з захаду і кінуў схопленую саранчу ў Чырвонае мора; і ва ўсёй зямлі Егіпецкай не засталося аніводнай. Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусціў сыноў Ізраэля. Тады сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю ў неба, і станецца цемра на зямлі Егіпецкай, такая густая, што можна будзе дакрануцца да цемры». І выцягнуў Майсей руку ў неба, і сталася жахлівая цемра на ўсёй зямлі Егіпецкай на тры дні. Ніхто брата свайго не бачыў і не рушыўся з месца, на якім быў. А ўсюды, дзе жылі сыны Ізраэля, было святло. І паклікаў фараон Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Ідзіце і ўчыніце ахвярапрынашэнне Госпаду; авечкі толькі вашы і жывёла хай застануцца, а дзеці вашы хай ідуць разам з вамі». Майсей сказаў: «Дай таксама ў рукі нашы ахвяры на цэласпаленне, якія мы паднясём Госпаду, Богу нашаму, аднак і жывёла наша пойдзе з намі; не застанецца ад яе і капыта, бо з яе возьмем, што неабходна для ўшанавання Госпада, Бога нашага; хаця мы не ведаем дакладна, што патрэбна ахвяраваць, пакуль не дойдзем да таго месца». Але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і не захацеў ён іх адпусціць. І сказаў яму фараон: «Адыдзі ад мяне, сцеражыся, каб больш не ўбачыць аблічча маё; бо ў той дзень, калі з’явішся перада мною, будзеш пакараны смерцю». Адказаў Майсей: «Так і станецца, як ты сказаў: болей не пабачу я аблічча твайго».

І сказаў Госпад Майсею: «Яшчэ адной плягай Я дакрануся да фараона і да Егіпта; і пасля гэтага адпусціць ён вас абавязкова, і нават прымусіць вас выйсці. Такім чынам, паведамі ўсяму народу, каб пазычаў мужчына ў сябра свайго, а жанчына — у суседкі сваёй залаты і срэбраны посуд, бо Госпад дасць народу ласку ў вачах егіпцян». А Майсей быў чалавекам вельмі паважаным у зямлі Егіпецкай з боку паслугачоў фараона і ўсяго народа. І сказаў Майсей: «Гэта кажа Госпад: “Апоўначы Я ўвайду ў Егіпет, і памрэ ўсё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзіць на сваім пасадзе, і да першароднага нявольніцы, якая працуе пры жорнах, і ўсё першароднае жывёлы. І ва ўсёй зямлі Егіпецкай будзе вялікі лямант, якога не было раней і не будзе пазней. А ва ўсіх сыноў Ізраэля не забрэша сабака ані на чалавека, ані на жывёлу, каб вы ведалі, якім цудам аддзяляе Госпад егіпцян ад Ізраэля. І прыйдуць усе гэтыя паслугачы твае да мяне, і ён паклоніцца мне, кажучы: “Выйдзі ты і ўвесь народ, які ідзе за табой”. Пасля гэтага я выйду”». І выйшаў Майсей ад фараона вельмі ўгневаны. І сказаў Госпад Майсею: «Не паслухаў фараон вас, каб многія знакі сталіся ў зямлі Егіпта». Майсей і Аарон учынілі ўсе гэтыя знакі перад фараонам; але Госпад зрабіў цвёрдым сэрца фараона, і ён не адпусціў сыноў Ізраэля з зямлі сваёй.

Сказаў Госпад Майсею і Аарону ў зямлі Егіпецкай: «Месяц гэты будзе ў вас пачаткам месяцаў, будзе ён першым сярод месяцаў года. Гаварыце ўсяму сходу сыноў Ізраэля і скажыце ім: “У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягня на кожную сям’ю і на дом свой. А калі лік сям’і будзе замалы для спажыцця ягняці, хай возьме з суседам сваім, бліжэйшым да дома свайго, паводле ліку душ, патрэбнага для спажыцця ягняці. І хай ягня будзе без заганы, самец гадавалы; вазьміце яго ад авечак альбо коз. І захавайце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а ўвечары прынясе яго ў ахвяру ўся супольнасць сыноў Ізраэля. І возьмуць крыві яго, і пакладуць яе на абодва вушакі і на вершнікі ў дамах, у якіх будуць яго спажываць; і будуць есці ў тую ноч мяса яго, печанае на агні, і праснакі з горкім латукам. Не спажывайце з яго нічога сырога, ані зваранага ў вадзе, але спажывайце толькі спечанае на агні; галаву з нагамі яго і нутром спажывайце. Нічога з яго хай не застанецца да раніцы; калі што застанецца, спаліце на агні. І так спажывайце яго: падперажыце паясніцы вашыя, майце абутак на нагах, трымаючы посахі ў руках, і ежце спешна: бо гэта ёсць ПасхаaГоспада! У тую ноч Я прайду па зямлі Егіпта і пазабіваю ўсё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад чалавека да жывёлы; і правяду суд над усімі багамі Егіпта, Я — Госпад. І кроў будзе вам на пазначэнне дамоў, у якіх вы будзеце знаходзіцца; і калі ўбачу кроў, прайду міма вас, і не будзе на вас плягі згубнай, калі буду караць зямлю Егіпецкую. А дзень гэты стане вам памятным днём, і святкаваць яго будзеце як урачыстасць у гонар Госпада ў вашых пакаленнях як вечны звычай. Сем дзён будзеце есці толькі праснакі: ужо ў самы першы дзень не будзе рошчыны ў дамах вашых, бо хто б ні з’еў заквашанае ад першага дня да сёмага, знішчана будзе душа тая ад Ізраэля. Першы дзень будзе сход святы і ўрачыстасць, і дзень сёмы будзе напоўнены той жа ўрачыстасцю. Ніякай работы не будзеце рабіць у тыя дні, за выключэннем той, што тычыцца ўжывання ежы. І захоўвайце праснакі, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыну вашую з зямлі Егіпецкай; і захавайце гэты дзень у вашых пакаленнях як звычай вечны. Чатырнаццатага дня першага месяца ўвечары ежце праснакі; аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца. Сем дзён не знойдзецца ў вашых дамах ніякай рошчыны. Хто з’есць штосьці заквашанае, загіне душа яго паміж сходу Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых. Нічога заквашанага не спажывайце; ва ўсіх дамах вашых ежце праснакі”». І паклікаў Майсей усіх старэйшын сыноў Ізраэля, і сказаў ім: «Ідзіце, узяўшы жывёлу для вашых сем’яў, і прынясіце ў ахвяру пасхальнае ягня. І намачыце пучок гізопу ў крыві, што знаходзіцца ў місе, і пакрапіце з яе вершнік і абодва вушакі. Аж да раніцы хай ніхто з вас не выходзіць за дзверы дома свайго, бо Госпад будзе праходзіць, удараючы егіпцян; і, калі ўбачыць кроў на вершніку і на абодвух вушаках, то абміне Ён такія дзверы і не дазволіць нішчыцелю ўвайсці ў вашы дамы і нашкодзіць. Захавайце слова гэтае праўдзівае ў сябе і ў дзяцей сваіх навек. І калі ўвойдзеце ў зямлю, якую дасць вам Госпад, як паабяцаў, трымайцеся гэтых звычаяў; і калі вас запытаюць дзеці вашы: “Што гэта за святы звычай?”, вы скажаце ім: “Гэта ахвяра Пасхі ў гонар Госпада, Які ў Егіпце абмінуў дамы сыноў Ізраэля; егіпцян пазабіваў, а дамы нашыя збавіў”». І пачаў маліцца народ, пакланіўшыся, і, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону. І апоўначы здарылася: Госпад пазабіваў усё першароднае ў зямлі Егіпецкай, ад першароднага сына фараона, які сядзеў на троне, аж да першароднага вязня, які сядзеў у вязніцы, і ўсё першароднае жывёлы. І ўстаў ноччу фараон, і ўсе паслугачы яго, і ўвесь Егіпет, і падняўся вялікі лямант у Егіпце, бо не было дома, у якім не было б нябожчыка. І, паклікаўшы ноччу Майсея і Аарона, фараон сказаў: «Уставайце, выходзьце ад народа майго, — вы і сыны Ізраэля; ідзіце і ахвяруйце Госпаду, як вы кажаце. Бярыце авечак вашых і жывёлу, як прасілі, і, адыходзячы, дабраславіце мяне». І егіпцяне настойвалі, каб народ хутчэй выходзіў з зямлі, кажучы: «Усе мы паўміраем». Такім чынам, узяў народ прасеяную муку — да таго, як яна будзе заквашанай; і, звязваючы дзежы ў адзенне сваё, узняў ён іх на плечы свае. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Майсей, і пазычылі ў егіпцян посуд срэбраны і залаты і мноства адзення. І Госпад даў ласку ў вачах егіпцян для народа, так што яны ім пазычалі; і тыя абабралі егіпцян. І рушылі сыны Ізраэлевы з Рамэсаса ў Сукот у ліку каля шасцісот тысяч пешых мужчын, акрамя дзяцей. Але таксама безліч іншапляменнага народа ўзнялося з імі, авечкі і жывёла — зашмат жывых істот. Прыгатавалі яны муку, якую, прасеяную, раней узялі з Егіпта, і зрабілі праснакі — хлеб, спечаны ў попеле, бо не маглі яны заквасіць сабе цеста, бо егіпцяне прымушалі іх выйсці і не дазвалялі марудзіць; і не ўдалося ім зрабіць ніякай ежы. А час знаходжання сыноў Ізраэля ў Егіпце склаў чатырыста трыццаць гадоў. У той самы дзень, калі яны прайшлі, выйшлі ўсе дружыны Госпада з зямлі Егіпецкай. Гэта была для Госпада ноч пільнавання, калі Ён вывеў іх з зямлі Егіпта: усе сыны Ізраэля ў пакаленнях сваіх павінны шанаваць яе для Госпада. І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Гэта ёсць святы звычай: ніводзін чужынец не можа есці ад яго; а ўсякі нявольнік, куплены за грошы, хай прыме абразанне і так хай спажывае; чужынец і найміт хай не ядуць ад яго. У адным доме хай спажываюць, і не выносьце на двор мяса яго, і не ламайце косці яго. Уся супольнасць сыноў Ізраэля захавае гэта. Калі хтось з чужынцаў пажадае перайсці ў пасяленне вашае і святкаваць Пасху Госпадаву, перш хай абрэжуць кожнага мужчынскага роду яго, а потым няхай святкуе па звычаі і будзе, як тутэйшы; а калі хто неабрэзаны, хай не спажывае ад яго. Такі ж самы закон будзе для тутэйшага і для чужынца, што лічацца ў вас іншаземцамі». І ўсе сыны Ізраэля зрабілі, як Госпад загадаў Майсею і Аарону; і ў той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай па іх дружынах.

І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Пасвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлонне ў сыноў Ізраэля: як сярод людзей, так і сярод жывёлы, бо гэта ўсё Маё». І сказаў Майсей народу: «Памятайце пра той дзень, у які выйшлі вы з Егіпта, з дома няволі; бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; так што не ежце вы заквашанага хлеба. Сёння выходзіце вы, у месяцы Абіб. І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў і хетэяў, амарэяў, гівеяў і евусеяў, якою прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць табе зямлю, што ацякае малаком і мёдам, тады павінен ты святкаваць яго ў гэтым самым месяцы. Сем дзён карміцеся праснакамі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасць Госпаду. Праснакі будзеце есці сем дзён: і не з’явіцца ў цябе нічога заквашанага, і не будзе заквашанага ва ўсіх межах зямлі тваёй. І ў той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Егіпта”. І вось, гэта будзе табе як знак у руцэ тваёй і як напамін у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх; бо рукою дужаю вывеў цябе Госпад з Егіпта. Спаўняй гэты святы звычай у вызначаны час дзень пры дні. І калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю хананеяў, якою прысягнуў Ён табе і бацькам тваім, і дасць табе яе, то аддзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне і што першароднае ў жывёлы тваёй; і што будзеш мець мужчынскага роду — прысвяці Госпаду. Першароднага ад асла заменіш авечкай; тое, што не выкупіш, забі. Усё ж першароднае ад чалавека з сыноў тваіх выкупляй за грошы. І калі заўтра спытае ў цябе сын твой, гаворачы: “Што гэта?”, — ты адкажаш яму: “Дужаю рукою вывеў нас Госпад з Егіпта, з дому няволі. Бо калі фараон заўпарціўся і не хацеў нас адпусціць, забіў Госпад усё паршароднае на зямлі Егіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднага жывёлы; таму я ахвярую Госпаду ўсё, што адкрывае ўлонне, мужчынскага роду, і ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю”. Такім чынам, гэта будзе быццам знак на руцэ тваёй і быццам тое, што падвешана перад вачамі тваімі дзеля ўспаміну, бо Госпад дужаю рукою вывеў нас з Егіпта». Бо калі фараон выслаў народ, не павёў іх Бог па дарозе да зямлі філістынцаў, што была найкарацейшай, думаючы аб тым, каб народ, часам, не раскаяўся, калі б убачыў перад сабою войны, і каб ён не вярнуўся ў Егіпет, а павёў яго навокал па дарозе пустыні, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі з зямлі Егіпецкай. Таксама забраў Майсей з сабою косці Язэпа, бо ён заклінаў сыноў Ізраэля, гаворачы: «Бог наведае вас; тады панясіце з сабою адсюль косці мае». І выйшаўшы з Сукота, яны сталі лагерам у Этаме, на крайніх межах пустыні. А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб паказваць дарогу, а ноччу ў слупе агню, каб свяціць ім, каб быў правадыр у дарозе ў любы час. Ніколі не знікаў з вачэй народа слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу.

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Скажы сынам Ізраэля, хай, звярнуўшыся, стануць яны лагерам пад мясцовасцю Пігахірот, што паміж Магдолам і морам, насупраць Баал-Сэфона; насупраць яго раскладвайце лагер над морам. І скажа фараон пра сыноў Ізраэля: “Яны блукаюць у зямлі гэтай; замкнула іх пустыня”. І Я зраблю цвёрдым сэрца яго, і ён будзе пераследаваць вас, і Я ўслаўлюся на фараоне і на ўсім войску яго; і хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад». Яны так і зрабілі. І паведамілі цару Егіпецкаму, што ўцёк народ; і змянілася сэрца фараона і паслугачоў яго адносна народа, і яны сказалі: «Што гэта мы зрабілі, калі выгналі Ізраэль, каб ён не служыў нам?» Таму фараон узяў з сабою калясніцы і ўвесь свой народ; і ўзяў ён шэсцьсот калясніц адборных і ўсе калясніцы, што былі ў Егіпце, і на кожнай калясніцы былі воіны. І зрабіў Госпад цвёрдым сэрца фараона, цара Егіпта, і ён пачаў пераследаваць сыноў Ізраэля; але яны выйшлі пад рукою ўзвышняю. І, паколькі егіпцяне, усе коні і калясніцы фараона, коннікі і войска яго ішлі па слядах тых, хто быў наперадзе, яны заспелі іх у лагеры над морам; пад Пігахіротам і насупраць Баал-Сэфона. І, калі наблізіўся фараон, сыны Ізраэля, паднімаючы вочы, убачылі егіпцян за сабою, і вельмі спалохаліся і пачалі клікаць Госпада, і казалі Майсею: «Магчыма, не было магіл у Егіпце? Таму ты прывёў нас, каб мы паўміралі ў пустыні. Што гэта вы зрабілі, вывеўшы нас з Егіпта? Ці ж не тую самую размову вялі мы з табою ў Егіпце, гаворачы: “Пакінь нас, каб мы служылі егіпцянам”? Бо значна лепей было служыць ім, чым прападаць у пустыні». Але Майсей сказаў народу: «Не бойцеся; стойце на месцы і ўбачыце збаўленне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сёння; бо егіпцян, якіх цяпер бачыце, ужо ніколі не ўбачыце да веку. Госпад будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі». І сказаў Госпад Майсею: «Чаму прызываеш Мяне? Скажы сынам Ізраэля, хай ідуць. А ты падымі кій твой, і выцягні руку тваю над морам, і раздзялі яго, каб прайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сухім. А Я зраблю цвёрдым сэрца егіпцян, каб гналіся за імі; і ўслаўлю Сябе на фараоне і на ўсім войску яго, на калясніцах і на конніках яго. І хай ведаюць егіпцяне, што Я — Госпад, калі ўслаўлюся на фараоне, на калясніцах і на конніках яго». І, уздымаючыся, Анёл Божы, які ішоў перад лагерам Ізраэля, пайшоў за імі; і разам з ім слуп воблачны, пакідаючы іх наперадзе, стаў за імі. І стаў паміж войскам егіпцян і лагерам Ізраэля; і быў хмарай цёмнай, і тою, што асвятляе ноч, так што яны не змаглі падысці адзін да аднаго за ўвесь час ночы. І, калі працягнуў Майсей руку над морам, Госпад адагнаў яго, бо дзьмуў гвалтоўны і сухі вецер усю ноч і ператварыў яго ў сухую зямлю; вада раздзялілася, і пайшлі сыны Ізраэля праз сярэдзіну мора па сушы; а вада была, быццам мур, з правага і з левага іх боку. І, пераследуючы іх, егіпцяне пайшлі за імі, уся конніца фараона, калясніцы яго і коннікі праз сярэдзіну мора. І ўжо прыйшла ранішняя варта, і вось, Госпад, назіраючы за лагерам егіпцян праз вогненны і воблачны слуп, збянтэжыў войска іх; і затрымаў Ён колы калясніц, так што з цяжкасцю рухаліся яны. І казалі егіпцяне: «Уцячэм ад Ізраэля! Бо Госпад змагаецца за іх супраць нас». І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю над морам, каб нахлынулі воды на егіпцян, на калясніцы іх і коннікаў». І, калі выцягнуў Майсей руку над морам, яно на світанні вярнулася на ранейшае месца; і на ўцякаючых егіпцян нахлынулі воды, і апусціў іх Госпад у сярэдзіну хваль. І нахлынулі воды і пакрылі калясніцы і коннікаў усяго войска фараона, якое, гонячыся, увайшло ў мора; так што ні адзін з іх не застаўся жывым. А сыны Ізраэля па сухім перайшлі праз сярэдзіну мора; і воды былі для іх, як мур, з правага і з левага боку. І ў той дзень вызваліў Госпад Ізраэль ад рукі егіпцян, і ўбачылі яны мёртвых егіпцян на беразе мора; і магутную руку, якую выявіў Госпад супраць іх; і ўшанаваў народ Госпада, і паверылі Госпаду і Майсею, паслугачу Яго.

Тады Майсей і сыны Ізраэля заспявалі гэтую песню Госпаду і сказалі: «Давайце спяваць Госпаду: бо Ён слаўна ўзвялічыўся, каня і конніка кінуў у мора. Моц мая і сіла мая — Госпад, Ён стаў для мяне збаўленнем. Ён — Бог мой, і буду славіць Яго; Ён — Бог бацькі майго, і буду ўзвялічваць Яго! Госпад — быццам мужчына-ратнік; Ягвэ — імя Яго! Калясніцы фараона і войска яго Ён кінуў у мора, адборныя воіны яго патоплены ў моры Чырвоным. Бездані накрылі іх, апусціліся яны ў глыбіню, як камень. Правіца Твая, Госпадзе, — у слаўнай моцы; правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага. І ў мностве славы Тваёй знішчыў Ты супраціўнікаў Тваіх; і даў Ты волю гневу Свайму, які праглынуў іх, як салому. І ў подыху абурэння Твайго сабраліся воды; і паўстала, як сцяна, цякучая хваля, і на сярэдзіне мора застылі бездані. Вораг сказаў: “Буду гнацца і даганю; падзялю здабычу, нацешыцца душа мая, дастану меч свой, і заб’е іх рука мая!” Дыхнуў Ты Духам Тваім, і накрыла іх мора; яны патанулі, як свінец, у бурлівых водах. Хто сярод багоў падобны Табе, Госпадзе? Хто падобны Табе, хто слаўны святасцю, страшны і праслаўлены, творца цудаў? Працягнуў Ты руку Сваю, і паглынула іх зямля. У міласэрнасці Тваёй быў Ты правадыром для народа, які адкупіў, і праводзіў яго ў моцы Сваёй у Сваё святое жыллё. Пачулі народы і спалохаліся, смутак апанаваў жыхароў філістынскіх. Тады занепакоіліся князі Эдома, а ўладароў Мааба апанаваў страх, здранцвелі ўсе жыхары Ханаана. Напалі на іх трымценне і жах; у магутнасці рукі Тваёй робяцца яны нерухомымі, як камень, пакуль праходзіць народ Твой, Госпадзе, пакуль праходзіць той народ Твой, які ўзяў Ты ва ўласнасць. Увядзі іх і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у наймагутнейшай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, Госпадзе, у святыні, Госпадзе, якую заснавалі рукі Твае. І будзе Госпад валадарыць на векі вечныя! Бо ўвайшлі коні фараона ў мора з калясніцамі і коннікамі яго, і ўзвёў на іх Госпад воды марскія; а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне праз сярэдзіну мора». Дык сястра Аарона Мірыям-прарочыца, узяла тымпан у руку сваю; і ўсе жанчыны ішлі за ёю з тымпанамі і карагодамі; яна спявала ім, кажучы: «Давайце спяваць для Госпада, бо Ён слаўна ўзвялічыўся: каня і вершніка яго ўкінуў у мора!» Павёў тады Майсей Ізраэля ад Чырвонага мора, і пайшлі яны ў пустыню Сур; і тры дні ішлі яны праз пустыню і не знаходзілі вады. І прыйшлі да мясцовасці Мара, але не маглі піць ваду з Мары, таму што была яна горкая; з-за таго таму месцу было дадзена імя Мараa. І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?» І паклікаў ён Госпада, Які паказаў яму дрэва; калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада ператварылася ў салодкую. Там устанавіў для народа Госпад пастановы і прыказанні, і там выпрабаваў яго, кажучы: «Калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад абліччам Яго, і скарышся настаўленням Яго і будзеш захоўваць усе Яго пастановы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, што навёў на Егіпет: бо Я — Госпад, лекар твой». І прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніц і семдзесят пальмаў; і там сталі яны лагерам каля вады.

І выйшлі яны з Эліма, і ўся супольнасць сыноў Ізраэля прыйшла ў пустыню Сін, якая знаходзіцца між Элімам і Сінаем, у пятнаццаты дзень другога месяца пасля таго, як выйшлі яны з зямлі Егіпецкай. І пачала наракаць у пустыні ўся супольнасць сыноў Ізраэля на Майсея і на Аарона, і сыны Ізраэля казалі ім: «Лепш бы мы паўміралі ад рукі Госпада ў зямлі Егіпецкай, калі сядзелі пры гаршках з мясам і калі мы елі хлеб уволю. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынішчыць голадам усю супольнасць?» І сказаў Госпад Майсею: «Вось, Я спашлю вам хлеб з неба ў выглядзе дажджу; хай народ выходзіць і збірае тое, чаго на кожны дзень дастаткова, каб Я іх выпрабаваў, ці будуць яны хадзіць паводле Майго запавету, ці не. А шостага дня хай згатуюць тое, што прынеслі, і хай гэта будзе ўдвая больш таго, што звычайна збіраюць яны штодзень». І Майсей і Аарон сказалі ўсім сынам Ізраэля: «Увечары пазнаеце, што Госпад вывеў вас з зямлі Егіпецкай. Раніцай убачыце славу Госпада. Бо Ён пачуў нараканні вашыя супраць Госпада. А хто ж мы, што вы наракаеце на нас?» І сказаў Майсей: «Увечары дасць вам Госпад мяса есці, а раніцай — хлеба ўдосталь, бо чуў Ён нараканні вашыя, якімі наракалі вы супраць Яго. Бо хто такія мы? Не на нас наракалі вы, але на Госпада!» І сказаў Майсей Аарону: «Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: “Станьце перад Госпадам; бо пачуў Ён нараканні вашы”». І, калі Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулі на пустыню, і вось, слава Госпада з’явілася ім у воблаку. І прамовіў Госпад да Майсея, кажучы: «Чуў Я нараканні сыноў Ізраэля. Скажы ім: “Увечары будзеце есці мяса, а раніцай будзеце насычацца хлебам, і даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш”». Так і адбылося: і ўвечары наляцелі перапёлкі, і накрылі лагер; а раніцай лягла раса вакол лагера. І калі яна пакрыла паверхню пустыні, тады паказалася нешта дробнае і зярністае, накшталт шэрані на зямлі. Калі ўбачылі гэта сыны Ізраэля, пыталіся адзін аднаго: «Мангу?» а Бо не ведалі, што гэта было. І сказаў ім Майсей: «Гэта хлеб, які даў вам Госпад для спажывання. Гэта слова, што сказаў Госпад: “Кожны з вас хай збярэ, колькі патрэбна для пражывання, гамор — на чалавека па колькасці вашых душ, што жывуць у палатцы, — так возьмеце”». Так і зрабілі сыны Ізраэля, і сабралі адзін болей, другі меней. І змералі гаморам; і ў таго, хто сабраў больш, не было лішняга, а ў таго, хто сабраў менш, не было нястачы, але кожны сабраў, колькі мог з’есці. І сказаў ім Майсей: «Хай ніхто нічога з гэтага не пакідае да раніцы». Некаторыя не паслухалі яго, але пакінулі штосьці з гэтага да раніцы, і пачало яно кішэць чарвякамі, і пачало смярдзець; і раззлаваўся на іх Майсей. І збіраў раніцай кожны, колькі патрэбна для спажывання; а калі сонца прыпякала, яно раставала. У шосты ж дзень сабралі падвоеную колькасць ежы, гэта значыць па два гаморы на кожнага чалавека. І сабраліся ўсе кіраўнікі супольнасці, і паведамілі Майсею. Ён сказаў ім: «Гэта тое, што сказаў Госпад: “Заўтра супачынак, субота, святая для Госпада; і што маеце пячы — пячыце, а што маеце варыць — варыце; а што застанецца — пакіньце на раніцу”». І зрабілі так, як загадаў Майсей, і не засмярдзела яно, і чарвяк у ім не завёўся. І сказаў Майсей: «Ежце гэта сёння, бо гэта субота для Госпада, і ніхто хай не знаходзіцца ў полі сёння. Шэсць дзён збірайце; але ў сёмы дзень — субота для Госпада, таму хай ніхто не знаходзіцца ў полі». І надышоў сёмы дзень; і некаторыя з людзей выйшлі, каб збіраць, але нічога не знайшлі. І сказаў Госпад Майсею: «Дакуль жа не будзеце хацець выконваць настаўленні Мае і закон Мой? Бачыце, што Госпад даў вам суботу, і таму ў дзень шосты даў вам ежы ўдвая; дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, і ніхто хай не выходзіць з месца свайго ў сёмы дзень». І сёмага дня народ святкаваў суботу. І назваў дом Ізраэля хлеб той «манна», бо была яна белая, як зерне каляндры, а смак мела падобны да мядовага. І сказаў Майсей: «Гэта слова, якое сказаў Госпад: “Напоўніце гамор і захавайце яго для наступных вашых пакаленняў, каб ведалі яны хлеб, якім карміў Я вас у пустыні, калі ішлі вы з зямлі Егіпецкай”». І сказаў Майсей Аарону: «Вазьмі які-небудзь посуд і пакладзі туды манны, колькі можа змясціць гамор, і пакладзі яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленняў вашых». Як загадаў Госпад Майсею, паклаў яго Аарон для захавання перад каўчэгам сведчання. А сыны Ізраэля елі манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлі ў зямлю заселеную; а: «Што гэта?» елі яны гэтую ежу, аж пакуль не прыбылі да межаў зямлі Ханаан. А гамор — дзесятая частка эфы.

Такім чынам, па загадзе Госпада ўся супольнасць сыноў Ізраэля, выйшаўшы з пустыні Сін у далейшую дарогу, стала лагерам у Рэфідыме, дзе ў народа не было вады для піцця. Дакараў народ Майсея, кажучы: «Дай нам вады, каб напіцца». Адказаў ім Майсей: «Што вы дакараеце мяне? Чаму спакушаеце Госпада?» Але народ там смагнуў з-за недахопу вады, і таму наракаў на Майсея, кажучы: «Навошта вы прымусілі нас выйсці з Егіпта, каб нас і нашых дзяцей, і нашую жывёлу замарыць смагаю?» І паклікаў Майсей Госпада, кажучы: «Што мне рабіць з гэтым народам? Мала не хапае, і ўкамянуюць мяне!» І Госпад сказаў Майсею, кажучы: «Выйдзі да народа і вазьмі некалькі старэйшын Ізраэля з сабою, і кій трымай у руцэ тваёй, якім ударыў раку, і ідзі. А Я стану перад табой на скале Гарэб, і ты ўдарыш скалу, і пацячэ з яе вада, каб народ піў». Майсей зрабіў так на вачах старэйшын Ізраэля. І назваў ён гэта месца Маса і Мэрыба з-за папрокаў сыноў Ізраэля і таму, што яны спакушалі Госпада, кажучы: «Ці сапраўды Госпад прабывае паміж нас, ці не?» І прыйшоў Амалек, і змагаўся з Ізраэлем у Рэфідыме. І Майсей сказаў Ешуа: «Выберы нам мужчын і ідзі, ваюй з Амалекам; заўтра я стану на вяршыні гары, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй». І зрабіў Ешуа, як сказаў яму Майсей, і ваяваў супраць Амалека; а Майсей, і Аарон, і Гур узышлі на вяршыню гары. І пакуль Майсей трымаў рукі паднятымі, перамагаў Ізраэль, а калі апускаў, перамагаў Амалек. А рукі Майсея былі цяжкімі; таму ўзялі яны камень і паклалі пад яго, і ён сеў на яго; а Аарон і Гур падтрымлівалі рукі яго з абодвух бакоў. І здарылася так, што рукі яго не стамляліся да захаду сонца. І Ешуа перамог Амалека і народ яго вастрыём меча. І сказаў Госпад Майсею: «Запішы гэта дзеля памяці ў кнізе і перадай Ешуа; бо Я вынішчу памяць пра Амалека пад небам». І Майсей пабудаваў ахвярнік, і даў яму імя Ягвэ Нісі а , кажучы: «Бо падняў руку на пасад Госпада; дзеля таго вайна ў Госпада супраць Амалека будзе з пакалення ў пакаленне».

Калі Етра, цесць Майсея, святар мадыянскі, пачуў пра ўсё, што Бог учыніў для Майсея і для Ізраэля, народа Свайго, і што Госпад вывеў Ізраэль з Егіпта, ён узяў Сэфару, жонку Майсея, якую той раней вярнуў, і двух сыноў яго, з якіх адзін зваўся Гэрсам, бо сказаў бацька: «Я быў чужынцам у зямлі чужой»; а другі зваўся Эліязэр; бо казаў: «Бог бацькі майго — успаможца мой, і ўратаваў мяне ад меча фараонавага». І прыйшоў Етра, цесць Майсееў, і сыны яго, і жонка яго да Майсея ў пустыню, дзе стаяў ён лагерам каля гары Божай; і паведаміў Майсею, гаворачы: «Я, цесць твой, Етра, прыходжу да цябе, і жонка твая, і два сыны твае разам з ёю». І выйшаў Майсей насустрач цесцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і прывіталіся яны словамі мірнымі, і ўвайшлі ў палатку. І Майсей расказаў цесцю свайму ўсё, што зрабіў Госпад фараону і егіпцянам дзеля Ізраэля, і пра ўсякія цяжкасці, што здарыліся з імі ў дарозе, і як вызваліў іх Госпад. а: «Госпад — сцяг мой» І ўзвесяліўся Етра з дабрадзействаў, якія ўчыніў Госпад Ізраэлю, і з таго, што вырваў яго з рук егіпцян. І сказаў ён: «Дабраславёны Госпад, Які вызваліў вас з рук егіпцян ды з рукі фараона. Цяпер я переканаўся, што Госпад магутнейшы за ўсіх багоў, таму што вырваў народ з рук егіпцян, якія пагарджалі ім». Дык Етра, цесць Майсея, склаў Богу цэласпаленні і ахвяры, а Аарон і ўсе старэйшыны Ізраэля прыйшлі, каб есці хлеб з ім у прысутнасці Бога. А на другі дзень сеў Майсей, каб судзіць народ, які стаяў перад Майсеем з ранку аж да вечара. Калі цесць яго ўбачыў гэта, а менавіта ўсё, што ён рабіў у народзе, сказаў: «Што гэта такое, чым ты займаешся ў народзе? Чаму ты адзін сядзіш, а ўвесь народ стаіць перад табой з ранку аж да вечара?» І Майсей адказаў яму: «Народ прыйшоў да мяне, пытаючыся пра рашэнне Божае. І калі паміж імі ўзнікае якая-небудзь спрэчка, прыходзяць да мяне, каб я судзіў паміж імі і каб я аб’яўляў прыказанні Божыя і Яго законы». І сказаў ён: «Не добрую справу ты выконваеш. Знясілішся і ты, і народ гэты, які з табой. Па-над сіламі тваімі гэты занятак, адзін не зможаш яго адолець. Але паслухай словы мае і парады, і будзе Бог з табою: ты будзь у народзе дзеля таго, што тычыцца Бога, каб выяўляць Богу яго справы і каб аб’яўляць народу пастановы, і законы, і шлях, па якіх яны павінны ісці, і справу, якую яны павінны рабіць. Але з усяго народа абяры сабе людзей мудрых і богабаязных, у якіх ёсць праўда і якія ненавідзяць хцівасць; і прызнач з іх тысячнікаў, і сотнікаў, і кіраўнікоў над пяццюдзесяццю чалавекамі, і кіраўнікоў над дзесяццю чалавекамі, каб яны судзілі людзей у кожны час. Важнейшыя справы хай табе прадстаўляюць, а справы малаважныя хай толькі самі вырашаюць; табе будзе лягчэй, калі цяжар будзе Калі тое зробіш, выканаеш наказ Божы і пастановы Яго зможаш падтрымаць, і ўвесь гэты народ вернецца ў мясціны свае ў згодзе». Выслухаўшы гэта, Майсей зрабіў усё, што ён яму параіў; і, выбраўшы з усяго Ізраэля людзей здольных, ён зрабіў іх князямі народа, тысячнікамі і сотнікамі, і кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, і кіраўнікамі над дзесяццю, каб яны судзілі народ у кожны час. А калі што важнейшае было, звярталіся да яго, лягчэйшыя ж справы самі судзілі. І адправіў Майсей цесця свайго, і ён вярнуўся назад у сваю зямлю.

У трэцім месяцы па выхадзе Ізраэля з зямлі Егіпта, у той самы дзень прыбылі яны ў пустыню Сінай. Бо выйшаўшы з Рэфідыма і дайшоўшы аж да пустыні Сінай, расклаліся яны лагерам у тым жа месцы, дзе і паставіў Ізраэль палаткі насупраць гары. А Майсей узышоў да Бога; і паклікаў яго Госпад з гары, і сказаў: «Вось што скажы дому Якуба і паведамі сынам Ізраэля: “Вы самі бачылі, што Я зрабіў егіпцянам, як панёс вас, як на крылах арліных, і прынёс вас да Сябе. Дык калі будзеце слухаць голас Мой і захоўваць запавет Мой, вы станецеся для Мяне асаблівымі сярод усіх народаў; бо Мая ўся зямля. І вы будзеце для Мяне царствам святароў і народам святым”. Гэта словы, якія ты скажаш сынам Ізраэля». Прыйшоў Майсей і, склікаўшы старэйшын народа, прадставіў ім усе словы, што даручыў Госпад. І ўвесь народ адказаў адзінадушна: «Усё, што сказаў Госпад — споўнім». І, калі перадаў Майсей словы народа Госпаду, сказаў яму Госпад: «Вось, Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, і каб паверыў ён табе назаўжды». І Майсей перадаў словы народа, і Ён сказаў яму: «Ідзі да народа і асвяці яго сёння і заўтра; і хай памыюць яны адзенне сваё, і хай прыгатуюцца на дзень трэці. Бо ў трэці дзень на вачах усяго народа на гару Сінай сыдзе Госпад. І вызначы народу межы кругом, і скажы: “Сцеражыцеся, каб не ўзыходзіць на гару і не дакранацца да межаў яе; кожны, хто дакранецца да гары, — будзе пакараны смерцю. Хай рука не дакранецца да яго, хай будзе ўкаменаваны або прабіты стрэламі: ці то жывёла, ці то чалавек — не застануцца ў жывых”. Калі загучыць труба, хай тады ўзыдуць яны на гару». І сышоў Майсей з гары да народа, і асвяціў яго; і, калі памылі яны адзенне сваё, сказаў ён ім: «Будзьце прыгатаваныя на дзень трэці; не дакранайцеся да жонак вашых». І ўжо надышоў трэці дзень, і рана развіднела; і вось, пачуліся грымоты, і заблішчалі маланкі, і найцямнейшае воблака накрыла гару, і гук трубы шумеў усё мацней; і спалохаўся народ, што быў у лагеры. І, калі вывеў Майсей людзей з месца лагера насустрач Богу, і сталі яны ля падножжа гары, а ўся гара Сінай дымілася, бо сышоў на яе Госпад у агні, і ўздымаўся дым з яе, як з печы. І ўся гара моцна хісталася. І гук трубы рабіўся штораз магутнейшы; Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму ўголас. І сышоў Госпад на гару Сінай, на самы верх гары, і паклікаў Майсея на самую яе вяршыню. А калі ён узышоў, сказаў яму: «Сыдзі ўніз і папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсці межаў, каб пабачыць Госпада, і каб не загінула вялікая колькасць яго. Таксама і святары, якія прыступаюць да Госпада, хай асвяцяцца, каб Ён не ўдарыў іх». І сказаў Майсей Госпаду: «Не зможа народ узысці на гару Сінай, бо Ты папярэдзіў і загадаў, кажучы: “Вызначы межы кругом гары і асвяці яе”». Сказаў яму Госпад: «Ідзі, сыдзі ўніз; а потым прыйдзі ты і Аарон з табою, а святары і народ хай не пераходзяць межаў і не набліжаюцца да Госпада, каб Ён не забіў іх». І сышоў Майсей да народа, і ўсё ім пераказаў.

І сказаў Госпад усе гэтыя словы: «Я — Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі. Не май другіх багоў перада Мною. Не рабі сабе ніякай выявы ўсяго, да таго падобнага, што ў небе высока, і што на зямлі ўнізе, і што ў вадзе пад зямлёю. Не пакланяйся ім і не служы, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог руплівы апякун, Які карае правіннасць бацькоў на дзецях да трэцяга і чацвёртага пакалення тых, хто Мяне ненавідзіць, Які ўчыняе міласэрнасць аж да тысячнага пакалення тым, хто любіць Мяне і захоўвае пастановы Мае. Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, дарэмна, бо Госпад не пакіне без кары таго, хто прызывае імя Госпада, Бога свайго, марна. Памятай, што дзень суботы ты святкуеш. Шэсць дзён працуй і выконвай усе справы свае; а сёмы дзень — субота для Госпада, Бога твайго; не выконвай ніякай працы ты, ані сын твой, ані дачка твая, раб твой і рабыня твая, жывёла твая і чужынец, што жыве ў цябе. Бо за шэсць дзён стварыў Госпад неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што на іх ёсць, і супачыў у сёмы дзень; таму дабраславіў Госпад дзень суботы і ўсвяціў яго. Паважай бацьку свайго і маці сваю, каб быць даўгавечным на зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой. Не забівай. Не чужалож. Не крадзі. Не сведчы фальшыва супраць блізкага свайго. Не будзь прагны да жонкі блізкага свайго. Не зажадай дома яго, ані раба, ані рабыні, ані вала, ані асла, і нічога, што ёсць у яго». А ўвесь народ назіраў за шумам, і за ззяннем, і за гукам трубы, і за гарою, што дымілася; і, спалоханыя і ахопленыя трымценнем, паўсталі яны паводдаль, кажучы Майсею: «Ты гавары нам, і мы будзем слухаць; хай не гаворыць з намі Бог, каб мы не памерлі». І сказаў Майсей народу: «Не палохайцеся, бо выпрабаваць вас прыйшоў Бог і каб страх Яго быў у вас, каб вы не грашылі». І народ усё стаяў воддаль; а Майсей наблізіўся да цёмнага воблака, у якім быў Бог. Потым сказаў Госпад Майсею: «Вось што скажаш сынам Ізраэля: “Вы бачылі, як Я з неба да вас прамаўляў. Для сябе не рабіце перада Мною багоў срэбраных, ані багоў з золата. Зрабіце Мне ахвярнік з зямлі і на ім складайце цэласпаленні і ўскладайце мірныя ахвяры вашы, авечак вашых і валоў; на кожным месцы, дзе загадаю ўспамінаць імя Маё, прыйду да цябе і дабраслаўлю цябе. А калі пабудуеш Мне ахвярнік каменны, то не будуй яго з камянёў часаных, бо, калі ўздымеш на яго склюд, ён будзе апаганены. Не ўзыходзь па прыступках да Майго ахвярніка, каб не адкрылася галізна твая”».

Вось прыказанні, якія прадставіш ім: «Калі купіш нявольніка-гебрая, ён будзе служыць табе шэсць гадоў, а ў сёмы ён выйдзе свабодным без выкупу. Калі ён прыйшоў адзін, хай адыдзе адзін; а калі меў жонку, хай разам з ім адыдзе жонка. Але калі гаспадар даў яму жонку, і яна нарадзіла сыноў і дачок, то жонка і дзеці будуць належаць гаспадару; а ён адыдзе адзін. Калі ж нявольнік скажа гэта: “Люблю гаспадара свайго, і жонку, і дзяцей, і не хачу адыходзіць свабодным”, — хай завядзе яго гаспадар перад Бога, і хай падвядзе яго да дзвярэй або вушака, і хай праколе яму шылам вуха яго; і будзе ён нявольнікам яго назаўжды. Калі хто прадаў сваю дачку ў нявольніцы, не адыдзе яна, як адыходзяць звычайна іншыя нявольнікі. А калі б яна не спадабалася вачам гаспадара свайго, якому была аддадзена, хай дазволіць выкупіць яе; але ён не мае ўлады прадаць яе чужому народу з-за таго, што адмовіўся ад яе. А калі ён прызначыў яе сыну свайму, хай абыходзіцца з ёю па праве дачок. Калі ж ён возьме сабе іншую, не можа адмовіць ёй у ежы, адзенні і ў сужыцці. Калі ж не выканае адносна яе гэтых трох умоў, то хай адыдзе яна дарма, без выкупу. Калі хто ўдарыць чалавека і той памрэ, хай ён будзе пакараны смерцю. Калі ж не меў ён намеру забіць, але Бог выдаў таго ў рукі яго, вызначу яму месца, куды ён павінен уцячы. Калі хто наўмысна забіў блізкага свайго і падступна, то ад ахвярніка Майго адцягні яго, каб памёр. Хто ўдарыць бацьку свайго або маці, хай будзе пакараны смерцю. Хто ўкрадзе чалавека і прадасць яго або будзе трымаць у руках сваіх, хай будзе пакараны смерцю. Хто гоніць бацьку свайго або маці, хай будзе пакараны смерцю. Калі пасварыліся людзі і адзін ударыў блізкага свайго каменем або кулаком, і той не памёр, але злёг у ложак, то, калі ён падымецца і стане хадзіць па двары з дапамогаю палкі, тады той, што яго ўдарыў, будзе невінаваты, аднак так, каб пакрыць яго страчаныя і ўжытыя на лячэнне сродкі. Хто ўдарыць нявольніка свайго або нявольніцу палкай, і памруць яны ад рук яго, той павінен быць пакараны. Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то не будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасць. Калі мужчыны пасварацца і калі хто ўдарыць цяжарную жанчыну і яна прытым скіне, але не здарыцца больш нічога дрэннага, то вінаваты будзе пакараны платаю, якой запатрабуе муж той жанчыны, і хай суддзі рассудзяць. А калі здарыцца штосьці дрэннае, хай аддасць ён жыццё за жыццё, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу, апёк за апёк, рану за рану, сіняк за сіняк. Калі хто ўдарыць нявольніка свайго або нявольніцу ў вока і спрычыніць страту яго, хай адпусціць іх на волю за вока. Таксама, калі выб’е зуб нявольніку або нявольніцы сваёй, хай адпусціць іх на волю за зуб. Калі ўдарыў рогам бык мужчыну або жанчыну і яны памерлі, то тады бык павінен быць укаменаваны, але мяса яго есці нельга; і гаспадар быка будзе бязгрэшны. Калі ж бык быў бадлівы і ўчора, і заўчора і была на гэта звяртана ўвага гаспадара яго, але ён яго не замкнуў, і забіў ён мужчыну ці жанчыну, то хай і быка ўкамянуюць, і гаспадара яго заб’юць. Калі ж будзе ўскладзена на яго спагнанне, то хай аддасць ён усё, што ад яго патрабуюць. Калі ж бык ударыў рогам сына або дачку, хай падпадзе ён пад той жа прысуд. Калі ж бык накінецца на нявольніка або нявольніцу, то яго гаспадар хай выплаціць іх гаспадару трыццаць сікляў срэбра, а быка хай укамянуюць. Калі хто адкрые студню або выкапае і не закрые яе і ўпадзе ў яе вол або асёл, то гаспадар студні хай выплаціць цану жывёлы, а мёртвая жывёла будзе належаць яму. Калі бык аднаго гаспадара параніць быка іншага гаспадара і той памрэ, хай тады прададуць жывога быка і падзеляць плату за яго; хай падзеляць таксама тушу памерлага вала між сабою. Але калі было вядома, што бык той быў бадлівы ўчора і заўчора і гаспадар яго не пільнаваў яго, хай аддасць ён быка за быка і возьме ўсю тушу.

Калі хто ўкрадзе вала або авечку і заб’е іх або прадасць, хай верне пяць валоў за аднаго вала і чатыры авечкі за адну авечку. Калі будзе захоплены злодзей, калі ён уломліваецца ў дом або робіць падкоп, і калі, атрымаўшы рану, ён памрэ, то той, хто нанёс рану, не будзе вінаваты ў забойстве. Але калі гэта будзе зроблена на ўзыходзе сонца, ён будзе вінаваты ў забойстве. Злодзей хай цалкам пакрывае страту. Калі не мае чым аддаць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў. Калі ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, ці вол, ці асёл, ці авечка, хай аддасць падвоеную колькасць. Калі хто дазволіць пасвіцца ў полі або вінаградніку і пусціць жывёлу сваю, каб пасвілася яна на чужым полі, хай пакрые страту цалкам са свайго поля па пладах яго; а калі ўсё поле будзе стаптана, хай пакрывае ён страту тым, што мае найлепшага на полі сваім або ў вінаградніку. Калі ўзнікне агонь, і ахопіць церні, і ахопіць сцірты або збожжа, што ўзнімаецца, або ніву, хай пакрые страту той, хто запаліў агонь. Калі хто даў сябру грошы або посуд на захаванне і ад таго, хто прыняў іх, яны былі б скрадзеныя, калі злодзей будзе выяўлены, хай ён аддасць падвоеную колькасць. Калі злодзей хаваецца, хай гаспадар дома стане перад Богам і прысягне, што не працягнуў ён рукі на дабро свайго блізкага. У кожнай справе злачынства, ці то адносна вала, ці асла, ці авечкі, ці адзення, ці ўсяго, што можа прычыніць страту, калі хто скажа: «Гэта маё», справа абодвух павінна быць прадстаўлена Богу, і каго Бог прызнае вінаватым, той хай верне падвоеную колькасць блізкаму свайму. Калі хто даручыць блізкаму свайму дзеля захавання асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна памрэ або пакалечыцца, або будзе захоплена ворагамі, і ніхто гэта не ўбачыць, то хай будзе прылюдна прысяга перад Госпадам, што ніхто не працягнуў рукі да дабра блізкага свайго; і хай гаспадар прыме прысягу, і хай той не будзе прымушаны плаціць страту. А калі што будзе ўкрадзена ў яго, хай ён пакрые страту гаспадару; а калі тая жывёла будзе разарваная дзікім зверам, хай ён прынясе тое, што было забіта, як доказ і не пакрывае страту. Калі хто пазычыць у блізкага свайго штосьці з жывёлы, а яна пакалечыцца або падзе ў адсутнасць гаспадара, хай яго прымусяць пакрыць страту. Але калі гаспадар прысутнічаў, хай не пакрывае страту. Калі яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму. Калі хто звядзе дзяўчыну, яшчэ не заручаную, і будзе спаць з ёю, хай заплаціць плату за яе, як за жонку для сябе. Калі бацька дзяўчыны не згадзіцца аддаць яе, хай ён узважыць яму грошай згодна цане, што патрэбна даваць пры заручынах. Не дазваляй жыць чараўніцы. Хто ляжа з жывёлай, хай будзе пакараны смерцю. Хто складае ахвяры багам, акрамя адзінага Госпада, хай загіне. Чужынца не ўціскай і не пераследуй, бо чужынцамі былі і вы самі ў зямлі Егіпецкай. Удаве і сіраце не рабіце крыўды. Калі іх будзеце крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю лямант іх, і разгарыцца гнеў Мой, і ўдару вас мечам, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашы — сіротамі. Калі пазычыш грошы ўбогаму з Майго народа, што пражывае побач з табою, не будзь яму як ліхвяр і не прызначай яму працэнты. Калі ў заклад возьмеш верхняе адзенне ад блізкага свайго, перад захадам сонца аддай яму яго; бо яно адзінае ў яго, ім накрываецца ён, гэта абалонка цела яго, і не мае ён іншага, у чым спаць; калі будзе ён клікаць Мяне, выслухаю яго, бо Я міласэрны. Не блюзні на Бога і не ганьбі кіраўніка народа свайго. Не марудзь аддаць лішкі тока твайго і давільні тваёй. І дасі Мне першароднага з сыноў тваіх. Тое ж самае зробіш з першародным ад быкоў і авечак: сем дзён хай будзе ён пры маці сваёй, а ў восьмы дзень аддасі яго Мне. Вы будзеце Мне людзьмі святымі: не ежце мяса звера, разарванага на полі, але кіньце яго сабакам.

Не прымай ілжывай весткі і не давай рукі бязбожнаму, каб сведчыць ілжыва. Не хадзі за натоўпам, каб зрабіць ліха; не згаджайся на судзе з рашэннем многіх, каб не ўхіліцца ад праўды. Не шкадуй таксама беднага на судзе. Калі сустрэнеш вала ворага свайго або асла, што блукае, завядзі да яго. Калі ўбачыш, што асёл ненавісніка твайго ляжыць пад цяжарам сваім, не абміні, але разам з ім прыйдзі з дапамогай. Не абвяргай суд беднага ў справе яго. Пазбягай хлусні. Бязвіннага і справядлівага не забівай, бо Я выракуся бязбожнага. Не прымай падарункаў, якія асляпляюць нават разважных і абвяргаюць словы справядлівых. Не крыўдзі чужынца, бо вы ведаеце душы чужынцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай. Шэсць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю і збіраць яе плады. А ў сёмы год занядбаеш яе і не будзеш збіраць пладоў, каб елі бедныя твайго народа; а што яшчэ застанецца, хай ядуць звяры палявыя. Тое ж самае зробіш у вінаградніку і ў аліўніку тваім. Шэсць дзён будзеш працаваць; у сёмы дзень спынішся, каб адпачылі вол твой і асёл твой і адпачыў сын нявольніцы тваёй і чужынец. Усё, што Я сказаў вам, споўніце, і імя чужых багоў не прызывайце, і хай не чуецца яно ў вуснах тваіх. Тры ўрачыстыя святы будзеце святкаваць дзеля Мяне штогод. Выконвай урачыстасць праснакоў: сем дзён будзеш есці праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб, калі ты выйшаў з Егіпта. Не з’яўляйся перада Мною з пустымі рукамі. І ўрачыстасць жніва пяршыняў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полі; таксама ўрачыстасць збораў на зыходзе года, калі збярэш усе свае плады з поля. Тры разы ў год кожны твой мужчына хай пакажацца перад абліччам Госпада, Бога свайго. Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю, і хай не застаецца да раніцы тлушч ад свята Майго. Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыні пладоў зямлі тваёй. І не вары казляня ў малацэ маці яго. Вось, Я пасылаю анёла, які будзе ісці паперадзе цябе, і будзе сцерагчы ў дарозе, і падвядзе да месца, якое Я прыгатаваў. Паважай яго, і слухай голас яго, і не ўздумай пагарджаць ім, таму што ён не даруе, калі вы зграшыце, бо ў ім — імя Маё. Калі будзеце слухаць голас яго і будзеце рабіць усё, што Я кажу, то буду ворагам для вашых ворагаў і буду пераследаваць тых, што цябе пераследуюць. Бо пойдзе наперадзе цябе анёл Мой і завядзе цябе да амарэя і хетэя, феразея і хананея, і гівея, і евусея, якіх Я знішчу. Не будзеш пакланяцца багам іх і не будзеш служыць ім; не будзеш рабіць, як яны рабілі, але знішчыш іх і паразбіваеш камяні іх. Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславіў Я хлябы вашыя і воды і адхіліў хваробу ад грамады вашай. Не будзе выкідашаў і бясплоднасці ў зямлі тваёй; і Я павялічу колькасць дзён іх. Трывогу ад Мяне Я пашлю наперадзе цябе і патрывожу кожны народ, да якога прыйдзеш; і прымушу ўцякаць ад цябе ўсіх ворагаў тваіх, пасылаючы наперадзе шэршняў, што выганяць гівея, і хананея, і хетэя перш, чым ты прыйдзеш. Не выганю іх перад табою ў адзін год, каб зямля не ператварылася ў пустыню і каб не павялічыліся на шкоду тваю дзікія звяры. Памалу выганю іх з вачэй тваіх, пакуль не памножышся ты і не завалодаеш зямлёю. Я ж пакладу межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Філістынскага і ад пустыні аж па раку. Аддам у рукі вашыя жыхароў зямлі гэтай і выганю іх з вачэй вашых. Не заключай запавету ані з імі, ані з багамі іх. Не будуць яны жыць у зямлі тваёй, каб не ўвесці вас у грэх адносна Мяне, калі будзеце служыць іх багам; бо, канешне, будзе табе гэта на згаршэнне».

Сказаў таксама Майсею: «Узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля, і здалёк пакланіцеся. І толькі адзін Майсей наблізіцца да Госпада, а яны хай не набліжаюцца, ані народ не ўзыдзе з ім». Дык прыйшоў Майсей і расказаў народу ўсе словы Госпада і прыказанні; а ўвесь народ у адзін голас адказаў: «Усе словы Госпада, якія Ён сказаў, — споўнім». І запісаў Майсей усе словы Госпада; і, зранку ўстаўшы, пабудаваў ён ахвярнік ля падножжа гары і паставіў дванаццаць камянёў, адпаведна дванаццаці пакаленням Ізраэля. І паслаў юнакоў з сыноў Ізраэля, і яны склалі ахвяру цэласпалення; і ўчынілі Госпаду мірнае ахвярапрынашэнне з цялят. Такім чынам, узяў Майсей палову крыві і ўліў у чары; а астатняй часткаю крыві пакрапіў ахвярнік. І, узяўшы кнігу запавету, чытаў ён пры ўвазе народа, які сказаў: «Усё, што сказаў Госпад, — споўнім і будзем паслухмяныя». А ён кроў, што засталася, пакрапіў на народ і сказаў: «Гэта кроў Запавету, які Госпад заключыў з вамі на падставе ўсіх гэтых слоў». І ўзышлі Майсей і Аарон, Надаб і Абігу, і семдзесят старэйшын Ізраэля, і ўбачылі яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з сапфіравага каменя і падобнае на самое неба, калі яно яснае. І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукі Сваёй; і глядзелі яны на Бога, і елі, і пілі. І сказаў Госпад Майсею: «Падыміся да Мяне на гару і будзь там; і Я дам табе каменныя табліцы, і закон, і настаўленні, якія Я напісаў, каб ты навучыў іх». І ўстаў Майсей і Ешуа, яго памочнік; і, узыходзячы на гару Божую, сказаў Майсей старэйшынам: «Чакайце тут, пакуль мы не вернемся да вас. Маеце Аарона і Гура з вамі; калі ўзнікне якая справа, звяртайцеся да іх». І калі Майсей узышоў на гару, воблака накрыла гару; і заставалася слава Госпада на Сінаі, ахінаючы яе воблакам шэсць дзён; у сёмы ж дзень паклікаў Майсея з сярэдзіны воблака. А выгляд славы Госпада быў, быццам агонь палаючы на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля. І, увайшоўшы ў сярэдзіну воблака, Майсей узышоў на гару; і заставаўся ён там сорак дзён і сорак начэй.

І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Скажы сынам Ізраэля, каб сабралі для Мяне дары; прыміце іх ад кожнага чалавека, які прапануе дар добраахвотна. А вось тыя рэчы, якія вы павінны прыняць: золата, срэбра і медзь, і пурпур, і гіяцынт, і чырвань, і вісон, казіную поўсць, і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, і дрэва акацыі, алей для каганцоў, вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне, камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка. І хай зробяць Мне святыню, і Я буду жыць паміж іх. Усё цалкам адносна скініі, як Я табе пакажу, і ўсе пасудзіны на служэнне ў ёй, зрабіць такім чынам. Хай зробяць яны каўчэг з дрэва акацыі; даўжыня яго хай мае два локці з паловаю, шырыня — паўтара локця, вышыня таксама паўтара локця. І пакрыйце яго найчысцейшым золатам знутры і звонку; і зрабі вакол яго залаты вянок, і адальеце да яго чатыры залатыя кольцы, якія ўмацуйце на чатырох ніжніх вуглах каўчэга: два кольцы хай будуць на адным яго баку, і два — на другім. Зрабі таксама з дрэва акацыі жэрдкі і пацягні іх золатам. І прасунь іх у кольцы, што на абодвух баках каўчэга, каб несці яго з іх дапамогаю. Яны заўсёды будуць заставацца ў кольцах і не будуць ніколі з іх вымацца. І ўкладзі ў каўчэг сведчанне, якое Я дам табе. Зрабі таксама перамольню з найчысцейшага золата: даўжыня яе хай мае два з паловаю локці, а шырыня — паўтара локця. Зрабі таксама двух херубінаў, з золата і чаканнай працы, з абодвух бакоў перамольні, адзін херубін хай будзе на адным баку, а другі — на другім; зрабі херубінаў на перамольні, на абодвух баках яе. Хай узнімаюць крылы ўгору і закрываюць сваімі крыламі перамольню; і хай яны глядзяць адзін на аднаго, і твары іх будуць звернуты да перамольні, якою павінен закрывацца каўчэг, у які пакладзі сведчанне, якое Я дам табе. І буду сустракацца там з табою, па-над перамольняй, паміж двух херубінаў, якія будуць над каўчэгам сведчання, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю праз цябе сынам Ізраэля. Зрабі таксама стол з дрэва акацыі, што мае два локці даўжыні, і локаць у шырыню, і паўтара локця ў вышыню. І пакрый яго найчысцейшым золатам; і зрабі на ім вакол залаты вянок. Таксама зрабі для яго ліштву вышынёю ў чатыры пальцы навокал; зрабі і залаты вянок над ёю. Падрыхтуй чатыры залатыя кольцы і ўмацуй іх на чатырох вуглах для кожнай ножкі таго стала. На ліштве хай будуць залатыя кольцы, каб прасунуць у іх жэрдкі і каб стол можна было насіць. А самі жэрдкі зрабі з дрэва акацыі і аздобі іх золатам, і будуць насіць з іх дапамогаю стол. Прыгатуй і чары, і фіялы, і кратэры, і кіяфы, у якіх патрэбна прыносіць узліванні — з найчысцейшага золата. І кладзі на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды. Зрабі таксама падсвечнік чаканны з найчысцейшага золата. Падножжа і стрыжань яго, чары і яблыкі з кветкамі хай будуць адлітыя ў адно цэлае. Шэсць галін павінны выходзіць з бакоў, тры галіны з адного боку, і тры — з другога боку. Тры чары ў форме міндалевага дрэва з яблыкамі і з кветкамі на адной галіне; такім жа чынам тры чары ў форме міндалевага дрэва — на другой галіне, таксама з яблыкамі і кветкамі: хай гэта будзе твор з шасці галін, што павінны выходзіць са стрыжня. А на самім стрыжні свечніка павінны быць чатыры чары у форме міндалёвага дрэва, з яблыкамі і кветкамі. Па адным яблыку — пад кожнымі дзвюмя галінамі ў трох месцах; усіх іх, што выходзяць з аднаго стрыжня, атрымліваецца шэсць. Такім чынам, яблыкі і галіны будуць з ім адным цэлым, і ўсё вычаканена з найчысцейшага золата. Таксама зрабі да яго сем лямп і пастаў іх на падсвечнік, каб асвятлялі пярэдні яго бок. Таксама да яго зробіш шчыпцы для зняцця нагару, і пасудзіны, дзе збіраецца нагар, хай будуць з найчысцейшага золата. З талента найчысцейшага золата трэба зрабіць падсвечнік і ўсе яго прыналежнасці. Глядзі, каб зрабіў паводле ўзору, які быў табе паказаны на гары.

Скінію зрабі так: зрабі дзесяць палотнаў: з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю. Даўжыня кожнага палатна хай мае дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна хай будзе чатыры локці. Усе палотны павінны быць аднаго памеру. Пяць палотнаў хай будуць звязаныя адно з адным, і другія пяць палотнаў хай будуць звявязаныя адно з адным. Зрабі гіяцынтавыя петлі на краі аднаго палатна, на краі злучэння; і такім жа чынам зрабі на краі апошняга палатна ў другім злучэнні. Пяцьдзесят петляў зрабі на адным палатне і пяцьдзесят петляў зрабі на вяршыні палатна, што знаходзіцца ў другім злучэнні, прасунутыя так, каб пятля прыходзілася насупраць пятлі. Зрабі і пяцьдзесят залатых аплікаў, якімі патрэбна злучыць палотны, каб скінія была адным цэлым. Зрабі і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй. Даўжыня аднаго пакрыцця хай мае трыццаць локцяў, а шырыня — чатыры; хай ўсе адзінаццаць пакрыццяў будуць аднолькавага памеру. Злучы пяць з іх асобна, а шэсць злучы асобна між сабою так, каб шостае пакрыцце зрабіць падвойным адносна шырыні даху. Зрабі пяцьдзесят петляў на краі апошняга пакрыцця для аднаго злучэння, і пяцьдзесят петляў па краі другога злучэння. Зрабі пяцьдзесят медных аплікаў, якімі павінны злучацца петлі, каб з усяго атрымалася адзіная палатка. А што застанецца з пакрыццяў, якія рыхтуюцца на дах, гэта значыць, адно пакрыццё, якое з’яўляецца больш шырокім, — накрый з сярэдзіны яго задні бок скініі; і хай вісіць локаць з адной часткі, з другой — другі, які з’яўляецца даўжэйшым за пакрыцці палаткі, накрываючы абодва бакі скініі. Зрабі іншае пакрыццё на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і яшчэ другое пакрыццё верхняе з сініх шкур. Зрабі і дошкі для скініі з дрэва акацыі, каб яны стаялі; у даўжыню кожная дошка хай мае дзесяць локцяў, а ў шырыню — паўтара локця. На кожнай дошцы хай будуць два шыпы, каб злучацца адна з адною; так хай будуць прыгатаваны ўсе дошкі скініі. Так зробіш дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень; і пад іх зрабі сорак срэбраных падножжаў, па два пад адну дошку, каб кожнае падножжа падтрымліваліся адным шыпам адной дошкі. Хай будуць таксама дваццаць дошак для другога боку скініі, што глядзіць на поўнач, і для іх сорак срэбраных падножжаў; два падножжы хай падкладваюцца пад адну дошку. А для задняга боку скініі, на захад, зрабі шэсць дошак. Зноў дзве другія дошкі, якія будуць стаяць па вуглах на заходнім баку скініі, зрабі. І яны хай будуць падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху; так хай будзе з гэтымі дзвюма, хай будуць яны на абодва вуглы. І так будзе восем дошак, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць, бо налічана два падножжы на адну дошку. І зрабі жэрдкі з дрэва акацыі, пяць для падтрымкі дошак на адным баку скініі, і пяць другіх для другога боку скініі, і такую ж колькасць у заходняй частцы; а сярэдняя жэрдка хай праходзіць пасярэдзіне дошак ад аднаго краю аж да другога. А самі дошкі пакрый золатам, і зрабі для іх кольцы з золата, з дапамогай якіх жэрдкі будуць падтрымліваць дошкі, і пакрый іх залатымі пласцінамі. І пастаў скінію паводле ўзору, які быў паказаны табе на гары. І зрабі заслону з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з вытканымі херубінамі. Павесіш яе на чатырох слупах з дрэва акацыі, якія хай будуць пакрытыя золатам, і хай маюць залатыя аплікі, але срэбраныя падножжы. І прасунь заслону ў аплікі, за ёю пакладзі каўчэг сведчання, і хай ім аддзяляецца месца святое ад найсвяцейшага. Пакладзі і перамольню на каўчэг сведчання ў месцы найсвяцейшым. І стол па-за заслонай, а насупраць стала на паўдзённым баку скініі — падсвечнік; стол жа хай стаіць на паўночным баку. Зрабі заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы. І пакрый золатам пяць слупоў з дрэва акацыі, перад якімі будзе праведзена заслона; хай аплікі да іх будуць залатыя, і падножжы медныя.

Зрабі ахвярнік з дрэва акацыі, які хай мае пяць локцяў у даўжыню, столькі ж у шырыню, гэта значыць чатырохвугольны, і тры локці ў вышыню. І хай будуць рогі ад яго на чатырох вуглах, і зрабі гэта з медзі. І зрабі дзеля ўжывання яго папяльніцы, каб збіраць у іх попел, а таксама гаршкі, вугальныя лапаткі, крапільніцы і кадзільніцы; усе прыналежнасці зрабі з медзі. І для яго зрабі краты медныя накшталт сеткі, і на іх чатырох вуглах хай будуць чатыры кольцы з медзі, і ўмацуеш іх знізу пад краем ахвярніка, хай краты будуць аж да сярэдзіны ахвярніка. Зрабі і дзве жэрдкі да ахвярніка з дрэва акацыі, якія пакрый меднымі пласцінамі, і прасунь іх у кольцы, хай будуць яны з абодвух бакоў ахвярніка, каб яго пераносіць. Зрабі яго з дошак, пусты ён унутры; як было паказана табе на гары, хай так зробяць. Зрабі і панадворак скініі; на паўднёвым баку якога заслоны хай будуць з кручанага вісону: адзін бок хай мае ў даўжыню сто локцяў; і дваццаць слупоў і столькі ж падножжаў з медзі, і аплікі на слупах і кольцы з срэбра. Такім жа чынам на паўночным баку: хай будуць заслоны сто локцяў у даўжыню; і слупоў дваццаць, і падножжы медныя той жа колькасці, і аплікі слупоў, і кольцы іх — срэбраныя. Па шырыні ж панадворка з заходняга боку хай будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупоў дзесяць, і падножжаў столькі ж. Па шырыні ж панадворка, што глядзіць на ўсход, хай будуць пяцьдзесят локцяў, сярод якіх на адным баку хай налічваюцца заслоны ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў. І заслоны з другога боку хай будуць мець пятнаццаць локцяў, слупы — тры, і падножжы — столькі ж. А пры ўваходзе ў панадворак заслона ў дваццаць локцяў з гіяцынту і пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, залататканай работы; хай мае чатыры слупы і столькі ж падножжаў. Усе слупы панадворка павінны быць абхоплены кругом срэбранымі кольцамі, а іх аплікі хай будуць срэбранымі, а падножжы — медныя. У даўжыню панадворак зойме сто локцяў, у шырыню — пяцьдзесят, а вышыня хай будзе пяць локцяў; і ўсё хай будзе з кручанага вісону, і хай мае медныя падножжы. Усе прыналежнасці скініі для ўсякага ўжытку ў ёй і ўсе яе калкі і ўсе калкі панадворка зрабі з медзі. Загадай сынам Ізраэля, каб прынеслі табе алей найчысцейшы з аліўкавых дрэў і націсканы з дапамогаю таўкача, каб гарэла святло заўсёды у палатцы сустрэчы па-за заслонай, што павешана перад сведчаннем. І будуць запальваць яго Аарон і сыны яго, каб ад вечара да раніцы гарэў перад абліччам Госпадавым. Гэта хай будзе пастанова вечная на ўсе пакаленні для сыноў Ізраэля.

Ты таксама вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамі яго ад грамады сыноў Ізраэля, каб служылі Мне святарамі: Аарон, Надаб, Абігу, Элеязэр і Ітамар. І спраў адзенне святое Аарону, брату свайму, на славу і на аздабленне; і пагавары з усімі мудрымі сэрцам, каго надзяліў Я духам разважнасці, каб справілі шаты Аарону, у якіх, пасвячоны, ён будзе служыць Мне. А шаты, што яны справяць, хай будуць такія: нагруднік і эфод, туніка і тканая кашуля, тыяра і пояс. Хай справяць святыя шаты брату твайму Аарону і сынам яго, каб служылі яны Мне святарамі; і хай яны возьмуць золата, гіяцынт і пурпур, чырвань і вісон. І хай зробяць эфод з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і з кручанага вісону стракатай работы. І хай мае ён дзве завязкі, і хай ён з іх дапамогаю завязваецца на абодвух баках сваіх краёў. А пояс на эфод для завязвання павінен быць аднолькавай з ім работы, хай будзе ён з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону. Вазьмі два камяні онікса, і высечы на іх імёны сыноў Ізраэля: шэсць імёнаў — на адным камяні і шэсць астатніх — на другім камяні, па чарзе нараджэння іх. Працаю разбяра і чаканкаю ювеліра высечы на іх, устаўленых у залатыя аправы, імёны сыноў Ізраэля; і два гэтыя камяні памясці наверсе, на завязках эфода, гэта камяні на памяць сынам Ізраэля. І хай Аарон носіць імёны іх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваіх дзеля памяці. Такім чынам, тканыя краі зрабі з золата, таксама два ланцужкі з найчысцейшага золата, быццам вяроўкі кручанай работы, і прасунь кручаныя ланцужкі ў краі. Таксама зрабі нагруднік судовы стракатай работы паводле будовы эфода, з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону. Хай будзе ён чатырохвугольны і падвоены; а даўжыню і шырыню хай мае ў адну пядзь. І памясці на ім чатыры рады камянёў: у першым радзе хай будзе рубін, тапаз і смарагд, у другім — карбункул, сапфір і яшма, у трэцім — гіяцынт, агат і аметыст, у чацвёртым — хрызаліт, онікс і берыл. Хай будуць яны апраўлены ў золата адпаведна радам сваім. І хай яны будуць распісаны дванаццаццю імёнамі: кожны камень — імёнамі кожнага з дванаццаці пакаленняў. Да нагрудніка зрабі ланцужкі, быццам шнуркі кручанай работы з найчысцейшага золата; і два кальцы залатыя, якія прымацуй на абодвух канцах нагрудніка; і залатыя ланцужкі злучы з кольцамі, якія хай будуць па краях яго; і злучы краі саміх ланцужкоў з двума краямі на верхніх завязках эфода ў пярэдняй частцы яго. Зрабі і два залатыя кольцы, якія прымацуй да ніжніх канцоў нагрудніка на ніжнім краі, што звернуты да эфода. А таксама зрабі доўгія залатыя кольцы, якія трэба прымацаваць да дзвюх завязак эфода на знешнім баку яго ўнізе, адпаведна будове яго па-над поясам эфода. І хай нагруднік звязваецца кольцамі сваімі з кольцамі эфода з дапамогай стужкі фіялетавай, каб эфод трымаўся на поясе і каб не маглі аддзяліцца нагруднік і эфод адзін ад аднаго. І хай Аарон носіць імёны сыноў Ізраэля на нагрудніку судовым, на сваім сэрцы, калі будзе ўваходзіць у свяцілішча; гэта памяць перад Госпадам навек. А ў нагруднік судовы пакладзі урым і тумім, якія хай будуць на сэрцы Аарона, калі ён будзе станавіцца перад абліччам Госпада. І так хай носіць Аарон на сэрцы сваім суд для сыноў Ізраэля перад абліччам Госпада заўсёды. Зрабі верхняе пакрывала пад эфод цалкам фіялетавым, у сярэдзіне якога хай будзе наверсе адтуліна для галавы, а аблямоўка вакол яго — тканая, як на адтуліне брані, каб не рвалася. А на краях пакрывала ўнізе вакол зробіш быццам пунічныя яблыкі з гіяцынту, пурпуру і чырвані, дабавіўшы пасярэдзіне залатыя званочкі, так, каб былі званочкі залатыя паміж усімі пунічнымі яблыкамі. І хай апранецца ў яго Аарон у час выканання службы, каб чуўся гук, калі будзе ўваходзіць у свяцілішча перад абліччам Госпада і выходзіць, каб ён не памёр. Зрабі і пласціну з найчысцейшага золата, на якой выражы чаканнай работай: «Святое Госпада». І прывяжы яе стужкаю фіялетаваю, і хай будзе на тыяры на лбе Аарона. І хай Аарон панясе на сабе правіннасць адносна святынь, якія будуць асвячаць сыны Ізраэля ў дарах і падарунках сваіх. І хай будзе пласціна заўсёды на яго чале, каб Госпад меў ласку да іх. І вытчы туніку з вісону, і зрабі тыяру з вісону, і пояс залататканай работы. Потым сынам Аарона зрабі тунікі льняныя і паясы, і мітры на славу і на аздабленне; і апранеш ва ўсё гэта брата свайго Аарона і сыноў яго разам з ім. І памаж іх, і напоўні рукі іх, і асвяці іх, каб яны былі Мне святарамі. Зрабі ім і сподняе з ільну, каб прыкрывалі яны плоць сораму свайго ад паясніцы аж да лытак; і хай карыстаюцца імі Аарон і сыны яго, калі будуць уваходзіць у палатку сустрэчы, або калі будуць прыступаць да ахвярніка, каб служыць у свяцілішчы, каб не памерці ад правіннасці: гэта пастанова вечная хай будзе для Аарона і патомства яго па ім.

Але і гэта зрабі для іх, каб былі пасвячоныя Мне ў святары: вазьмі аднаго бычка са статка і двух бараноў без заганы, і хлябы-праснакі, і ляпёшкі без рошчыны, што папрысканы алеем, а таксама ляпёшкі-праснакі, намазаныя алеем; зрабі ўсё з найчысцейшай мукі пшанічнай. І, паклаўшы ў кош, прынясі ахвярапрынашэнне, таксама бычка і двух бараноў. Аарона і сыноў яго прывядзеш да ўваходу ў палатку сустрэчы. І, калі абмыеш вадою бацьку з сынамі, апранеш Аарона ў яго шаты, гэта значыць у кашулю і туніку пад эфод, і эфод, і нагруднік яго прымацуй да яго поясам эфода, і ўскладзі кідар на галаву яго, і святую дыядэму зверху кідара, і вылі алей намашчэння на галаву яго; і будзе ён пасвячоны гэтым абрадам. Прывядзі таксама сыноў, і апрані іх у тунікі льняныя, і падперажы поясам, і ўскладзі на іх мітры, і хай будуць яны Мне святарамі па законе навекі. Пасля напоўні рукі Аарона і сыноў яго, прывядзі і бычка да палаткі сустрэчы, і хай Аарон і сыны яго ўскладуць рукі на галаву яго, і закалі яго перад Госпадам пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. І, узяўшы крыху крыві бычка, памаж пальцам тваім рогі ахвярніка, а рэшту крыві вылі ля падножжа яго. Вазьмі і ўвесь тлушч, што пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі, і тлушч, які ёсць на іх, і прынясі ахвярапрынашэнне спаленнем на ахвярніку; а мяса бычка, і яго скуру, і нечыстоты спалі звонку па-за лагерам, бо гэта ахвяра за грэх. Вазьмі таксама аднаго барана, і хай Аарон і сыны яго ўскладуць рукі свае на галаву яго; калі заколеш яго, вазьмі крыху крыві яго і пакрапі кругом ахвярнік. А самога барана падзялі на часткі, і абмый вантробы яго і ногі, і ўскладзі іх на рассечаным мясе і на галаве яго. І спалі ўсяго барана на ахвярніку; гэта ахвяра цэласпалення Госпаду, найпрыемнейшы пах, ахвяра для Госпада. Вазьмі другога барана, і хай Аарон і яго сыны пакладуць рукі на галаву яго; калі яго таксама заколеш, і вазьмі крыху яго крыві, і памаж ёю верх правага вуха Аарона і верх правага вуха яго сыноў, і вялікія пальцы правай іх рукі і нагі; і пакрапі крывёю кругом па ахвярніку. І, калі возьмеш крыху крыві, што на ахвярніку, і алею да памазвання, пакрапі Аарона і шаты яго, сыноў яго і шаты іх. І хай сам ён будзе святы, і шаты яго, і сыны яго, і іх шаты разам з ім. І вазьмі тлушч барана, і хвост, і тлушч, што пакрывае вантробы, і сальнік печані, і абедзве ныркі, і тлушч, што на іх, і правую лапатку, бо гэта баран пасвячэння, і адзін праснак, і адну аладку, скропленую алеем, адзін сухарык з каша праснакоў, што пастаўлены перад Госпадам. І ўсё гэта пакладзі на рукі Аарона і яго сыноў, каб узнімалі яны гэта перад Госпадам. І вазьмі гэта ўсё з іх рук, і спалі на ахвярніку як цэласпаленне, дзеля найпрыемнейшага паху на віду Госпада; бо гэта ахвяра для Госпада. Вазьмі таксама грудзіну барана, якім быў пасвячоны Аарон, і паднімі яе да твару Госпада; і адыдзе ён на твой бок. І асвяці паднятую грудзінку і прынесеную лапатку, што аддзяліў ты ад барана, якім быў пасвячоны Аарон і сыны яго; і адыдзе гэта на бок Аарона і сыноў яго па законе вечным ад сыноў Ізраэля, бо гэта — ахвяраванне, і хай будзе ахвяраванне з боку сыноў Ізраэля ад іх мірных ахвяр, ахвяраванне іх Госпаду. А шаты святыя, якімі карыстаецца Аарон, хай па ім будуць аддадзены сынам яго, каб яны ў ім памазваліся і каб рукі іх у ім напаўняліся. Сем дзён хай карыстаецца ім той з яго сыноў, хто будзе прызначаны святаром, і хто будзе ўваходзіць у палатку сустрэчы, каб спраўляць служэнне ў свяцілішчы. І вазьмі барана пасвячэння, і звары яго мяса ў месцы святым. І будуць есці Аарон і яго сыны мяса барана і хлеб, што ў кашы, ля ўваходу ў палатку сустрэчы. І хай ядуць яны тое, чым была ўчынена перамольная ахвяра, каб напоўніць іх рукі, каб асвяціць іх. Чужынец хай не будзе есці гэта, бо гэта святое. А калі засталося нешта з мяса [ахвяры] пасвячэння або з хлеба да раніцы, спалі рэшткі ў агні; нельга гэтага есці, бо яно святое. З Ааронам і сынамі яго ўчыні так ва ўсім, што Я табе загадаў. Сем дзён асвячай рукі іх і бычка прынясі ў ахвяру за грэх кожны дзень дзеля перамольнага ахвяравання. І ачысці ахвярнік, ачышчаючы яго, і памаж яго да пасвячэння. Сем дзён ачышчай ахвярнік і асвячай яго, хай будзе ён святыняй святынь: усё, што дакранецца да яго, асвяціцца. Гэта тое, што будзеш рабіць на ахвярніку: двух гадавых ягнят будзеш ахвяроўваць штодзень пастаянна, адно ягня — раніцай, а другое — увечары; а таксама дзесятую частку эфы найчысцейшай пшанічнай мукі, апырсканай выціснутым алеем, што мае мець колькасць у чацвёртую частку гіна; віно дзеля ўзлівання той жа колькасці на адно ягня. А другое ягня ахвяруй увечары адпаведна абраду ранішняга ахвяравання і ахвярнага ўзлівання, дзеля найпрыемнейшага паху Госпаду, гэта ахвяра Госпаду, цэласпаленне вечнае ў пакаленнях вашых, ля ўваходу ў палатку сустрэчы перад Госпадам, дзе Я буду сустракацца з вамі, каб гаварыць з табою. Там буду сустракацца з сынамі Ізраэля, і гэта месца будзе асвечанае Маёй славаю. І Я асвячу палатку сустрэчы і ахвярнік, Аарона і сыноў яго, каб служылі Мне святарамі. І буду пражываць у грамадзе сыноў Ізраэля, і буду ім Богам; і хай ведаюць яны, што Я — Госпад, Бог іх, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, каб заставацца паміж імі: Я — Госпад, Бог іх.

Зрабі таксама ахвярнік з дрэва акацыі дзеля спальвання кадзіла, што мае даўжыню — локаць, і шырыню — локаць, гэта значыць чатырохвугольны, а ў вышыню — два локці; з яго вуглоў павінны выходзіць рогі. І пакрый яго найчысцейшым золатам, як верх яго, так і сцены кругом, і рогі. І зрабі на ім залаты вянок кругом і пад вянком, з двух бакоў, зрабі два кольцы залатыя, каб прасоўваліся ў іх жэрдкі і каб насіць ахвярнік. Самі жэрдкі таксама зрабі з дрэва акацыі і пакрый золатам. І пастаў ахвярнік перад заслонай, якая вісіць перад каўчэгам сведчання, перад перамольняй, якой зачыняецца сведчанне, дзе Я буду з табой сустракацца. І хай Аарон на ім спальвае прыемную пахучую ахвяру раніцай. Хай ён спальвае яе, калі рыхтуе каганцы на асвятленне; а калі Аарон запаліць увечары іх, ён запаліць таксама кадзіла вечнае перад Госпадам у пакаленнях вашых. Не ахвяруйце на ім кадзіла іншага складу, ані цэласпалення, ані перамольную ахвяру, ані ўзліванні не ліце. Штогод Аарон павінен рабіць ачышчэнне над рагамі яго крывёй ахвяры за грэх; і будзе ласка да яго ў пакаленнях вашых: гэта хай будзе святыня святынь для Госпада». І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Калі будзеш рабіць падлік сыноў Ізраэля па колькасці, кожны няхай складзе выкуп перамольнай ахвяры за жыццё сваё Госпаду; і хай не будзе кары на іх, калі будуць перапісвацца. А гэта будзе павінен даць кожны, хто падпадае пад падлік: паўсікля паводле вагі святыні, — а сікль мае дваццаць гераў, — паўсікля на ахвяру Госпаду. А хто знаходзіцца ў ліку тых, каму ад дваццаці гадоў і болей, хай дае ахвяру; багаты хай не дае больш за паўсікля, а ўбогі хай не змяншае нічога, калі складаеце ахвяраванне Госпаду на ачышчэнне душ вашых. І ўзятыя грошы перамольнай ахвяры, што сабраны ад сыноў Ізраэля, дасі на ўжыванне ў палатцы сустрэчы, каб былі памяццю іх перад Госпадам і ўміласціўлялі за душы іх». І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Зрабі медны таз для абмывання з падножжам медным і памясці яго між палаткай сустрэчы і ахвярнікам. І, наліўшы ў яго вады, Аарон і сыны яго хай абмываюць у ім рукі свае і ногі. Калі пажадаюць увайсці ў палатку сустрэчы, хай абмыюцца ў вадзе, каб не памерці; альбо пажадаюць прыступіць да ахвярніка, каб служыць, каб паліць ахвяру Госпаду, і хай яны абмыюць рукі і ногі, каб не памерці: хай будзе гэта пастановай вечнай яму і патомству яго на ўсе часы». І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Вазьмі сабе найлепшых духмяных рэчываў, адборнай міры пяцьсот сікляў, палову толькі, гэта значыць дзвесце пяцьдзесят сікляў, пахкай карыцы, таксама дзвесце пяцьдзесят сікляў пахкага трыснягу, пяцьсот сікляў касіі паводле вагі святыні, і адзін гін алею з алівак. І зрабі алей для святога намашчэння; кадзіла састаўное працы майстра складальніка намашчэнняў; хай будзе гэта святы алей для памазання. І памаж ім палатку сустрэчы і каўчэг сведчання, і стол з посудам яго, падсвечнік і прыналежнасці яго, ахвярнік і прылады кадзільныя, і ахвярнік цэласпалення з усім тым, што мае дачыненне да абраду, таз і яго падножжа, і асвяці ўсё, і хай стане яно святым з святых: кожны, хто дакранецца іх, асвяціцца. Памаж таксама Аарона і сыноў яго, і пасвяці іх, каб служылі Мне святарамі. Таксама сынам Ізраэля скажаш: “Гэты святы алей для памазання хай будзе Маім у пакаленнях вашых. Цела чалавека не мажце ім і не рабіце іншага саставу, апрача гэтага, бо ён святы і святым хай будзе вам. А чалавек, які саставіць такі алей і памажа ім чужынца, мае быць выгнаны са свайго народа”». І сказаў Госпад Майсею: «Вазьмі сабе духмянасці: сок міры, і оныху, пахкі гальбан і найчысцейшае кадзіла, і хай будуць яны ў роўнай колькасці. І зрабі змяшанае кадзіла работы складальніка масцяў, у разумнай меры вострае, чыстае і святое. І, калі сатрэш на найдрабнейшы парашок яго часткі, пакладзі яго перад сведчаннем у палатцы сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой: хай будзе вам кадзіла святое святых. Не рабіце такога саставу на свой ужытак, бо хай ён будзе табе святым перад Госпадам; калі які чалавек зробіць падобнае, каб яго пахам захапляцца, хай будзе выгнаны ён са свайго народа».

І сказаў Госпад Майсею, кажучы: «Вось назваў Я па імені Бесэлеэля, сына Ура, сына Гура з пакалення Юды, і напоўніў яго Духам Божым, і мудрасцю, і розумам, і ўмеласцю ва ўсякай працы, каб разумець, што можна вырабіць з золата, срэбра і медзі, каб разрэзваць і ўстаўляць каштоўныя камяні і каб рэзаць па дрэве; выконваць любую працу; і даю яму таварыша Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана, і ў сэрца кожнага ўмельца ўклаў я мудрасць, каб выканалі яны ўсё, што Я загадаў табе: палатку сустрэчы і каўчэг сведчання, і перамольню, што на ёй, і ўсе пасудзіны палаткі, і стол, і пасудзіны яго, падсвечнік з найчысцейшага золата з яго пасудзінамі, і ахвярнік каджэння, і цэласпалення, і ўсе яго пасудзіны, таз з падножжам яго, і шаты тканыя і святыя, шаты для Аарона, святара, і шаты для сыноў яго, каб спаўнялі служэнне сваё святарскае, алей для намашчэння, і пахкае кадзіла для свяцілішча: усё, што табе загадаў, хай зробяць». І сказаў Госпад Майсею, гаворачы: «Скажы сынам Ізраэля і паведамі ім: “Глядзіце, каб вам захоўваць суботу Маю, бо гэта знак паміж Мною і вамі ў пакаленнях вашых, каб ведалі вы, што Я — Госпад, Які асвячае вас. Захоўвайце суботу, бо яна святая для вас. Хто апаганіць яе, будзе смерцю пакараны; хто будзе працаваць у суботу, хай знікне душа яго з грамады народа яго. Шэсць дзён працуйце; а ў сёмы дзень — субота, святы адпачынак для Госпада: кожны, хто будзе працаваць у гэты дзень, памрэ. Хай захоўваюць сыны Ізраэля суботу і святкуюць яе ў пакаленнях сваіх: гэта запавет вечны паміж Мною і сынамі Ізраэля і знак вечны; бо шэсць дзён ствараў Госпад неба і зямлю, а ў сёмы дзень спыніў працу і супачыў”». І па спыненні гэтае размовы на гары Сінай даў Госпад Майсею дзве каменныя табліцы сведчання, напісаныя пальцам Божым.

А народ, бачачы, што Майсей марудзіць спускацца з гары, сабраўшыся ля Аарона, сказаў: «Устань, зрабі нам багоў, якія пойдуць перад намі; бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай». І Аарон сказаў ім: «Здыміце залатыя завушніцы з вушэй жонак, сыноў і дачок вашых і прынясіце іх мне». І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, несучы завушніцы да Аарона. Калі ён іх атрымаў, ён стылом сфармаваў выяву і зрабіў з іх літое цяля. А яны сказалі: «Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай!» Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнік перад ім і ўсклікнуў голасам вестуна, кажучы: «Заўтра — урачыстасць Госпада». І, устаўшы на другі дзень зранку, прынеслі яны ахвяру цэласпалення і ахвяры прымірэння; і сеў народ есці і піць, і пачалі яны весяліцца. Тады сказаў Госпад Майсею: «Ідзі, спускайся; спракудзіўся народ твой, які вывеў ты з зямлі Егіпецкай. Звярнулі хутка з дарогі, якую Я ім паказаў, і зрабілі сабе цяля літое і пакланіліся яму, прыносячы ахвяры, і сказалі: “Гэта багі твае, Ізраэль, якія вывелі цябе з зямлі Егіпецкай”». Таксама сказаў Госпад Майсею: «Бачу, што народ гэты — цвёрдага карка; пакінь Мяне, каб разгарэлася абурэнне Маё супраць іх і каб Я знішчыў іх, а з цябе Я зраблю вялікі народ». А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, кажучы: «Чаму, Госпадзе, разгараецца абурэнне Тваё супраць народа Твайго, які вывеў Ты з зямлі Егіпецкай сілай вялікаю і рукою моцнаю? Не гневайся, малю, каб не казалі егіпцяне: “Хітрасцю Ён вывеў іх, каб загубіць у гарах і знішчыць з зямлі”. Хай супакоіцца гнеў Твой і будзь літасцівы да пераваротнасці народа Твайго. Памятай Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слуг Тваіх, якім пакляўся Ты Самім Сабою, кажучы: “Памножу семя вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, пра якую Я сказаў, дам семю вашаму; і завалодаеце ёю назаўсёды”». І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць ліха, як сказаў, адносна народа Свайго. І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзве каменныя табліцы запавету, спісаныя з абодвух бакоў і зробленыя працай Божай; таксама пісьмёны Бога былі высечаны на табліцах. А Ешуа, чуючы гоман народа, які крычаў, сказаў Майсею: «Чуецца ў лагеры крык бітвы». Той адказаў: «Гэта не крык пераможцаў, ані крык тых, хто ўцякае, але крык тых, хто спявае, я чую». І калі ён наблізіўся да лагера, ён убачыў цяля і карагоды; раззлаваўся надта, і выпусціў табліцы з рук, і разбіў іх ля падножжа гары. І, схапіўшы цяля, што яны зрабілі, спаліў яго і сцёр аж на пыл, які ўсыпаў у ваду і даў яе піць сынам Ізраэля. І сказаў Майсей Аарону: «Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзвёў на яго найвялікшы грэх?» Той яму адказаў: «Хай не гневаецца гаспадар мой; бо ведаеш ты народ гэты, што ён хуткі на ліха. Сказалі яны мне: “Зрабі нам багоў, якія ішлі б перад намі, бо не ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай”. Сказаў я ім: “Хто з вас мае золата?” Яны прынеслі і далі мне яго, а я ўкінуў яго ў агонь; і атрымалася гэтае цяля». Такім чынам, убачыў Майсей народ, што быў неакілзаны; бо Аарон адпусціў яму кілзы на смех ворагам яго. І, стоячы ў браме лагера, ён закрычаў: «Хто Госпадаў — да мяне!» І далучыліся да яго ўсе сыны Леві. Ён сказаў ім: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Хай кожны ўскладзе меч да сцягна свайго. Ідзіце і прайдзіце ад брамы аж да брамы праз сярэдзіну лагера, і хай забівае кожны брата, і сябра, і блізкага свайго”». Сыны Леві зрабілі згодна з загадам Майсея; і ў той дзень палегла з народа каля трох тысяч чалавек. І сказаў Майсей: «Напоўнілі вы сёння рукі вашыя для Госпада кожны ў сыне і браце сваім, каб даў вам Госпад дабраславенне». І назаўтра прамовіў Майсей да народа: «Зграшылі вы найвялікшым грахом; я пайду да Госпада, можа, змагу як-небудзь перапрасіць Яго за вашае злачынства». І, вярнуўшыся да Госпада, Майсей сказаў: «Прашу, народ гэты зграшыў найвялікшым грахом і зрабіў сабе багоў з золата; або даруй ім гэтую віну, або, калі так не зробіш, выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, што Ты напісаў». Госпад адказаў яму: «Толькі таго, хто зграшыў супраць Мяне, скасую Я з кнігі Маёй. Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю і гэты грэх іх». Такім чынам, пакараў Госпад народ за віну з-за цяляці, што зрабіў Аарон.

І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі, выйдзі з гэтага месца, ты і народ твой, які вывеў ты з зямлі Егіпецкай у зямлю, якою Я пакляўся Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Дам яе семю твайму”. І пашлю перад табой анёла, і выганю хананеяў, амарэяў, хетэяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, і ўвойдзеш ты ў зямлю, што ацякае малаком і мёдам. Але Я Сам не пайду з табой, каб часам не знішчыць цябе па дарозе, бо ты — народ цвёрдага карка». Народ, чуючы гэтыя найганебнейшыя словы, заплакаў моцна, і ніхто не ўсклаў на сябе сваіх аздобаў, як звычайна. І сказаў Госпад Майсею: «Скажы сынам Ізраэля: “Вы — народ цвёрдага карка; калі Я на адзін міг з’яўлюся ў грамадзе тваёй, Я вынішчу цябе. Зараз жа здымі аздабленне сваё, каб Я ведаў, што маю зрабіць з табою”». Такім чынам, знялі сыны Ізраэля аздабленне сваё ля гары Гарэб. А Майсей, узводзячы палатку, паставіў яе па-за лагерам, паводдаль, і даў імя ёй — палатка сустрэчы. І кожны, хто хацеў звярнуцца да Госпада, ішоў да палаткі сустрэчы, што была па-за лагерам. І, калі Майсей ішоў да палаткі, увесь народ уставаў і стаяў кожны ля ўваходу ў сваю палатку; і глядзелі яны ўслед Майсею, аж пакуль ён не ўваходзіў у палатку. Калі ж ён уваходзіў у палатку, сыходзіў слуп воблачны і стаяў ля ўваходу ў палатку; і Госпад гаварыў з Майсеем, калі ўсе бачылі, як слуп воблачны стаяў ля ўваходу ў палатку. І стаялі яны, і пакланяліся ля ўваходу ў свае палаткі. І гаварыў Госпад з Майсеем твар у твар, як звычайна гаворыць чалавек з сябрам сваім. І, калі Майсей вяртаўся ў лагер, слуга яго, Ешуа, сын Нуна, юнак, не выходзіў з сярэдзіны палаткі. І сказаў Майсей Госпаду: «Ты загадваеш мне, каб я вывеў народ гэты, але не гаворыш мне, каго маеш паслаць са мною; хаця Ты сказаў: “Ведаю цябе па імю, і знайшоў ты ласку ў Мяне”. Такім чынам, калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, пакажы мне дарогу Тваю, каб я пазнаў Цябе; ведай, што народ гэты — Твой народ». І Госпад сказаў: «Аблічча Маё пойдзе, і Я дам табе супакой». І Майсей сказаў тады: «Калі Ты не пойдзеш Сам, то не выводзь нас з гэтага месца; бо як будзе вядома, што я і народ Твой знайшлі ласку перад абліччам Тваім, калі Ты не пойдзеш з намі, каб я і народ Твой праславіліся перад усімі народамі, якія жывуць на зямлі?» І сказаў Госпад Майсею: «Тое, пра што ты просіш, Я зраблю; таму што ты знайшоў ласку перада Мною і Я ведаю цябе па імю». Ён сказаў: «Пакажы мне славу Тваю». Адказаў: «Я пакажу табе ўсю дабрыню і выяўлю перад табою імя Госпада; і пашкадую, каго пажадаю, і літасцівы буду да таго, хто будзе Мне падабацца». І яшчэ сказаў: «Не зможаш бачыць аблічча Маё; бо не будзе жыць чалавек, які ўбачыць Мяне». І дадаў: «Вось месца каля Мяне, стань на скале; і, калі будзе праходзіць слава Мая, Я пастаўлю цябе ў шчыліне скалы, і абараню цябе правіцай Маёю, пакуль не перайду; і прыму руку Маю, і ўбачыш Мяне ззаду; але аблічча Маё ўбачыць не зможаш».

І сказаў Госпад Майсею: «Вычашы сабе дзве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, якія мелі табліцы, што ты разбіў. Будзь гатовы раніцай, каб узысці зараз жа на гару Сінай; і стань там перада Мною на вяршыні гары. Ніхто хай не ўзыходзіць з табою, і ніхто хай не паказваецца на ўсёй гары; таксама авечкі і валы хай не пасвяцца насупраць». Такім чынам, Майсей вычасаў дзве каменныя табліцы, як раней былі; і, падняўшыся зацемна, узышоў на гару Сінай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы. Калі Госпад сышоў у воблаку, ён стаў каля Яго, прызываючы імя Госпада. І, праходзячы перад ім, ён усклікнуў: «Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і літасцівы, цярплівы і з вялікай літасцю, і праўдзівы, Які захоўвае міласэрнасць на тысячы [пакаленняў], Які прабачае беззаконні, і злачынствы, і грахі, але не пакідае нічога беспакараным, Які вяртае правіннасць бацькоў сынам і ўнукам у трэцім і чацвёртым пакаленні». І зараз жа Майсей пакланіўся, нахіляючыся да зямлі, і сказаў, кланяючыся: «Калі я знайшоў ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, каб Ты пайшоў з намі; народ, што праўда, цвёрдага карка, але Ты прабач правіннасці нашыя і грахі і зрабі нас Сваёй спадчынай». Адказаў Госпад: «Я заключаю запавет перад усім народам тваім; буду чыніць цуды, ніколі яшчэ не бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, справу Госпадаву страшную, якую Я маю зрабіць з табою. Захавай усё, што Я табе загадваю сёння, і Я Сам выганю перад абліччам тваім амарэя, хананея, хетэя, феразея, гівея і евусея. Сцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не заключаць пагаднення, якое будзе табе на загубу; але знішчы іх ахвярнікі, разбі іх камяні і ссячы святыя гаі. Не пакланяйся богу чужому: Госпад, імя Якога — руплівы апякун, Ён — Бог апякун, Які любіць. Не заключай пагаднення з людзьмі гэтых земляў, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто-небудзь і каб ты не еў ахвяры іх. Не бяры з іх дачок сынам сваім жонак, каб, калі будуць яны распуснічаць са сваімі багамі, не прымусілі і сыноў тваіх распуснічаць з багамі сваімі. Не рабі сабе багоў літых. Захоўвай урачыстасць праснакоў: сем дзён еж праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абіб; бо ў месяцы Абіб веснавой пары выйшаў ты з Егіпта. Усё, што разрывае ўлонне, мужчынскга роду хай будзе Маім; ад усяго статка твайго, як з валоў, так і з авечак, хай Маім будзе. Першароднага асла выкупі авечкай, а калі не дасі за яго цану, то скруці яму шыю. Першароднага з сыноў сваіх выкупляй і не з’яўляйся перад абліччам Маім з пустымі рукамі. Шэсць дзён працуй, а ў дзень сёмы пакінь нават араць і жаць. Учыні сабе свята сёмага дня ў час пяршыняў жніва твайго пшанічнага і свята збораў, калі ўсё збіраецца ў канцы года. Тры разы ў год хай кожны мужчына твой з’явіцца перад абліччам Усемагутнага Госпада, Бога Ізраэля. Бо калі Я выганю народы ад твару твайго і пашыру твае межы, ніхто не будзе наладжваць засаду на зямлю тваю, калі тры разы ў год ты пойдзеш і пакажашся перад абліччам Госпада, Бога твайго. Не пускай кроў ахвяры Маёй над рошчынаю; і хай нічога не застаецца да раніцы наступнага дня з ахвяры пасхальнай. Пяршыні пладоў зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго». І сказаў Госпад Майсею: «Занатуй гэтыя словы сабе, якімі Я заключыў запавет з табою і з Ізраэлем». Такім чынам, быў там з Госпадам сорак дзён і сорак начэй; не еў хлеба і не піў вады; і напісаў [Бог] на табліцах словы запавету, дзесяць слоў. І, калі Майсей сыходзіў з гары Сінай, ён трымаў дзве табліцы сведчання, і не ведаў ён, што скура твару яго ззяла з-за размовы яго з Госпадам. А Аарон і сыны Ізраэля, бачачы здалёк, што скура твару яго ззяла, пабаяліся падысці бліжэй; і, пакліканыя ім, вярнуліся і Аарон, і ўсе кіраўнікі грамады. І, калі Майсей гаварыў з імі, прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля; ім ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сінай. Па заканчэнні размоў паклаў ён пакрывала на твар свой, якое здымаў, уваходзячы да Госпада і размаўляючы з Ім, пакуль не выходзіў; і тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана. Яны бачылі, што скура твару Майсея ззяла, але ён закрываў зноў твар свой, аж пакуль, увайшоўшы, размаўляў з Ім.

Такім чынам, сабраўшы ўсю грамаду сыноў Ізраэля, ён сказаў ім: «Вось што загадаў Госпад, каб споўнілася. Шэсць дзён працуйце, а сёмы дзень хай будзе вам святы, субота і адпачынак для Госпада; хто будзе працаваць у той дзень, загіне. Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых». І сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Вось што загадаў Госпад, кажучы: “Вылучыце ў сябе дары для Госпада”. Кожны добраахвотна і са шчыраю душою хай зложыць гэта для Госпада: золата, і срэбра, і медзь, і пурпур, і гіяцынт, і чырвань і вісон, казіную поўсць і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, таксама дрэва акацыі і алей для каганцоў, і вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне, камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка. Хто з вас мудры, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад, гэта значыць: скінію і палатку яе, і пакрыцце, аплікі і дошкі з жэрдкамі, слупы і падножжы іх; каўчэг і жэрдкі, перамольню і заслону, якая вешаецца перад ёй; стол з жэрдкамі, і з пасудзінамі, і з хлябамі пакладнымі; падсвечнік, каб падтрымліваць лямпы, пасудзіны яго, і лямпы, і алей на сілкаванне лямп; ахвярнік каджэння і жэрдкі, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў; заслону на ўваход у палатку; ахвярнік цэласпалення і ягократы медныя з жэрдкамі і пасудзінамі яго, таз з яго падножжам; заслона для ўваходу ў панадворак са слупамі і падножжамі; калкі скініі і панадворка з ланцужкамі іх; шаты тканыя, што ўжываюцца ў час служэння ў свяцілішчы, святыя шаты для Аарона святара і шаты для сыноў яго, каб служылі Мне святарамі». Адышоў з вачэй Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля, і прыйшоў кожны, хто быў з найшчырэйшай душою, і прынёс добраахвотна дары для Госпада на пабудову палаткі сустрэчы і што трэба было для служэння і шатаў святых. Мужчыны і жанчыны, усе добраахвотна прыносілі заколкі і завушніцы, пярсцёнкі і бранзалеты; і ўсякая залатая рэч была выдзелена ў дар Госпаду. Калі хто меў гіяцынт і пурпур, чырвань, вісон і казіную поўсць, барановы шкуры, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, металы срэбра і медзі, дрэва акацыі на ўсякі ўжытак, прыносілі Госпаду. Таксама і жанчыны ўмелыя далі тое, што пралі: гіяцынт і пурпур, і чырвань, і вісон, і казіную поўсць, добраахвотна ўсе прыносячы. А кіраўнікі прынеслі камяні оніксавыя, і самацветы для аздаблення эфода і нагрудніка, і вострыя духмяныя рэчывы, і алей, каб зрабіць каганцы, і каб прыгатаваць алейкі, і каб скласці кадзіла з найсаладзейшым пахам. Усе мужчыны і жанчыны са шчырай душою прынеслі дары, каб адбыліся справы, якія Госпад загадаў праз пасрэдніцтва Майсея. Усе сыны Ізраэля прысвяцілі Госпаду добраахвотныя дары. І Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: «Вось, Госпад паклікаў па імені Бесэлеэля, сына Ура, сына Гура з пакалення Юды; і напоўніў яго Духам Божым, мудрасцю, і ўмеласцю, і ведамі на ўсякую справу, каб разумець і вырабляць з золата, срэбра і медзі, каб разрэзваць і ўстаўляць каштоўныя камяні і каб рэзаць па дрэве — усё, што магчыма зрабіць па-майстэрску. Уклаў таксама ў сэрца яго, каб ён вучыў іншых, у яго самога і ў Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана. Напоўніў Ён іх абодвух мудрасцю, каб рабілі работу мастацкую ткача і вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, і чырвані, і вісоне, і звычайнага ткача, што выконвае ўсякую работу і вынаходзіць штосьці новае».

Такім чынам, Бесэлеэль, і Агаліяб, і кожны мудры мужчына, якім Госпад даў мудрасць і розум, каб умелі працаваць па-майстэрску, выканалі ўсё, што патрэбна на ўжыванне ў святыні, што загадаў Госпад. І паклікаў Майсей Бесэлеэля, і Агаліяба, і кожнага ўмелага чалавека, якому Госпад даў мудрасць; і ўсе, хто добраахвотна аддаўся выкананню працы, атрымалі ад яго ўсе дары, якія прынеслі сыны Ізраэля на выкананне працы для служэння ў святыні. А тыя штодзень раніцай прыносілі яму новыя дары. Тады сабраліся ўсе мудрыя рамеснікі, кожны ў сваім рамястве з-за святыні, і сказалі Майсею: «Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць». Таму Майсей загадаў абвясціць у лагеры голасам вестуна: «Хай ані мужчына, ані жанчына не прыносяць болей на ўсякую працу для святыні». І, такім чынам, спынілася прынясенне дароў, бо прынесенага хапала і было аж занадта. І мудрыя сэрцам паміж майстроў скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону, і з гіяцынту, і з пурпуру, і з чырвані, з херубінамі, вытканымі стракатай работаю; у даўжыню дваццаць восем локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе палотны былі аднаго памеру. І злучыў ён пяць палотнаў адно з адным, і другіх пяць палотнаў злучыў паміж сабою. Зрабіў і петлі гіяцынтавыя на краі аднаго палатна, на краі злучэння, такім жа чынам — на краі другога палатна ў другім злучэнні. Пяцьдзесят петляў зрабіў для абодвух палотнаў, каб петлі прыходзіліся адна насупраць адной і злучаліся між сабою. Тады і пяцьдзесят залатых аплікаў зрабіў ён, якія звязалі петлі палотнаў, і скінія зрабілася адным цэлым. Зрабіў і адзінаццаць пакрыццяў з казінай поўсці на палатку над скініяй; у даўжыню адно пакрыцце мела трыццаць локцяў, а ў шырыню — чатыры локці: усе пакрыцці былі аднолькавага памеру. Ён злучыў паміж сабой пяць пакрыццяў асобна, а шэсць другіх асобна. І зрабіў ён пяцьдзесят петляў на краі злучэння апошняга пакрыцця і пяцьдзесят петляў па краі злучэння другога пакрыцця, каб яны злучаліся паміж сабою. І зрабіў ён пяцьдзесят медных аплікаў, якімі звязвалася палатка, каб быць адзінай. Зрабіў і пакрыцце на палатку з барановых шкур, пафарбаваных у чырвоны колер, і другое пакрыццё верхняе з сініх шкур. Зрабіў і дошкі для скініі, што стаяць, з дрэва акацыі. Даўжыня адной дошкі была дзесяць локцяў, а шырыня мела паўтара локця. Кожная дошка мела два шыпы, каб злучацца адна з адною: так ён зрабіў на ўсіх дошках скініі. З іх было дваццаць дошак для паўднёвага боку, што глядзіць на поўдзень, і сорак срэбраных падножжаў. Пад кожную дошку два падножжы размяшчаліся на двух шыпах. Таксама для другога боку скініі, які глядзіць на поўнач, зрабіў дваццаць дошак, і для іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад кожную дошку. А для заходняга боку, гэта значыць для той часткі скініі, што глядзіць на мора, ён зрабіў шэсць дошак і дзве другія для кожнага вугла знізу даверху скініі ззаду; яны былі падвоеныя, злучаныя ў адно цэлае знізу даверху. Так зрабіў ён дзве дошкі на абодвух вуглах, каб усяго было восем дошак і каб яны мелі шаснаццаць падножжаў срэбраных: гэта значыць, па два падножжы пад кожную дошку. Зрабіў і пяць жэрдак з дрэва акацыі для звязвання дошак, пяць для аднаго боку скініі і пяць другіх — для другога боку скініі; і акрамя іх пяць другіх жэрдак для заходняга боку скініі, насупраць злучэння мора. І зрабіў ён сярэднюю жэрдку, якая праходзіла праз сярэдзіну дошак ад аднаго краю аж да другога. А самі дошкі пакрыў золатам. І ён зрабіў залатымі іх кольцы, у якія маглі быць прасунуты жэрдкі, і самі іх пакрыў залатымі пласцінамі. Зрабіў таксама пакрывала з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, стракатай работы, з херубінамі вытканымі; і зрабіў ён заслону на чатыры слупы з дрэва акацыі, якія з аплікамі іх пакрыў золатам, і чатыры падножжы, адлітыя са срэбра. Зрабіў таксама заслону на ўваходзе ў скінію з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону залататканай работы; і пяць слупоў з іх аплікамі. І пакрыў ён золатам вяршыні і кольцы іх, а падножжы іх зрабіў з медзі.

А Бесэлеэль зрабіў і каўчэг з дрэва акацыі, што меў у даўжыню два локці з паловаю, а ў шырыню і вышыню — паўтара локця; і пакрыў ён яго найчысцейшым золатам знутры і звонку. І зрабіў вакол яго залаты вянок, адліўшы да яго чатыры залатыя кольцы да чатырох падножжаў; два кольцы да аднаго боку і два — да другога. З дрэва акацыі зрабіў таксама жэрдкі, якія пакрыў золатам; і прасунуў іх у кольцы, што былі на абодвух баках каўчэга, каб насіць яго. Зрабіў і перамольню з найчысцейшага золата: даўжынёю — два з паловаю локці, а шырынёю — паўтара локця. Зрабіў таксама двух херубінаў з чаканнага золата, памясціў на абодвух канцах перамольні: аднаго херубіна на адным канцы аднаго краю, а другога херубіна на канцы другога краю; на кожным краі перамольні зрабіў ён двух херубінаў, што ўзнімалі крылы ўгору і закрывалі сваімі крыламі перамольню, і глядзелі адзін на аднаго, і твары херубінаў былі звернуты да перамольні. Зрабіў і стол з дрэва акацыі, у даўжыню — два локці, і ў шырыню — адзін локаць, а ў вышыню ён меў паўтара локця, і пакрыў яго найчысцейшым золатам, і зрабіў на ім вакол залаты вянок. Таксама зрабіў кругом ліштву залатую на чатыры пальцы і над ёю — залаты вянок. Адліў і чатыры залатыя кольцы, якія прымацаваў на чатырох вуглах для кожнай ножкі стала каля ліштвы; і прасунуў у іх жэрдкі, каб стол можна было насіць. Зрабіў таксама і самі жэрдкі з дрэва акацыі і пакрыў іх золатам; з найчысцейшага золата зрабіў таксама пасудзіны да ўсялякага ўжытку для стала, чары, і фіялы, і кіяфы, і кратэры, у якіх трэба прыносіць узліванні. Зрабіў і чаканны падсвечнік з найчысцейшага золата, падножжа яго і стрыжань; чары, яблыкі і кветкі былі з ім адным цэлым; шэсць галін выходзіла з абодвух яго бакоў, тры галіны з аднаго боку і тры галіны з другога; на адной галіне знаходзіліся тры чары ў форме міндалевага дрэва з яблыкамі і кветкамі, і тры чары ў форме міндалёвага дрэва на другой галіне з яблыкамі і кветкамі. Аднолькавае было на шасці галінах, што выходзілі са стрыжня падсвечніка. А на самім стрыжні былі чатыры чары ў форме міндалевага дрэва, з яблыкамі і кветкамі; адзін яблык быў пад кожнымі дзвюмя галінамі ў трох месцах; гэтых галін, што выходзяць з аднаго стрыжня, атрымліваецца шэсць. Такім чынам, яблыкі і галіны былі адно са стрыжнем, і ўсё было вычаканена з найчысцейшага золата. Зрабіў і сем лямп са шчыпцамі і пасудзінамі, дзе збіраецца нагар, з найчысцейшага золата. Талент найчысцейшага золата важыў падсвечнік і ўсе яго прыналежнасці. З дрэва акацыі пабудаваў і ахвярнік каджэння, што меў у даўжыню і ў шырыню локаць, а ў вышыню — два локці; з вуглоў яго выходзілі рогі. І пакрыў яго найчысцейшым золатам з кратамі, і сценамі, і рагамі. Зрабіў на ім і залаты вянок кругом, і пад вянком на двух баках памясціў два залатыя кольцы, каб прасоўваць у іх жэрдкі і каб можна было насіць ахвярнік. А самі жэрдкі ён зрабіў з дрэва акацыі і пакрыў іх залатымі пласцінамі. Прыгатаваў і алей для святога намашчэння, і кадзіла з найчысцейшых вострых духмяных прыпраў працы майстра, які прыгатаўляе мазі і фарбы.

Зрабіў ён і ахвярнік цэласпалення з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні, і пяць локцяў у шырыню, і тры локці ў вышыню, рогі якога выходзілі з вуглоў; і пакрыў яго меднымі пласцінамі. І зрабіў з медзі ўсе прыналежнасці да ахвярніка: папяльніцы, гаршкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы. І зрабіў медныя краты для яго накшталт сеткі пад край ахвярніка знізу аж да сярэдзіны яго, зрабіўшы чатыры кольцы на такую ж колькасць краёў кратаў для прасоўвання жэрдак, каб несці ахвярнік. І зрабіў іх саміх з дрэва акацыі, і пакрыў меднымі пласцінамі; і прасунуў у кольцы, што выступалі з бакоў ахвярніка. Сам жа ахвярнік быў пусты, зроблены з дошак, полы ўнутры, а не суцэльны. Зрабіў і таз медны з падножжам яго з люстэрак жанчын, якія служылі пры ўваходзе ў палатку сустрэчы. Зрабіў і панадворак, на паўднёвым баку якога былі заслоны з кручанага вісону даўжынёю ў сто локцяў; дваццаць слупоў медных з падножжамі іх; аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя. Таксама на паўночным баку былі заслоны, слупы і падножжы, аплікі і кольцы пры слупах тых жа памеру, работы і металу. А на тым баку, які глядзіць на захад, былі заслоны пяцьдзесят локцяў у шырыню, дзесяць слупоў з іх падножжамі; і аплікі слупоў і кольцы іх — срэбраныя. У сваю чаргу ён падрыхтаваў для ўсходняга боку заслоны пяцьдзесят локцяў шырыні, з якіх адзін бок меў заслоны ў пятнаццаць локцяў і тры слупы і столькі ж падножжаў; а з другога боку — бо ён зрабіў выхад з палаткі з абодвух бакоў — заслоны былі таксама ў пятнаццаць локцяў, і тры слупы і столькі ж падножжаў. Усе заслоны панадворка кругом ён выткаў з кручанага вісону. Падножжы слупоў былі з медзі, аплікі ж іх і кольцы іх срэбраныя, і вяршыні іх ён пакрыў срэбрам, і ўсе слупы панадворка абклаў ён срэбранымі кольцамі. Зрабіў заслону ля ўваходу ў панадворак з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону залататканай работы; і мела яна дваццаць локцяў у шырыню і пяць локцяў у вышыню згодна з памерам, які мелі ўсе заслоны панадворка. І было чатыры слупы ля ўваходу з меднымі падножжамі і срэбранымі аплікамі; і вяршыні, і кольцы іх ён пакрыў срэбрам. Таксама зрабіў ён калкі скініі і калкі панадворка з медзі. Вось падрахунак выдаткаў на скінію, на скінію сведчання, які быў зроблены па загадзе Майсея з дапамогаю левітаў пад наглядам Ітамара, сына Аарона святара. А Бесэлеэль, сын Ура, сына Гура з пакалення Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею, узяўшы сабе памочнікам Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана, майстра, ткача-адамашніка, вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, чырвані і вісоне. Усяго золата, што было ўзважана для работы над святыняй і што было прынесена ў дарах, было дваццаць дзевяць талентаў і семсот трыццаць сікляў па вазе сікля святога. Срэбра ж ад тых, хто быў запісаны ў грамадзе, было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сікляў паводле памераў сікля святога. Адну бэку, гэта значыць паўсікля паводле памеру сікля святога, даў кожны, хто падпаў пад спіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, ад шасцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці мужчын. Сто талентаў срэбра было скарыстана на адліццё падножжаў святыні, і падножжаў ля пакрывалаў; было адлічана па адным таленце на адно падножжа. А з тысячы семісот сямідзесяці пяці сікляў ён зрабіў аплікі да слупоў і пакрыў іх вяршыні, і абклаў іх срэбрам. Таксама медзі было прынесена семдзесят талентаў і дзве тысячы чатырыста сікляў, з якіх ён зрабіў падножжы для ўваходу ў палатку сустрэчы і медны ахвярнік з яго кратамі і ўсімі пасудзінамі, што служаць яму, і падножжы панадворка, як вакол яго, так і для ўваходу, і ўсе калкі скініі і панадворка кругом.

А з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і вісону зрабілі яны тканыя шаты на служэнне ў святыні. І зрабілі святыя шаты для Аарона, як загадаў Госпад Майсею. Такім чынам, зрабілі яны эфод з золата, з гіяцынту і пурпуру, чырвані і кручанага вісону стракатай работы, разбіваючы залатыя лісты, і выцягваючы іх у ніткі, каб можна было скруціць іх з пражаю папярэдніх колераў. Зрабілі таксама яму завязкі, пры дапамозе якіх ён завязваўся на абодвух баках сваіх краёў, і пояс, якім звязваецца эфод, быў зроблены аднолькавай з ім работы з золата, з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею. Прыгатавалі таксама два камяні онікса, устаўленыя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх ювелірным майстэрствам імёнамі сыноў Ізраэля; і памясцілі іх на абодвух завязках эфода як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею. Зрабілі таксама нагруднік судовы стракатай работы, як і эфод, з золата, з гіяцынту, пурпуру, чырвані, кармазыну і кручанага вісону, чатырохвугольны, падвоены, памерам у адну пядзь. І памясцілі на ім чатыры рады каштоўных камянёў: у першым радзе былі рубін, тапаз, смарагд; у другім радзе — карбункул, сапфір і яшма; у трэцім радзе — гіяцынт, агат і аметыст, у чацвёртым радзе — хрызаліт, онікс і берыл: устаўлены яны былі ў залатыя аправы па радах сваіх. А на саміх камянях былі высечаны імёны дванаццаці каленаў Ізраэля; на кожным — сваё імя. На нагруднік зрабілі ланцужкі, быццам шнуркі кручанай работы з найчысцейшага золата, і два залатыя шлякі, і столькі ж залатых кольцаў. Потым размясцілі два кольцы на абодвух краях нагрудніка; прасунулі два залатыя ланцужкі ў кольцы, што выступалі на вуглах нагрудніка, і два канцы абодвух ланцужкоў злучылі з двума шлякамі на завязках эфода ў пярэдняй яго частцы. Яшчэ зрабілі два залатыя кольцы і прымацавалі іх на абодвух канцах нагрудніка, на яго ўнутраным баку, насупраць эфода, як загадаў Госпад Майсею. І зрабілі два кольцы з золата, якія прымацавалі да абодвух завязак эфода на знешнім баку ўнізе, уздоўж злучэння над поясам эфода. І звязалі нагруднік кольцамі яго з кольцамі эфода стужкаю фіялетавай, каб эфод быў над поясам, каб не адсоўваўся ён ад эфода, як загадаў Майсею Госпад. Зрабілі таксама верхняе пакрывала пад эфод, усе тканай работы фіялетавае, і зрабілі ў верхнім пакрывале, у сярэдзіне яго, адтуліну на галаву і аблямоўку вакол, як пры адтуліне брані; а ўнізе, на падоле, зрабілі пунічныя яблыкі з гіяцынту і пурпуру, з чырвані і кручанага вісону, і званочкі з найчысцейшага золата, якія памясцілі між пунічнымі яблыкамі кругом у ніжняй частцы шатаў, каб званочак залаты і яблык пунічны чаргаваліся паміж сабою; упрыгожаны імі выходзіў святар, калі выконваў служэнне, як загадаў Госпад Майсею. Зрабілі для Аарона і сыноў яго тунікі, вытканыя з вісону, і тыяру, і ўпрыгожанне для мітраў з вісону, а таксама льняное сподняе з кручанага вісону, пояс з кручанага вісону, з гіяцынту і з пурпуру, з чырвані залататканай работы, як загадаў Госпад Майсею. Зрабілі і святую дыядэму з пласціны найчысцейшага золата, і выразалі на ёй чаканнай работай: «Святое Госпада»; і прывязалі яе стужкаю фіялетавай да тыяры наверсе, як загадаў Госпад Майсею. Так была скончана ўся работа да скініі і палаткі сустрэчы; і сыны Ізраэля выканалі ўсё, што загадаў Госпад Майсею: так і зрабілі. І прынеслі скінію, і палатку, і ўсе прыналежнасці, аплікі, дошкі, жэрдкі, слупы і падножжы, пакрыцце са шкур бараноў, пафарбаваных у чырвоны колер, пакрыцце са шкур сініх, заслону, каўчэг сведчання, жэрдкі, перамольню, стол з усімі пасудзінамі яго і з хлябамі пакладнымі, падсвечнік з найчысцейшага золата, лямпы па парадку, і прыналежнасці іх з алеем падсвечніка, залаты ахвярнік, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў, і заслону на ўваход у палатку, ахвярнік з медзі, краты медныя, і жэрдкі, і ўсе яго пасудзіны, таз з яго падножжам, пакрывала панадворка і заслона на ўваход у панадворак са слупамі і падножжамі іх, і ланцужкі яго, і калкі. З прыналежнасцей прысутнічала ўсё, што павінна было быць пры служэнні ў скініі, у палатцы сустрэчы, згодна з загадам. Таксама шаты тканыя, якімі святары карыстаюцца ў святыні, і шаты святыя для Аарона святара, і шаты для сыноў яго прынеслі сыны Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею. І, калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, ён дабраславіў іх.

І прамовіў Госпад да Майсея, гаворачы: «У першы дзень першага месяца паставіш скінію, палатку сустрэчы, і паставіш у ёй каўчэг сведчання, накрый яго пакрывалам; і, калі ўнясеш стол, пакладзі на яго тое, што прадпісана па традыцыі, падсвечнік хай стаіць з лямпамі сваімі і залаты ахвярнік для каджэння хай стаіць перад каўчэгам сведчання, і памясці пакрывала пры ўваходзе ў скінію, а ахвярнік цэласпалення — перад палаткай сустрэчы, і пастаў таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, і напоўні яго вадою. І акружы панадворак пакрываламі, і размясці пакрывала ў браме яго. І, узяўшы алею намашчэння, памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асвяці яе з яе пасудзінамі, і будзе яна святыняй. Памаж таксама ахвярнік цэласпалення і ўсе яго пасудзіны, і асвяці ахвярнік, і будзе ён святым з святых. І памажаш таз з падножжам яго, і асвяці яго. І прывядзі Аарона і яго сыноў да ўваходу ў палатку сустрэчы; абмытых вадою, апрані Аарона ў святыя шаты, намасці і пасвяці яго, каб служыў Мне святаром. Прывядзі сыноў яго, і апрані ў шаты, і намасці іх, як намасціў іх бацьку, каб служылі яны Мне святарамі, і намашчэнне іх будзе ім у вечнае святарства ў іх пакаленнях». І Майсей зрабіў усё, як яму загадаў Госпад; так і зрабіў. Такім чынам, у першы месяц другога года, у першы дзень месяца паставілі скінію. І паставіў яе Майсей, і паклаў падножжы, і дошкі, і жэрдкі, і слупы паставіў, і разбіў палатку над скініяй, накрыўшы яе пакрыццем зверху, як загадаў Госпад Майсею. Ён узяў сведчанне і паклаў яго ў каўчэг, і, прасунуўшы скрозь жэрдкі, накрыў зверху перамольняй. І, калі ўнёс каўчэг у скінію, ён павесіў перад ім пакрывала, як загадаў Госпад Майсею. Паставіў і стол у палатцы сустрэчы на паўночным баку скініі перад пакрывалам, разлажыўшы перад абліччам Госпада па парадку хлябы пакладныя, як загадаў Госпад Майсею. Паставіў і падсвечнік у палатцы сустрэчы насупраць стала ў паўднёвай частцы, размясціўшы лямпы па парадку, як загадаў Госпад Майсею. Паставіў і залаты ахвярнік у палатку сустрэчы перад перамольняй, і на ім спаліў кадзіла з вострых духмяных рэчаў, як загадаў Госпад Майсею. Размясціў і пакрывала ля ўваходу ў скінію, і ахвярнік цэласпалення паставіў перад уваходам у скінію, у палатку сустрэчы, ахвяруючы на ім цэласпаленне і ахвяру, як загадаў Госпад Майсею. Паставіў таксама таз між палаткай сустрэчы і ахвярнікам, напоўніўшы яго вадою; і мылі ў ім рукі і ногі свае Майсей, Аарон і сыны яго, калі ўваходзілі ў палатку сустрэчы і набліжаліся да ахвярніка, як загадаў Госпад Майсею. Паставіў ён і панадворак вакол скініі і ахвярніка, пры яго ўваходзе павесіўшы пакрывала. Такім чынам, Майсей закончыў работу. І воблака накрыла скінію разам з палаткай сустрэчы, і слава Госпада напоўніла скінію. І не мог Майсей увайсці ў палатку сустрэчы, бо спачывала на ёй воблака, і слава Госпада напоўніла скінію. Калі воблака падымалася над палаткай, сыны Ізраэля пускаліся ў дарогу ва ўсякіх абставінах; а калі воблака не падымалася, не пускаліся яны ў дарогу аж да дня, пакуль не падымалася воблака. Бо ўдзень пакрывала скінію воблака Госпада, а ўночы свяціла, быццам бляск агню, на вачах усяго дома Ізраэля ў час усіх іх вандровак.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.