Библия › Чарняўскі-17 › Суддзяў
Па смерці Ешуа раіліся сыны Ізраэля з Госпадам, кажучы: «Хто з нас першы выступіць супраць хананеяў ваяваць з імі?» І Госпад сказаў ім: «Хай выступіць Юда: вось, Я аддаў зямлю гэтую ў рукі яго». І кажа Юда Сімяону, брату свайму: «Увайдзі са мной у жэрабя маё і будзем разам ваяваць супраць хананеяў, а я ўвайду з табой у тваё жэрабя». І пайшоў з ім Сімяон. І пайшоў Юда, і аддаў Госпад у рукі іх хананеяў і феразеяў, і ў Бэзэку забілі яны дзесяць тысяч мужчын. У Бэзэку сутыкнуліся яны з Адоні-Бэзэкам і ваявалі з ім, і перамаглі хананеяў і феразеяў. І Адоні-Бэзэк уцёк, але яны дагналі яго, і схапілі, і адрэзалі вялікія пальцы на руках і нагах яго. І сказаў Адоні-Бэзэк: «Семдзесят цароў з адрэзанымі вялікімі пальцамі на руках і нагах збіралі рэшткі ежы пад маім сталом. Як я рабіў, так мне Бог адплаціў». І завялі яго ў Ерузалім, і там ён памёр. І ваявалі сыны Юды з Ерузалімам, і захапілі яго; і забілі вастрыём меча народ яго, а горад спалілі. Потым падняліся і ваявалі супраць хананеяў, якія жылі ў гарах, і ў Нагэбе, і ў Сэфэлі. Пасля пайшоў Юда супраць хананеяў, якія жылі ў Геброне, што раней называўся Карыят-Арба, і пабіў Сэсая, і Ахімана, і Талмая. А адтуль выйшаўшы, пайшоў ён супраць жыхароў Дабіра, старое імя якога было Карыят-Сэфэрa. Калеб сказаў: «Хто нападзе на Карыят-Сэфэр і возьме яго, таму дам за жонку сваю дачку Аксу». І калі ўзяў яго Атаніэль, сын Кенэза, малодшы брат Калеба, Калеб аддаў яму за жонку сваю дачку Аксу. Калі яна прыйшла, ён падгаварыў яе, каб папрасіла ў бацькі свайго поле. Дык яна злезла з асла, і сказаў ёй Калеб: «Што ты маеш [да мяне]?» А яна адказала: «Дабраславі мяне; бо даў ты мне сухую зямлю, дай мне і зямлю, напоеную вадою». І даў ёй Калеб узвышша і даліну, што былі напоеныя вадою. А сыны Хабаба Кінэя, цесця Майсея, выйшлі з горада Пальмаў з сынамі Юды ў пустыню, што на поўдзень ад Арада, і там абжыліся з амалекцамі. І пайшоў Юда з братам сваім Сімяонам, і разам напалі яны на хананеяў, якія жылі ў Сэфаце, перамаглі іх і абвясцілі гораду закляцце, і названы быў горад гэты Хормаb. Юда ўзяў таксама Газу і яе ваколіцы, Аскалон і Акарон з ваколіцамі іх. І Госпад быў з Юдам, таму захапіў ён горы; але не мог выгнаць жыхароў даліны, бо мелі яны баявыя калясніцы з сярпамі. І Калебу аддалі Геброн, як загадаў Майсей, і выгнаў ён адтуль трох сыноў Анака. Сыны ж Бэньяміна не выгналі з Ерузаліма жыхароў яго, евусеяў; і яны жывуць па сённяшні дзень разам з сынамі Бэньяміна. Сям’я Язэпа таксама пайшла ў Бэтэль, і Госпад быў з імі. Бо калі яны выведвалі горад, што раней называўся Луз, убачылі вартаўнікі чалавека, які выходзіў з горада, і сказалі яму: «Пакажы нам уваход у горад, і мы абыдземся з табою міласэрна». Калі ён ім паказаў уваход, яны знішчылі горад вастрыём меча; чалавека ж таго і ўвесь род яго адпусцілі. Той жа, адпушчаны, пайшоў у зямлю Хецім, і заснаваў там горад, і назваў яго Лузам, ён так называецца па сённяшні дзень. А Манаса не здабыў Бэт-Сан і Танах з ваколіцамі іх і не выгнаў жыхароў Дора, і Іблаама, і Магеды з ваколіцамі іх; і засталіся хананеі на гэтай зямлі. А калі Ізраэльцы ўмацаваліся, яны зрабілі хананеяў прыгоннымі і не пажадалі іх выгнаць. Таксама Эфраім не выгнаў хананеяў, якія пражывалі ў Газэры, і хананеі жылі сярод іх у Газэры. І Забулон не выгнаў жыхароў Кетрона і Наалола, і хананеі жылі між іх, і сталіся ў іх прыгоннымі. Таксама Асэр не выгнаў жыхароў Акко, Сідона, Ахалаба, Ахзіба, Гэльбы, Афэка і Рагоба; і жыў Асэр сярод хананеяў, жыхароў той зямлі, бо не выгнаў іх. І Нэфталі не выгнаў жыхароў Бэтсамэса і Бэтаната, і жыў між хананеяў, жыхароў гэтае зямлі, і бэтсамэсцы і бэтанатцы былі ў яго прыгоннымі. Амарэі павыціскалі сыноў Дана ў горы і не далі ім месца, каб пашырыцца ў даліне. Амарэі жылі ў Гатары, у Аялоне і ў Салебіме. І абцяжарыла іх рука дому Язэпа, і сталіся яны яму прыгоннымі. А межы амарэяў цягнуліся ад узвышша Акрабім да Петры і вышэй.
І сышоў Анёл Госпадаў з Галгала ў Бахім і сказаў: «Я вывеў вас з Егіпта і завёў вас у зямлю, якою Я прысягнуў бацькам вашым і паабяцаў ім, каб не парушыць запавету Майго з вамі навекі, толькі так, каб вы не дамаўляліся з жыхарамі гэтай зямлі, а разбурылі іх ахвярнікі. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэта зрабілі? Дзеля таго і Я не буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам путамі, а багі іх — на пагібель». І калі Анёл Госпадаў гаварыў гэтыя словы да ўсіх сыноў Ізраэля, яны закрычалі і заплакалі. І было названа месца тое Бахімa, і яны там склалі ахвяру Госпаду. І адпусціў Ешуа народ, і пайшлі сыны Ізраэля кожны ў спадчыну сваю, каб узяць зямлю. І служылі яны Госпаду ва ўсе дні Ешуа і старэйшын, якія жылі доўга па яго смерці, і бачылі ўсю вялікую справу Госпада, якую ўчыніў Ён для Ізраэля. І памёр Ешуа, сын Нуна, слугі Госпада, маючы сто дзесяць гадоў; і пахавалі яго ў межах спадчыны яго ў Тамнатсары, на гары Эфраім, на паўночным баку гары Гаас, і ўсё тое пакаленне адышло да бацькоў сваіх, і паўстала іншае пакаленне па іх, якое не ведала Госпада і таго, што Ён зрабіў для Ізраэля. Тады пачалі сыны Ізраэля ўчыняць ліха перад абліччам Госпада і служыць Баалам, і пакінулі яны Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Егіпецкай, і пайшлі за чужымі багамі, за багамі народаў, што жылі навакол іх, і пакланяліся ім, і ўзбуджалі гнеў Госпада, пакідаючы Яго і служачы Баалу і Астарце. Дык разгневаўся Госпад на Ізраэль і аддаў яго ў рукі рабаўнікоў, якія яго рабавалі, і аддаў яго ў рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі выстаяць перад ворагам сваім; але, куды б ні хацелі яны ісці, рука Госпада была над імі на зло, як Госпад казаў і прысягаў ім. І былі яны ў вялікім уціску. Тады паставіў ім Госпад суддзяў, каб яны вызвалялі іх ад рукі крыўдзіцеляў іх; але і суддзяў не хацелі слухаць, паганячыся з чужымі багамі і ім пакланяючыся. Хутка збочылі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іх, якія слухалі настаўленні Госпада, яны ж рабілі ўсё насуперак. І калі Госпад даваў ім суддзяў, Госпад быў з суддзёю, і вызваляў іх ад рук ворагаў іх праз увесь час суддзі, бо Госпад змякчаўся міласэрнасцю і чуў стогны няшчасных. Калі ж паміраў суддзя, яны адварочваліся і ўчынялі горшыя злачынствы, чым бацькі іх, ідучы за чужымі багамі, служачы ім і пакланяючыся ім: не кідалі яны ўчынкаў сваіх і вельмі небяспечную дарогу, па якой прывыклі хадзіць. І ўзгарэўся гнеў Госпада на Ізраэля, і Ён сказаў: «За тое, што гэта пакаленне парушыла запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іх, і пагардзілі яны голасам Маім, Я не выганю перад імі паганаў, якіх пакінуў Ешуа, калі памёр, каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, ці будзе ён пільнаваць дарогу Госпадаву і хадзіць па ёй, як пільнавалі бацькі яго, ці не». Дык пакінуў Госпад гэтыя народы, і не захацеў зараз жа выганяць іх, і не аддаў іх у рукі Ешуа.
Гэта народы, якія Госпад пакінуў, каб праз іх выпрабаваць Ізраэль, усіх, якія не ведалі войнаў з хананеямі, каб навучыліся наступныя пакаленні сыноў Ізраэля змагацца з ворагамі, бо яны не ведалі войнаў: пяць валадароў філістынскіх, а таксама ўсе хананеі, сідонцы і гівеі, што пражывалі ў гарах Лібана, пачынаючы ад гары Баал-Гэрмон аж да ўваходу ў Эмат. Ён пакінуў іх, каб праз іх выпрабаваць Ізраэля, ці будзе ён трымацца настаўленняў Госпада, якія загадаў Ён бацькам іх праз Майсея, ці не. Такім чынам сыны Ізраэля абжыліся сярод хананеяў, хетэяў, амарэяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў. І бралі яны за жонак іх дачок, і самі сваіх дачок аддавалі іх сынам, і служылі багам іх. І дапусціліся сыны Ізраэля ліха перад Госпадам, і забыліся на Госпада, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце. І разгневаўся Госпад на Ізраэль, і аддаў іх у рукі Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і служылі сыны Ізраэля яму восем гадоў. І прызывалі яны Госпада, Які паставіў ім збаўцу Атаніэля, сына Кенэза, малодшага брата Калеба, які вызваліў іх. І быў на ім Дух Госпадаў, і судзіў ён Ізраэль; і ваяваў ён; і аддаў Госпад у рукі яго Хусан-Расатаіма, цара Арам-Нагараіма, і ён перамог яго. І адпачывала зямля сорак гадоў, і Атаніэль, сын Кенэза, памёр. А сыны Ізраэля зноў пачалі чыніць ліха перад абліччам Госпада, Які ўмацаваў супраць іх Эглона, цара Мааба, бо чынілі яны ліха перад Госпадам. І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пабіў Ізраэль, і заняў горад Пальмаў. І сыны Ізраэля служылі Эглону, цару Мааба, васемнаццаць гадоў. І сыны Ізраэля клікалі Госпада, Які даў ім збаўцу Эгуда, сына Гэра, з пакалення Бэньяміна, які замест правай карыстаўся левай рукой. Сыны Ізраэля паслалі праз яго дары Эглону, цару Мааба. І Эгуд зрабіў сабе меч двухбаковавостры, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад сваім адзеннем на правым баку, і прынёс ён падарункі Эглону, цару Мааба. Эглон жа быў вельмі тлусты. І калі даў яму дары, адпусціў людзей, якія іх прынеслі; і, вярнуўшыся з Галгала, дзе былі ідалы, сказаў цару: «О цар, маю для цябе таемнае слова». І той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі. Эгуд жа падышоў да яго, калі ён сядзеў у летнім пакоі, які займаў толькі ён адзін, і сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той хутка падняўся з пасада. І Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і ўсадзіў яго ў жывот яго так моцна, што чаранок услед мечу ўвайшоў у рану і засеў у вялікім тлушчы. І ён не выняў меча, але пакінуў яго ў целе, так, як ударыў, і адразу ж, [з-за сакрэтаў прыроды], кал са страўніка лінуў наверх. І выйшаў Эгуд у залу, і замкнуў за сабою дзверы пакоя, і ўмацаваў іх засаўкай. Пасля яго выхаду прыйшлі царскія паслугачы, і, калі ўбачылі замкнутыя дзверы пакоя, сказалі: «Напэўна, мыецца ў летнім пакоі». І чакалі доўга, пакуль не ўстрывожыліся, і, бачачы, што ніхто не адчыняе, узялі ключы, і адчынілі дзверы, і знайшлі гаспадара свайго, які ляжаў на зямлі нежывы; Эгуд жа, пакуль яны чакалі, уцёк і прайшоў ідалаў, адкуль вярнуўся і прыбыў у Сэйру. І зараз жа затрубіў у трубу на гары Эфраім; і сыны Ізраэля сышлі з ім з гары, і ён ішоў на чале. Сказаў ён ім: «Ідзіце за мною; бо Госпад выдаў ворагаў вашых, маабцаў, у вашы рукі». І яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, каторымі праходзяць у Мааб, і не дазволілі нікому прайсці. І ў гэты час забілі яны каля дзесяці тысяч маабцаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя мужчыны. І ніводзін з іх не змог уцячы. І ўпакораныя былі ў той дзень маабцы ізраэльцамі, і восемдзесят гадоў зямля жыла спакойна. Па ім быў Самгар, сын Аната, які пабіў філістынцаў шэсцьсот чалавек кіем для быкоў, і сам ён таксама ўратаваў Ізраэль.
Па смерці Эгуда сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада, і аддаў іх Госпад у рукі Явіна, цара Ханаана, які цараваў у Асоры. І кіраўніком войска ён меў Сісару, сам ён жыў у Гарасэт-Гагаіме. І прызывалі сыны Ізраэля Госпада, бо Явін меў дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі і дваццаць гадоў бязлітасна ўціскаў ізраэльцаў. А ў гэты час судзіла Ізраэль Дэбора, прарочыца, жонка Лапідота. І яна спраўляла суд пад пальмаю Дэборы, між Рамаю і Бэтэлем, на гары Эфраім; і прыходзілі да яе сыны Ізраэля на суд. Яна паслала паклікаць Барака, сына Абінаама, з Кадэса Нэфталімава і сказаць яму: «Вось што загадаў табе Госпад, Бог Ізраэля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысяч ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Забулона. А я прывяду да цябе да ручая Кісон кіраўніка войска Явіна Сісару і яго калясніцы, і ўсё мноства яго, і аддам яго ў рукі твае”». І адказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, я пайду; а калі не пажадаеш ісці са мной, я не пайду». Яна сказала яму: «Хаця я пайду з табою, але на гэтай дарозе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жанчыны аддасць Госпад Сісару». Дык прыгатавалася Дэбора і разам з Баракам вырушыла ў Кадэс. Барак, сабраўшы сыноў Забулона і Нэфталі ў Кадэсе, вырушыў з дзесяццю тысячамі ваяроў, маючы ў таварыстве сваім Дэбору. А Хабэр кінэй, аддзяліўся ад іншых кінэяў, братоў сваіх, сыноў Хабаба, цесця Майсея, і стаў лагерам каля дуба ў Саананіме каля Кадэса. І даведаўся Сісара, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор, і сабраў Сісара дзевяцьсот баявых калясніц з сярпамі, і ўсе свае дружыны, якія меў, ад Гарасэт-Гагаіма да ручая Кісон. І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасць Госпад у рукі твае Сісару. Сам Госпад пойдзе перад табою». Такім чынам, сышоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысяч ваяроў. І Госпад навёў жах на Сісару, і на ўсе калясніцы яго, і на ўсё мноства войска яго перад вастрыём меча Барака, так што сам Сісара, выскачыўшы з калясніцы, уцякаў пешшу. Барак жа гнаў уцякаючыя калясніцы і войска аж да Гарасэт-Гагаіма, і ўсё мноства войска Сісары загінула. А Сісара ўцякаў пешшу і прыбег да палаткі Ягэлі, жонкі Хабэра кінэя; бо быў мір між Явінам, царом Асора, і домам Хабэра кінэя. Такім чынам, Ягэль, выйшаўшы насустрач Сісару, сказала яму: «Увайдзі да мяне, гаспадар мой; увайдзі, не бойся». Ён увайшоў у палатку яе, і яна накрыла яго кілімам. Ён папрасіў яе: «Дай мне, прашу, крыху вады, бо вельмі смягну». Яна адкрыла бурдзюк з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго. І Сісара папрасіў яе: «Пастой каля ўваходу ў палатку, і, калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсць тут хто?” — ты адкажы: “Нікога няма”». Тады Ягэль, жонка Хабэра, узяла калок ад палаткі, узяўшы разам молат; і ўвайшла таемна і ціха да яго, і ўсклала на скронь галавы яго калок, і, ударыўшы яго молатам, убіла калок у галаву аж да зямлі; а ён аслабеў і памёр, злучыўшы сон са смерцю. А тут Барак, гонячыся за Сісарам, прыйшоў; і Ягэль выйшла да яго і сказала яму: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісару, што ляжаў нежывы і з калком, убітым у скронь яго. Такім чынам, у той дзень прынізіў Бог Явіна, цара Ханаана, перад сынамі Ізраэля, якія мацнелі штодзень і цвёрдай рукой уціскалі Явіна, цара Ханаана, пакуль не знішчылі яго.
І ў той дзень спявалі Дэбора і Барак, сын Абінаама, кажучы: «Ізраэль адпомшчаны, народ паказаў руплівасць, дабраславіце Госпада! Слухайце, цары, адкрыйце вушы, кіраўнікі; я тая, хто Госпаду будзе спяваць, хто будзе граць хвалу Госпаду, Богу Ізраэля! Госпадзе, калі Ты выходзіў з Сэіра, калі Ты выходзіў з ваколіц Эдома, тады трэслася зямля, і неба плакала, і хмары лілі кроплі вады; горы таялі перад абліччам Госпада з Сіная, перад абліччам Госпада, Бога Ізраэля. У дні Самгара, сына Аната, у дні Ягэлі апусцелі дарогі; а тыя, што хадзілі па іх, абыходзілі іх сцежкамі кружнымі. Зніклі мужныя ў Ізраэлі, іх не стала, пакуль не паўстала я, Дэбора, і паднялася як маці ў Ізраэлі. Выбралі яны сабе багоў новых; тады прыйшла вайна ў брамы. Не з’явіліся ані шчыт, ані дзіда ў сарака тысяч Ізраэля. Сэрца маё любіць князёў Ізраэля. Тыя, хто добраахвотна ахвяраваў сябе за народ, дабраслаўляйце Госпада! Вы, хто едзе на асліцах белых, і сядзіць на кілімах, і хто ідзе па дарозе, спявайце! Галасы тых, хто размяркоўвае ваду на каналах, хай расказваюць пра справядлівасць Госпада, пра справядлівасць магутнасці Яго ў Ізраэлі; тады збярэцца народ Госпадаў ля брамаў. Устань, устань, Дэбора! Устань, устань і заспявай песню! Устань, Барак, і вазьмі палонных сваіх, сын Абінаама! Тады апошнія далучыліся да слаўных, народ Госпада далучыўся да магутных. Ад Эфраіма прыбылі князі ў даліну, за ім Бэньямін з народам сваім. Ад Махіра князі прыйшлі, і ад Забулона тыя, хто трымае скіпетр. Князі Ісахара былі з Дэбораю; так Барак пасланы быў у даліну з пешымі сваімі. А ў ваколіцах Рубэна разважаюць доўга. Чаму ты сядзеў паміж хлявамі, каб слухаць свіст дудкі пры статку? У ваколіцах Рубэна разважаюць доўга. Галаад адпачываў за Ярданам; а Дан чаму, як вандроўнік, не меў караблёў? Асэр пражываў на беразе мора і заставаўся ў портах. Забулон жа ахвяраваў душу сваю смерці, а Нэфталі — на ўзвышшах краіны. Прыйшлі цары і ваявалі, ваявалі цары Ханаана ў Танаху ля водаў Магеды, але здабычы срэбра не дасталі! У небе змагаліся зоркі, шляхам сваім супраць Сісары ваявалі. Ручай Кісон панёс трупы іх, ручай баёў, ручай Кісон; трымайся моцна, душа мая. Тады гучаў тупат капытоў іх моцных коней, калі імчаліся яны ў бездань. “Праклінайце Мэроз, — сказаў Анёл Госпадаў, — праклінайце жыхароў яго, бо не прыйшлі яны на дапамогу Госпаду, на дапамогу Госпаду з ваярамі сваімі”. Хай будзе дабраславёна між жанчынамі Ягэль, жонка Хабэра кінэя, хай будзе яна дабраславёна між жанчынамі ў палатках! Таму, хто просіць вады, яна дала малака, і ў чашы князёў прынесла яму масла. Левай рукой узяла калок, а правай — кавальскі молат; ударыла Сісару, прабіўшы ранаю галаву яго і моцна праламаўшы скронь. Ля ног яе ён зваліўся, упаў, ляжаў; ля ног яе зваліўся, упаў, дзе зваліўся, там і ляжаў нежывы. Праз акно глядзіць маці Сісары і галосіць праз аконныя краты: “Чаму марудзіць калясніца яго вярнуцца? Чаму не спяшаюцца колы квадрыгі яго?” Жанчына, разумнейшая за іншых, адказвае ёй, і сама сабе паўтарае яна яе словы: “Зараз, канешне ж, дзеляць захопленую здабычу, па адной, па дзве жанчыны кожнаму ваяру; а два пакрывалы розных колераў — здабыча для Сісары, а на шыю маю са здабычы — два палатны рознакаляровыя”. Так няхай, Госпадзе, знікнуць усе ворагі Твае! А хто Цябе любіць, хай ззяе так, як ззяе ўзыходзячае сонца!» І зямля жыла ў супакоі сорак гадоў.
А сыны Ізраэля чынілі зло перад абліччам Госпада, і Госпад аддаў іх на сем гадоў у рукі мадыянцаў. І моцна прыціскалі іх мадыянцы. Дык сыны Ізраэля зрабілі сабе сховішчы і пячоры ў гарах і найбяспечнейшыя месцы. І калі ізраэльцы сеялі збожжа, то прыходзілі мадыянцы, і Амалек, і іншыя ўсходнія народы, і хадзілі сярод іх, і ставілі палаткі побач з імі, як быццам былі яны на пашы, і нішчылі ўсё аж да Газы, не пакідаючы для Ізраэля ніякіх сродкаў для жыцця: ані авец, ані валоў, ані аслоў. Бо самі яны прыходзілі разам з усімі сваімі статкамі, і з палаткамі сваімі, і, як саранча, запаўнялі ўсё незлічоным мноствам людзей і вярблюдаў І быў вельмі прыніжаны Ізраэль мадыянцамі. І пачалі Ізраэльцы клікаць Госпада і прасіць аб дапамозе супраць мадыянцаў. Госпад паслаў ім прарока, які сказаў: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Я вывеў вас з Егіпта, і вывеў вас з дому няволі, і вызваліў вас з рук егіпцян і ўсіх ворагаў, якія чынілі вам шкоду: і выгнаў іх перад вамі, і аддаў вам зямлю іх”. І Я сказаў: “Я — Госпад, Бог ваш, не пакланяйцеся багам амарэяў, на зямлі якіх пражываеце. А вы не захацелі слухаць голас Мой”». І з’явіўся Анёл Госпадаў, і сеў пад дубам, што быў у Эфры, які належаў Ёасу, бацьку роду Абіязэра. І калі Гедэон, сын яго, малаціў і ачышчаў у давільні збожжа, каб яго схаваць ад мадыянцаў, з’явіўся яму анёл Госпадаў і сказаў: «Госпад з табою, наймужнейшы з людзей!» І Гедэон сказаў яму: «Прабач, гаспадар мой, калі Госпад з намі, чаму прыйшло да нас усё гэта? Дзе цуды Яго, аб якіх расказвалі нам бацькі нашыя, калі казалі: “З Егіпта вывеў нас Госпад”. Цяпер жа пакінуў нас Госпад і аддаў у рукі мадыянцаў». І Госпад глянуў на яго і сказаў: «Ідзі з гэтай сілаю сваёй і вызвалі Ізраэль ад рук мадыянцаў: ведай, што Я пасылаю цябе». Гедэон у адказ сказаў: «Скажы, гаспадар мой, якім чынам вызвалю я Ізраэль? Вось, род мой — найбяднейшы ў пакаленні Манасы, а я апошні ў сям’і бацькі майго». І Госпад адказаў яму: «Я буду з табою, і ты паб’еш мадыянцаў як аднаго чалавека». Адказаў ён Госпаду: «Калі знайшоў я ласку ў Цябе, дай мне знак, што гэта Ты гаворыш са мною. Не адыходзь адсюль, пакуль я не вярнуся і не прынясу ахвяру, каб скласці яе Табе». А Госпад на гэта адказаў: «Я пачакаю твайго прыходу». Такім чынам, Гедэон пайшоў і падрыхтаваў казляня, і праснакоў з эфы мукі, і мяса палажыў у кош, а мясную поліўку — у гаршчок, і прынёс гэта ўсё пад дуб, і ахвяраваў Яму. І сказаў яму анёл Божы: «Вазьмі мяса і хлебныя праснакі і палажы іх на скале той, а поліўкі выліеш зверху». І калі ён зрабіў так, анёл Госпадаў працягнуў канец палкі, якую трымаў у руцэ, і дакрануўся ёю да мяса і хлебных праснакоў; і выйшаў агонь са скалы, і спаліў мяса і хлебныя праснакі; анёл жа Госпадаў знік з вачэй яго. І Гедэон, зразумеўшы, што гэта быў анёл Госпадаў, сказаў: «О Госпадзе, Ты — гаспадар мой, бо я ўбачыў анёла Госпадава твар у твар!» І сказаў яму Госпад: «Супакой табе: не бойся, не памрэш!» Такім чынам, паставіў там Гедэон ахвярнік Госпаду і назваў яго: «Ягвэ-Шалом — Супакой Госпада». Аж па сённяшні дзень ахвярнік гэты ёсць у Эфры, у сыноў Абіязэра. У тую ноч сказаў Госпад Гедэону: «Вазьмі быка бацькі свайго і другога быка, сямігадовага, і разбуры ахвярнік Баала, уласнасць бацькі свайго, і ссячы святы гай, што каля ахвярніка, і пастаў ахвярнік Госпаду, Богу твайму, на вяршыні гэтае скалы, на якой раней учыніў ты ахвярапрынашэнне: і вазьмі таксама другога быка, і ўскладзі цэласпаленне на вогнішчы з дрэў, якія ссячэш у святым гаі». Такім чынам, узяў Гедэон дзесяць чалавек з паслугачоў сваіх, і зрабіў, як загадаў яму Госпад. Але баяўся ён роду бацькі свайго і жыхароў таго горада і не хацеў гэтага рабіць днём, але ўсё выканаў ноччу. І калі раніцай падняліся людзі таго горада, то ўбачылі разбураны ахвярнік Баала, і ссечаны святы гай, і другога бычка, ускладзенага на ахвярнік, што быў тады пабудаваны. І казалі яны адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І калі шукалі яны таго, хто зрабіў гэта, сказалі: «Гедэон, сын Ёаса, зрабіў усё гэта». І сказалі Ёасу: «Выведзі сюды сына свайго, і няхай ён памрэ, бо разбурыў ахвярнік Баала і ссек святы гай». А Ёас адказаў ім: «Няўжо вы будзеце мсціўцамі за Баала, каб змагацца за яго? Хто праціўнік Баала, будзе пакараны да раніцы смерцю; калі ён бог, хай сам адпомсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго». З таго дня Гедэон быў названы Ерабаал, бо гаварыў Ёас: «Хай Баал помсціць за сябе таму, хто разбурыў ахвярнік яго». Такім чынам, усе мадыянцы, Амалек і ўсходнія народы, сабраліся разам і пераправіліся праз Ярдан, і сталі лагерам у даліне Езрагэль. І Дух Госпада ахапіў Гедэона, і ён затрубіў у рог, і сабраў пры сабе род Абіязэра, каб пайшоў ён за ім. І паслаў ён вестуноў да ўсяго пакалення Манасы, які і сам пайшоў за ім, а таксама паслаў пасланцоў да пакалення Асэра, Забулона і Нэфталі, якія пайшлі, каб з ім злучыцца. І сказаў Гедэон Богу: «Калі хочаш выратаваць Ізраэль праз мяне, як Ты казаў, то я рассцялю на таку стрыжаную воўну і, калі раса будзе толькі на воўне, а на ўсёй зямлі будзе суха, буду ведаць, што рукою маёй, як Ты сказаў, Ты вызваліш Ізраэль». І так сталася. Устаўшы раніцай і сціснуўшы воўну, ён напоўніў поўную чашу расою. І зноў сказаў Гедэон Богу: «Не гнявіся на мяне, калі я яшчэ раз паспрабую атрымаць знак на воўне. Прашу, каб раніцай была сухой толькі сама воўна, а на ўсёй зямлі хай будзе раса». І ўчыніў Бог ноччу тое, што ён прасіў: толькі сама воўна засталася сухой, а па ўсёй зямлі была раса.
Дык Ерабаал, або Гедэон, устаўшы пасля ночы, ды ўвесь народ з ім прыйшлі лагерам да крыніцы, якая завецца Харад. Лагер жа мадыянцаў быў на паўночным баку ўзгорка Марэг у даліне. І сказаў Госпад Гедэону: «Залішне народу пры табе, каб у яго рукі выдаў Я мадыянцаў; бо Ізраэль можа прысвоіць сабе славу, кажучы: “Сваімі сіламі вызвалены я”. Скажы народу і аб’яві ўсім, хто слухае: “Хто баіцца і палахлівы, хай той вернецца”». І сышлі яны з гары Галаад, і вярнулася з народу дваццаць дзве тысячы, а засталося толькі дзесяць тысяч. І сказаў зноў Госпад Гедэону: «Яшчэ лішне народу; завядзі яго да вады, і там Я яго выпрабую; і аб кім табе скажу, каб ішоў з табою, той няхай пойдзе, а каму ісці забараню, той няхай вернецца». І калі ён павёў народ да вады, сказаў Госпад Гедэону: «Хто языком будзе хлябтаць ваду, як звычайна сабакі хлебчуць, тых пастаў асобна; а хто ўкленчыўшы будзе піць ваду, таго пастаў на другі бок». Такім чынам, тых, якія пілі ваду, падносячы яе да вуснаў рукой, было трыста чалавек; а ўсё астатняе мноства піло ўкленчыўшы. І кажа Госпад Гедэону: «Трыма сотнямі людзей, якія пілі ваду, Я вызвалю вас і аддам мадыянцаў у руку тваю; а ўсё астатняе мноства хай вернецца ў свае дамы». І ўзялі яны згодна сваёй колькасці ежу і трубы, а ўсяму астатняму мноству загадаў ён вярнуцца ў свае палаткі, а тых трыста чалавек затрымаў пры сабе. Лагер жа мадыянцаў быў пад ім у даліне. Той жа ноччу Госпад сказаў яму: «Устань і ідзі ў лагер, бо Я аддаю яго ў твае рукі. Калі ж баішся ісці адзін, хай ідзе з табою Фара, паслугач твой. І калі ты пачуеш, што яны гавораць, тады ўмацуюцца рукі твае, і ты пойдзеш у лагер ворагаў». Такім чынам, спусціўся ён і паслугач яго Фара ў тую частку лагера, дзе была ўзброеная варта. А мадыянцы, і Амалек, і ўсе ўсходнія народы размясціліся ў даліне, шматлікія, як саранча. Таксама вярблюдаў было без ліку, як пяску, што ляжыць на берагах мора. Калі туды прыйшоў Гедэон, хтосьці расказваў сон суразмоўніку свайму і гаварыў: «Я, вось, бачыў сон, і здавалася мне, што ячны хлеб, спечаны ў прыску, прыкаціўся і спусціўся да лагера мадыянцаў, і, калі дакаціўся да палаткі, ударыў яе, і перавярнуў яе, і цалкам зраўняў з зямлёю». І адказаў той, каму расказваў: «Гэта не што іншае, як меч Гедэона, сына Ёаса, ізраэльца; аддаў Бог у рукі яго мадыянцаў і ўвесь лагер іх». І калі Гедэон пачуў аповед пра сон і яго тлумачэнне, пакланіўся Богу і, вярнуўшыся ў лагер, загадаў: «Устаньце, бо Госпад аддаў у рукі вашыя лагер мадыянцаў». І падзяліў ён трыста чалавек на тры часткі, і даў у рукі іх трубы і пустыя збаны з паходнямі ўсярэдзіне, і сказаў ім: «Глядзіце на мяне і рабіце тое ж самае, што я; я дайду да крайняй часткі лагера, і што я буду рабіць, тое і вы рабіце. Калі затрубіць труба, што ў руцэ маёй і ўсіх тых, хто са мною, вы таксама трубіце кругом лагера і крычыце: “За Госпада і за Гедэона!”» І дайшоў Гедэон і сто мужчын, якія былі з ім, да крайняй часткі лагера ў пачатку сярэдняй начной варты, калі толькі паставілі вартаўнікоў, і затрубілі яны ў трубы, і разбілі збаны. І калі затрубілі ў трубы тры дружыны і разбілі збаны, узялі ў левую руку паходні, а ў правую — трубы, каб імі трубіць, і крычалі: «За Госпада і за Гедэона!» І кожны — на сваім месцы вакол лагера ворагаў. Такім чынам, увесь лагер быў напалоханы і кінуўся ўцякаць з лямантам і крыкамі. І працягвалі тыя трыста чалавек трубіць у трубы. І напусціў Госпад меч на ўвесь лагер, і забівалі яны адзін аднаго, уцякаючы да Бэтсэты, Сарэды і берага Абэл-Мэхолы ў Тэбаце. Сабраліся ж ізраэльцы з пакаленняў Нэфталі і Асэра і з усяго пакалення Манасы і гналіся за мадыянцамі. Гедэон паслаў пасланцоў на ўсе горы Эфраіма, абвяшчаючы: «Выступайце супраць мадыянцаў і займіце воды да Бэтбэры і Ярдана». І сабраліся ўсе сыны Эфраіма, і заступілі броды на Ярдане аж да Бэтбэры. І захапілі яны двух князёў мадыянскіх: Арэба і Зэба, і забілі Арэба на скале Арэб, а Зэба — у давільні Зэб; і гналіся далей за мадыянцамі, а галовы Арэба і Зэба прынеслі Гедэону за раку Ярдан.
І сказалі Гедэону сыны Эфраіма: «Што гэта такое, што нас не захацеў ты браць ваяваць супраць мадыянцаў?» — і моцна з ім спрачаліся, ледзь не ўступаючы ў бойку. Ён ім адказаў: «Ці мог я зрабіць штосьці такое, што вы зрабілі? Ці не лепшы вінаград у Эфраіма, чым у Абіязэра вінаград? У вашыя рукі аддаў Бог князёў мадыянскіх Арэба і Зэба. Што болей мог я зрабіць у параўнанні з вамі?» Калі ён гэта сказаў, супакоіўся дух іх, што абураўся супраць яго. І калі Гедэон прыбыў да Ярдана, перайшоў яго з трымастамі ваярамі, што з ім былі, і ледзь маглі ісці, стомленыя пераследаваннем ворагаў. І сказаў Гедэон жыхарам Сукота: «Дайце, прашу, людзям маім хлеба, бо яны вельмі стаміліся, а я пераследую Зэбаха і Салману, цароў мадыянскіх». Князі Сукота адказалі: «Ці ўжо рукі Зэбаха і Салманы ў тваіх руках, каб мы далі хлеба твайму войску?» Ён ім кажа: «Такім чынам, калі выдасць Госпад Зэбаха і Салману ў рукі мае, я буду малаціць целы вашыя з цернем пустынным і чылімам». І пайшоў адтуль і прыйшоў у Пэнуэль, і падобна прасіў жыхароў тае мясцовасці. І тыя яму адказалі, як адказалі жыхары Сукота. Такім чынам, і ім ён сказаў: «Калі вярнуся ў супакоі, разбуру гэтую вежу». А Зэбах і Салмана адпачывалі ў Каркары з усім сваім войскам, каля пятнаццаці тысяч ваяроў, якія засталіся з усіх дружынаў усходніх народаў, а тых, што загінулі, было сто дваццаць тысяч чалавек, што валодалі мечам. А Гедэон пайшоў шляхам тых, што заставаліся ў палатках на ўсходнім баку Нобэ і Егбаі, і напаў на лагер ворагаў, якія былі бесклапотнымі і не падазравалі нічога дрэннага. І Зэбах і Салмана ўцяклі, а Гедэон іх пераследаваў і схапіў абодвух цароў Мадыяна, Зэбаха і Салману, а ўсё войска іх разбіў. І, вяртаючыся з вайны праз узыходжанне ў Гарэс, Гедэон, сын Ёаса, схапіў юнака з жыхароў Сукота, і выпытаў у яго імёны князёў і старэйшын Сукота, а ён напісаў яму [імёны] сямідзесяці сямі чалавек. І прыйшоў ён да жыхароў Сукота, і сказаў ім: «Вось Зэбах і Салмана, дзеля якіх вы ўпікалі мне, кажучы: “Ці ж рукі Зэбаха і Салманы ўжо ў тваіх руках, каб мы давалі хлеб ваярам тваім, якія зняможаны?”» Такім чынам, схапіў ён старэйшын горада, і церні пустынныя, і чылім і змалаціў з імі жыхароў Сукота. Таксама вежу Пэнуэля разбурыў, забіўшы жыхароў горада. І сказаў Зэбаху і Салмане: «Што гэта за людзі былі, якіх вы забілі ў Таборы?» Яны адказалі: «Яны былі падобныя да цябе, і кожны з іх меў выгляд сына царскага». Ён ім сказаў: «Гэта былі браты мае, сыны маці маёй. Жыве Госпад, калі б вы іх захавалі, то і я вас не забіў бы!» І даў загад Етэру, першароднаму свайму: «Устань і забі іх!» Ён не выцягнуў меча; бо баяўся, бо быў яшчэ малы. І сказалі Зэбах і Салмана: «Ты сам устань і забі нас, бо адпаведна ўзросту чалавека сіла яго». Падняўся Гедэон, і забіў Зэбаха і Салману, і забраў паўмесяцы, якімі былі ўпрыгожаны шыі іх вярблюдаў. І сказалі ізраэльцы Гедэону: «Валадар над намі ты, і сын твой, і сын сына твайго, бо вызваліў ты нас з рук мадыянцаў». Кажа ён ім: «Не буду валадарыць я над вамі, і не будзе валадарыць над вамі мой сын, але будзе валадарыць Госпад». І сказаў ім: «Адну толькі маю просьбу да вас: дайце мне кожны па кольцу з вашай здабычы». Бо звычайна залатыя кольцы насілі ізмаэльцы. Яны адказалі: «Вельмі ахвотна дамо». І, расклаўшы плашч на зямлі, кожны са сваёй здабычы паклаў на ім залатое кольца. І вага патрабаваных кольцаў была тысяча семсот сікляў золата, не ўлічваючы паўмесяцаў, завушніц і пурпуровых шатаў, якія звычайна насілі цары мадыянскія, таксама не ўлічваючы хамутоў вярблюдаў. І з іх зрабіў Гедэон эфод і паставіў яго на радзіме сваёй, у Эфры. І ўвесь Ізраэль чужаложыў там, і сталася гэта для Гедэона і яго сям’і загубай. Зняважыліся ж мадыянцы перад сынамі Ізраэля і не змаглі падняць болей галавы, а зямля сорак гадоў супачывала, калі жыў Гедэон. А Ерабаал, сын Ёаса, пайшоў і жыў у сваім доме; і Гедэон меў семдзесят сыноў, што выйшлі са сцёгнаў яго, бо меў многа жонак. Таксама адна з наложніц яго, якая пражывала ў Сіхэме, нарадзіла яму сына, якому сам ён даў імя Абімэлех. І Гедэон, сын Ёаса, памёр у добрай старасці, і пахаваны быў у магіле Ёаса, бацькі свайго, у Эфры сыноў Абіязэра. А па смерці Гедэона зноў сыны Ізраэля адвярнуліся ад Госпада і паганіліся з Баалам, і паставілі Баал-Бэрыта за бога сабе. І забыліся сыны Ізраэля на Госпада, Бога свайго, Які вызваліў іх з рукі ўсіх ворагаў іх навакол. І не былі яны міласэрнымі з сям’ёй Ерабаала Гедэона, нягледзячы на ўсё дабро, што зрабіў ён для Ізраэля.
Абімэлех жа, сын Ерабаала, пайшоў у Сіхэм да братоў маці сваёй і сказаў ім і ўсяму роду з дому маці сваёй, кажучы: «Скажыце ўсім людзям у Сіхэме: “Што вам лепш: каб валадарылі над вамі ўсе семдзесят сыноў Ерабаала ці каб валадарыў над вамі адзін чалавек? І прытым майце на ўвазе, што я — косць з косці вашай і цела з цела вашага”». І браты маці яго расказвалі пра яго ўсім людзям у Сіхэме ўсімі гэтымі словамі, і сэрцы іх прыхіліліся да Абімэлеха, бо яны казалі: «Гэта брат наш!» І далі яму семдзесят сікляў срэбра з дома Баал-Бэрыта; ён сабраў сабе адтуль людзей наёмных і бадзяжных, якія пайшлі за ім. І вярнуўся ён у дом бацькі свайго ў Эфры, і на адным камені забіў сваіх братоў, сыноў Ерабаала, семдзесят чалавек. І не забіў толькі Ёатама, наймалодшага сына Ерабаала, бо ён схаваўся. І сабраліся ўсе мужчыны з Сіхэма і ўвесь Бэт-Міло, і пайшлі ды паставілі Абімэлеха царом каля дуба, што стаяў у Сіхэме. Калі паведамілі аб гэтым Ёатаму, ён пайшоў і стаў на вяршыні гары Гарызім і, павысіўшы голас, усклікнуў і сказаў: «Слухайце мяне, людзі Сіхэма, і хай пачуе вас Бог. Сабраліся дрэвы, каб выбраць сабе цара, і сказалі яны аліўцы: “Царуй над намі.” Яна адказала: “Ці ж магу я вырачыся сваёй сакавітасці, якой ганарацца і багі, і людзі, і пайсці, каб хістацца па-над дрэвамі?” Дык сказалі дрэвы дрэву фігаваму: “Хадзі і прымі цараванне над намі”. Адказала ім дрэва фігавае: “Ці ж маю я вырачыся салодкасці сваёй і найпрыемнейшых пладоў і ісці, каб хістацца па-над другімі дрэвамі?” Таксама сказалі дрэвы вінаграду: “Хадзі і будзь царом над намі”. Вінаградная лаза сказла ім: “Ці магу вырачыся свайго віна, што весяліць багоў і людзей, каб хістацца па-над дрэвамі?” І сказалі ўсе дрэвы крушыне: “Хадзі і будзь царом над намі!” Адказала ім крушына: “Калі сапраўды хочаце мяне памазаць на цара, то хадзіце і адпачніце ў маёй засені; а калі не жадаеце, хай агонь выйдзе з цярніны і спаліць кедры лібанскія!” Такім чынам, цяпер, калі справядліва і без граху вы паставілі над сабой царом Абімэлеха, і калі добра абышліся з Ерабаалам і з домам яго, і адплацілі за дабрадзействы таго, хто ваяваў за вас і жыццё сваё ставіў пад небяспеку, каб выратаваць вас з рук мадыянцаў, а вы сёння паўсталі супраць дому бацькі майго і забілі сыноў яго семдзесят чалавек на адным камені, і выбралі сабе царом Абімэлеха, сына паслугачкі яго, над жыхарамі Сіхэма, бо ён брат ваш; дык калі справядліва ўчынілі вы і без памылкі з Ерабаалам і домам яго сёння, то цешцеся з Абімэлеха, і хай ён цешыцца з вас. Калі ж крывадушна зрабілі, хай агонь выйдзе з Абімэлеха і спаліць жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і хай выйдзе агонь з жыхароў Сіхэма і Бэт-Міло і спаліць Абімэлеха!» Калі гэта Ёатам сказаў, ён уцёк і адышоў у Бэру і абжыўся там, баючыся брата свайго Абімэлеха. І цараваў над Ізраэлем Абімэлех тры гады. І пусціў Бог духа найгоршага між Абімэлехам і жыхарамі Сіхэма, якія ўзбунтаваліся супраць яго, каб злачынства забойства сямідзесяці сыноў Ерабаала і праліццё крыві іх павярнулася на Абімэлеха, брата іх, і на жыхароў Сіхэма, якія яму дапамагалі. І жыхары Сіхэма зрабілі засаду на яго на вяршыні гары, і ўчынялі напады, рабуючы кожнага, хто праходзіў тою дарогаю. І паведамлена было аб гэтым Абімэлеху. Тады Гаал, сын Абэда, прыйшоў з братамі сваімі ў Сіхэм, і жыхары Сіхэма паверылі яму. І, выйшаўшы на палі, рвалі яны вінаградныя лозы, і выціскалі вінаградныя гронкі, і, утварыўшы хоры спевакоў, увайшлі яны ў святыню бога свайго, і між снеданнем і выпіўкай пракліналі Абімэлеха, калі казаў Гаал, сын Абэда: «Хто такі Абімэлех і хто такі Сіхэм, каб мелі мы служыць яму? Ці ж ён не сын Ерабаала, а Зэбул — яго ўрадовец? Служыце людзям Гамора, бацькі Сіхэма! Навошта мы будзем яму служыць? Каб хто аддаў гэты народ пад маю руку, я прагнаў бы Абімэлеха і сказаў бы яму: “Збяры сваё вялікае войска і прыходзь!”» Зэбул, кіраўнік горада, пачуўшы гаворку Гаала, сына Абэда, вельмі раззлаваўся і паслаў таемна пасланцоў да Абімэлеха, паведамляючы: «Вось, Гаал, сын Абэда, і яго браты прыбылі ў Сіхэм і падбухторваюць горад супраць цябе. Дык устань уночы ты і народ твой і схавайцеся ў полі. А раніцай, калі сонца ўзыдзе, нападзі на горад, а калі ён і народ, які з ім, выйдзе супраць цябе, зробіш з ім тое, што зможаш». Дык устаў Абімэлех з усім войскам сваім уночы і ў чатырох месцах зрабілі засаду супраць Сіхэма. І Гаал, сын Абэда, выйшаў і стаў на ўваходзе ў браму горада; устаў таксама і Абімэлех і ўсё войска з ім з месца засады. І калі Гаал убачыў войска, ён звярнуўся да Зэбула: «Вось, мноства людзей сыходзіць з гор». Адказаў яму Зэбул: «Гэта цені гор, а табе здаецца, што людзі». І зноў Гаал кажа: «Вось, народ сыходзіць з сярэдзіны зямлі, а адзін клін ідзе па дарозе Аўгуравых Дубоў». Тады сказаў яму Зэбул: «Дзе ж твае вусны цяпер, якімі ты казаў: “Хто такі Абімэлех, каб мелі мы яму служыць?” Ці ж гэта не той народ, якім ты пагарджаеш? Ідзі і ваюй супраць яго». Дык пайшоў Гаал, бо глядзеў на яго народ сіхэмцаў, і ваяваў супраць Абімэлеха. Гнаў яго Абімэлех, і ён уцякаў, і загінулі вельмі многія з яго боку ў дарозе да брамы горада. І Абімэлех вярнуўся ў Аруму; а Гаала і братоў яго Зэбул выгнаў з горада, забараніўшы ім жыць у ім. І назаўтра выйшаў народ на поле. Паколькі было аб гэтым паведамлена Абімэлеху, ён сабраў войска сваё і падзяліў на тры дружыны, зрабіўшы засаду ў палях. І, бачачы, што народ выходзіць з горада, устаў і пабіў іх. І ён са сваёй дружынай напаў і захапіў уваход у браму горада; а дзве другія дружыны пабілі ворагаў, якія разбегліся па полі. Затым Абімэлех увесь той дзень атакаваў горад, і здабыў яго, і, забіўшы жыхароў яго, а сам горад знішчыўшы, пасыпаў яго соллю. Калі гэта пачулі тыя, што былі ў Сіхэмскай вежы, яны сышлі ў падзямелле свяцілішча Эль-Бэрытаa. Таксама Абімэлех, пачуўшы, што ўсе людзі з Сіхэмскай вежы схаваліся ў адным месцы, з усім народам сваім падняўся на гару Сэлмон, і, узяўшы сякеру, адсек сук ад дрэва, і, несучы яго ўскладзеным на плячо, загадаў тым, хто быў з ім: «Вы бачыце, што я раблю, — хутка рабіце тое ж». І яны, навыперадкі адсякаючы галлё з дрэў, пайшлі за кіраўніком, і падпалілі галлё, якім абклалі падзямелле; і здарылася так: ад дыму і агню ўсе людзі пагінулі, каля тысячы мужчын, і столькі ж жанчын, жыхароў Сіхэмскай вежы. А адтуль выправіўшыся, Абімэлех прыйшоў да горада Тэбэц, які ён абкладваў, і здабыў яго. А ў сярэдзіне горада была моцная вежа, у якой схаваліся і мужчыны, і жанчыны, і ўсе грамадзяне горада, вельмі моцна замкнуўшы браму, і ўзышлі на дах той вежы, стаўшы ўздоўж умацаванняў. І Абімэлех, падышоўшы пад самую вежу, настойліва змагаўся, і, наблізіўшыся, ён пажадаў падпаліць браму. І вось, нейкая жанчына скінула на галаву Абімэлеха даволі вялікі камень, што ляжаў наверсе, і разбіла чэрап яго. Ён хутка паклікаў свайго збраяносца і сказаў яму: «Дастань меч свой і забі мяне, каб часам не сказалі, што я забіты жанчынаю». Ён ударыў яго мечам. І, калі ён памёр, усе мужчыны Ізраэля, бачачы гэта, вярнуліся ў свае пасяленні. Так Бог аддаў яму за зло, якое зрабіў Абімэлех бацьку свайму, забіўшы семдзесят братоў сваіх. Таксама жыхарам Сіхэма было аддадзена за ўсё, што яны зрабілі, і на іх прыйшоў праклён Ёатама, сына Ерабаала.
Па Абімэлеху на вызваленне Ізраэля паўстаў кіраўнік Тола, сын Пувы, сына Дадо, чалавек з пакалення Ісахара, які жыў у Саміры на гары Эфраіма. І ён судзіў Ізраэль дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Саміры. Па ім быў Яір з Галаада, які судзіў Ізраэль дваццаць два гады. І меў ён трыццаць сыноў, якія ездзілі на трыццаці маладых аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сённяшні дзень называюцца Гавот Яірa, яны ў зямлі Галаад. І памёр Яір, і пахаваны ён у Камоне. А сыны Ізраэля, далучаючы да старых грахоў новыя, чынілі зло перад абліччам Госпада, і служылі яны Баалам і Астартам, багам Арама, Сідона і Мааба, і сынам Амона і Філістына; і пакінулі яны Госпада, і не пакланяліся Яму. І, разгневаўшыся на іх, Госпад аддаў іх у рукі Філістына і ў рукі сыноў Амона. І яны вынішчалі і страшна ўціскалі ўсе васемнаццаць гадоў сыноў Ізраэля, што жылі за Ярданам у зямлі амарэяў у Галаадзе, настолькі, што сыны Амона пераходзілі Ярдан, каб ваяваць супраць Юды і Бэньяміна і дому Эфраіма; і быў Ізраэль у вялікім уціску. І клікалі сыны Ізраэля Госпада, і казалі: «Зграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу». Сказаў ім Госпад: «Калі егіпцяне, і амарэі, і сыны Амона, і філістынцы, сідонцы, а таксама Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы прызывалі Мяне, ці ж Я не вырваў вас з іх рук? А вы ўсё роўна пакінулі Мяне і пакланяліся чужым багам; таму не буду ратаваць вас болей. Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі: хай яны вас ратуюць у час гора!» І казалі сыны Ізраэля Госпаду: «Зграшылі мы; зрабі Ты з намі, што Табе падабаецца, толькі цяпер выратуй нас!» Сказаўшы гэта, выкінулі яны са сваіх межаў усіх ідалаў чужых багоў, і служылі Госпаду, Які пашкадаваў Ізраэль у яго горы. Такім чынам, сыны Амона сабраліся і паставілі палаткі ў Галаадзе; насупраць іх у Міцпе сабраліся сыны Ізраэля і там сталі лагерам. І гаварылі народ і князі галаадскія, кожны асобна — блізкім сваім: «Хто супраць сыноў Амона пачне ваяваць першы, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Галаада».
А Яфтах Галаадзец быў вельмі мужным ваяром, быў ён сын распусніцы, бацькам яго быў Галаад. А Галаад меў жонку, ад якой меў сыноў, якія, як падраслі, выгналі Яфтаха, кажучы: «Не можаш быць спадкаемцам у доме бацькі нашага, бо нарадзіўся ад другой жанчыны». І ён, уцякаючы ад іх і пазбягаючы іх, абжыўся ў зямлі Тоб; і сабраліся пры ім людзі бадзяжныя, і выходзілі з ім. У тыя дні сыны Амона ваявалі супраць Ізраэля. Калі яны рашуча наступалі, прыйшлі старэйшыны галаадскія, каб узяць у дапамогу сабе Яфтаха з зямлі Тоб. І сказалі яму: «Хадзі і будзь нашым кіраўніком, і будзем ваяваць супраць сыноў Амона». Ён ім адказаў: «Ці ж вы не зненавідзелі мяне і не выкінулі мяне з дому бацькі майго? А цяпер прыйшлі да мяне, калі бяда вас прыціснула». І сказалі Яфтаху князі Галаада: «Вось з гэтае прычыны і прыйшлі мы зараз да цябе, каб ты пайшоў з намі, і ваяваў супраць сыноў Амона, і быў кіраўніком усіх, што жывуць у Галаадзе». Яфтах ізноў сказаў ім: «Калі вы клічаце мяне, каб я ваяваў за вас супраць сыноў Амона, і калі аддасць іх Госпад у рукі мае, я буду вашым кіраўніком». Яны адказалі яму: «Сам Госпад, Які чуе гэта, будзе пасрэднікам і сведкам, што споўнім слова тваё». І пайшоў Яфтах з князямі Галаада, і ўвесь народ зрабіў яго сваім кіраўніком. І ўсе гэтыя словы свае сказаў Яфтах перад Госпадам у Міцпе. І паслаў Яфтах пасланцоў да цара сыноў Амона, каб яны сказалі ім ад яго імя: «Што ёсць у мяне і ў цябе, што ты прыйшоў ваяваць супраць мяне, каб захапіць маю зямлю?» Ён ім адказаў: «Бо Ізраэль забраў зямлю маю, калі выйшаў з Егіпта, ад межаў Арнона да Ябока і Ярдана; такім чынам, вярні мне яе цяпер з мірам». І паўторна выправіў Яфтах пасланцоў, і загадаў ім, каб сказалі яны цару Амона: «Гэта кажа Яфтах: “Не забраў Ізраэль зямлі Мааба, ані зямлі сыноў Амона. Але калі яны выходзілі з Егіпта, вандраваў Ізраэль праз пустыню аж да Чырвонага мора і прыбыў у Кадэс; і паслалі пасланцоў да цара Эдома, кажучы: “Дазволь, каб прайшоў я праз тваю зямлю”. Не пажадаў ён згадзіцца на яго просьбы. Паслаў таксама і да цара Мааба, але і ён не захацеў дазволіць пераход. Дык заставаўся Ізраэль у Кадэсе. І, абыходзячы праз пустыню, абышоў збоку зямлю Эдома і зямлю Мааба, і прыйшоў на ўсходні бок зямлі Мааба, і стаў лагерам за Арнонам, і не пажадаў увайсці ў зямлю Мааба; бо Арнон ёсць мяжой Мааба. Такім чынам, паслаў Ізраэль пасланцоў да Сэгона, цара амарэяў, цара Хесебона, і сказаў яму: “Дазволь, каб перайшоў я праз зямлю тваю аж да месца майго”. Але і ён не згадзіўся прапусціць яго праз межы свае, але, сабраўшы ўвесь народ свой, выступіў супраць Ізраэля ў Ясе і мужна ваяваў з ім. І аддаў яго Госпад у рукі Ізраэля з усім яго войскам, ён пабіў яго і завалодаў усёй зямлёй амарэяў, жыхароў гэтай краіны, усімі яго межамі ад Арнона да Ябока і ад пустыні аж да Ярдана. Дык Госпад, Бог Ізраэля, скінуў амарэяў перад народам Сваім, Ізраэлем; а ты цяпер хочаш мець зямлю яго? Ці не ўсё тое, што дае табе бог твой Хамос ва ўласнасць, павінна табе належаць па праву? А што Госпад, Бог наш, пераможца, даў нам, мы маем ва ўласнасці. Ці ты лепшы за Балака, сына Сэфора, цара Мааба? Ці ж сварыўся ён з Ізраэлем і ці ваяваў супраць яго? Ізраэль жыў у Хесебоне і ў сёлах яго, і ў Араэры і ў вёсках яго, і ва ўсіх гарадах каля Арнона ўжо трыста гадоў, чаму за такі час вы не выгналі іх? Такім чынам, не я грашу адносна цябе, але ты супраць мяне дзейнічаеш нядобра, абвяшчаючы мне несправядлівыя войны. Хай Госпад рассудзіць сёння справу між сынамі Ізраэля і сынамі Амона!”» Але цар сыноў Амона не пажадаў згадзіцца на словы Яфтаха, якія ён пераказаў праз пасланцоў. І Дух Госпадаў быў на Яфтаху, і ён, праходзячы Галаад і Манасу, прыбыў у Міцпу ў Галаадзе, а адтуль — да сыноў Амона. Ён жа даў абяцанне Госпаду, кажучы: «Калі Ты аддасі сыноў Амона ў мае рукі, то хто б ні выйшаў першым з брамы дома майго і хто б ні выбег насустрач мне, калі вярнуся я з мірам ад сыноў Амона, таго аддам я на цэласпаленне Госпаду». І пайшоў ён супраць сыноў Амона, каб ваяваць з імі, і аддаў Госпад іх у рукі яго. І разбіў Яфтах іх ад Араэра аж да мясцовасці Мэніт, а гэта дваццаць гарадоў, і далей аж да Абэл-Хорміма, разгром іх быў страшны, і ўпакораныя былі сыны Амона сынамі Ізраэля. Калі вярнуўся Яфтах у Міцпу, у дом свой, выбегла насустрач яму дачка яго адзіная з тымпанамі і скокамі: бо ён не меў апроч яе дзяцей. І, убачыўшы яе, раздзёр ён адзенне сваё і сказаў: «Ах, дачка мая, ламаючы, ты зламала мяне! І ты ў ліку тых, якія турбуюць мяне! Адчыніў я вусны мае Госпаду і не змагу вырачыся гэтага». Яна яму адказала: «Айцец мой, калі ты адкрыў вусны свае перад Госпадам, зрабі са мною ўсё, што ты паабяцаў, дзеля помсты, дазволенай табе Госпадам, і дзеля перамогі над ворагамі тваімі, сынамі Амона». І далей гаварыла яна бацьку: «Толькі адно, што прашу: дазволь мне, каб на працягу двух месяцаў я са сваімі сяброўкамі абышла горы кругом і аплакала дзявоцтва сваё». Ён ёй адказаў: «Ідзі!» І адпусціў яе на два месяцы. І калі пайшла яна з сяброўкамі сваімі, яна аплаквала дзявоцтва сваё ў гарах. І па двух месяцах вярнулася да бацькі свайго; і ўчыніў ён з ёй, як абяцаў, і яна не пазнала мужа. Адсюль узяўся звычай у Ізраэля, і звычай захаваўся, што кожны год сыходзіліся на чатыры дні дочкі Ізраэля, і аплаквалі дачку Яфтаха з Галаада.
І вось пакліканыя мужчыны Эфраіма прыйшлі на поўнач і сказалі Яфтаху: «Чаму пайшоў ты ваяваць з сынамі Амона і не захацеў нас паклікаць, каб ішлі з табой? За гэта мы спалім дом твой разам з табою». Ён адказаў ім: «Я і народ мой мелі вялікае змаганне з сынамі Амона, і клікаў я вас, каб вы мне дапамаглі, але вы не пажадалі зрабіць гэта. Бачачы гэта, аддаў я жыццё сваё ва ўласныя рукі і пайшоў на сыноў Амона, і выдаў іх Госпад у рукі мае. Чым я заслужыў, што сёння вы падымаецеся ваяваць супраць мяне?» І, сабраўшы да сябе ўсіх мужчын Галаада, ён ваяваў супраць Эфраіма. І пабілі мужчыны галаадскія Эфраім, бо той казаў: «Вы — уцекачы з Эфраіма; Галаад жыве пасярод Эфраіма і Манасы». І занялі галаадцы броды на Ярдане, якімі эфраімцы маглі вярнуцца. І калі да броду прыбываў хто з ліку Эфраіма і казаў: «Прашу, дазвольце мне прайсці», — то галаадцы казалі яму: «Ці ты эфраімец?» Калі той казаў: «Не», пыталіся ў яго: «Тады скажы: “Шыбалет”», і ён адказваў: «Сібалет», бо не мог правільна вымавіць. І адразу ж бралі яго і забівалі каля самага броду на Ярдане. І загінула ў той час у Эфраіма сорак дзве тысячы. І Яфтах Галаадзец судзіў Ізраэль шэсць гадоў, і памёр, і быў пахаваны ў сваім горадзе ў Галаадзе. Пасля яго судзіў Ізраэль Абэсан з Бэтлехэма. Ён меў трыццаць сыноў і столькі ж дачок, і пааддаваў іх замуж за свае межы; а адтуль прывёў трыццаць жонак для сваіх сыноў. Ён судзіў Ізраэль сем гадоў; і памёр, і быў пахаваны ў Бэтлехэме. Па ім судзіў Ізраэль Аялон Забулонец, і судзіў ён Ізраэль дзесяць гадоў; і памёр ён, і быў пахаваны ў Аялоне ў зямлі Забулона. Па ім судзіў Ізраэль Абдон, сын Ілеля з Паратона. Ён меў сорак сыноў і ад іх трыццаць унукаў, якія ездзілі на сямідзесяці маладых аслах. І судзіў ён Ізраэль восем гадоў; і памёр ён, і пахаваны быў у Паратоне, у зямлі Эфраім на гары Амалека.
І сыны Ізраэля зноў пачалі рабіць ліха перад абліччам Госпада, Які аддаў іх на сорак гадоў у рукі філістынцаў. У Цоры быў нейкі чалавек з пакалення Дана на імя Маноах, які меў бясплодную жонку. З’явіўся Анёл Госпадаў той жанчыне і сказаў ёй: «Вось, ты бясплодная і бяздзетная, але пачнеш і народзіш сына. Дык сцеражыся, каб не піць ані віна, ані сікеры, і нічога нячыстага не есці, бо пачнеш і народзіш сына, галавы якога не дакранецца лязо: ён будзе назірам Божым ад улоння маці і ён пачне выратоўваць Ізраэль з рук філістынцаў». Калі яна прыйшла да мужа, яна сказала яму: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, меў аблічча ён Анёла Госпадавага, што наводзіць вялікі жах. Не пытала я яго, адкуль ён, і не назваў ён мне свайго імя. І ён сказаў мне: “Неўзабаве пачнеш і народзіш сына. Сцеражыся, каб не піць віна і сікеры, і нічога нячыстага не есці, бо хлопец будзе назірам Божым ад улоння маці аж да дня смерці сваёй”». Дык маліўся Маноах Госпаду і казаў: «Прашу Цябе, Госпадзе, хай чалавек Божы, якога Ты паслаў, прыйдзе зноў і навучыць нас, што мы павінны рабіць з юнаком, які мае нарадзіцца». І выслухаў Госпад просьбу Маноаха, і з’явіўся зноў Анёл Божы жанчыне, якая сядзела ў полі. А мужа яе, Маноаха, не было разам з ёю. Дык яна паспяшалася, і прыбегла да мужа свайго, і паведаміла яму, кажучы: «Вось, з’явіўся мне чалавек, які ў той дзень прыйшоў да мяне». Ён устаў, і пайшоў за жонкай сваёй, і, падышоўшы да чалавека таго, сказаў яму: «Ці ты той, хто размаўляў з жонкай маёй?» А ён адказаў: «Я». Кажа яму Маноах: «Калі споўніцца слова тваё, як нам сябе паводзіць з хлопцам і што маем рабіць?» І сказаў Маноаху Анёл Госпадаў: «Хай усяго таго, аб чым я сказаў жонцы тваёй, яна сцеражэцца; хай не есць нічога, што з вінаграду паходзіць, хай не п’е ані віна, ані сікеры, хай нічога не есць нячыстага, і хай тое, што я загадаў, выконвае». І сказаў Маноах Анёлу Госпадаву: «Дазволь затрымаць цябе, пакуль прыгатуем для цябе казляня з казінага статка». Анёл Госпадаў адказаў яму: «Калі ты мяне затрымаеш, я не буду есці хлеба твайго; а калі хочаш прыгатаваць цэласпаленне, ахвяруй яго Госпаду». І Маноах не ведаў, што гэта Анёл Госпадаў. І сказаў ён яму: «Якое імя тваё, каб, калі слова тваё споўніцца, мы ўшанавалі цябе?» Анёл адказаў яму: «Навошта ты пытаешся пра імя маё? Яно таемнае». Дык прынёс Маноах казляня з казінага статка і ахвяру з ежы і паклаў на скале, ахвяруючы Госпаду, Які творыць цуды; і глядзелі на гэта Маноах і жонка яго. І калі полымя паднялося з ахвярніка ў неба, таксама Анёл Госпадаў падняўся ў полымі. Калі гэта ўбачылі Маноах і жонка яго, упалі з паклонам на зямлю; і ўжо болей не з’яўляўся ім Анёл Госпадаў. Тады зразумеў Маноах, што гэта Анёл Госпадаў, і сказаў жонцы сваёй: «Смерцю мы памром, бо мы бачылі Бога». Адказала яму жонка: «Калі б Госпад хацеў нас забіць, то не прыняў бы з рук нашых цэласпалення і ахвяры з ежы, і не даў бы бачыць нам усяго гэтага, і не сказаў бы нам такіх слоў». Пасля нарадзіла яна сына і назвала яго імем Самсон. І хлопец рос, і дабраслаўляў яго Госпад. І Дух Госпадаў пачаў сыходзіць на яго ў лагеры Дана між Цораю і Эстаолам.
І пайшоў Самсон у Тамну, і, убачыўшы там жанчыну з дачок філістынскіх, ён вярнуўся, і заявіў бацьку свайму і маці, кажучы: «У Тамне бачыў я жанчыну з дачок філістынскіх, прашу, каб вы ўзялі яе мне за жонку». Бацька і маці яго сказалі яму: «Ці ж няма жанчыны між дачок братоў тваіх і ва ўсім народзе тваім, што захацеў ты ўзяць сабе жонку ў філістынцаў, якія неабрэзаныя?» І сказаў Самсон бацьку свайму: «Вазьмі яе мне, бо ўпадабалі яе вочы мае». Бацькі ж яго не ведалі, што гэта справа Госпада і што Ён шукае прычыны выступіць супраць філістынцаў. Бо ў той час філістынцы валадарылі над Ізраэлем. І пайшоў Самсон з бацькам сваім і маці ў Тамну. І, калі падыходзілі яны да вінаграднікаў горада, выскачыў з рыкам малады леў і пабег насустрач яму. І сышоў тады на Самсона Дух Госпадаў, і ён разадраў ільва на кускі, як казляня, зусім нічога не маючы ў руках. Але бацьку і маці аб гэтым не пажадаў сказаць. І прыйшоў, і размаўляў з жанчынай, якую ўпадабалі яго вочы. І па нейкім часе, калі ён вяртаўся, каб забраць яе, ён сышоў у бок, каб убачыць труп ільва; і вось, рой пчол быў на яго целе і пчаліныя соты з мёдам. І, узяўшы іх у рукі, ён еў мёд у дарозе; і, вярнуўшыся да бацькі свайго і маці, ім даў частку, каб і яны пакаштавалі. Але не хацеў ім казаць, што мёд узяў з цела льва. Дык бацька яго пайшоў да тае жынчыны, і справіў там Самсон банкет, бо так звычайна робяць нарачоныя. А калі жыхары таго месца ўбачылі яго, яны далі яму трыццаць вясельных сяброў, якія былі пры ім. Сказаў ім Самсон: «Загадаю я вам загадку: калі разгадаеце мне яе за сем дзён банкету, дам я вам трыццаць шатаў ільняных і столькі ж тунікаў. А калі не зможаце разгадаць, вы дасцё мне трыццаць шатаў ільняных і такую ж колькасць тунікаў». Яны адказалі яму: «Загадвай сваю загадку, каб мы паслухалі яе». І ён сказаў ім: «З таго, хто есць, выйшла ежа, а з дужага выйшла слодыч». І тры дні не маглі яны адгадаць загадку. А калі надышоў чацвёрты дзень, сказалі яны жонцы Самсона: «Прылашчы мужа свайго і ўгавары яго, каб ён сказаў табе, што азначае загадка; калі не пажадаеш зрабіць гэта, спалім цябе і дом бацькі твайго: ці вы таму запрасілі нас сюды, каб абрабаваць нас?» Ліла слёзы жонка Самсона перад ім і скардзілася, кажучы: «Ненавідзіш ты мяне і не любіш, таму загадку, якую загадаў сынам народа майго, не хочаш мне растлумачыць». А ён адказаў: «Нават бацьку свайму і маці не жадаю гаварыць аб гэтым, а як магу табе растлумачыць?» Дык яна плакала перад ім сем дзён, калі спраўлялі банкет: сёмага дня ўрэшце растлумачыў ён ёй загадку, бо яна вельмі дакучала яму. А яна адразу ж перадала гэта суайчыннікам сваім. І яны сёмага дня перад захадам сонца сказалі яму: «Што саладзейшае за мёд, і хто дужэйшы за льва?» Ён ім сказаў: «Калі б вы не аралі ялаўкай маёй, не разгадалі б маёй загадкі». Тады сышоў на яго Дух Госпадаў, і ён пайшоў у Аскалон, і забіў там трыццаць чалавек: знятае з іх адзенне аддаў ён тым, якія разгадалі загадку. І, разгневаны дужа, вярнуўся ў дом бацькі свайго. Жонка ж Самсонава выйшла за аднаго з вясельных сяброў яго.
А па нейкім часе, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон прыйшоў, жадаючы наведаць жонку сваю, і прынёс ёй казляня з казінага статка. Калі хацеў увайсці, як звычайна, у пакой яе, бацька яе забараніў яму, кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму; але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе: хай яна будзе табе жонкаю». Адказаў яму Самсон: «З гэтага дня не буду вінаваты адносна філістынцаў, бо буду вам рабіць шкоду». І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і звязаў іх хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні. Запаліўшы паходні, ён пусціў лісаў, каб яны разбегліся ў розныя бакі. Лісы адразу ж пабеглі на палі філістынцаў. Запаліўшы іх, яны спалілі і ўжо сабраны ўраджай, і тое, што ў той час было ў сцябле, так што полымя ахапіла нават і вінаграднікі з маслінавымі гаямі. І пыталіся філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тамны, бо ён адабраў у яго жонку і аддаў яе іншаму — вось што ён зрабіў». Дык пайшлі тады філістынцы і спалілі жанчыну і бацьку яе. А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, то не супакоюся, пакуль вам не адпомшчу». І прынёс ім вялікае знішчэнне, перабіваючы сцёгны і лыткі. А ён пайшоў і абжыўся ў пячоры скалы ў Этаме. І пайшлі філістынцы ў зямлю Юды і сталі лагерам, і да Лехіaдаходзілі іх войскі. І сказалі ім тады людзі з пакалення Юды: «Чаму вы выступілі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і аддаць яму за тое, што ён нам зрабіў». Дык тры тысячы мужчын з пакалення Юды пайшлі да пячоры скалы ў Этаме і сказалі Самсону: «Ці ты не ведаеш, што філістынцы валадараць над намі? Чаму ты пажадаў зрабіць гэта?» Ён ім адказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў». «Прыйшлі мы, — кажуць яму, — звязаць цябе і выдаць у рукі філістынцаў». Сказаў ім Самсон: «Прысягніце і паабяцайце мне, што мяне не заб’яце». Яны сказалі: «Не заб’ём, але звязанага, выдадзім цябе». І звязалі яго дзвюма новымі вяроўкамі, і звялі яго са скалы ў Этаме. Калі прыбыў ён у Леху і філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач, Дух Госпадаў сышоў на яго, і, як звычайна знішчаецца лён ад вогненнага дыму, так вяроўкі, якімі быў ён звязаны, рассыпаліся і развязаліся. Тады, знайшоўшы яшчэ свежую асліную сківіцу, ён, схапіўшы яе, знішчыў ёю тысячу чалавек. І сказаў ён: «Сківіцаю аслінаю я знішчыў іх, сківіцаю дзіцяняці аслінага тысячу чалавек я забіў!» І, калі пракрычаў ён гэтыя словы, кінуў з рукі сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехіb. І, чуючы вялікую смагу, паклікаў ён Госпада, і казаў: «Ты рукою слугі Свайго даў гэта найвялікшае збаўленне і перамогу, і вось, я паміраю ад смагі і траплю ў рукі неабрэзаных». Тады Бог адкрыў скалу ля Лехі і выцекла адтуль вада. Напіўшыся вады, ён ажыў духам і набраўся сілы. Таму тое месца называюць Эн-Гакарэcда сённяшняга дня. І быў ён суддзёю Ізраэля ў дні філістынцаў дваццаць гадоў.
Пайшоў Самсон у Газу, і ўбачыў там распусніцу, і ўвайшоў да яе. Калі паведамілі жыхарам Газы, што Самсон увайшоў у горад, яны абкружылі яго і зрабілі засаду на Самсона ў браме горада; і ўсю ноч яны сядзелі ціха, чакаючы, каб, калі настане раніца, забіць яго на выхадзе. А Самсон спаў аж да паўночы, а затым, устаўшы, схапіў абедзве паловы брамы разам з яе вушакамі, і вырваў іх з засаўкай, і, паклаўшы сабе на плечы, занёс на вяршыню гары, што насупраць Геброна. Потым Самсон закахаўся ў жанчыну, якая жыла ў даліне Сарэк і звалася Даліла. І прыйшлі да яе кіраўнікі філістынцаў, і сказалі: «Ашукай яго і даведайся ў яго, адкуль бярэцца яго сіла і як маглі б мы яго адолець і яго, адоленага, пакарыць; калі гэта зробіш, дамо табе па тысячы сто срэбранікаў кожны». Дык казала Даліла Самсону: «Скажы мне, прашу, адкуль у цябе бярэцца такая вялікая сіла і чым можна звязаць цябе, каб пакарыць цябе?» Самсон адказаў ёй: «Калі звязаць мяне сямю сырымі вяроўкамі, сплеценымі з сухажылляў, яшчэ не сухімі і ўжо не сырымі, то я зраблюся бяссільным і стану, як іншыя людзі». І прынеслі ёй валадары філістынцаў сем вяровак, як ён казаў, і яна звязала імі яго ў той час, калі яны схаваліся ў яе пакоі. І яна яму крыкнула: «Самсон, філістынцы над табою!» Ён паразрываў вяроўкі так, як калі б хтосьці разарваў нітку, звітую з пакулля, калі яна занялася вогненным дымам; так і не даведаліся, у чым яго сіла. Па нейкім часе сказала Даліла Самсону: «Вось, падмануў ты мяне і схлусіў мне; прынамсі цяпер скажы мне, чым ты павінен быць звязаны». Ён адказаў ёй: «Калі буду звязаны дзевяццю вяроўкамі, якія ніколі не былі ва ўжытку, буду кволы і падобны да іншых людзей». Даліла зноў звязала яго вяроўкамі і крыкнула: «Філістынцы над табою, Самсон!» — бо ў другім пакоі была прыгатавана засада. Ён разарваў вяроўкі на сваіх руках так, як ніткі з тканіны. І зноў сказала Даліла Самсону: «Дакуль жа будзеш ты падманваць мяне і хлусіць мне? Скажы, чым цябе трэба звязаць?» Самсон адказаў ёй: «Калі ты ўпляцеш сем кос галавы маёй у тканіну і замацуеш іх калком, то я зраблюся слабым і стану, як іншыя людзі». Калі яна яго ўсыпіла, і ўпляла сем кос галавы яго ў тканіну, і замацавала калком, яна крыкнула яму: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, вырваў калок з утком і тканінаю. І сказала яму Даліла: «Як жа можаш ты казаць, што любіш мяне, калі душа твая не са мною? Тры разы схлусіў ты мне і не захацеў сказаць, у чым сіла твая найвялікшая». І паколькі яна яму дакучала і штодзень мучыла безупынна яго, то душа яго самлела і аж да смерці знемагла. Тады адкрыў ён ёй усё сэрца сваё і сказаў ёй: «Ніколі галавы маёй не дакраналася лязо, бо я ад улоння маці сваёй — назір Божы; калі б абгалілі галаву маю, адышла б ад мяне сіла мая, і зрабіўся б я слабым, і стаў бы, як іншыя людзі». Яна, зразумеўшы, што ён адкрыў ёй усю сваю душу, паслала да валадароў філістынцаў, кажучы: «Прыйдзіце яшчэ раз, бо адкрыў ён цяпер мне ўсё сваё сэрца». Яны прыйшлі, узяўшы грошы, якія ёй паабяцалі. А яна ўсыпіла яго на сваіх каленях, і паклікала цырульніка, і загадала яму абгаліць сем кос яго, і ён пачаў упакорвацца, бо адступіла ад яго сіла адразу ж. І сказала яна: «Філістынцы над табою, Самсон!» Ён, абудзіўшыся ад сну, падумаў у душы сваёй: «Пайду, як рабіў раней, і вызвалюся», не ведаючы, што Госпад адышоў ад яго. Калі схапілі яго філістынцы, зараз жа выкалалі яны яму вочы і завялі ў Газу, дзе прымусілі яны яго, закутага ў два ланцугі медныя і замкнёнага ў вязніцы, малоць зерне. Тым часам раней паголеныя валасы сталі ў яго адрастаць. А валадары філістынцаў сабраліся ўсе, каб ускласці багатыя ахвяры богу свайму Дагону і павесяліцца, кажучы: «Бог наш аддаў у рукі нашы ворага нашага, Самсона». І народ, бачачы яго, хваліў бога свайго і тое ж самае казаў: «Аддаў бог наш у рукі нашы ворага нашага, які нішчыў зямлю нашу і вельмі многіх з нас забіў». І калі яны зрабіліся ўжо даволі вясёлымі, патрабавалі паклікаць Самсона, каб ён іх пазабавіў. Ён, прыведзены з вязніцы, забаўляў іх; і прымусілі яны яго стаць паміж дзвюма калонамі. І сказаў Самсон юнаку, які трымаў яго за руку: «Пусці мяне, каб мог я дакрануцца да калон, на якія абапіраецца дом, каб да іх прыхіліцца і трошкі адпачыць». А дом той быў поўны мужчын і жанчын; і былі там усе князі філістынскія, а на даху каля трох тысяч чалавек абодвух полаў глядзелі на Самсона, калі той забаўляў іх. Тады Самсон усклікнуў да Госпада, кажучы: «Госпадзе, Божа, прыгадай пра мяне! І вярні мне толькі ў гэты раз даўнейшую сілу маю, Божа, каб мог я адпомсціць філістынцам за абодва вокі мае!» І Самсон узяўся пасярэдзіне за абедзве калоны, на якіх стаяў дом, і абапёрся на іх, на адну правай рукой, а на другую левай рукой, і сказаў Самсон: «Хай памрэ душа мая разам з філістынцамі!» І страсянуў ён моцна калоны, і ўпаў дом на ўсіх князёў, і на ўсіх іншых, якія там былі; і тых, каго ён тады забіў, сам гінучы, было болей, чым тых, каго пазабіваў за час усяго жыцця свайго. І прыйшлі браты яго і ўвесь род, і ўзялі цела яго, і пахавалі яго паміж Цорай і Эстаолам, у магіле бацькі яго, Маноаха; а судзіў ён Ізраэль дваццаць гадоў.
У гарах Эфраіма быў нейкі чалавек імем Міха, які сказаў маці сваёй: «Тысяча сто срэбранікаў, якія ў цябе былі ўкрадзеныя і дзеля якіх, бо я чуў гэта, ты, лаючыся, праклінаеш, вось, яны ў мяне; гэта я іх узяў». Яна яму сказала: «Хай Госпад будзе дабраславёны, сын мой!» І вярнуў ён іх маці сваёй, якая сказала яму: «Гэтае срэбра прысвяціла і паабяцала я Госпаду: з рукі маёй прызначана яно для сына майго, каб ён зрабіў балвана выразанага і балвана літога з металу. І цяпер я аддаю яго табе». Але ён вярнуў тыя срэбранікі маці сваёй, якая ўзяла дзвесце срэбранікаў і дала іх срэбраных спраў майстру, каб зрабіў ён з іх балвана выразанага і балвана літога з металу, бо быў у доме Міхі той, хто, маючы ў сябе бажніцу, зрабіў эфод і тэрафіма і пасвяціў аднаго з сыноў сваіх, каб быў ён у яго святаром. У тыя дні не было цара ў Ізраэлі, і кожны рабіў тое, што яму здавалася слушным. Таксама быў адзін юнак у Бэтлехэме Юдэйскім з роду Юды; і быў ён левіт, і жыў там як чужынец. І, пакінуўшы горад Бэтлехэм Юдэйскі, ён пажадаў вандраваць, дзе яму будзе зручна. І калі ён вандраваў, дайшоў ён на гары Эфраім аж да дома Міхі, які спытаў яго, адкуль ён? Ён адказаў: «Я левіт з Бэтлехэма Юдэйскага, іду, каб пасяліцца, дзе змагу, і ўбачыць, што мне карысна». І сказаў Міха: «Застанься ў мяне, і будзь мне бацькам і святаром, а я дам табе штогод дзесяць срэбранікаў, і маёмасць з адзення і тое, што патрэбна для харчавання». Ён згадзіўся, і застаўся ў гэтага чалавека, і быў яму як адзін з сыноў. І Міха пасвяціў яго і меў таго юнака святаром у сябе, кажучы: «Цяпер я ведаю, што Госпад будзе мне спагадаць, бо я маю левіта святаром».
У той час не было цара ў Ізраэлі, і пакаленне Дана шукала сабе зямлю ва ўласнасць, каб жыць на ёй, бо аж да гэтага дня яно не атрымала зямлю сярод іншых пакаленняў. Такім чынам, выправілі сыны Дана са свайго пакалення і сваёй сям’і пяць чалавек, людзей наймужнейшых, з Сараа і Эстаола, каб выведалі зямлю і пільна разгледзелі яе, і сказалі ім: «Ідзіце і выведайце гэтую зямлю». Калі прыйшлі яны на гару Эфраім, аж да дома Міхі, яны там заначавалі. Калі яны былі блізка да дома Міхі, пазналі яны голас юнака левіта і, сышоўшы там з дарогі, спыталіся ў яго: «Хто цябе сюды прывёў? Што ты тут робіш? З якой прычыны захацеў ты сюды прыйсці?» Ён адказаў ім: «Гэта і гэта зрабіў для мяне Міха і за плату наняў мяне, каб я быў яму святаром». І прасілі яны яго, каб параіўся ён з Богам, каб яны маглі ведаць, ці ідуць яны спрыяльнай дарогай і ці будзе справа мець поспех. Ён адказаў ім: «Ідзіце ў супакоі. Госпаду даспадобы дарога ваша і шлях, якім вы накіроўваецеся». Такім чынам, пайшлі тыя пяць чалавек, і прыбылі ў Лаіс, дзе ўбачылі народ, што жыве ў ім без якога-небудзь страху па звычаі сідонцаў, бесклапотны і спакойны, бо не было нікога, хто нападаў бы на іх зямлю; і з вялікімі багаццямі, і далёка ад сідонцаў, і не мелі ніякіх адносін з Сірыяй. І, вярнуўшыся да сваіх братоў у Цору і Эстаол, адказалі яны на пытанне, што зроблена імі: «Устаньце і пойдзем супраць іх. Бо мы бачылі зямлю вельмі багатую і ўраджайную, і вы адмовіцеся ад яе? Не марудзьце; пойдзем і здабудзем яе. Пойдзем да людзей бесклапотных у зямлю найпрасторнейшую. Дасць нам Бог месца, дзе няма ніякай нястачы ні ў чым, што ёсць на зямлі». Дык вырушылі адтуль з пакалення Дана з Цоры і Эстаола, шэсцьсот чалавек, узброеных да бою. Яны пайшлі і сталі лагерам у Карыят-Ярыме ў Юдэі. І тое месца з таго часу ўзяло імя Лагер Дана, і знаходзіцца ззаду ад Карыят-Ярыма. Адсюль пайшлі яны на гару Эфраім. І калі прыйшлі яны аж да дома Міхі, пяць чалавек, якія раней пасланыя былі для выведвання зямлі Лаіс, сказалі братам сваім: «Ці ведаеце, што ў дамах гэтых ёсць эфод, і тэрафім, і выразаны балван, і балван, выліты з металу? Выведайце, што вам падабаецца, каб зрабіць гэта». І калі яны крыху павярнулі, увайшлі яны ў дом юнака левіта, у дом Міхі, і прывіталі яго мірнымі словамі. Шэсцьсот жа чалавек, так як былі ўзброеныя, стаялі перад брамай. А тыя, што ўвайшлі ў дом юнака, узялі выразанага балвана, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Святар стаяў перад брамай і шэсцьсот ваяроў поруч. І вось, тыя, што ўвайшлі ў дом Міхі, узялі выразаную статую, эфод, тэрафіма і літога з металу балвана. Сказаў ім святар: «Што вы робіце?» Яны яму адказалі: «Маўчы і палажы палец на вусны свае і хадзі з намі, каб мелі мы цябе і за бацьку, і за святара. Як табе лепей: быць святаром у доме аднаго чалавека ці быць святаром у адным пакаленні і родзе ў Ізраэлі?» І ўзрадаваўся святар, і ўзяў эфод і тэрафіма, а таксама выразанага балвана, і пайшоў з народам. Калі яны пайшлі далей, а перад сабою пусцілі ісці дзяцей, і жывёлу, і ўсё, што было ў іх каштоўнага, і, калі яны былі ўжо далёка ад дома Міхі, мужчыны, якія жылі ў ваколіцах каля дома Міхі, сабраліся і дагналі сыноў Дана, і ззаду за імі паднялі крык. Калі яны азірнуліся, сказалі яны Міху: «Што табе? Чаму вы збегліся?» Ён адказаў: «Багоў маіх, якіх я зрабіў сабе, вы забралі, і святара, і ўсё, што маю, і яшчэ кажаце: “Што табе?”» І сказалі яму сыны Дана: «Сцеражыся, каб больш не гаварыць з намі, і каб людзі са злосці не кінуліся на цябе, і каб ты з усім домам тваім не загінуў». І, так пачаўшы шлях, пайшлі яны далей. А Міха, бачачы, што яны мацнейшыя за яго, вярнуўся ў свой дом. А тыя шэсцьсот чалавек узялі тое, што зрабіў Міха, і святара яго, і прыбылі ў Лаіс, да народа спакойнага і бесклапотнага, і пабілі яго мечам, а горад аддалі агню, бо зусім ніхто не мог ім дапамагчы, таму што яны далёка жылі ад Сідона, а да таго не мелі ніякіх адносін і спраў з Сірыяй. Горад жа быў у даліне Бэт-Рэхоб; і яны, адбудаваўшы яго нанова, пасяліліся ў ім, назваўшы горад гэты Дан, ад імя Дана, бацькі свайго, народжанага Ізраэлем; раней гэты горад называўся Лаіс. І яны паставілі сабе выразанага балвана, а Ёнатан, сын Гэрсама, сына Майсея, а таксама сыны яго былі святарамі ў пакаленні Дана аж да дня страты гэтае зямлі; і балван Міхі заставаўся ў іх увесь час, калі дом Божы быў у Сіло.
У тыя дні не было яшчэ цара ў Ізраэлі. Быў жа нейкі левіт, які, як чужаземец, жыў на ўзбоччы гары Эфраім і меў за жонку наложніцу з Бэтлехэма Юдэйскага. Яна, з ім пасварыўшыся, вярнулася ў дом бацькі свайго ў Бэтлехэм і заставалася ў яго чатыры месяцы. І пайшоў за ёю муж яе, жадаючы прамовіць да сэрца яе і вывезці яе з сабою, маючы з сабой паслугача і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі цесць убачыў яго, ён, узрадаваўшыся, выйшаў яму насустрач і затрымаў там гэтага чалавека. І заставаўся зяць у доме цесця тры дні, снедаючы з ім і па-сяброўску выпіваючы. А чацвёртага дня, калі ён устаў уночы і пажадаў адправіцца, цесць сказаў яму: «Пакаштуй спярша троху хлеба, умацуй сэрца сваё, а потым пойдзеш у дарогу». І зноў сядзелі яны разам абодва, і елі, і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, каб ты сёння пабыў тут, і хай павесялімся разам». Але ён, устаўшы, пачаў збірацца ісці. Але ўсё адно, усімі сіламі цесць затрымліваў яго і прымусіў яго застацца ў сябе. Калі ж настала раніца пятага дня, левіт сабраўся ў дарогу, але цесць зноў кажа яму: «Прашу цябе, каб умацаваў ты сэрца сваё». І марудзілі да канца дня; і абодва частаваліся разам. І ўстаў той юнак, каб разам з жонкай сваёй і паслугачом адпраўляцца. Цесць, бацька жанчыны, зноў сказаў яму: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар; застаньцеся ў мяне таксама і сёння, пераначуй тут і будзь у добрым настроі, а заўтра раніцай адправіцеся, каб вярнуцца ў дом свой». Але зяць не паддаўся на яго ўгаворы, і зараз жа адправіўся, і прыбыў у Евус, гэта значыць у Ерузалім, ведучы з сабой двух наўючаных аслоў і наложніцу. І ўжо былі яны каля Евуса, і дзень ператвараўся ў ноч; і кажа паслугач гаспадару свайму: «Хадзем, прашу, звернем у горад евусеяў і затрымаемся там». Яму адказаў гаспадар: «Не, не пойдзем у горад чужога народа, бо ён не з сыноў Ізраэля, але пройдзем да Габы». І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабяромся да адной з мясцовасцей, і пераначуем у Габе або ў Раме». І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу; і зайшло ім сонца каля Габы, што належыць пакаленню Бэньяміна. І завярнулі яны туды, каб там пераначаваць; калі туды ўвайшлі, сядзелі яны на плошчы горада і ніхто не хацеў узяць іх на пастой. І вось, з’явіўся стары чалавек, што вяртаўся вечарам са сваёй працы ў полі; ён і сам быў з гары Эфраім і як чужынец жыў у Габе; а ў той мясцовасці людзі былі з пакалення Бэньяміна. І, падняўшы вочы, убачыў стары падарожнага чалавека, што сядзеў на гарадской плошчы, і спытаўся ў яго: «Адкуль ты прыйшоў і куды ідзеш?» Той адказаў яму: «Адправіліся мы з Бэтлехэма Юдэйскага і вяртаемся ў сваю мясцовасць, што на ўзбоччы гары Эфраім, адкуль пайшоў я ў Бэтлехэм. А цяпер іду я да дому свайго, і ніхто не хоча прыняць мяне пад дах свой, а я маю салому і корм для аслоў нашых, а хлеб і віно для сваіх спадарожнікаў: для ўжывання паслугачкі тваёй і гэтага маладога чалавека, які ідзе разам з паслугачом тваім; нічога не патрабуем, акрамя пастою». Стары яму адказаў: «Будзь у супакоі! Я дам табе ўсё, што патрэбна; толькі, калі ласка, не начуй на плошчы». І завёў яго ў дом свой, і даў мяшанку аслам, і, пасля таго як памыў ногі свае, прыняў іх на пачастунак. Калі яны балявалі з вясёлым сэрцам, прыбылі мужчыны горада таго, сыны Бэліяла, і, абкружыўшы дом старога, пачалі грукаць у дзверы, крычучы і кажучы гаспадару дома: «Выведзі мужчыну, які ўвайшоў у дом твой, каб мы скарысталі яго». І выйшаў да іх стары і казаў: «Не, браты, не рабіце гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госці, і не рабіце гэтае дурасці. Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу: выведу іх да вас, каб зняважылі іх і зрабілі з імі, што вам падабаецца; толькі, прашу, чалавеку гэтаму не рабіце знявагі». Яны не хацелі слухаць словы яго; бачачы гэта, узяў той чалавек і вывеў да іх сваю наложніцу: і яны скарысталі яе і гвалтавалі яе ўсю ноч, а раніцай адпусцілі яе. І жанчына, калі адступіла цемра, дайшла да брамы дома, дзе заставаўся гаспадар яе, і там упала. Раніцай устаў чалавек і адчыніў браму, каб прадоўжыць пачатую дарогу; і вось, наложніца яго ляжыць перад брамаю, раскінуўшы рукі на парозе. Ён ёй сказаў: «Уставай, пойдзем». Калі яна нічога не адказала, ён, зразумеўшы, што яна нежывая, узяў яе і паклаў на асла; і вярнуўся ў дом свой. Калі ўвайшоў у дом, схапіў ён меч і, пасекшы цела жонкі разам з косткамі на дванаццаць частак, кускі разаслаў па ўсіх межах Ізраэля. Кожны, бачачы гэта, крычаў: «Ніколі такога не было і не бачана нічога падобнага ў Ізраэлі ад таго дня, у які бацькі нашы выйшлі з Егіпта, па цяперашні час!» Бо загадаў ён мужчынам, якіх паслаў, кажучы: «Вось што скажыце кожнаму ізраэльцу: “Ці зроблена было што-небудзь падобнае з дня, калі выйшлі сыны Ізраэля з зямлі Егіпта аж па цяперашні час?” Звярніце ўвагу на гэта, парайцеся і скажыце, што рабіць».
І выйшлі ўсе сыны Ізраэля, і, як адзін чалавек, сабраліся аднолькава ад Дана да Бээр-Сэбы і з зямлі Галаад да Госпада ў Міцпу. І сабраліся ўсе народы з усіх канцоў Ізраэля і ўсе пакаленні Ізраэля на сход народа Божага: чатырыста тысяч найлепшых ваяроў. І не ўтаілася ад сыноў Бэньяміна, што сабраліся сыны Ізраэля ў Міцпе. І пыталі сыны Ізраэля ў левіта, як такое злачынства адбылося, а ён адказаў: «Прыбыў я са сваёй жонкаю да Габы, што належыць Бэньяміну, і туды накіраваўся. І вось, мужчыны таго горада ноччу абкружылі дом, у якім я начаваў, хочучы мяне забіць, а жонку маю нечуваным гвалтаваннем замучылі: урэшце яна памерла. Яе, прывезеную, я пасёк на кавалкі і паслаў часткі ва ўсе межы пасялення Ізраэля, бо яны ўчынілі ганебнае і агіднае ў Ізраэлі. Прысутныя тут сыны Ізраэля, вырашыце, што вы павінны зрабіць». І выступіў увесь народ, як адзін чалавек, і адказаў: «Не пойдзем мы ў палатку сваю, і ніхто не ўвойдзе ў дом, але супольна выступім супраць Габы паводле жэрабя: з кожнага пакалення Ізраэля выберам дзесяць чалавек са ста, і сто — з тысячы, і тысячу — з дзесяці тысяч, каб яны рупіліся пра харчы для войска, для тых, хто пойдзе, каб аддаць Габе пакалення Бэньяміна адпаведна злачынству, па заслугах». І сышоўся ўвесь Ізраэль супраць таго горада, усе разам, як адзін чалавек, з адною думкаю і з адным рашэннем, і паслалі яны пасланцоў да ўсіх сыноў Бэньяміна, каб тыя сказалі: «Якое злачынства было знойдзена ў вас! Выдайце тых людзей, сыноў Бэліяла з Габы, якія ўчынілі ганьбу, каб былі яны пакараныя смерцю: хай зло будзе вынішчана ў Ізраэлі». Сыны Бэньяміна не хацелі слухаць прыказанне братоў сваіх, сыноў Ізраэля, але яны сабраліся з усіх гарадоў, што былі іх па жэрабі, у Габу, каб дапамагаць ім і ваяваць супраць усяго народа Ізраэля. І ў той дзень налічана было з гарадоў Бэньяміна тых, хто выняў меч, дваццаць шэсць тысяч, апрача жыхароў Габы, якіх было налічана семсот наймужнейшых ваяроў. Ва ўсім гэтым народзе было семсот чалавек адборных, якія карысталіся левай рукой замест правай і кідалі з прашчы камяні так дакладна, што патраплялі нават у волас. Таксама ваяроў Ізраэля без сыноў Бэньяміна налічвалася чатырыста тысяч тых, хто выняў меч, і здольных да бою. Яны паўсталі, і пайшлі ў Бэтэль, і параіліся з Богам, і сказалі: «А хто пойдзе з нас першым у бой супраць сыноў Бэньяміна ў нашым войску?» Госпад ім адказаў: «Юда пойдзе першы». І зараз жа на світанні вырушылі сыны Ізраэля ў дарогу і сталі лагерам насупраць Габы; і адтуль выйшаўшы на бой супраць сыноў Бэньяміна, яны выстраілі баявы строй супраць горада. І ў той дзень сыны Бэньяміна выйшлі з Габы, і забілі з сыноў Ізраэля дваццаць дзве тысячы ваяроў. Зноў сыны Ізраэля набраліся мужнасці і ў тым самым месцы, дзе раней ваявалі, выстраілі строй, а раней пайшлі [у Бэтэль] і плакалі перад абліччам Госпада аж да ночы, і шукалі ў Яго парады, кажучы: «Ці маем мы далей ваяваць з сынамі Бэньяміна, братамі нашымі, ці не?» Госпад ім адказаў: «Ваюйце супраць іх». І калі на другі дзень сыны Ізраэля пайшлі на бой супраць сыноў Бэньяміна, сыны Бэньяміна выйшлі з Габы і, зноў сутыкнуўшыся з імі, у гэты раз забілі васемнаццаць тысяч ізраэльцаў, што вынялі меч. Дзеля таго ўсе сыны Ізраэля, увесь народ, пайшлі ў Бэтэль і, седзячы, плакалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень аж да вечара, і прыносілі ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння, і пыталіся ў Яго аб сваім становішчы. У той час быў там каўчэг запавету Госпада, служыў перад Госпадам Пінхас, сын Элеязэра, сына Аарона. Такім чынам, раіліся яны з Госпадам і казалі: «Ці павінны мы яшчэ ісці ваяваць супраць сыноў Бэньяміна, братоў нашых, ці павінны мы скарыцца?» Госпад ім адказаў: «Ідзіце ваяваць, бо Я заўтра аддам іх у рукі вашы». Тады сыны Ізраэля паставілі кругом горада засады; і на трэці дзень вывелі яны войска супраць сыноў Бэньяміна, падобна як у першы і другі раз. Але і сыны Бэньяміна мужна напалі з горада і супраціўнікаў, што беглі, пераследавалі даволі доўга, так што ранілі іх, як у першы і другі дзень, і забівалі ўцекачоў на дзвюх дарогах, з якіх адна ідзе ў Бэтэль, а другая — у Габу, і па палях, і забілі каля трыццаці ваяроў; бо думалі сыны Бэньяміна, што, як звычайна, будуць забіваць іх. Ізраэльцы, умела прыкідваючыся, што ўцякаюць, вырашылі адцягнуць іх ад горада і адвесці іх на тыя дарогі. Такім чынам, усе сыны Ізраэля, устаўшы са сваіх месцаў, выстраілі строй у месцы, якое завецца Баал-Тамар. Засады, што былі вакол горада, пачалі паступова выходзіць са сховаў і выступаць ад заходняй часткі горада. Але і іншыя дзесяць тысяч чалавек ад усяго Ізраэля выклікалі жыхароў горада на бой. І пачаўся жорсткі бой супраць сыноў Бэньяміна, і яны не разумелі, што з усіх бакоў ідзе на іх пагібель. І пабіў іх Госпад перад абліччам сыноў Ізраэля, і забілі іх у той дзень дваццаць пяць тысяч сто чалавек, усіх ваяроў і тых, хто выняў меч. Калі ж сыны Бэньяміна ўбачылі, што яны слабейшыя, пачалі ўцякаць. Сыны Ізраэля, бачачы гэта, далі ім прастору для ўцёкаў, каб яны прыйшлі да прыгатаванай засады, якую зрабілі яны каля горада. У той час выступілі тыя, што хаваліся ў засадзе, і напалі на Габу, і, уварваўшыся ў горад, пазабівалі вастрыём меча ўсіх, што былі ў горадзе. А сыны Ізраэля далі знак тым, каго памясцілі ў засадзе, каб пасля яны захапілі горад і падпалілі яго, каб, калі дым вырушыць угору, паказаў, што горад захоплены. Такім чынам, сыны Ізраэля пачалі ўцякаць у самы час бою, і сыны Бэньяміна, думаючы, што яны перамаглі іх, як у папярэднім баі, забілі з іх войска каля трыццаці ваяроў. Калі ж слуп дыму пачаў падымацца ад горада і Бэньямін, таксама азірнуўшыся назад, заўважыў, што полымя ад горада падымаецца ў неба, і калі людзі Ізраэля павярнуліся, людзі Бэньяміна ўстурбаваліся, бо ўбачылі, што яны ахоплены ліхам. І пачалі ўцякаць, і пайшлі дарогай у бок пустыні, але і там супраціўнікі іх таксама пераследавалі іх. Таксама і тыя, што запалілі горад, нападалі на іх. І так сталася, што з абодвух бакоў забівалі іх ворагі і не было для іх ніякага супакою. Забівалі іх аж да ўсходняй часткі горада Габы. Былі ж тыя, каго страціў Бэньямін, васемнаццаць тысяч чалавек, усе ваяры найдужэйшыя. Хто застаўся, той уцёк у пустыню і накіраваўся да скалы пад назваю Рэмон. І, паколькі яны ўсё больш разбрыдаліся, яны іх пераследавалі і забілі на дарогах пяць тысяч чалавек. І калі яны настойліва пераследавалі іх да Гадаама, яны забілі таксама другія дзве тысячы чалавек. І здарылася так, што ўсіх бэньямінцаў палегла ў той дзень у розных месцах дваццаць пяць тысяч ваяроў, што былі цалкам падрыхтаваны да бою. Такім чынам, шэсцьсот чалавек засталіся з усёй колькасці Бэньяміна, якія змаглі ўратавацца і ўцячы ў пустыню, і сядзелі яны на скале Рэмон чатыры месяцы. А сыны Ізраэля вярнуліся і забілі мечам усіх астатніх жыхароў горада, пачынаючы ад мужчын і аж да жывёлы, а ўсе гарады і ваколіцы паглынула ненаеднае полымя.
Таксама ў Міцпе сыны Ізраэля прысягалі і казалі: «Ніхто з нас не выдасць замуж сваёй дачкі сынам Бэньяміна». І пайшоў народ у Бэтэль, і ў прысутнасці Бога прабылі аж да вечара, галосячы ўголас, і, пачаўшы плакаць, з вялікім лямантам казалі: «Чаму, Госпадзе, Божа Ізраэля, здарылася ў Тваім народзе такое ліха, што сёння не стала ў Ізраэля аднаго калена?» І назаўтра, устаўшы на світанні, паставілі ахвярнік, і ўчынілі на ім ахвяры цэласпалення і ахвяры прымірэння, і казалі: «Хто з усіх пакаленняў Ізраэля не прыбыў у войска Госпада?» Бо звязаліся яны вялікаю прысягаю, каб забіць тых, хто адсутнічаў, калі яны былі ў Міцпе. І сыны Ізраэля, пранятыя жалем дзеля брата свайго Бэньяміна, пачалі гаварыць: «Не стала сёння аднаго пакалення ў Ізраэля. Адкуль возьмуць яны жонак? Бо ўсе мы разам прысяглі перад Госпадам, што не дамо ім за жонак дачок нашых». Таму сказалі яны: «Якое з усіх пакаленняў Ізраэля не прыбыло да Госпада ў Міцпу?» І вось, знайшліся жыхары Явіса ў Галаадзе, якія не былі ў войску гэтым, і ў той час, калі яны былі ў Сіло, ніхто з іх там не знаходзіўся. Такім чынам, яны паслалі дзесяць тысяч наймужнейшых ваяроў і загадалі ім: «Ідзіце і забіце жыхароў Явіса Галаадскага вастрыём меча, і жанчын, і дзяцей іх. І вось што вы павінны зрабіць: усіх мужчын і жанчын, якія пазналі мужа, забіце, дзяўчат жа захавайце». І знайшлі яны сярод жыхароў Явіса чатырыста дзяўчат, якія не пазналі мужа, і прывялі іх у лагер у Сіло ў зямлю Ханаан. І яны паслалі пасланцоў да сыноў Бэньяміна, якія былі на скале Рэмон, і загадалі ім, каб аб’явілі ім мір. І вярнуліся сыны Бэньяміна ў той жа час, і далі ім жонак з дачок Явіса Галаадскага, іншых жа яны не знайшлі, каб аддаць такім чынам. І ўвесь Ізраэль моцна сумаваў і раскайваўся адносна забойства аднаго з пакаленняў Ізраэля. І сказалі старэйшыны: «Што зробім з астатнімі, якія не атрымалі жонак? Усе жанчыны ў Бэньяміна загінулі, і ў нас ёсць вялікі клопат, а гэта трэба прадугледзець з вялікай стараннасцю, каб не прапала адно пакаленне ў Ізраэля. Дачок сваіх не можам ім даць, звязаныя гэтай прысягаю: “Пракляты, хто аддасць дачку сваю за жонку Бэньяміну!”» І зрабілі нараду і вырашылі: «Вось, кожны год бывае свята Госпадава ў Сіло, што на поўнач ад горада Бэтэль, а на ўсход ад дарогі, што ідзе з Бэтэля ў Сіхэм, і на поўдзень ад горада Лебны». І загадалі яны сынам Бэньяміна, і сказалі: «Ідзіце і схавайцеся ў вінаградніках; і калі ўбачыце дзяўчат з Сіло, што выйшлі, каб вадзіць карагоды згодна звычаю, выходзьце хутка з вінаграднікаў і хапайце іх, кожны сабе жонку, і вядзіце ў зямлю Бэньяміна. Калі ж бацькі іх і браты прыйдуць да нас жаліцца, мы скажам ім: “Пашкадуйце нас і іх, бо не здабыў ніхто з іх жонку на вайне, а вы таксама калі б ім далі — зграшылі б”». І сыны Бэньяміна зрабілі так, як ім было загадана, і ўзялі жонак па ліку сваім, з тых, якія вадзілі карагоды; і вярнуліся яны ў сваю спадчыну, і адбудавалі сабе гарады, і жылі ў іх. Таксама сыны Ізраэля ў той час вярнуліся адтуль кожны да свайго пакалення і да роду свайго, і пайшлі кожны ў спадчыну сваю. У тыя дні не было цара ў Ізраэлі, але кожны, што яму здавалася слушным, тое і рабіў.
Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017