Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ешуа 10 Кніга Ешуа 10 раздзел

1 Калі Адоні-Сэдэк, цар Ерузаліма, дачуўся гэта, што Ешуа заняў Гай і знішчыў яго, бо зрабіў ён з Гаем і яго царом так, як зрабіў з Ерыхонам і царом яго, і што заключылі жыхары Габаона мір з Ізраэлем і жылі ў грамадзе яго,
2 то моцна ўстрывожыўся. Бо Габаон быў вялікім горадам, як адзін з гарадоў царскіх, і большы за горад Гай, і ўсе яго жыхары былі наймужнейшымі ваярамі.
3 Дык Адоні-Сэдэк, цар Ерузаліма, паслаў пасланцоў да Агама, цара Геброна, і да Парама, цара Ярмута, таксама да Яфія, цара Лахіса, і да Дабіра, цара Эглона, запрашаючы:
4 «Прыбудзьце да мяне і дайце дапамогу, каб мы перамаглі жыхароў Габаона, бо яны заключылі мір з Ешуа і сынамі Ізраэля».
5 Дык, сышоўшыся, злучыліся разам пяць цароў амарэйскіх: цар Ерузаліма, цар Геброна, цар Ярмута, цар Лахіса, цар Эглона са сваімі войскамі; і сталі яны лагерам каля Габаона, і ваявалі супраць яго.
6 А жыхары Габаона паслалі людзей да Ешуа, які прабываў тады ў лагеры ў Галгале, і прасілі яго: «Не стрымлівай рукі сваёй, каб даць дапамогу паслугачам тваім! Устань хутка, і вызвалі нас, і прыйдзі з дапамогаю: бо сышліся супраць нас усе цары амарэйскія, якія жывуць у гарах».
7 І пайшоў Ешуа з Галгала, і ўсё войска ваяроў з ім, ваяры наймужнейшыя.
8 І сказаў Госпад Ешуа: «Не бойся іх! Бо ў рукі твае Я аддаю іх; ніхто з іх не зможа ўстаяць перад табою».
9 Такім чынам, неспадзявана напаў на іх Ешуа, які ўсю ноч ішоў з Галгала,
10 і напалохаў іх Госпад перад абліччам Ізраэля, і знішчыў іх вялікаю караю ў Габаоне, і гнаў іх у бок узгорка Бэтарон, і біў іх аж да Азэкі і Македы.
11 І калі ўцякалі яны перад сынамі Ізраэля і былі на схіле гары Бэтарон, Госпад кідаў на іх вялікія камяні з неба аж да Азэкі, і больш іх паўмірала ад камянёў градавых, чым ад меча сыноў Ізраэля.
12 У той дзень, калі выдаў Госпад амарэяў сынам Ізраэля, сказаў Ешуа Госпаду ў прысутнасці Ізраэля: «Стой, сонца, над Габаонам, і ты, месяц, над далінай Аялона».
13 І затрымаліся сонца і месяц, пакуль не адпомсціў народ сваім ворагам. Ці ж не запісана гэта ў Кнізе Справядлівага? «Дык стала сонца пасярэдзіне неба і на працягу амаль дня не спяшалася заходзіць».
14 Не было падобнага дня ані перад тым, ані потым, каб Госпад паслухаў голас чалавека, бо Госпад ваяваў на баку Ізраэля.
15 І вярнуўся Ешуа з усім Ізраэлем у лагер у Галгал.
16 А пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры горада Македы.
17 І паведамілі Ешуа, што пяць цароў знойдзены і што яны хаваюцца ў пячоры горада Македы.
18 Ён загадаў: «Закрыйце ўваход у пячору вялікімі камянямі і пастаўце людзей, каб іх, запёртых, пільнавалі.
19 А вы не стойце, але пераследуйце ворагаў і таксама забівайце апошніх з уцекачоў; не дазвольце ім увайсці ў гарады свае за дапамогаю, бо Госпад, Бог ваш, выдаў іх у рукі вашы».
20 Такім чынам, ударыўшы ворагаў найвялікшай караю аж да знішчэння так, што толькі рэшткі з іх змаглі ўцячы ў гарады ўмацаваныя,
21 усё войска вярнулася да Ешуа ў Македу ў лагер, жывыя і здаровыя; і ніхто не адважыўся нават языком варухнуць супраць сыноў Ізраэля.
22 І Ешуа загадаў, кажучы: «Адкрыйце ўваход у пячору і прывядзіце да мяне пяцярых цароў, якія ў ёй хаваюцца».
23 І зрабілі так, і прывялі да яго пяцярых цароў з пячоры: цара Ерузаліма, цара Геброна, цара Ярмута, цара Лахіса і цара Эглона.
24 Калі іх прывялі да яго, ён паклікаў усіх ізраэльцаў і сказаў кіраўнікам войска, якія былі з ім: «Хадзіце і пастаўце ногі на шыі цароў гэтых». Калі яны падышлі і паставілі ногі на шыі ляжачых,
25 зноў Ешуа сказаў ім: «Не бойцеся і не палохайцеся; будзьце цвёрдымі і мужнымі! Бо так Госпад зробіць усім ворагам вашым, супраць якіх будзеце змагацца».
26 І ўдарыў іх Ешуа, і забіў іх, і павесіў на пяці дрэвах; і віселі яны аж да вечара,
27 і ўкінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і закідалі ўваход у яе вялікімі камянямі, якія ляжаць там аж да сёння.
28 У той самы дзень здабыў Ешуа Македу і знішчыў яе вастрыём меча, і забіў цара яе і ўсіх жыхароў яе; не пакінуў у ёй анікога, і зрабіў цару Македы так, як зрабіў цару Ерыхонскаму.
29 З Македы перайшоў Ешуа з усім Ізраэлем у Лебну і ваяваў супраць яе.
30 Выдаў Лебну Госпад разам з царом яе ў рукі Ізраэля, і яны знішчылі горад вастрыём меча ды ўсіх яго жыхароў, і не пакінулі нікога, і ўчынілі цару Лебны, як зрабілі цару Ерыхона.
31 З Лебны Ешуа з усім Ізраэлем перайшоў у Лахіс і, размясціўшы кругом войска, нападаў на яго.
32 І аддаў Госпад Лахіс у рукі Ізраэля, які заняў яго на другі дзень; і загубіў вастрыём меча ўсё жывое, што было ў ім, як зрабіў раней у Лебне.
33 У той час прыйшоў Гарам, цар Газэра, каб дапамагчы Лахісу; знішчыў яго Ешуа разам з усім народам яго аж да поўнага вынішчэння.
34 І перайшоў Ешуа з усім Ізраэлем з Лахіса ў Эглон, і акружыў яго, і ваяваў з ім,
35 у той жа дзень апанаваў яго і забіў вастрыём меча ўсё жывое, адпаведна ўсяму, што зрабіў у Лахісе.
36 Таксама з Эглона пайшоў Ешуа з усім Ізраэлем на Геброн і ваяваў супраць яго.
37 І ўзяў яго, і забіў вастрыём меча яго, таксама цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё жывое, што там пражывала; не пакінуў анікога: як зрабіў у Эглоне, так зрабіў і ў Геброне, усё, што ў ім знайшлося, знішчыўшы.
38 Адтуль павярнуў Ешуа з усім Ізраэлем у Дабір, і ваяваў з ім,
39 і заняў яго; таксама цара яго і ўсе гарады яго вынішчыў вастрыём меча; не пакінуў у ім ніякіх астаткаў: так зрабіў у Геброне і Лебне і з царамі іх, так зрабіў з Дабірам і царом яго.
40 Такім чынам, Ешуа заваяваў усю зямлю: горы, і Нагэб, і Сэфэлу, і схілы гор, і цароў іх; не пакінуў у іх ніякіх астаткаў, але ўсё, што магло дыхаць, забіў, як загадаў Госпад, Бог Ізраэля.
41 І Ешуа пакараў іх ад Кадэс-Барнэ аж да Газы, усю зямлю Госэн аж да Габаона,
42 і ўсіх цароў і іх землі захапіў адным паходам; бо Госпад, Бог Ізраэля, ваяваў на баку Ізраэля.
43 І вярнуўся Ешуа з усім Ізраэлем у месца лагера, у Галгал.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ешуа, 10 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.