Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

2 летапісаў 1 2-я летапісаў 1 раздзел

1 І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока.
2 І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі — узначальцам пакаленьняў.
3 І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні.
4 Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме.
5 А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам.
6 І там прад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў.
7 У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе.
8 І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго.
9 Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны,
10 дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім?
11 І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе,
12 мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе.
13 І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем.
14 І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
15 І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэнным сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
16 Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымалі іх за грошы.
17 Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга летапісаў, 1 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.