Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

2 летапісаў 24 2-я летапісаў 24 раздзел

1 Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў, і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Цыўя зь Вірсавіі.
2 і рабіў Ёас заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні Ёдая сьвятара.
3 І ўзяў яму Ёдай дзьвюх жонак, і ён меў ад іх сыноў і дочак.
4 І пасьля гэтага прыйшло на сэрца Ёасу абнавіць дом Гасподні,
5 і сабраў ён сьвятароў і лявітаў і сказаў ім: ідзеце па гарадах Юдэі і зьбірайце з усіх Ізраільцянаў срэбра на падтрыманьне дома Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў гэтай справе. Але не пасьпяшаліся лявіты.
6 І паклікаў цар Ёдая, узначальца іхняга, і сказаў яму: чаму ты не патрабуеш ад лявітаў, каб яны дастаўлялі зь Юдэі і Ерусаліма даніну, устаноўленую Майсеем, рабом Гасподнім, і зьбіраньнем Ізраільцянаў для скініі сходу?
7 Бо бязбожная Гатолія і сыны яе спустошылі дом Божы і ўсё прысьвечанае для дома Божага заўжылі для Ваалаў.
8 І загадаў цар і зрабілі адну скрынку, і паставілі яе каля ўваходу ў дом Гасподні звонку.
9 І абвясьцілі па Юдэі і Ерусаліме, каб прыносілі Госпаду даніну, накладзеную Майсеем, рабом Божым, і на Ізраільцянаў у пустыні.
10 І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ, і прыносілі і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася.
11 У той час, калі прыносілі скрынку царскім чыноўнікам празь лявітаў, і калі яны бачылі, што срэбра многа, прыходзіў пісар цара і даверанік першасьвятара, і высыпалі са скрынкі, і адносілі яго і ставілі яе на сваё месца. Так рабілі яны дзень у дзень, і сабралі многа срэбра.
12 і аддавалі яго цар і Ёдай тым, што вялі працу ў доме Гасподнім, і тыя наймалі каменячосаў і цесьляў для паднаўленьня дома Гасподнага, таксама кавалёў і меднікаў для ўмацаваньня дома Гасподнага.
13 І працавалі майстры работ, і зьдзейсьнілася папраўленьне рукамі іхнімі, і прывялі дом Божы да патрэбнага ладу, і ўмацавалі яго.
14 І закончыўшы, яны прадставілі цару і Ёдаю рэшту срэбра. І зрабілі зь яго посуд для дома Гасподняга, посуд службовы і чары на цэласпаленьне і іншы посуд залаты і срэбраны. І прыносілі цэласпаленьні ў доме Гасподнім пастаянна ва ўсе дні Ёдая.
15 І састарыўся Ёдай і насыціўшыся днямі жыцьця, памёр: сто трыццаць гадоў было яму, калі ён памёр.
16 І пахавалі яго ў горадзе Давідавым з царамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі і дзеля Бога і дзеля дома Яго.
17 Але пасьля сьмерці Ёдая прыйшлі князі Юдэйскія і пакланіліся цару, тады цар пачаў слухацца іх,
18 І пакінулі дні Госпада Бога бацькоў сваіх і пачалі служыць дрэвам прысьвечаным і ідалам, — і быў гнеў Гасподні на Юду і Ерусалім за гэтую віну іхнюю.
19 І Ён пасылаў да іх прарокаў дзеля навароту іх да Госпада, і яны ўмаўлялі іх, але тыя ня слухаліся.
20 І Дух Божы ахінуў Захара, сына Ёдая сьвятара, і ён стаў на ўзвышэньні перад народам і сказаў ім: так кажа Гасподзь: навошта вы пераступаеце загады Гасподнія? Ня будзе посьпеху вам, і як вы пакінулі Госпада, так і Ён пакіне вас.
21 І змовіліся супроць яго, і пабілі яго камянямі, па загадзе цара Ёаса, на двары дома Гасподняга.
22 І ня ўспомніў цар Ёас дабрадзейства, якое зрабіў яму Ёдай, бацька ягоны, і забіў сына яго. І ён паміраючы казаў: хай бачыць Гасподзь і хай спагоніць.
23 І праз год выступіла супроць яго войска Сірыйскае і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, і зьнішчылі з народу ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу ў іх адаслалі цару ў Дамаск.
24 Хоць і ў невялікай колькасьці людзей прыходзіла войска Сірыйскае, але Гасподзь перадаў у руку іх вельмі шматлікую сілу за тое, што пакінулі Госпада Бога свайго. І над Ёасам учынілі яны суд,
25 і калі яны пайшлі ад яго, пакінуўшы яго ў цяжкай хваробе, дык склалі супроць яго змову рабы ягоныя, за кроў сына Ёдая сьвятара, і забілі яго на пасьцелі, і ён памёр. І пахавалі яго ў доме Давідавым, але не пахавалі яго ў царскіх магільніцах.
26 А змоўшчыкі супроць яго былі: Завад, сын Шымэаты Аманіцянкі, і Егазавад, сын Шымрыты Маавіцянкі.
27 Пра сыноў яго і пра мноства прароцтваў супроць яго і пра ўладкаваньне дома Божага напісана ў кнізе цароў. І зацараваў Амасія, сын ягоны замест яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга летапісаў, 24 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.