1 У тыя дні, калі кіравалі судзьдзі, стаўся голад на зямлі. І пайшоў адзін чалавек зь Віфляема Юдэйскага з сваёю жонкаю і двума сынамі жыць на палях Маавіцкіх.
2 Імя таго чалавека Элімэлэх, імя жонкі ягонай Наэмінь, а імя двух сыноў ягоных Махлон і Хілеон; яны былі Эфрафяне зь Віфляема Юдэйскага. І прыйшлі яны на палі Маавіцкія і засталіся там.
3 І памёр Элімэлэх, муж Наэміні, і засталася яна з двума сынамі сваімі.
4 Яны ўзялі сабе жонак з Маавіцянак, — імя адной Орфа, а імя другой Рут, — і жылі там каля дзесяці гадоў.
5 Але пасьля і абодва сыны яе, Махлон і Хілеон, памерлі, і засталася тая жанчына пасьля абодвух сваіх сыноў і пасьля мужа свайго.
6 І ўстала яна зь нявесткамі сваімі і пайшла назад з палёў Маавіцкіх, бо пачула на палях Маавіцкіх, што Бог наведаў народ Свой і даў ім хлеб.
7 І выйшла яна з той мясьціны, у якой жыла, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. Калі яны ішлі па дарозе, вяртаючыся ў зямлю Юдэйскую,
8 Наэмінь сказала дзьвюм нявесткам сваім: ідзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Гасподзь вам літасьць, як вы зрабілі з памерлымі і са мною!
9 хай дасьць вам Гасподзь, каб вы знайшлі прытулак кожная ў доме ў свайго мужа! І пацалавала іх. Але яны паднялі енк і плакалі
10 і сказалі: не, мы з табою вернемся да народу твайго.
11 А Наэмінь сказала: вярнецеся, дочкі мае; навошта вам ісьці са мною? хіба ж ёсьць у мяне яшчэ сыны ў маім чэраве, якія былі б вам мужамі?
12 вярнецеся, дочкі мае, ідзеце, бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я і сказала: «ёсьць мне яшчэ надзея», і нават калі б я гэтую ноч была з мужам і потым нарадзіла сыноў, —
13 дык ці ж можна вам чакаць, пакуль яны вырасьлі б? ці ж можна вам марудзіць і ня выходзіць замуж? не, дочкі мае, я вельмі маркочуся за вас, бо рука Гасподняя спасьцігла мяне.
14 Яны паднялі енк і зноў заплакалі. І Орфа разьвіталася зь сьвякроўю сваёю, а Рут засталася зь ёю.
15 Наэмінь сказала Руце: вось, ятроўка твая вярнулася да народу свайго і да сваіх багоў; вярніся і ты сьледам за ятроўкаю тваёю,
16 але Рут сказала: ня прымушай мяне пакідаць цябе і вяртацца ад цябе; а куды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду; народ твой будзе маім народам, і твой Бог — маім Богам;
17 і дзе ты памрэш, там і я памру і пахаваная буду; хай тое і тое зробіць мне Гасподзь, і яшчэ болей зробіць: адна сьмерць разьвядзе нас з табою.
18 Наэмінь, бачачы, што яна цьвёрда рашылася ісьці зь ёю, перастала ўгаворваць яе.
19 І ішлі абедзьве яны, пакуль ня прыйшлі ў Віфляем. Калі яны прыйшлі ў Віфляем, увесь горад прыйшоў у рух ад іх, і казалі: гэта Наэмінь?
20 Яна сказала ім: не называйце мяне Наэмінь, а называйце мяне Мараю, бо Ўсемагутны спаслаў мне вялікую гароту;
21 я выйшла адсюль у дастатку, а вярнуў мяне Гасподзь з пустымі рукамі; навошта называць мяне Наэміньню, калі Гасподзь прымусіў мяне пакутаваць, і Ўсемагутны паслаў мне няшчасьце?
22 І вярнулася Наэмінь, і зь ёю нявестка яе Рут Маавіцянка, якая прыйшла з палёў Маавіцкіх, і прыйшлі яны ў Віфляем на пачатку жніва ячменю.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Рут, 1 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.