1 У Наэміні быў родзіч, па мужы яе, чалавек даволі знакаміты, з племя Элімэлэхавага, імя яго Ваоз.
2 І сказала Рут Маавіцянка Наэміні: пайду я на поле і буду зьбіраць каласы па сьледзе таго, у каго знайду ўпадабаньне. Яна сказала ёй: ідзі, дачка мая.
3 Яна пайшла, і прыйшла, і зьбірала ў полі каласы за жнеямі. І супала так, што тая частка поля належала Ваозу, які з племя Элімэлэхавага.
4 І вось, Ваоз прыйшоў зь Віфляема і сказаў жнеям: Гасподзь з вамі! Яны сказалі яму: хай дабраславіць цябе Гасподзь!
5 І сказаў Ваоз слузе свайму, прыстаўленаму да жнеяў: чыя гэта маладая жанчына?
6 Слуга, прыстаўлены да жнеяў, адказваў і сказаў: гэтая маладая жанчына — Маавіцянка, якая прыйшла з Наэміньню з палёў Маавіцкіх;
7 яна сказала: «буду я падбіраць і зьбіраць паміж снапамі і за жнеямі»; і прыйшла, і тут з самае раніцы дагэтуль; яна мала бывае дома.
8 І сказаў Ваоз Руце: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле і не пераходзь адсюль, а будзь тут з маімі служанкамі;
9 хай на вачах тваіх будзе тое поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось, я загадаў слугам сваім не чапаць цябе; калі захочаш піць, ідзі да посуду і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае.
10 Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі і сказала яму: чым я заслужыла ў вачах тваіх міласьць, што ты прымаеш мяне, хоць я і чужаземка?
11 Ваоз адказваў і сказаў ёй: мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народа, якога ты ня ведала ўчора і заўчора;
12 хай дасьць Гасподзь за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі!
13 Яна сказала: хай буду я ў міласьць перад вачамі тваімі, гаспадару мой! ты суцешыў мяне і гаварыў па сэрцы рабыні тваёй, тым часам як я ня вартая ніводнае з рабыняў тваіх.
14 І сказаў ёй Ваоз: час полудня, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кавалак твой у воцат. І села яна каля жнеяў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося.
15 І ўстала, каб падбіраць. Ваоз даў загад слугам сваім, сказаўшы: хай падбірае яна і паміж снапоў, і ня крыўдзіце яе;
16 ды і ад снапоў адкідвайце ёй, няхай яна падбірае, і ня ганьце яе.
17 Так падбірала яна на полі да вечара і змалаціла сабранае, і выйшла каля эфы ячменю.
18 Узяўшы гэта, яна пайшла ў горад, і сьвякроў яе ўбачыла, што яна назьбірала. І дастала і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама.
19 І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сёньня і дзе працавала? хай будзе дабраславёны той, хто прыняў цябе! Рут абвясьціла сьвякрові сваёй, у каго яна працавала, і сказала: чалавеку таму, у якога я сёньня працавала, імя Ваоз.
20 І сказала Наэмінь нявестцы сваёй: дабраславёны ён у Госпада за тое, што не пазбавіў міласьці сваёй ні жывых, ні мёртвых! І сказала ёй Наэмінь: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых родзічаў.
21 Рут Маавіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служанкамі, пакуль яны не закончаць жніва майго.
22 І сказала Наэмінь нявестцы сваёй Руце: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць з служанкамі ягонымі, і ня будуць зьневажаць цябе на іншым полі.
23 Так была яна з служанкамі Ваозавымі і падбірала, пакуль не скончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякрові сваёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Рут, 2 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.