1 У Наомі быў сваяк па мужу яе, чалавек багаты і магутны, на імя Баоз.
2 І Рут маабка сказала свекрыві сваёй: «Дазволь, я пайду на поле і буду збіраць каласы, якія пазбеглі рук жней, паўсюль, дзе знайду я ласку да сябе ад мяккасардэчнага галавы сям’і». Наомі адказала ёй: «Ідзі, дачка мая».
3 Дык яна пайшла і збірала каласы за жнеямі. А здарылася, што поле тое мела гаспадара імем Баоз, які быў з роду Элімэлеха.
4 І вось, прыйшоў ён з Бэтлехэма і сказаў жнеям: «Госпад з вамі». Яны адказалі: «Хай дабраславіць цябе Госпад».
5 І сказаў Баоз юнаку, што кіраваў жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?»
6 Ён адказаў: «Гэта маабка, якая з Наомі прыйшла з зямлі Мааб
7 і папрасіла аб тым, каб збіраць пакінутыя каласы, ідучы за жнеямі; і ад раніцы да цяперашняга моманту яна знаходзіцца на полі і толькі зараз зрабіла кароткі адпачынак».
8 І кажа Баоз Рут: «Слухай, дачка: не ідзі больш збіраць каласы на іншае поле і не адыходзь з гэтага месца, а далучыся да маіх дзяўчат.
9 Глядзі, дзе жнуць, і ідзі за імі, бо я загадаў паслугачам, каб ніхто не рабіў табе прыкрасці, а калі будзеш адчуваць смагу, ідзі да пасудзін і напіся вады, якую п’юць паслугачы».
10 Яна, упаўшы на твар свой і пакланіўшыся да зямлі, сказала яму: «Адкуль мне гэта, што я знайшла ласку ў вачах тваіх і што ты звярнуў увагу на чужаземку?»
11 Ён адказаў ёй: «Мне ўсё расказалі: што ты зрабіла для свекрыві сваёй па смерці мужа твайго, і што ты пакінула бацькоў сваіх і зямлю, у якой нарадзілася, і прыбыла да народа, якога раней не ведала.
12 Хай аддзячыць табе Госпад за ўчынак твой, і поўную ўзнагароду атрымаеш ад Госпада, Бога Ізраэля, да Якога ты прыйшла і пад крылы Якога схавалася».
13 Яна кажа: «Знайду я ласку ў вачах тваіх, гаспадар мой, бо ты суцешыў мяне і сказаў да сэрца паслугачкі сваёй, якая не вартая ніводнай з паслугачак тваіх».
14 І ў час падсілкавання сказаў ёй Баоз: «Хадзі сюды і еж хлеб, і макай лусту сваю ў воцат». Дык села яна каля жней, а ён падаў ёй пражанае зерне ячменю, і яна ела і наелася, а рэшткі ўзяла з сабою.
15 А затым устала, каб, як звычайна, збіраць каласы. А Баоз загадаў паслугачам сваім, кажучы: «Хай яна таксама збірае між снапоў, не забараняйце ёй.
16 І нават ад снапоў адкідвайце ёй і дазваляйце заставацца, каб збіраць, і хай ніхто не крычыць на яе».
17 Дык збірала яна каласы ў полі аж да вечара; а калі вымалаціла палкай тое, што сабрала, было ў яе каля эфы ячменю.
18 Узяўшы іх, вярнулася яна ў горад і паказала свекрыві сваёй тое, што сабрала; акрамя таго, аддала ёй рэшткі з ежы сваёй, якой насыцілася.
19 І свякроў сказала ёй: «Дзе ты сёння збірала каласы і дзе працавала? Хай дабраславёны будзе той, хто быў літасцівы да цябе». І расказала яна ёй, у каго працавала, і казала: «Імя мужчыны таго Баоз».
20 Наомі адказала ёй: «Хай дабраславёны будзе Госпадам, бо не адмовіў у ласцы сваёй ані жывым, ані памерлым!» І далей казала: «Гэты чалавек — наш сваяк; ён адзін з тых, што маюць права выкупу за нас».
21 Рут ж дадала: «Таксама ён сказаў мне, каб я далучылася да жнеяў яго да той пары, пакуль не скончаць яны ўсяго жніва».
22 Сказала ёй свякроў: «Лепш, дачка мая, каб ты выходзіла з яго дзяўчатамі жаць, чым ісці на чужое поле, дзе хтосьці табе зробіць прыкрасць».
23 Такім чынам, далучылася яна да дзяўчат Баоза аж да канца жніва ячменю і пшаніцы; і жыла яна са свякроўю сваёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Рут, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.