1 І Наомі, свякроў Рут, сказала ёй: «Дачка мая, я буду шукаць табе месца спакойнага і паруплюся пра тое, каб добра было табе.
2 Баоз, сваяк наш, да дзяўчат якога далучылася ты на полі, вось, ён у гэтую ноч мае веяць на таку ячмень.
3 Дык ты памыйся, намасціся і апрані строі свае і схадзі на ток; але не з’яўляйся перад ім, пакуль не скончыць ён есці і піць.
4 А калі пойдзе ён спаць, ты прыкмець месца, у якім будзе класціся; і прыйдзі, і адкрый плашч, якім ён накрываецца, з боку ног, і там ляжаш. А ён скажа табе, што павінна ты рабіць».
5 Яна адказала: «Што ты загадала, зраблю».
6 І пайшла яна на ток, і зрабіла ўсё, што загадала ёй свякроў.
7 І калі Баоз наеўся, і напіўся, і стаў весялейшым, і пайшоў спаць у крайняй частцы пры мностве снапоў ячменю, Рут падышла ціха і, адкрыўшы плашч ля ног яго, лягла.
8 І вось, ужо апоўначы, спалохаўся ён, і падняўся, і ўбачыў жанчыну, што ляжала ля ног яго.
9 І ён кажа ёй: «Хто ты?» І яна адказала: «Я Рут, паслугачка твая. Накрый плашчом сваім паслугачку сваю, бо ты маеш права выкупу».
10 І ён сказаў: «Дабраславёна будзь, дачка, Госпадам; пераўзышла ты і папярэднюю высакароднасць наступнаю, бо не шукала ты юнакоў, ані бедных, ані багатых.
11 Дык не бойся, а я ўсё, што скажаш мне, зраблю табе; бо ўвесь народ, які жыве ва ўсіх брамах горада майго, ведае, што ты — жанчына дабрадзейная.
12 І не пярэчу, што я сваяк табе, але ёсць другі, бліжэйшы за мяне.
13 Адпачывай у гэтую ноч, а раніцай, калі захоча ён выканаць адносна цябе абавязак сваяцтва, добра будзе, хай выконвае; а калі не захоча, то, жыве Госпад, я без усякага сумнення вазьму цябе. Спі да раніцы».
14 І спала яна ля ног яго, аж пакуль не скончылася ноч. І ўстала, пакуль яшчэ людзі не могуць пазнаць адзін аднаго; і сказаў Боаз: «Сцеражыся, каб ніхто не ведаў, што ты сюды прыйшла».
15 І яшчэ сказаў ён: «Рассцялі невялікі плашч свой, якім накрываешся, і трымай абодва канцы рукою». Калі яна рассцяліла і трымала так, адмераў ён шэсць мер ячменю і насыпаў на яго; і пайшла яна ў горад, трымаючы яго,
16 і прыйшла да свекрыві сваёй. Яна сказала ёй: «Што ты рабіла, дачка?» І расказала ёй Рут усё, што зрабіў ёй той чалавек,
17 і дадала: «Вось, шэсць мер ячменю даў ён мне, і казаў: “Не хачу, каб ты вярнулася да свекрыві сваёй з пустымі рукамі”».
18 І Наомі сказала: «Чакай, дачка, пакуль мы не ўбачым, што з гэтага выйдзе; бо не спыніцца чалавек гэты, аж пакуль не споўніць сёння тое, што сказаў».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Рут, 3 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.