1 І сказала ёй Наэма, сьвякроў яе: дачка мая, ці не пашукаць табе прыстаньня, каб табе было добра?
2 Вось Бооз, са служаньніцамі якога ты была, сваяк наш; вось ён у гэтую ноч вее на таку ячмень.
3 Памыйся, памажся, ды апрані на сябе /прыгожыя/ вопраткі твае і пайдзі на ток, але не паказвайся яму, пакуль ня кончыць есьці ды піць.
4 Калі-ж ён ляжа спаць, запамятай тое месца, дзе ён ляжа; тады прыйдзеш і пасьцелеш у нагах ягоных і ляжаш; тады ён скажа табе, што табе рабіць.
5 Рут сказала ёй: зраблю ўсё, што ты сказала мне.
6 І пайшла на ток і ўчыніла ўсё гэтак, як загадала ёй сьвякроў яе.
7 Бооз наеўся і напіўся, і разьвесяліў сэрца сваё, і пайшоў і лёг спаць пад стогам. І яна прыйшла ціхінька і паслала ў нагах ягоных і лягла.
8 І апоўначы садрыгнуўся ён, і вось бачыць у нагах ягоных ляжыць жанчына.
9 І сказаў ён: хто ты? Яна сказала: я Рут, твая служаньніца, распасьцяры крыло тваё на служаньніцу тваю, бо ты сваяк.
10 Бооз сказаў: багаслаўлена ты ад Госпада Бога, дачка мая! Гэты апошні твой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ ляпей за папярэдні, што ты не пайшла шукаць маладых людзей, ні бедных, ні багатых.
11 І гэтак, дачка мая, ня бойся, я зраблю табе ўсё, што ты сказала, бо каля кажнае брамы народу майго ведаюць, што ты жанчына добрая.
12 Хоць і праўда, што я сваяк, але ёсьць яшчэ сваяк бліжэйшы за мяне.
13 Пераначуй гэтую ноч: заўтра-ж, калі ён прыйме цябе, дык добра, няхай прыйме; а, калі ён не захоча прыняць цябе, дык я прыйму; жыве Госпад! Сьпі да раніцы.
14 І спала яна ў нагах ягоных да раніцы, і ўстала раней, чымся маглі яны распазнаць адзін другога. І сказаў Бооз: няхай ня ведаюць, што жанчына прыходзіла на ток,
15 І сказаў ён: падай верхнюю вопратку, што на табе, і патрымай яе. Яна трымала, і ён адмерыў ёй шэсьць мерак ячменю і паддаў ёй на плечы, і пайшоў у места.
16 А яна прыйшла да свякроўі свае. Тая сказала ёй: што, дачка мая? Яна расказала ёй усё, што ўчыніў ёй чалавек той.
17 І сказала ёй: гэтыя шэсьць мерак ячменю ён даў мне і сказаў мне: ня ідзі да сьвякроў і свае з пустымі рукамі.
18 Тая сказала: пачакай, дачка мая, пакуль не даведаешся, чым кончыцца гэтая справа; бо чалавек гэты ня супыніцца, ня кончыўшы сягоньня гэтае справы.