Біблія » Пятроўскi Пераклад Яна Пятроўскага

Руты 2 Кніга Руты 2 раздзел

1 У Наэмы быў сваяк па мужу яе, чалавек вельмі заможны, з роду Элімэлехавага, імя ягонае Бооз.
2 І сказала Рут Моабіцянка, Наэме: я пайду на поле і буду зьбіраць калосьсе па сьлядох таго, у каго знайду ласку. Яна сказла ёй: ідзі, дачка мая.
3 Яна пайшла, і прыйшоўшы, зьбірала на полі калосьсе з-заду жанцоў. І здарылася, што тая частка поля належыла да Бооза, што быў з роду Элімэлехавага.
4 І вось, Бооз прыйшоў зь Віфлеему і сказаў жанцом: Госпад з вамі! Яны адказалі яму: няхай багаславіць цябе Госпад!
5 І сказаў Бооз да найміта, што даглядаў каля жанцоў: чыя гэтая маладая жанчына?
6 Найміт, што даглядаў каля жанцоў, сказаў, кажучы: гэтая маладая жанчына — Моабіцянка, што прыйшла з Наэмаю з краіны Моабіцкае;
7 Яна сказала: дазволь мне, калі ласка, зьбіраць паміж снапамі з-заду жанцоў калосьсе; і прыйшла яна, і знаходзіцца тутака з самае раніцы аж дагэтуль; яна мала бывае дома.
8 І сказаў Бооз да Руты: паслухай, дачка мая, не хадзі зьбіраць на другое поле, і не пераходзь адгэтуль, але будзь тутака з маімі дзяўчатамі;
9 Няхай у вачох тваіх будзе гэтае поле, дзе яны жнуць, і хадзі за імі; вось я загадаў слугам маім не чапаць цябе; калі захочаш піць, дык ідзі да пасудзіны і пі, адкуль чэрпаюць слугі мае.
10 Яна ўпала на твар свой і пакланілася да зямлі, і сказала яму: чым я зыскала ласку ў вачох тваіх, што ты прыймаеш мяне, хоць я і чужынка?
11 Бооз, адказваючы, з, сказаў ёй: мне расказалі пра ўсё, што учыніла ты для свае сьвякроўі пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і маці тваю і зямлю, дзе ты радзілася і прыйшла да, народу, якога ты ня ведала ані ўчора, ані пазаўчора;
12 Няхай-жа адплаціць Госпад за гэтую справу тваю, і няхай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада, Бога Ізраілевага, да Якогаты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыльлямі!
13 Яна сказала: няхай-жа і я знайду ласку ў вачох тваіх, гаспадару мой! Ты пацешыў мяне і гаварыў паводля сэрца служаньніцы твае, тымчасам як я ня варта ні адной із служаньніц тваіх.
14 І сказаў ёй Бооз: як будзе час абеду, прыйдзі сюды і еж хлеб і мачай кусох твой у воцат. І яна села каля жанцоў. Ён падаў ёй хлеба; яна ела, наелася, і яшчэ засталося.
15 І ўстала яна, каб зьбіраць. Бооз даў загад слугам сваім, сказаўшы: няхай зьбірае яна і паміж снапамі, і ня крыўдзьце яе;
16 Дый ад снапоў адкідайце ёй і пакідайце, няхай яна зьбірае для ежы, і ня гневайцёся на яе.
17 Гэтак зьбірала яна на полі да вечару і вымалаціла ўсё, што сабрала, і выйшла каля эфы ячменю.
18 Узяўшы гэта, пайшла яна ў места, і сьвякроў яе ўбачыла што яна назьбірала. І дастала яна і дала ёй тое, што пакінула, наеўшыся сама.
19 І сказала ёй сьвякроў яе: дзе ты зьбірала сягоньня і дзе працавала? Няхай будзе багаслаўлены той, што прыняў цябе! Рут сказала сваёй сьвякроўі ў каго яна працавала, кажучы: чалавек той, у якога я сягоньня працавала, называецца Бооз.
20 І сказала Наэма нявестцы сваёй: багаслаўлены ён праз Госпада за тое, што не пазбавіў ласкі свае ані жывых, ані памершых! І сказала, ёй Наэма: чалавек гэты блізкі да нас; ён з нашых сваякоў.
21 Рут Моабіцянка сказала: ён нават сказаў мне: будзь з маімі служаньніцамі, пакуль ня кончаць яны жніва майго.
22 І сказала Наэма нявестцы сваёй Рут: добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць са служаньніцамі яго, і ня будуць крыўдзіць цябе на другім полі.
23 Гэтак была яна са служаньніцамі Боозавымі і зьбірала калосьсе, пакуль ня кончылася жніва ячменю і жніва пшаніцы, і жыла ў сьвякроўі сваёй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Руты, 2 раздзел. Пераклад Яна Пятроўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.