1 Бооз выйшаў да брамы і тамака сядзеў. І вось ідзе празь яго сваяк, аб якім гаварыў Бооз. І сказаў яму /Бооз/: зайдзі сюды і сядзь тутака. Той зайшоў і сеў.
2 Узяў Бооз дзесяць чалавек із старшынь места і сказаў: сядзьце тутака. І яны селі.
3 І сказаў Бооз да сваяка: Наэма, якая вярнулася з краіны Моабіцкае, прадае частку поля, якая належыць да брата нашага Элімэлеха.
4 Я пастанавіў давесьці да твайго ведама і сказаць: купі пры тых, што сядзяць тутака, і пры старшынях народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупі; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а па табе я. Той сказаў: я выкуплю.
5 Бооз сказаў: калі ты выкўпіш поле ў Наэмы, дык ты павінен выкупіць і ў Рут Моабіцянкі, жонкі памершага, і павінен узяць яе сабе за жонку, каб узбудзіць імя памершага ў спадчыне яго.
6 І сказаў той сваяк: не магу я ўзяць яе сабе, каб ня страціць спадчыны свае. Прыймі ты яе, бо я не магу прыняць.
7 Раней быў гэткі звычай у Ізраілю пры выкупе і пры абмене для пацьверджаньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому /што пераймаў права сваяка/, і гэта было сьветчаньнем у Ізраілю.
8 І сказаў той сваяк Боозу: купі сабе і зьняў бот свой /і даў яму/.
9 І сказаў Бооз старшыням і ўсяму народу: вы цяпер сьветкі, што я купляю ў Наэмы ўсё, што было Элімэлехавае і Хілеонавае, і Махлёнавае.
10 Да гэтага яшчэ бяру сабе за жонку Рут Моабіцянку, жонку Махлёнавую, каб узбудзіць імя памершага ў спадчыне яго, і каб ня шчэзла імя памершага паміж братамі яго і каля брамы ягонага аселішча: вы сягоньня сьветкі гэтага.
11 І сказаў увесь народ, што быў каля брамы, і старшыні, мы сьветкі. Няхай учыніць Госпад жонку, якая ўваходзіць у хату тваю, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве ўладзілі дом Ізраілеў. Прыдбай багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя тваё ў Віфлееме.
12 І няхай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога радзіла Тамар для Юды, ад таго семя, якое дасьць табе Госпад ад гэтае маладое жанчыны.
13 І ўзяў Бооз Рут, і яна сталася ягонаю жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй цяжарнасьць, і яна радзіла сына.
14 І казалі жанчыны да Наэмы: багаслаўлены Госпад, што Ён не пакінуў цябе цяперака без нашчадка. І няхай імя ягонае будзе слаўнае ў Ізраілю,
15 Ён будзе табе радасьцю і жывіцелем у старасьці тваёй бо яго радзіла твая нявестка, якая любіць цябе, якая лепшая для цябе, чымся сем сыноў.
16 І ўзяла Наэма дзіця гэтае, і насіла яго на рукох сваіх, і была яму за няньку.
17 Суседкі-ж далі яму імя і казалі: у Наэмы радзіўся сын, і далі імя яму: Обід. Ён бацька Эссэя, бацькі Давідавага.
18 А вось род Фарэса: Фарэс радзіў Эсрона,
19 Эсрон радзіў Раму; Рама радзіў Амінадаба.
20 Амінадаб радзіў Наасона, а Наасон радзіў Салмона;
21 Салмон радзіў Бооза; Бооз радзіў Обіда;
22 Обід радзіў Эссэя; Эссей радзіў Давіда.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Кніга Руты, 4 глава. Пераклад Яна Пятроўскага

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.