1 А Баоз пайшоў да брамы і сеў там. І калі ўбачыў, што міма праходзіць сваяк, аб якім гаварыў, сказаў яму, паклікаўшы яго па імю: «Падыдзі сюды на хвіліну і сядзь тут». Той падышоў і сеў.
2 Тады Баоз, паклікаўшы дзесяць мужчын са старэйшын горада, сказаў ім: «Сядзьце тут».
3 Калі яны селі, сказаў ён сваяку: «Частку поля брата нашага Элімэлеха прадае Наомі, якая вярнулася з зямлі Маабскай.
4 Хацеў я, каб чуў ты гэта, і табе хацеў я сказаць: перад усімі, хто сядзіць, і перад старэйшынамі народа майго, што калі хочаш мець гэтае поле па законе сваяцтва, купляй яго і валодай ім; а калі не хочаш, то паведамі мне, каб я ведаў, што маю рабіць. Няма бо іншага сваяка ў Наомі, акрамя цябе; ты — першы, а я — другі». І той адказаў: «Я куплю поле».
5 Сказаў яму Баоз: «Калі купіш поле з рук Наомі, мусіш узяць таксама Рут маабку, жонку памерлага, каб захаваць імя памерлага сваяка твайго ў спадчыне яго».
6 Ён адказаў: «Я саступаю права сваяцкасці, бо не павінен я нішчыць маёмасці сям’і сваёй. Ты скарыстайся з майго прывілею, ад якога я ахвотна адмаўляюся».
7 А такі быў даўнейшы звычай у Ізраэлі адносна права выкупу і абмену: каб пацвердзіць усю справу, чалавек здымаў сандалю сваю і даваў блізкаму свайму. Такое было сведчанне ўступкі ў Ізраэлі.
8 Дык сказаў той сваяк Баозу: «Купляй сабе». І зняў сандалю сваю з нагі сваёй.
9 І Баоз сказаў старэйшынам і ўсяму народу: «Сведкі вы сёння таго, што атрымаў я з рук Наомі ўсё, што належала Элімэлеху, Хеліёну і Махалону,
10 і таксама Рут маабку, жонку Махалона бяру сабе за жонку, каб захаваць імя памерлага ў спадчыне яго, каб не знікла імя яго паміж братоў і ў браме месца яго. Вы, — кажу я, — сведкі сёння ў гэтай справе».
11 Увесь народ, які быў у браме, і старэйшыны адказалі: «Мы з’яўляемся сведкамі; хай Госпад зробіць гэтую жанчыну, якая ўвойдзе ў дом твой, падобнай да Ракель і Ліі, якія абедзве збудавалі дом Ізраэля. Набывай багацце ў Эфраце і зрабі слаўным імя тваё ў Бэтлехэме!
12 І хай дом твой станецца, як дом Пэрэса, якога нарадзіла Юдзе Тамар, з семені, якое дасць табе Госпад ад гэтай маладой дзяўчыны!»
13 І ўзяў Баоз Рут за жонку; і ўвайшоў ён да яе, і Госпад даў ёй пачаць і нарадзіць сына.
14 І казалі жанчыны Наомі: «Хай будзе дабраславёны Госпад, Які не дапусціў, каб у цябе сёння не было таго, хто б вызваліў тваю сям’ю. Няхай будзе слаўным імя яго ў Ізраэлі,
15 і хай ён будзе суцяшэннем для душы тваёй і карміцелем у старасці; бо нарадзіла яго нявестка твая, якая любіць цябе і якая для цябе значна больш дарагая, чым сем сыноў».
16 І Наомі абняла ўзятае на рукі дзіця і была для яго нянькаю.
17 А суседкі далі імя яму і казалі: «Нарадзіўся сын для Наомі»; далі яму імя Абэд. Ён бацька Ясэя, бацькі Давіда.
18 Гэта нашчадкі Пэрэса: Пэрэс быў бацькам Эсрома.
19 Эсром быў бацькам Арама, Арам быў бацькам Амінадаба,
20 Амінадаб быў бацькам Наасона, Наасон быў бацькам Салмона,
21 Салмон быў бацькам Баоза, Баоз быў бацькам Абэда.
22 Абэд быў бацькам Ясэя, Ясэй быў бацькам Давіда.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Рут, 4 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.