1 І Воаз узышоў да брамы, і сядзеў там. І вось, ідзець міма сваяк, праз каторага Воаз гукаў. І сказаў яму: «Зайдзіся сюды й сядзь тут, чалавеча». Тый зайшоўся й сеў.
2 І ўзяў дзесяцёх чалавекаў із старцоў месцкіх, і сказаў: «Сядзьце гэтта». І яны селі.
3 І сказаў сваяку: «Часьць поля брата нашага Елімелеха прадаець Наомі, што зьвярнулася з палёў Моаўскіх.
4 Дык я сказаў: "Адкрыю вуху твайму, кажучы: купі перад седзячымі і перад старцамі люду майго". Калі выкупіш, выкупляй; а калі ня выкупіш, азнаймі імне, і я буду ведаць; бо апрача цябе, няма каму выкупіць, а па табе я». І тый сказаў: «Я выкуплю».
5 І сказаў Воаз: «У дзень куплі поля з рукі Наомі, і Рут Моаўлянку, жонку памерлага, маеш купіць, каб аднавіць імя памерлага ў спадку ягоным».
6 І сказаў тый сваяк: «Не магу выкупіць сабе, каб не папсаваць свайго собскага спадку; выкупі ты сабе, што я меў выкупіць, бо я не магу выкупіць».
7 І гэтак калісь было ў Ізраеля пры выкупе альбо пры мене, дзеля спаўненьня якое справы: адзін разуваў бот свой і даваў другому, і гэта было сьветчаньням у Ізраеля.
8 І сказаў тый сваяк Воазу: «Купі сабе»; і зьняў бот свой.
9 І сказаў Воаз старцом а ўсяму люду: «Сьветкі вы цяпер, што я купіў усе Елімелехава й усе Хілёнава а Маглонава з рукі Наомі.
10 І таксама Рут Моаўлянку, жонку Маглонаву, купіў яе сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадку ягоным, і каб ня было адцята імя памерлага ад братоў ягоных і ад брамы месца ягонага; сьветкі вы сядні».
11 І сказаў увесь люд, каторы ля брамы, і старцы: «Мы сьветкі; хай дасьць СПАДАР жонку, што ўходзе ў дом твой, як Рахеля а як Лія, каторыя абедзьве збудавалі дом Ізраеляў. Прыдбавай багацьце ў Ефрафе, і хай славіцца імя твае ў Бэтлееме,
12 І хай будзе дом твой, як дом Перэца, каторага нарадзіла Тамара Юдзе, ад тога насеньня, каторае дасьць табе СПАДАР ад гэтае маладзіцы».
13 І ўзяў Воаз Рут, і яна стала жонкаю ягонай. І ўвыйшоў ён да яе, і СПАДАР даў ёй цяжарнасьць і яна нарадзіла сына.
14 І сказалі жанкі Наомі: «Дабраславёны СПАДАР, каторы не спабыў цябе выкупіцеля сядні! І будзе імя ягонае ў Ізраелю!
15 Ён будзе табе асьвяжэньням душы й жывіць будзе сівізну тваю; бо нарадзіла нявестка твая, каторая цябе любе, каторая табе лепшая за сямёх сыноў».
16 І ўзяла Наомі дзецянё гэтае, і палажыла яго на ўлоньне свае, і была яму за няньку.
17 І далі суседкі яму імя, кажучы: «У Наомі нарадзіўся сын», і назвалі імя ягонае: Овід. Ён бацька Еса, айца Давідавага.
18 І во род Перэцаў: Перэц нарадзіў Гэцрона;
19 І Гэцрон нарадзіў Рама; і Рам нарадзіў Амінадава;
20 І Амінадаў нарадзіў Нагшона; і Нагшон нарадзіў Салмона;
21 І Салмон нарадзіў Воаза; І Воаз нарадзіў Овіда;
22 І Овід нарадзіў Еса; І Есэ нарадзіў Давіда.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Руціна, 4 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.