Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Другапраўе 1 Другапраўе 1 раздзел

1 Гэта ё словы, каторыя гукаў Масей усяму Ізраелю за Ёрданом на пустыні, на раўніне супроці Суфа, меж Парану й Тофелу а Лавану а Гацэрофу а Ды-Загаву,
2 Адзінанцаць дзён дарогі ад Горыва па дарозе ад гары Сэір да Кадэш-Барні.
3 І сталася саракавога году, адзінанцатага месяца, на першы дзень месяца, што гукаў Масей сыном Ізраелявым подле ўсёга, што расказаў яму СПАДАР празь іх.
4 Па забіцьцю ім Сыгона, караля Аморэйскага, што жыў у Гэшбоне, і Оґа, караля Вашанскага, каторы жыў у Ашарофе ў Едрэі,
5 За Ёрданом, у зямлі Моаўскай, пачаў Масей зьясьняць права гэтае, кажучы:
6 «СПАДАР, Бог ваш, гукаў нам у Горыве, кажучы: "Досыць вам жыць на гары гэтай;
7 Зьвярніцеся, краніцеся, і пайдзіце на гару Аморэяў а да ўсіх суседзяў іхных, на раўніну, на гару, на нізкія месцы, на паўдня і да берагоў мора, да зямлі Канаанскае а да Лібану, аж да ракі вялікае, ракі Еўфрату.
8 Гля, Я даў вам зямлю гэтую, прыйдзіце й вазьміце на спадак зямлю, каторую СПАДАР із прысягаю абяцаў даць айцом вашым, Абрагаму, Ісаку а Якаву, даць ім а насеньню іхнаму просьле іх".
9 І я сказаў вам у тым часе: "Не магу адзінюсенькі насіць вас;
10 СПАДАР, Бог ваш, размнажыў вас, і вось, вас сядні шмат, як гвездаў нябёсных;
11 СПАДАР, Бог айцоў вашых, хай дадасьць вам тысяча разоў, і хай дабраславе вас, як Ён казаў вам;
12 Як жа імне аднанаму насіць клопаты вашы, цяжары вашы а звады вашы?
13 Абярыце сабе мужоў мудрых, разумных а ўзумелых па плямёнах сваіх, і я пастанаўлю іх за галавы вашы".
14 Вы адказалі імне й сказалі: "Добра гэта, што ты казаў рабіць".
15 І ўзяў я галоўных із плямёнаў вашых, мужоў мудрых а ўзумелых, і ўстанавіў іх галавамі над вамі, князьмі тысячаў, і князьмі сотняў, і князьмі пяцёх дзесяткоў, і князьмі дзесяткоў і ўраднікамі па плямёнах вашых.
16 І расказаў я судзьдзям вашым у тым часе, кажучы: "Слухайце справы меж братоў сваіх і судзіце справядліва меж людзіны й брата ейнага й чужаземца.
17 Не зважайце на асобы на судзе, як малога, так вялікага выслухайце: ня бойцеся віду людзкога; бо суд справа Божая; а справу, каторая вам цяжкая, перадавайце імне, І Я выслухаю яго".
18 І расказаў вам у тым часе ўсе, што належа вам рабіць.
19 І падарожжавалі вы ад Горыва, і йшлі па ўсёй тэй вялікай а страшнай пустыні, каторую вы бачылі, па дарозе да гары Аморэйскае, як расказаў СПАДАР, Бог наш, і прышлі да Кадэш-Барні.
20 І сказаў я вам: "Вы прышлі аж да гары Аморэйскае, каторую СПАДАР, Бог наш, даець нам.
21 Гля, СПАДАР, Бог твой, даў табе зямлю гэтую, узыйдзі, вазьмі яе ў дзяржаньне, як казаў табе СПАДАР, Бог айцоў тваіх, ня бойся а не палохайся".
22 Вы ўсі дабліжыліся да мяне й сказалі: "Пашлем перад сабою людзёў, каб яны прасачылі нам зямлю й зьвярцуліся да нас ізь ведамкаю праз дарогу, па каторай нам узыходзіць, і празь месты, да каторых нам ісьці".
23 І ўпадабаў я слова гэтае, і я ўзяў з вас двананцацёх чалавекаў, па адным чалавеку ад плямені.
24 І яны павярнуліся, узышлі на гару й дайшлі аж да даліны Ешкол, і вышпегавалі яе.
25 І ўзялі ў рукі свае з пладоў зямлі, і зышлі да нас, і зьвярнуліся зь ведамкаю, і сказалі: "Добрая зямля, каторую СПАДАР, Бог наш, даець нам".
26 Але вы не захацелі ўзыходзіць, і спрацівіліся слову СПАДАРА, Бога вашага,
27 І наракалі ў буданох сваіх, і казалі: "Ненавідзячы СПАДАР нас вывеў ізь зямлі Ягіпецкае, каб аддаць нас у рукі Аморэям выгубіць нас;
28 Куды мы ўзыйдзем? Браты нашыя раскволілі сэрца нашае, кажучы: "Люд тый большы а вышшы за нас, месты вялікія а ўмацаваныя аж да нябёсаў, дый Еначонкаў бачылі мы там".
29 І я сказаў вам: "Не палохайцеся а ня бойцеся іх;
30 СПАДАР, Бог ваш, Каторы йдзець перад вамі, Ён будзе ваяваць за вас, як Ён рабіў із вамі ў Ягіпце перад ачыма вашымі,
31 І на пустыні гэтай, ідзе, як ты бачыў, што насіў цябе СПАДАР, Бог твой, як чалавек носе сына свайго, на ўсёй дарозе, каторай вы праходзілі, аж да прыходу вашага на гэтае месца.
32 Але й у гэтай справе вы ня верыце СПАДАРУ, Богу свайму,
33 Каторы хадзіў перад вамі дарогаю выглядаць вам месца, ідзе разьлегчыся табарам, ночы ў вагню, каб паказаваць вам дарогу, якой вам ісьці ёю, а ўдзень у булаку.
34 І СПАДАР пачуў голас словаў вашых, і ўгневаўся, і прысягнуў, кажучы:
35 "Не абача ні водзін чалавек ізь людзёў гэтых, з гэтага ліхога роду, добрае зямлі, каторую Я прысягаў даць айцом вашым;
36 Апрача Калева Ефунёнка, ён абача яе; яму Я дам зямлю, па каторай ён праходзіў, і сыном ягоным, за тое, што супоўна йшоў за СПАДАРОМ".
37 Таксама на мяне загневаўся СПАДАР за вас, кажучы: І ты ня ўвыйдзеш туды.
38 Ігошуа Нунянок, каторы стаіць перад табою, ён увыйдзе туды; яго ўмацуй, бо ён умагчыме Ізраелю адзяржаць яе на спадак.
39 Дзецяняты вашыя, праз каторыя вы казалі, што яны стануць здабыткам, і сынове вашыя, каторыя ня знаюць цяпер ані дабра, ані ліха, яны ўвыйдуць туды, ім дам яе, і яны возьмуць яе ў дзяржаву.
40 А вы завярніцеся й краніцеся на пустыню дарогаю Чырвонага мора".
41 І вы адказалі й сказалі Імне: "Зграшылі мы перад СПАДАРОМ, мы ўзыйдзем і будзем ваяваць, подле ўсёга, як расказаў нам СПАДАР, Бог наш". І паперазаліся вы кажны ваеннаю зброяю сваёю, і былі гатовыя ўзыйсьці на гару.
42 І сказаў СПАДАР імне: "Скажы ім: ня ўзыходзьце а не ваюйце, бо Я не сярод вас, і каб ня былі пабіты варагамі сваімі".
43 І я казаў вам, але вы не паслухалі й спрацівіліся слову СПАДАРОВАМУ, але рабілі самадумам і ўзышлі на гару.
44 І выступіў супроці вас Аморэй, што жыў на гары тэй, і гналі вас так, як робяць пшчолы, і білі вас на Сэіру аж да Гормы.
45 І зьвярнуліся вы, і плакалі перад СПАДАРОМ; але СПАДАР не пачуў голасу вашага ані нахінуў вушшу сваіх да вас.
46 І прабылі вы ў Кадэшу шмат часу, колькі часу вы былі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пятая кніга Масеява: Другапраўе, 1 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.