Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

2 Самуйлава 1 2 Самуйлава 1 раздзел

1 І было па сьмерці Саўлы, што Давід зьвярнуўся ад паразы Амалічан і прабыў у Цыклазе два дні.
2 І сталася напазаўтрае, што, вось, прыходзе чалавек із табару ад Саўлы, і адзежа ягоная разьдзертая, і пыл на галаве ў яго, і, як ён прышоў да Давіда, паў на зямлю й пакланіўся.
3 І сказаў яму Давід: «Скуль ты прышоў?» І сказаў яму: «Я ўцёк із табару Ізраельскага».
4 І сказаў яму Давід: «Што зьдзеялася? скажы ж імне». І тый сказаў, што люд уцёк ізь бітвы, і таксама шмат пала зь люду а памерла, і таксама Саўла а Ёнафан, сын ягоны, памерлі.
5 І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Як ты ведаеш, што памер Саўла а Ёнафан, сын ягоны».
6 І сказаў дзяцюк, каторы наказаў яму: «Я лучыў, лучыў на гару Ґілвоаскую, і вось, Саўла налёг на сваю дзіду, і вось, адны цялежкі а коньнікі даганялі яго.
7 Тады ён азірнуўся назад, і абачыў мяне, і гукнуў мяне.
8 І я сказаў: "Во я!" Ён сказаў імне: "Хто ты?" І я сказаў яму: "Я Амалічанін".
9 Тады ён сказаў імне: "Стань ля мяне й забі мяне, бо сьмяротная туга абняла мяне, душа мая ўсе яшчэ ў імне".
10 І я стаў ля яго, і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жыць просьле свайго паду; і ўзяў я карону, што была на галаве ў яго, і бружлет, што быў на руццэ ў яго, і прынёс іх спадару майму сюды».
11 Тады схапіў Давід адзецьці свае й разьдзер іх, таксама й усі людзі, што былі зь ім.
12 І мелі жалобу, і плакалі, і поставалі аж да вечара па Саўлу а сыну ягоным Ёнафану а па людзе СПАДАРОВЫМ, а па доме Ізраельскім, што палі яны ад мяча.
13 І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Скуль ты?» І сказаў: «Я — сын прыходнага, Амалічаніна».
14 Тады Давід сказаў яму: «Як не баяўся ты падняць руку, каб зьнішчыць памазанца СПАДАРОВАГА?»
15 І гукнуў Давід аднаго зь дзяцюкоў, і сказаў яму: «Дабліжся й нападзі на яго». І паразіў яго, і ён памер.
16 І сказаў яму Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьветчылі на цябе, кажучы: "Я забіў памазанца СПАДАРОВАГА"».
17 І галасіў Давід гэткім галашэньням па Саўлу а па Ёнафану, сыну ягоным,
18 І сказаў наўчыць сыноў Юдзіных Луку. Вось, ён напісаны ў кнізе Яшара:
19 «Краса твая, о Ізраелю, ранена на вышынях тваіх! як палі дужыя!
20 Не наказуйце ў Ґафе, не агалашайце на вуліцах Ашкелону, каб не радаваліся дачкі Пілісцкія, каб не весяліліся надта дачкі неабрэзаных.
21 Горы Ґілвоаскія! хай не падзець на вас раса ані дождж, і хай ня будзе палёў з пладамі; бо там ськінены шчыт дужых, шчыт Саўлаў, бы ня быў ён памазаны алеям.
22 Бяз крыві раненых, бяз туку дужых не адступаў назад лук Ёнафаноў, і меч Саўлаў не зварачаўся пустым.
23 Саўла а Ёнафан, любячыя й прыемныя ў жыцьцю сваім, і ў сьмерці сваёй не разлучыліся; быстрэйшыя за арлы, дужшыя за лявы.
24 Дачкі Ізраельскія! Плачча па Саўлу, каторы адзяваў вас у шкарлат із прыборамі і ўскладаў залатыя прыборы на адзежы вашыя.
25 Як палі дужыя сярод вайны! Ёнафан на вышынях тваіх забіты.
26 Немарасьць імне па табе, браце мой Ёнафане: ты быў надта прыемны імне; над любоў жаноцкую была імне любоў твая.
27 Як палі дужыя, і загінулі зброі ваенныя!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуйлава, 1 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.