Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

2 Самуйлава 14 2 Самуйлава 14 раздзел

1 І ведаў Ёаў Цэруёнак, што сэрца каралёва нахінулася да Аўсалома.
2 І паслаў Ёаў да Фекоі, і ўзяў стуль мудрую жонку, і сказаў ёй: «Прыдайся плачучай, і надзень жалобнае адзецьце, і ня мажся алеям, але будзь як жонка, што мела даўгі час жалобу па памерлым;
3 І прыйдзеш да караля, і будзеш гукаць яму подле гэтага слова. І Ёаў улажыў словы ў вусны ейныя.
4 І сказала жонка Фекоянка каралю, і пала відам сваім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Ратуй, каролю!»
5 І сказаў ёй кароль: «Чаго табе?» І сказала яна: «Я ўдава, муж мой памер;
6 І ў нявольніцы тваёй два сыны; яны абодва павадзіліся ў полю, і ня было каму разбараніць іх, і выцяў адзін другога, і забіў яго.
7 І вось, паўстала ўся радня на служэбку тваю і кажуць: "Аддай убіўцу брата свайго; мы заб’ем яго за душу брата ягонага, каторага ён забіў, і спадкаемцу загубім таксама". Дык яны згасяць засталую жарыну маю, што засталася, каб не пакінуць мужу майму імені а патомства на відзе зямлі».
8 І сказаў кароль жонцы: «Ідзі супакойна двору, а я дам расказаньне празь цябе».
9 І сказала жонка Фекоянка каралю: «На імне, спадару мой, каролю, гэтае бяспраўе а на доме айца майго, кароль жа а пасад ягоны хай будзе бязь віны».
10 І сказаў кароль: «Таго, хто будзе гукаць на цябе, прывядзі да мяне, і ён болей не зачэпе цябе».
11 Яна сказала: «Успомні, каролю, СПАДАРА, Бога свайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў, каб згубіць а зьнішчыць сына майго». І сказаў: «Жыў СПАДАР! не спадзець і волас сына твайго на зямлю».
12 І сказала жонка: «Калі ласка, хай кажа нявольніца твая слова спадару майму, каралю».
13 Ён сказаў: «Кажы». І сказала жонка: «Чаму ты так думаеш супроці люду Божага? Кароль, кажучы гэтае слова, ёсьць як вінны, бо не зварачае выгнаньніка свайго.
14 Мы напэўна памрэм і будзем як вада, вылітая на зямлю, каторую нельга зьберці; але Бог ня хоча загубіць душу, і думае думы, каб не адапхнуць ад Сябе адапхнёнага.
15 Дык цяпер я прышла сказаць каралю, спадару свайму, гэтае слова, бо люд палохае мяне; і сказала нявольніца твая: "Пагутару я з каралём, можа ён зробе подле слова служэбкі свае.
16 Бо кароль выслухае, вывальне служэбку сваю з рукі чалавека, што хоча зьнішчыць мяне разам із сынам маім із спадку Божага".
17 І сказала нявольніца твая: "Хай будзе слова спадара майго, караля, на пацеху імне, бо, як ангіл Божы, так спадар мой, кароль, і можа выслухаць і добрае і ліхое. І СПАДАР, Бог твой, будзе з табою"».
18 І адказаў кароль, і сказаў жонцы: «Не ўтаі ад мяне, калі ласка, справы, праз каторую я папытаю ў цябе». І сказала жонка: «Кажы, калі ласка, спадару мой, каролю!»
19 І сказаў кароль: «Ці ня рука Ёвава з табой у вусім гэтым?» І адказала жонка, і сказала: «Хай жывець душа твая, спадару мой, каролю; ані направа, ані налева нельга адхінуцца ад тога, што сказаў спадар мой, кароль; бо слуга твой Ёаў расказаў імне, і ён улажыў у вусны нявольніцы гэтыя словы.
20 Каб зьмяніць выгляд гэтае справы, зрабіў слуга твой Ёаў гэта; але спадар мой мудры, як мудры ангіл Божы, каб ведаць усе, што на зямлі».
21 І сказаў кароль Ёаву: «Вось жа, я зрабіў гэтую справу, пайдзі ж, зьвярні дзяцюка Аўсалома».
22 І паў Ёаў відам на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў караля, і сказаў: «Цяпер ведае слуга твой, што прыдбаў ласку ў ваччу тваім, спадару мой, каролю, бо кароль учыніў подле слова слугі свайго».
23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў да Ґешуру, і прывёў Аўсалома да Ерузаліму.
24 І сказаў кароль: «Хай ён зьвернецца да дому свайго, а віду майго ня бача». І зьвярнуўся Аўсалом да дому свайго, а віду каралеўскага ня бачыў.
25 І падобнага да Аўсалома ня было харашуна ў вусім Ізраелю, і гэгулькі хваленага; ад падашвы нагі аж да цемені галавы ягонае ня было ў ім заганы.
26 Як ён стрыг галаву сваю, — а стрыг ён яе кажнага году, бо яна цяжарыла яго, — то валасы з галавы ягонае важылі дзьвесьце сыкляў подле вагі каралеўскае.
27 І радзіліся ўв Аўсалома тры сыны й адна дачка, наймя Тамара; яна была жонка пазорная.
28 І жыў Аўсалом у Ерузаліме два гады, і віду каралёвага ня бачыў.
29 І паслаў Аўсалом па Ёава, каб паслаць яго да караля; але тый ня зычыў прыйсьці да яго. Паслаў і другім наваратам, але тый ня зычыў прыйсьці.
30 І сказаў слугам сваім: «Бачыце часьць поля Ёававага ля майго, і ў яго там ячмень; пайдзіце, выпаліце яго цяплом». І выпалілі слугі Аўсаломавы часьць поля цяплом.
31 І ўстаў Ёаў, і прышоў да Аўсалома да дому, і сказаў яму: «Чаму цяплом выпалілі слугі твае часьць поля майго?»
32 І сказаў Аўсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў па цябе, кажучы: "Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да караля сказаць: ’Нашто я прышоў з Ґешуру? Валей бы імне яшчэ заставацца там. Я хачу бачыць від каралёў. Калі ёсьць у імне бяспраўе, то забі мяне’"».
33 І пайшоў Еаў да караля, і азнайміў яму. І гукнуў Аўсалома; ён прышоў да караля, і паў відам сваім на зямлю перад каралём; і пацалаваў кароль Аўсалома.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Другая кніга Самуйлава, 14 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.