Библия › Станкевіча › 2 Самуйлава
І было па сьмерці Саўлы, што Давід зьвярнуўся ад паразы Амалічан і прабыў у Цыклазе два дні. І сталася напазаўтрае, што, вось, прыходзе чалавек із табару ад Саўлы, і адзежа ягоная разьдзертая, і пыл на галаве ў яго, і, як ён прышоў да Давіда, паў на зямлю й пакланіўся. І сказаў яму Давід: «Скуль ты прышоў?» І сказаў яму: «Я ўцёк із табару Ізраельскага». І сказаў яму Давід: «Што зьдзеялася? скажы ж імне». І тый сказаў, што люд уцёк ізь бітвы, і таксама шмат пала зь люду а памерла, і таксама Саўла а Ёнафан, сын ягоны, памерлі. І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Як ты ведаеш, што памер Саўла а Ёнафан, сын ягоны». І сказаў дзяцюк, каторы наказаў яму: «Я лучыў, лучыў на гару Ґілвоаскую, і вось, Саўла налёг на сваю дзіду, і вось, адны цялежкі а коньнікі даганялі яго. Тады ён азірнуўся назад, і абачыў мяне, і гукнуў мяне. І я сказаў: "Во я!" Ён сказаў імне: "Хто ты?" І я сказаў яму: "Я Амалічанін". Тады ён сказаў імне: "Стань ля мяне й забі мяне, бо сьмяротная туга абняла мяне, душа мая ўсе яшчэ ў імне". І я стаў ля яго, і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жыць просьле свайго паду; і ўзяў я карону, што была на галаве ў яго, і бружлет, што быў на руццэ ў яго, і прынёс іх спадару майму сюды». Тады схапіў Давід адзецьці свае й разьдзер іх, таксама й усі людзі, што былі зь ім. І мелі жалобу, і плакалі, і поставалі аж да вечара па Саўлу а сыну ягоным Ёнафану а па людзе СПАДАРОВЫМ, а па доме Ізраельскім, што палі яны ад мяча.
І сказаў Давід дзяцюку, што наказаў яму: «Скуль ты?» І сказаў: «Я — сын прыходнага, Амалічаніна». Тады Давід сказаў яму: «Як не баяўся ты падняць руку, каб зьнішчыць памазанца СПАДАРОВАГА?» І гукнуў Давід аднаго зь дзяцюкоў, і сказаў яму: «Дабліжся й нападзі на яго». І паразіў яго, і ён памер. І сказаў яму Давід: «Кроў твая на галаве тваёй, бо вусны твае сьветчылі на цябе, кажучы: "Я забіў памазанца СПАДАРОВАГА"».
І галасіў Давід гэткім галашэньням па Саўлу а па Ёнафану, сыну ягоным, І сказаў наўчыць сыноў Юдзіных Луку. Вось, ён напісаны ў кнізе Яшара: «Краса твая, о Ізраелю, ранена на вышынях тваіх! як палі дужыя! Не наказуйце ў Ґафе, не агалашайце на вуліцах Ашкелону, каб не радаваліся дачкі Пілісцкія, каб не весяліліся надта дачкі неабрэзаных. Горы Ґілвоаскія! хай не падзець на вас раса ані дождж, і хай ня будзе палёў з пладамі; бо там ськінены шчыт дужых, шчыт Саўлаў, бы ня быў ён памазаны алеям. Бяз крыві раненых, бяз туку дужых не адступаў назад лук Ёнафаноў, і меч Саўлаў не зварачаўся пустым. Саўла а Ёнафан, любячыя й прыемныя ў жыцьцю сваім, і ў сьмерці сваёй не разлучыліся; быстрэйшыя за арлы, дужшыя за лявы. Дачкі Ізраельскія! Плачча па Саўлу, каторы адзяваў вас у шкарлат із прыборамі і ўскладаў залатыя прыборы на адзежы вашыя. Як палі дужыя сярод вайны! Ёнафан на вышынях тваіх забіты. Немарасьць імне па табе, браце мой Ёнафане: ты быў надта прыемны імне; над любоў жаноцкую была імне любоў твая. Як палі дужыя, і загінулі зброі ваенныя!»
І было просьле гэтага, што пытаў Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці ўзыйсьці да аднаго зь местаў Юдзіных?» І сказаў яму СПАДАР: «Узыйдзі». І сказаў Давід: «Куды ўзыйсьці?» І сказаў Ён: «Да Гэўрону». І ўзышоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка. І людзёў, што былі зь ім, узьвёў Давід, кажнага з радзімаю ягонай, і асяліліся ў местах Гэўрону.
І прышлі мужы Юдзіныя, і памазалі там Давіда за караля над домам Юдзіным. І наказалі Давіду, што жыхары Явішу Ґілеадзкага тыя, каторыя пахавалі Саўлу.
І паслаў Давід паслоў да жыхараў Явішу Ґілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраславёныя вы ў СПАДАРА за тое, што зрабілі гэта міласэрдзе спадаром сваім із Саўлам, і пахавалі яго. Дык цяпер хай учыне вам СПАДАР міласэрдзе а праўду; і я зьдзею вам дабро за тое, што вы зрабілі. Цяпер хай пасіляцца рукі вашыя, і будзьце адважныя, бо спадар ваш Саўла памер, а мяне памазаў дом Юдзін за караля над сабою».
І Аўнір Ніранок, вайводца Саўлаў, узяў Ішбошэфа Саўлянка і прывёў яго да Маганаіму, І ўстанавіў яго за караля Ґілеадзкага а Ашурскага а Ізрэельскага, і над Яхрэмам, і над Веняміном, і над усім Ізраелям. Сорак год было Ішбошэфу Саўлянку, як ён стаў каралём над Ізраелям, і караляваў два гады. Адно дом Юдзін быў за Давіда. І быў лік дзён, у каторых Давід гаспадарстваваў у Гэўроне над домам Юдзіным, сем год а шэсьць месяцаў.
І вышаў Аўнір Ніранок і слугі Ішбошэфа Саўлянка з Маганаіму да Ґівеону. І Ёаў Цэруёнак а слугі Давідавы стрэліся разам ля Ґівеонскага ставу, і заселі гэтыя на адным баку ставу, а гэныя на другім баку ставу. І сказаў Аўнір Ёаву: «Хай устануць дзяцюкі і пагуляюць перад намі». І сказаў Ёаў: «Хай устануць». І ўсталі й перайшло лікам двананцацёх Венямінян з боку Ішбошэфа Саўлянка, і двананцацёх із слугаў Давідавых. Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і палі разам. І было названа гэнае месца Гэлкаф-Гаццурым, каторае ў Ґівеоне. І была таго дня найзаўзятшая бітва, і былі паражаны Аўнір а людзі Ізраельскія слугамі Давідавымі.
І былі там тры Цэруёнкі: Ёаў а Авішай а Асагэл. Асагэл жа быў легканогі, як алень у полю. І пагнаўся Асагэл за Аўніром, не адхінаючыся ані направа, ані налева ад Аўніра. І азірнуўся Аўнір назад, і сказаў: «Ці ты гэта Асагэл?» Тый сказаў: «Я». І сказаў яму Аўнір: «Адхініся направа альбо налева, і выбяры сабе аднаго зь дзяцкжоў, і вазьмі сабе ягоную зброю». Але Асагэл не захацеў заставацца ад яго. І паўтарыў Аўнір яшчэ, кажучы Асагэлу: «Адвярніся ад мяне, нашто імне прыбіць цябе да зямлі? як я падыйму від свой перад Ёавам, братам тваім». І адмовіўся адвярнуцца. І паразіў яго Аўнір канцом дзіды пад пятую скабу, і вышла дзіда адзаду яго, і ён паваліўся там жа, і памер на месцу. Усі, што праходзілі каля таго месца, ідзе паваліўся а памер Асагэл, прыстоевалі. І гнаўся Ёаў а Авішай за Аўніром. Сонца зайшло, як яны прышлі да ўзгорку Ама, каторы супроці Ґіягі, на дарозе на пустыню Ґівеонскую. І зьберліся сынове Веняміновы за Аўніром, і злажылі адну вятку, і сталі на версе аднаго ўзгорку. І загукаў Аўнір да Ёава, і сказаў: «Ці вечна будзе жэрці меч? Ці ты ня ведаеш, што горка будзе ў вапошнім канцу. Пакуль жа ты ня скажаш людзём, каб яны перасталі гнацца за братамі сваімі?» І сказаў Ёаў: «Жыў СПАДАР! калі б ты ня гукаў накш, дык яшчэ з раньня адышоў бы люд, каб ня гнацца кажны за братам сваім». І затрубіў Ёаў у трубу, і адзяржаўся ўвесь люд, і ня гналіся балей за Ізраелянмі, і не ваявалі болей. Аўнір жа а людзі ягоныя йшлі раўніною ўсю тую ноч, і перайшлі Ёрдан, і прайшлі ўвесь Віфран, і прышлі да Маганаіму. І зьвярнуўся Ёаў ад пагоні за Аўніром, і зьбер увесь люд, і не ставала із слугаў Давідавых дзевятнанцацёх чалавекаў, апрача Асагэла. Слугі ж Давідавы пабілі ў Венямінян а людзёў Аўніровых трыста шасьцьдзясят чалавекаў, і памерлі. І паднялі Асагэла, і пахавалі яго ў гробе айца ягонага, каторы ў Бэтлееме. І йшлі ўсю ноч Ёаў а людзі ягоныя, і засьвяціла ім у Гэўроне.
І была даўгая вайна памеж дому Саўлавага й дому Давідавага. І Давід усе болей а болей сіліўся, а дом Саўлаў болей а болей слабеў.
І радзіліся ў Давіда сыны ў Гэўроне; і быў пяршак ягоны Амнон ад Агіноамы Ізрэелянкі; А другі ягоны Хілеаб ад Авіґаілы, жонкі Наваловае, Кармілянкі; трэйці — Аўсалом, сын Маахі, дачкі Фалмая, караля Ґешурскага; Чацьверты — Адоня, сын Гаґіфы; пяты — Шэфата, сын Авіталы; Шосты — Іфрэам ад Еґлы, жонкі Давідавае. Яны радзіліся ў Давіда ў Гэўроне.
І было, як была вайна меж дому Саўлавага й дому Давідавага, што Аўнір памагаў дому Саўлаваму. У Саўлы была мамошка, імям Рыцпа Аянка. І сказаў Ішбошэф Аўніру: «Чаму ты ўвыйшоў да мамошкі айца майго?» І вельмі прыкрыя былі Аўніру словы Ішбошэфавы, і сказаў: «Ціж я сабачая галава? Я супроці Юды ўчыніў цяпер добрасьць дому Саўлаваму, айца твайго, братом ягоным а прыяцелям ягоным, і не аддаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш цяпер ізь мяне бяспраўе што да жонкі. Тое а тое хай зробе Бог Аўніру і яшчэ болей зробе яму! Бо як прысягаў СПАДАР Давіду, так і зраблю яму, Каб перадана было гаспадарства ад дому Саўлавага, і пастаноўлены пасад Давідаў над Ізраелям а над Юдаю, ад Дану аж да Веер-Шэвы». І ня мог Ішбошэф адказаць Аўніру, бо баяўся яго.
І паслаў Аўнір ад сябе паслоў да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?» Кажучы: «Зрабі змову з імною, і вось, рука мая з табою, каб абярнуць да цябе ўсяго Ізраеля». І сказаў: «Добра, я зраблю змову з табою, адно прашу ў цябе аднаго, кажучы: ты не абачыш віду майго, пакуль не прывядзеш із сабою Міхалы Саўлішкі, як прыйдзеш абачыцца з імною».
І паслаў Давід паслоў да Ішбошэфа Саўлянка, кажучы: «Аддай жонку маю Міхалу, каторую я адзяржаў за сто пярэдніх скурак Пілісцкіх». І паслаў Ішбошэф, і ўзяў яе ад мужа, ад Палтыеля Лаішонка. Пайшоў ізь ёю й муж ейны, ідучы й плачучы па ёй, аж да Багурыму; і сказаў яму Аўнір: «Ідзі назад». І ён зьвярнуўся.
І было слова Аўнірова да старцоў Ізраельскіх, кажучы: «Таксама ўчора, таксама заўчора вы шукалі Давіда, каб караляваў над вамі. Цяпер зрабіце гэта, бо СПАДАР сказаў Давіду, кажучы: «Рукою слугі Свайго Давіда Я выбаўлю люд Свой, Ізраеля, з рукі Пілішчан і з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных». І казаў таксама Аўнір у вушы Веняміну. Пайшоў таксама Аўнір, каб казаць у вушы Давіду ў Гэўроне ўсе, што было добрае ў вачох Ізраеля і ў вачох усяго дому Веняміновага. І прышоў Аўнір да Давіда да Гэўрону а зь ім дваццацёх чалавекаў, і зрабіў Давід чэсьць Аўніру а людзём, былым ізь ім. І сказаў Аўнір Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да спадара свайго караля ўвесь люд Ізраельскі; і яны зробяць змову з табою, і будзеш караляваць над усімі, як жадае душа твая». І паслаў Давід Аўніра, і ён пайшоў у супакою.
І вось, слугі Давідавы а Ёаў прышлі з аддзелу, і здабытку шмат із сабою прынесьлі; яле Аўніра ўжо ня было з Давідам у Гэўроне, бо паслаў яго, і ён пайшоў у супакою. І Ёаў і ўсе войска, што зь ім, прышлі, і Ёаву паведалі, кажучы: «Прыходзіў Аўнір Ніранок да караля, і тый паслаў яго, і ён пайшоў у супакою». І прышоў Ёаў да караля, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыходзіў да цябе Аўнір, чаму ты паслаў яго, і ён свабодна пайшоў? Ты знаеш Аўніра Ніранка; ён прыходзіў ашукаць цябе, даведацца выхад твой і ўход твой, і ўзьведаць усе, што ты робіш». І вышаў Ёаў ад Давіда, і паслаў ганцоў за Аўніром, і зьвярнулі яны яго ад студні Сыра, а Давід ня ведаў. І зьвярнуўся Аўнір да Гэўрону, і Ёаў адвёў яго да сярэдзіны брамы, каб пагутарыць ізь ім цішком, і там выцяў яго пад пятую скабу. І памер за кроў Асагэла, брата ягонага. І пачуў потым Давід, і сказаў: «Нявінны я а гаспадарства мае навекі перад СПАДАРОМ у крыві Аўніра Ніранка. Хай падзець яна на галаву Ёава а на ўвесь дом айца ягонага; хай ня выкараніцца ў доме Ёававым маючы вытак, альбо пракажаны, альбо што апіраецца на кій, альбо валіцца ад мяча, альбо патрабуючы хлеба». Ёаў жа а брат ягоны Авішай забілі Аўніра за тое, што ён зрабіў сьмерць брату іхнаму Асагэлу ў Ґівеоне ў часе вайны.
І сказаў Давід Ёаву а ўсім людзём, што былі зь ім: «Разьдзярыце адзецьці свае, і паперажыцеся зрэб’ям, і плачча па Аўніру». І кароль Давід ішоў за марамі. І пахавалі Аўніра ў Гэўроне, і ўзьняў кароль голас свой, і плакаў над гробам Аўніровым; плакаў і ўвесь люд. І галасіў кароль па Аўніру, і сказаў: «Ці так меў памерці Аўнір, як памірае дурны? Рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў зялезьзю, і ты паў, як падаюць ад нягодных». І ўвесь люд далей плакаў па ім.
І прышоў увесь люд сіліць Давіду хлеба, як яшчэ быў дзень; і прысяг Давід, кажучы: «Тое а тое хай зробе з імною Бог, і яшчэ болей зробе, калі я да заходу сонца паспытаюся хлеба альбо чаго-колечы».
І ўвесь люд зацеміў гэта, і ўпадабаў гэта, як і ўсе, што рабіў кароль, было добра ў вачох усяго люду. І пазнаў увесь люд а ўвесь Ізраель таго дня, што не ад караля сталася забіцьцё Аўніра Ніранка.
І сказаў кароль слугам сваім: «Ці ня ведаеце, што князь а вялікі муж паў сядні ў Ізраелю? Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны за караля, а гэтыя людзі Цэруёнкі дужшыя за мяне; хай жа заплаце СПАДАР дзеючаму ліха подле ліхасьці яго!»
І пачуў Саўлянок, што памер Аўнір у Гэўроне, і замлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраель быў спалохаўшыся. У Саўлянка былі два вайводцы: імя аднаго — Ваана, імя другога — Рыхаў, сыны Рымона Веерофяніна, з патомкаў Веняміновых; бо й Веероф залічылі да Веняміну. І ўцяклі Веерофяне да Ґіфаіму, і засталіся там прыходнымі дагэтуль.
У Ёнафана Саўлянка быў сын кульгавы. Пяць год было яму, як прышла ведамка праз Саўлу а Ёнафана з Ізрэелю, і нянька панесла яго і ўцякала. І як яна барзьдзіла, уцякаючы, то ён упаў і стаў кульгавы. Імя ягонае Мефівошэф. І пайшлі сыны Рымона Веерофяніна, Рыхаў а Ваана, і прышлі ў самую гарачыню дня да дому Ішбошэфавага, а ён спаў на пасьцелі паўднём. І вось, яны прышлі да нутра дому, каб узяць пшонкі; і выцялі яго ў пятую скабу; і Рыхаў а Ваана, брат ягоны, уцяклі. І ўвыйшлі ў дом, і вось, ён ляжыць на пасьцелі сваёй у спальным пакою сваім; і яны выцялі яго, і зрабілі яму сьмерць, і адцялі галаву ягоную, і ўзялі галаву ягоную із сабою, і йшлі пустыннай дарогаю ўсю ноч. І прынесьлі галаву Ішбошэфаву да Давіда да Гэўрону, і сказалі каралю: «Во галава Ішбошэфа Саўлянка, непрыяцеля твайго, што шукаў душы твае; і даў СПАДАР сядні спадару майму, каралю, помсту над Саўлам а патомствам ягоным». І адказаў Давід Рыхаву а Ваане, брату ягонаму, сыном Рымона Веерофяніна, і сказаў ім: «Жыў СПАДАР, што выбавіў душу маю ад усялякага няшчасьця!» Бо калі таго, хто наказаў імне, кажучы: «Вось, памер Саўла», — і ён быў у сваім собскім аччу, як пасланец, што прыносе добрыя навіны, — я схапіў і забіў яго ў Цыклазе, замест таго, каб даць яму надгароду за дабравесьць; Дык пагатове, калі благія людзі забілі справядлівага чалавека ў ягоным собскім доме, на ягонай пасьцелі, нягож я не спаганю крыві ягонае ад рукі вашае і не аддалю вас ізь зямлі?» І расказаў Давід дзяцюком, і забілі іх, і адцялі ім рукі а ногі, і павесілі іх ля ставу ў Гэўроне. А галаву Ішбошэфаву ўзялі й пахавалі ў гробе Аўніровым у Гэўроне.
І прышлі ўсі плямёны Ізраелявы да Давіда да Гэўрону, і сказалі: «Вось, мы — косьць твая й цела твае. Таксама ўчорах, таксама заўчора, як Саўла караляваў над намі, ты быў тый, што выводзіў і ўводзіў Ізраеля. І сказаў СПАДАР табе: "Ты будзеш пасьціць люд Мой, Ізраеля, і ты будзеш правадыром над Ізраелям"». І прышлі ўсі старцы Ізраеля да караля да Гэўрону, і зрабіў зь імі Давід змову ў Гэўроне перад СПАДАРОМ; і памазалі Давіда за караля над Ізраелям.
Трыццаць год было Давіду, як ён пачаў караляваць, і сорак год караляваў. У Гэўроне караляваў над Юдаю сем год а шэсьць месяцаў, і ў Ерузаліме караляваў трыццаць тры гады над усім Ізраелям а Юдаю. І пайшоў кароль а людзі ягоныя на Ерузалім супроці Евусэяў, жыхараў таго краю; але казалі Давіду: «Ты ня ўвыйдзеш сюды, бо вось, прысіляць цябе адступіць нявісныя а крываногія». Яны казалі: «Ня ўвыйдзе сюды Давід». Але Давід узяў горад Сыён, гэта — места Давідава. І сказаў Давід таго дня: «Кажны, хто забівае Евусэяў і дабярэцца да латакоў, хай забівае й кульгавых а нявісных, што ненавідзяць душу Давідаву». Затым кажуць: «Нявісныя а крываногія ня ўвыйдуць у дом». І асяліўся Давід у горадзе, і назваў яго местам Давідавым, і забудаваў навокал ад Міла ўнутры. І Давід ішоў наперад, і рос вялікі, і СПАДАР Бог войскаў ізь ім.
І прыслаў Гірам, кароль Тырскі, паслоў да Давіда, і кедры, і цесьляў, і муляроў, і яны пастанавілі дом Давіду. І ўцяміў Давід, што СПАДАР зацьвердзіў яго за караля над Ізраелям і што ўзвышыў гаспадарства ягонае дзеля люду Свайго, Ізраелю.
І ўзяў Давід яшчэ мамошкі а жонкі зь Ерузаліму, просьле тога, як прышоў з Гэўрону. І радзіліся яшчэ ў Давіда сыны й дачкі. І во ймёны тых, што радзіліся ў яго ў Ерузаліме: Шамуа а Шоваў а Нафан а Салямон А Іўгар а Елішуа а Нефеґ а Яфа А Елішама а Еляда а Еліфелеф.
І пачулі Пілішчане, што памазалі Давіда за караля над Ізраелям, і ўзышлі ўсі Пілішчане шукаць Давіда. І пачуў Давід, і зышоў да гораду. А Пілішчане прышлі й разьлягліся ў даліне Рэфаім. І папытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці йсьці імне супроці Пілішчан? ці аддасі іх у рукі мае?» І сказаў СПАДАР Давіду: «Узыйдзі, бо Я напэўна аддам Пілішчан у рукі твае». І прышоў Давід да Ваал-Перацыму, і пабіў іх там Давід, і сказаў: «СПАДАР праламіў непрыяцеляў маіх перад імною, як ломе вада». Затым і названа імя месца гэнага Ваал-Перацым. І пакінулі там балваны свае, а Давід ізь людзьмі сваімі панесьлі іх.
І далей узыходзілі Пілішчаяе, і разьлягліся ў даліне Рэфаім.
І папытаўся Давід у СПАДАРА, і Ён сказаў: «Ня ўзыходзь наўпярэймы ім, а зайдзі ім адзаду, і прыйдзеш да іх насупроці тутавых дзерваў. І як пачуеш шастаньне ступеняў па вярхох тутавых дзерваў, то ўшчоль, бо тады пайшоў СПАДАР перад табою, каб паразіць табар Пілісцкі». І зрабіў Давід, як расказаў яму СПАДАР, і пабіў Пілішчан ад Ґевы аж да ўходу твайго да Ґезэру.
І ўзноў зьбер Давід кажнага выборнага ў Ізраелю, трыццаць тысячаў. І ўстаў, і пайшоў Давід а ўвесь люд, быты зь ім, з Ваалу Юдзінага, каб узьнесьці стуль скрыню Божую, каторая звалася імям, імям СПАДАРА войскаў, Каторы жыхара памеж херуваў над ёй. І пастанавілі на новыя цялежні, везьці скрыню Божую, і паднялі яе з дому Авінадававага, што на ўзгорку. Сыны ж Авінадававы, Уза а Агіо, вялі новыя цялежкі. І ўзялі іх з дому Авінадававага, каторы на ўзгорку, із скрыняю Божаю, і Агіо йшоў перад скрыняю. А Давід а ўвесь дом Ізраеляў гралі перад СПАДАРОМ на ўсялякіх музыцкіх снадзях ізь кіпрысавага дзерва, на гусьлях а на псалтырох а на тамбурынах а на трубах а на цымбалах. І прышлі да току Нахонавага, і выцягнуў Уза руку сваю да скрыні Божае, і ўзяўся за яе, бо валы скапыціліся. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Узу, і забіў яго Бог там жа за паважаньне, і памер ён там ля скрыні Божае. І прыкра было Давіду, што СПАДАР паразіў паразаю Узу. Месца гэтае й дагэтуль завецца: Перэз-Уза. І лякаўся Давід таго дня СПАДАРА, і сказаў: «Як увыйсьці да мяне скрыні СПАДАРОВАЙ?» І ня зычыў Давід зьвярнуць скрыню СПАДАРОВУ да сябе, да места Давідавага, але павярнуў яе да дому Аведэдома Ґіфяніна. І заставалася скрыня СПАДАРОВА ў доме Аведэдома Ґіфяніна тры месяцы, і дабраславіў СПАДАР Аведэдома а ўвесь дом ягоны. І наказалі каралю Давіду, кажучы: «СПАДАР дабраславіў дом Аведэдомаў і ўсе, што было ў яго, дзеля скрыні Божае». І пайшоў Давід, і з радасьцяй узьвёў скрыню Божую з дому Аведэдомавага да места Давідавага. І было, як ступалі нясучыя скрыню СПАДАРОВУ шэсьць сігнёў, ён абракаў вала й кормнага барана. Давід скакаў з усяе сілы перад СПАДАРОМ; паперазаўшыся быў Давід лянным наплечнікам. І Давід а ўвесь дом Ізраеляў узьвялі скрыню СПАДАРОВУ з гуканьням а з трубеньням. Як уходзіла скрыня СПАДАРОВА да места Давідавага, Міхала Саўлішка глядзела далоў з акна і, абачыўшы караля Давіда падскакуючага а скачучага перад СПАДАРОМ, улегцы замела яго ў сэрцу сваім. І прынесьлі скрыню СПАДАРОВУ, і пастананілі яе на сваім месцу сярод вітальні, каторую пастанавіў дзеля яе Давід; і аброк Давід усепаленьне перад СПАДАРОМ і аброкі супакойныя. І скончыў Давід абракаць усепаленьні а аброкі супакойныя, і дабраславіў ён люд імям СПАДАРА войскаў. І падзяліў усяму люду, усёй множасьці Ізраелцаў, ад мужчыны аж да жонкі, кажнаму па аднэй букатцы хлеба, па кавалку смажанага мяса і па аднэй перапечцы. І пайшоў увесь люд кажны да дому свайго.
І зьвярнуўся Давід, дабраславіць дом свой, і вышла Міхала Саўлішка наўпярэймы Давіду, і сказала: «Як уславіўся кароль Ізраельскі сядні, агаляючыся сядні перад ачыма служэбак, слугаў сваіх, як чыста агаляецца які пустальга!» І сказаў Давід Міхале: «Перад СПАДАРОМ, Каторы валей мяне абраў, чымся айца твайго і чымся ўвесь дом ягоны, расказаўшы імне стаць правадыром люду СПАДАРОВАГА, Ізраеля, — і я граў перад Ім; І паніжуся болей за гэта, і буду ніжшы ў сваім собскім аччу; а перад служэбкамі, праз каторыя ты гукаеш, буду слаўны». І ў Міхалы Саўлішкі ня было дзяцей аж да дня сьмерці яе.
Як, кароль жыў у доме сваім, і СПАДАР супакоіў яго навокал ад усіх варагоў ягоных; Дык сказаў кароль прароку Нафану: «Абач, калі ласка, я жыву ў доме кядровым, а скрыня Божая перабывае за заслонаю». І сказаў Нафан каралю: «Усе, што ў цябе на сэрцу, ідзі рабі; бо СПАДАР із табою».
І сталася тае ночы, што было слова СПАДАРОВА да Нафана, кажучы: «Пайдзі й скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Ці ты пастановіш Імне дом дзеля Майго перабываньня, Калі Я ня жыў у доме адгэнуль, як узьвёў сыноў Ізраелявых ізь Ягіпту, і дагэтуль, але пераходзіў у будане а ў вітальні? Ідзе толькі Я хадзіў з усімі сынамі Ізраеля, ці казаў Я хоць слова каму-колечы з плямёнаў Ізраеля, катораму Я прызначыў пасьціць люд Свой, Ізраеля, кажучы: "Чаму не пастановіце Імне кядровага дому?"’" І цяпер гэтак скажы слузе Майму Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР войскаў: ’Я ўзяў цябе ад стады, ад пасты авец, каб ты быў правадыром люду Майго, Ізраеля. І быў із табою ўсюдых, куды толькі хадзіў ты, і выгубіў усіх варагоў тваіх перад відам тваім, і зрабіў імя твае вялікім, як імя вялікіх на зямлі. Я прызначу месца люду СВАЙМУ, Ізраелю, і пасаджу іх, каб яны жылі на собскім месцу сваім і не парушаліся болей, і людзі нягодныя ня будуць болей немарасьціць іх, як уперад, як ёсьць адгэнуль, як Я прызначыў судзьдзяў над людам Сваім Ізраелям; і Я супакою цябе ад усіх варагоў тваіх. І СПАДАР кажа табе, што Ён пастанове табе дом. Калі ж споўняцца дні твае, і ты ляжаш із бацькамі сваімі, то Я ўзьнясу просьле цябе насеньне твае, што выйдзе ізь сьцёгнаў тваіх, і ўтрывалю гаспадарства ягонае. Ён памуруе дом імені Майму, і Я ўмацую пасад гаспадарства ягонага на векі. Я буду яму айцом, а ён будзе Імне сынам; і калі ён ізгрэша, Я пакараю яго розкаю людзкою а вытнямі сыноў людзкіх; Але ласкі Свае не адыйму ад яго, як Я адняў ад Саўлы, каторага Я адхінуў перад відам тваім. І будзе ўтрывалены дом твой а гаспадарства твае на векі перад відам Маім, пасад твой будзе ўмацаваны на векі’"». Подле ўсіх гэтых слоў і подле ўсяе гэтае відзені, гукаў Нафан Давіду.
І прышоў кароль Давід, і сеў перад відам СПАДАРА, і сказаў: «Хто я, Спадару СПАДАРУ, і што такое дом мой, што Ты прывёў мяне аж сюды! І гэтага яшчэ мала здалося ў ваччу Тваім, Спадару СПАДАРУ; але Ты казаў яшчэ праз Дом слугі свайго надалей. А гэта права чалавека, Спадару СПАДАРУ! Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты знаеш слугу Свайго, Спадару СПАДАРУ! Дзеля слова Свайго й подле сэрца Свайго Ты зрабіў усе вялікае гэта, каб паведаць слузе Свайму. Затым узьвялічаны Ты, СПАДАРУ Божа, бо нямаш падобнага да Цябе і нямаш Бога, апрача Цябе, подле ўсёга, што чулі мы вушамі сваімі. І хто, як люд Твой Ізраель, адзіны народ на зямлі, да каторага пайшлі Багі адкупіць Сабе, і зрабіць Сабе імя, і ўчыніць вялікія й страшныя справы ў зямлі Тваёй, перад людам Сваім, каторы Ты Сабе выбавіў зь Ягіпту, ад народаў і іхных багоў? Ты ўмацаваў Сабе люд Ізраеля за люд Сабе навекі, і Ты, СПАДАРУ, стаў яго Богам. Дык цяпер, СПАДАРУ Божа, слова Свае, каторае Ты вымавіў да слугі Свайго й да дому ягонага, зацьвярдзі навекі і зрабі, як Ты казаў. І хай узьвялічыцца імя Твае навекі, каб казалі: "СПАДАР войскаў — Бог над Ізраелям". І дом слугі Твайго Давіда хай будзе ўмацаваны перад відам Тваім. Як Ты, СПАДАРУ войскаў, Божа Ізраеляў, адкрыў вуху слугі Свайго, кажучы: "Я памурую дом табе", то знайшоў слуга Твой сэрца свае ў гэткай малітве. Дык, Спадару СПАДАРУ! Ты тый Бог, і словы Твае застануцца праўдзівымі, і Ты казаў слузе Свайму гэткае дабро! А цяпер зыч а дабраслаў дом слугі Свайго, каб ён быў вечна перад відам Тваім; бо Ты, Спадару СПАДАРУ, сказаў гэта, і дабраславенствам Тваім дабраславёны будзе дом слугі Твайго навекі».
І было просьле гэтага, што разьбіў Давід Пілішчан, і ўслышыў іх, і ўзяў Давід Мефеґ-Аму з рук Пілішчан.
І разьбіў Моаўлян, і памераў іх паварозкаю, палажыўшы іх на зямлю; і адмераў дзьве паварозкі на забіцьцё, а цэлую паварозку на пакіненьне жывога. І сталі Моаўляне ў Давіда слугамі, каторыя давалі дары.
І разьбіў Давід Гададэзэра Рэговёнка, караля Цоўскага, як тый ішоў, каб аднавіць уладу сваю ля ракі Еўфрату. І ўзяў Давід у яго ў палон тысяча сямсот коньнікаў і дваццаць тысячаў чалавекаў пяхотных, і падрэзаў Давід жылы ў вусіх коні цялежкавых, пакінуўшы зь іх сто.
І прышлі Сыране Дамаскія на помач Гададэзэру, каралю Цоўскаму; але Давід паразіў дваццаць дзьве тысячы Сыран. І пастанавіў Давід ахаронныя войскі ў Сыры Дамаскай, і сталі Сыране ў Давіда слугамі, каторыя даюць дары. І выбаўляў СПАДАР Давіда ўсюдых, куды ён толькі хадзіў. І ўзяў Давід залатыя шчыты, што былі ў слугаў Гададэзэравых, і прынёс іх да Ерузаліму. А ў Бетазе а Берофаю, местах Гададэзэравых, узяў кароль Давід вельма шмат медзі.
І пачуў Фой, кароль Гамафу, што Давід разьбіў усе войска Гададэзэрава, І паслаў Фой Ёрама, сына свайго, да караля Давіда, даведацца да яго і дабраславіць яго за тое, што ён ваяваў з Гададэзэрам і што разьбіў яго, бо Гададэзэр вёў войны з Фоям. У руццэ ягонай было судзьдзе срэбнае а судзьдзе залатое а судзьдзе мядзянае. Іх таксама пасьвяціў кароль Давід СПАДАРУ, разам із срэбрам а золатам, каторае пасьвяціў забраўшы з усіх народаў, каторых ён ізваяваў: З Араму а з Моаву а ад сыноў Амонавых а ад Пілішчан а ад Амалічан а з адабранага ў Гададэзэра Рэговёнка, караля Цоўскага. І зрабіў сабе імя Давід, як зварачаўся з паразы асьмінанцацёх тысячаў Араму ў даліне Салонай. І пастанавіў ён у Едоме ахароннае войска; у вусім Едоме пастанавіў ахароннае войска, і ўвесь Едом былі слугамі Давіду. І выбаўляў СПАДАР Давіда ўсюдых, куды ён толькі хадзіў. І гаспадарстваваў Давід у вусім Ізраелю, і чыніў Давід суд а справядлівасьць усяму люду свайму. І Ёаў Цэруёнак быў над войскам; І Ясапат Агілудзёнак — дзеяпісьменьнікам; Садок Агітувёнак а Агімелех Авафаронак — сьвятарамі, Сэрая — пісарам; І Веная Егоядзёнак над херэфеямі а фелефеямі; сынове Давідавы — служцамі.
І сказаў Давід: «Ці няма яшчэ каго, хто застаўся з дому Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку дзеля Ёнафана». У доме Саўлавым быў слуга, наймя Цыва; і гукалі яго да Давіда, і сказаў яму кароль: «Ці ты Цыва?» І тый сказаў: «Я, слуга твой». І сказаў кароль: «Ці няма яшчэ каго з дому Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку Божую». І сказаў Цыва каралю: «Ё яшчэ Ёнафанёнак, кульгавы». І сказаў яму кароль: «Ідзе ён?» І сказаў Цыва каралю: «Вось, ён у доме Махіра Аміеленка ў Лодэвару». І паслаў кароль Давід, і ўзялі яго з дому Махіра Аміеленка, з Лодэвару. І прышоў Мефівошэф, сын Ёнафана Саўлянка, да Давіда, і паў на від свой, пакланіўся. І сказаў Давід: «Мефівошэфе!» І сказаў тый: «Во слуга твой». І сказаў яму Давід: «Ня бойся: я зраблю, зраблю табе ласку дзеля айца твайго Ёнафана; і зьвярну табе ўсі полі Саўлавы, айца твайго, і ты заўсёды будзеш есьці хлеб за сталом маім». І пакланіўся, і сказаў: «Што такое слуга твой, што ты зьвярнуў увагу на такога мертвага сабаку, як я?» І гукнуў кароль Цыву, дзяцюка Саўлавага, і сказаў яму: «Усе, што належыла Саўлу а ўсяму дому ягонаму, я аддаў сыну спадара твайго. Дык рабі яму зямлю ты а сынове твае а слугі твае, і дастаўляй плады яе, і будзе ў сына спадара твайго хлеб а ежа ягоная; Мефівошэф жа, сын спадара твайго, заўсёды будзе есьці за сталом маім». У Цывы было пятнанцацёх сыноў і дваццацёх слугаў. І сказаў Цыва каралю: «Подле ўсёга, што расказуе спадар мой кароль слузе свайму, зробе слуга твой». Мефівошэф еў за сталом, як адзін із сыноў каралёвых. У Мефівошэфа быў малы сын, імям Міха. Усі, хто жыхарыў у доме Цывіным, былі слугамі Мефівошэфавымі. І жыў Мефівошэф у Ерузаліме, бо ён еў заўсёды за сталом каралеўскім. Ён быў кульгавы на абедзьве нагі.
І было просьле гэтага, што памер кароль сыноў Амонавых, і стаў каралём замест яго сын ягоны Ганун. І сказаў Давід: «Я зраблю ветласьць Гануну Нагашонку, як ацец ягоны зрабіў ветласьць імне». І паслаў Давід слугаў сваіх пацешыць Гануна па айцу ягоным. І прышлі слугі Давідавы да зямлі Амонскае.
І сказалі князі Амонскія Гануну, спадару свайму: «Ці сьціць у ваччу тваім Давід айца твайго, што паслаў табе пацяшыцеляў? Ці не на тое, каб прасачыць места, і вышпегаваць яго, і разбурыць яго, прыслаў Давід слугаў сваіх да цябе?» І ўзяў Ганун слугаў Давідавых, і агаліў кажнаму зь іх палавіцу барады, і абрэзаў адзецьці іхныя на палавіцу, да седава, і адпусьціў іх. І наказалі гэта Давіду, і ён паслаў ім наўпярэймы, бо былі яны вельма паганбены. І сказаў кароль: «Заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль адрастуць барады вашыя, і зьвярніцеся». І абачылі сынове Амонавы, што яны сталі непахнючымі Давіду, і паслалі сынове Амонавы, і нанялі Арама ізь Веф-Рэгова а Арама Цовы дваццаць тысячаў пехаты, у караля Маахі тысяча чалавекаў, і ў Това двананцаць тысячаў чалавекаў. І пачуў Давід, і паслаў Ёава а ўсе войска харобрых. І вышлі Амоняне, і разьлягліся ля брамы да бітвы; а Арам Цовы а Рэгова а Товавы а Маашыны асобна ў полю. І абачыў Ёаў, што вайна была пастаноўлена супроці яго і сьпераду і адзаду, і выбраў з усіх выборных у Ізраелю і выставіў іх супроці Араму. Засталую ж часьць людзёў паручыў Авішаю, брату свайму, і ён выставіў іх супроці сыноў Амонавых. І сказаў: «Калі Арам будзе перамагаць мяне, то будзеш ты імне ратункам; а калі Амоняне цябе будуць перамагаць, я прыйду табе на ратунак. Будзь моцны й мацуйся за люд наш і за месты Бога нашага, а СПАДАР зробе, што Яму любя».
І ўступіў Ёаў а люд, каторы ў яго, у бітву з Арамам, і яны ўцяклі ад яго. Сынове Амонавы ж, бачачы, што Арам уцёк, уцяклі ад Авішая і ўвыйшлі ў места. І зьвярнуўся Ёаў ад сыноў Амонавых, і прышоў да Ерузаліму. І Арам, абачыўшы, што яны пераможаныя Ізраелцамі, зьберліся разам. І паслаў Гададэзэр, і пагукаў Арама, каторы за ракою, і прышлі яны да Гэламу; а Шовак, вайводца Гададэзэраў перад імі. А як наказалі Давіду, то ён зьбер усіх Ізраелцаў, і перайшоў Ёрдан, і прышоў да Гэламу. Арам выставіўся супроці Давіда, і біліся зь ім. І ўцёк Арам ад Ізраелцаў. Давід забіў ув Араму сямсот цялежкаў і сорак тысячаў коньнікаў. Таксама вайводцу Шовака забіў, і ён памер там. І абачылі ўсі каралі, слугі Гададэзэравы, што іх Ізраелцы паразілі, і яны зрабілі мір із Ізраелям, і служылі ім. А Арам наперад баяўся ратаваць сыноў Амонавых.
І было за год, у тым часе, як выходзяць каралі, што Давід паслаў Ёава а слугаў сваіх ізь ім а ўсіх Ізраелцаў, і яны зьнішчылі сыноў Амонавых, і абляглі Раўву; Давід жа заставаўся ў Ерузаліме.
Аднойчы адвячоркам, Давід, устаўшы з пасьцелі свае, праходжаваўся па страсе каралеўскага дому, і абачыў із страхі жонку, каторая мылася; а тая жонка была вельма пазорная. І паслаў Давід, і распытаўся праз жонку. І сказалі: «Ці гэта не Батшэва Елямішка, жонка Уры Гэціча?» І паслаў Давід пасланцоў, і ўзяў яе, і яна прышла да яго, і ён ляжаў ізь ёю. І яна ачысьцілася ад нечысьці свае, і зьвярнулася да дому свайго. І зацяжарыла жонка гэна, і паслала, і наказала Давіду, і сказала: «Я цяжарная».
І паслаў Давід Ёаву: «Прышлі да мяне Уру Гэціча». І паслаў Ёаў Уру да Давіда. І прышоў Ура да яго, і распытаў Давід, як маўся Ёаў, як маўся люд і як удавалася вайна. І сказаў Давід Уры: «Зыйдзі двору й памый ногі свае». І вышаў Ура з дому каралеўскага, а за ім панесьлі й каралеўскую ежу. Але Ура ляжаў ля ўходу каралеўскага дому з усімі слугамі спадара свайго, і ня зышоў да дому свайго. І паведамілі Давіду, кажучы: «Ня зышоў Ура да дому свайго». І сказаў Давід Уры: «Ці не з дарогі прышоў ты: чаму ж ты ня зышоў да дому свайго?» І сказаў Ура Давіду: «Скрыня а Ізраель а Юда жывуць у буданох, і спадар мой Ёаў і слугі спадара майго разьлягліся ў полю, а я ўвыйшоў бы ў дом свой есьці а піць а ляжаць із маёю жонкаю! клянуся тваім жыцьцём а жыцьцём душы твае, я гэтага не зраблю». І сказаў Давід Уры: «Будзь тут і на гэты вечар, а заўтра я адпушчу цябе». І быў Ура ў Ерузаліме гэты дзень і да заўтрага. І гукнуў яго Давід, і еў Ура перад ім, і піў, і ўпаіў яго. Але ўвечары пайшоў спаць на пасьцелю сваю із слугамі СПАДАРА, а да дому свайго не пайшоў.
Нараніцы Давід напісаў ліст Ёаву і паслаў Урам. І ён напісаў у лісьце, кажучы: «Прывядзіце Уру супроці цэнтру наймацнейшае бітвы і адступіцеся ад яго, і будзе забіты, і памрэць». І сталася, як Ёаў назіраў места, то пастанавіў ён Уру на такім месцу, праз каторае ведаў, што там харобрыя людзі. І вышлі людзі месцкія, і ваявалі зь Ёавам, пала колькіх зь люду, із слугаў Давідавых; і памер таксама й Ура Гэціч. І паслаў Ёаў, і наказаў Давіду праз усе што да вайны. І расказаў пасланцу, кажучы: «Як скончыш гукаць каралю ўсе праз вайну, То будзе, калі загневаецца кароль і скажа табе: "Нашто вы дабліжыліся да места, каб ваяваць? Хіба вы ня ведалі, што ізь сьцяны будуць страляць на вас? Хто забіў Авімелеха Ерувешэфёнка? Ці ня жонка кінула на яго ізь сьцяны верхні жарнавы камень, і ён памер у Февецу? Чаму ж вы дабліжыліся да сьцяны?" тады ты скажы: "І слуга твой Ура Гэціч таксама памер"».
І пайшоў пасланец, і прышоў, і наказаў Давіду праз усе, дзеля чаго паслаў яго Ёаў. І сказаў пасланец Давіду: «Перамагалі нас тыя людзі, і вышлі да нас у поле, і мы гналі іх аж да ўходу ў браму; Тады стралялі стралцы на слугаў тваіх ізь сьцяны, і памерлі із слугаў каралёвых, і таксама слуга твой Ура Гэціч памер».
Тады сказаў Давід пасланцу: «Гэтак скажы Ёаву: "Хай ня будзе ліха ў ваччу тваім гэта, бо меч жарэць так і сяк; пасілі бітву сваю супроці места, і парухай яго". І асьмель яго».
І пачула жонка Урынава, што памер Ура, муж ейны, і плакала па спадару сваім. Як скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе да дому свайго, і яна стала яго жонкаю, і нарадзіла яму сына. І была ліхая гэтая справа ў ваччу СПАДАРОВЫМ, каторую зрабіў Давід.
І паслаў СПАДАР Нафана да Давіда, і тый прышоў да яго й сказаў яму: «У вадным месьце былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны. У багатага было вельмі шмат драбнога й буйнога статку; А ў беднага нічога, апрача аднае малое авечкі, каторую ён купіў і выгадаваў, і яна вырасла зь ім а зь дзецьмі ягонымі разам; з лусты ягонае яна ела, і з чары ягонае піла, і на ўлоньню ў яго спала, і была яму, як дачка. І зайшоўся да багатага чалавека падарожны, і тый пажалеў узяць із свайго драбнога або буйнога статку, каб прыгатаваць госьцю, што прышоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, каторы прышоў да яго». І ўзгарэўся гнеў Давідаў на таго чалавека, і сказаў Нафану: «Жыў СПАДАР! годны сьмерці чалавек, каторы зрабіў гэта. І за авечку ён мае заплаціць чатыры разы болей, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады».
І сказаў Нафан Давіду: «Ты — тый чалавек. Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я памазаў цябе за караля над Ізраелям, і Я выбавіў цябе ад рукі Саўлы, І даў табе дом спадара твайго й жонкі спадара твайго на ўлоньне твае, і даў табе дом Ізраеляў а Юдзін, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ а яшчэ падобнае. Чаму ж ты пагрэбаваў словам СПАДАРОВЫМ, зрабіўшы ліха перад ачыма Ягонымі? Уру Гэціча ты паразіў мячом; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мячом сыноў Амонавых. Дык не адступе меч ад дому твайго на векі, за тое, што ты пагрэбаваў Імною і ўзяў жонку Уры Гэціча, каб яна была табе за жонку". Гэтак кажа СПАДАР: "Вось, Я ўзьнясу на цябе ліха з дому твайго, і вазьму жонкі твае перад ачыма тваімі, і аддам прыяцелю твайму, і будзе ён ляжаць із жонкамі тваімі перад гэтым сонцам; Бо ты зрабіў патай, а Я зраблю гэта перад усім Ізраелям і перад сонцам"».
І сказаў Давід Нафану: «Ізграшыў я перад СПАДАРОМ». І сказаў Нафан: «І СПАДАР дараваў грэх твой: ты не памрэш. Затым, адылí, што ты гэтым прывёў варагоў СПАДАРОВЫХ да чыстага блявузґаньня, то таксама сьмерцю памрэць сын, што народзіцца ў цябе».
І пайшоў Нафан да дому свайго. І выцяў СПАДАР дзецянё, каторае нарадзіла жонка Урына Давіду, і яно небясьпечна захварэла. І маліў Давід Бога за гэтага хлопчыка, і шчыра поставаў Давід, і ўвыйшоў, і начаваў, і ляжаў на зямлі. І сталі старцы дому гэнага да яго, каб падняць яго ізь зямлі; але ён не хацеў, і не паспытаўся зь імі хлеба. І было на сёмы дзень: дзецянё памерла, і слугі Давідавы баяліся сказаць Давіду, што памерла дзецянё; бо, казалі яны: «Вось, калі дзецянё яшчэ жыло, і мы ўмаўлялі яго, і ён ня слухаў голасу нашага; як жа скажам яму: "Памерла дзецянё?" Ён зробе што-колечы благое». І абачыў Давід, што слугі шэпчуцца, і ўцяміў Давід, што дзецянё памерла, і сказаў Давід слугам сваім: «Памерла дзецянё?» І сказалі: «Памерла». І ўстаў Давід ізь зямлі, і ўмыўся, і памазаўся, і зьмяніў адзецьці свае, і пайшоў да дому СПАДАРОВАГА, і пакланіўся. І прышоў да дому свайго, і прасіў, і падалі яму хлеба, і ён еў. І сказалі яму слугі ягоныя: «Што знача, што ты так робіш: як дзецянё яшчэ жыло, ты поставаў а плакаў, а як дзецянё памерла, ты ўстаў і еў хлеб?» І сказаў: «Пакуль дзецянё жыло, я поставаў а плакаў, бо казаў: "Хто ведае, ці ня зьмілуецца над імною СПАДАР, і дзецянё застанецца жыва?" А цяпер яно памерла; нашто ж імне поставаць? Ціж я магу зьвярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня зьвернецца да мяне».
І пацешыў Давід Батшэву, жонку сваю, і ўвыйшоў да яе, і ляжаў ізь ёй; і яна радзіла сына, і назвала імя ягонае: Салямон. І СПАДАР улюбіў яго; І паслаў прарокам Нафаном, і ён назваў імя ягонае: Едыда — дзеля СПАДАРА.
Ёаў ваяваў супроці Раўвы Амонскае, і блізу ўзяў места каралеўскае. І паслаў Еаў паслоў да Давіда, і сказаў: «Я ваяваў з Раўваю і перамог места вады. Цяпер зьбяры люд, і абляж места, і вазьмі яго; бо калі я вазьму яго, то маім імям будзе названа яно». І зьбер Давід увесь люд, і пайшоў да Раўвы, і ваяваў зь ёю, і ўзяў яе. І ўзяў Давід карону караля іхнага з галавы ягонае; — а вага яе была талань золата, і камень дарагі, і яна была на галаве ў Давіда, і із здабытку места вынес вельмі шмат. А люд, што быў у ім, ён вывеў, і палажыў іх пад пілы, пад зялезныя малатарні, пад зялезныя сякіры, і кінуў іх у цагельныя печы. Гэтак ён зрабіў з усімі местамі Амонскімі. І зьвярнуўся просьле гэтага Давід а ўвесь люд да Ерузаліму.
І было просьле гэтага: ув Аўсалома Давідзёнка была сястра харошая, наймя Тамара; і закахаўся ў яе Амнон Давідзёнак. І ўзрушаўся Амнон, ажно захварэў пераз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-колечы зрабіць ёй. І ўв Амнона быў прыяцель, а імя ягонае Ёнадаў, сын Шымеі, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі мудры. І ён сказаў яму: «Чаму ты так блажэеш, сыну каралёў, з раньня да раньня, — ці ня скажаш імне?» І сказаў яму Амнон: «Тамару, сястру брата свайго Аўсалома, люблю я». І сказаў яму Ёнадаў: «Лажыся ў пасьцелю сваю і прыдайся хворым; і як ацец твой прыйдзе даведацца цябе, ты скажы яму: "Калі ласка, хай прыйдзе Тамара, сястра мая, і падасьць імне хлеба, і прыгатуе перад ачыма маімі сытое бараніны, каб я бачыў і еў з рук ейных"». І лёг Амнон, і прыдаўся хворым, і прышоў кароль даведацца яго; і сказаў Амнон каралю: «Калі ласка, хай прыйдзе Тамара, сястра мая, і сьпячэць перад ачыма маімі дзьве перапечкі, і я паем із рук ейных». І паслаў Давід да Тамары да дому сказаць: «Пайдзі да дому Амнонавага, брата свайго, і прыгатуй яму сытое бараніны». І пайшла яна да дому брата свайго Амнона, а ён ляжыць. І ўзяла яна цеста, і замясіла, і прыгатавала перад ачыма ягонымі, і сьпякла перапечкі. І ўзяла сквараду й выняла перад ім; але ён адмовіўся есьці. І сказаў Амнон: «Вывядзіце кажнага чалавека ад мяне». І вышлі кажны чалавек ад яго. І сказаў Амнон Тамары: «Занясі сытую бараніну да пакою, і я паспытаюся з рук тваіх». І ўзяла Тамара перапечкі, каторыя прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, да пакою. І як яна пастанавіла перад ім есьці, то ён схапіў яе і сказаў ёй: «Хадзі, лажыся з імною, сястра мая». Але яна сказала яму: «Не, браце мой, ня ганьбі мяне, бо ня робяць гэтак у Ізраелю; не рабі гэтага шалу. І я, куды пайду я з маёй ганьбаю? І ты будзеш адзін із шалёных у Ізраелю. Ты, калі ласка, пагутары з каралём, ён не ўдзяржыць мяне ад цябе». Але ён не хацеў слухаць голасу ейнага, і быў дужшы за яе, і зганьбіў яе, і ляжаў ізь ёю. І зьненавідзіў яе Амнон вельмі нянавіднасьцю найвялікшай, ажно нянавіднасьць, якою ён зьненавідзіў яе, была большая за любоў, якую ён меў да яе; і сказаў ёй Амнон: «Устань, пайдзі». І сказала яму: «Не, подле акалічнасьцяў адаслаць мяне — гэта большае ліха за другое, каторае ты імне зрабіў». Але ён не хацеў слухаць яе. І гукнуў дзяцюка, слугачага свайго, і сказаў: «Вышліце, калі ласка, гэту ад мяне вон, і засунь дзьверы за ёю». На ёй быў калярысты хітон, бо ў такі адзяваліся каралеўскія дачкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга вон, і засунуў за ёю дзьверы. І ўзяла пасыпала Тамара попелам галаву сваю, і калярысты хітон разьдзерла, каторы мела на сабе, і палажыла рукі свае на галаву сваю, і гэтак ішла, ішла й галасіла. І сказаў ёй Аўсалом, брат ейны: «Ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — але цяпер, сястра мая, маўчы; ён — брат твой; не працінайся ў сэрцу сваім праз гэты ўчынак». І сядзела Тамара, і была апушчанай у доме Аўсалома, брата свайго. І кароль Давід пачуў праз усе гэта, і гневала яго гэта вельмі. Аўсалом жа ня гукаў із Амнонам ані благога, ані добрага, бо зьненавідзіў Аўсалом Амнона за тое, што ён зганьбіў Тамару, сястру ягоную.
За два гады было стрыжэньне ўв Аўсалома ў Ваал-Гацору, каторы ля Яхрэма, і пагукаў Аўсалом усіх сыноў каралеўскіх. І прышоў Аўсалом да караля, і сказаў: «Вось, цяпер стрыжэньне ў слугі твайго; хай пойдзе кароль а слугі ягоныя із слугою тваім». І сказаў кароль Аўсалому: «Не, сыну мой, мы ня пойдзем усі, каб ня быць табе вялічнымі». І дужа маліў яго, але ён не захацеў ісьці, адно дабраславіў яго. І сказаў яму Аўсалом: «Калі не, хай ідзець із намі Амнон, брат мой». Ісказаў яму кароль: «Нашто яму йсьці з табою?» Але Аўсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх сыноў каралеўскіх.
Аўсалом жа расказаў дзяцюком сваім, сказаўшы: «Глядзіце ж, як разьвяселіцца сэрца Амнона ад віна, і я скажу вам: "Забіце Амнона", тады зрабіце сьмерць яму, ня бойцеся; ці ня я расказую вам, мацуйцеся й будзеце малайцамі». І Зрабілі дзяцюкі Аўсаломавы з Амнонам, як расказаў Аўсалом. І ўсталі ўсі каралеўскія сынове, селі кажны конна на мула свайго і ўцяклі.
Як яны былі яшчэ ў дарозе, прышлі галасы да Давіда, што Аўсалом забіў усіх сыноў каралеўскіх, і не засталося ні воднага зь іх. І ўстаў кароль, і разьдзер адзецьці свае, і лёг на зямлю, і ўсі слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разьдзерлі адзецьці свае. Але адказаў Ёнадаў, сын Шымеі, брата Давідавага, і сказаў: «Хай ня кажа спадар мой, што ўсіх дзяцюкоў, каралеўскіх сыноў, забілі; толькі Амнон адзін памер, бо, подле слова Аўсаломавага, было гэта прызначана адгэнуль, як паганьбіў Тамару, сястру ягоную. Дык хай ня прыйме спадар мой, кароль, да сэрца свайго гэтую справу, кажучы, што ўсі сынове каралеўскія памерлі, бо толькі памер адзін Амнон».
І ўцёк Аўсалом. І ўзьняў дзяцюк, што стаяў на варце, вочы свае, і абачыў: вось, шмат люду йдзець па дарозе за ім па схоне гары. Тады Ёнадаў сказаў каралю: «Гэта йдуць каралеўскія сынове; як сказаў слуга твой, так яно было». І ледзь толькі сказаў ён гэта, вось, прышлі каралеўскія сынове, і загаласілі, і плакалі. І таксама кароль а ўсі слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам. Аўсалом жа ўцёк, і пайшоў да Фалмая Амігудзёнка, караля Ґешурскага. І плакаў Давід па сыну сваім усі дні. Аўсалом уцёк, і прышоў да Ґешура, і прабыў там тры гады. І кароль Давід жадаў стрэцца з Аўсаломам, бо ён ужо перастаў бедаваць па Амнону, што ён памер.
І ведаў Ёаў Цэруёнак, што сэрца каралёва нахінулася да Аўсалома. І паслаў Ёаў да Фекоі, і ўзяў стуль мудрую жонку, і сказаў ёй: «Прыдайся плачучай, і надзень жалобнае адзецьце, і ня мажся алеям, але будзь як жонка, што мела даўгі час жалобу па памерлым; І прыйдзеш да караля, і будзеш гукаць яму подле гэтага слова. І Ёаў улажыў словы ў вусны ейныя. І сказала жонка Фекоянка каралю, і пала відам сваім на зямлю, і пакланілася, і сказала: «Ратуй, каролю!» І сказаў ёй кароль: «Чаго табе?» І сказала яна: «Я ўдава, муж мой памер; І ў нявольніцы тваёй два сыны; яны абодва павадзіліся ў полю, і ня было каму разбараніць іх, і выцяў адзін другога, і забіў яго. І вось, паўстала ўся радня на служэбку тваю і кажуць: "Аддай убіўцу брата свайго; мы заб’ем яго за душу брата ягонага, каторага ён забіў, і спадкаемцу загубім таксама". Дык яны згасяць засталую жарыну маю, што засталася, каб не пакінуць мужу майму імені а патомства на відзе зямлі». І сказаў кароль жонцы: «Ідзі супакойна двору, а я дам расказаньне празь цябе». І сказала жонка Фекоянка каралю: «На імне, спадару мой, каролю, гэтае бяспраўе а на доме айца майго, кароль жа а пасад ягоны хай будзе бязь віны». І сказаў кароль: «Таго, хто будзе гукаць на цябе, прывядзі да мяне, і ён болей не зачэпе цябе».
Яна сказала: «Успомні, каролю, СПАДАРА, Бога свайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў, каб згубіць а зьнішчыць сына майго». І сказаў: «Жыў СПАДАР! не спадзець і волас сына твайго на зямлю». І сказала жонка: «Калі ласка, хай кажа нявольніца твая слова спадару майму, каралю». Ён сказаў: «Кажы». І сказала жонка: «Чаму ты так думаеш супроці люду Божага? Кароль, кажучы гэтае слова, ёсьць як вінны, бо не зварачае выгнаньніка свайго. Мы напэўна памрэм і будзем як вада, вылітая на зямлю, каторую нельга зьберці; але Бог ня хоча загубіць душу, і думае думы, каб не адапхнуць ад Сябе адапхнёнага. Дык цяпер я прышла сказаць каралю, спадару свайму, гэтае слова, бо люд палохае мяне; і сказала нявольніца твая: "Пагутару я з каралём, можа ён зробе подле слова служэбкі свае. Бо кароль выслухае, вывальне служэбку сваю з рукі чалавека, што хоча зьнішчыць мяне разам із сынам маім із спадку Божага". І сказала нявольніца твая: "Хай будзе слова спадара майго, караля, на пацеху імне, бо, як ангіл Божы, так спадар мой, кароль, і можа выслухаць і добрае і ліхое. І СПАДАР, Бог твой, будзе з табою"».
І адказаў кароль, і сказаў жонцы: «Не ўтаі ад мяне, калі ласка, справы, праз каторую я папытаю ў цябе». І сказала жонка: «Кажы, калі ласка, спадару мой, каролю!» І сказаў кароль: «Ці ня рука Ёвава з табой у вусім гэтым?» І адказала жонка, і сказала: «Хай жывець душа твая, спадару мой, каролю; ані направа, ані налева нельга адхінуцца ад тога, што сказаў спадар мой, кароль; бо слуга твой Ёаў расказаў імне, і ён улажыў у вусны нявольніцы гэтыя словы. Каб зьмяніць выгляд гэтае справы, зрабіў слуга твой Ёаў гэта; але спадар мой мудры, як мудры ангіл Божы, каб ведаць усе, што на зямлі».
І сказаў кароль Ёаву: «Вось жа, я зрабіў гэтую справу, пайдзі ж, зьвярні дзяцюка Аўсалома». І паў Ёаў відам на зямлю, і пакланіўся, і дабраславіў караля, і сказаў: «Цяпер ведае слуга твой, што прыдбаў ласку ў ваччу тваім, спадару мой, каролю, бо кароль учыніў подле слова слугі свайго».
І ўстаў Ёаў, і пайшоў да Ґешуру, і прывёў Аўсалома да Ерузаліму.
І сказаў кароль: «Хай ён зьвернецца да дому свайго, а віду майго ня бача». І зьвярнуўся Аўсалом да дому свайго, а віду каралеўскага ня бачыў.
І падобнага да Аўсалома ня было харашуна ў вусім Ізраелю, і гэгулькі хваленага; ад падашвы нагі аж да цемені галавы ягонае ня было ў ім заганы. Як ён стрыг галаву сваю, — а стрыг ён яе кажнага году, бо яна цяжарыла яго, — то валасы з галавы ягонае важылі дзьвесьце сыкляў подле вагі каралеўскае. І радзіліся ўв Аўсалома тры сыны й адна дачка, наймя Тамара; яна была жонка пазорная.
І жыў Аўсалом у Ерузаліме два гады, і віду каралёвага ня бачыў. І паслаў Аўсалом па Ёава, каб паслаць яго да караля; але тый ня зычыў прыйсьці да яго. Паслаў і другім наваратам, але тый ня зычыў прыйсьці. І сказаў слугам сваім: «Бачыце часьць поля Ёававага ля майго, і ў яго там ячмень; пайдзіце, выпаліце яго цяплом». І выпалілі слугі Аўсаломавы часьць поля цяплом.
І ўстаў Ёаў, і прышоў да Аўсалома да дому, і сказаў яму: «Чаму цяплом выпалілі слугі твае часьць поля майго?» І сказаў Аўсалом Ёаву: «Вось, я пасылаў па цябе, кажучы: "Прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да караля сказаць: ’Нашто я прышоў з Ґешуру? Валей бы імне яшчэ заставацца там. Я хачу бачыць від каралёў. Калі ёсьць у імне бяспраўе, то забі мяне’"». І пайшоў Еаў да караля, і азнайміў яму. І гукнуў Аўсалома; ён прышоў да караля, і паў відам сваім на зямлю перад каралём; і пацалаваў кароль Аўсалома.
І сталася просьле гэтага, што справіў сабе Аўсалом адны цялежкі і коні, і пяцьдзясят чалавекаў беглі перад ім. І ўставаў Аўсалом рана нараніцы, і станавіўся ля дарогі ў браме; і было, што як чалавек, правуючыся, прыходзіў да караля на суд, то гукаў Аўсалом яго да сябе й казаў: «Зь якога ты места?» і ён адказаваў: «З аднаго з плямёнаў Ізраельскіх слуга твой». І казаў яму Аўсалом: «Вось, справа твая добрая а справядлівая, але ў караля няма каму выслухаць цябе». І казаў Аўсалом: «О, калі б хто пастанавіў мяне за судзьдзю ў зямлі! да мяне прыходзіў бы кажны, у каторага была б справа а суд, і я аправіў бы яго». І калі хто бліжыўся пакланіцца яму, то ён выцягаваў руку сваю, і браў яго, і цалаваў яго. Гэтак рабіў Аўсалом із кажным Ізраелцам, што прыходзіў на суд да караля; і ўкраў Аўсалом сэрца ў мужоў Ізраельскіх.
Як мінула сорак год, Аўсалом сказаў каралю: «Пайду я й споўню абятніцу сваю, каторую я даў СПАДАРУ, у Гэўроне; Бо аброк аброк слуга твой, жывучы ў Ґешуру ўв Араме, кажучы: "Калі зьверне, зьверне СПАДАР мяне да Ерузаліму, то я буду служыць СПАДАРУ"». І сказаў яму кароль: «Ідзі ў супакою». І ўстаў ён, і пайшоў да Гэўрону.
І разаслаў Аўсалом узьведнікаў да ўсіх плямёнаў Ізраелявых, сказаўшы: «Як вы пачуеце гук трубы, то кажыце: "Каралюе Аўсалом у Гэўроне"». З Аўсаломам пайшлі зь Ерузаліму званыя дзьвесьце чалавекаў, а пайшлі ў прасьціні сваёй, яны нічагусенькі ня ведалі. І як абракаў аброкі, то паслаў Аўсалом Агітофэла Ґіляніна, парадніка Давідавага, зь ягонага места Ґіла. І склалася моцная змова, бо люд усе павялічаўся каля Аўсалома.
І прышоў пасланец да Давіда, кажучы: «Стала сэрца мужоў Ізраельскіх за Аўсаломам». І сказаў Давід усім слугам сваім, што былі пры ім у Ерузаліме: «Устаньма і ўцячыма, бо ня будзе нам прытульля ад Аўсалома; барзьдзіце, каб нам адыйсьці, каб ён не пабарзьдзіў, і не засьпеў нас, і ня зьвёў на нас бяду, і ня выгубіў места лязом мяча». І сказалі слугі каралёвы каралю: «У вусім, што выбяра спадар мой, кароль, то, вось, мы — слугі твае». І вышаў кароль а ўвесь дом ягоны за ім пехатой. Пакінуў жа кароль дзесяць жанок, мамошак, сьцерагчы дом. І вьшаў кароль а ўвесь люд пехатой, і адзяржаліся ў Беф-Мерхаку. І ўсі слугі ягоныя праходзілі па бакох яго, і ўсі херэфеі, і ўсі пелефеі, і ўсі Ґафяне, — шасьцьсот чалавекаў, што прышлі разам ізь ім із Ґафу, праходзілі перад відам каралёвым.
І сказаў кароль Іффаю Ґафяніну: «Нашто йдзеш таксама ты з намі? зьвярніся й застанься з каралём; бо ты — чужаземец, ды выгнаньнік із свайго месца. Учорах ты прышоў, а сядні я прысілю цябе йсьці з намі? Я йду, куды луча; зьвярніся а зьвярні братоў сваіх із сабою, міласэрдзе а праўда з табою!» І адказаў Іффай каралю, і сказаў: «Жыў СПАДАР, і хай жывець спадар мой, кароль: на якім бы месцу быў спадар мой, кароль, ці ў жыцьцю, ці ў сьмерці, там будзе й слуга твой». І сказаў Давід Іффаю: «Дык ідзі а перайдзі». І перайшоў Іффай Ґафянін, і ўсі людзі ягоныя, і ўсі дзецяняты, што былі зь ім. І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь люд пераходзіў, і кароль перайшоў цурэй Кідрон; і ўвесь люд прайшоў па дарозе пустыні. А вось, і Садок, і ўсі Левіты зь ім нясуць скрыню Змовы Божае, і пастанавілі скрыню Божую; і ўзышоў Авафар, пакуль увесь люд ня вышаў зь места.
І сказаў кароль Садоку: «Зьвярні скрыню Божую да места. Калі я знайду ласку перад ачыма СПАДАРА, то Ён зьверне мяне і дасьць імне бачыць Яго а гасподу Ягоную. А калі ён скажа гэтак: "Няма Мае зычлівасьці да цябе", то вось я; хай робе з імною, што Яму любя».
І сказаў кароль Садоку сьвятару: «Або ты ня бачыў, — зьвярніся да места ў супакою, і Агімаас, сын твой, і Ёнафан Авафаронак, абодва сыны вашыя з вамі. Гляньце, я прыстою на раўніне на пустыні, пакуль ня прыйдзе ад вас слова наказаць імне». І зьвярнулі Садок а Авафар скрыню Божую да Ерузаліму, і засталіся там.
А Давід ішоў схонамі Аліўнымі, узыходзіў і плакаў; галава ў яго была пакрыта, ён ішоў босы; і ўвесь люд, што быў зь ім, пакрылі кажны галаву сваю, і ўзыходзілі, узыходзячы й плачучы. І Давіду наказалі, кажучы: «Агітофэл памеж змоўнікаў з Аўсаломам». І сказаў Давід: «СПАДАРУ! абярні ў дурнаўство, калі ласка, раду Агітофэлаву». Як Давід узышоў на верх гары, ідзе ён кланяўся Богу, вось, наўпярэймы яму Гушай Архіцянін, прыяцель Давідаў; хітон на ім быў разьдзершыся, і пыл на галаве ў яго. І сказаў яму Давід: «Калі ты пойдзеш із імною, то будзеш імне вялічным. А калі зьвернешся да места й скажаш Аўсалому: "Каролю, я слуга твой; вось, я быў слугою айца твайго, ды быў такім здаўна, а цяпер, вось, і я — слуга твой", то памярцьвіш ізраду Агітофэлаву. Хіба ня ё з табою там Садок а Авафар сьвятары, і будзе, што кажнае слова, якое пачуеш з дому каралёвага, азнаймляй Садоку а Авафару сьвятаром. Там ізь імі і два сыны іхныя: Агімаас Садачонак а Ёнафан Авафаронак; імі пасылайце імне кажную ведамку, якую пачуеце». І прышоў Гушай, прыяцель Давідаў, да места; Аўсалом жа тады ўходзіў у Ерузалім.
Як Давід крыху зышоў зь верху гары, і вось, Цыва, слуга Мефівошэфаў, наўпярэймы яму, з параю накладзеных аслоў, на іх жа дзьвесьце букаткаў хлеба, сто зьвязкаў разынкаў, сто зьвязкаў фіґаў і скураны мех ізь віном. І сказаў кароль Цыве: «Што гэта ў цябе?» І адказаў Цыва: «Аслы дому каралеўскаму езьдзіць, хлеб а садавіна на ежу дзяцюком, а віно піць аслабелым на пустыні». І сказаў кароль: «А йдзе сын спадара твайго?» І адказаў Цыва каралю: «Вось, ён застаўся ў Ерузаліме, бо казаў: "Цяпер дом Ізраеляў зьверне імне каралеўства айца майго"». І сказаў Цыве: «Вось, табе ўсе, што ў Мефівошэфа». І адказаў Цыва, пакланіўшыся: «Няхай знайду ласку ў ваччу спадара майго караля!»
І прышоў кароль Давід да Багурыму, і вось, вышаў стуль чалавек з роду дому Саўлавага, наймя Шымей Ґеранок; ён, ішоўшы, ішоў і кляў, І пушчаў каменьням на Давіда а на ўсіх слугаў караля Давіда; усі ж людзі а ўсі харобрыя былі з правага й зь левага боку. Гэтак гукаў Шымей, клінучы яго: «Адыходзь, адыходзь, мужу крыві і мужу Веляла! СПАДАР абярнуў на цябе ўсю кроў дому Саўлавага, замест каторага ты загаспадарстваваў, і аддаў СПАДАР каралеўства ў рукі Аўсалома, сына твайго; і вось, ты ў бядзе, бо ты муж крыві». І сказаў каралю Авішай Цэруёнак: «Чаму клінець гэты здохлы сабака спадара майго, караля? перайду я й здыйму яму галаву». І сказаў кароль: «Што імне й вам, Цэруёнкі? хай так клінець, бо так СПАДАР расказаў яму клясьці Давіда. Хто ж можа сказаць: "Чаму ты так робіш?"»
І сказаў Давід Авішаю а ўсім служцом сваім: «Вось, калі сын мой, каторы вышаў з нутра майго, шукае душы мае, дык пагатове цяпер Венямінавец; пакіньце яго, хай клінець; бо СПАДАР казаў яму. Можа СПАДАР гляне на паніжэньне Мае і зьверне СПАДАР імне дабром за сядняшнюю кляцьбу ягоную». І йшоў Давід а людзі ягоныя дарогаю, а Шымэй ішоў бокам гары супроці яго, ішоў, і кляў, і пушчаў каменьням у бок яго, і пыліў пылам. І прышоў кароль а ўвесь люд, быты зь ім, стамаваўшыся, і аддыхнулі там.
Аўсалом жа а ўвесь люд Ізраельскі прышлі да Ерузаліму, і Агітофэл ізь ім. І было, як прышоў Гушай Архіцянін, прыяцель Давідаў, да Аўсалома, то сказаў Гушай Аўсалому: «Хай жывець кароль, хай жывець кароль!» І сказаў Аўсалом Гушаю: «Гэткая дабрыня твая да прыяцеля твайго! чаму ты не пайшоў із прыяцелям сваім?» І сказаў Гушай Аўсалому: «Не, каго абраў СПАДАР а гэты люд а ўвесь люд Ізраельскі, з тым і я, і зь ім застануся. А, другое, каму я буду служыць? Ці ня сыну ягонаму? Як служыў я айцу твайму, так буду служыць і табе».
І сказаў Аўсалом Агітофэлу: «Дайце раду, што нам рабіць». І сказаў Агітофэл Аўсалому: «Увыйдзі да мамошак айца свайго, каторых ён пакінуў сьцерагчы дом свой; і пачуюць усі Ізраяляне, што ты стаў непахнючым айцу свайму, і ўмацуюцца рукі ўсіх, каторыя з табою». І разапнулі Аўсалому будан на страсе, і ўвыйшоў Аўсалом да мамошак айца свайго перад ачмі ўсяго Ізраеля.
Рады ж Агітофэлавы, каторыя ён даваў, у тым часе ўважалі, як калі б хто пытаўся слова ў Бога. Гэткая была кажная рада Агітофэлава як Давіду, так і Аўсалому.
І сказаў Агітофэл Аўсалому: «Выбяру я двананцаць тысячаў чалавекаў, і ўстану, і пажануся гэтае ночы ў пагон за Давідам. І нападу на яго, як ён будзе стамаваўшыся й з млявымі рукамі, і напалохаю яго, і ўсі людзі, што зь ім, уцякуць; і я заб’ю аднаго караля, І абярну ўвесь люд да цябе. Быццам зьвярненьне ўсіх ё чалавек, каторага ты шукаеш, тады ўвесь люд будзе ў супакою». І люба было гэтае слова ў ваччу Аўсалома і ў вачох усіх старцоў Ізраельскіх.
І сказаў Аўсалом: «Пагукайце ж таксама Гушая Архіцяніна, і паслухаем таксама, што ў вуснах ягоных». І прышоў Гушай да Аўсалома, і сказаў яму Аўсалом, кажучы: «Вось, гэта кажа Агітофэл; ці зрабіць подле словаў ягоных? А калі не, то кажы ты». І сказаў Гушай Аўсалому: «Ня добрая рада, што радзіў Агітофэл гэтым разам». І сказаў Гушай: «Ты знаеш айца свайго й людзёў ягоных; бо харобрыя яны й гаркія душою яны, як мядзьведзіца ў полю, у каторай заглабалі дзеці, і ацец твой — чалавек ваёўны; ён не начуе зь людам. Вось, цяпер ён хаваецца ў якой-колечы яме альбо ў вадным ізь іншых месцаў, і калі хто зь іх, нападаючых падзець пры першым нападзе, і пачуе вартаўнік твой, і скажа: "Была параза людзёў, што пайшлі за Аўсаломам", Тады й найадважнейшы, у каторага сэрца, як сэрца лявінае, чыста скволее; бо ўвесь Ізраель ведае, які харобры ацец твой і мужныя тыя, што зь ім. Затым я раджу: хай зьбярэцца да цябе ўвесь Ізраель, ад Дану аж да Веер-Шэвы, у множасьці, як пясок ля мора; і ты зь імі пойдзеш на бітву. І мы прыйдзем да яго ў вадным ізь месцаў, ідзе ён ё, і абляжым яго, як падае раса на зямлю; і не застанецца ў яго і ў вусіх людзёў, што зь ім, ні воднага чалавека. А калі ён зьбярэцца да якога-колечы места, то ўвесь Ізраель прынясець да тога места паварозы, і мы сьцягнем яго ў раку, так што не застанецца ні воднага каменчыка». І сказаў Аўсалом а ўвесь Ізраель: «Рада Гушая Архіцяніна лепшая за раду Агітофэлаву». Бо СПАДАР расказаў памярцьвіць добрую раду Агітофэлаву, каб навесьці СПАДАРУ ліха на Аўсалома.
І сказаў Гушай Садоку а Авафару сьвятаром: «Так а так парадзіў Агітофэл Аўсалому а старцом Ізраелявым, і так а так парадзіў я. Дык цяпер пашліце баржджэй і скажыце Давіду гэтак: "Не начуй гэтае ночы на раўніне пустыні, але баржджэй перайдзі, каб ня глынулі караля а ўсяго люду, што зь ім"». Ёнафан а Агімаас стаялі ля жарала Роґель. І пайшла служэбка, і наказала ім, і яны пайшлі, і наказалі каралю Давіду; бо яны не маглі паказацца, ідучы да места. І абачыў іх дзяцюк, і наказаў Аўсалому; але яны пайшлі борзда абодва і прышлі да дому чалавека ў Багурыме, у каторага на панадворку была студня, і спусьціліся туды. А жонка ўзяла й разаслала на версе студні пасьцілку, і пасыпала на яе круп, так што нічога ня было цямка. І прышлі слугі Аўсаломавы да жонкі да дому, і сказалі: «Ідзе Агімаас а Ёнафан?» І сказала ім жонка: «Яны перайшлі гэты цурэй». І шукалі яны, і не знайшлі, і зьвярнуліся да Ерузаліму.
І было, як яны пайшлі, што тыя ўзышлі із студні, пайшлі і наказалі каралю Давіду, і сказалі Давіду: «Устаньце й баржджэй перайдзіце ваду, бо так а так парадзіў праз вас Агітофэл». І ўстаў Давід а ўвесь люд, быты зь ім, і перайшлі Ёрдан; да золку ня было ні воднага, каторы не перайшоў бы Ёрдану.
І абачыў Агітофэл, што ня споўнена рада ягоная, і асядлаў асла, і ўстаў, і пайшоў да дому свайго, да места свайго, і даў загаду дому свайму, і засіліўся, і памер, і быў пахаваны ў гробе айца свайго.
І прышоў Давід да Маганаіму, а Аўсалом перайшоў Ёрдан, сам а ўвесь Ізраель ізь ім. Аўсалом пастанавіў над войскам Амасу, замест Ёава. Амаса быў сын аднаго чалавека, наймя Іфра Ізрэельскага, каторы ўвыйшоў да Авіґалы Нагашышкі, сястры Цэруінае, маці Ёвавае. І Ізраель із Аўсаломам разьлёгся табарам у зямлі Ґілеадзкай.
І было, што, як прышоў Давід да Маганаіму, то Шові Нагашонак із Раўвы Амонскае а Махір Аміеленак із Лодэвару а Варзылай Ґілеадзянін із Роґеліму Прынесьлі пасьцелю, місы а глінянае судзьдзе а пшонкі а ячменю а мукі а круп а бобу а сачыўкі а пражаных зярнят А мёду а масла а авец а сыру каровяга, прынесьлі Давіду а людзём, бытым ізь ім, на ежу; бо казалі яны: «Люд галодны а стамаваўшыся а ўсьмяглы на пустыні».
І палічыў Давід людзёў, што былі зь ім, і пастанавіў над імі тысячнікаў а сотнікаў. І паслаў Давід людзёў — трайціну пад рукою Ёава, трайціну пад рукою Авішая Цэруёнка, брата Ёававага, трайціну рад рукою Іффая Ґаффяніна. І сказаў кароль люду: «Я сам пайду, пайду з вамі». І сказаў люд: «Не хадзі, бо калі мы бегма ўцячэм, то ня зьвернуць увагі на нас; калі й памрэць палавіца з нас, таксама ня зьвернуць увагі на нас; а ты адзін тое ж, што нас дзесяць тысячаў; дык валей памагай нам ізь места».
І сказаў ім кароль: «Я зраблю, што добрае ў вачох вашых». І стаў кароль ля брамы, а ўвесь люд выходзіў сотнямі а тысячамі. І расказаў кароль Ёаву а Авішаю а Іффаю, кажучы: «Абходзьцеся кунежна дзеля мяне з маладзёнам, з Аўсаломам». І ўсі людзі чулі, як расказаваў кароль усім вайводцам праз Аўсалома.
І вышаў люд у поле наўпярэймы Ізраелю, і была бітва ў лесе Яхрэмавым. І былі паражаны там люд Ізраельскі слугамі Давідавымі; і была там гэна параза вялікая таго дня, — дваццаць тысячаў. І была там бітва пашырыўшыся па ўсёй тэй зямлі; і пажэр лес ізь люду болей, чымся колькі пажэр меч таго дня. І лучыла Аўсалому стрэцца із слугамі Давідавымі; а Аўсалом ехаў конна на муле. І ўбег мул пад галіну вялікага дуба, і зачапілася галава ягоная за дуб, і павіс памеж неба й зямлі, а мул, быты пад ім, перабег. І абачыў гэта хтось, і наказаў Ёаву, і сказаў: «Вось, я бачыў Аўсалома, што вісіць на дубе». І сказаў Ёаў чалавеку, каторы наказаў яму: «А вось, ты бачыў, то чаму ж ты не паразіў яго там на зямлю? Я меў бы даць табе дзесяць сыкляў срэбра і адзін пояс». І адказаў чалавек тый Ёаву: «Калі б адважылі на даланю маю й тысяча сыкляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на каралеўскага сына; бо мы чулі, як расказаў кароль табе а Авішаю а Іффаю, кажучы: "Захавайце маладзёна Аўсалома". Хоць бы я хацеў дапусьціць супроці душы свае няпраўду, то ніякае слова не схавана ад караля; і ты ж паўстаў бы супроці». Ёаў сказаў: «Няма чаго імне длякацца з табою». І ўзяў у рукі тры дзіды, і ўсадзіў іх у сэрца Аўсалому, каторы быў яшчэ жывы па сярэдзіне дуба. І абступілі Аўсалома дзесяцёх дзяцюкоў, збрайношаў Ёававых, і паразілі Аўсалома, і зрабілі сьмерць яму. І затрубіў Ёаў у трубу, і зьвярнуліся людзі з пагону за Ізраелям; бо Ёаў задзяржаў люд. І ўзялі Аўсалома, і кінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі над ім вельмі вялікую крушню каменьня. А ўсі Ізраяляне ўцяклі, кажны да будану свайго.
Аўсалом яшчэ за жыцьця свайго ўзяў і пастанавіў сабе помнік у каралеўскай даліне; бо сказаў ён: «Няма ў мяне сына, каб помнелі імя мае». І назваў помнік сваім імям. І завецца ён дагэтуль: «Помнік Аўсаломаў».
І Агімаас Садочонак сказаў: «Пабягу я, накажу каралю, што СПАДАР судзіў выбавіць яго з рук варагоў ягоных». І сказаў яму Ёаў: «Не чалавек дабравесьці ты сядні, накажы гэта другога дня, бо сядні ты не прынясеш добрае навіны, бо памер сын каралеўскі». І сказаў Ёаў Кушыту: «Пайдзі, накажы каралю, што бачыў ты». І пакланіўся Кушыт Ёаву, і пабег. Але Агімаас Садачонак упіраўся й казаў Ёаву: «Што хоця хай будзе, але й я пабягу за Кушытам». Ёаў жа адказаў: «Нашто бегчы табе, сыну мой, не прынясеш ты добрае навіны». «Няхай сабе, — сказаў ён, — але я пабягу». І сказаў яму: «Бяжы». І пабег Агімаас дарогаю раўніны, і выперадзіў Кушыта. Давід тады сядзеў памеж дзьвюх брамаў. А вартаўнік узышоў на страху брамы да сьцяны, і ўзьняў вочы свае, і абачыў: вось, бяжыць асобна чалавек. І закрычэў вартаўнік, і азнайміў каралю. І сказаў кароль: «Калі асобна, то ведамка ў вуснах ягоных». А тый падыходзіў усе бліжэй а бліжэй. Вартаўнік абачыў і другога чалавека бягучага; і закрычэў вартаўнік брамніку: «Вось, бяжыць адзін чалавек асобна!» Кароль сказаў: «І гэта — пасланец ізь ведамкаю». Вартаўнік сказаў: «Я бачу бягу першага, падобную да бягі Агімааса Садачонка». І сказаў кароль: «Гэта чалавек добры, і прыносе добрую навінý».
Крыкнуў Агімаас, і сказаў каралю: «Супакой!» І пакланіўся каралю відам сваім да зямлі, і сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы аддаў табе людзёў, што паднялі рукі свае на спадара майго, караля». І сказаў кароль: «Ці маладзён Аўсалом добра маецца?» І сказаў Агімаас: «Я бачыў вялікі груд, як слуга каралёў, Ёаў, паслаў слугу каралёвага й твайго слугу, але я ня ведаю, што было». І сказаў кароль: «Адвярніся, стань тут». Ён адвярнуўся й стаў.
Вось, прышоў і Кушыт. І сказаў Кушыт: «Добрал ведамка спадару майму, каралю! бо СПАДАР рассудзіў сядні выбавіць цябе ад рукі ўсіх, паўсталых супроці цябе». І сказаў кароль Кушыту: «Ці добра маецца маладзён Аўсалом?» І сказаў Кушыт: «Хай будзе, як маладзёну, усім непрыяцелям спадара майго, караля, і ўсім паўстаючым супроці цябе зь ліхам».
І парушыўся кароль, і ўзышоў да пакою над брамаю, і плакаў, і, як йшоў, гэтак гукаў: «Сыну мой Аўсаломе! сыну мой, сыну Аўсаломе! Каб я памер замест цябе, Аўсаломе, сыну мой, сыну мой!»
І наказалі Ёаву: «Вось, кароль плача і плача па Аўсалому». І абернулася ўратаваньне таго дня ў плач усяму люду, бо люд пачуў таго дня, што казалі: «Кароль смуціцца па сыну сваім». І ўходзіў тады люд да места, цікаючыся, як цікаецца люд саромячыся, уцеклыя ў часе бітвы. А кароль закрыў від свой і галасіў: «Сыну мой Аўсаломе! Аўсаломе, сыну мой, сыну мой!»
І прышоў Ёаў да караля да дому, і сказаў: «Ты засароміў сядні від усіх слугаў сваіх, што ўратавалі цяпер жыцьцё твае, і жыцьцё сыноў і дачок тваіх, і жыцьцё жонак, і жыцьцё мамошак тваіх; Ты любіш ненавідзячых цябе і ненавідзіш любячых цябе; бо ты абясьціў сядні, што нічагусенькі табе й вайводцы й слугі; сядні я даведаўся, што, калі б Аўсалом застаўся жывы, а мы ўсі памерлі, то было б добра ў ваччу тваім. Дык устань, выйдзі а пагукай да сэрца слугаў сваіх; бо прысягаю СПАДАРОМ, што, калі ты ня выйдзеш, то ці заначуе з табою чалавек; і гэта будзе табе горш за ўсі беды, якія находзілі на цябе з маладосьці твае дагэтуль».
І ўстаў кароль, і сеў у браме; а ўсяму люду наказалі, кажучы: «Вось, кароль сядзіць у браме». І прышоў увесь люд перад від караля; Ізраяляне ж паўцякалі кажны да будану свайго.
І ўвесь люд па ўсіх плямёнах Ізраелявых сьперачаўся, кажучы: «Кароль выбавіў нас із рук варагоў нашых, і ён вывальніў нас із рук Пілішчан, а цяпер сам уцякаў ізь зямлі гэтае ад Аўсалома. Але Аўсалом, каторага мы памазалі над сабою, памер на вайне; чаму ж цяпер вы маўчыце зьвярнуць караля?»
І кароль Давід паслаў да Садока а Авафара, сьвятароў, кажучы: «Скажыце старцом Юдзіным: "Чаму вам быць апошнімі, каб зьвярнуць караля да дому ягонага, прымеж тога словы ўсяго Ізраеля дайшлі да караля да дому ягонага? Вы браты мае, косьці мае й цела мае — вы; чаму ж вам быць апошнімі, каб зьвярнуць караля да дому ягонага?" І Амасе скажыце: "Ці ня косьць мая й цела мае — ты? Хай так зробе з імною Бог і хай памножа, калі ты ня будзеш вайводцам у мяне, замест Ёава, назаўсёды!"» І сьхінуў ён сэрца ўсіх Юдэяў, як аднаго чалавека; і паслалі яны да караля: «Зьвярніся ты а ўсі слугі твае». І зьвярнуўся кароль, і прышоў да Ёрдану, а Юда прышоў да Ґілгалу, каб пераняць караля й перавезьці караля перазь Ёрдан.
І пабарзьдзіў Шымей Ґеранок Венямінянін із Багурыму, і зышоў зь Юдэямі наўпярэймы каралю Давіду, І тысяча чалавекаў зь Венямінян ізь ім, і Цыва, слуга дому Саўлавага, зь пятнанцацьма сынамі сваімі й дваццацьма слугамі сваімі; і перайшлі яны Ёрдан перад відам караля. І як пераплавілі на пароме лодку, каб перавезьці дом каралёў і зрабіць, што добрае ў ваччу ягоным, тады Шымей Ґеранок паў перад відам караля, як адно ён перайшоў Ёрдан. І сказаў каралю: «Ня май імне, спадару мой, за выступ і не ўспамінай таго, чым ізграшыў слуга твой таго дня, як спадар мой, кароль, выходзіў зь Ерузаліму, і не дзяржы, каролю, у сэрцу сваім; Бо ведае слуга твой, што я ізграшыў, і вось, сядні я прышоў першы з усёга дому Язэпавага, каб зыйсьці наўпярэймы спадару майму, каралю». І адказаў Авішай Цэруёнак, і сказаў: «Нягож Шымей не памрэць за тое, што кляў памазанца СПАДАРОВАГА?» І сказаў Давід: «Што меж імною й вамі, Цэруёнкі, што вы сядні праціўныя імне? Ці цяпер забіваць каго-колечы ў Ізраелю? Ці ня ведаю я, што цяпер я — кароль над Ізраелям?» І сказаў кароль Шэмею: «Ты не памрэш». І прысяг яму кароль.
І Мефівошэф, сын Саўлаў, вышаў наўпярэймы каралю. Ён ня дбаў праз ногі свае, ня рупіўся праз бараду сваю і ня мыў адзецьця свайго з тога дня, як вышаў кароль, да дня, як ён зьвярнуўся ў супакою. Як ён вышаў зь Ерузаліму наўпярэймы каралю, кароль сказаў яму: «Чаму ты, Мефівошэфе, не пайшоў з імною?» І сказаў: «Спадару мой каролю! служэц мой ашукаў мяне; бо я, слуга твой, казаў: "Асядлаю сабе асла, і сяду на яго, і паеду да караля"; бо слуга твой кульгавы. А ён абмовіў слугу твайго перад спадаром маім каралём. Але спадар мой кароль, як ангіл Божы, рабі, што добра ў ваччу тваім. Ці ня быў увесь дом айца майго адно людзьмі сьмерці перад спадаром маім каралём, але ты пасадзіў слугу свайго памеж ядучых за сталом тваім; ці ёсьць у мяне яшчэ чым правіцца перад табою й гукаць да караля?» І сказаў яму кароль: «Нашто гукаеш ты яшчэ словы свае? Я сказаў: "Ты й Цыва падзяліце поле"». І сказаў Мефівошэф каралю: «Хай ён возьме на’т усе, просьле тога, як спадар мой, кароль, у супакою зьвярнуўся да дому свайго».
І Варзылай Ґілеадзянін зышоў з Роґеліму, і перайшоў із каралём Ёрдан, каб прапусьціць яго за Ёрдан. Варзылай жа быў вельмі стары, год асьмідзясят было яму. Ён жывіў караля ў быцьцю яго ў Маганаіме, бо ён быў чалавек вельмі вялікі. І сказаў кароль Варзылаю: «Ідзі з імною, і я буду жывіць цябе із сабою ў Ерузаліме». І сказаў Варзылай каралю: «Колькі яшчэ дзён жыцьця майго, каб ісьці з каралём да Ерузаліму? Імне цяпер асьмідзясят год; ці адрозьню я добрае ад ліхога? Ці пазнае слуга твой смак у тым, што будзе есьці і ў тым, што будзе піць? Ці змагу я чуць голас пяюноў а пяюльляў? Нашто ж слузе твайму быць цяжарам спадару майму каралю? Толькі яшчэ пярэйдзе слуга твой Ёрдан із каралём; за што ж каралю надгарадзіць мяне такою надгародаю? Хай зьвернецца, калі ласка, слуга твой і памрэць у месьце сваім каля гробу айца свайго а маці свае. Але вось, слуга твой, Кімгам, хай пярэйдзе із спадаром маім каралём, і зрабі зь ім, як добра ў ваччу тваім». І сказаў кароль: «Хай пярэйдзе з імною Кімгам, і я зраблю яму, што табе любя; і ўсе, чаго будзеш зычыць ад мяне, я зраблю табе». І перайшоў увесь люд Ёрдан, і кароль перайшоў. І пацалаваў кароль Варзылая, і дабраславіў яго, і ён зьвярнуўся на месца свае.
І перайшоў кароль да Ґілґалу, і Кімгам перайшоў зь ім; і ўвесь люд Юдэйскі прапушчаў караля, і палавіца люду Ізраельскага. І вось, усі Ізраяляне прышлі да караля, і сказалі каралю: «Чаму ўкралі цябе браты нашы, мужы Юдзіны, і прапусьцілі караля а дом ягоны а ўсіх людзёў Давідавых ізь ім перазь Ёрдан?» І адказалі ўсі мужы Юдзіны Ізраялянам: «Бо кароль блізкі сваяк нам; нашто сердаваць вам за гэта? Або мы што зьелі ў караля альбо адзяржалі ад яго падаркі?» І адказаў Ізраель мужом Юдзіным, і сказаў: «У мяне дзесяць часьцяў у каралю, таксама і ў Давіду я большы, чымся ты; чаму ж ты паніжыў мяне? Ці ня імне належа першае слова, каб зьвярнуць нашага караля?» Але слова мужоў Юдзіных было цьвярдзейшае, чымся слова Ізраялян.
І прылучылася быць там чалавеку Велялу, наймя Шэву Біхранку, Веняміняніну, ён затрубіў у рог і сказаў: «Няма нам часьці ў Давіду, і няма нам дзелі ў Есянку; ўсі па буданох сваіх, Ізраяляне!» І ўзышоў кажны Ізраелянін, замест за Давідам, за Шэваю Біхранком; Юдэі ж ліплі да караля свайго, ад Ёрдану аж да Ерузаліму.
І прышоў Давід да дому свайго ў Ерузаліме, і ўзяў кароль дзесяць мамошак, каторых ён пакінуў сьцерагчы дом, і памясьціў іх у доме старожы, і жывіў іх, але ня ўходзіў да іх. Гэтак яны былі замкнёныя да дня сьмерці свае ў удовіным жыцьцю.
І сказаў Давід Амасе: «Згукай да мяне Юдэяў за тры дні і сам стань сюды». І пайшоў Амаса згукаць Юдэяў, але задлякаўся.
Тады Давід сказаў Авішаю: «Цяпер наробе нам ліха Шэва Біхранок болей, чымся Аўсалом; вазьмі ты служцоў спадара свайго і пажаніся за ім, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных местаў і ня ўцёк ад ачоў нашых». І вышлі за ім людзі Ёававы а Херэфеі а Пелефеі а ўсі харобрыя, і пайшлі зь Ерузаліму гнацца за Шэваю Біхранком. І як яны былі ля вялікага каменя, каторы ў Ґівеоне, то Амаса прышоў да іх. Ёаў быў паперазаўшыся, адзеўшыся ў вадзецьце свае, і на ім паперазаны меч, прымацаваны да сьцягна ў похве, каторы лёгка выходзіў зь яе і ўходзіў. І сказаў Ёаў Амасе: «Як маешся, браце мой?» І схапіў Ёаў праваю рукою Амасу за бараду, каб пацалаваць яго. Амаса ж не сьцярогся мяча, бытага ў Ёава ў руццэ; і гэты выцяў яго ім пад пятую скабу, і выпалі патрыхі ягоныя на зямлю, і не паўтарыў вытня, і ён памер. Ёаў а Авішай, брат ягоны, пагналіся за Шэваю Біхранком. Адзін ізь дзяцюкоў Ёававых стаяў над Амасаю і гукаў: «Тый, хто прыяў Ёаву і хто належа да Давіда, ідзі за Ёавам!» Амаса ж качаўся ў крыві сярод гасьцінца; і тый чалавек, абачыўшы, што ўвесь люд прыпыняецца над ім, сьцягнуў Амасу з гасьцінца на поле і накінуў на яго адзецьце, бо ён бачыў, што кажны, праходзячы, прыпыняўся над ім. Як ён быў сьцягнены з гасьцінца, то ўвесь люд Ізраельскі пайшоў за Ёавам гнацца за Шэваю Біхранком. А ён прайшоў пераз усі плямёны Ізраельскія аж да Авелу і Веф-Мааху і пераз увесь Берым; і зьбіраліся і йшлі таксама за ім. І прышлі й абляглі яго ўв Авеле Беф-Маасе; і насыпалі вал перад местам, і прыступілі да сьцяны, і ўсі людзі, бытыя зь Ёавам, сілаваліся, каб паваліць сьцяну. І закрычэла адна разумная жонка ізь сьцяны места: «Паслухайце, паслухайце, кажыце, калі ласка, Ёаву, каб ён падыйшоў сюды, і я пагутару зь ім». І дабліжыўся да яе Ёаў, і сказала жонка: «Ці ты Ёаў?» І сказаў: «Я». Яна сказала: «Паслухай словаў служэбкі свае». І сказаў ён: «Слухаю». Яна сказала: «Уперад гукалі, кажучы: "Папытайцеся, папытайцеся ўв Авеле"; і гэтак канчалі. Я із супакойных, верных Ізраеля; а ты хочаш зьнішчыць места, ды маці ў Ізраелю. Нашто табе бурыць спадак СПАДАРОЎ?» І адказаў Ёаў, і сказаў: «Крый Божа, крый Божа, каб я праглынуў альбо зьнішчыў! Гэта ня так; але чалавек із гары Яхрэмавае, наймя Шэва Біхранок, падняў руку сваю на караля, на Давіда; выдайце імне яго аднаго, і я адступлю ад места». І сказала жонка Ёаву: «Вось, галава ягоная будзе кінена табе ізь сьцяны». І пайшла жонка да ўсяго люду із сваім розумам; і адцялі галаву Шэву Біхранку, і кінулі Ёаву. Тады затрубіў у рог, і разышліся ад места ўсі па сваіх буданох; Ёаў жа зьвярнуўся да Ерузаліму да караля.
І быў Ёаў над усім войскам Ізраельскім, а Веная Егоядзёнак — над Херэфеямі а над Пелефеямі; Адорам — над падачкамі; Ясапат Агілудзёнак — летапісьменьнік; Шэва — пісар; Садок а Авафар — сьвятары; Таксама й Іра Яіранін быў служцом у Давіда.
І была галадоў за дзён Давідавых тры гады, год пры годзе. І шукаў Давід віду СПАДАРОВАГА. І сказаў СПАДАР: «За Саўлу а кроў дому ягонага, бо ён зрабіў сьмерць Ґівеонянам». І гукнуў кароль Ґівеонян, і гукаў ізь імі, — Ґівеоняне ж ня із сыноў Ізраеля, але з астачаў Аморэяў; і сынове Ізраелявы прысяглі ім, але Саўла імкнуўся забіць іх із рупатлівасьці свае праз сыноў Ізраеля а Юды. І сказаў Давід Ґівеонянам: «Што імне зрабіць вам і чым улашчыць вас, каб вы дабраславілі спадак СПАДАРОЎ?» І сказалі яму Ґівеоняне: «Ня надабе нам срэбра ані золата ад Саўлы альбо ад дому ягонага, і ня нядабе нам, каб рабілі сьмерць каму ў Ізраелю». Ён сказаў: «Што ж вы скажаце? я зраблю вам». І сказалі яны каралю: «Таго чалавека, каторы губіў нас, і каторы маніўся вынішчыць нас і ня даць нам застацца нійдзе ў граніцах Ізраеля, — Хай дадуць нам сямёх чалавекаў із сыноў ягоных, і мы засілім іх перад СПАДАРОМ у Ґівеі Саўлавай, абранца СПАДАРОВАГА». І сказаў кароль: «Я дам». І пажалеў кароль Мефівошэфа, сына Ёнафана Саўлянка, дзеля прысягі імям СПАДАРОВЫМ, што была меж іх, меж Давіда й Ёнафана Саўлянка. І ўзяў кароль двух сыноў Рыцпы Аянкі, каторая нарадзіла Саўлу Армона а Мефівошэфа, і пяцёх сыноў Меравы Саўлянкі, каторых яна нарадзіла Адрыелу Вэрзылёнку зь Меголы, І аддаў іх у рукі Ґівеонян, і яны засілілі іх на гары перад СПАДАРОМ. І загінулі ўсі сямёх разам; ім зрабілі сьмерць першых дзён жніва, з пачатку жніва ячменю. І ўзяла Аянка зрэбніну, і разаслала яе сабе на скале, ад пачатку жніва аж да тога часу, пакуль не паліліся на іх воды зь неба, і не давала птушкам нябёсным садзіцца на іх удзень і зьвяром палявым ночы. І наказалі Давіду, што зрабіла Рыцпа Аішка, мамошка Саўлава. І пайшоў Давід, і ўзяў косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага, у жыхараў Явішу Ґілеадзкага, каторыя ўкралі іх із вуліцы Веф-Шану, ідзе іх засілілі Пілішчане, як забілі Пілішчане Саўлу ў Ґілвоа. І ўзьнёс ён стуль косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага; і зьберлі косьці засіленых. І пахавалі косьці Саўлавы а косьці Ёнафана, сына ягонага, у зямлі Веняміновай, у Цэле, у гробе Кіша, айца ягонага. І зрабілі ўсе, што расказаў кароль, і ўмолены быў Бог узглядам краю просьле гэтага.
І была ўзноў вайна ў Пілішчан із Ізраелям. І зышоў Давід а служцы ягоныя зь ім, і ваявалі зь Пілішчанмі; і Давід прыстаў. Тады Ішвібеноб, адзін із патомкаў Рэфаімаў, а вага ягонае дзіды трыста сыкляў вагі медзі, і каторы паперазаўшыся быў новым мячом, і гукаў праз забіцьцё Давіда. Але яму памог Авішай Цэруёнак, і паразіў Пілішчаніна, і зрабіў яму сьмерць. Тады прысяглі яму людзі Давідавы, кажучы: «Наперад ня выйдзеш ты з намі на вайну, каб ня згас сьветач Ізраеля».
І было просьле гэтага, што была йзноў вайна ў Ґобе зь Пілішчанмі; тады Сыбехай Гушанін забіў Сара, аднаго з патомкаў Рэфаімаў.
І была яшчэ вайна ў Ґобе зь Пілішчанмі; тады Елганан, сын Яара-Орэґіма Бэтлеемскага, забіў Ґоляфа Ґафяніна, у каторага дзяржаньне дзіды было, як навой у ткачоў.
І была яшчэ вайна ў Ґафе, ідзе быў адзін чалавек вялікага росту, што меў па шэсьць палцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з патомкаў Рэфаімаў. І зьневажаў Ізраеля, і забіў яго Ёнафан, сын Шымея, брата Давідавага. Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Ґафе, і яны загінулі ад рукі Давіда а служцоў ягоных.
І гукаў Давід словы гэтае песьні СПАДАРУ таго дня, як СПАДАР вывальніў яго з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных і з рукі Саўлавае. І ён казаў: «СПАДАР — скала мая, і горад мой, і выбавіцель мой. СПАДАР — скала мая, я абаранюся Ім; шчыт мой, рог спасеньня майго, высокая вежа мая, уцёк мой; Спасе мой, ад усілства Ты выбавіў мяне! Хвалы годнага я пагукаю СПАДАРА, і ад непрыяцеляў сваіх вывальнюся. Бо абнялі мяне хвалі сьмерці, і цур’і Веляла напалохалі мяне; Ланцугі шэолю акружылі мяне, і сеці сьмерці выперадзілі мяне. Але ў бядзе сваёй я пагукаў СПАДАРА, і да Бога свайго загукаў, і Ён пачуў з палацу Свайго голас мой, і галашэньне мае ў вушшу Ягоным. Захісталася, затрэслася зямля, дрыганулі а захісталіся поды нябёс, бо ўгневаўся. Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных цяпло зьядаючае; вугальле загарэлася ад Яго. Нахінуў Ён нябёсы й зышоў, і цемнь пад нагамі ў Яго. І ехаў на херуве, і ляцеў, і бачаны быў на крылах ветру. І пастанавіў цемнь навокал Сябе, як будан, згусьціў воды булакоў нябёсных. Ад зьзяньня перад Ім жар угараўся. Загрымеў зь нябёс СПАДАР, і Навышні даў Голас Свой; Пусьціў стрэлы, і расьцярушыў іх; маланку, і зрабіў замятню ў іх. І паказаліся цур’і мора, агаліліся поды сьвету ад ганеньня СПАДАРА, ад тхненьня духа ноздраў Ягоных. Ён паслаў з вышы, і ўзяў мяне, і выцягнуў мяне зь вялікіх водаў; Выбавіў мяне ад майго дужога непрыяцеля, ад ненавідзячых мяне, бо былі дужшыя за мяне. Яны перанялі мяне ў дзень бяды мае, але СПАДАР быў апораю імне, І вывеў на прастору мяне, уратаваў мяне; бо Ён прыяе імне. Заплаціў імне СПАДАР подле справядлівасьці мае, подле чысьціні рук маіх зьвярнуў. Бо я глядзеў дарогаў СПАДАРОВЫХ і не адтыргнуўся нягодна ад Бога свайго; Бо ўсі суды Ягоныя перад імною, і ўставаў Ягоных я не адсуваў ад сябе. І быў бязганны перад Ім, сьцярогся бяспраўя свайго. І адплаціў імне СПАДАР подле справядлівасьці мае, подле чысьціні мае ў ваччу Яго. Зь міласэрным Ты абходзішся міласэрна, зь беззаганным — беззаганна, З чыстым — чыста, а з крутадухам Ты ходаешся. І люд убогі Ты выбаўляеш, і ачыма сваімі паніжаеш пышак. Ты, СПАДАРУ, сьветач мой; і СПАДАР асьвячае цемнь Маю. Бо Табою я бягу на вятку; з Богам сваім пераскочу сьцяну. БОГ! — беззаганная дарога Ягоная, слова СПАДАРОВА пералітаванае, шчыт Ён усім, што спадзяюцца на Яго. Бо хто БОГ, апрача СПАДАРА, і хто скала, апрача Бога нашага? БОГ — Ён мацніня, сіла мая, Ён пракладае дасканальна дарогу маю; Робе простымі ногі мае, як аленія, і на вышынях маіх ставе мяне; Вуча рукі мае вайны, і гбаю лук мядзяны рукамі сваімі. І Ты даў імне шчыт спасеньня Свайго, і кунежнасьць Твая ўзьвялічыла мяне. Ты пашыраеш сігень мой пад імною, і ня хістаюцца шчыкалаткі мае. Ганяюся за варагамі сваімі, і гублю іх, і не зварачаюся, пакуль ня зьнішчу іх; І гублю іх, і раню іх, і не ўстаюць, і валяцца пад ногі мае. Ты паперазуеш мяне сілаю на вайну, прычыняеш, каб праціўнікі мае ўгбаліся пад імною. А варагоў маіх Ты даў імне патыліцы, ненавідзячых мяне я зьнішчу. Яны гукалі, але ня было ратаўніка; — да СПАДАРА, але Ён не адказаў ім. Я расьцер іх, як пыл земны, як балота вулічнае, сьцянюціў іх і расьцягнуў іх. Ты даў імне ўцячы ад прававаньняў люду з імною; Ты захаваў мяне, каб быць імне галавою народаў; люд, каторага я ня знаў, будзе служыць імне. Сынове чужаземцаў паддаліся імне, на галасы празь мяне яны слухмяныя імне. Чужаземцы млеюць а дрыжаць у вагарожах сваіх. Жыў СПАДАР і дабраславёная скала мая! І ўзьвялічаны Бог, скала спасеньня майго. БОГ, што даець імне памсьціцца, і зводзе люды пад мяне; І выводзе мяне ад варагоў маіх! Над паўсталымі супроці мяне Ты ўздымаеш мяне; ад глабаньніка Ты выбавіў мяне. За гэта я буду выхваляць Цябе, СПАДАРУ, меж народаў, і імені Твайму буду пяяць. Павялічае выбаўленьні караля Свайго й чыне міласэрдзе памазанцу Свайму Давіду а насеньню ягонаму на векі!»
Во гэта апошнія словы Давідавы. Агалашае Давід Есянок, і агалашае муж, узьняты на выш Памазанца Бога Якававага, і салодкі пяюн песьняў Ізраельскіх: «Дух СПАДАРОЎ гукае ў імне, і слова Ягонае на языццэ ў мяне. Сказаў Бог Ізраеляў імне, казала Скала Ізраелява: "Хто гаспадар над людзьмі, будзь справядлівы, гаспадарствуючы страхам Божым. І будзе, як золак раньня, як сонца ўсходам бязболачнае раніцы, як зьзяньне просьле дажджу на траве зямлі". Ці ня так дом мой у БОГА? бо змову вечную ўчыніў Ён із імною, трывалкую ў вусім і абаронную; бо ўсе гэта спасеньне мае і ўсе жаданьне, хіба Ён ня дасьць, каб яно вырасла? А сынове веляла, як выкінены цернь усі яны, каторага не бяруць рукамі; Але хто датыкаецца да яго, мае ўзброіцца зялезам а дзяржаньням дзіды, і цяплом паляць, паляць яго седзячы».
Во ймёны харобрых у Давіда: Тахкемон, што сядзеў на седаве, галоўны з трох, ён жа Адыно Эцнянін; ён забіў асьмісот аднаго часу.
За ім Елеазар, сын Доды Агожонка, з трох харобрых у Давіда. Як яны выгукалі Пілішчан, што былі зьбершыся на бітву, як людзі Ізраельскія былі ўзышоўшы, Ён устаў і паразіў Пілішчан, ажно рука ягоная стамавалася, і прыліпла рука ягоная да мяча. І даў СПАДАР таго дня вялікае спасеньне, і люд ішоў за ім адно дзеля таго, каб абдзіраць.
За ім Шамма Ажанок Гараранін. І зьберліся Пілішчане ў грамаду, ідзе была дзялёнка поля, поўная сачыўкі, і люд уцёк ад Пілішчан; А ён стаў сярод тае дзялёнкі, і ўратаваў яе, і перамог Пілішчан. І даў тады СПАДАР вялікае спасеньне.
І зышлі трох гэтых харобрых із трыццацёх галоўных, і прышлі ў жніво да Давіда ў пячору Адулам, як грамады Пілішчан абляглі ў даліне Рэфаімскай. І Давід быў тады ў горадзе, а аддзел Пілішчан — у Бэтлееме. І ўсьмяг Давід, і сказаў: «Хто даў бы імне піць вады із студні Бэтлеемскае, каторая ля брамы?» І прабіліся трох харобрых у табар Пілісцкі, і засілілі вады із студні Бэтлеемскае, каторая ля брамы, і панесьлі, і прышлі да Давіда. Але ён не захацеў піць яе, і ўзьліў яе СПАДАРУ, І сказаў: «Крый мяне, СПАДАРУ, каб я ўчыніў гэта! ці ня кроў гэта людзёў, што хадзілі зь небясьпечнасьцяй душаў сваіх?» І не захацеў піць яе. Во што зрабілі гэтыя трох харобрых!
І Авішай, брат Ёаваў, Цэруёнак быў галоўным із трох; ён падняў дзіду сваю на трыста чалавекаў, каторых ён забіў, і быў услаўлены ў тых трох. Ці ня быў ён найслаўнейшы з трох? затым ён быў іхным вайводцам, адылі не раўня гэным тром.
Веная, сын Егояды, мужа харобрага, вялікіх учынкаў, з Каўцэелю; ён паразіў двух левападобных Моаўскіх; ён жа зышоў і забіў лява ў рове сьнежнага дня. Ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, пазорнага чалавека; у руццэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго зь кіям, і адняў дзіду з рукі Егіпцяніна, і забіў яго собскаю дзідаю ягонаю. Во што зрабіў Веная Егоядзёнак! і ён быў уславіўшыся ў трох харобрых. Ён быў слаўнейшы межы трыццацёх, але гэным тром не раўня. І пастанавіў яго Давід на свае загады.
Асагэль, брат Ёаваў — у ліку трыццацёх; Елганан Додзянок із Бэтлеему, Шама Гароджанін, Еліка Гароджанін, Гэлец Палчанін, Іра Ікешонак Фекоанін, Авезэр Анафофянін, Мебунай Гушацянін, Цалмон Агожанін, Магарай Нетофянін, Гэлеў Ваанёнак Нетофанін, Іффай Рываёнак із Ґівеі сыноў Веняміновых, Веная Пірофонянін, Гідай з ручая Ґааша, Аві-Албон Арбафянін, Асмавеф Багурымлянін, Елягба Шаалбонянін із сыноў Яшэна-Ёнафана, Шама Гараранін, Агіям Шараронак Гараранін, Еліфелет, сын Агасбая, сына Маахаты, Елям Агітофэленак Ґілонянін, Гэцро Кармілянін, Паарай Арбянін, Іґал Нафанёнак із Цобы, Бань Ґаджанін, Цэлек Амонянін, Нагарай Верофянін, збрайноша Ёава Цэруёнка, Іра Іфранін, Ґарэў Іфранін, Ура Гэціч. Усіх трыццаць сямёх.
І гнеў СПАДАРОЎ ізноў узгарэўся на Ізраялян, бо шайтан падвучыў Давіда на іх, кажучы: «Ідзі, палічы Ізраеля а Юду». І сказаў кароль Ёаву, вайводцу, каторы быў пры ім: «Абыйдзі, калі ласка, усі плямёны Ізраелявы, ад Дану аж да Веер-Шэвы, і палічы люд, каб я ведаў лік люду». І сказаў Ёаў каралю: «СПАДАР, Бог твой, хай прымножа толькі люду, колькі ё, і яшчэ сто разоў толькі, а вочы спадара майго, караля, хай бачаць; але нашто спадар мой, кароль, зыча гэтага?» І перамагло слова каралёва Ёаву а вайводцаў; і вышаў Ёаў а вайводцы ад караля лічыць люд Ізраельскі. І перайшлі яны Ёрдан, і разьлягліся ўв Ароіру, на правым баку места, каторае сярод даліны Ґадовае й ля Язэру; І прышлі да Ґілеаду а да зямлі Тагтым-Годшы; і прышлі да Дан-Яану і навокал Сыдону; І прышлі да гораду Тыру і да ўсіх местаў Гівеяў а Канаанян, і вышлі на паўдня Юдэі — да Веер-Шэвы. І абышлі ўсю зямлю, і прышлі за дзевяць месяцаў і дваццаць дзён да Ерузаліму. І падаў Ёаў лік палічанага люду каралю. І было ў Ізраелю асьмісот тысячаў мужоў адважных, што агалялі меч, а мужоў Юдэйскіх пяцьсот тысячаў мужоў. І забілася сэрца Давідава просьле тога, як ён палічыў люд. І сказаў Давід СПАДАРУ: «Вельмі ізграшыў я, што зрабіў; дык цяпер, СПАДАРУ, учыні, каб абмінула Цябе бяспраўе слугі твайго; бо я зрабіў надта дурна». І ўстаў Давід нараніцы, і было слова СПАДАРОВА да Ґада прарокі, відзеньніка Давідавага, кажучы: «Пайдзі й скажы Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Тры кары сулю Я табе; выбяры адну зь іх, і Я зраблю табе’"».
Дык Ґад прышоў да Давіда, і наказаў яму, і сказаў: «Ці быць галадові ў краю тваім сем год, ці каб ты тры месяцы ўцякаў ад непрыяцеляў сваіх, а яны гналіся за табою, ці каб тры дні быў мор у краю тваім? Цяпер ведай і разваж, якое слова імне адказаць Таму, Хто паслаў мяне».
І сказаў Давід Ґаду: «Немарасьць імне вялікая; але хай упаду я ў руку СПАДАРА, бо вялікае міласэрдзе Ягонае, каб у рукі людзкія ня ўпасьці імне».
І даў СПАДАР мор на Ізраеля з раньня аж да прызначанага часу; і памерла зь люду, ад Дану аж да Веер-Шэвы, семдзясят тысячаў чалавекаў. І выцягнуў Ангіл руку сваю на Ерузалім, каб выгубіць яго; але СПАДАР пажалеў гэтага ліха і сказаў Ангілу, каторы губіў люд: «Досыць, цяпер апусьці руку сваю». Ангіл жа СПАДАРОЎ быў тады ля току Араўны Евусэяніна.
І казаў Давід СПАДАРУ, як абачыў Ангіла, што губіў люд, і сказаў: «Вось, я ізграшыў, і я зрабіў бяспраўна; але гэтыя авечкі што зрабілі? Хай будзе ж рука твая на імне а на доме айца майго».
І прышоў Ґад да Давіда таго дня, і сказаў яму: «Узыйдзі, узьнясі аброчнік СПАДАРУ на таку Араўны Евусэяніна». І ўзышоў Давід подле слова Ґадавага, як расказаў СПАДАР. І глянуў далоў Араўна, і абачыў караля а слугаў ягоных, да яго йдучых, і вышаў Араўна, і пакланіўся каралю відам сваім да зямлі. І сказаў Араўна: «Чаго прышоў спадар мой, кароль, да слугі свайго?» І сказаў Давід: «Купіць у цябе ток, каб збудаваць аброчнік СПАДАРУ, каб запынілася гэтая параза ў людзе». І сказаў Араўна Давіду: «Хай возьме й абрачэць спадар мой, кароль, што яму любя. Гля, валы на ўсепаленьне, а малацьбяная снасьць а ігі валовыя на дровы. Усе гэта, каролю, Араўна аддасьць каралю». І сказаў Араўна каралю: «СПАДАР, Бог твой, хай прыяе табе!» Але кароль сказаў Араўне: «Не, куплю, куплю ў цябе цаною, а не абраку СПАДАРУ Богу аброкі дармавыя». І купіў Давід ток і буйны статак за пяцьдзясят сыкляў срэбра. І збудаваў там Давід аброчнік СПАДАРУ, і аброк аброкі й супакойныя аброкі. І даў СПАДАР умаліць Сябе да зямлі, і задзяржаў пошасьць у Ізраелю.