Библия › Станкевіча › 1 Самуйлава

1 Самуйлава

І быў адзін чалавек із Рамафаім-Цофіму, з гары Яхрэмавае; а імя ягонае Елкана, сын Ерогама, сына Елігу, сына Тогу Цуфянка, Ефрафянін. І ў яго былі дзьве жонкі: імя аднае Ганна, а імя другое Пенінна; і былі ў Пенінны дзеці, у Ганны ж ня было дзяцей.

І ўзыходзіў чалавек гэты зь места свайго год у год кланяцца а абракаць СПАДАРУ войскаў у Шыле; і там два сыны Ілевы, Гофні а Фінегас, сьвятары СПАДАРОВЫ.

І быў дзень, і абракаў Елкана, і даў Пенінне, жонцы сваёй, і ўсім сыном ейным а дачкам ейным часьці; Ганьне даў часьць падвойную, бо Ганну любіў, а СПАДАР зачыніў дзетніцу ейную. І ўражала яе супарка ейная аж да гневу а дрыготы, што СПАДАР зачыніў дзетніцу ейную.

І гэтак бывала кажны год, як узыходзіла яна да дому СПАДАРОВАГА; тая ўражала яе да гневу, а гэта плакала й ня ела. І сказаў ёй Елкана, муж ейны: «Ганна! чаму ты плачаш, і чаму не ясі, і чаму блага сэрцу твайму? Ці ня лепшы я табе за дзесяцёх сыноў?»

І ўстала Ганна просьле тога, як ела ў Шыле, і просьле тога, што піла. Іль жа сьвятар сядзеў на седаве ля вушака сьвятыні СПАДАРОВАЕ. І была яна ў гарчэлі душы, і малілася СПАДАРУ, і плачма плакала. І абяцала абятніцу, і сказала: «СПАДАРУ войскаў! калі Ты запраўды глянеш на немарасьць служэбкі Свае, і ўспомніш мяне, і не забудзешся служэбкі Свае, і дасі служэбцы Сваёй насеньне мужчынскае, то я аддам яго СПАДАРУ на ўсі дні жыцьця ягонага, і брытва ня ўзыйдзе на галаву ягоную».

І сталася, як яна далей малілася перад відам СПАДАРОВЫМ, і Іль назіраў за вуснамі ейнымі, І Ганна гукала ў сэрцу сваім, і вусны ейныя толькі краталіся, а голасу ня было чутна ейнага, дык Іль замеў яе за п’яніцу. І сказаў ёй Іль: «Пакуль ты будзеш п’яная? аддаль віно свае ад сябе». І адказала Ганна, і сказала: «Не, спадару мой; жонка цяжкога духу я, а віна а хмельнага напітку я ня піла, але вылівала душу сваю перад СПАДАРОМ. Ня май служэбкі свае за дачку Веляла, бо зь вялікага мышленьня свайго а гневу свайго я гукала дагэтуль». І адказаў Іль, і сказаў: «Ідзі ў супакою, і Бог Ізраеляў дай жа табе на просьбу тваю, чаго ты прасіла ў Яго». Яна сказала: «Хай прыдбае нявольніца твая ласку ў ваччу тваім!» І пайшла тая жонка ў дарогу сваю, і ела, і від ейны ня быў ужо, як уперад. І ўсталі яны нараніцы, і пакланіліся перад СПАДАРОМ, і зьвярнуліся, і прышлі да дому свайго, да Рамы.

І пазнаў Елкана Ганну, жонку сваю, і ўспомніў празь яе СПАДАР. І было ў прызначанай пары: зачала Ганна, і нарадзіла сына, і назвала імя ягонае: Самуйла; бо: «У СПАДАРА я выпрасіла яго».

І ўзышоў чалавек тый Елкана і ўся радзіма ягоная абрачы СПАДАРУ аброк годні й абятніцы свае. А Ганна ня ўзышла, бо сказала яна мужу свайму: «Не пайду, пакуль не адвучу хлопчыка, і тады я прывяду яго, і мы абачым від СПАДАРОЎ, і застанецца там назаўсёды». І сказаў ёй Елкана, муж ейны: «Рабі, што добра ў ваччу тваім; заставайся, пакуль не адвучыш яго; адно хай зацьвердзе СПАДАР слова Свае». І засталася жонка, і саіла сына свайго, пакуль не адвучыла яго.

І ўзьвяла яго із сабою, як адвучыла, узяўшы тры цяляты-бычкі а ефу мукі а скураны мех віна, і прывяла яго да дому СПАДАРОВАГА ў Шыле; а хлопчык быў яшчэ дзецянё. І зарэзала цялё, і прывялі хлопчыка да Іля. І сказала: «О спадару мой! хай жывець душа твая, спадару мой! Я — тая жонка, каторая стаяла тут із табою, каб маліцца СПАДАРУ; Праз гэтага хлопчыка малілася я, і даў імне СПАДАР на просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго; І таксама я пазычаю яго СПАДАРУ на ўсі дні, на каторыя ён пазычаны СПАДАРУ». І пакланілася там СПАДАРУ.

І малілася Ганна, і гукала: «Узрадавалася сэрца мае ў СПАДАРУ; узьняўся рог мой у СПАДАРУ; шырака рашчыніліся вусны мае на варагоў маіх; бо я разьвесялілася ў спасеньню Тваім. Нямаш сьвятога, як СПАДАР; бо нямаш іншага, апрача Цябе; і няма скалы, як Бог наш. Ня гукайце болей надта пыхата; лішне сьмелыя словы хай ня выходзяць із вуснаў вашых; бо Бог веданьня СПАДАР, і справы ў Яго ўзважаны. Лук дужых ломіцца, а тыя, што спатыкаюцца, папяразуюцца сілаю. Насычаныя хлебам наняліся, а галодныя перасталі; нават бясплодная родзе сямёра, а каторая мела шмат дзяцей, ялавее. СПАДАР забівае й ажыўляе, зводзе ў бяздоньне й узводзе! СПАДАР голе й багаце, паніжае й павышае. З пылу падыймае ён беднага, із шуметніку павышае галечу, каб пасадзіць із князьмі і даць на спадак ім пасад славы; бо СПАДАРОВЫ поды зямлі, і ён пастанавіў сьвет на іх. Ногі справядлівых Сваіх ён сьцеражэць, а ліхія ў цемні змоўкнуць; бо ня сілаю чалавек перамагае. СПАДАРУ, скрышацца праціўнікі Твае; зь нябёс загрыміць на іх, СПАДАР будзе судзіць канцы зямлі, і дасьць дужасьць каралю Свайму, і ўзьніме рог памазанца Свайго».

І пайшоў Елкана да Рамы двору; а хлопчык служыў СПАДАРУ перад Ілям сьвятаром.

А сыны Ілевы — сыны Веляла; яны ня зналі СПАДАРА Ані парадку сьвятароў да люду. Калі хто абракаў аброк, слуга сьвятароў прыходзіў, часу варэньня мяса, зь мясною трызубаю відзёлкаю ў руццэ сваёй, І ўтыкаў яе ў казан, альбо ў рондаль, альбо ў сквараду, альбо ў гаршчок, і што ўзьвяла відзёлка, тое браў сабе сьвятар. Гэтак рабілі яны з усімі Ізраелцамі, што прыходзілі туды да Шыла. Таксама ўперад, чымся спалевалі тук, прыходзіў дзяцюк сьвятарскі й казаў абракаючаму аброк: «Дай мяса на пячонку сьвятару, і ён ня возьме ў цябе варанага мяса, але сырое». І казаў яму тый чалавек: «Хай спаляць, як маюць спаліць, уперад тук, і тады вазьмі сабе, як пажадае душа твая», то ён казаў: «Не, цяпер жа дай, а калі не, то сілком вазьму». І быў грэх гэтых маладзёнаў вельма вялікі перад СПАДАРОМ, бо людзі пачалі грэбаваць абраканьням СПАДАРУ.

А Самуйла служыў перад СПАДАРОМ, хлопчык быў паперазаўшыся лянным наплечнікам. І малую вопратку рабіла яму маці ягоная, і ўзносіла яму што году, як узыходзіла з мужам сваім абракаць годнія аброкі.

І дабраславіў Іль Елкану а жонку ягоную, і сказаў: «Хай дасьць табе СПАДАР насеньне ад жонкі гэтае замест пазычанага, каторае пазычана СПАДАРУ!» І пайшлі яны на месца свае.

І даведаўся СПАДАР да Ганны, і зачала яна, і нарадзіла яшчэ трох сыноў і дзьве дачкі; А хлапец Самуйла рос із СПАДАРОМ.

Іль жа быў вельма стары, і чуў усе, што рабілі сыны ягоныя ўсяму Ізраелю, і што яны ляжаць із жанкамі, каторыя зьбіраліся ля ўходу ў будан збору. І сказаў ім: «Чаму вы робіце такія ўчынкі? бо я чую ліхія словы праз вас ад усёга люду гэтага. Не, дзеці мае, ня добрыя галасы, каторыя я чую; вы зводзіце люд СПАДАРОЎ. Калі ізгрэша чалавек супроці чалавека, то прычыняцца за яго перад Богам; а калі ж чалавек ізгрэша супроці СПАДАРА, то хто будзе прычынцаю за яго?» Але яны ня слухалі голасу айца свайго, бо СПАДАР хацеў пакараць іх сьмерцяй.

А хлапец Самуйла рос а ўзьвялічаўся, і быў добрым таксама ў Бога, і таксама ў людзёў.

І прышоў чалавек Божы да Іля, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці не напэўна аб’явіўся Я дому айца твайго, як яшчэ былі яны ў Ягіпце ў доме фараонавым? І абраў яго Сабе з усіх плямёнаў Ізраелявых за сьвятара, абракаць на Маім аброчніку, кадзіць кадзіла, насіць наплечнік перад Імною? І даў Я дому айца твайго ўсі агняныя аброкі сыноў Ізраелявых. Чаму вы ўлегцы маеце аброкі Мае й хлебныя аброкі Мае, каторыя Я расказаў абракаць у сялібе, і чаму ты важыш сыноў сваіх болей за Мяне, каб вы сыцелі пачаткамі ўсіх аброкаў люду Майго Ізраеля?" Затым гэтак агалашае СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я цьвердзячы сказаў: "Дом твой а дом айца твайго будуць хадзіць перад відам Маім навекі’. — Але цяпер агалашае СПАДАР: — Хай ня будзе так у Мяне; бо Я ўслаўлю ўслаўляючых Мяне, а ўлегцы маючыя Мяне будуць мала важаныя. Гля, настаюць дні, і Я адатну плячо твае й плячо дому твайго, так што ня будзе старога ў доме тваім; І ты будзеш бачыць праціўніка ў гасподзе, у вусім, чым Я дабро дзеяў Ізраелю; і ня будзе старога ў доме тваім усі дні. І ня кажнага чалавека Я адатну ад аброчніка Свайго, каб скончыць вочы твае й мучыць душу тваю; але патомства дому твайго будзе паміраць сталае. І во знак табе, каторы станецца на двух сынох тваіх, Гофні а Фінегасу: абодва яны памруць у вадзін дзень. І ўстанаўлю Сабе сьвятара вернага, каторы подле сэрца Майго й душы Мае, і пастанаўлю яму дом верны, і ён будзе хадзіць перад памазадцам Маім усі дні. І будзе, што кажны, засталы ў дому тваім, прыйдзе кланяцца яму дзеля геры срэбра а лусты хлеба, і скажа: ’Залічы мяне, я прашу цябе, да аднаго ізь сьвятарскіх урадаў, каб я мог есьці лусту хлеба’"».

Але хлапец Самуйла служыў СПАДАРУ перад Ілям; і слова СПАДАРОВА было дарагое тых дзён, не праяўляліся відзені.

І было таго дня, як Іль ляжаў на сваім месцу, — і вочы ягоныя пачалі цямнець, ён ня змог бачыць, — І сьветач Божы яшчэ ня згас, і Самуйла ляжаў у сьвятыні СПАДАРОВАЙ, ідзе скрыня Божая.

І загукаў СПАДАР да Самуйлы і сказаў ён: «Вось я!» І пабег да Іля, і сказаў: «Вось Я! бо ты гукаў мяне». А тый сказаў: «Я ня гукаў цябе; зьвярніся, ляж»; і ён пайшоў і лёг. І далей яшчэ гукаў СПАДАР Самуйлу. І ўстаў Самуйла, і пайшоў да Іля, і сказаў: «Вось я! бо ты гукаў мяне». Але тый сказаў: «Я ня гукаў цябе, сыну мой; зьвярніся, ляж». Гэта было перш, чымся Самуйла пазнаў СПАДАРА, і перш, чымся аб’явілася яму слова СПАДАРОВА. І далей СПАДАР гукаў Самуйлу трэйцім наваратам. І ён устаў, і пайшоў да Іля, і сказаў: «Вось, я! бо ты гукаў мяне». І сьцяміў Іль, што СПАДАР гукае хлапца. І сказаў Іль Самуйлу: «Пайдзі, ляж, і як будзе гукаць цябе, то ты скажы: "Кажы, СПАДАРУ, бо чуе слуга Твой"». І пайшоў Самуйла, і лёг на месцу сваім. І прышоў СПАДАР, і стаў, і загукаў, як тый а другі раз: «Самуйле, Самуйле!» І сказаў Самуйла: «Кажы, бо чуе слуга Твой».

І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Гля, Я зраблю справу ў Ізраелю, што хто пачуе, у тога зазьвініць у вабодвых вухах. Таго дня Я споўню над Ілям усе тое, што Я казаў дому ягонаму; Я пачну й скончу. Я сказаў яму, што Я засуджу дом ягоны на векі за тое бяспраўе, што ён ведаў, як сыны ягоныя ўлегцы мелі сабе, і не казьнерыў іх. І затым Я прысяг дому Ілеваму, што бяспраўе дому Ілевага не адзяржыць ласкіўчыненьня аброкамі ані хлебнымі аброкамі на векі».

І ляжаў Самуйла да раньня, і адчыніў дзьверы дому СПАДАРОВАГА; але Самуйла баяўся азнайміць відзень гэтую Ілю.

І пагукаў Іль Самуйлу, і сказаў: «Сыну мой Самуйле!» Тый сказаў: «Вось я!» І сказаў: «Што за слова, што сказаў Ён табе? не таі ж ад мяне; так хай зробе табе Бог, і так хай павяліча, калі ты затоіш ад мяне слова з усёга слова, што Ён гукаў табе». І сказаў яму Самуйла ўсі словы, і не затаіў ад яго. І сказаў: «Ён — СПАДАР; што добрае ў ваччу Ягоным, няхай учыне».

І рос Самуйла, і СПАДАР быў ізь ім; і не звалілася ні воднага із слоў Ягоных далоў. І пазнаў увесь Ізраель ад Дану аж да Веер-Шэвы, што Самуйла верны прарока СПАДАРОЎ.

І СПАДАР зьявіўся ў Шыле, бо аб’яўляўся Бог Самуйлу ў Шыле словам СПАДАРОВЫМ.

І вышла слова Самуйлава да ўсёга Ізраеля. І выступілі Ізраелцы супроці Пілішчан на вайну, і разьлягліся табарам ля Евен-Езэру, а Пілішчане разьлягліся ля Афеку. І зладзіліся Пілішчане супроці Ізраелцаў, і пашырылася бітва, і зражаны быў Ізраель перад Пілішчанамі, і былі пабіты на полю бітвы каля чатырох тысячаў чалавекаў. І прышоў люд да табару; і сказалі старцы Ізраелявы: «Чаму зразіў нас СПАДАР сядні перад Пілішчанамі? Возьмем сабе із Шыла скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, і яна прыйдзе ўпрымеж нас, і выбаве нас ад рукі варагоў нашых». І паслаў люд да Шыла, і панесьлі стуль скрыню змовы СПАДАРА войскаў, Каторы сядзіць на херувах; і там два сыны Ілевы із скрыняю змовы Божае, Гофні а Фінегас. І як прыбыла скрыня змовы СПАДАРОВАЕ да табару, то падняў увесь Ізраель вялікі крык, і загудзела зямля. І пачулі Пілішчане гук гэнага крыку, і сказалі: «Што за гук вялікага крыку ў табару гэбрэйскім?» І яны сьцямілі, што скрыня СПАДАРОВА прыбыла та дабару. І спалохаліся Пілішчане, бо сказалі: «Бог прышоў да табару». І сказалі: «Бяда нам! бо ня было падобнага ані ўчорах, ані заўчора. Бяда нам! хто выбаве нас ад рукі гэтых дужых Багоў? Гэта тыя Багове, Каторыя зразілі Ягіпцян усялякімі карамі на пустыні. Пасіліцеся а будзьце мужныя, Пілішчане, каб вам ня быць у няволі ў Гэбрэяў, як яны ў вас у няволі, і будзьце мужныя, і ваюйце». І ваявалі Пілішчане, і разьбіты былі Ізраелцы, і ўцяклі кажны да будану свайго, і была параза вельмі вялікая, і пала Ізраелцаў трыццаць тысячаў пяхотных. І скрыня Божая была ўзята, і два сыны Ілевы памерлі — Гофні а Фінегас.

І пабег адзін Венямінянін ізь месца бітвы, і прышоў да Шыла таго ж дня; і даўгія ўборы ягоныя разьдзертыя, і пыл на галаве ў яго. І прышоў ён, і вось, Іль сядзеў на седаве ля дарогі й назіраў, бо сэрца ягонае дрыжэла за скрыню Божую. І чалавек тый прышоў наказаць у месьце, і загаласіла ўсе места. І пачуў Іль гук галашэньня, і сказаў: «Што гэта за гук гому?» І чалавек пабарзьдзіў, і прышоў, і сказаў Ілю. Ілю было дзевяцьдзясят восьмі год, і вочы ягоныя зацьмелі, і ён ня мог бачыць.

І сказаў тый чалавек Ілю: «Я тый, што прышоў з поля бітвы, і я з поля бітвы ўцёк сядні». І ён сказаў: «Што сталася, сыну мой?» І адказаў ганец, і сказаў: «Уцёк Ізраель перад Пілішчанамі, і таксама параза вялікая сталася ў людзе, і таксама абодвы сыны твае памерлі, Гофні а Фінегас, і скрыня Божая ўзята».

І было, як менаваў ён скрыню Божую, то ўпаў Іль ізь седава плячыма на зямлю ля вугла брамы, зламіў сабе хрыбет і памер, бо ён быў стары й цяжкі. І ён судзіў Ізраеля сорак год.

І нявестка ягоная, жонка Фінегасава, была цяжарная ўжо блізка раджэньня. І як учула яна ведамку праз узяцьця скрыні Божае і празь сьмерць сьвёкра свайго а мужа свайго, то ўклякла й нарадзіла, бо схапілі яе болі ейныя. І як памірала яна, то казалі стаячыя ля яе жанкі: «Ня бойся! бо сына ты нарадзіла». Але яна не адказала й ня брала да сэрца свайго. І назвала дзецянё: Іхавод, кажучы: «Палонена слава ад Ізраеля» — з узяцьцям скрыні Божае і сьвёкра ейнага й мужа ейнага. Яна сказала: «Палонена слава ад Ізраеля, бо ўзята скрыня Божая».

І Пілішчане ўзялі скрыню Божую, і прынесьлі яе з Евен-Езэру да Ашдоду. І ўзялі Пілішчане скрыню Божую, і ўнесьлі яе да дому Даґонавага, і пастанавілі яе ля Даґона. І ўсталі Ашдодзяне назаўтрае, і вось, Даґон упаў ніцма відам сваім да далоўя перад скрыняю СПАДАРОВАЮ. І ўзялі яны Даґона, і зьвярнулі яго на свае месца. І ўсталі яны заўтра нараніцы, і вось, Даґон упаў ніцма да далоўя перад скрыняю СПАДАРОВАЮ; а галава Даґонава і абедзьве далані яго рук адсечаныя на парозе, толькі часьць рыбы засталася на ім. Затым ня ступаюць сьвятары Даґонавы і ўсі прыходзячыя да дому Даґонавага на парог Даґонаў ув Ашдодзе дагэтуль.

І стала цяжкою рука СПАДАРОВА над Ашдодзянамі, і ён спустошыў іх, і зразіў іх скуламі, Ашдод а аколіцу яго. І абачылі людзі Ашдоду, што гэта так, і сказалі: «Няхай не перабывае скрыня Бога Ізраелявага ў нас, бо цяжкая рука Ягоная над намі і над Даґонам, богам нашым». І паслалі, і зьберлі ўсіх князёў Пілісцкіх да сябе, і сказалі: «Што зробім із скрыняю Бога Ізраелявага?» І сказалі: «Да Ґафу хай кружыняюць скрыню Бога Ізраелявага». І кружынялі скрыню Бога Ізраелявага да Ґафу.

І было просьле тога, як кружынялі яе, што была рука СПАДАРОВА на месьце — жах вельмі вялікі, і зразіў СПАДАР жыхараў места ад малога аж да вялікага, і прабіліся ў іх скулы. І адаслалі яны скрыню Божую да Екрону; і як прышла скрыня Божая да Екрону, загаласілі Екроняне, кажучы: «Прыкружынялі да мяне скрыню Бога Ізраелявага, каб зрабіць сьмерць імне й люду майму». І паслалі, і зьберлі ўсіх князёў Пілісцкіх, і сказалі: «Адашліце скрыню Бога Ізраелявага; хай яна зьвернецца на месца свае, каб не зрабіла сьмерці імне а люду майму»; бо быў сьмяротны жах у вусім месьце: вельма была цяжкая ім рука Божая там. І людзі, каторыя не памерлі, зражаныя былі скуламі, і ўзыходзіла галашэньне места аж да нябёсаў.

І была скрыня СПАДАРОВА ў палёх Пілісцкіх сем месяцаў. І прыгукалі Пілішчане сьвятароў а чараўнікоў, кажучы: «Што нам рабіць із скрыняю СПАДАРОВАЮ? скажыце нам, чым адаслаць нам яе на месца яе». І сказалі: «Калі адсылаеце скрыню Бога Ізраелявага, то не адсылайце яе парожнаю, але зьвярніце яе з аброкам віны; тады вылячыцеся, і стане ведамым вам, за што не адступае ад вас рука Ягоная». І сказалі яны: «Які аброк віны маем мы зьвярнуць Яму?» Тыя сказалі: «Подле ліку князёў Пілісцкіх пяць скулаў залатых і пяць мышаў залатых; бо кара адна да, ўсіх і на князёў нашых. Дык зрабіце хвігуры скулаў сваіх і хвігуры мышаў сваіх, што пустошаць зямлю, і дайце Богу Ізраеляваму славу; можа Ён палягчыць руку Сваю над вамі, і над багамі вашымі, і над зямлёю вашай. І нашто вам каляніць сэрца свае, як закалянілі Ягіпцяне а Фараон сэрца свае? Ці, — як учыніў у іх справы Свае, — яны не адпусьцілі іх, і тыя пайшлі?

Дык вазьміце й зрабіце адны цялежкі новыя, і вазьміце дзьве каровы, што кагадзе ацяліліся, на каторыя ня ўзышло йго, і запражыце каровы ў цялежкі, а цяляты іхныя зьвярніце ад іх двору. І вазьміце скрыню СПАДАРОВУ, і пастаноўце яе на цялежкі; а залатыя рэчы, каторыя зьвернеце Яму на аброк віны, пастаноўце ў скрынку з боку яе; і адпусьціце яе, і няхай пойдзе. І глядзіце, калі яна дарогаю граніцы ўзыйдзе да Вефшэмішу, то Ён вялікае гэта ліха зрабіў нам; і калі ж не, то будзем ведаць, што не Ягоная рука зразіла нас, але сталася гэта з намі з прыгоды».

І зрабілі тыя мужы гэтак: і ўзялі дзьве каровы, што кагадзе ацяліліся, і запрэглі іх у цялежкі, а цяляты іхныя задзяржалі ў дварэ. І пастанавілі скрыню СПАДАРОВУ на цялежкі, і скрынку, і залатыя мышы, і хвігуры скулаў. І пайшлі проста каровы дарогаю па дарозе да Вефшэмішу; адным гасьцінцам ішлі, ішлі й рыкалі, але не адхіналіся ані направа, алі налева; і князі Пілісцкія йшлі за імі аж да граніцаў Вефшэмішу. І людзі Вефшэмішу жалі пшонку ў даліне, і ўзьнялі вочы свае, і абачылі скрыню СПАДАРОВУ, і ўзрадаваліся, што абачылі. І цялежкі прышлі на поле Ігошуі Вефшэмішаніна, і адзяржаліся там; і быў там вялікі камень, і пасеклі на дровы дзерва цялежкаў, а каровы абраклі на ўсепаленьне СПАДАРУ.

А Левіты зьнялі скрыню СПАДАРОВУ й скрынку, што была пры ёй, у каторай залатыя рэчы, і пастанавілі на вялікім тым каменю; і Вефшэмішане абракалі ўсепаленьне й зарэзалі аброкі таго дня СПАДАРУ. І пяцёх князёў Пілісцкіх бачылі, і зьвярнуліся да Екрону.

І во гэныя залатыя скулы, каторыя зьвярнулі Пілішчане на аброк віны СПАДАРУ: адна за Ашдод, адна за Ґазу, адна за Ашкелон, адна за Ґаф, адна за Екрон.

А залатыя мышы подле ліку ўсіх местаў Пілісцкіх — пяцёх князёў, ад местаў агароджаных аж да адкрытых сёлаў, аж да места вялікага плачу, на каторым пастанавілі скрыню СПАДАРОВУ, і каторае дагэтуль на полю Ігошуі Вефшэмішаніна. І зразіў Ён людзёў Вефшэмішу, бо яны заглядалі ў скрыню СПАДАРОВУ, і забіў зь люду пяцьдзясят тысячаў семдзясят чалавекаў; і плакаў па памерлых люд, бо зразіў СПАДАР люд паразаю вялікаю. І сказалі людзі Вефшэмішу: «Хто можа стаяць перад СПАДАРОМ, гэтым сьвятым Богам? і да кога Ён узыйдзе ад нас?» І паслалі паслоў да жыхараў Кіраф-Еарыму сказаць: «Пілішчане зьвярнулі скрыню СПАДАРОВУ; зайдзіце да нас, узьнясіце яе да сябе».

І прышлі людзі Кіраф-Еарыму, і ўзьнесьлі скрыню СПАДАРОВУ, і прывялі яе да дому Авінадавага, на ўзгорак, а Елеазара, сына ягонага, пасьвяцілі, каб ён сьцярог скрыню СПАДАРОВУ.

І сталася, як з тога дня, як перабывала скрыня ў Кіраф-Еарыме, мінула шмат дзён, і было дваццаць год, што тужыў увесь дом Ізраеляў па СПАДАРУ.

І сказаў Самуйла ўсяму дому Ізраеляваму, кажучы: «Калі вы ўсім сэрцам сваім зварачаецеся да СПАДАРА, то аддальце з пасярод сябе багі чужаземныя а Астарты, і прыгатуйце сэрца вашае да СПАДАРА, і служыце яму аднаму, і ён выбаве вас ад рукі Пілішчан». І аддалілі сынове Ізраелявы Ваалы а Астарты, і пачалі служыць СПАДАРУ аднаму.

І сказаў Самуйла: «Зьбярыце ўсіх Ізраелцаў да Міцпы, і я памалюся за вас СПАДАРУ». І зьберліся да Міцпы, і сілялі ваду, і вылівалі перад СПАДАРОМ, і поставалі таго дня, і сказалі там: «Ізграшылі мы перад СПАДАРОМ». І судзіў Самуйла сыноў Ізраелявых у Міцпе.

А як пачулі Пілішчане, што зьберліся сынове Ізраелявы да Міцпы, тады ўзышлі князі Пілісцкія да Ізраеля. І пачулі сынове Ізраелявы, і баяліся Пілішчан. І сказалі сынове Ізраелявы Самуйлу: «Не маўчы праз нас, каб ня гукаць да СПАДАРА, Бога нашага, і каб ён выбавіў нас ад рукі Пілішчан». І ўзяў Самуйла адно ягнё-сысуна, і аброк яго на ўсепаленьне СПАДАРУ, і загукаў Самуйла да СПАДАРА за Ізраеля, і адказаў яму СПАДАР. І як Самуйла абракаў усепаленьне, а Пілішчане дабліжыліся ваяваць із Ізраелям, то СПАДАР загрымеў таго дня вялікім громам над Пілішчанмі, і Ён іх прывёў у замягню, і яны былі пабіты перад Ізраелям. І выступілі Ізраелцы зь Міцпы, і гналі Пілішчан, і білі іх аж да месца пад Веф-Карам.

І ўзяў Самуйла адзін камень, і пастанавіў памеж Міцпы й Ешаны, і даў яму імя Евен-Езэр, сказаўшы: «Дагэтуль памог нам Спадар».

І зваяваны былі Пілішчане, і наперад ня прыходзілі на граніцы Ізраелявы; і была рука Спадарова на Пілішчан усі дні Самуйлавы. І зьвернены былі Ізраелю месты, каторыя былі ўзяўшы Пілішчане ў Ізраеля, ад Екрону й аж да Ґафу, і землі свае вывальніў Ізраель із рук Пілішчан; І быў мір меж Ізраеля й Аморэя.

І судзіў Самуйла Ізраеля ўсі дні жыцьця свайго. І хадзіў ён год у год, і кружыняў каля Бэт-Элю а Ґілґалу а Міцпы, і судзіў Ізраеля ў вусіх гэтых месцах; І зварачаўся да Рамы, бо там быў дом ягоны, і там судзіў ён Ізраеля, і збудаваў там аброчнік СПАДАРУ.

І было як застараўся Самуйла, што пастанавіў сыноў сваіх за судзьдзяў над Ізраелям. І было імя старшага сына ягонага Ёіль, а імя другога ягонага Ава; яны судзілі ў Веер-Шэве. І не хадзілі сыны ягоныя дарогамі ягонымі, але адхіналіся за прагавітасьцяй, і бралі лапаны, і адхіналі суд.

І зьберліся ўсі старцы Ізраелявы, і прышлі да Самуйлы да Рамы, І сказалі яму: «Гля, ты застараўся, а сыны твае не хадзілі дарогамі тваімі; дык пастанаві над намі караля, каб ён судзіў нас, як у вусіх народаў». І было ліхім слова гэтае ў ваччу Самуйлы, як яны сказалі: «Дай нам караля, каб ён судзіў нас».

І маліўся Самуйла СПАДАРУ. І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Паслухай голасу люду ў вусім, што яны кажуць табе; бо не табою яны пагрэбавалі, але пагрэбавалі Імною, каб Я не гаспадарстваваў у іх. Подле ўсіх учынкаў, што яны чынілі з тога дня, каторага Я ўзьвёў іх ізь Ягіпту, аж дагэтуль, і пакінулі Мяне, і служылі іншым багом; так яны чыняць таксама й табе. Дык паслухай голасу іхнага; адно перасьцеражы іх і азнаймі ім звычай караля, што будзе гаспадарстваваць у іх».

І пераказаў Самуйла ўсі словы СПАДАРОВЫ люду, што прасіў у яго караля.

І сказаў: «Во які будзе звычай каралёў, што будзе гаспадарстваваць у вас: сыноў вашых ён возьме, і прызнача да цялежак сваіх, і прызнача за коньнікаў сваіх, і будуць яны бегаць перад цялежкамі ягонымі; І прызнача іх сабе за князёў тысячаў а за князёў пяцёх дзесяткоў, каб аралі зямлю ягоную, і жалі жніво ягонае, і рабілі яму ваенную зброю й цялежкавую снадзь. І дачкі вашыя возьме, каб яны былі аптакаркамі а кухаркамі а пякаркамі. І полі вашыя, і вінныя а аліўныя сады вашыя найлепшыя возьме, і аддасьць слугам сваім. І із засеяньняў вашых і зь вінішчаў вашых возьме дзясятую часьць, і аддасьць легчанцом сваім а слугам сваім. І слугаў вашых, і нявольніцы вашы, і дзяцюкоў вашых найлепшых, і аслы вашы возьме і ўжывець на свае работы. Ад драбнога статку вашага возьме дзясятую часьць; дый самы вы будзеце яму слугамі. І загукаеце тады ад караля вашага, каторага вы абралі сабе; і ня будзе СПАДАР адказаваць вам тады».

Але люд адмовіўся паслухаць голасу Самуйлавага, і сказаў: «Не, але кароль хай будзе над намі; І мы будзем таксама, як іншыя народы: і будзе судзіць нас кароль наш, і выходзіць перад намі, і ваяваць войны нашыя». І выслухаў Самуйла ўсі словы люду, і пераказў іх у вушы СПАДАРУ.

І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Паслухай голасу іхнага і ўстанаві ім караля». І сказаў Самуйла мужом Ізраельскім: «Пайдзіце кажны да места свайго».

Быў чалавек із сыноў Веняміновых, а імя ягонае Кіш, сын Авеля, сына Цэрора, сына Бехорафа Афажонка, сына Венямінца, дужасіл. У яго быў сын, а імя ягонае Саўла, малады а харошы; і ня было нікога з Ізраелцаў харошшага за яго; ад плячукоў сваіх дагары ён быў вышшы за кажнага зь люду. І зьгінулі асліцы ў Кіша, айца Саўлавага, і сказаў Кіш Саўлу, сыну свайму: «Вазьмі ж із сабою аднаго зь дзяцюкоў і ўстань, пайдзі, пашукай асьліцаў». І прайшоў ён гару Яхрэмаву, і прайшоў зямлю Шалішу, і не знайшлі; і прайшоў зямлю Шаалім, і няма; і прайшоў ён зямлю Венямінову, і не знайшлі. Як яны прышлі да зямлі Цуф, то Саўла сказаў дзяцюку свайму, што зь ім: «Пайдзіма, і зьвярнімася, каб ацец мой, пакінуўшы парушацца праз асьліцы, не пачаў парушацца праз нас». І сказаў яму: «Вось жа, чалавек Божы ё ў гэтым месьце, ды чалавек паважаны; усе, што ён кажа, канечне збываецца; сходзім цяпер туды; можа ён азнайме нам дарогу нашу, кудэй нам ісьці». І сказаў Саўла дзяцюку свайму: «Дык вось, мы пойдзем, а што мы прынясем таму чалавеку? бо хлеба ня стала ў хатулёх нашых, і падаркаў няма, каб прынесьці чалавеку Божаму; што ў нас?» І ўзноў адказаў дзяцюк Саўлу, і сказаў: «Вось, знайшлося ў руццэ маёй чэцьверць сыкля срэбра; я аддам чалавеку Божаму, і ён азнайме нам дарогу нашу».

Уперад у Ізраеля гэтак казаў чалавек, як ішоў шукаць Бога: «Хадзіма й пойдзем да відзеньніка»; бо таго, каго завуць цяпер прарокам, уперад звалі відзеньнікам.

І сказаў Саўла дзяцюку свайму: «Добра твае слова, хадзіма й пойдзем». І пайшлі да места, ідзе чалавек Божы. Як яны ўзыходзілі схонам места, то сустрэлі дзяўчаты, што вышлі сіляць ваду, і сказалі ім: «Ці ё тут відзеньнік?» Тыя адказалі ім і сказалі: «Ё, вось, ён перад табою; адно барзьдзі, бо ён сядні прышоў да места, затым што сядні ў люду абраканьне на вышыні. Як прыйдзеш да места, то тыкі засьпееце яго, пакуль ён яшчэ ня ўзышоў на тую вышыню есьці; бо люд не пачнець есьці, пакуль ён ня прыйдзе; бо ён дабраславе аброк, і просьле тога пачнуць есьці пазваныя. Дык узыйдзіце, бо калі сядні, дык знойдзеце яго».

І ўзышлі яны да места. Яны ўвышлі ў сярэдзіну места, і вось, і Самуйла выходзе наўпярэймы ім, каб ісьці на вышыню.

А СПАДАР адкрыў вуха Самуйлу за дзень да прыходу Саўлы, кажучы: «Заўтра гэтай парой Я прышлю да цябе чалавека ізь зямлі Веняміновае, і ты памаж яго за правадыра над людам Маім Ізраелям, і ён выбаве люд Мой ад рукі Пілішчан; бо Я бачу люд Свой, як галашэньне ягонае дайшло да Мяне». І Самуйла абачыў Саўлу, і СПАДАР адказаў яму: «Во чалавек, праз каторага Я казаў табе; ён будзе зырыць люд Мой».

І дабліжыўся Саўла да Самуйлы ў браме і сказаў: «Скажы імне, які гэта дом відзеньніка?» І адказаў Самуйла Саўлу, і сказаў: «Я відзеньнік, узыйдзі сьпераду мяне на вышыню; і вы будзеце з імною сядні, і адпушчу цябе нараніцы, і ўсе, што ў цябе на сэрцу, скажу табе. А па асьліцах, што ў цябе зьгінулі ўжо тры дні, ня прымай да сэрца свайго: яны знайшліся. І каму ўсе жаданае ў Ізраелю? ці не табе а ўсяму дому айца твайго?»

І адказаў Саўла, і сказаў: «Ці не Венямінец я, з найменшых плямёнаў Ізраелявых? І радзіма мая ці не наймалодшая памеж усіх радзімаў плямені Веняміновага? І чаму ж ты казаў імне штось падобнае?»

І ўзяў Самуйла Саўлу а дзяцюка ягонага, і ўвёў іх у залю, і даў ім месца на чале пазваных, а іх было каля трыццацёх чалавекаў. І сказаў Самуйла кухару: «Падай тую часьць, каторую я даў табе і праз каторую я сказаў табе: "Адлажы яе ў сябе"». І падняў кухар лапатку, і ўзьняў яе; і пастанавіў перад Саўлам. І сказаў: «Во гэта пакінена, пастанаві перад сабою, еж, бо на гэты прызначаны час захавана табе, кажучы: "Я згукаў люд"». І еў Саўла із Самуйлам таго дня.

І зышлі яны з вышыні да места, і гукаў із Самуйлам на страсе.

І ўсталі яны нараніцы. І сталася, як зарала, што пагукаў Самуйла Саўлу на страху, кажучы: «Устань, я пашлю цябе». І ўстаў Саўла, і вышлі абодва вонкі, ён а Самуйла. Як яны зыходзілі ля канца места, то Самуйла сказаў Саўлу: «Скажы дзяцюку, хай ён пярэйдзе наперад нам, — і ён перайшоў, — а ты прыстой цяпер, і я дам пучуць табе слова Божае».

І ўзяў Самуйла жбанок алівы, і выліў на галаву яму, і пацалаваў яго, і сказаў: «Ці ня так, што памазаў цябе СПАДАР над спадкам сваім за князя? І як ты цяпер пойдзеш ад мяне, то стрэнеш двух чалавекаў ля гробу Рахелінага, у зямлі Веняміновай, у Цэлцазе, і яны скажуць табе: "Знайшліся асьліцы, каторых ты хадзіў шукаць, і вось, айцец твой пакінуў справу асьліцаў і парушаецца праз вас, кажучы: ’Што я зраблю із сынам сваім?’" І зьменіш дарогу адтуль і далей, прыйдзеш аж да дубровы Таборскае, і знойдуць цябе там тры чалавекі, што ўзыходзяць да Бога, да Бэт-Элю: адзін нясець трое казянят, і адзін нясець тры букаткі хлеба, і адзін нясець скураны мех ізь віном. І прывецяць яны цябе супакоям, і дадуць табе дзьве букаткі хлеба, і ты возьмеш із рук іхных. Просьле гэтага прыйдзеш на ўзгорак Божы, ідзе старожа Пілісцкая; і як ўзыйдзеш там у места, то стрэнеш груд прарокаў, што зыходзяць із вышыні, і перад імі псалтыр а бубён а дуда а гусьлі, і яны праракаюць. І нойдзе на цябе Дух СПАДАРОЎ, і ты будзеш праракаць зь імі, і абернешся ў накшага чалавека. І як гэтыя знакі стануцца табе, тады рабі, што знойдзе рука твая, бо Бог із табою. І ты зыйдзеш уперад за мяне да Ґілґалу, і вось, я зыйду да цябе, каб узьнесьці ўсепаленьне й абракаць аброкі супакойныя. Сем дзён жджы, пакуль я ня прыйду да цябе, і я скажу табе, што табе рабіць». І сталася, як ён абярнуў плечы свае, каб ісьці ад Самуйлы, што знакшыў яму Бог сэрца ягонае на другое, і прышлі на яго ўсі тыя знакі таго ж дня.

І прышлі яны туды на ўзгорак, і вось, груд прарокаў наўпярэймы яму, і зышоў на яго Дух Божы, і ён праракаў сярод іх. І сталася, што ўсі, зналыя яго ад учорах а заўчора, абачыўшы, і вось, ён із прарокамі праракае, гукалі ў людзе адзін аднаму: «Што гэта сталася зь Кішанком? нягож і Саўла ў прароках?» І адказаў адзін із былых тамака, і сказаў: «А хто ацец іхны?» Затым стала прыказяй: «Няго ж і Саўла ў прароках?»

І перастаў ён праракаць, і пайшоў на вышыню.

І сказаў дзядзька Саўлаў яму а дзяцюку ягонаму: «Куды вы хадзілі?» Ён сказаў: «Шукаць асьліцаў, але, бачачы, што няма, то зайшліся да Самуйлы». І сказаў дзядзька Саўлу: «Скажы ж імне, што сказаў вам Самуйла?» І сказаў Саўла дзядзьку свайму: «Ён выразьліва паведаміў нам, што асьліцы знайшліся». А праз гаспадарства не паведаміў яму, што сказаў Самуйла.

І згукаў Самуйла люд да СПАДАРА да Міцпы, І сказаў сыном Ізраелявым: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я ўзьвёў Ізраеля зь Ягіпту, і выбавіў вас ад рукі Ягіпцян і ад рукі ўсіх гаспадарстваў, што ўціскалі вас"; А вы цяпер адхінулі Бога свайго, Каторы выбаўляе вас ад усялякага ліха вашага і ўціскаў вашых, і сказалі яму: "Не, але караля пастанаві над намі!" Дык станьце цяпер перад СПАДАРОМ подле плямёнаў сваіх і подле тысячаў сваіх». І дабліжыў Самуйла ўсі плямёны Ізраелявы, і было ўзята плямя Венямінова. І дабліжыў плямя Венямінова подле радзімаў іхных, і была ўзята радзіма Матрава, і быў узяты Саўла Кішанок; і шукалі яго, і не знайшлі.

І пыталіся яшчэ ў СПАДАРА: «Ці прыйдзе яшчэ сюды гэты чалавек?» І сказаў СПАДАР: «Вось, ён хаваецца памеж рэчаў».

І пабеглі, і ўзялі яго стуль, і ён стаў сярод люду, і быў ад плячоў сваіх вышшы за ўвесь люд. І сказаў Самуйла ўсяму люду: «Ці бачыце, што яго абраў СПАДАР? бо няма падобнага да яго памеж усяго люду». Тады ўвесь люд гукаў і сказаў: «Няхай жывець кароль!»

І гукаў Самуйла люду суды гаспадарства, і напісаў у кнігу, і палажыў перад СПАДАРОМ. І адпусьціў Самуйла ўвесь люд, кажнага да дому свайго. Таксама й Саўла пайшоў да дому свайго, да Ґівеі: і пайшло зь ім войска, да каторых сэрца Бог даткнуўся. А сынове Веляла гукалі: «Што, ці гэты выбаве нас?» І пагрэбавалі ім, і ня прынесьлі яму дару; але ён быў быццам глухі.

І прышоў Нагаш Амонянін, і аблёг Явіш Ґілеадзкі. І сказалі Нагашу ўсі жыхары Явішу Ґілеадзкага: «Учыні з вамі змову, і мы будзем служыць табе». І сказаў ім Нагаш Амонянін: «З тым я ўчыню з вамі змову, што выкалю ў кажнага з вас правае вока і гэтым зраблю ганьбу ўсяму Ізраелю». І сказалі яму старцы Явішу: «Парымсьці нам сем дзён, і мы пашлем паслоў па ўсіх землях Ізраельскіх, і калі ніхто ня вызвале нас, то выйдзем да цябе». І прышлі паслове да Ґівеі Саўлавае, і гукалі словы гэтыя ў вушы люду; і падняў увесь люд галасы свае, і заплакалі.

І вось, прышоў Саўла адзаду буйнога статку з поля, і сказаў Саўла: «Што зь людам, што ён плача?» І пераказалі яму словы жыхараў Явішу. І зышоў Дух Божы на Саўлу, як ён пачуў словы гэтыя, і дужа ўзгарэўся гнеў ягоны. І ўзяў ён пару буйнога статку, і расьцяў іх, і паслаў па ўсіх землях Ізраельскіх тымі пасламі, кажучы: «Хто ня выйдзе за Саўлам а Самуйлам, то гэтак будзе зроблена буйному статку ягонаму». І напаў страх СПАДАРОЎ на люд, і яны йшлі, як адзін чалавек. І агледзеў іх у Везэку, і было сыноў Ізраелявых трыста тысячаў, і мужоў Юдзіных трыццаць тысячаў.

І сказалі прышлым паслом: «Гэтак скажыце людзём Явішу Ґілеадзкяга: "Заўтра будзе вам ратунак, як прыгрэе сонца"». І прьпплі паслове, і наказалі людзём Явішу, і яны ўзрадаваліся. І сказалі людзі Явішу: «Заўтра выйдзем да вас, і рабіце нам подле ўсёга, што добра ў вачох вашых».

І было назаўтрае, што падзяліў Саўла люд на тры аддзелы, і яны прайшлі ў сярэдзіну табару ў часе ранешняе старожы, і зразілі Амонян да дзяннога ваду; а засталыя рассыпаліся, і не засталося зь іх двух разам. І сказаў люд Самуйлу: «Хто тый, што сказаў: "Ці Саўлу гаспадарстваваць над намі?" дайце тых людзёў, і зробім ім сьмерць». І сказаў Саўла: «Хай ня будзе ніхто забіты сядні, бо сядні СПАДАР учыніў выбаўленьне ў Ізраелю».

І сказаў Самуйла люду: «Дайце пойдзем да Ґілґалу і пацьвердзім там гаспадарства». І пайшоў увесь люд да Ґілґалу, і пастанавілі там Саўлу за караля перад СПАДАРОМ у Ґілґале, і абракалі там супакойныя аброкі перад СПАДАРОМ. І вельма, вельма весяліўся там Саўла а ўсі людзі Ізраельскія.

І сказаў Самуйла ўсяму Ізраелю: «Вось, я паслухаў голасу вашага ў вусім, што вы гукалі імне, і пастанавіў над вамі караля. І вось, кароль ходзе перад вамі. А я застараўся а пасівеў; і сыны мае, вось, яны з вамі. Я ж хадзіў перад вамі ад хлапецтва аж дагэтуль. Вось я; сьветчыце на мяне перад СПАДАРОМ а перад памазанцам Ягоным: чыйго вала я ўзяў, і чыйго асла я ўзяў, і каго ўкрыўдзіў, каго ўціснуў альбо ўзяў выкуп і схаваў свае вочы ад яго, — і я зьвярну вам». І адказалі: «Ты ня крыўдзіў нас і ня ўціскаў нас, ня ўзяў ад рукі кагось нічагусенькі». І сказаў ён ім: «Сьветка на вас СПАДАР, і сьветка памазанец Ягоны сядні, што вы не знайшлі нічога за імною». І сказаў люд: «Сьветка».

І сказаў Самуйла люду: «СПАДАР ё Тый, Каторы пастанавіў Масея а Аарона і Каторы ўзьвёў бацькоў вашых ізь зямлі Ягіпецкае. Цяпер жа станьце, і я буду прававацца з вамі перад СПАДАРОМ за ўсі справядлівасьці СПАДАРОВЫ, што зьдзеяў Ён із вамі й з бацькамі вашымі. Як прышоў Якаў да Ягіпту, і загаласілі бацькі вашыя да СПАДАРА, то паслаў СПАДАР Масея а Аарона, і яны вывялі бацькоў вашых ізь Ягіпту, і асялілі іх на месцу гэтым. Але яны забыліся СПАДАРА, Бога свайго, і Ён аддаў іх у руку Сысэры, вайводцы Гацорскага, і ў руку Пілішчан, і ў руку караля Моаўскага, і яны ваявалі зь імі. І загаласілі яны да СПАДАРА, і сказалі: "Ізграшылі мы, бо пакінулі СПАДАРА й служылі Ваалам а Астартам; і цяпер выбаў нас ад рукі варагоў нашых, і мы будзем служыць Табе"; І паслаў СПАДАР Еруваала а Бедана а Еффага а Самуйлу, і выбавіў вас ад рукі варагоў вышых навокал, і вы жылі бясьпечна. Але, абачыўшы, што Нагаш, кароль Амонскі, прышоў супроці вас, вы сказалі імне: "Не, кароль хай гаспадарствуе ў нас", прымеж тога СПАДАР, Бог ваш, — кароль ваш. Дык во кароль, каторага вы абралі, каторага вы вьмагалі, вось, СПАДАР даў над вамі караля. Калі будзеце баяцца СПАДАРА, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голасу Ягонага, і ня будзеце працівіцца вуснам СПАДАРОВЫМ, то будзеце й вы, і кароль ваш, што гаспадарствуе ў вас, хадзіць за СПАДАРОМ, Богам вашым. А калі ня будзеце слухаць голасу СПАДАРОВАГА, і будзеце працівіцца вуснам СПАДАРОВЫМ, то будзе рука СПАДАРОВА супроці вас і супроці бацькоў вашых. Цяпер станьце й гляньце на справу вялікую, каторую СПАДАР учыне перад ачыма вашымі. Ці ня жніво пшонкі цяпер? Але я загукаю да СПАДАРА, і дасьць Ён грымоты а дождж, і пазнаеце і абачыце, якое вялікае ваша ліха, каторае вы зрабілі перад ачыма СПАДАРА, просячы сабе караля».

І загукаў Самуйла да СПАДАРА, і даў СПАДАР грымоты а дождж таго дня; і ўлякаўся вельма ўвесь люд СПАДАРА а Самуйлы. І сказаў увесь люд Самуйлу: «Памаліся за слугаў сваіх СПАДАРУ, Богу свайму, каб не памерці нам; бо дадалі мы да ўсіх грахоў нашых ліха, як прасілі сабе караля».

І сказаў Самуйла люду: «Ня бойцеся, вы зрабілі ўсе гэта ліха, але не адступайце йсьці за СПАДАРОМ, і служыце СПАДАРУ ўсім сэрцам сваім, І не адхінайцеся на бок, бо пайшлі б за пусьцінёй, каторая ня дасьць карысьці й ня выбаве, бо яна — пусьціня. Бо не пакіне СПАДАР люду Свайго дзеля вялікага імені Свайго, бо зьлюб было СПАДАРУ зрабіць вас Сабе людам. Таксама і я, крый Божа, каб ізграшыць перад СПАДАРОМ, перастаць маліцца за вас, і я буду наўчаць вас дарогі добрае а простае. Адно бойцеся СПАДАРА й служыце Яму ў праўдзе з усёга сэрца свайго, бо глядзіце, якія вялікія ўчынкі Ён зрабіў із вамі. Калі ж вы будзеце штачасна рабіць ліха, то й вы й кароль ваш загінеце».

Мінуў год гаспадарстваваньня Саўлы ў Ізраелю. І як ён гаспадарстваваў два гады ў Ізраелю, То абраў Саўла сабе тры тысячы з Ізраелцаў. І былі із Саўлам дзьве тысячы ў Міхмашу а на гары Бэтэльскай, тысяча ж была зь Ёнафаном у Ґівеі Веняміновай; а засталы люд адпусьціў, кажнага да будану свайго. І разьбіў Ёнафан старожу Пілісцкую, каторая ў Ґівеі; і пачулі Пілішчане, а Саўла затрубіў у трубу па ўсёй зямлі, кажучы: «Няхай пачуюць Гэбрэі!» І ўвесь Ізраель пачуў, кажучы: «Разьбіў Саўла старожу Пілісцкую, і таксама зрабіў Ізраеля непахнючым Пілішчанам», і згуканы быў люд ісьці за Саўлам да Ґілґалу. А Пілішчане зьберліся ваяваць із Ізраелям: трыццаць тысячаў цялежкаў, і шэсьць тысячаў коньнікаў, і люду множасьць, як пяску на беразе мора; і зышлі, і разьлягліся табарам у Міхмашу, з усходняга боку Веф-Авену. І бачылі мужы Ізраельскія, што цесна яму, бо люд быў зьнемарашчаны, і пахаваўся люд у пячорах а ў гушчарох а ў скалах а ў вежах а ў ямах. А некатрыя з Гэбрэяў перайшлі за Ёрдан, да краю Ґадовага а Ґілеадзкага; Саўла ж быў яшча ў Ґілґале, і ўвесь люд дрыжэў, ідучы за ім.

І ждаў ён сем дзён да року Самуйлавага, і ня прышоў Самуйла да Ґілґалу; і люд рассыпаўся ад яго. І сказаў Саўла: «Дабліжча да мяне ўсепаленьне й супакойныя аброкі»; і аброк усепаленьне.

І было, як скончыў ён узносіць усепаленьне, дык вось, прышоў Самуйла; і вышаў Саўла яму наўпярэймы, каб дабраславіць яго. І сказаў Самуйла: «Што ты зрабіў?» І сказаў Саўла: «Бо я бачыў, што рассыпаецца люд ад мяне, а ты ня прышоў на прызначаны час; Пілішчане ж зьберліся ў Міхмашу; Тады сказаў я: "Цяпер зыйдуць Пілішчане на мяне да Ґілґалу, а я яшчэ не ўмаліў віду СПАДАРОВАГА"; і затым прысіліў сябе, і аброк усепеленьне».

І сказаў Самуйла Саўлу: «Дурна зрабіў ты, што ня споўніў расказаньня СПАДАРА, Бога свайго, што расказана было табе; бо цяпер утрываліў бы СПАДАР гаспадарстваваньне твае ў Ізраелю навекі. Але цяперака гаспадарстваваньне твае ня вытрывае: СПАДАР шукаў Сабе мужа подле сэрца Свайго, і расказаў яму СПАДАР быць правадыром над людам ягоным, бо ты не дзяржаў таго, што расказаў табе СПАДАР».

І ўстаў Самуйла, і ўзышоў з Ґілґалу да Ґівеі Веняміновае; а Саўла палічыў людзёў, што былі зь ім, да шасьцьсот чалавекаў. Саўла а Ёнафан, сын ягоны, а люд, што былі зь ім, перабывалі ў Ґівеі Веняміновай; Пілішчане ж стаялі табарам у Міхмашу.

І вышаў пустошаньнік із табару Пілісцкага — тры аддзелы: адзін аддзел зьвярнуў па дарозе да Офры, да зямлі Шуалу; І адзін аддзел зьвярнуў па дарозе Вефгоронскай; і адзін аддзел зьвярнуў дарогаю граніцы, што зьвернена на даліну Цэвоім, на пустыню.

А каваля не знаходзілі ў вусёй зямлі Ізраельскай, бо, — гукалі Пілішчане, — каб Гэбрэі не зрабілі мяча альбо дзіды. І зыходзілі ўсі Ізраелцы да Пілішчан істрыць свае нарогі а свае рыдлёўкі а свае сякіры а свае капачы. І быў у іх напільнік да ляза нарогаў а рыдлёўкаў а трызубных грабляў а сякіраў а да паправы восьцяў. І было ў дзень вайны, што не знайшоўся меч ані дзіда ў руццэ ўсяго люду, што быў із Саўлам а Ёнафаном, а знайшліся яны толькі ў Саўлы а Ёнафана, сына ягонага. І вышла пярэдняе войска Пілісцкае на дарогу Міхмаскую.

І сталася аднаго дня, што сказаў Ёнафан Саўлянок дзяцюку, збрайношу свайму: «Хадзі, пярэйдзем да аддзелу Пілісцкага, каторы на тым баку»; а бацьку свайму ён не сказаў. Саўла ж сядзеў на краю Ґівеі, пад гранатовым дзервам, каторае ў Міґроне; а люду, што зь ім, было каля шасьцьсот чалавекаў. А Агія, сын Агітувы, брата Ехаводавага, сына Фінегаса Ілянка, сьвятар СПАДАРУ ў Шыле, насіў наплечнік. Люд жа ня ведаў, што пайшоў Ёнафан. А памеж праходаў, каторых Ёнафан шукаў прайсьці да аддзелу Пілісцкага, была стацьцявая скала з аднаго боку і стацьцявая скала з другога боку; імя аднае Боцэц, а імя другое Сэне. Адная стацьцявая скала тырчэла з поўначы ў бок Міхмашу, а другая стацьцявая скала з паўдня ў бок Ґівеі.

І сказаў Ёнафан дзяцюку, збрайношу свайму: «Хадзі, пярэйдзем да аддзелу гэтых неабразаных; можа СПАДАР учыне нам, бо СПАДАРУ няма пераказы выбавіць множасьцю альбо маласьцю». І сказаў яму збрайноша: «Рабі ўсе, што на сэрцу ў цябе; імкніся, во я з табою, подле сэрца твайго».

І сказаў Ёнафан: «Гля, мы пярэйдзем да гэных людзёў і адкрыемся ім. Калі яны гэтак скажуць нам: "Пажджыце, пакуль мы дойдзем да вас", то мы будзем стаяць на сваім месцу і ня ўзыйдзем да іх. А калі гэтак скажуць: "Узыйдзіце да нас", то мы ўзыйдзем, бо СПАДАР аддаў іх у рукі нашы, і гэта будзе знакам нам». І паказаліся абодва яны аддзелу Пілісцкаму, і сказалі Пілішчане: «Гля, Гэбрэі выходзяць із нораў у каторых яны пахаваліся». І адказалі людзі аддзелу Ёнафану а збрайношы ягонаму, і сказалі: «Узыйдзіце да нас, і мы скажам вам штось». І сказаў Ёнафан збрайношу свайму: «Ідзі за імною, бо аддаў іх СПАДАР у рукі Ізраеля».

І ўзышоў Ёнафан рукамі й нагамі, і збрайноша ягоны за ім; і падалі перад Ёнафаном, а збрайноша дабіваў іх за ім. І была гэта параза першая, у каторай зразіў Ёнафан а збрайноша ягоны каля дваццацёх чалавекаў, як на палавіцы гонаў, урабляных параю валоў. І было дрыжэньне ў табару, на полю і ў вусім людзе; старожы й пустошачыя дрыжэлі таксама, і здрыганулася зямля, і было дрыжэньне ад СПАДАРА.

І абачылі старожы Саўлавы ў Ґівеі Веняміновай, і во груд растаіў, і бяжыць туды-сюды. І сказаў Саўла люду, што зь ім: «Пераверце ж і абачча, хто адышоў ад нас». І перагледзелі, і вось, няма Ёнафана а збрайношы ягонага. І сказаў Саўла Агіі: «Дабліж скрыню Божую»; — бо была скрыня Божая таго часу із сынамі Ізраельскімі. І пакуль Саўла яшчэ гукаў да сьвятара замятня ў табару Пілісцкім болей а болей расла а павялічалася. Тады сказаў сьвятару: «Спусьці руку сваю». І загукаў Саўла а ўвесь люд, што зь ім, і прышлі аж да месца бітвы, і вось, там меч кажнага быў супроці прыяцеля свайго; замятня вельмі вялікая. Тады й Гэбрэі, што былі ў Пілішчан учорах а заўчора, і каторыя ўзыходзілі зь імі ў табар навокал, таксама яны пастанавілі быць із Ізраелям, каторы із Саўлам а Ёнафаном. І ўсі Ізраелцы, што хаваліся ў гары Яхрэмавай, пачуўшы, што Пілішчане ўцяклі, пагналіся таксама яны за імі ў бітве. І выбавіў СПАДАР таго дня Ізраеля; бітва ж прасьцягнулася аж да Веф-Авену. Людзі Ізраельскія памлелі таго дня; бо Саўла абавязаў люд прысягаю, кажучы: «Пракляты, хто паспытаецца хлеба да вечара, пакуль я не памшчу варагом сваім». І не паспытаўся ўвесь люд ежы. І ўвесь люд зямлі прышоў да лесу, і быў мёд на прагаліне. І ўвыйшоў люд у лес, і во, капае мёд; але ніхто ня выцягнуў рукі свае да роту свайго, бо баяўся люд прысягі. Ёнафан жа ня чуў, як айцец ягоны абавязаў люд прысягаю, дык выцягнуўшы канец кія, што быў у руццэ ў яго, занурыў яго ў наўзу мядовую і зьвярнуў рукою да вуснаў сваіх, і вочы ягоныя пабачылі. І адказаў яму адзін ізь люду, і сказаў: «Айцец твой вельма запрысяг люд, кажучы: "Пракляты муж, што будзе есьці хлеб сядні", і стамаваўся люд». І сказаў Ёнафан: «Зрабіў клопат айцец мой зямлі; гляньце ж, у мяне пасьвятлелі вочы, бо паспытаўся крышку гэтага мёду. Калі б добра пад’еў сядні люд із здабытку варагоў сваіх, каторы знайшоў, то ці не павялічылася б параза Пілішчан?» І білі таго дня Пілішчан ад Міхмашу аж да Айялону, і стамаваўся люд вельма. І рынуўся люд на здабытак, і бралі драбны й буйны статак і цяляты, і рэзалі на зямлі, і еў люд із крывёй, І наказалі Саўлу, кажучы: «Вось, люд грэша перад СПАДАРОМ, есьць із крывёй». І сказаў Саўла: «Вы ізрадзілі, прыкаціце цяпер да мяне вялікі камень». І сказаў Саўла: «Рассыпцеся памеж люду й скажыце ім: "Дабліжча да мяне кажны вала свайго і кажны авечку сваю, і рэжча тут, і ежча, і не грашыце перад СПАДАРОМ, а ня ежча з крывёй"» І бліжылі ўсі зь люду, кажны вала свайго ў руццэ сваёй тае ночы, і рэзалі там. І збудаваў Саўла аброчнік СПАДАРУ; гэтым ён пачаў будаваць аброчнік СПАДАРУ.

І сказаў Саўла: «Зыйдзем за Пілішчанмі ночы, і аглабаем іх да сьвітаньня, і не пакінем у іх ні воднага мужа». І сказалі: «Усе, што добра ў ваччу тваім, рабі». Сьвятар жа сказаў: «Дабліжмася сюды да Бога».

І папытаўся Саўла ў Бога: «Ці зыйсьці імне за Пілішчанмі? Ці аддасі іх у руку Ізраеля?» Але Ён не адказаў яму таго дня. І сказаў Саўла: «Хай дабліжацца сюды ўсі начэльнікі люду й пабачаць, у чым быў грэх гэты сядні? Бо, — жыў СПАДАР, Каторы выбавіў Ізраеля, — хоць бы быў і на Ёнафану, сыну маім, то й ён сьмерцю памрэць». Але ніхто не адказаў яму з усёга люду. І сказаў усім Ізраелцам: «Вы станьце на адным баку, а я а сын мой Ёнафан станем на другім баку». І сказаў люд Саўлу: «Што добра ў ваччу тваім, рабі».

І сказаў Саўла СПАДАРУ: «Божа Ізраеля! дай бязьвіннасьць». І злоўлены былі Ёнафан а Саўла, люд жа вышаў. І сказаў Саўла: «Кіньце на жэрабя меж мяне й Ёнафана, сына майго». І злоўлены Ёнафан. І сказаў Саўла Ёнафану: «Скажы імне, што зрабіў ты?» І азнайміў яму Ёнафан, і сказаў: «Я паспытаўся, паспытаўся канцом кія, каторы ў руццэ маёй, крыху мёду; і вось, я маю памерці».

І сказаў Саўла: «Гэтак хай зробе Бог, і гэтак хай болей зробе, што сьмерцю памрэць Ёнафан». І сказаў люд Саўлу: «Ці Ёнафану памерці, каторы прычыніўся да такога вялікага спасеньня ў Ізраелю? Крый Божа! Жыў СПАДАР: і волас ня зваліцца з галавы ягонае далоў, бо з Богам ён дзеяў гэты дзень». І вывальніў люд Ёнафана, і не памер.

І ўзышоў Саўла ад пагону за Пілішчанмі; Пілішчане ж пайшлі на свае месцы. І Саўла адваяваў гаспадарства Ізраелю, і ваяваў навокал з усімі варагамі сваімі: з Моавам а із сынамі Амонавымі а зь Едомам а з каралямі Совы а зь Пілішчанмі, і ўсюдых, супроці каго не зварачаўся, меў дасьпех. І ўрадзіў войска, і паразіў Амаліка, і вывальніў Ізраеля ад рукі глабаньнікаў ягоных.

І былі сыны Саўлавы: Ёнафан а Ішві а Малхішуа; імёны ж дзьвюх дачок ягоных: імя старшае — Мерава, а імя малое — Міхала. Імя жонкі Саўлавае Агіноам, дачка Агімаацава; а імя вайводцы ягонага — Аўнір, сын Ніра, дзядзькі Саўлавага. Кіш, айцец Саўлаў, і Нір, айцец Аўніроў, былі Авеленкі.

І была стродкая вайна зь Пілішчанмі ўсі дні Саўлавы. І як Саўла бачыў якога дужасіла альбо якога харобрага чалавека, то браў яго да сябе.

І сказаў Самуйла Саўлу: «Мяне паслаў СПАДАР памазаць цябе за караля над людам Ягоным, над Ізраелям; і цяпер паслухай голасу СПАДАРОВАГА. Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Успомнеў Я праз тое, што зрабіў Амалік Ізраелю, як ён стаў супроці яго на дарозе, як ён узышоў зь Ягіпту. Цяпер ідзі, і зразь Амаліка, і акануй усе, што ў яго; і не жалей яго, але выбі ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці аж да сысуна, ад вала аж па авечкі, ад вярблюда аж да асла"».

І згукаў Саўла люд, і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысячаў пяхотных і дзесяць тысячаў мужоў Юдэі. І дайшоў Саўла да месца Амалікавага, і зрабіў засаду ў даліне.

І сказаў Саўла Кінянам: «Пайдзіце, адвярніцеся, зыйдзіце з пасярод Амаліка, каб імне не прылучыць цябе да яго, бо ты зрабіў ласку ўсім сыном Ізраелявым, як яны ўзыходзілі зь Ягіпту"». І адвярнуўся Кінянін з пасярод Амаліка.

І зразіў Саўла Амаліка ад Гавілы аж да твайго ўходу ў Шур, каторы перад Ягіптам. І схапілі Аґаґа, караля Амалікавага, жывога, а ўвесь люд чыста аканаваў лязом мяча. І пажалеў Саўла а люд Аґаґа, і найлепшых із драбнога й буйнога статку, і другарадных, але кормных, ягнят, і ўсяго добрага, і не хацелі аканаваць, але ўсе бракоўнае а пакіненае яны аканавалі.

І было слова СПАДАРОВА Самуйлу, кажучы: «Жалею, што пастанавіў Я Саўлу за караля; бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня споўніў». І зьнемарасьціўся Самуйла, і гукаў да СПАДАРА цэлую ноч. І ўстаў Самуйла рана нараніцы на сустрэчу із Саўлам. І наказалі Самуйлу, кажучы: «Прыходзіў Саўла на Карміл, і пастанавіў сабе помнік, і абярнуўся, і перайшоў, і зышоў да Ґілґалу». І прышоў Самуйла да Саўлы, і Саўла сказаў яму: «Дабраславёны ты ў СПАДАРА; я споўніў слова СПАДАРОВА». І сказаў Самуйла: «А што гэта за бляяньне авец у вушшу маім, і мычэньне буйнога статку, каторае я чую?» І сказаў Саўла: «Ад Амаліка прывялі іх, што люд ажалеў найлепшых із драбнога й буйнога статку, каб абракаць СПАДАРУ, Богу твайму; а засталае мы аканавалі».

І сказаў Самуйла Саўлу: «Пакінь, я скажу табе, што гукаў імне СПАДАР гэтае ночы». І сказаў яму Саўла: «Кажы».

І сказаў Самуйла: «Ці не малым ты быў у ваччу сваім, як стаў ты галавою плямёнаў Ізраелявых, і памазаў СПАДАР цябе за караля над Ізраелям? І паслаў цябе СПАДАР у дарогу, і сказаў табе: "Ідзі й акануй грэшнікаў — Амаліка, і ваюй ізь імі, пакуль ня зьнішчыш іх". Чаму ж ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА, і кінуўся на здабытак, і зрабіў ліха ў ваччу СПАДАРА?»

І сказаў Саўла Самуйлу: «Я ж паслухаў голасу СПАДАРОВАГА, і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне СПАДАР, і прывёў Аґаґа, караля Амаліцкага, Амаліка ж аканаваў; І ўзяў люд із здабытку, з драбнога й буйнога статку, першае з аканаванага, на абраканьні СПАДАРУ, Богу твайму, у Ґілґале».

І сказаў Самуйла: «Ці больш зыча СПАДАР усепаленьняў а аброкаў, чымся слуханьня голасу СПАДАРОВАГА? Вось, валей слуханьне, чымся аброк, і слухмянасьць, чымся тук барані; Бо бунт ё — як грэх варажбы, а ўпорлівасьць — як бяспраўе а балваны. За тое, што ты адхінуў слова СПАДАРОВА, і Ён адхінуў цябе, каб ты ня быў каралём».

І сказаў Саўла Самуйлу: «Ізграшыў я, бо выступіў із слова СПАДАРОВАГА і з словаў тваіх, бо я баяўся люду, дык паслухаў голасу іхнага. Цяпер жа здыймі, калі ласка, зь мяне грэх мой і зьвярніся з імною, каб я пакланіўся СПАДАРУ». І сказаў Самуйла Саўлу: «Не зьвярнуся я з табою, бо ты адхінуў слова СПАДАРОВА, і адхінуў цябе СПАДАР, каб ты ня быў каралём над Ізраелям». І абярнуўся Самуйла, каб пайсьці; і Саўла ўхапіў за крысо адзежы ягонае, і разьдзерлася. І сказаў яму Самуйла: «Адарваў СПАДАР гаспадарства Ізраельскае ад цябе сядні і аддаў яго прыяцелю твайму, лепшаму за цябе. Таксама Вечны Ізраеля ня скажа няпраўды й не пашкадуецца, бо не чалавек ён, каб шкадавацца Яму». І сказаў: «Я ізграшыў цяпер; але ўсьці мяне, калі ласка, перад старцамі люду майго і перад Ізраелям, і зьвярніся з імною, і я пакланюся СПАДАРУ, Богу твайму». І зьвярнуўся Самуйла за Саўлам, і пакланіўся Саўла СПАДАРУ.

І сказаў Самуйла: «Прывядзіце да мяне Аґаґа, караля Амаліцкага». І падышоў да яго Аґаґ ветла, і сказаў Аґаґ: «Пэўне мінула гарчыня сьмерці?» І сказаў Самуйла: «Як спабываў жанкі дзяцей меч твой, так маці твая меж жанок хай будзе спабыта сына». І расьцяў Самуйла Аґаґа перад СПАДАРОМ у Ґілґале.

І пайшоў Самуйла да Рамы, а Саўла пайшоў да дому свайго, да Ґівеі Саўлавае. І болей ня бачыў Самуйла Саўлы аж да дня сьмерці свае; плакаў, адылі, Самуйла па Саўлу, і СПАДАР шкадаваўся, што пастанавіў Саўлу за караля над Ізраелям.

І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Пакуль ты будзеш плакаць па Саўлу, гэта ж Я адхінуў яго ад караляваньня над Ізраелям? Напоўні рог свой алеям і пайдзі; Я пашлю цябе да Еса Бэтлеемляніна; бо Я абачыў меж сыноў ягоных Сабе караля». І сказаў Самуйла: «Як я пайду? Саўла ж пачуе і заб’ець мяне». І сказаў СПАДАР: «Цяліцу буйнога статку возьмеш у руку сваю і скажаш: "Абракаць СПАДАРУ прышоў я". І пазаві Еса да аброку; і Я скажу табе, што рабіць табе, і ты памажаш Імне таго, праз каторага Я скажу табе». І зрабіў Самуйла тое, што казаў СПАДАР. І прышоў ён да Бэтлеему; і задрыжэлі старцы места, ідучы наўпярэймы яму, і сказаў: «Ці супакойны прыход твой?» І сказаў ён: «Супакойны, абракаць СПАДАРУ прышоў я; пасьвяціцеся й пайдзіце з імною да абраканьня». І пасьвяціў Еса а сыноў ягоных, і пазваў іх да аброку. І, як яны прышлі, ён абачыў Елява і сказаў: «Пэўне гэты перад СПАДАРОМ памазанец ягоны!» Але СПАДАР сказаў Самуйлу: «Не глядзі на выгляд ягоны й на вышыню росту ягонага, бо я адхінуў яго: бо не гляджу на што чалавек глядзіць, бо чалавек глядзіць на вочы, але СПАДАР глядзіць на сэрца». І гукнуў Есэ Амінадава, і правёў яго перад Самуйлам, і сказаў Самуйла: «І гэтага не абраў СПАДАР». І прывёў Есэ Шаму, і сказаў: «І гэтага не абраў СПАДАР». І прывёў Есэ сямёх сыноў сваіх да Самуйлы, але Самуйла сказаў: «Не абраў СПАДАР із гэтых». І сказаў Самуйла: «Ці ўсі дзяцюкі?» І сказаў: «Яшчэ застаўся малы, і вось, ён пасець авечкі». І сказаў Самуйла Есу: «Пашлі, і мы возьмем яго, бо мы не абернемся, пакуль ён ня прыйдзе сюды». І паслаў, і прывялі яго. А ён быў румены, з харошымі ачыма і добрым выглядам. І сказаў СПАДАР: «Устань, памаж яго, бо гэта ён». І ўзяў Самуйла рог алею, і памазаў яго сярод братоў ягоных, і зышоў Дух СПАДАРОЎ на Давіда адгэнуль і далей; і ўстаў Самуйла, і адышоў да Рамы.

І Дух СПАДАРОЎ адступіў ад Саўлы, і палохаў яго благі дух ад СПАДАРА. І сказалі слугі Саўлавы яму: «Вось, благі дух ад Бога палохае цябе. Хай жа спадар наш раскажа слугам сваім, што перад табою, пашукаць чалавека, што ўмее граць на гарпе; і будзе, што як нойдзе на цябе благі дух ад СПАДАРА, то ён будзе граць рукою сваёй, будзе добры табе».

І сказаў Саўла слугам сваім: «Выглядзіце імне чалавека, добра граючага, і прывядзіце да мяне». І адказаў адзін ізь дзяцюкоў, і сказаў: «Вось, я бачыў сына Есы Бэтлеемляніна, што ўмее граць, дужасіла й мужа ваёўнага, і разумнага ў мове, і самавітага выгляду, і СПАДАР ізь ім». І паслаў Саўла пасланцоў да Есы, і сказаў: «Пашлі да мяне Давіда, сына свайго, каторы ля авец». І ўзяў Есэ асла, хлеба, скураны мех ізь віном і адно казянё, і паслаў з Давідам, сынам сваім, да Саўлы. І прышоў Давід да Саўлы, і стаў перад ім, і Саўла вельма палюбіў яго, і стаў збрайношам ягоным. І паслаў Саўла Есу, кажучы: «Хай Давід стаіць перад імною, бо ён знайшоў ласку ў ваччу маім». І як Дух ад Бога бываў на Саўлу, то браў Давід гарпу і граў рукою сваёй, і лацьвей рабілася Саўлу, і добра рабілася яму, і адварачаўся ад яго благі дух.

І зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, і зьберліся ў Соко, каторы ў Юдэі, і разьлягліся табарам памеж Сока і Азэку ў Ефес-Даміме. Саўла ж а мужы Ізраельскія зьберліся, і разьлягліся табарам у даліне ля дуба, і прыгатаваліся да вайны наўпярэймы Пілішчанам. І стаялі Пілішчане на гары з аднаго боку, а Ізраелцы на гары з другога боку, а даліна памеж іх.

І вышаў із табараў Пілісцкіх дужэль, імям Ґоляф, з Ґафу; ростам ён — шэсьць локцяў і пядзя. І шолам мядзяны на галаве ў яго; і адзеўшыся ён быў у колцавы панцыр, і вага панцыра ягонага — пяць тысячаў сыкляў медзі. І мядзяныя повязкі на нагах у яго, і мядзяная дзіда на мяжыкрылах ягоных. І дзяржаньне дзіды ягонае, як навой у ткачоў; а лязо дзіды ягонае шасьцьсот сыкляў зялеза. І шчытаноша йшоў перад ім. І стаў, і крычэў да радоў Ізраельскіх, і сказаў ім: «Нашто вышлі вы ваяваць? Ці не Пілішчанін я, а вы ня слугі Саўлавы? Абярыце сабе чалавека, і хай зыйдзе да мяне. Калі ён зможа біцца з імною й заб’ець мяне, то мы будзем слугамі вашымі; калі ж я здолею яго й заб’ю яго, то вы будзеце слугамі нашымі, і будзеце служыць нам». І сказаў Пілішчанін: «Я паганбіў рады Ізраельскія сядні; дайце імне чалавека, і мы будзем біцца ў двубою». І пачулі Саўла а ўвесь Ізраель гэтыя словы Пілішчаніна, і спалохаліся а вельмі баяліся.

Давід жа — сын Ефрафяніна таго з Бэтлеему Юдзінага, і імя ягонае Есэ, у каторага было восьмі сыноў. І муж гэты за дзён Саўлавых быў старшы меж людзёў. І пайшлі тры старшыя сыны Есавы, пайшлі за Саўлам на вайну; імёны трох сыноў тых, што пайшлі на вайну: старшы Еляў, другі за ім — Авінадаў, а трэйці — Шама. Давід жа быў найменшы. А тры старшыя пайшлі за Саўлам; А Давід пайшоў і зьвярнуўся ад Саўлы, пасьціць авечкі айца свайго ў Бэтлееме. І дабліжаўся Пілішчанін тый нараніцы і ўвечары, і выстаўляў сябе сорак дзён.

І сказаў Есэ Давіду, сыну свайму: «Вазьмі ж братом сваім ефу сушаных зярнят а дзесяць гэтых букаткаў хлеба і пабяжы да табару да братоў сваіх; А гэтыя дзесяць сыраў занясі тысячніку, і даведайся ў братоў сваіх, як яны маюцца, і знакі іхныя возьмеш».

Саўла ж а яны а ўсі мужы Ізраельскія былі ў даліне дуба і ваявалі зь Пілішчанмі.

І ўстаў Давід рана нараніцы, і паручыў авечкі вартаўніку, і падняўся, і пайшоў, як расказаў яму Есэ, і прышоў на месца цялежак. А войска вышла ў баявыя рады і крычэла да бітвы. І зладзілі Ізраелцы й Пілішчане лады, лад супроці ладу. І ськінуў Давід свае рэчы ізь сябе на руку вартаўніку рэчаў, і пабег да ладу, і прышоў, і папытаўся ў братоў сваіх, як маюцца. І як ён гукаў ізь імі, і вось, аднадолец наймя Голяф, Пілішчанін із Ґафу, узышоў з ладу Пілісцкага, і гукаў падобна да тых словаў, і Давід пачуў. І ўсі Ізраелцы, абачыўшы гэтага чалавека, уцяклі ад яго, і надта баяліся. І сказалі Ізраелцы: «Бачыце гэтага чалавека, што ўзышоў? Бо ганьбіць Ізраеля ён узышоў. І будзе, што мужа, каторы заб’ець яго, забагаціць кароль вялікім багацьцям, і дачку сваю выдасьць за яго, і дом айца ягонага зробе вольным у Ізраелю».

І сказаў Давід людзём, што стаялі зь ім, кажучы: «Што зробяць таму, хто заб’ець гэтага Пілішчаніна й здыйме ганьбу з Ізраеля? бо хто Пілішчанін неабрэзаны гэты, што ганьбе лад Бога жывога?» І сказаў яму люд подле тога слова, кажучы: «Во, што зробяць таму чалавеку, каторы заб’ець яго».

І пачуў Еляў, старшы брат Давідаў, як гукаў ён ізь людзьмі, і зазлаваўся Еляў на Давіда, і сказаў: «Чаго ты зышоў сюды, і на каго пакінуў гэную крыху авец на пустыні? Я ведаю благія замеры твае й злосьць сэрца твайго; бо ты зышоў, каб паглядзець на бітву». І сказаў Давід: «Што ж я зрабіў цяпер? Ці ня словы гэта?»

І адвярнуўся ад яго насупроці другога, і сказаў подле слова гэтага, і адказаў яму люд словам, як уперад. І пачулі словы, каторыя гукаў Давід, і сказалі Саўлу, і тый узяў яго. І сказаў Давід Саўлу: «Няхай не лякаецца нічые сэрца з прычыны яго: слуга твой пойдзе й будде біцца з гэтым Пілішчанінам». І сказаў Саўла Давіду: «Ня можаш ты йсьці да гэтага Пілішчаніна, каб біцца зь ім, бо ты маладзёнак, а ён воін із маленства свайго».

І сказаў Давід Саўлу: «Пастухом авец быў слуга твой у вайца свайго, і як, бывала, прыходзіў леў альбо мядзьведзь і хапаў казянё із стады, То я выходзіў за ім, і біў яго, і ратаваў зь ляпы ягонае; а калі ён кідаўся на мяне, то я хапаў яго за бараду, і біў яго, і забіваў яго. І лява, і медзьвядзя біваў слуга твой, і будзе гэты Пілішчанін неабрэзаны, як кажны ізь іх, бо ён ганьбе лады Бога жывога». І сказаў Давід: «СПАДАР, Каторы выбаўляў мяне ад лапы лява і ад лапы медзьвядзя, выбаве мяне й ад рукі гэтага Пілішчаніна». І сказаў Саўла Давіду: «Ідзі, і хай будзе СПАДАР із табою».

І адзеў Саўла Давіда ў свае адзецьці, і ўзлажыў мядзяны шолам на галаву ягоную, і надзеў на яго панцыр. І паперазаўся Давід мячом ягоным па адзецьцю, і хацеў хадзіць, бо ён яшчэ не прабаваў. І сказаў Давід Саўлу: «,Я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывыкшы». І ськінуў іх Давід ізь сябе.

І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх каменчыкаў з ручая, і палажыў іх у пастускі капшук, што быў зь ім; і хатуль, і пушчала ў руццэ ў яго, і дабліжыўся да Пілішчаніна. І крануўся Пілішчанін, ідучы а бліжачыся да Давіда, і чалавек нёс шчыт сьпераду яго. І прыгледзеўся Пілішчанін, і абачыўшы Давіда, пагрэбаваў ім, бо ён быў малец, і румены, з пазорным відам. І сказаў Пілішчанін Давіду: «Ці сабака я, што ты прышоў на мяне зь кіям?» І праклінаў Пілішчанін Давіда сваімі багамі. І сказаў Пілішчанін Давіду: «Падыйдзі да мяне, і я аддам цела твае птуству нябёснаму і жывёле палявой».

А Давід сказаў Пілішчаніну: «Ты прышоў на мяне зь мячом а зь дзідаю а шчытом, я ж прышоў на цябе ў імя СПАДАРА войскаў, Бога ладоў Ізраельскіх, каторыя ты ганьбіў. Сядні аддасьць цябе СПАДАР у руку маю, і я заб’ю цябе, і здыйму зь цябе галаву тваю, і аддам труп войска Пілісцкага птуству нябёснаму і зьверу земнаму, і пазнае ўся зямля, што ё Бог у Ізраелю. І пазнае ўся гэта грамада, што не мячом а дзідаю выбаўляе СПАДАР, бо СПАДАРОВА вайна, і Ён аддасьць вас у рукі нашы».

І сталася, як паўстаў Пілішчанін, і йшоў, і бліжыўся наўпярэймы Давіду, то пабарзьдзіў Давід і пабег да ладу наўпярэймы Пілішчаніну. І засунуў Давід руку сваю ў капшук, і ўзяў стуль камень, і пусьціў пушчалам, і выцяў Пілішчаніна ў лоб, ажно камень унізаўся ў лоб ягоны, і ён паваліўся відам на зямлю. Дык Давід быў дужшы за Пілішчаніна пушчалам а каменям, і выцяў Пілішчаніна, і забіў яго, мяча ж ня было ў руццэ ў Давіда. Тады Давід падбег і стаў на Пілішчаніна, узяў меч ягоны, і агаліў, і забіў яго, і адцяў ім галаву ягоную; і абачылі Пілішчане, што памер асілак іхны, і ўцякалі. І ўсталі мужы Ізраельскія а Юды, і крычэлі, і гналі Пілішчан, аж пакуль ты ўходзіш у даліну й аж да брамы Екрону. І падалі цятыя Пілішчане па дарозе Шаараімскай, аж да Ґафу й аж да Екрону. І зьвярнуліся сынове Ізраелявы з пагону за Пілішчанмі, і разглабалі табары іхныя. І ўзяў Давід галаву Пілішчаніна, і занёс яе да Ерузаліму, а зброю ягоную палажыў у будане сваім.

Як абачыў Саўла Давіда, каторы выходзіў супроці Пілішчаніна, то сказаў Аўніру, вайводцу: «Аўніру, чый сын гэты малец?» Аўнір сказаў: «Хай жывець душа твая, каролю, ня ведаю». І сказаў кароль: «Дык папытайся, чый сын гэты дзяцюк».

А як Давід зварачаўся па забіцьцю Пілішчаніна, то Аўнір узяў яго й прывёў да Саўлы, і галава Пілішчаніна была ў руццэ ў яго. І сказаў яму Саўла: «Чый сын ты, мальча?» І сказаў Давід: «Сын слугі твайго Еса Бэтлеемляніна».

Як скончыў гутарыць із Саўлам, то душа Ёнафанова зьвязалася з душою Давідавай, і палюбіў яго Ёнафан, як сваю душу. І ўзяў яго Саўла таго дня, і ня даў яму зьвярнуцца да дому айца ягонага. І ўчыніў Ёнафан із Давідам змову, бо палюбіў яго, як душу сваю. І ськінуў Ёнафан вопратку сваю, каторая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама й адзецьці свае, і аж да мяча свайго, і аж да лука свайго, і аж да пояса свайго. І выходзіў Давід, куды яго пасылаў Саўла, і дзеяў разумна, і пастанавіў яго Саўла над ваеннымі людзьмі, і любы быў у вачох усяго люду і таксама ў вачох слугаў Саўлавых.

І сталася, як яны йшлі, як Давід зварачаўся ад забіцьця Пілішчаніна, што выходзілі жанкі з усіх местаў Ізраельскіх пяяць а скакаць наўпярэймы каралю Саўлу з бубнамі, зь весялосьцяй і з трыструннымі. І адказавалі граючыя жанкі, і гукалі: «Саўла пабіў свае тысячы, а Давід — дзесяць тысячаў!» І Саўла дужа зьнемарасьціўся, і благім было гэтае слова ў ваччу ягоным, і ён сказаў: «Давіду далі дзесяткі тысячаў, а імне тысячы; яму не стаець адно гаспадарства». І касавурыўся Саўла на Давіда адгэнуль і далей.

І сталася назаўтрае, што зышоў ліхі дух ад Бога на Саўлу, і ён праракаў сярод дому, а Давід граў рукою сваёй, як і ў іншыя дні; і дзіда ў руццэ ў Саўлы. І пусьціў Саўла дзіду, і сказаў: «Праб’ю Давіда аж да сьцяны». Але адхінуйся Давід двойчы ад яго. І баяўся Саўла Давіда, бо СПАДАР быў ізь ім, а ад Саўлы адступіў. І аддаліў яго Саўла ад сябе, і пастанавіў яго ў сябе тысячнікам, і ён выходзіў і ўходзіў перад людам.

І Давід у вусіх дарогах сваіх дзеяў разумна, і СПАДАР ізь ім. І бачыў Саўла, што ён дзее вельма разумна, і баяўся яго. А ўвесь Ізраель а Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў і ўходзіў перад імі.

І сказаў Саўла Давіду: «Во старшая дачка мая, Мерава; я дам табе яе за жонку, адно будзь у мяне харобрым і ваюй войны СПАДАРОВЫ»; бо Саўла гукаў сабе: «Хай не мая рука будзе на ім, а хай будзе на ім рука Пілішчан». І сказаў Давід Саўлу: «Хто я, што жыцьцё маё й род айца майго ў Ізраелю, каб імне быць зяцям каралёвым?»

І было ў часе адданьня Меравы Саўлішкі за Давіда, і вось, яна аддана Адрыелу Меголяніну за жонку.

І закахалася Міхала Саўлішка ў Давіда; і сказалі Саўлу, і была гэта справа справядлівая ў аччу ягоным. І сказаў Саўла: «Аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і будзе на ім рука Пілішчан». І сказаў Саўла Давіду другім наваратам: «Станеш імне зяцям сядні». І расказаў Саўла слугам сваім: «Гукайце Давіду цішком: "Вось кароль зычлівы да цябе, і ўсі слугі ягоныя любяць цябе; дык будзь зяцям каралёвым"». І гукалі слугі Саўлавы ў вушы Давіду ўсі словы гэтыя. І сказаў Давід: «Ціж лёгка здаецца вам быць зяцям каралёвым? я — чалавек бедны а невялічкі». І сказалі Саўлавы слугі яму, кажучы: «Гэтак казаў Давід».

І сказаў Саўла: «Гэтак скажыце Давіду: "Кароль ня хоча вена, апрача сту канцавых скуркаў Пілісцкіх, каб памсьціць непрыяцелям каралёвым"». Бо Саўла думаў прычыніць упад Давіда рукамі Пілішчан. І сказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і люба было гэтае слова ў ваччу Давіда стаць зяцям каралёвым. Яшчэ ня мінулі дні, І ўстаў Давід, і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і паразіў зь Пілішчан дзьвесьце чалавекаў, і прынёс Давід канцавыя скуркі іхныя, і даў іх у поўнай колькасьці каралю, каб стаць зацям каралёвым. І выдаў Саўла за яго Міхалу, дачку сваю, за жонку. І абачыў Саўла, і пазнаў, што СПАДАР із Давідам, дый Міхала Саўлішка любіла яго.

І яшчэ болей баяўся Саўла Давіда, і стаў Саўла непрыяцелям Давіда на ўсі дні.

І выходзілі князі Пілісцкія; і было кажнага разу, як яны выходзілі, што Давід дзеяў разумней за ўсіх слугаў Саўлавых, і стала дарагім імя ягонае.

І гукаў Саўла Ёнафану, сыну свайму, а ўсім слугам сваім, каб забіць Давіда; але Ёнафан Саўлянок прыяў Давіду. І абясьціў Ёнафан Давіду, кажучы: «Шукае ацец мой Саўла, забіць цябе; дык, вось, цяпер сьцеражыся ж нараніцы; сядзі ў схове і схавайся. А я выйду й стану ля айца свайго на полю, ідзе ты будзеш, і пагутару празь цябе айцу свайму, і, што абачу, скажу табе».

І гукаў Ёнафан праз Давіда добрае Саўлу, айцу свайму, і сказаў яму: «Хай ня ізгрэша кароль супроці слугі свайго Давіда, бо ён нічым не ізграшыў супроці цябе, і справы ягоныя вельма добрыя табе: Ён паддаваў у небясьпечнасьць душу сваю, і паразіў Пілішчаніна, і СПАДАР учыніў вялікае выбаўленьне ўсяму Ізраелю; ты бачыў і цешыўся; чаму ж ты хочаш ізграшыць супроці нявіннае крыві, каб зрабіць сьмерць Давіду бяз прычыны?» І паслухаў Саўла голасу Ёнафановага, і прысяг Саўла: «Жыў СПАДАР! не памрэць». І гукнуў Ёнафан Давіда, і паведаміў яму Ёнафан усі словы гэтыя, і прывёў Ёнафан Давіда да Саўлы, і ён быў пры ім, як учорах а заўчора.

І ўзноў пачалася вайна, і вышаў Давід, і вышаў зь Пілішчанмі, і паразіў іх вялікаю паразаю, і яны ўцяклі ад яго.

І быў ліхі дух ад Бога на Саўлу, і ён сядзеў у доме сваім, і дзіда ягоная была ў руццэ ў яго, а Давід граў рукою сваёю.

І шукаў Саўла прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адхінуўся ад Саўлы, і дзіда выцяла ў сьцяну; Давід жа ўцёк і ўратаваўся тае ночы.

І паслаў Саўла слугаў да дому да Давіда, каб сьцерагчы яго й забіць нараніцы. І сказала Давіду Міхала, жонка ягоная, кажучы: «Калі ты не ўратуеш душы свае гэтае ночы, то заўтра будзеш забіты». І ўзяла Міхала абразы, і палажыла іх у ложак, і палажыла падушку з казінае поўсьці на ўзгалоўе, і накрыла адзежаю. І спусьціла Міхала Давіда з акна, і ён пайшоў, і ўцёк, і ўратаваўся.

І паслаў Саўла слугаў, узяць Давіда, але сказала: «Ён хворы». І паслаў Саўла слугаў, агледзець Давіда, кажучы: «Прынясіце яго да мяне на пасьцелі, каб забіць яго». І прышлі пасланцы, і вось, у ложку абразы з падушкаю з казінае поўсьці на ўзгалоўю. І Саўла сказаў Міхале: «Чаму ты ашукала мяне і адпусьціла злосьніка майго, каб ён уцёк?» І сказала Міхала Саўлу: «Ён сказаў імне: "Адпусьці мяне, нашто імне забіць цябе?"» І ўцёк Давід, і ўратаваўся, і прышоў да Самуйлы да Рамы, і сказаў яму ўсе, што ўчыніў яму Саўла. І пайшоў ён із Самуйлам, і жылі яны ў Наёфе. І наказалі Саўлу, кажучы: «Вось, Давід у Наёфе ў Раме». І паслаў Саўла слугаў сваіх, узяць Давіда, і абачылі яны груд прарокаў праракаючых, і Самуйла на чале іх, і быў на слутах Саўлавых Дух Божы, і праракалі таксама й яны.

Наказалі Саўлу, і ён паслаў іншых пасланцоў, і праракалі таксама й гэтыя. І паслаў Саўла слугаў яшчэ трэйцім наваратам, і праракалі таксама й гэтыя.

І пайшоў таксама ён да Рамы, і дайшоў да вялікага вадазбору, каторы ў Сэсе, і папытаўся, кажучы: «Ідзе Самуйла а Давід?» І сказалі: «Вось, у Наёфе ў Раме». І пайшоў ён туды да Наёфу ў Раме, і быў на ім, таксама на ім, Дух Божы, і ён пайшоў, ідучы й праракаючы, пакуль ня прышоў да Наёфу ў Раме. І зьняў ён, таксама ён, адзецьці свае, і праракаў таксама ён перад Самуйлам, і паўшы, быў голы ўвесь тый дзень і ўсю ноч; затым кажуць: «Няго ж і Саўла ў прароках?»

Давід уцёк із Наёфу ў Раме, і прышоў, і сказаў перад Ёнафаном: «Што зрабіў я, у чым баяспраўе мае, чым ізграшыў я перад айцом тваім, што ён шукае душы мае?» І сказаў яму: «Не, Крый Божа! ты не памрэш; вось, ня робе айцец мой ані вялікага, ані малога, не адкрыўшы вуху майму; нашто ж бы хаваў айцец мой ад мяне гэта? Гэтага ня будзе». І прысягаў яшчэ Давід, і казаў: «Айцец твой добра ведае, што я знайшоў прыязьньства ў ваччу тваім, і затым кажа сам сабе: "Хай ня ведае праз гэта Ёнафан, каб ня немарасьціўся"; але жыў СПАДАР і жыва душа твая! адно адзін сігень памеж імною й сьмерцю». І сказаў Ёнафан Давіду: «Што кажа душа твая, і я зраблю табе». І сказаў Давід Ёнафану: «Вось, заўтра маладзік, і я маю седзьма сядзець із каралём есьці; але адпусьці мяне, і я схаваюся ў полю аж да трэйцяга вечара. Як мяне будзе не ставаць, не ставаць айцу твайму, ты скажы: "Давід выпрасіўся, выпрасіўся ў мяне зьбегаць да свайго места Бэтлеему, бо там годняе абраканьне ўсяе радзімы ягонае". Калі ён скажа: "Добра", тады супакой слузе твайму; а калі ён надта загневаецца, то ведай, што пастаноўлена ліха ў яго. Ты ж зрабі ласку слузе свайму; — бо ў змову СПАДАРОВУ ўвёў ты слугу свайго із сабою; — а калі ё ў імне бяспраўе, то зрабі сьмерць ты імне; а нашто табе весьці мяне да айца свайго?»

І сказаў Ёнафан: «Крый Божа! ня будзе гэтага з табою: як я даведаюся напэўна, што нягоднае пастанавіў айцец мой узглядам цябе, то нягож я ня прыйду да цябе й не скажу табе праз гэта?» І сказаў Давід Ёнафану: «Хто накажа імне, калі айцец твой адкажа табе стродка?» І сказаў Ёнафан Давіду: «Ідзі, выйдзем у поле». І вышлі абодва ў поле.

І сказаў Ёнафан Давіду: «СПАДАР, Бог Ізраеляў, сьветка, што я заўтра альбо пазаўтра каля гэтага часу выпытаю ў вайца свайго; і калі добры да Давіда, дык я не пашлю да цябе тады й не адкрыю вушом тваім, Хай тое а тое зробе СПАДАР ізь Ёнафаном і яшчэ болей зробе! Калі ж айцец мой задумляе зрабіць табе ліха, то я гэта скажу ў вушы твае і адпушчу цябе, і тады йдзі ў супакою: і хай будзе СПАДАР із табою, як быў з айцом маім! Але й ты, ды ня толькі, як я яшчэ жыў, зрабі імне ласку СПАДАРОВУ, каб я не памер. І не адыймі ласкі свае ад дому майго ва векі, нават і тады, як выгубе СПАДАР варагоў Давідавых, кажнага зь іх ізь віду зямлі». І ўчыніў Ёнафан змову з домам Давідавым, кажучы: «Хай спагоне СПАДАР із рук варагоў Давідавых!» І ўзноў Ёнафан прысягаў Давіду ў сваёй любові да яго, бо любоўю душы свае любіў яго.

І сказаў Ёнафан: «Заўтра маладзік, і цябе будзе не ставаць, бо ня будзеш на сваім месцу. Затым на трэйці дзень ты борзда спусьціся, і прыйдзеш на тое месца, ідзе хаваўся ты ў дзень таго стацьця, і сядзь ля каменя Азэль. А я ў тый бок пушчу тры стрэлы, страляючы ў мэту. Потым пашлю хлопчыка: "Пайдзі, знайдзі стрэлы"; і калі я голасна скажу хлопчыку: "Во стрэлы ад цябе па гэтым баку, вазьмі іх", то прыйдзі да мяне; бо супакой табе, і няма нічога ліхога, жыў СПАДАР! Калі ж гэтак скажу хлопчыку: "Вун стрэлы далей ад цябе", то ты адходзь, бо адпушчае цябе СПАДАР. А таго, што мы гутарылі, я й ты, вось, СПАДАР памеж імною й табою на векі».

І схаваўся Давід на полю. І настаў маладзік, і сеў кароль ля ежы абедаць. Кароль сеў на сваім месцу, як кажным разам, на седаве ля сьцяны, і Ёнафан устаў, і Аўнір сеў ля боку Саўлы; і не ставала Давіда на месцу ягоным. І не сказаў Саўла таго дня нічога, бо падумаў, што так прыгадзілася, што Давід нячысты, не ачысьціўся.

І сталася назаўтрае, другога дня маладзіка, што не ставала Давіда на месцу ягоным. Саўла сказаў Ёнафану, сыну свайму: «Чаму ня прыходзе Есянок есьці ані ўчора, ані сядні?» І адказаў Ёнафан Саўлу: «Давід выпрасіўся, выпрасіўся ў мяне да Бэтлеему; Ён казаў: "Адпусьці мяне, калі ласка, бо аброк радзімны ў нас у месьце, і мой брат расказаў імне; дык цяпер, калі я прыдбаў ласку ў ваччу тваім, зьлётаю я й пабачуся з братамі сваімі"; затым ён і ня прышоў да каралеўскага столу».

І дужа загневаўся Саўла на Ёнафана, і сказаў яму: «Сыну крутадушны а бунтоўны! ціж я ня ведаю, што ты абраў сабе Есянка на сорам сабе й на сорам голасьці маці свае? Бо ўсі дні, пакуль Есянок будзе жыць на зямлі, не ўмацуешся ты ані каралеўства твае; цяпер жа пашлі й вазьмі яго да мяне, бо ён годны сьмерці». І адказаў Ёнафан Саўлу, айцу свайму, і сказаў яму: «За што забіваць яго? што ён зрабіў?» Тады Саўла пусьціў дзіду ў яго, каб паразіць яго. І Ёнафан уцяміў, што ацец ягоны пастанавіў забіць Давіда.

І ўстаў Ёнафан із застольля ў вялікім гневе, і не абедаў другога дня маладзіка, бо журыўся праз Давіда, і затым што засароміў яго яцец ягоны.

І было нараніцы, што вышаў Ёнафан у поле, у часе, прызначаным Давіду, і хлопчык малы зь ім. І сказаў ён хлопчыку: «Бяжы, шукай жа стрэлы, каторыя я выстралю». Хлопчык пабег, а ён пушчаў стрэлы так, што яны ляцелі далей. І прышоў хлопчык на месца, куды выстраліў Ёнафан; і закрычэў Ёнафан за хлопчыкам, і сказаў: «Ці страла не далей за табою?» І закрычэў Ёнафан за хлопчыкам: «Барзьдзей, барзьдзі, ня стой!» І зьбер хлопчык Ёнафаноў стрэлы, і прышоў да свайго спадара. Хлопчык жа ня ведаў нічога, адно Ёнафан і Давід ведалі, што за справа. І аддаў Ёнафан зброю сваю хлопчыку, што быў пры ім, і сказаў яму: «Ідзі, занясі да места». Хлопчык пайшоў, а Давід устаў з паўднявога боку, і паў відам сваім на зямлю, і трэйчы пакланіўся; і цалавалі яны адзін аднаго, і плакалі абодва разам, але Давід плакаў болей. І сказаў Ёнафан Давіду: «Ідзі ў супакою; а ў чым прысягалі мы абодва імям СПАДАРА, кажучы: "СПАДАР хай будзе меж імною й табою й меж насеньня майго й насеньня твайго", хай будзе на векі». І ўстаў Давід, і пайшоў, Ёнафан жа прышоў да места.

І прышоў Давід да Нову да Агімелеха сьвятара, і задрыжэў Агімелех, ідучы наўпярэймы Давіду, і сказаў яму: «Чаму ты адзін, і нікога няма з табою?» І сказаў Давід Агімелеху сьвятару: «Кароль паручыў імне справу й сказаў імне: "Хай ня ведае ніхто нічога із справы, нашто я паслаў цябе й што паручыў табе"; а дзяцюкоў я прызначыў на такое а такое месца. Дык, што ёсьць у цябе пад рукою, пяць букаткаў хлеба дай у руку маю альбо што знойдзецца». І адказаў сьвятар Давіду, і сказаў: «Няма ў мяне пад рукою будзеннага хлеба, а ё хлеб сьвяты, калі толькі дзяцюкі сьцерагліся жонкі». І адказаў Давід сьвятару, і сказаў яму: «Жонкі ўзьдзяржаны ад нас учорах а заўчора, як я вышаў, і судзіны ў дзяцюкоў сьвятыя, а як дарога будзенная, то тым болей хлеб усьвяціцца ў судзіне». І даў яму сьвятар сьвятога, бо ня было там хлеба, апрача букаткаў хлеба Выкладу, каторыя зьняты былі ад віду СПАДАРОВАГА, каб пакласьці цёплы хлеб у дню, калі здыймалі чэрствы хлеб.

І там адзін із слугаў Саўлавых, наймя Доіґ, Едомеянін, пастыр Саўлаў, задзяржаўся таго дня перад СПАДАРОМ. І сказаў Давід Агімелеху: «Ці няма тут у цябе пад рукою дзіды альбо мяча? бо я ня ўзяў у руку сваю ані мяча, ані іншае зброі, бо паручэньне каралёва было пасьпешнае».

І сказаў сьвятар: «Во меч Голяфа Пілішчаніна, каторага ты забіў у даліне Дуба, заверчаны ў вадзежу, адзаду наплечніка; калі хочаш, вазьмі яго; іншага, апрача гэтага, няма тут». І сказаў Давід: «Нямаш да яго падобнага; дай імне яго».

І ўстаў Давід, і ўцёк таго ж дня ад Саўлы, і прышоў да Ахіша, караля Ґафскага. І сказалі Ахішу слугі ягоныя: «Ці гэта не Давід, кароль таго краю? ці не яму пяялі ў карагодах і гукалі: "Саўла паразіў тысячы, а Давід — дзесяткі тысячаў"?» Давід паклаў словы гэтыя ў сэрцу сваім, і дужа баяўся Ахіша, караля Ґафскага. І зьмяніў паступак свой перад імі, і прыдаўся шалёным у вачох іхных, і рысаваў літары на варотах брамаў, і пушчаў сьліну па барадзе сваёй. І сказаў Ахіш слугам сваім: «Бачыце, ён чалавек шалёны, нашто вы прывялі яго да мяне? Ціж мала ў мяне шалёных, што вы прывялі яго, каб ён шалеў перад імною? Нягож ён увыйдзе ў дом мой?"

І вышаў Давід стуль, і ўцёк да пячоры Адуламскае; і пачулі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і зышлі да яго туды. І зьберліся да яго кажны ўцісьнены, і кажны даўжбіт, і кажны зьнемарашчаны душою, — і стаў ён начэльнікам над імі; і было зь ім каля чатырыста чалавекаў.

І пайшоў Давід стуль да Міцпы Моаўскае, і сказаў каралю Моаўскаму: «Хай прыйдзе, калі ласка, ацец мой а маці мая да вас, пакуль я не даведаюся, што зробе з імною Бог». І прывёў іх да караля Моаўскага; і жылі яны ў яго ўвесь час, пакуль Давід быў у гэтым замку. Але прарока Ґад сказаў Давіду: «Ня жыві ў гэтым замку, ідзі і ўвыйдзі сабе ў зямлю Юдзіну». І пайшоў Давід, і прышоў да лесу Гэрэф.

І пачуў Саўла, што ведама праз Давіда а людзёў, каторыя былі зь ім. Саўла сядзеў тады ў Ґівее пад гаям у Раме, зь дзідаю ў руццэ, і ўсі слугі ягоныя абступалі яго. І сказаў Саўла слугам Сваім, што абступалі яго: «Паслухайце ж, сынове Веняміновы, нягож усім вам дасьць Есянок полі а вінішчы, і ўсіх вас пастанове за тысячнікаў а сотнікаў, Што вы ўсі змовіліся супроці мяне, і ніхто не адкрыў вушом маім, што сын мой учыніў змову зь Есянком; і нікому з вас не баліць за мяне, каб адкрыць вуху майму, што сын мой падвучыў супроці мяне слугу майго цікаваць на мяне, як цяпер?»

І адказаў Доіґ Едомеянін, стоячы із слугамі Саўлавымі, і сказаў: «Я бачыў, як Есянок прыходзіў да Нову да Агімелеха Агітувёнка, І гэты пытаўся яму ў СПАДАРА, і даў яму ежу, таксама й меч Голяфа Пілішчаніна аддаў яму».

І паслаў кароль пагукаць Агімелеха Агітувёнка сьвятара а ўвесь дом айца ягонага, сьвятароў, каторыя ў Нове; і прышлі яны ўсі да караля. І сказаў Саўла: «Паслухай жа, Агітувёнку!» І тый адказаў: «Вось я, спадару мой!» І сказаў яму Саўла: «Чаму вы змовіліся супроці мяне, ты а Есянок, што ты даў яму хлеб і меч, і пытаўся яму ў Бога, каб ён паўстаў супроці мяне й цікаваў на мяне, як цяпер?»

І адказаў Агімелех каралю, і сказаў: «Хто з усіх слугаў тваіх верны, як Давід? Ен і зяць каралёў, і сігае, каб цябе слухаць, і паважаны ў доме тваім? Ці цеперся я пачаў пытацца яму ў Бога? Крый Божа! ня вінуй у гэтым, каролю, слугу свайго а ўвесь дом айца майго; бо ў вусёй гэтай справе ня ведаў слуга твой ані малога, ані вялікага». І сказаў кароль: «Ты маеш памерці, Агімелеша, ты а ўвесь дом айца твайго». І сказаў кароль ганцом, што стаялі ля яго: «Ступіце й забіце сьвятароў СПАДАРОВЫХ; бо таксама рука іхная з Давідам, і яны ведалі, што ён уцёк, і не адкрылі вуху майму». Але ня зычылі слугі каралёвы выцягнуць рук сваіх, каб напасьці на сьвятароў СПАДАРОВЫХ.

І сказаў кароль Доіґу: «Абярніся ты й нападзі на сьвятароў». І абярнуўся Доіґ Едомеянін, і напаў на сьвятароў, і забіў таго дня асьмідзясят пяцёх мужоў, каторыя насілі лянны наплечнік. І Ноў, места сьвятароў, паразіў лязом мяча, ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці да сысуна, і вала, і асла, і авечку паразіў лязом мяча.

Уратаваўся толькі адзін сын Агімелеха Агітувёнка, наймя Авафар, і ўцёк за Давідам. І сказаў Авафар Давіду, што Саўла забіў сьвятароў СПАДАРОВЫХ. І сказаў Давід Авафару: «Я ведаў таго дня, як там быў Доіґ Едомеянін, што ён напэўна скажа Саўлу; я вінен у вусіх душах дому айца твайго. Застанься ў мяне, ня бойся; бо хто будзе шукаць мае душы, будзе шукаць і твае душы; ты будзеш у мяне пад ахаронаю».

І наказалі Давіду, кажучы: «Вось, Пілішчане ваююць Кеілу і глабаюць такі». І пытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці імне йсьці і ўдырыць на гэтых Пілішчан?» І сказаў СПАДАР Давіду: «Ідзі і ўдыр на Пілішчан, і выратуеш Кеілу». А людзі Давідавы сказалі яму: «Вось, мы баімся тут у Юдэі, пагатове, калі пойдзем да Кеілы супроці войска Пілісцкага». І ўзноў пытаўся Давід у СПАДАРА, і адказаў яму СПАДАР, і сказаў: «Устань і зыйдзі да Кеілы, бо Я аддам Пілішчан у рукі твае». І пайшоў Давід а людзі ягоныя да Кеілы; і ваяваў зь Пілішчанмі, і павёў статкі іхныя, і паразіў іх паразаю вялікаю, і выратаваў жыхараў Кеілы.

І было, як уцякаў Авафар Агімелешанак да Давіда да Кеілы, то прышоў з наплечнікам у руццэ сваёй. І наказалі Саўлу, што Давід прышоў да Кеілы, і Саўла сказаў: «Бог перадаў яго ў рукі мае, бо ён запер сябе, увыйшоўшы ў места з брамамі й заваламі». І згукаў Саўла ўвесь люд на вайну, каб зыйсьці да Кеілы, аблегчы Давіда а людзёў ягоных.

Як даведаўся Давід, што Саўла задумаў супроці яго ліха, то сказаў сьвятару Авафару: «Прынясі наплечнік». І сказаў Давід: «СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! пачуўшы пачуў слуга твой, што Саўла хоча прысьці да Кеілы, разбурыць места дзеля мяне. Ці выдадуць спадары Кеілы ў рукі яму? Ці зыйдзе сюды Саўла, як чуў слуга Твой? СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! скажы слузе Свайму». І сказаў СПАДАР: «Прыйдзе». І сказаў Давід: «Ці выдадуць спадары Кеілы мяне а людзёў маіх у рукі Саўлу?» І сказаў СПАДАР: «Выдадуць».

Тады ўстаў Давід а людзі ягоныя каля шасьцьсот чалавекаў, і вышлі з Кеілы, і хадзілі, ідзе маглі. Саўлу ж наказалі, што Давід уцёк із Кеілы, і тады ён паняхаіў паход. І прабываў Давід на пустыні ў няпрыступных месцах, і прабываў на гары на пустыні Зыф. Саўла шукаў яго ўсі дні, але Бог не аддаў у рукі яму. І бачыў Давід, што Саўла вышаў шукаць душы ягонае; Давід жа быў на пустыні Зыф у лесе.

І ўстаў Ёнафан Саўлянок, і прышоў да Давіда да лесу, і пасіліў рукі ягоныя ў Богу. І сказаў яму: «Ня бойся, бо ня знойдзе цябе рука айца майго Саўлы, і ты будзеш гаспадарстваваць у Ізраелю, а я буду другім па табе; і Саўла ацец мой, ведае гэта». І ўчынілі яны мяжсобку змову перад відам СПАДАРОВЫМ; і Давід застаўся ў лесе, а Ёнафан пайшоў да дому свайго.

І ўзышлі Зыфяне да Саўлы да Ґівеі, кажучы: «Ці не хаваецца Давід у нас у непрыступных месцах, у лесе, на ўзгорку Гахіла, каторы направа ад Ешымону. Дык, на жаданьне душы караля спусьціцца — спусьціся, а нам застанецца перадаць яго ў рукі твае». І сказаў ім Саўла: «Дабраславёныя вы ў СПАДАРА, бо пажалелі мяне! Ідзіце, я прашу вас, прыгатуйце яшчэ, і даведайцеся, і назірайце месца ягонае, ідзе нага ягоная будзе, хто бачыў яго там; бо імне кажуць, што ён надта хітры.

Затым назірайце й даведайцеся праз усі сховы, ідзе ён хаваецца, і ўзноў прыйдзіце да мяне з пэўнасьцяй, і я пайду з вамі; і калі ён у гэтай зямлі, я буду шукаць яго ў вусіх тысячах Юдзіных». І ўсталі яны, і пайшлі да Зыфу перш за Саўлу. Давід жа а людзі ягоныя былі на пустыні Маон, на раўніне, направа ад Ешымону. І пайшоў Саўла зь людзьмі шукаць яго. Але Давіду наказалі, і ён зышоў на скалу, і жыў на пустыні Маон. І пачуў Саўла, і пагнаўся за Давідам на пустыню Маон. І йшоў Саўла па адным баку гары, а Давід ізь людзьмі сваімі быў на другім баку гары. І як Давід барзьдзіў уцячы ад Саўлы, то Саўла зь людзьмі сваімі йшоў абступіць Давіда а людзёў ягоных, каб захапіць іх;

Тады прышоў пасланец да Саўлы, кажучы: «Барзьдзі а прыходзь, бо Пілішчане пашырыліся ў Ізраелю». І зьвярнуўся Саўла ад пагону за Давідам, і пайшоў наўпярэймы Пілішчанам; затым назвалі гэтае месца: Скала Падзелу. І ўзышоў Давід стуль, і жыў у непрыступных месцах Эн-Ґеды.

І сталася, як Саўла зьвярнуўся ад Пілішчан, што яму наказалі, кажучы: «Вось, Давід на пустыні Эн-Ґеды». І ўзяў Саўла тры тысячы выборных мужоў з усёга Ізраеля, і пайшоў шукаць Давіда а людзёў ягоных на скалах дзікіх коз. І прышоў аж да авечнікаў, ля дарогі; там была пячора, і зайшоўся туды накрыць ногі свае; Давід жа а людзі ягоныя сядзелі ўнутры па бакох пячоры. І сказалі Давіду людзі ягоныя: «Во дзень, праз каторы сказаў табе СПАДАР: "Вось, Я аддам злосьніка твайго ў рукі твае, і зробіш ізь ім, што табе любя"». Давід устаў і ціхусенька адрэзаў крысо вопраткі Саўлавае. І было просьле гэтага, што забілася сэрца ў Давіда, што ён адрэзаў крысо Саўлавае. І сказаў ён людзём сваім: «Крый мяне СПАДАР, каб я зрабіў гэта спадару свайму, памазанцу СПАДАРОВАМУ, выцягнуў руку сваю на яго, бо ён памазанец СПАДАРОЎ». І ўдзяржаў Давід людзёў сваіх гэтымі словамі, і ня даў ім паўстаць на Саўлу. А Саўла ўстаў зь пячоры і вышаў на дарогу.

І ўстаў Давід, і вышаў зь пячоры, і закрычэў за Саўлам, кажучы: «Спадару мой каролю!» Саўла азірнуўся назад, а Давід паў відам на зямлю й пакланіўся. І сказаў Давід Саўлу: «Чаму ты слухаеш словаў людзёў, каторыя кажуць: "Вось, Давід шукае ліха табе"? Вось, сядні бачаць вочы твае, што СПАДАР аддаваў цябе цяпер у рукі мае ў пячоры; і імне казалі, каб забіць цябе; але я пажалеў цябе і сказаў: "Ня выцягну рукі свае на спадара свайго, бо ён памазанец СПАДАРОЎ". І, войча мой! глянь, глянь жа на крысо сваё ў руццэ маёй; я адрэзаў крысо вопраткі твае, а цябе не забіў. Ведай і глянь, што няма ў руццэ маёй ліха ані выступу, і я не ізграшыў супроці цябе; а ты палюеш на душу маю, каб адняць яе. Рассудзі СПАДАР памеж імною й табою, і памсьці табе СПАДАР за мяне; але рука мая ня будзе на табе; Як кажа старавечная прыказь: "Ад бяспраўных выходзе бяспраўе". Але рукі мае хай ня будзе на табе. На каго вышаў кароль Ізраельскі? За кім ганяешся? За мертвым сабакам, за аднэй блыхою. СПАДАР хай будзе судзьдзёю і рассудзе меж імною й табою. Ён рассудзе, абароне маю справу й высудзе мяне з рукі твае». Як скончыў Давід гукаць словы гэтыя Саўлу, Саўла сказаў: «Ці твой гэта голас, сыну мой Давідзе?» І ўзьняў Саўла голас свой, і плакаў. І сказаў Давіду: «Ты справядліўшы за мяне, бо ты плаціў імне дабром, а я аддаваў табе ліхам. Ты паведаміў гэта сядні, як гэта ты абходзішся з імною добра; як СПАДАР аддаваў мяне ў рукі твае, ты не забіў мяне. Хто, знайшоўшы злосьніка свайго, адпусьціў бы яго ў добрую дарогу? СПАДАР аддасьць табе добрым за тое, што ты зрабіў імне сядні. І цяпер я ведаю, што ты напэўна будзеш каралём, і ўтрывалена будзе ў руццэ тваёй гаспадарства Ізраелява. Дык прысягні імне СПАДАРОМ, што ты ня выкараніш патомства майго просьле мяне і ня зьнішчыш імені майго ў доме айца майго». І прысяг Давід Саўлу. І пайшоў Саўла да дому свайго, Давід жа а людзі ягоныя ўзышлі на месца абароннае.

І памер Самуйла; і зьберліся ўсі Ізраелцы, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. А Давід устаў і зышоў на пустыню Паран.

І быў нейкі чалавек у Маоне, каторага занятак у Карміле, чалавек вельмі вялікі: у яго было тры тысячы авец і тысяча козаў; і сталася, што ён стрыг авечкі свае ў Карміле. Імя чалавека таго — Навал, а імя жонкі ягонае — Авіґаіла; гэта жонка добрага розуму й пазаркая, але муж цьвярды й чалавек благіх справаў, і ён з дому Калевавага. І пачуў Давід на пустыні, што Навал стрыжэць авечкі свае. І паслаў Давід дзесяцёх дзяцюкоў, і сказаў Давід дзяцюком: «Узыйдзіце на Карміл, і прыйдзіце да Навала, і папытайцеся ў яго ад мяне, як маецца. І скажыце гэтак: "Здароў, супакой табе, супакой дому твайму, супакой усяму твайму! І цяпер я пачуў, што стрыгуць у цябе. Вось, пастухі твае былі з намі, і мы не засаромілі іх, і нічагусенькі ў іх ня зьгінула ўвесь час быцьця іх на Карміле; Папытайся ў дзяцюкоў сваіх, і яны скажуць табе; дык хай знойдуць дзяцюкі ласку ў ваччу тваім, бо ў добры дзень прышлі мы; дай, калі ласка, што знойдзе рука твая, слугам сваім і сыну свайму Давіду"». І прышлі дзяцюкі Давідавы, і казалі Навалу ад Давіда, подле ўсіх словаў гэтых, і адзяржаліся. І адказаў Навал слугам Давідавым, і сказаў: «Хто такі Давід, і хто такі Есянок? Цяпер стала шмат слугаў, што адрываюцца ад паноў сваіх; Нягож імне ўзяць хлеб свой а ваду сваю а сьвежаніну, што я асьвяжыў стрыгучым авечкі ў мяне, і аддаць людзём, праз каторых ня ведаю, скуль яны?» І завярнуліся дзяцюкі ў сваю дарогу, і зьвярнуліся, і прышлі, і пераказалі яму подле ўсіх словаў гэтых. І Давід сказаў людзём сваім: «Паперажыцеся кажны мячом сваім». І ўсі паперазаліся мячамі сваімі, паперазаўся й Давід мячом сваім; і ўзышлі за Давідам каля чатырыста чалавекаў, а дзьвесьце засталося ля рэчаў. Авіґаіле Навалісе азнайміў адзін ізь дзяцюкоў, сказаўшы: «Вось, Давід прыслаў з пустыні пасланцоў дабраславіць спадара нашага, але ён накінуўся на іх із крыкам. А гэныя людзі вельма добрыя да нас, не засаромілі нас, і нічога ня зьгінула ў нас увесь час, як мы хадзілі зь імі, быўшы ў полю. Яны былі сьцяною нам і ночы і ўдзень, увесь час, пакуль мы былі зь імі, пасучы стады. Дык ведай і глядзі, што табе рабіць, бо пастаноўлена бяда на спадара нашага і на ўвесь дом ягоны; а ён сын Веляла, каб гукаць да яго». І пабарзьдзіла Авіґаіла, і ўзяла дзьвесьце букаткаў хлеба, і два скураныя мяхі зь віном, і пяць авец прыгатаваных, і пяць мераў пражаных зярнят, і сто вязанак разынак, і дзьвесьце вязанак фіґаў, і наклала на аслы. І сказала дзяцюком сваім: «Ідзіце сьпераду мяне, вось, я за вамі прыйду». А мужу свайму Навалу нічога не сказала. І было: яна ехала на асьле і спусьцілася далоў, закрытая гарой, і вось, Давід а ягоныя людзі спушчаюцца супроці яе, і яна стрэла іх. І Давід сказаў: «Але, дарма я сьцярог усе, што гэны меў на пустыні, і ня зьгінула нічога з усёга ягонага; а ён аддаў імне благім за добрае. Так хай учыне Бог злосьнікам Давідавым, і так хай дадасьць, калі я пакіну да раньня з усёга ягонага нават тога, што мочыцца на сьцяну». І Авіґаіла абачыла Давіда, і пабарзьдзіла, ісьсела з асла, і пала перад Давідам на від свой, і пакланілася да зямлі; І пала ў ногі яму, і сказала: «Хай будзе на імне бяспраўе, спадару мой; дазволь служэбцы тваёй гукаць у вушы твае, і паслухай словаў служэбкі свае. Няхай жа спадар мой не зважае на гэтага чалавека Веляла, на Навала, бо, якое імя ягонае, такі й ён. Навал — імя ягонае, і шал ягоны ізь ім. А я, служэбка твая, ня бачыла маладзёнаў спадара майго, каторых ты прыслаў. Дык цяпер, спадару мой, — жыў СПАДАР і жыва душа твая! — СПАДАР не дапусьціў цябе прысьці да крыві і ўсьцярог руку тваю; дык цяпер хай будуць, як Навал, злосьнікі твае й тыя, што шукаюць ліха спадару майму, Во дабраславенства гэта, каторае прывезла нявольніца твая спадару свайму, каб даць іх дзяцюком, што йдуць сьледам за спадаром маім. Даруй выступ служэбкі свае; СПАДАР напэўна ўладзе спадару майму дом трывалкі, бо войны СПАДАРОВЫ вядзець спадар мой, і ліха ня знойдзецца ў цябе ў вусі дні твае. Калі паўстане чалавек перасьледаваць цябе й шукаць душы твае, то душа спадара майго будзе завязана ў зьвязку жыцьця ў СПАДАРА, Бога твайго, а душу варагоў тваіх пусьце Ён бы пушчалам. І як учыне СПАДАР спадару майму подле ўсёга, што казаў празь цябе добрага, і прызнача цябе за правадыра над Ізраелям; То ня будзе гэта спатыкненьням табе ані спадманам сэрцу спадара майго, што не разьліў дарма крыві і ўсьцярог сябе ад помсты. І СПАДАР добра зьдзее спадару майму, і ўспомніш служэбку сваю».

І сказаў Давід Авіґаіле: «Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, Каторы паслаў цябе цяпер наўпярэймы імне. І дабраславёная цямлівасьць твая, і дабраславёна ты за тое, што ты цяпер не дапусьціла мяне прысьці да крыві. Але, — жыў СПАДАР, Бог Ізраеляў, што ўдзяржаў мяне ад ліха табе, — калі б ты не пабарзьдзіла й ня прышла наўпярэймы імне, то я не пакінуў бы Навалу да сьвітаньня нават таго, што мочыцца на сьцяну». І ўзяў Давід з рук ейных тое, што яна прывезла яму, і сказаў ёй: «Узыйдзі ў супакою да дому свайго; гля, я паслухаў голасу твайго і ўсьціў від твой». І прышла Авіґаіла да Навала, і вось, у яго чэсьць у доме ягоным, як чэсьць каралеўская, і сэрца Навалова было вясёлае ў яго, ён жа быў канчальна п’яны; і не сказала яму а нічога, ані большага, ані меншага, да сьвітаньня. І было нараніцы, як Навал выцьверазіўся, што сказала яму жонка ягоная словы гэтыя, і замерла ў ім сэрца ягонае, і стаў ён, як камень. І было дзён за дзесяць: паразіў СПАДАР Навала, і ён памер.

І пачуў Давід, што Навал памер, і сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Каторы моцна памсьціўся за паганьбеньне з рукі Навала, і захаваў слугу Свайго ад ліха, і злосьць Навалову абярнуў СПАДАР на галаву яму». І паслаў Давід, і казаў Авіґаіле, каб узяць яе сабе за жонку. І прышлі слугі Давідавы да Авіґаілы на Карміл, і сказалі ёй гэтак: «Давід паслаў нас да цябе, каб узяць цябе яму за жонку». Яна ўстала, і пакланілася відам да зямлі, і сказала: «Вось, хай служэбка твая будзе нявольніца, каб мыць ногі слугам спадара свайго». І пабарзьдзіла, і ўстала Авіґаіла, і ўсьсела на асла, і пяць дзяўчат пайшлі за ёю; і пайшла яна за пасланцамі Давідавымі, і стала жонкаю ягонай. І Агіноаму з Ізрэеля ўзяў Давід, і былі таксама гэтыя дзьве яго жонкамі.

Саўла ж аддаў дачку сваю Міхалу, жонку Давідаву, Палту Лаішонку, каторы з Ґаліму.

І прышлі Зыфяне да Саўлы да Ґівеы, кажучы: «Ціж не хаваецца Давід на ўзгорку Гахіла, каторы направа ад Ешымону?» І ўстаў Саўла, і спусьціўся на пустыню Зыф, і ізь ім тры тысячы выборных мужоў Ізраельскіх, каб шукаць Давіда на пустыні Зыф. І разьлёгся Саўла на ўзгорку Гахіла, каторы перад Ешымонам направа, ля дарогі; Давід жа прабываў на пустыні й бачыў, што Саўла прышоў за ім на пустыню; І паслаў Давід узьведнікаў, і даведаўся, што Саўла запраўды прышоў. І ўстаў Давід, і прышоў аж да месца, ідзе Саўла разьлёгся табарам, і абачыў Давід месца, ідзе ляжаў там Саўла а Аўнір Ніранок, вайводца ягоны, Саўла ж ляжаў у месцу, абаронным вазамі, а люд разьлёгся навокал яго. І адказаў Давід, і сказаў Агімелеху Гэцічу а Авішаю Цэруёнку, брату Ёававаму, кажучы: «Хто зыйдзе з імною да Саўлы да табару?» І адказаў Авішай: «Я зыйду з табою». І прышоў Давід із Авішаём да людзёў ночы, і вось, Саўла ляжыць, сьпіць у месцу, абаронным вазамі, і дзіда ягоная ўткнёна ў зямлю ля ўзгалоўя ягонага; Аўнір жа а люд ляжаць навокал яго.

Авішай сказаў Давіду: «Замкнуў Бог цяпер злосьніка твайго ў рукі твае; дык дазволь, я прыбю яго дзідаю аж да зямлі адным вытням і не паўтару яму». І сказаў Давід Авішаю: «Ня губі яго, бо хто, падняўшы руку на памазанца СПАДАРОВАГА, застанецца нявінны».

І сказаў Давід: «Жыў СПАДАР! хіба СПАДАР паразіць яго, альбо прыйдзе дзень ягоны, і ён памрэць, альбо зыйдзе на вайну, і ня стане яго; мяне ж хай не дапусьце СПАДАР падняць руку сваю на памазанца СПДАРОВАГА. А цяпер вазьмі ж дзіду, што ля ўзгалоўя ягонага, і жбан із вадою, і пойдзем да сябе». І ўзяў Давід дзіду а жбан із вадою ля ўзгалоўя Саўлавага, і пайшлі яны да сябе; і ніхто ня бачыў, але ўсі спалі; бо цьвярды сон ад СПАДАРА напаў на іх. І перайшоў Давід на другі бок, і стаў на версе гары здалеку, вялікае месца было меж іх. І загукаў Давід да люду а Аўніра Ніранка, кажучы: «Ці не адкажаш ты Аўніру!» І адказаў Аўнір, і сказаў: «Хто ты, што крычыш каралю?» І сказаў Давід Аўніру: «Ці ня муж ты, і хто роўны з табою ў Ізраелю? Чаму ж ты не сьцеражэш спадара свайго, караля? Во прыходзіў адзін ізь люду загубіць караля, спадара твайго. Ня добра ты гэта робіш; жыў СПАДАР! вы сыны сьмерці за тое, што не сьцеражыце спадара свайго — памазанца СПАДАРОВАГА. Дык глянь, ідзе дзіда каралёва й жбан із вадою, што былі ля ўзгалоўя ягонага?» І пазнаў Саўла голас Давідаў, і сказаў: «Ці твой гэта голас, сыну мой Давідзе?» І сказаў Давід: «Мой голас, спадару мой каролю». І сказаў яшчэ: «За што спадар мой перасьлядуе слугу свайго? што я зрабіў? якое ліха ў руццэ маёй? Дык цяпер хай выслухае спадар мой кароль словы слугі свайго: калі СПАДАР настроіў цябе супроці мяне, то прымі гэта за пах; а калі — сынове людзкія, то праклятыя яны перад СПАДАРОМ, бо яны выгналі мяне цяпер, каб не прылучыцца імне да спадку СПАДАРОВАГА, кажучы: "Ідзі, служы багом чужым". Дык хай не разальлецца ж кроў мая на зямлю перад відам СПАДАРОВЫМ, бо кароль Ізраеляў вышаў шукаць адну блыху, як ганяюцца за курапатаю па горах». І сказаў Саўла: «Ізграшыў я; зьвярніся, сыну мой Давідзе; бо наперад я ня буду рабіць табе ліха, бо душа мая была дарагая ў ваччу тваім сядні; вось, дурна рабіў я й мыляўся надзвычайна». І адказаў Давід, і сказаў: «Во дзіда каралёва; хай пярэйдзе адзін ізь дзяцюкоў і возьме яе. А СПАДАР зьверне кажнаму праўдзівасьць ягоную а вернасьць ягоную, бо СПАДАР аддаваў цябе ў рукі, але я не захацеў падняць рукі свае на памазанца СПАДАРОВАГА. І вось, як узьвялічылася душа твая сядні ў ваччу маім, так хай узьвялічыцца душа мая ў ваччу СПАДАРА, і хай выбаве мяне з усялякае бяды!» І сказаў Саўла Давіду: «Дабраславёны ты, сыну мой Давідзе; і справу справіш, і перамагчы пераможаш». І пайшоў Давід сваёю дарогаю, а Саўла зьвярнуўся на свае месца.

І сказаў Давід у сэрцу сваім: «Аднаго дня загіну я ад рукі Саўлавае, і няма імне нічога лепшага, як канечне ўцячы да зямлі Пілісцкае; і адчэпіцца ад мяне Саўла, каб ня шукаць мяне болей па ўсіх граніцах Ізраельскіх; і ўратуюся я ад рукі ягонае». І ўстаў Давід, і пайшоў сам а шасьцьсот мужоў, што былі зь ім, да Ахіша Маошонка, караля Ґафскага. І жыў Давід ув Ахіша ў Ґафе, сам а людзі ягоныя, кажны з домам сваім, Давід а абедзьве жонкі ягоныя — Агіноама Ізрэелянка а Авігаіла, жонка Навалова, Кармілянка. І наказалі Саўлу, што Давід уцёк да Ґафу, і ён болей ня шукаў яго.

І сказаў Давід Ахішу: «Калі я прыдбаў ласку ў ваччу тваім, то хай дана будзе імне месца ў вадным ізь местаў краю, і я буду жыць там; бо чаму слузе твайму жыць у каралеўскім месцу, з табою?» І даў яму Ахіш Цыклаґ; затым Цыклаґ і застаўся ў каралёў Юдэйскіх дагэтуль.

І быў лік дзён, што жыў Давід у краінах Пілісцкіх, год а чатыры месяцы. І ўзыходзіў Давід ізь людзьмі сваімі, і нападаў на Ґешуран а Ґірзян а Амалічан, бо яны здаўна насялялі гэты край ад уходу ў Шур аж да зямлі Ягіпецкае. І біваў Давід гэты край, і не пакідаў жывых ані мужчыны, ані жонкі, і забіраў авечкі а валы а аслы а вярблюды а адзежу, і зварачаўся, і прыходзіў да Ахіша. І казаў Ахіш: «На каго вы нападалі сядні?» Давід казаў: «На паўдня Юдэі а на паўдня Ерагмеелю а на паўдня Кіны». І ані мужчыны, ані жонкі не пакідаў Давід жывых ані прыводзіў да Ґафу, кажучы: «Каб не ўдалі нас, кажучы: "Гэтак рабіў Давід, і гэткі абычай ягоны быў усі дні, пакуль ён жыў у краінах Пілісцкіх"». І верыў Ахіш Давіду, кажучы: «Ён стаў чыста непахнючым люду свайму, Ізраелю, затым павек будзе маім слугою».

І было тых дзён, што зьберлі Пілішчане войскі свае на вайну, ваяваць із Ізраелям. І сказаў Ахіш Давіду: «Ведай пэўна, што ты пойдзеш з імною на вайну, ты а мужы твае». І сказаў Давід Ахішу: «З гэтага ты даведаешся, што зробе слуга твой». І сказаў Ахіш Давіду: «За тое пастанаўлю цябе вартаўніком галавы мае на ўсі дні».

І памер Самуйла, і плакаў па ім увесь Ізраель, і пахавалі яго ў Раме, у ягоным жа месьце.
Саўла ж выгнаў чараўнікоў а варажбітоў з краю. І зьберліся Пілішчане, і прышлі, і разьлягліся табарам у Шунеме; і зьбер Саўла ўсяго Ізраеля, і разьлягліся табарам у Ґелвоа. І абачыў Саўла табар Пілісцкі, і баяўся, і моцна задрыжэла сэрца ягонае. І папытаўся Саўла ў СПАДАРА; але СПАДАР не адказаў яму ані ў сьне, ані урымам, ані прарокамі. І сказаў Саўла слугам сваім: «Пашукайце імне жонку чараўніцу, і я пайду да яе, і папытаюся ў яе». І адказалі яму слугі ягоныя: «Вось, жонка чараўніца ў Ендору». І прыдаўся іншым Саўла, і адзеў накшыя адзецьці, і пайшоў сам а два чалавекі зь ім, і прышлі яны да жонкі ночы. І сказаў: «Калі ласка, паваражы імне духам, і ўзьвядзі імне, каго я скажу табе». Але жонка адказала яму: «Вось, ты ведаеш, што зрабіў Саўла, як аддаліў ён із краю чараўнікоў а варажбітоў, чаму ж ты ставіш пастку на душу маю, на сьмерць імне?» І прысягнуў ёй Саўла СПАДАРОМ, кажучы: «Жыў СПАДАР! ня будзе бяспраўя табе за гэтую справу». І сказала жонка: «Каго ж узьвесьці табе?» І сказаў ён: «Самуйлу ўзьвядзі імне». І абачыла жонка Самуйлу, і крыкнула вялікім голасам; і сказала жонка Саўлу, кажучы: «Чаму ты ашукаў мяне? Гэта ж ты — Саўла». І сказаў ёй кароль: «Ня бойся; што ж ты бачыш?» І адказала жонка Саўлу: «Бачу багоў, што выходзяць ізь зямлі». «Які выгляд ягоны?» Яна сказала: «Муж стары ўзыходзе, і ён апрануўшыся ў вахілім». І пазнаў Саўла, што гэта Самуйла, і паў відам на зямлю, і пакланіўся. І сказаў Самуйла Саўлу: «Нашто ты трывожыш мяне, каб я ўзышоў?» І адказаў Саўла: «Цяжка імне вельма: Пілішчане ваююць супроці мяне, а Бог адступіў ад мяне й болей не адказуе імне ані прарокамі, ані ў снох; і я выгукаў цябе, каб ты сказаў імне, што імне рабіць». І сказаў Самуйла: «Чаму ж ты пытаешся ў мяне, гэта ж СПАДАР адступіў ад цябе й стаў праціўнікам тваім? Учыніў СПАДАР сабе, як казаў імною: адарваў СПАДАР гаспадарства з рук тваіх і аддаў яго прыяцелю твайму, Давіду. Як ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА і ня споўніў палу гневу Ягонага на Амаліка, дык СПАДАР і ўчыніў табе гэта сядні. І аддасьць СПАДАР таксама Ізраеля з табою ў рукі Пілішчан; і заўтра ты а сынове твае будзеце з імною, таксама табар Ізраельскі аддасьць СПАДАР у рукі Пілішчан». І пабарзьдзіў Саўла, і ўпаў усім ростам сваім на зямлю, і дужа спалохаўся слоў Самуйлавых; дый сілы ня стала ў яго, бо ён ня еў хлеба ўвесь тый дзень і ўсю ноч. І прышла жонка да Саўлы, і абачыла, што ён вельмі спалохаўся, і сказала яму: «Вось, паслухала нявольніца твая голасу твайго, і паддала жыцьцё свае небясьпечнасьці, і паслухала слоў тваіх, што ты казаў імне. А цяпер паслухай, калі ласка, і ты голасу нявольніцы свае: я пастанаўлю перад табою кавалак хлеба, паеж і пасілішся, як пойдзеш у дарогу». Але ён адмовіўся й сказаў: «Ня буду есьці». І ўмаўлялі яго слугі ягоныя, а таксама жонка; дык ён паслухаў голасу іхнага, і ўстаў ізь зямлі, і сеў на ложак. У жонкі ж было ў доме ўкормленае цялё; і пабарзьдзіла, і зарэзала яго, і, узяўшы мукі, замясіла а сьпякла праснакі. І дабліжыла Саўлу а слугам ягоным, і яны пад’елі, і ўсталі, і пайшлі тае ж ночы.

І зьберлі Пілішчане ўсі табары свае ўв Афеку; а Ізраелцы разьлягліся ля жарала, каторае ў Ізрэелю. Князі Пілісцкія перайшлі із сотнямі а тысячамі, Давід жа а людзі ягоныя перайшлі ззаду з Ахішам. І сказалі князі Пілісцкія: «Што гэта за Гэбрэі?» І сказаў Ахіш князём Пілісцкім: «Хіба гэта не Давід, слуга Саўлаў, караля Ізраельскага, што быў з імною гэтыя дні і нават гэтыя гады, і я не знайшоў у ім нічога з часу яго адпаду аж дагэтуль». І абурыліся на яго князі Пілісцкія, і сказалі яму князі Пілісцкія: «Зьвярні ты гэтага чалавека, хай ён зьвернецца да свайго места, што ты быў прызначыў, хай ня зыходзе з намі на вайну і хай ня будзе нам праціўнікам на вайне. І чым ён можа ўлашчыць спадара свайго, як не галавамі гэтых мужоў? Ці гэта ня тый Давід, праз каторага адказавалі ў скоках, кажучы: "Саўла забіў тысячы, а Давід — дзесяткі тысячаў"?»

І пагукаў Ахіш Давіда, і сказаў яму: «Жыў СПАДАР! ты пасьцівы, і добры ў ваччу маім твой выхад і твой уход з імною ў табару, бо я не знайшоў у цябе ліхога з часу прыходу твайго да мяне аж дагэтуль; але ў вачох князёў ты ня добры. Дык цяпер зьвярніся, і йдзі ў супакою, і ня зробіш ліха ў вачох князёў Пілісцкіх». І Давід сказаў Ахішу: «Але што я зрабіў, і што ты знайшоў у слузе сваім з тога дня, як я быў перад відам тваім аж дагэтуль, чаму б імне ня йсьці й не ваяваць із варагамі спадара свайго, караля?» І адказаў Ахіш, і сказаў Давіду: «Я ведаю, што ты добры ў ваччу маім, як ангіл Божы, але князі Пілісцкія сказалі: «Хай ён ня ўзыходзе з намі на вайну». Дык устань нараніцы ты а слугі спадара твайго, каторыя прышлі з табою; і ўстаньце нараніцы, і вам будзе сьветла і йдзіце». І ўстаў Давід, сам а людзі ягоныя, каб ісьці нараніцы й зьвярнуцца да зямлі Пілісцкае. А Пілішчане ўзышлі да Ізраелю.

І было, як прышоў Давід а людзі ягоныя да Цыклаґу на трэйці дзень, што Амалічане напалі на паўдня а на Цыклаґ, і паразілі Цыклаґ, і спалілі яго цяплом, І ўзялі ў палон жанкі, што ў ім, ад малое аж да вялікае; не забілі ні воднае людзіны, але павялі і пайшлі сваёю дарогаю. І прышоў Давід а людзі ягоныя да места, і вось, яно спалена цяплом, а жонкі іхныя а сыны іхныя а дачкі іхныя ўзятыя ў палон. І загаласіў Давід а люд, былы зь ім, і плакалі, пакуль ня стала ў іх сілы плакаць. І абедзьве жонкі Давідавы былі ўзятыя ў палон, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка. Давіду была вялікая немарасьць, бо гукаў люд, каб укаменаваць яго, бо быў гаркі душою ўвесь люд, кажны па сынох сваіх а дачках сваіх. Але Давід пасіліўся надзеяю на СПАДАРА, Бога свайго,

І сказаў Давід Авафару сьвятару Агімелешанку: «Дабліж, калі ласка, імне наплечнік». І дабліжыў Авафар наплечнік Давіду. І папытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці гнацца імне за гэным аддзелам, і ці дажану я іх?» І сказана яму: «Жаніся, напэўна дажанеш і адыймеш». І пайшоў Давід сам а шасьцьсот мужоў, былых ізь ім; і прышлі да цур’я Весор, а засталыя адзяржаліся там. І гнаўся Давід сам а чатырыста чалавекаў; дзьвесьце ж чалавекаў адзяржаліся, бо, прыстаўшы, не маглі перайсьці цур’я Весорскага.

І знайшлі Егіпцяніна ў полю, і ўзялі яго да Давіда, і далі яму хлеба, і ён еў, і далі напіцца вады. І далі яму часьць вязанкі фіґаў і два зьвязкі разынак, і ён еў і пасіліўся; бо ён ня еў хлеба й ня піў вады тры дні й тры ночы. І сказаў яму Давід: «Чый ты й скуль ты?» І сказаў ён: «Я — дзяцюк Егіпцянін, слуга аднаго Амалічаніна, і кінуў мяне пан мой, бо ўжо трэйці дзень, як я захварэў. Мы напалі на паўднявую часьць Керэты, і на зямлю Юдзіну, і на паўднявую часьць Калева, а Цыклаґ спалілі цяплом». І сказаў яму Давід: «Ці зьвядзеш ты мяне да гэнага аддзелу?» І сказаў ён: «Прысягні імне Богам, што не заб’еш мяне і не перадасі мяне ў руку пана майго, і я зьвяду цябе да гэнага аддзелу». І ён зьвёў яго, і вось, распастрыўшыся па ўсім тым краю, ядуць а п’юць а вяселяцца з усёга вялікага здабытку, каторы яны ўзялі ізь зямлі Пілісцкае а ізь зямлі Юдэйскае. І біў іх Давід ад сутанку аж да вечара назаўтрае, і ніхто зь іх не ўратаваўся, апрача чатырыста маладзёнкаў, што селі конна на вярблюды й уцяклі. І ўратаваў Давід усе, што ўзялі Амалічане, і абедзьве жонкі свае ўратаваў Давід. І ня зьгінула ў іх нічагусінькі ад малога аж да вялікага, ані із сыноў, ані з дачок, ані із здабытку, ані з усёга, што ўзялі ў іх, — усе зьвярнуў Давід. І ўзяў Давід увесь драбны статак, а рагаты статак ён вёў перад іншаю свойскаю жывёлаю, і гукалі: «Гэта — здабытак Давідаў». І прышоў Давід да тых дзьвесьце чалавекаў, што засталіся, ідучы за Давідам, і ён пакінуў іх ля цур’я Весорскага; і вышлі яны наўпярэймы Давіду й наўпярэймы людзём, былым ізь ім. І дабліжыўся Давід да гэтых людзёў, і прывеціў іх.

І адказаў кажны благі чалавек і Велялы зь людзёў, што хадзілі з Давідам, і казалі: «За тое, што яны не хадзілі з імною, я ня дам ім із здабытку, каторы мы ўратавалі, адно хай кажны возьме сваю жонку а дзеці, і павядуць іх, і пойдуць».

І сказаў Давід: «Не рабіце гэтак, браты мае, просьле тога, як СПАДАР даў нам гэта, і захаваў нас, і аддаў у рукі нашы аддзел, што прыходзіў на нас. І хто паслухае вас у гэтай справе? бо якая часьць тым, што зыходзілі на вайну, такая часьць мае быць і тым, што сядзелі ля рэчаў: на ўсіх мае быць падзелена».

Гэтак было адгэнуль і пасьлей; і прыняў ён гэта ў права а ў вуставу Ізраелю аж дагэтуль. І прышоў Давід да Цыклаґу, і паслаў із здабытку старцом Юдзіным, прыяцелям сваім, кажучы: «Гэта вам дабраславенства із здабытку ў варагоў СПАДАРОВЫХ», — Тым, што ў Бэт-Элю, і тым, што ў паўднявым Рамофе, і тым, што ў Яфіру, І Тым, што ўв Ароіру, і тым, што ў Шыфмофе, і тым, што ў Ештэмоа, І тым, што ў Рахале а ў местах Ерагмеельскіх а ў местах Кінскіх, І тым, што ў Горме, і тым, што ў Вор-Ашане, і тым, што ўв Атасе, І тым, што ў Гэўроне а ў вусіх месцах, ідзе хадзіў Давід сам а людзі ягоныя.

Пілішчане ж ваявалі з Ізраелям, і ўцяклі мужы Ізраельскія ад Пілішчан, і палі забітыя на гары Ґілвоа. І дагналі Пілішчане Саўлу а сыноў ягоных, і забілі Пілішчане Ёнафана а Авінадава а Малхішуа Саўлянкоў. І бітва Саўлу стала цяжкой, і знайшлі яго стралцы з луку, і ён быў зранены стралцамі. І сказаў Саўла збрайношу свайму: «Агалі свой меч і пракалі мяне ім, каб ня прышлі гэтыя неабрэзаныя, і не пракалолі мяне, і ня зьдзекаваліся зь мяне». Але збрайноша не хацеў, бо надта баяўся. І ўзяў Саўла меч, і паў на яго. І абачыў збрайноша ягоны, што Саўла памер, і сам паў на свой меч, і памер ізь ім. Гэтак памер таго дня Саўла, і тры сыны ягоныя, і збрайноша ягоны, а таксама і ўсі людзі ягоныя таго самаго дня заразом. І абачылі мужы Ізраельскія, каторыя на другім баку даліны і каторыя на другім баку Ёрдану, што людзі Ізраельскія ўцяклі і што памерлі Саўла а сыны ягоныя, і пакінулі месты свае і ўцяклі, і прышлі Пілішчане й заселі ў іх.

І сталася назаўтрае, што прышлі Пілішчане абдзіраць забітых, і знайшлі Саўлу а трох сыноў ягоных, забітых на гары Ґілвоаскай, І сьцялі яму галаву, і зьдзерлі зброі ягоныя, і паслалі па зямлі Пілісцкай навокал, каб агаласіць праз гэта ў доме балваноў сваіх і люду. І палажылі зброі ягоныя ў доме Астарты, а цела ягонае прымацавалі да сьцяны Веф-Шану. І пачулі празь яго жыхары Явішу Ґілеадзкага, праз тое, што ўчынілі Пілішчане із Саўлам, І падняліся ўсі людзі дужыя, і йшлі ўсю ноч, і ўзялі цела Саўлава а целы сыноў ягоных ізь сьцяны Веф-Шану, і прышлі да Явішу, і спалілі іх там. І ўзялі косьці іхныя, і пахавалі пад тамарыскам у Явішу, і поставалі сем дзён.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.