Библия › Станкевіча › Руціна
І было таго часу, як радзілі судзьдзі, што была галадоў у зямлі; і пайшоў адзін чалавек із Бэтлеему Юдэйскага, жыць на палёх Моаўскіх, ён а жонка ягоная а два сыны ягоныя. А імя члавека Елімелех, імя жонкі ягонае Наомі, а імя двух сыноў ягоных Маглон а Хілён; яны былі Ехрамляне зь Бэтлеему Юдэйскага. І прышлі яны на полі Моаўскія, і былі там.
І памер Елімелех, муж Наомін, і засталася яна і два сыны яе. І яны ўзялі сабе жонкі з Моаўлянак; імя аднае Орпа, а імя другое Рут; і жылі яны там каля дзесяцёх год.
І памерлі таксама абодва Маглон а Хілён; і засталася тая жонка па абодвых сынох і па мужу сваім.
І ўстала яна зь нявесткамі сваімі, і пайшла назад із палёў Моаўскіх, бо пачула на палёх Моаўскіх, што СПАДАР даведаўся да люду свайго, каб даць ім хлеб. І вышла яна з тога места, у каторым яна была, і абедзьве нявесткі яе зь ёю. І пайшлі яны дарогаю, каб зьвярнуцца да зямлі Юдэйскае.
І сказала Наомі дзьвюм нявесткам сваім: «Ідзіце, зьвярніцеся кажная да дому маці свае. Хай СПАДАР учыне з вамі ласку, як вы ўчынілі з памерлымі а з імною! Хай дасьць вам СПАДАР, каб вы знайшлі супачынак, кажная ў доме мужа свайго!» І цалавала іх. Яны ж узьнялі голас свой і плакалі, І сказалі ёй: «Не, мы з табою зьвернемся да люду твайго». І сказала Наомі: «Зьвярніцеся, дачкі мае; нашто вам ісьці з імною? Ціж яшчэ ёсьць у мяне сынове ў маіх нутрох, каторыя былі б вам мужамі? Зьвярніцеся, дачкі мае, пайдзіце; бо я ўжо старая, каб быць замужам; ды калі б я й сказала: "Ё імне яшчэ надзея", нават, калі б я была гэтуго ноч мужу і нават нарадзіла сыноў, То ці можна вам ждаць, пакуль яны вырасьлі б? Ці можна вам адвалакаць і ня выходзіць замуж? Не, дачкі мае, бо горка імне вельма за вас, бо вышла супроці мяне рука СПАДАРОВА».
Яны ўзьнялі галасы свае і плакалі яшчэ. І Орпа цалавала сьвякрывю сваю, а Рут прыліпла да яе.
І сказала: «Вось, ятроўка твая зьвярнулася да люду свайго й да багоў сваіх; зьвярніся й ты за ятроўкаю сваёй!» І сказала Рут: «Не малі мяне пакінуць цябе й зьвярнуцца, каб ня йсьці за табою; бо куды ты пойдзеш, я пайду, і йдзе ты начаваць будзеш, я буду начаваць; люд твой — мой люд, Бог твой — Бог мой; І йдзе ты памрэш, і я памру, і там пахавана буду. Гэтак хай зробе СПАДАР імне, і гэтак хай дадасьць імне, бо адно сьмерць разлуча мяне з табою». І бачачы, што яна станаўко наважыла йсьці зь ёю, перастала гукаць ёй.
І йшлі абедзьве яны, пакуль ня прышлі да Бэтлеему. І сталася, як прышлі яны да Бэтлеему, што прышло ў рух усе места ад іх, і казалі: «Ці гэта Наомі?» І яна сказала ім: «Не завіце мяне Наомі, але завіце мяне Марою, бо ўчыніў Усемагучы гаркою вельма мяне. Я поўная вышла, а пустою зьвярнуў СПАДАР мяне. Нашто вам зваць мяне Наомі, калі СПАДАР мучыў мяне, і ўсемагучы прычыніў імне ліха?» І зьвярнулася Наомі, і Рут Моаўлянка, нявестка ейная зь ёю, зьвярнулася з палёў Моаўскіх, і яны прышлі да Бэтлеему на пачатку жніва ячменю.
У Наомі быў сваяк па мужу ейным, дужасіл, з радзімы Елімелехавае, і імя ягонае Воаз. І сказала Рут Моаўлянка Наомі: «Пайду ж я на поле, і буду падбіраць каласы за тым, у чыім аччу знайду ласку». Яна сказала ёй: «Пайдзі, дачка мая». І яна пайшла, і прышла, і падбірала ў полю за жнеямі. І прыгадзілася прыгода, што гэна была часьць поля Воазава, каторы з радзімы Елімелехавае. І вось, Воаз прышоў з Бэтлеему й сказаў жнеям: «СПАДАР із вамі!» І яны яму: «Дабраслаў цябе СПАДАР!» І сказаў Воаз дзяцюку свайму, прыганятаму над жнеямі: «Чыя гэта дзяўчына?» І адказаў дзяцюк, прыганяты над жнеямі, і сказаў: «Дзяўчына Моаўлянка яна, што зьвярнулася з Наомяй з палёў Моаўскіх; Яна сказала: "Я буду падбіраць, калі ласка, і зьбіраць памеж снапоў за жнеямі"; і прышла, і заставалася адгэнуль зраньня аж дагэтуль; у доме мала гэтая сядзіць».
І сказаў Воаз Руце: «Ці ня чула ты, дачка мая, не хадзі падбіраць на полю іншага, і не пераходзь адгэтуль, і гэтак прыліпні да маіх дзяўчат; Няхай вочы твае будуць на тым полю, ідзе яны жнуць, і хадзі за імі. Ці не загадаў я дзяцюком не чапаць цябе? Калі ўсьмягнеш, ідзі да судзьдзя й пі, скуль сіляюць дзяцюкі». Яна пала на від свой, і пакланілася да зямлі, і сказала яму: «Чаму прыдбала я ласку ў ваччу тваім, прызнаць мяне, за годную а я ж чужая?» І адказаў Воаз, і сказаў ёй: «Імне добра сказалі ўсе, што зрабіла ты сьвякрыві сваёй па сьмерці мужа свайго, і што пакінула ты айца свайго а маці сваю а край нараджэньня свайго, і прышла да люду, каторага ты ня знала ўчорах а заўчорах. Хай адплаце СПАДАР за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная надгарода ад СПАДАРА, Бога Ізраелявага, да каторага ты прышла, каб знайсьці схоў пад Яго крыламі». Яна сказала: «Хай прыдбаю я ласку ў ваччу тваім, спадару мой! бо ты пацешыў мяне, бо гукаў да сэрца нявольніцы свае, прымеж тога як я ня ёсьць, як адна зь нявольніц тваіх». І сказаў ёй Воаз: «У часе яды дабліжся сюды, і еж із хлеба, і мачай кавалак свой у воцат». І села яна ля боку жнеяў. Ён падаў ёй пражаныя зярняты, і яна ела, пад’ела, і яшчэ засталося. І ўстала, каб падбіраць. І даў загаду дзяцюком сваім, кажучы: «Таксама й памеж снапоў хай падбірае яна, і не саромце яе; І таксама выцягайце, выцягайце з добра вязаных снапоў і пакідайце, і хай яна падбірае, і ня крычыце на яе». І падбірала яна на полю аж да вечара, і вымалаціла, што назьбірала, і было каля ефы ячменю.
І падняла гэта, і прышла да места, і абачыла сьвякрывя ейная, што яна назьбірала. І выняла, і дала ёй тое, што засталося па насычэньню сябе. І сказала ёй сьвякрывя ейная: «Ідзе ты зьбірала сядні, і йдзе рабіла? Хай будзе дабраславёны, хто прызнаў цябе за годную». І азнайміла сьвякрыві сваёй, у каго яна рабіла, і сказала: «Імя чалавека, у каго я рабіла сядні, ё Воаз». І сказала Наомі нявестцы сваёй: «Дабраславёны ён у СПАДАРА, Каторы не спабыў ласкі Сваёй жывых ані памерлых». І сказала ёй Наомі: «Блізкі нам гэты чалавек; ён із нашых сваякоў». І сказала Рут Моаўлянка : «Таксама нават сказаў ён імне: "Хадзі за маладымі маімі, пакуль ня скончаць яны ўсяго жніва майго"». І сказала Наомі Руце, нявестцы сваёй: «Добра, дачка мая, што ты будзеш хадзіць ізь дзяўчатамі ягонымі, і ня будуць сустракаць цябе на полю іншага». І яна ліпла да дзяўчат Воазавых, каб падбіраць, пакуль ня скончылася жніво ячменю й жніво пшонкі, і жыла ў сьвякрыві сваёй.
І сказала ёй Наомі, сьвякрывя ейная: «Дачка мая, ці не пашукаць табе супачынку, каб табе добра было? І гля, ці не Воаз, сваяк наш, што ты была зь дзяўчатамі ягонымі? Вось, ён вее на таку ячмень гэтае ночы. Дык умыйся, памажся, надзень на сябе адзецьці свае, і зыйдзі на ток, але не паказуйся чалавеку, пакуль ня сконча есьці й піць. А як ён ляжа спаць, і будзеш ведаць месца, ідзе ён ляжыць, тады прыйдзеш і адкрыеш ля ног ягоных, і ляжаш. Ён скажа табе, што табе рабіць». І сказала ёй: «Зраблю ўсе, што ты сказала імне».
І зышла на ток, і зрабіла ўсе так, як казала ёй сьвякрывя ейная. І еў Воаз, і піў, і разьвесялілася сэрца ягонае, і пайшоў легчы ля канца тарпы. І яна прышла ціхенька, і адкрыла ля ног ягоных, і лягла.
І было а поўначы: і здрыгануўся гэты чалавек, і павярнуўся, і вось, жонка ляжыць ля ног ягоных. І сказаў: «Хто ты?» Яна сказала: «Я Рут, служэбка твая; прасьцягні крысо свае на служэбку сваю, бо ты блізкі». І ён сказаў: «Дабраславёна ты СПАДАРОМ, дачка мая! гэты апошні свой добры ўчынак зрабіла ты яшчэ ляпей за раньшы, што ты не пайшла за маладзёнамі, ці яны бедныя, ці багатыя. Дык цяпер, дачка мая, ня бойся, усе, што ты кажаш, я зраблю табе, бо ўсі брамы люду майго ведаюць, што ты жонка малайчына. Дык хоць і праўда, хоць я й сваяк, але таксама ё сваяк бліжшы за мяне. Пераначуй гэтую ноч; і будзе нараніцы: калі ён выкупе цябе, то добра, хай выкупляе; а калі ён не захоча выкупіць, то я выкуплю цябе; жыў СПАДАР! Ляжы да раньня». І ляжала яна ля ног ягоных аж да раньня, і ўстала ўперад, чымся хто мог пазнаць адзін аднаго. І сказаў: «Хай ня ведаюць, што жонка прыходзіла на ток». І сказаў: «Падай хусту, што на табе, і падзяржы яе». І яна дзяржала яе, і ён адмераў шэсьць мераў ячменю, і паддаў ёй, і яна прышла да места.
І прышла да сьвякрыві свае. І сказала: «Што ты, дачка мая?» І яна пераказала ёй усе, што зрабіў ёй чалавек тый. І сказала: «Гэтыя шэсьць мераў ячменю ён даў імне, бо сказаў імне: "Ня прыйдзі пустой да сьвякрыві свае"». І сказала: «Пасядзі, дачка мая, пакуль не даведаешся, як скончыцца справа, бо чалавек гэты не супакоіцца, ня скончыўшы сядні справы».
І Воаз узышоў да брамы, і сядзеў там. І вось, ідзець міма сваяк, праз каторага Воаз гукаў. І сказаў яму: «Зайдзіся сюды й сядзь тут, чалавеча». Тый зайшоўся й сеў. І ўзяў дзесяцёх чалавекаў із старцоў месцкіх, і сказаў: «Сядзьце гэтта». І яны селі. І сказаў сваяку: «Часьць поля брата нашага Елімелеха прадаець Наомі, што зьвярнулася з палёў Моаўскіх. Дык я сказаў: "Адкрыю вуху твайму, кажучы: купі перад седзячымі і перад старцамі люду майго". Калі выкупіш, выкупляй; а калі ня выкупіш, азнаймі імне, і я буду ведаць; бо апрача цябе, няма каму выкупіць, а па табе я». І тый сказаў: «Я выкуплю». І сказаў Воаз: «У дзень куплі поля з рукі Наомі, і Рут Моаўлянку, жонку памерлага, маеш купіць, каб аднавіць імя памерлага ў спадку ягоным». І сказаў тый сваяк: «Не магу выкупіць сабе, каб не папсаваць свайго собскага спадку; выкупі ты сабе, што я меў выкупіць, бо я не магу выкупіць».
І гэтак калісь было ў Ізраеля пры выкупе альбо пры мене, дзеля спаўненьня якое справы: адзін разуваў бот свой і даваў другому, і гэта было сьветчаньням у Ізраеля.
І сказаў тый сваяк Воазу: «Купі сабе»; і зьняў бот свой. І сказаў Воаз старцом а ўсяму люду: «Сьветкі вы цяпер, што я купіў усе Елімелехава й усе Хілёнава а Маглонава з рукі Наомі. І таксама Рут Моаўлянку, жонку Маглонаву, купіў яе сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадку ягоным, і каб ня было адцята імя памерлага ад братоў ягоных і ад брамы месца ягонага; сьветкі вы сядні». І сказаў увесь люд, каторы ля брамы, і старцы: «Мы сьветкі; хай дасьць СПАДАР жонку, што ўходзе ў дом твой, як Рахеля а як Лія, каторыя абедзьве збудавалі дом Ізраеляў. Прыдбавай багацьце ў Ефрафе, і хай славіцца імя твае ў Бэтлееме, І хай будзе дом твой, як дом Перэца, каторага нарадзіла Тамара Юдзе, ад тога насеньня, каторае дасьць табе СПАДАР ад гэтае маладзіцы».
І ўзяў Воаз Рут, і яна стала жонкаю ягонай. І ўвыйшоў ён да яе, і СПАДАР даў ёй цяжарнасьць і яна нарадзіла сына. І сказалі жанкі Наомі: «Дабраславёны СПАДАР, каторы не спабыў цябе выкупіцеля сядні! І будзе імя ягонае ў Ізраелю! Ён будзе табе асьвяжэньням душы й жывіць будзе сівізну тваю; бо нарадзіла нявестка твая, каторая цябе любе, каторая табе лепшая за сямёх сыноў».
І ўзяла Наомі дзецянё гэтае, і палажыла яго на ўлоньне свае, і была яму за няньку. І далі суседкі яму імя, кажучы: «У Наомі нарадзіўся сын», і назвалі імя ягонае: Овід. Ён бацька Еса, айца Давідавага.
І во род Перэцаў: Перэц нарадзіў Гэцрона; І Гэцрон нарадзіў Рама; і Рам нарадзіў Амінадава; І Амінадаў нарадзіў Нагшона; і Нагшон нарадзіў Салмона; І Салмон нарадзіў Воаза; І Воаз нарадзіў Овіда; І Овід нарадзіў Еса; І Есэ нарадзіў Давіда.