Библия › Станкевіча › Судзьдзяў

Судзьдзяў Ізраэлявых

І было, па сьмерці Ігошуі, і папыталіся сынове Ізраелявы ў СПАДАРА, кажучы: «Хто ўзыйдзе нам спачатку на Канааняніна, каб ваяваць ізь ім?» І сказаў СПАДАР: «Юда ўзыйдзе; вось, Я даў зямлю ў руку ягоную».

І сказаў Юда Сымону, брату свайму: «Узыйдзі з імною да жэрабя майго, і будзем ваяваць із Канаанянінам; і пайду таксама я з табою да жэрабя твайго». І пайшоў зь ім Сымон.

І ўзышоў Юда, і даў СПАДАР Канааняніна а Ферэзэя ў руку іхную, і пабілі яны іх у Везэку дзесяць тысячаў чалавекаў. І знайшлі яны Адоні-Везэка ў Везэку, і ваявалі зь ім, і паразілі Канааняніна а Ферэзэя. І ўцёк Адоні-Везэк; а яны пагналіся за ім, і схапілі яго, і адцялі вялікія палцы на руках ягоных і на нагах ягоных. І сказаў Адоні-Везэк: «Семдзясят каралёў з адцятымі на руках а на нагах іхных вялікімі палцамі зьбіралі пад сталом маім; як рабіў я, так імне аддаў Бог». І прывялі яго да Ерузаліму, і ён памер там.

І ваявалі сынове Юдзіны супроці Ерузаліму, і ўзялі яго, і зразілі яго лязом мяча, і места аканавалі цяплу. І потым зышлі сынове Юдзіны ваяваць із Канаанянінам, жыхарам гораў, і на паўдню і на нізіне. І пайшоў Юда на Канааняніна, каторы жыў у Гэўроне, імя ж Гэўрону ўперад Кіраф-Арба, і зразілі Шэшая а Агімана а Фалмая. І пайшоў стуль ён супроці жыхараў Дэвіру; імя Дэвіру ўперад Кіраф-Сэфер.

І сказаў Калеў: «Хто зразе Кіраф-Сэфер і зваюе яго, то аддам яму Ахсу, дачку сваю, за жонку».

І зваяваў яго Офнель Кенаёнак, сын брата Калевавага, меншага за яго; і даў яму Ахсу, дачку сваю, за жонку. І было, як яна мела ісьці, што яна намовіла яго прасіць у вайца ейнага тое поле, і яна ссунулася з асла. І сказаў ёй Калеў: «Чаго табе?» І сказала яму: «Дай імне дабраславенства, бо зямлю паўднявую ты даў імне, то дай імне й жаролы водаў». І даў ёй Калеў жаролы вышнія й жаролы дольнія.

І сынове Кіняніна, сьця Масеявага, узышлі зь места пальмаў із сынамі Юдзінамі на пустыню Юдзіну, каторая на паўдня ад Араду, і пайшоў, і асяліўся зь людам.

І пайшоў Юда із Сымонам, братам сваім, і зразілі Канааняніна, жыхара Цэфафа, і аканавалі яго, і названа места гэтае Горма. Юда заваяваў Ґазу а граніцы яе, і Ашкелон у граніцах яго, і Екрон у граніцах яго. І быў СПАДАР ізь Юдаю, і ён апанаваў гару. Але не прагнаў жыхараў даліны, бо зялезныя цялежкі былі ў іх. І аддалі Калеву Гэўрон, як казаў Масей, і выгнаў стуль трох сыноў Енаковых.

Але Евусэя, жыхара Ерузаліму, ня выгналі сынове Веняміновы, і жыў Евусэй із сынамі Веняміновымі ў Ерузаліме дагэтуль.

І ўзышлі сынове Язэпавы, таксама яны, на Бэт-Эль, і СПАДАР быў ізь імі. І шпегаваў дом Язэпаў Бэт-Эль, імя ж места ўперад: Луз. І абачылі старожы чалавека, каторы выходзіў зь места, і сказалі яму: «Пакажы нам уход у места, і мы зробім із табою міласэрдзе». І ён паказаў ім уход у места, і зразілі яны места лязом мяча, а чалавека таго і ўсю радню ягоную адпусьцілі. І пайшоў чалавек тый да зямлі Гэцічаў, і збудаваў места, і назваў імя яго Луз. Гэта імя яго дагэтуль.

І ня выгнаў Манас жыхараў Веф-Шэану а местачкаў ягоных, і жыхараў Фаанаху а местачкаў ягоных, жыхараў Дору а местачкаў ягоных, і жыхараў Іўлеаму а местачкаў ягоных, і жыхараў Мегіда а местачкаў ягоных, і зычыў Канаанянін жыць у зямлі гэтай. І было, як Ізраель падужэў, тады зрабіў ён Канааняніна даньнікам, але выгнаць ня выгнаў яго.

І Яхрэм ня выгнаў Канааняніна, што жывець у Ґезэру, і жыў Канаанянін сярод іх у Ґезэру.

Завулон ня выгнаў жыхараў Кітрону і жыхараў Нагалолу, і жыў Канаанянін сярод яго, і сталі даньнікамі.

Ашэр ня выгнаў жыхараў Акка а жыхараў Сыдону а Аглаву а Ахзыву а Гэлвы а Афіку а Рэгову. І жыў Ашэр сярод Канааняніна, жыхара зямлі тае, бо ня выгнаў іх.

І Неффалім ня выгнаў жыхараў Веф-Шэмешу а жыхараў Веф-Анафу, і жыў сярод Канааняніна, жыхара зямлі тае; а жыхары Веф-Шэмешу а Веф-Анафу былі даньнікамі ім. І сьціскалі Аморэі сыноў Дановых у гары, бо не давалі ім зыходзіць на даліну. І зычылі Аморэі жыць на гары Гэрэс, ув Айялоне а Шаалвіме; і стала цяжкою рука сыноў Язэпавых, і сталі яны даньнікамі. Граніцы ж Аморэяў ад узгор’я Акравіму і ад скалы й далей.

І ўзышоў Ангіл СПАДАРОЎ з Ґілґалу да Бохіму, і сказаў: «Я вывеў вас ізь Ягіпту і прывёў вас да зямлі, праз каторую прысягаў айцом вашым, і сказаў Я: "Ня ўзрушу змовы Свае з вамі на векі. А вы не рабіце змовы із жыхарамі гэтае зямлі, аброчнікі іхныя разбурыце". Але вы не паслухалі голасу Майго. Што гэта вы зрабілі? І таксама Я сказаў: "Ня выжану іх ад вас, і будуць яны вам сеткамі, багі іхныя будуць вам пераказаю"». І было, як Ангіл СПАДАРОЎ казаў словы гэтыя ўсім сыном Ізраелявым, то люд загаласіў і плакалі. І назвалі імя месца таго Бохім. І абракалі там СПАДАРУ.

І быў адпусьціўшы Ігошуа люд, і пайшлі сынове Ізраелявы кажны да спадку свайго адзяржаць зямлю. І служыў люд СПАДАРУ ўсі дні Ігошуі й усі дні старцоў, каторых дні працягнуліся па Ігошуі, і каторыя бачылі ўсю вялікую справу СПАДАРОВУ, якую Ён учыніў Ізраелю.

І памер Ігошуа Нунянок, слуга СПАДАРОЎ, сту дзесяцёх год, І пахавалі яго на граніцы спадку ягонага ў Фімнах-Гэрэсе, на гары Яхрэмавай, на поўнач ад гары Ґаашу; І таксама ўвесь род гэты быў прылучаны да бацькоў сваіх, і паўстаў іншы род просьле іх, каторы ня знаў СПАДАРА і таксама справу, што ён чыніў Ізраелю.

І зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам; І пакінулі СПАДАРА, Бога бацькоў сваіх, каторы вывеў іх ізь зямлі Ягіпецкае, і пайшлі за іншымі багамі, багамі, каторыя навокал іх, і кланяліся ім, і гневалі СПАДАРА; І пакінулі СПАДАРА, і служылі Ваалу а Астартам. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і аддаў іх у рукі глабаньнікаў, і глабалі іх; і аддаў іх у рукі варагоў іхных, што навокал, і не маглі ўжо вытрываць перад варагамі сваімі. Усюдых, куды яны ні пайшлі, рука СПАДАРОВА ўсюдых была ім на ліха, як казаў СПАДАР і як прысягаў СПАДАР ім. І было ім вельмі цесна. І паўстанаўляў СПАДАР судзьдзяў, і ратавалі яны іх ад рукі глабаньнікаў іхных; Але таксама й судзьдзяў сваіх яны ня слухалі, але бязулілі за іншымі багамі й кланяліся ім, уборзьдзе адвярнуліся яны ад дарогі, па каторай хадзілі айцове іхныя, каб слухаць расказаньняў СПАДАРОВЫХ. Яны так не рабілі. І як СПАДАР пастанавіў ім судзьдзяў, то быў СПАДАР із судзьдзёю, і ратаваў іх ад рукі непрыяцеляў іхных усі дні судзьдзі, бо жалеў СПАДАР дзеля стогнаў іхных ад мукараў а ўцісканьнікаў іхных. І бывала, як паміраў судзьдзя, яны зварачаліся й псаваліся гарэй за айцоў сваіх, каб хадзіць за іншымі багамі, каб служыць ім а кланяцца ім. Не заставаліся ад ўчынкаў сваіх і ад упорлівае дарогі свае. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і сказаў ён: «За тое, што народ гэты выступіў із змовы, каторую Я расказаў бацьком іхным, і ня слухае голасу Майго, Таксама Я ня буду болей выганяць ад іх ні воднага з тых народаў, каторых пакінуў Ігошуа, як паміраў, Каб прабаваць імі Ізраеля, ці будуць яны дзяржацца дарогі СПАДАРОВАЕ і хадзіць ёю, як дзяржаліся бацькі іхныя, ці не». І пакінуў СПАДАР народы гэтыя, каб ня выгнаць іх неўзабаве, і не аддаў іх у рукі Ігошуі.

І во тыя народы, каторыя пакінуў СПАДАР, каб прабаваць імі Ізраелцаў, усіх, каторыя ня ведалі праз усі войны Канаанскія, Адно дзеля веданьня родаў сыноў Ізраелявых, каб вучыць іх вайны, бо ўперад ня зналі яе: Пяцёх князёў Пілісцкіх, усі Канааняне, Сыдоняне а Гэвеі, што жывуць на гары Лібане, ад гары Ваал-Гэрмону аж да ўходу ў Гамаф. І яны былі, каб імі прабаваць Ізраелцаў, даведацца, ці будуць яны паслушныя расказаньням СПАДАРОВЫМ, каторыя Ён расказаў айцом іхным Масеям. І сынове Ізраелявы жылі сярод Канааняніна, Гэціча, Аморэя, Ферэзэя, Гэвея а Евусэя; І бралі дачкі іхныя сабе за жонкі, і свае дачкі аддавалі за сыноў іхных, і служылі багом іхным.

І зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і забыліся СПАДАРА, Бога свайго, і служылі Ваалам а Астартам. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і выдаў іх у рукі Хушан-Рышафаіма, караля Арам-Нагараіму, і служылі сынове Ізраелявы Хушан-Рышафаіму восьмі год. Тады загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, і пастанавіў вывальніка сыном Ізраелявым, каторы вывальніў іх, Офнеля, сына Кеназа, брата Калевавага, меншага за яго. І быў на ім Дух СПАДАРОЎ, і ён судзіў Ізраеля. Ён вышаў на вайну, і аддаў СПАДАР у рукі ягоныя Хушан-Рышафаіма, караля Араму, і дужая была рука ягоная над Хушан-Рышафаімам. І ціха было ў зямлі. І памер Офнель Кеназёнак.

І далей рабілі ліха сынове Ізраелявы ў ваччу СПАДАРА, і ўмацаваў СПАДАР Еґлона, караля Моаўскага, супроці Ізраелцаў, за тое, што яны рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА. Ён зьбер да сябе сыноў Амонавых а Амалікавых, і пайшоў, і зразіў Ізраеля, і апанавалі яны места Пальмаў. І служылі сынове Ізраелявы Еґлону, каралю Моаўскаму, асьмінанцаць год. І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, і СПАДАР пастанавіў ім вывальніка Егуда Ґеранка, Венямінаўца, мужа не валодаючага праваю рукою. І паслалі сынове Ізраелявы ім дары Еґлону, каралю Моаўскаму. І зрабіў сабе Егуд меч із двума лязамі, локаць удаўжкі, і прыперазаў яго пад вопраткаю сваёю з правага боку свайго. І дабліжыў дар Еґлону, каралю Моаўскаму, Еґлон жа быў чалавек вельма таўсты. І было, як скончыў даваць дар, то адпусьціў люд, што прынесьлі дар, А сам зьвярнуўся ад выразаных балваноў, каторыя ў Ґілґале, і сказаў: «Тайнае слова ё ў мяне да цябе, каролю». Ён сказаў: «Ціха!» І вышлі ад яго ўсі, што стаялі пры ім. Егуд увыйшоў да яго; ён сядзеў у верхнім халадковым пакою, каторы меў аднаму сабе. І сказаў Егуд: «Слова Божае ў мяне да цябе». І ён устаў із свайго седава. Егуд выцягнуў левую руку сваю, і ўзяў меч з правага боку свайго, і ўсадзіў у чорава ягонае, І ўвыйшло таксама дзяржаньне за лязом, і тук пакрыў лязо; бо ня выцягнуў ляза з чэрава ягонага, і прайшоў у кутніцу. І вышаў Егуд перазь сені, і зачыніў за сабою дзьверы верхняга пакою, і замкнуў. А як ён вышаў, слугі прышлі й бачаць, і вось, дзьверы верхняга пакою замкнёныя, і кажуць: «Пэўне ён прыкрывае ногі свае ў халадковым пакою». І ждалі аж сароміліся, і вось, ён не адмыкае дзьвярэй верхняга пакою, і ўзялі ключ, і адамкнулі, і вось, спадар іхны ўпаў на зямлю мертвы. А Егуд уцёк, пакуль яны длякаліся, прайшоў за выразаныя балваны й уцёк да Сэйрагу. І было, як ён прышоў і затрубіў у трубу на гары Яхрэмавай, дык зышлі зь ім сынове Ізраелявы з гары, і ён сьпераду іх. І сказаў ім: «Ганіце за імною, бо аддаў СПАДАР варагоў вашых, Моава, у рукі вашы». І зышлі за ім, і заваявалі броды Ёрдану аж да Моаву, і не давалі нікому пераходзіць. І пабілі Моава ў тым часе каля дзесяцёх тысячаў чалавекаў, кажнага таўстога а кажнага дужасіла, і ніхто ня ўцёк. І быў Моаў укораны ў тым дню пад руку Ізраеля, і было ціха ў зямлі асьмідзясят год.

І просьле яго быў Шам-Ґар Анафёнак, і зразіў Пілішчан шасьцьсот чалавекаў валовім нарогам, і ён таксама вывальніў Ізраеля.

І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА. Егуд жа памер. І выдаў іх СПАДАР у рукі Явіна, караля Канаанскага, каторы гаспадарстваваў у Гацору; і вайводцам у яго быў Сысэра, а ён жыў у Гарошэф-Гаґоіме. І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА; бо ў яго было дзевяцьсот зялезных цялежак, і ён моцна ўціскаў сыноў Ізраелявых дваццаць год.

І Дэвора, жонка-прарока Лапідофіха, судзіла Ізраеля таго часу. І жыла яна пад пальмаю Дэворынаю, меж Рамы й Бэт-Элю, на гары Яхрэмавай; і ўзыходзілі да яе сынове Ізраелявы на суд. І паслала, і пагукала Варака Авіноаменка зь Кедэшу Неффалімовага, і сказала яму: «Ціж не расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Пайдзі, прыцягні людзёў на гару Табор і вазьмі із сабою дзесяць тысячаў чалавекаў із сыноў Неффалімовых а сыноў Завулонавых; А Я прыцягну да цябе аж да цур’я Кішону, Сысэру, вайводцу Явіновага, і цялежкі ягоныя, і множасьць ягоную, і аддам яго ў рукі твае"». І сказаў ёй Варак: «Калі ты пойдзеш з імною, то я пайду; а калі ня пойдзеш з імною, не пайду». І яна сказала: «Пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе чэсьць на гэтай дарозе, у каторую ты йдзеш, бо ў руку жонкі выдасьць СПАДАР Сысэру». І ўстала Дэвора, і пайшла з Вараком да Кедэшу. І згукаў Варак Завулона а Неффаліма да Кедэшу, і ўзышлі да ног ягоных дзесяць тысячаў чалавекаў, і Дэвора ўзышла зь ім.

І Гэвер Кінянін аддзяліўся ад Кінян, ад сыноў Говававых, сьця Масеявага, і расьцягнуў будан свой ля дубровы ў Цаананіме ля Кедэшу.

І наказалі Сысэру, што ўзышоў Варак Авіноаменак на гару Табор. І згукаў Сысэра ўсі цялежкі свае, дзевяцьсот зялезных цялежак, і ўвесь люд, каторы ў яго, з Гарошэф-Гаґоіму аж да цур’я Кішону.

І сказала Дэвора Вараку: «Устань, бо гэта тый дзень, у каторым дасьць СПАДАР Сысэру ў рукі твае; ціж ня пойдзе СПАДАР перад табою!» І зышоў Варак із гары Табору, і дзесяць тысячаў чалавекаў за ім. І ўчыніў СПАДАР сумятяю Сысэры, і ўсім цялежкам ягоным, і ўсякаму табару ягонаму ад ляза мяча перад Вараком, і зышоў Сысэра зь цялежак, і ўцякаў пехатой. І Варак гнаўся за цялежкамі а за табарам аж да Гарошэф-Гаґоіму, і паў увесь табар Сысэрын ад ляза мяча, не засталося нават аднаго.

І Сысэра ўцёк пехатой да будану Яілінага, жонкі Гэвера Кіняніна, бо быў мір памеж Явіна, караля Гацорскага, і дому Гэвера Кіняніна. І вышла Яіль напярэймы Сысэры, і сказала яму: «Зайдзіся, спадару мой, зайдзіся да мяне, ня бойся». І ён зайшоўся да яе, да будану, і яна накрыла яго каберцам. І сказаў ён: «Дай імне, калі ласка, крыху вады напіцца, бо я сьмягну». І яна разьвязала мех малака, і дала яму піць, і накрыла яго. І сказаў ёй: «Стань ля дзьвярэй будану, і калі хто прыйдзе, і папытаецца ў цябе, і скажа: "Ці няма тут каго?" Ты кажы: "Няма"». І ўзяла Яіль Гэверыха калок ад будану, і ўзяла молат у руку сваю, і падышла да яго ціханька, і ўбіла калок у віскавіцу ягоную, і прыбіла да зямлі; а ён спаў у глыбокім сьне, бо быў стамаваўшыся, і памер.

І вось, Варак гоніцца за Сысэрам. І вышла Яіль напярэймы яму, і сказала яму: «Увыйдзі, я пакажу табе чалавека, каторага ты шукаеш». Ён увыйшоў да яе, і вось, Сысэра ўпаўшы мертвы, і калок у віскавіцы ягонай.

І ўкарыў Бог таго дня Явіна, караля Канаанскага, перад сынамі Ізраелявымі. І дужэла рука сыноў Ізраелявых болей а болей, і была цяжкая над Явіном, каралём Канаанскім, аж пакуль ня выгубілі яны Явіна, караля Канаанскага.

І пяяла Дэвора а Варак Авіноаменак таго дня, кажучы: «Як вайводцы павялі Ізраеля, як люд самахоць аброкся, дабраслаўце СПАДАРА! Слухайце, каралёве, настаўце вуха, князі, я СПАДАРУ, я буду пяяць а выхваляць СПАДАРА, Бога Ізраелявага. СПАДАРУ, як выходзіў Ты із Сэвіру, як сігаў з поля Едомскага, зямля трэслася, таксама неба капала, таксама булакі капалі вадою; Горы сьцякалі ад віду СПАДАРА, гэты Сынай ад віду СПАДАРА, Бога Ізраелявага. За дзён Шамґара Анафёнка, за дзён Яілі былі пустыя гасьцінцы, і ходзячыя сьцежкамі хадзілі крывымі гасьцінцамі. Перасталі быць адкрытыя месты ў Ізраелю, перасталі быць, пакуль не паўстала я, Дэвора, не паўстала я, маці ў Ізраелю. Абралі новыя багі, тады бывала вайна ў брамах. Ці відзён быў шчыт а дзіда ў сараку тысячаў Ізраеля? Сэрца мае да правадаўцаў Ізраеля, што абракаліся самахоць памеж люду. Дабраслаўце СПАДАРА! Езьдзячыя на асьліцах сьветлых, седзячыя на каберцах і ходзячыя па дарозе, гукайце! Голасам лучнікаў ля месцаў сіляньня вады, там паўтарайце справядлівасьці СПАДАРОВЫ, справядлівасьці над адкрытымі местамі ў Ізраелю! Тады ўзыйдуць да брамаў люд СПАДАРОЎ. Ушчоль, ушчоль, Дэвора, ушчоль, ушчоль! кажы песьню! Устань Варача! і вядзі палоненікаў сваіх, Авіноаменку! Тады зышла астача дабрародных люду; СПАДАР зышоў да мяне меж дужасілаў. Зь Яхрэма тыя, што ўкараніліся ў зямлі Амаліка; за табою Венямін сярод люду твайго; з Махіру зышлі правадаўцы, і із Завулона валодуючыя пяром кніжніка. І князь у Іссасхару з Дэвораю, і Іссасхар, як і Варак, пасланы ў даліну пехатой. У цур’ёх Рувінавых вялікія рассудкі сэрца. Чаго сядзіш памеж авечнікаў, слухаць бляяньне стадаў? Ля цур’ёў Рувінавых вялікія ўпікі сэрца. Ґілеад жывець за Ёрданом, і чаму Дан падарожжуе ў караблёх? Ашэр сядзідь на беразе мора, і ля партоў сваіх перабывае. Завулон — люд, што даў у небясьпечнасьць душу сваю на сьмерць, і Неффалім на вышынях поля. Прышлі каралі, ваявалі, тады ж ваявалі каралі Канаанскія ў Фаамасе ля водаў Меґідзкіх, але прыбытку срэбра ня бралі. Зь неба ваявалі, зоры ізь сьцежкаў сваіх ваявалі із Сысэрам. Цурэй Кішон панёс іх, цурэй Кедумін, цурэй Кішон. Тапчы, душа мая, сілу! Тады стукацелі капыты конскія ад подскакаў, ад подскакаў дужых ягоных. "Праклініце Мероз, — казаў Ангіл СПАДАРОЎ, — праклініце, праклініце жыхараў яго за тое, што ня прышлі на помач СПАДАРУ, на помач СПАДАРУ з харобрымі". Няхай будзе дабраславёная меж жанок Яіль, жонка Гэвера Кіняніна, меж жанок у буданох хай будзе дабраславёная. Вады прасіў ён, малака падала яна, дабліжыла масла ў жбанку дабрародных. Руку сваю выцягнула да калка, а правую сваю да молата работніцкага; прабіла молатам Сысэру, працяла галаву ягоную, разьбіла а пракалола віскавіцу ягоную. Меж ног ейных укляк, паў, ляжаў меж ног ейных, укляк, паў; ідзе ўкляк, там і паў спабыты жыцьця.

З акна глядзела далоў і галасіла маці Сысэрына: "Чаму адвалакае прыбыць коньніца ягоная, чаму длякаюцца сігі цялежак ягоных?" Разумнейшыя з княгіняў ейных адказуюць ёй, і сама яна адказуе сабе на словы свае: "Ці не знайшлі яны, дзеляць здабытак, па дзеўцы, па дзьве дзеўкі на кажнага дужасіла; у здабытак калярыстыя Сысэру, у здабытак калярыстыя вышытыя, калярыстыя вышытыя на шыі тым, што ўзялі здабытак". Так хай загінуць усі варагі Твае СПАДАРУ. Любячыя ж Яго — як сонца, што ўзыходзе ў сіле сваёй». І сьцішылася зямля на сорак год.

Зрабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і аддаў іх СПАДАР у рукі Мідзянян на сем год. І сілілася рука Мідзянян над Ізраелям. Ад Мідзянян зрабілі сабе сынове Ізраелявы раськепіны ў горах а пячоры а гарады. І было: як пасее Ізраель, і ўвыйдзе Мідзян а Амалік а сынове ўсходу, і ўзыходзяць на яго; І разьлягаліся табарамі, і нікбілі плады зямлі аж да прыходу твайго да Ґазы, і не пакідалі на выжывеньне ў Ізраелю ані авечкі, ані вала, ані асла; Бо яны й статкі іхныя ўзыходзілі з буданамі, прыходзілі, як шаранча, у множасьці; а ім і вярблюдом іхным ня было ліку, і прыходзілі да зямлі Ізраельскае, каб пустошыць яе. І пагалеў Ізраель вельмі ад Мідзянян, і загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА.

І было, як загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА на Мідзянян, Дык паслаў СПАДАР чалавека, прароку сыном Ізраелявым, і сказаў ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Я ўзьвёў вас ізь Ягіпту, і вывеў вас із дому нявольнікаў, І выбавіў вас із рукі Ягіпцян і з рукі ўсіх, што ўціскалі вас, і прагнаў іх ад вас, і даў вам зямлю іхную, І сказаў вам: ’Я СПАДАР, Бог ваш; ня бойцеся багоў Аморэйскіх, у каторых зямлі вы жывіце’; але вы не паслухалі голасу Майго"». І прышоў Ангіл СПАДАРОЎ, і сеў у Офры пад дубам Ёаша Авезрацкага, а Ґедэон, сын ягоны, малаціў тады пшонку ў вінной таўчэльні, каб схаваць яе ад Мідзян. І зьявіўся яму Ангіл СПАДАРОЎ, і сказаў яму: «СПАДАР із табою, дужасіле!» І сказаў яму Ґедэон: «О спадару мой! І калі СПАДАР із намі, дык чаму стрэла нас усе гэта? І йдзе ўсі чудосы Ягоныя, праз каторыя павядалі нам айцове нашы, кажучы: "Ці не зь Ягіпту вывеў нас СПАДАР?" А цяпер пакінуў нас СПАДАР і аддаў нас у рукі Мідзянян». І зьвярнуўся да яго СПАДАР, і сказаў: «Ідзі з гэтаю сілаю сваёю і выбаві Ізраеля з рукі Мідзянян; ці ня Я пасылаю цябе?» І сказаў Яму: «О СПАДАРУ мой! чым выбаўлю я Ізраеля? Вось, наша тысяча найбяднейшая ў Манаса, і я наймалодшы ў доме айца свайго». І сказаў яму СПАДАР: «Бо Я буду з табою, і ты паразіш Мідзянян, як аднаго чалавека». І сказаў Яму: «Калі ж я прыдбаў ласку ў ваччу Тваім, то зрабі імне знак, што Ты гутарыш з імною. Не адступі адсюль, пакуль я ня прыйду да Цябе, і ня вынясу дару свайго, і не палажу перад табою». Ён сказаў: «Я забаўлюся тут, аж пакуль зьвернешся». І Ґедэон зайшоўся й прыгатаваў казянё а праснакоў зь ефы мукі; мяса палажыў у сутнік, а страву ўліў у гаршчок, і прынёс да Яго пад дуб, і дабліжыў. І сказаў яму Ангіл Божы: «Вазьмі мяса а праснакі, і палажы на гэтую скалу, і вылі страву». Ён так і зрабіў. І выцягнуў Ангіл СПАДАРОЎ канец палкі, каторая ў руццэ ў яго, і дакрануўся да мяса а праснакоў; і ўзышло цяпло із скалы, і зжэрла мяса а праснакі; і Анліл СПАДАРОЎ адышоў ад аччу ягонага. І абачыў Ґедэон, што Ангіл СПАДАРОЎ гэта, і сказаў Ґедэон: «О гора, Спадару СПАДАРУ! бо я бачыў Ангіла СПАДАРОВАГА відам у від». І сказаў яму СПАДАР: «Супакой табе, ня бойся, не памрэш». І збудаваў там Ґедэон аброчнік СПАДАРУ, і назваў яго: СПАДАР Супакою, — Егова Шалом. Ён яшчэ дагэтуль у Офры Авезравай.

І сталася тае ночы, што сказаў яму СПАДАР: «Вазьмі цялё-бычка айца свайго і другога быка сямігодняга і разбуры аброчнік Ваала ў вайца свайго, дзерва балванова, каторае ля яго, сьсячы, І збудуй аброчнік СПАДАРУ, Богу свайму, на версе гэтага моцнага месца на ўладжаным месцу, і вазьмі другога быка, і абрачы на ўсепаленьне на дровах дзерва балвановага, каторае сьсячэш». І ўзяў Ґедэон дзесяцёх чалавекаў із слугаў сваіх, і зрабіў, як казаў яму СПАДАР. І сталася; а што баяўся хатніх айца свайго і людзёў места, калі б зрабіў гэта ўдзень, то зрабіў гэта ночы. І ўсталі месцкія людзі нараніцы, і вось, разбураны аброчнік Ваалаў, і дзерва балванова пры ім сьсечана, і другі бык узьнесены на ўсепаленьне на аброчніку збудаваным. І казалі адзін аднаму: «Хто гэта зрабіў?» І яны сачылі, і шукалі, і сказалі: «Ґедэон Ёашонак зрабіў гэта». І сказалі месцкія людзі Ёашу: «Вывядзі сына свайго, хай ён памрэць, бо разбурыў аброчнік Ваалаў, і за тое, што сьсек дзерва балванова, каторае пры ім». Ёаш сказаў усім, што стаялі каля яго: «Ці вам сьперачацца за Ваала, ці вам спасаць яго? Хто будзе сьперачацца за яго, тый хай памрэць да раньня; калі ён Бог, то хай сам сьперачаецца за сябе, за тое, што разбураны аброчнік ягоны». І назваў яго таго дня Еруваалом, кажучы: «Хай Ваал сьперачаецца зь ім, ён разбурыў аброчнік ягоны».

І ўвесь Мідзян, і Амалік, і сынове ўсходу зьберліся разам, і перайшлі раку, і разьлягліся табарам на даліне Ізраельскай. І Дух СПАДАРОЎ ахінуў Ґедэона: ён затрубіў у рог і згукаў за сабою Авезра. І паслаў паслоў па ўсім Манасу, і яго таксама згукалі за ім; і паслаў паслоў да Ашэра а Завулона а Неффаліма, і гэтыя ўзышлі наўпярэймы ім. І сказаў Ґедэон Богу: «Калі Ты манішся выбавіць рукою маёй Ізраеля, як казаў Ты, Дык вось, я расьцялю стрыжаную воўну на такаўні: калі раса будзе адно на воўне, а на ўсёй зямлі суха, то буду ведаць, што выбавіш рукою маёй Ізраеля, як казаў Ты». І сталася так: і ўстаўшы назаўтрае ён пачаў сьціскаць воўну, і выціснуў з воўны расы цэлы жбанок вады. І сказаў Ґедэон Богу: «Хай не ўзгарыцца гнеў Твой на мяне, што я скажу яшчэ раз, калі ласка, спрабую адно гэты раз із воўнаю: няхай будзе суха на аднэй воўне, а на ўсёй зямлі няхай будзе раса». І зрабіў Бог так тае ж ночы: і было суха на воўне аднэй, а на ўсёй зямлі была раса.

І ўстаў Еруваал, ён жа Ґедэон, і ўвесь люд, што зь ім, і разьлягліся табарам ля жарала Гарода; а табар Мідзянскі быў ад яго на поўнач ля ўзгорку Морэ, у даліне.

І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Лішне чысьлены люд із табою, каб Імне даць Мідзянян у руку іх, каб не хваліўся Ізраель перад Імною, кажучы: "Мая рука выбавіла мяне". Дык агаласі ж у вушы люду, кажучы: "Хто баіцца а дрыжыць, хай зьвернецца й пойдзе назад з гары Ґілеаду"». І зьвярнулася люду дваццаць дзьве тысячы, а дзесяць тысячаў засталося.

І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Усе яшчэ шмат люду. Зьвядзі іх да вады, там Я выпрабую іх табе. І будзе, што праз каго Я скажу: "Гэты хай ідзець із табою", тый і хай ідзець із табою; а праз каго скажу табе: "Гэты хай ня йдзець із табою", тый хай і ня йдзець». Ён завёў люд да вады. І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Хто будзе лыкаць языком сваім ваду, як лыкае сабака, таго стаў апрычона, і кажнага, каторы будзе клякаць на калені свае, каб піць. І быў лік тых, што лыкалі ротам сваім із рукі, трыста чалавекаў, а ўвесь жа засталы люд клякаў на калені свае піць ваду.

І сказаў СПАДАР Ґедэону: «Трыма сотнямі тых, што лыкалі, Я выбаўлю вас і аддам Мідзянян у руку тваю, а ўвесь люд хай ідзець кажны на свае месца». І ўзялі яны ежу люду ў рукі свае й рогі іхныя, а кажнага асобнага Ізраелца ён адаслаў да свайго будану, а трыста чалавекаў ён удзяржаў; табар жа Мідзянскі быў у яго далавах у даліне.

І сталася тае ж ночы, што сказаў яму СПАДАР: «Устань, зыйдзі да табару, бо Я аддаў яго ў руку тваю. Калі ж ты баішся йсьці, дык пайдзі да табару ты а Пура, маладзён твой, І пачуеш, што гукаюць, і потым пасіляцца рукі твае, і зыйдзеш да табару». І зышоў ён а Пура, маладзён ягоны, аж да краю ўзброеных, што былі ў табару. А Мідзян а Амалік а ўсі сынове ўсходу разьлягліся на даліне ў такой множасьці, як шаранча; і варблюдом іхным няма ліку, шмат было іх, як пяску на беразе мора. І прышоў Ґедэон; і вось, талавек павядае прыяцелю свайму сон і кажа: «Сьніў я сон, і гля, перапечка ячнага хлеба кацілася па табару Мідзянскім, і дайшла да будану, і выцяла ў яго, і ён паваліўся, перакуліла яго, і будан абурыўся». І адказаў прыяцель ягоны, і сказаў: «Гэта нішто іншае, як меч Ґедэона Ёашонка, Ізраелца; аддаў Бог у рукі яму Мідзянян а ўвесь табар».

І сталася, што як пачуў Ґедэон павяданьне сну й зьясьненьне яго, то пакланіўся, і зьвярнуўся да табару Ізраельскага, і сказаў: «Уставайце! бо аддаў СПАДАР у рукі вашы табар Мідзянскі». І падзяліў трыста чалавекаў на тры аддзелы, і даў трубы ў рукі ўсім ім, і жбаны пустыя, і сьветачы палаючыя ўнутры жбаноў. І сказаў ім: «Глядзіце на мяне й рабіце тое ж. І вось, я падыйду да канца табару, і што я буду рабіць, тое й вы рабіце. І затрублю ў рог я а тыя, што з імною, дык трубіце ў рагі й вы навокал усяго табару й скажыце: "Дзеля СПАДАРА а Ґедэона!"» І прышоў Ґедэон а сту чалавекаў ізь ім да краю табару пры пачатку сярэдняе старожы, яны ж якраз станавілі варты, і затрубілі ў рагі, і разьбілі жбаны, што мелі ў руках сваіх. І затрубілі тры аддзелы ў рагі, і разьбілі жбаны, і дзяржалі ў левай руццэ сваёй палаючыя сьветачы, а ў правай руццэ рагі, каб трубіць, і крычэлі: «Меч СПАДАРОЎ а Ґедэонаў!» І стаяў кажны на сваім месцу навокал табару; і пачалі бегаць у вусім табару, і крычэлі, і пусьціліся ўцекі. І трубілі трыста рагі, і зьвярнуў СПАДАР меч кажнага на прыяцеля ягонага, і гэтак у вусім табару, і ўцёк табар аж да Веф-Шыты да Цэрэры, аж да граніцы Авел-Меголы, ля Табафы.

І згуканы мужы Ізраелцы зь Неффаліму а з Ашэру а з усёга Манасу, і пагналіся за Мідзянам. І паслаў паслоў Ґедэон на ўсю гару Яхрэмаву, кажучы: «Зыйдзіце наўпярэймы Мідзяну, займіце ў іх воды аж да Веф-Вары й Ёрдан». І згукаў кажнага Яхрэмляніна, і занялі воды аж да Веф-Вары а Ёрдану. І зваявалі двух князёў Мідзянскіх, Орыва а Зыва, і забілі Орыва ў Цур-Орыве, а Зыва забілі ў Екеў-Зэве, і гналіся за Мідзянянмі; а галавы Орыва а Зыва прынесьлі да Ґедэона за Ёрдан.

І сказалі яму Ехрамляне: «Што гэта ты зрабіў нам, што не пагукаў нас, як ішоў ваяваць ізь Мідзянянмі?» І сьперачаліся зь ім дужа. І ён сказаў ім: «Што зрабіў я цяпер такое, як вы? Ці не ляпей Яхрэму дабіраць віно, чымся Авезэру абіраць? У вашы рукі аддаў Бог князёў Мідзянскіх, Орыва а Зыва, і што мог зрабіць я такое, як вы?» Тады паслабянеў дух іхны супроці яго, як казаў Ён гэтае слова.

І прышоў Ґедэон да Ёрдану, перайшоў сам а трыста чалавекаў, што былі зь ім, стамаваўшыся, але гналіся. І сказаў ён людзём Сукофу: «Дайце, калі ласка, букаткі хлеба люду, каторы йдзець за імною, бо яны стамаваліся, а я ганюся за Зэвагом а Цалмуною, каралямі Мідзянскімі». І сказалі князі Сукофу: «Ціж даланя Зэвагова а Цалмуніна ўжо ў тваёй руццэ, каб нам даць войску твайму хлеба?» І сказаў Ґедэон: «За гэта, як аддасьць СПАДАР Зэвага а Цалмуну ў руку маю, я змалачу цела вашае пустыннымі дзідамі а цернямі». І ўзышоў стуль да Пенуелю, і гукаў зь імі таксама, і адказалі яму людзі Пенуелю, як адказалі людзі Сукофу. І ён казаў таксама людзём Пенуелю, кажучы: «Як я зьвярнуся ў супакою, забуру вежу гэтую».

А Зэваг а Цалмуна былі ў Каркору і зь імі іхнае войска да пятнанцацёх тысячаў, усе, што засталося з усёга войска сыноў усходу; забітых жа сто дваццацёх тысячаў чалавекаў, што агаляюць меч. І ўзышоў Ґедэон дарогаю жывучых у буданох на ўсход ад Новы а Ёґбегі, і зразіў табар, а табар быў забясьпечаны. І ўцякалі Зэваг а Цалмуна; а ён пагнаўся за імі, і схапіў абодвых каралёў Мідзянскіх, Зэвага а Цалмуну, і ўсе войска налякаў. І зьвярнуўся Ґедэон Ёашонак зь бітвы перад усходам сонца.

І схапіў маладзёна зь людзёў Сукофскіх, і выпытаў у яго, і ён апісаў яму князёў Сукофскіх а старцоў яго семдзясят сямёх чалавекаў. І прышоў ён да людзёў Сукофскіх, і сказаў: «Вось, Зэваг а Цалмуна, за каторых вы наругаліся імне, кажучы: "Ціж даланя Зэвагова а Цалмуніна ўжо ў руццэ тваёй, каб нам даваць стамаваным людзём тваім хлеба?"» І ўзяў старцоў месцкіх і пустынныя дзіды а церні, і даў ім навуку людзём Сукофу. І вежу Пенуельскую забурыў, і забіў людзёў места.

І сказаў Зэвагу а Цалмуне: «Ідзе людзі, каторых вы забілі ў Табору?» Яны адказалі: «Якоў ты, таковы яны, кажны меў выгляд сыноў каралеўскіх». І сказаў: «Браты мае, сынове маці мае яны. Жыў СПАДАР! калі б вы пакінулі іх жывых, я не забіў бы вас». І сказаў Еферу, першаку свайму: «Устань, забі іх». Але не агаліў маладзёнак мяча свайго, затым што баяўся, бо быў яшчэ маладзёнак. І сказаў Зэваг а Цалмуна: «Устань ты й зразь нас, бо подле чалавека й сіла ягоная». І ўстаў Ґедэон, і забіў Зэвага а Цалмуну, і ўзяў прыборы, што былі на шыях вярблюдоў іхных.

І сказалі мужы Ізраелцы Ґедэону: «Радзь нас як ты, так сын твой, так і сын сына твайго, бо ты выбавіў нас із рукі Мідзяну». І сказаў ім Ґедэон: «Ня буду я радзіць вас, і ня будзе радзіць сын мой вас; СПАДАР хай радзе вас».

І сказаў ім Ґедэон: «Маю да вас просьбу: дайце імне кажны па завушніцы із здабытку свайго», — бо залатыя завушніцы былі ў іх, бо Ізмайлаўцы яны. І сказалі: «Мы ахвотна дамо». І разаслалі адзежыну, і кідалі туды кажны па завушніцы із здабытку свайго. І была вага залатых завушніцаў, каторыя ён выпрасіў, тысяча сямсот залатых сыкляў, апрача прыбораў, грыўняў а пурпуровых адзежаў, каторыя былі на каралёх Мідзянскіх, і апрача ланцугоў, каторыя былі на шыі вярблюдоў іхных. І зрабіў з гэтага Ґедэон наплечнік, і пастанавіў яго ў сваім месьце, у Офры, і бязулілі ўвесь Ізраель за ім там, і быў ён сеткаю Ґедэону а ўсяму дому ягонаму.

І быў укораны Мідзян перад сынамі Ізраелявымі, і ўжо ня ўзьнімаў болей галавы свае; і ціха было зямлі сорак год за дзён Ґедэонавых.

І пайшоў Еруваал Ёашонак, і жыў у доме сваім.

У Ґедэона было семдзясят сыноў, што вышлі ізь сьцёгнаў ягоных, бо ў яго было шмат жонак. І мамошка ягоная, што ў Сыхеме, нарадзіла таксама яна яму сына, і ён прызначыў яму імя: Авімелех.

І памер Ґедэон Ёашонак у добрай старасьці, і пахаваны ў гробе айца свайго Ёаша, у Офры Авезравай.

І сталася, як памер Ґедэон, што адвярнуліся сынове Ізраелявы, і бязулілі за Вааламі, і пастанавілі сабе Ваал-Верыфа за бога. І ня памятавалі сынове Ізраелявы СПАДАРА, Бога свайго, Каторы выбавіў іх із рукі ўсіх варагоў навокал іх. І ня выказалі зычлівасьці да дому Ерувааловага-Ґедэонавага подле ўсёга дабрадзейства ягонага, якое ён зьдзеяў Ізраелю.

І пайшоў Авімелех Ерувааленак да Сыхему да братоў маці свае, і гукаў ім а ўсёй радзіме айца маці свае, кажучы: «Гукайце, калі ласка, у вушы ўсім спадаром Сыхему: "Што валей вам, каб гаспадарствавалі ў вас мужоў семдсясят, усі сынове Ерувааловы, ці каб гаспадарстваваў у вас адзін чалавек? І памятуйце, што я косьць ваша й цела ваша"». І гукалі браты маці ягонае празь яго ў вушы ўсім спадаром Сыхему ўсі словы гэтыя, і схінуліся сэрцы іхныя за Авімелехам, бо казалі яны: «Ён брат наш». І далі яму семдзясят срэбра з дому Ваал-Верыфа; і наняў за іх Авімелех пустыняў а ўзьвейветраў, і пайшлі яны за ім. І прышоў ён да дому айца свайго да Офры, і забіў братоў сваіх Ерувааленкаў семдзясят людзёў на адным каменю. І застяўся Ёфам, Ерувааленак наймалодшы, бо ён схаваўся.

І зьберліся ўсі спадары сыхемскія а ўвесь дом Мілло, і пайшлі, і ўстанавілі Авімелеха за караля ля дуба-стаўпа, што ў Сыхеме.

І наказалі гэта Ёфаму; ён пайшоў, і стаў на версе гары Ґерызыму, і ўзьняў голас свой, і крычэў, і гукаў ім: «Паслухайце мяне, спадарове Сыхему, і паслухае вас Бог! Пайшлі, пайшлі дзервы памазаць над сабою караля, і сказалі аліўцы: "Гаспадарствуй у нас". Сказала ім аліўка: "Ці пакіну я тук свой, што імною частуюць багоў і людзёў, і пайду туляцца ля дзерваў?" І сказалі дзервы фізе: "Ідзі ты, гаспадарствуй у нас". І сказала ім фіґа: "Ці пакіну я соладзь сваю а добры плод свой, і пайду туляцца ля дзерваў?" І сказалі дзервы вінной розцы: "Ідзі ты гаспадарствуй у нас". І сказала ім вінная розка: "Ці пакіну я сок свой, каторы вяселе багоў і чалавекаў, і пайду туляцца каля дзерваў?" І сказалі ўсі дзервы церні: "Ідзі ты, гаспадарствуй у нас", І сказала цернь дзервам: "Калі вы запраўды мажаце мяне за караля над сабою, то прыйдзіце схавайцеся пад сьценям маім; а калі не, то выйдзе цяпло зь церні й спале кедры лібанскія". А цяпер, калі вы ў праўдзе а шчырасьці ўстанавілі Авімелеха за караля, і калі добра зрабілі зь Еруваалам а домам ягоным, і калі згодна із заслугамі рук ягоных зрабілі вы яму, Айцу майму, каторы ваяваў за вас, і падаваў душу сваю пад небясьпечнасьць, і выбавіў вас із рукі Мідзянян; А вы цяпер паўсталі супроці дому айца майго, і забілі семдзясят сыноў ягоных на адным каменю, і ўстанавілі Авімелеха, сына служэбкі ягонае, за караля над спадарамі Сыхемскімі, бо ён брат ваш. І калі ў праўдзе а шчырасьці зрабілі вы зь Еруваалам а домам ягоным цяпер, то цешчася з Авімелеха, і ён таксама няхай цешыцца з вас. А калі не, дык хай выйдзе цяпло ад Авімелеха, і хай зжарэць спадароў Сыхемскіх а дом Мілло, і хай выйдзе цяпло ад спадароў Сыхемскіх а ад дому Мілло, і хай зжарэць Авімелеха». І пабег Ёфам, і ўцёк, і пайшоў да Бееру, і жыў там, із страху Авімелеха, брата свайго.

І гаспадарстваваў Авімелех у Ізраелю тры гады. І паслаў Бог злога духа памеж Авімелеха й спадароў Сыхему, і зрадна абышліся спадары Сыхему з Авімелехам, Каб гэтак зьвярнулася ўсілства за семдзясят Ерувааленкаў, і кроў іх абярнулася на Авімелеха, брата іхнага, каторы забіў іх, і на спадароў Сыхемскіх, каторыя ўмацавалі рукі ягоныя забіць братоў сваіх. І пастанавілі яму спадары Сыхемскія засады на версе гораў, і глабалі кажнага, каторы праходзіў міма іх па дарозе. І наказалі Авімелеху.

І прышоў Ґаал Еведзёнак а браты ягоныя, і перайшлі да Сыхему, і здаліся на яго спадары Сыхемскія. І вышлі ў поле, і абіралі вінішчы свае, і выціскалі, і рабілі ўрочыстасьці, і прышлі да дому бога свайго, і елі а пілі, і клялі Авімелеха. І сказаў Ґаал Еведзёнак: «Хто Авімелех, і што Сыхем, каб нам служыць яму? Ці не Ерувааленак ён, і ці не Зэвул нагляднік ягоны? Валей служыць патомкам Гамора, айца Сыхемавага, а яму нашто нам служыць? І ах, калі б хто даў люд гэты ў рукі мае, аддаліў бы Авімелеха». І сказалі Авімелеху: «Павяліч войска свае й выходзь».

І пачуў Зэвул, гараднічы, словы Ґаала Еведзёнка, і ўзгарэўся гнеў ягоны. І хітрыкамі паслаў паслоў да Авімелеха, кажучы: «Гля, Ґаал Еведзёнак а брат ягоны прыходзяць да Сыхему, і вось, яны мацуюць места супроці цябе. Дык цяпер устань ночы, ты а люд, што з табою, і цікуйце ў полю. І будзе, нараніцы, як узыходзе сонца, устань рана й пусьціся на места; і вось, ён а люд, каторы зь ім, выйдуць да цябе, і зробіш яму, як знойдзе рука твая».

І ўстаў Авімелех а ўвесь люд, што быў ізь ім, ночы, і цікавалі на Сыхем чатыры аддзелы. І вышаў Ґаал Еведзёнак, і стаў ля брамы месцкае; і ўстаў із засады Авімелех а люд, што быў ізь ім. І абачыў Ґаал Еведзёнак люд, і сказаў Зэвулу: «Гля, люд спушчаецца зь верху гораў». А Зэвул сказаў яму: «Сьцень гораў ты бачыў як людзёў». І далей гукаў Ґаал, і сказаў: «Вось, люд спушчаецца з узгор’я, і адзін аддзел ідзець гасьцінцам ад дуба Меонімскага». І сказаў яму Зэвул «Ідзе ж вусны твае, каторыя гукалі: "Хто Авімелех, каб мы служылі яму?" Ці ня гэта тый люд, каторы ты ўлегцы меў; выходзь жа цяпер і ваюй ізь ім». І вышаў Ґаал сьпераду спадароў Сыхемскіх, і ваяваў з Авімелехам. І пагнаўся за ім Авімелех, і ўцёк ён ад яго, і пала раненых шмат аж да ўходу брамы. І жыў Авімелех ув Аруме, і выгнаў Зэвул Ґаала а братоў ягоных, каб яны ня жылі ў Сыхеме.

І сталася назаўтрае, і вышаў люд у поле, і наказалі праз гэта Авімелеху. Ён узяў свой люд, падзяліў яго ня тры аддзелы, і цікаваў у полю. І абачыў, і во, люд вышаў зь места, і ён напаў на іх, і пабіў іх. Авімелех жа а аддзелы, што зь ім, пусьціліся й сталі ля ўходу брамы месцкае; а два аддзелы пусьціліся на ўсіх, што былі ў полю, і пабілі іх. І Авімелех ваяваў зь местам увесь тый дзень, і перамог места, а люд, што ў ім, ён забіў, і разбурыў места, і засеяў яго сольлю.

І пачулі ўсі спадары вежы Сыхемскае, і прышлі да гораду бога Верыфа. І наказалі Авімелеху, што зьберліся ўсі спадары вежы Сыхемскае. І ўзышоў Авімелех на гару Цалмон, сам а ўвесь люд, што зь ім, і ўзяў Авімелех сякіры ў руку сваю, і насек гальля зь дзерва, і панёс, і палажыў на плечы свае, і сказаў люду, што зь ім: «Што вы бачылі, што я рабіў, барзьдзей рабіце, як я».

І насек таксама ўвесь люд гальля, і пайшлі за Авімелехам, і клалі кажны зь іх ля гораду, і запалілі імі горад цяплом, і памерлі ўсі людзі вежы Сыхемскае, каля тысяча мужчынаў і жанок.

І пайшоў Авімелех да Тэўца, і аблёг Тэвец, і заваяваў яго. І была моцная вежа сярод места, і ўцякалі туды ўсі мужчыны а жанкі а ўсі спадары места, і заперлі за сабой, і ўзышлі на страху вежы. І прышоў Авімелех да вежы, і ваяваў зь ёй, дабліжыўся да ўходу вежы, каб спаліць яе цяплом. І кінула адна жонка кавалак жорна на галаву Авімелеху, і праламіла яму чэрап. І пагукаў борзда маладзёнка, збрайношу свайго, і сказаў яму: «Агалі меч свой і зрабі імне сьмерць, каб не сказалі празь мяне: "Жонка забіла яго"». І прыбіў яго маладзёнак ягоны, і ён памер. І абачылі мужы Ізраелявы, што памер Авімелех, і пайшлі кажны на свае месца. І зьвярнуў Бог ліха Авімелеха, што ён зрабіў айцу свайму, забіўшы семдзясят братоў сваіх. І ўсе ліхадзейства людзёў Сыхемскіх абярнуў Бог на галаву іхную. І стрэла іх кляцьба Ёфама Ерувааленка.

І паўстаў просьле Авімелеха на спасеньне Ізраеля Фола, сын Пуі Додзянка, з плямені Іссасхаровага. І ён жыў у Шаміру на гары Яхрэмавай. І судзіў ён Ізраеля дваццаць тры гады, і памер, і пахаваны ў Шаміру.

І паўстаў просьле яго Яір Ґілеадзянін, і судзіў Ізраеля дваццаць два гады. І было ў яго трыццацёх сыноў, каторыя езьдзілі на трыццацёх маладых аслох, і трыццаць местаў было ў іх; іх дагэтуль завуць сёламі Яіровымі, каторыя ў зямлі Ґілеадзкай. І памер Яір, і пахаваны ў Камоне.

І далей сынове Ізраелявы рабілі ліха ў ваччу СПАДАРА, і служылі Ваалам а Астартам а багом Арамейскім а багом Сыдонскім а багом Моаўскім а багом сыноў Амонавых а багом Пілісцкім; і пакінулі СПАДАРА, і ня служылі Яму. І ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на Ізраеля, і Ён выдаў іх у рукі Пілішчан а ў рукі сыноў Амонскіх. Яны душылі а ўціскалі сыноў Ізраелявых з тога году асьмінанцаць год, усіх сыноў Ізраелявых, каторыя на тым баку Ёрдану ў зямлі Аморэйскай, каторая ў Ґілеадзе. І перайшлі сынове Амонскія Ёрдан, каб весьці вайну таксама зь Юдаю а Венямінам а домам Яхрэмавым, і вельмі цесна было сыном Ізраеля. І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА, кажучы: «Мы ізграшылі перад Табою, і тым, што пакінулі Бога свайго, і тым, што служылі Ваалам».

І сказаў СПАДАР сыном Ізраелявым: «Ці ня ўціскалі вас Ягіпцяне а Аморэі а сынове Амонавы а Пілішчане А Сыдоняне а Амалік а Моаўляне, і вы гукалі да Мяне, і Я выбаўляў вас із рук іхных. А вы пакінулі Мяне і служылі іншым багом; за тое Я ня буду ўжо выбаўляць вас. Пайдзіце, гукайце да багоў, каторых вы абралі, няхай яны выбаўляюць вас у часе ўціску вашага». І сказалі сынове Ізраелявы СПАДАРУ: «Ізграшылі мы; учыні Ты з намі подле ўсёга, што добра ў ваччу Тваім, адно выбаў нас, калі ласка, цяпер». І яны аддалілі чужыя багі з пасярод сябе, і служылі СПАДАРУ. І зжалілася душа Ягоная над мучэньням Ізраеля.

І згукаліся сынове Амонавы, і разьлягліся табарам у Ґілеадзе; і зьберліся сынове Ізраелявы, і разьлягліся табарам у Міцпе. І сказалі люд — князі Ґілеадзкія адзін аднаму: «Хто тый чалавек, што пачнець ваяваць супроці сыноў Амонавых? будзе тый галавою ўсіх жыхараў Ґілеадзкіх».

І Еффаг, Ґілеадзянін, быў чалавек дужасіл. А ён быў сын бязулін; і нарадзіў Еффага Ґілеад. І нарадзіла жонка Ґілеадава яму сыноў. І вырасьлі сынове жончыны, і выгналі Еффага, і сказалі яму: «Ты не адзяржыш спадку ў доме айца нашага, бо ты сын другое жонкі». І ўцёк Еффаг ад віду братоў сваіх, і жыў у зямлі Тоў; і зьберліся да Еффага пустыні, і выходзілі зь ім.

І сталася па якімсь часе, што ваявалі сынове Амонавы з Ізраелям. І было, як ваявалі сынове Амонавы з Ізраелям, дык пайшлі старцы Ґілеадзкія ўзяць Еффага ізь зямлі Тоў, І сказалі Еффагу: «Ідзі, і будзеш нам за вайводцу, і будзеш ваяваць ізь сынамі Амонавымі». І сказаў Еффаг старцом Ґілеадзкім: «Ці ня вы зьненавідзілі мяне і выгналі з дому айца майго? І чаму ж прышлі да мяне цяпер, як цесна вам?» І сказалі старцы Ґілеадзкія Еффагу: «Дзеля таго мы цяпер зьвярнуліся да цябе, каб пайшоў із намі, і каб ты ваяваў із сынамі Амонавымі, і будзеш нам галавою — усім жыхарам Ґілеаду». І сказаў Еффаг старцом Ізраельскім: «Калі вы зьвернеце мяне, каб ваяваць із сынамі Амонавымі, і СПАДАР аддасьць іх перад імною, то ці буду я вашым галавою?» І сказалі старцы Ґілеадзкія Еффагу: «СПАДАР будзе слухаць памеж нас, калі ня подле слова твайго мы зробім». І пайшоў Еффаг із старцамі Ґілеадзкімі, і пастанавіў люд яго над сабою галавою а вайводцам, і праказаў Еффаг усі гэтыя словы свае перад відам СПАДАРА ў Міцпе.

І паслаў Еффаг паслоў да караля сыноў Амонскіх, кажучы: «Што імне й табе, што ты прышоў да мяне ваяваць на зямлі маёй?» І сказаў кароль сыноў Амонавых паслом Еффаговым: «Во ўзяў Ізраель зямлю маю, як узыходзіў зь Ягіпту, ад Арнону аж да Явоку а да Ёрдану; цяпер зьвярні імне іх мірна». І яшчэ паслаў Еффаг другім наваратам паслоў да караля сыноў Амонавых, І сказаў яму: «Гэтак кажа Еффаг: "Ня ўзяў Ізраель зямлі Моаўскае а зямлі сыноў Амонавых; Бо як узышлі зь Ягіпту, то пайшоў Ізраель на пустыню аж да мора Чырвонага, і прышоў да Кадэшу. І паслаў Ізраель паслоў да караля Едомскага, кажучы: ’Перайду, калі ласка, зямлёю тваёй’, і не паслухаў кароль Едомскі. І таксама каралю Моаўскаму ён паслаў, і тый не захацеў; і жыў Ізраель у Кадэшу. І пайшоў пустынёю, і абмінуў зямлю Едомскую а зямлю Моаўскую, і прышоў з усходу сонца аж да зямлі Моаўскае, і разьлёгся табарам за Арнонам; але ня ўходзіў у граніцы Моаўскія, бо Арнон ё граніца Моаву. І паслаў Ізраель паслоў да Сыгона, караля Аморэйскага, караля Гэшбонскага, і сказаў яму Ізраель: "Пройдзем, калі ласка, зямлёю тваёй да месца свайго’. І ня верыў Сыгон Ізраелю, каб перайшоў граніцы ягоныя, і зьбер Сыгон увесь люд свой, і разьлягліся табарам у Ягацу, і ваяваў із Ізраелям. І аддаў СПАДАР, Бог Ізраеляў, Сыгона а ўвесь люд ягоны ў рукі Ізраелю, і ён пабіў яго; і адзяржаў Ізраель на спадак усю зямлю Аморэяву, жыхара тае зямлі. І адзяржалі яны на спадак усю граніцу Аморэяву ад Арнону аж да Явоку, і ад пустыні аж да Ёрдану. І цяпер СПАДАР, Бог Ізраеляў, выгнаў Аморэя перад відам люду Свайго Ізраеля, а ты хочаш узяць спадак ягоны? Ці не дзяржыш ты тое, што даў табе Хемош, бог твой? Тое ты дзяржыш. А ўсіх, каторых выгнаў СПАДАР, Бог наш, ад віду нашага, мы дзяржым у спадку. А цяпер, ціж ты запраўды лепшы за Валака-Цыпоронка, караля Моаўскага? Ці сьперачаўся ён із Ізраелям, ці ваяваў ён ізь імі? Калі Ізраель жывець у Гэшбоне а ў местачках ягоных, у Ароіру а ў местачках ягоных, і ў вусіх местах, каторыя ля Арнону, трыста год, то чаму вы ў тым часе не адыймалі? А я не ізграшыў перад табою, і ты робіш імне ліха, ваюючы з імною. Хай будзе СПАДАР судзьдзёю цяпер меж сыноў Ізраеля й сыноў Амонавых!"»

І не прыслухаўся кароль сыноў Амонавых да слоў Еффаговых, з каторымі ён пасылаў да яго.

І быў на Еффагу Дух СПАДАРОЎ, і прайшоў ён Ґілеад а Манаса, і прайшоў Міцпу Ґілеадзкую, а зь Міцпы Ґілеадзкае пайшоў супроці сыноў Амонавых. І зрабіў Еффаг абятніцу СПАДАРУ, і сказаў: «Калі Ты напэўна аддасі сыноў Амонавых у рукі мае, Дык станецца: выходзячы зь дзьвярэй дому майго імне наўпярэймы, як я зьвярнуся ў міру ад сыноў Амонавых, будзе СПАДАРУ, і ўзьнясу гэта па ўсепаленьне».

І перайшоў Еффаг да сыноў Амонавых, ваяваць ізь імі, і аддаў іх СПАДАР у рукі ягоныя. І зразіў іх ад Ароеру аж дакуль ты ўходзіш да Мініфу, дваццаць местаў, і аж да Авель-Кераіму паразаю вельмі вялікай; і ўкарыліся сынове Амонавы перад сынамі Ізраелявымі.

І прышоў Еффаг да Міцпы да двору свайго, і вось, дачка ягоная вышла наўпярэймы яму з бубнамі а скокамі, — яна была ў яго адзінюсенькая, і ня было ў яго, апрача яе, ані сына, ані дачкі. І сталася, як ён абачыў яе, дык разьдзер адзежу сваю й сказаў: «Ах, дачка мая! Ты чыста прыбіла мяне; і ты сталася меж немарасьцячых мяне! Я ж адчыніў вусны свае СПАДАРУ, і не магу зьвярнуцца». І яна сказала яму: «Войча мой! ты адчыніў вусны свас СПАДАРУ, — рабі з імною подле тога, што вышла з вуснаў тваіх, просьле тога, што ўчыніў табе СПАДАР помсту над варагамі тваімі, над сынамі Амонавымі». І сказала айцу свайму: «Хай зробяць імне гэта: адпусьці мяне на два месяцы, то я пайду на горы, зыйду зь іх і аплачу дзявоцтва свае, я а таварышкі мае». Ён сказаў: «Ідзі»; і адпусьціў яе на два месяцы. І пайшла яна а таварышкі ейныя, і плакала па дзявоцтве сваім у горах. І было пры канцу двух месяцаў, што яна зьвярнулася да айца свайго, і ён споўніў над ёй абятніцу сваю, каторую абяцаў, і яна не пазнала мужа. І сталася звычаем у Ізраелю: З году ў год ідуць дачкі Ізраелявы плакаць па дачцэ Еффаговай.

І згукаліся Ехрамляне, і перайшлі на поўнач, і сказалі Еффагу: «Чаму ты перайшоў ваяваць із сынамі Амонавымі, а нас не пагукаў ісьці із сабою? Дом твой мы спалім табе цяплом». І сказаў Еффаг ім: «Чалавекам сьпярэчкі вялікае быў я а люд мой із сынамі Амонавымі; я гукаў вас, але вы ня выбавілі мяне ад рукі іхнае. І я абачыў, што ты не вьтбаўляеш, я ўзяў душу сваю ў даланю сваю, і перайшоў супроці сыноў Амонавых, і аддаў іх СПАДАР у руку маю. Дык нашто ж вы ўзышлі цяпер ваяваць з імною?» І зьбер Еффаг усіх людзёў Ґілеадзкіх, і ваяваў ізь Яхрэмам, і пабілі людзі Ґілеадзкія Яхрэма, бо яны казалі: «Уцекачы Яхрэмавы вы, Ґілеад жа пасярод Яхрэма, пасярод Манаса». І захапілі Ґілеадзяне броды Ёрданскія перад Ехрамлянмі, і было, што як мовілі ўцекачы Яхрэмскія: «Перайду», то казалі яму Ґілеадзяне: «Ці ты не Ехрамлянін?» І ён казаў: «Не». Яны казалі яму: «Скажы ж: "Шыбболет"»; а ён казаў: «Сібболет», і ня мог вымавіць так. І схапілі яго, і зарэзалі ля броду Ёрданскага. І пала ў тым часе зь Ехрамлян сорак дзьве тысячы. І судзіў Еффаг Ізраеля шэсьць год, і памер Еффаг Ґілеадзянін, і пахаваны ў вадным ізь местаў Ґілеадзкіх.

І судзіў просьле яго Ізраеля Іўцан із Бэтлеему. У яго было трыццацёх сыноў, і трыццаць дачок ён паслаў вонкі, а трыццаць дачок прывёў сыном сваім звонку, і судзіў Ізраеля сем год. І памер Іўцан, і пахаваны ў Бэтлееме.

І судзіў просьле яго Ізраеля Елон, Завулонянін, і судзіў Ізраеля дзесяць год. І памер Елон, Завулонянін, і пахаваны ўв Айялоне, у зямлі Завулонавай.

І судзіў просьле яго Ізраеля Аўдон Гілелёнак, Пірафонянін. У яго было сараку сыноў і трыццацёх унукаў, што езьдзілі конна на семдзясят маладых аслох, і ён судзіў Ізраеля восьмі год. І памер Аўдон Гілелёнак, Пірафонянін, і пахаваны ў Пірафоне ў зямлі Яхрэмавай, на гары Амаліковай.

І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА, і аддаў іх СПАДАР у руку Пілішчан на сорак год.

І быў чалавек адзін із Цоры, з плямені Дановага, а імя ягонае Маной; і жонка ягоная была няплодная, і не радзіла. І зьявіўся Ангіл СПАДАРОЎ жонцы, і сказаў ёй: «Гля, ты няплодная й ня родзіш; але зачнеш а народзіш сына. Дык цяпер сьцеражыся ж, і ня пі віна а хмельнага напітку, і ня еж нічога нячыстага; Бо гля, ты зачнеш а народзіш сына, і брытва ня ўзыйдзе на галаву ягоную, бо назарэям Божым будзе хлапец ад жывата, і ён пачнець выбаўляць Ізраеля з рукі Пілішчан». І прышла жонка, і сказала мужу свайму, кажучы: «Чалавек Божы прыходзіў да мяне, і выгляд ягоны, як выгляд Ангіла Божага, страшны вельмі; і я не папыталася ў яго, скуль ён, і імені свайго ён не сказаў імне. І Ён сказаў імне: "Вось, ты зачнеш а народзіш сына; дык ня пі віна я хмельнага напітку, і ня еж нічога нячыстага, бо назарэям Божым будзе хлопчык ад жывата аж да сьмерці свае"».

І маліў моцна Маной СПАДАРА, і сказаў: «Прашу Цябе, СПАДАРУ мой, чалавек Божы, каторага паслаў Ты, хай прыйдзе, калі ласка, ізноў да нас і навуча нас, што нам рабіць із хлопчыкам, каторы народзіцца». І пачуў Бог голас Манояў, і прышоў Ангіл Божы ізноў да жонкі, а яна сядзела ў полю, Маноя ж, мужа ейнага, ня было зь ёю. І пабарзьдзіла жонка, і пабегла, і азнайміла мужу свайму, і сказала яму: «Вось, зьявіўся імне чалавек, што прышоў таго дня да мяне». Устаў а пайшоў Маной за жонкаю сваёю, і прышоў да тога чалавека, і сказаў яму: «Ці ты тый чалавек, каторы гутарыў із гэтай жонкаю?» Ён сказаў: «Я». І сказаў Маной: «Вось, споўніцца слова твае, які мае быць парадак жыцьця хлопчыку і паступак?» І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Маною: «Усяго, што я казаў жонцы, хай яна сьцеражэцца; З усёга, што паходзе зь вінное розкі, хай ня есьць; і віна а хмельнага напітку хай ня п’ець, і нічога нячыстага хай ня есьць, і ўсе, што я расказаў ёй, хай дзяржыць». І сказаў Маной Ангілу СПАДАРОВАМУ: «Дазволь задзяржаць цябе, і мы прыгатуем табе казянё». І сказаў Ангіл СПАДАРОЎ Маною: «Хоць бы ты й удзяржаў мяне, я ня буду есьці з хлеба твайго; а калі ты зробіш, то СПАДАРУ абрачы яго». Бо ня ведаў Маной, што Ангіл СПАДАРОЎ Ён. І сказаў Маной Ангілу СПАДАРОВАМУ: «Якое імя твае? бо споўніцца слова твае, і я ўтшчу цябе». І сказаў яму Ангіл СПАДАРОЎ: «Што ты пытаешся імені майго? А яно чудоўнае». І ўзяў Маной казянё а хлебны аброк, і ўзьнёс на скале СПАДАРУ. І чуда сталася, і Маной а жонка ягоная бачылі. І было, як узыходзіла полымя ад аброчніка к небу, то ўзьнёсься Ангіл СПАДАРОЎ у полымені аброчніка. А Маной а жонка ягоная бачылі і ўпалі ніцма відамі сваімі. І наперад не паказаўся Ангіл СПАДАДАРОЎ Маною а жонцы ягонай. Тады пазнаў Маной, што Ангіл СПАДАРОЎ Ён. І сказаў Маной жонцы сваёй: «Пэўне мы памрэм, бо бачылі Бога». І сказала яму жонка ягоная: «Калі б СПАДАР хацеў зрабіць нам сьмерць, то ня прыняў бы з рук нашых усепаленьня а хлебнага аброку, і не паказаў бы нам усяго гэтага, і цяпер ня даў бы нам чуць гэт’кага».

І нарадзіла жонка сына, і назвала імя яго: Самсон. І расло дзяцё, і дабраславіў яго СПАДАР. І пачаў Дух СПАДАРОЎ узрушаць яго ў табару Дановым, памеж Цоры й Ештаолу.

І зышоў Самсон да Фімнафы, і абачыў жонку ў Фімнафе з дачок Пілісцкіх. І ён узышоў, і азнайміў айцу свайму а маці сваёй, і сказаў: «Жонку я бачыў у Фімнафе з дачок Пілісцкіх; дык вазьміце яе імне за жонку». І сказаў яму айцец ягоны а маці ягоная: «Ціж няма памеж дачок братоў тваіх і ў вусім людзе маім жонкі, што ты йдзеш узяць жонку ў Пілішчан неабрэзаных?» І сказаў Самсон айцу свайму: «Яе вазьмі імне, бо яна, як належа, у ваччу маім». Айцец жа ягоны а маці ягоная ня ведалі, што гэта ад СПАДАРА, і што прыклепу ён шукае супроці Пілішчан. А таго часу Пілішчане панавалі над Ізраелям.

І зышоў Самсон із айцом сваім а з маці сваёю да Фімнафы, і прышлі да вінішчаў фімнафскіх, і вось, малады леў равець наўпярэймы яму. І зышоў на яго Дух СПАДРОЎ, і ён разьдзер яго, як разьдзіраюць казянё; а нічога ня было ў руццэ ў яго. І не азнайміў айцу свайму і маці сваёй, што ён зрабіў. І зышоў і пагутарыў із жонкаю, і яна была, як належа ў ваччу ягоным. І зьвярнуўся за колькі дзён, каб узяць яе, і зайшоўся паглядзець здыхаты лявінае, і вось, рой пшчолаў у трупе лявіным і мёд. Ён спусьціў яго ў далоні свае, і пайшоў, ідучы й ядучы, і пайшоў да айца свайго а маці свае, і даў ім, і яны елі; але ён не азнайміў ім, што зь лявінага трупа спусьціў мёд гэты. І зышоў айцец ягоны да жонкі, і зрабіў там Самсон чэсьць, бо так робяць маладыя. І было, як абачылі яго, дык узышлі трыццацёх прыяцеляў, і былі яны зь ім.

І сказаў ім Самсон: «Загадаю ж я вам загадку; калі вы добра адгадаце імне яе за сем дзён чэсьці і знойдзеце адгадку, то я дам вам трыццаць пасьцілак і трыццаць зьменаў адзежы. А калі ня зможаце адгадаць імне, то вы дасьце імне трыццаць пасьцілак і трыццаць зьменаў адзежы». Тады яны сказалі яму: «Загадай загадку сваю, і паслухаем». І сказаў ім: «Зь ядучага вышла ядомае і з дужога вышла салодкае». І не маглі адгадаць загадкі за тры дні. І было на семы дзень, і сказалі яны жонцы Самсонавай: «Умоў мужа свайго, і хай ён азнайме нам загадку; накш спалім мы цяплом цябе й дом айца твайго; ціж вы пазвалі нас, каб абгаліць нас?» І плакала жонка Самсонава над ім, і казала: «Ты адно ненавідзіш мяне й ня любіш мяне; ці не загадаў ты загадкі сыном люду майго, а імне не адгадаў яе?» Ён сказаў ёй: «Гля, айцу свайму а маці сваёй не адгадаў яе; і ці табе адгадаю?» І плакала яна над ім сем тых дзён, у каторых была ў іх чэсьць. І было, што на сёмы дзень адгадаў ёй, бо яна надта дадзявала яму. А яна адгадала загадку сыном люду свайго. І сказалі яму людзі места ейнага на сёмы дзень да заходу сонца: «Што салодшае за мёд, і што дужшае за лява!» Ён сказаў ім: «Калі б вы не аралі на маёй цяліцы, то не адгадалі б мае загадкі». І зышоў на яго Дух СПАДАРОЎ, і зышоў ён да Ашкелону, і пабіў зь іх трыццацёх чалавекаў, і ўзяў іх адзежы, і аддаў зьмены іх тым, што азнаймілі адгадку. І ўзгарэўся гнеў ягоны, і ўзышоў ён да дому айца свайго. І стала жонка Самсонава жонкаю вясельнага прыяцеля ягонага, каторы быў прыяцелям яму.

І было за колькі дзён, у часе жніва пшонкі, і даведаўся Самсон да жонкі свае з казянём, і сказаў: «Увыйду да жонкі свае ў пакой ейны»; і ня даў яму айцец ейны ўвыйсьці. І сказаў айцец ейны: «Я з пэўнасьцяй сказаў, што ты напэўна зьненавідзіў яе, і я аддаў яе прыяцелю твайму. Ці меншая сястра ейная не харошшая за яе; хай яна будзе табе замест яе». І сказаў Самсон ім: «Цяпер я буду нявіньнейшы за Пілішчан, калі зраблю ім ліха». І пайшоў Самсон, і ўлавіў трыста лісоў, і ўзяў палаючыя сьветачы, і зьвярнуў хвост да хваста, і ўсунуў па сьветачу пасярод двух хвастоў. І запаліў цяпло ў сьветачах, і пусьціў іх на збожжа на пню Пілісцкае, і выпаліў ад капы, аж да стаячага на пню, і аж да вінішчаў а аліўнікаў. І казалі Пілішчане: «Хто гэта зрабіў?» І сказалі: «Самсон, зяць Фімнафяніна, бо ўзяў жонку ягоную й аддаў прыяцелю ягонаму». І зышлі Пілішчане, і спалілі цяплом яе й айца ейнага. І сказаў Самсон: «Хоць вы зрабілі гэта, але я памшчу вам самым, і тады перастану». І зьбіў ён ім галёнкі а сьцёгны зьбіцьцём вялікім, і зышоў, і жыў у раськепіне скалы Етам.

І ўзышлі Пілішчане, і разьлягліся табарам у Юдэі, і расьцягнуліся аж да Легаў. І сказалі людзі Юдэі: «Чаго вы ўзышлі на нас?» Яны сказалі: «Зьвязаць Самсона ўзышлі мы, зрабіць яму, як ён зрабіў нам». І зышлі тры тысячы чалавекаў зь Юдэі да раськепінаў скалы Етам, і сказалі Самсону: «Ці ня ведаеш ты, што Пілішчане пануюць над намі? І што гэта ты зрабіў нам?» А ён сказаў ім: «Як яны зрабілі імне, так і я зрабіў ім». І сказалі яму: «Каб зьвязаць цябе зышлі мы, каб аддаць цябе ў руку Пілішчанам». І сказаў ім Самсон: «Прысягніце імне, што вы не нападзіце на мяне». І сказалі яму: «Не, мы адно зьвяжам цябе й аддамо цябе ў рукі іх, але ня зробім табе сьмерці». І зьвязалі яго двума новымі паварозамі, і зьвялі яго із скалы. Ён прышоў да Легаў. І Пілішчане крычэлі наўпярэймы яму. І зышоў на яго Дух СПАДАРОЎ, і сталі паварозы, што былі на руках ягоных, як лён, які прагарэў цяплом, і разьлезьліся паварозы ягоныя з рук ягоных. Знайшоў ён вагкую асьліную шчэляпу, і, выцягнуўшы руку сваю, узяў яе, і паразіў ёю тысяча чалавекаў. І сказаў Самсон: «Шчэляпаю асьлінай гурбу, гурбы, шчэляпаю асьлінаю паразіў я тысяча чалавекаў». І было, як ён скончыў гукаць, то кінуў шчэляпу з рукі свае і назваў тое месца: Рамаф-Легі.

І ўсьмяг вельма, і загукаў да СПАДАРА, і сказаў: «Ты даў у руку слугі Свайго вялікае выбаўленьне гэтае; а цяпер памру я ад смагі й лучу ў рукі неабрэзаных». І раськяпіў Бог раськепіну, што ў Легах, і пацякла зь яе вада. Ён напіўся, і зьвярнуўся дух ягоны, і ён ажыў; затым ён назваў імя месца гэтага: «Жарало гукаючага», каторае ў Легах аж дагэтуль.

І судзіў ён Ізраеля за дзён Пілішчан дваццаць год.

І пайшоў Самсон да Ґазы, і, абачыўшы там бязулю, увыйшоў да яе. Ґазянам наказалі: «Прышоў Самсон сюды». І хадзілі яны навокал, і цікавалі на яго ўсю ноч у браме месцкай, і ня выказаваліся ўсю тую ноч, кажучы: «Да сьвітаньня пажджэм і заб’ем яго». І ляжаў Самсон да поўначы; і ўстаў а поўначы, і схапіў вароты месцкае брамы за абодва вушакі, і выцягнуў іх разам із завалам, і палажыў на плечы свае, і ўзьнёс іх на верх гары, каторая перад Гэўронам.

І было просьле гэтага, што закахаўся ён у жонку ў даліне Сорэк; імя ейнае Даліла. І ўзышлі да яе князі Пілісцкія, і сказалі ёй: «Умоў яго й зацем, у чым вялікая сіла ягоная, і чым нам здолець яго, і зьвяжам яго, каб мучыць яго; а мы дамо табе за гэта кажны тысяча а сто срэбра». І сказала Даліла Самсону: «Азнаймі, калі ласка, імне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб мучыць цябе?» І сказаў ёй Самсон: «Калі зьвяжуць мяне сяма вагкімі гужамі, каторыя яшчэ ня высахлі, то я скволею й буду, як адзін ізь людзтва». І ўзьнесьлі ёй князі Пілісцкія сем вагкіх гужоў, каторыя ня высахлі, і яна зьвязала яго імі. Цікуючы сядзеў у яе ў пакою. І сказала яму: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» і ён разарваў гужы, як разрываюць ніту з пакульля, як перапаляе яе цяпло, і не пазнана сіла ягоная. І сказала Даліла Самсону: «Вось, ты сьміяўся зь мяне і брахаў імне; цяпер жа азнаймі імне, чым зьвязаць цябе?» Ён сказаў ёй: «Калі моцна зьвяжуць мяне новымі паварозамі, каторыя ня ўжывалі да работы, то я скволею а буду, як адзін ізь людзтва». І ўзяла Даліла новыя паварозы, і зьвязала яго імі, і сказала: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» А цікуючы сядзеў у пакою. І зарваў ён іх із рук сваіх, як нітку.

І сказала Даліла Самсону: «Дагэтуль ты сьміяўся зь мяне і гукаў імне брэхні; скажы імне, чым бы зьвязаць цябе?» Ён сказаў ёй: «Калі ты ўтчэш сем косаў галавы мае ў тканіну». І прымацавала іх да навою, і сказала яму: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» Ён прачхнуўся зо сну свайго й вырваў навой кроснаў разам із тканіною. Сказала яму: «Як жа ты кажаш: "Люблю цябе", а сэрца твае ня з імною? вось, ты трэйчы сьміяўся зь мяне й не азнайміў імне, у чым вялікая сіла твая».

І прыгадзілася, як яна дадзявала яму словамі сваімі ўсі гэтыя дні й мучыла яго, дык замлела на сьмерць душа ягоная; І ён азнайміў ёй усе сэрца свае, і сказаў ёй: «Брытва ня ўзышла на галаву маю, бо назарэй Божы я ад жывата маці свае. Калі ж мяне паголяць, то адвернецца ад мяне сіла мая; я скволею й буду, як кажны зь людзтва». І бачыла Даліла, што ён азнайміў ёй усе сэрца свае, дык паслала й пагукала князёў Пілісцкіх, кажучы: «Узыйдзіце гэты раз, бо азнайміў імне ўсе сэрца свае». І ўзышлі да яе князі Пілісцкія, і ўзьнесьлі срэбра ў руках сваіх. І ўсаніла яго на каленях сваіх, і пагукала чалавека, і астрыжаны сем каслаўкаў галавы ягонае. І пачала яго мучыць, і адвярнулася сіла яговая ад яго. І яна сказала: «Пілішчане на цябе, Самсоне!» І ён прачхнуўся зо сну свайго, і сказаў: «Выйду, як і іншым разам, і абтрасуся». А ён ня ведаў, што СПАДАР адвярнуўся ад яго.

І схапілі яго Пілішчане, і выкалалі яму вочы, зьвялі яго да Ґазы, і закавалі яго мядзянымі ланцугамі, і ён малоў у доме вязьняў. І пачаў волас галавы ягонае адрастаць, просьле тога як быў аголены.

І князі Пілісцкія зьберліся, каб абрачы вялікі аброк Даґону, богу свайму, і весяліцца, і сказалі: «Даў бог наш у рукі нашыя Самсона, ворага нашага». І абачыў яго люд, і хвалілі багі свае, бо гукалі: «Бог наш даў у рукі нашы непрыяцеля нашага, пустошаньніка зямлі нашае, і каторы памножыў пабітых нашых». І было, як узрадавалася сэрца іхнае, то сказалі: «Гукніце Самсона, хай ён пабаве нас». І гукнулі Самсона з дому вязьняў, і ён бавіў іх, і пастанавілі яго памеж стаўпоў. І сказаў Самсон хлапцу, каторы дзяржаў яго за руку: «Падвядзі мяне, каб ашчупаць імне стаўпы, на каторых дзяржыцца дом, і я абапруся на іх». Дом жа быў поўны мужчын і жанок, і там усі князі Пілісцкія, і на страсе было якіх тры тысячы мужчын і жанок, што глядзелі на бавячага Самсона. І загукаў Самсон да СПАДАРА, і сказаў: «Спадару СПАДАРУ! успомні мяне, калі Твая ласка, і пасілі мяне, калі Твая ласка, адно гэты раз, о Божа! і я помшчу аднэй помстаю Пілішчанам за два вокі свае». І абняў Самсон два сярэднія стаўпы, на каторых дзяржаўся дом, і ўперся ў іх, у вадзін праваю рукою сваёю, а ў вадзін леваю. І сказаў Самсон: «Памры, душа мая, зь Пілшчанамі!» І нахінуўся сілаю, і ўпаў дом на князёў а на ўвесь люд, што ў ім. І было памерлых, каторых забіў сьмерцю сваёю, болей, чымся колькі ён забіў у жыцьцю сваім.

І зышлі браты ягоныя а ўвесь дом айца ягонага, і панесьлі яго, і ўзьнесьлі, і пахавалі яго меж Цоры й Ештаолу, у гробе Маноя, айца ягонага. Ён судзіў Ізраеля дваццаць год.

Быў чалавек на гары Яхрэмавай, наймя Міха. І сказаў ён маці сваёй: «Тысяча а сто срэбра, каторыя былі ўзяты ў цябе, за каторыя ты праклінала а таксама гукала ў вушы мае, вось, срэбра ў мяне, я ўзяў яго». Маці ягоная сказала: «Дабраславёны сын мой у СПАДАРА». І зьвярнуў ён тысяча а сто срэбра маці сваёй, і сказала маці ягоная: «Я супоўна пасьвяціла гэтае срэбра СПАДАРУ з рукі свае дзеля сына свайго, каб зрабіў выразаны абраз а выліваны абраз; дык я зварачаю табе яго». Але зьвярнуў ён срэбра маці сваёй. І ўзяла маці ягоная дзьвесьце срэбра, і дала іх літоўніку, каторы зрабіў зь яго выразаны абраз а выліваны абраз; і было гэта ў доме Мішыным.

І ў гэтага чалавека, Міхі, быў дом Божы. І зрабіў ён наплечнік а тэрафім, і напоўніў руку аднаго із сыноў сваіх, і быў у яго за сьвятара.

Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; кажны рабіў, што належыла ў ваччу ягоным.

І быў дзяцюк із Бэтлеему Юдэйскага, з плямені Юдзінага, і ён Левіт, і ён жыў там. І пайшоў гэты чалавек ізь места Бэтлеему Юдэйскага, каб пажыць, ідзе луча, і прышоў на гару Яхрэмаву аж да дому Мішынага, каб ісьці ў дальшую дарогу. І сказаў яму Міха: «Скуль ты прышоў?» І ён сказаў яму: «Я Левіт із Бэтлеему Юдэйскага, і йду пажыць, ідзе луча». І сказаў яму Міха: «Жыві ў мяне, і будзь у мяне за айца а за сьвятара; я дам табе па дзесяць срэбра на год, і цэласьць убораў, і емя». І пайшоў Левіт да яго, і зычыў Левіт жыць у гэтага чалавека, і быў дзяцюк яму, як адзін із сыноў ягоных. Міха напоўніў руку Левітаву, і гэты дзяцюк быў у яго за сьвятара, і быў ён у доме ў Міхі. І сказаў Міха: «Цяпер я ведаю, што СПАДАР будзе імне добра дзеяць, бо Левіт стаў у мяне за сьвятара».

Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; і тых дзён плямя Данова шукала сабе спадку, ідзе б асяліцца, бо ня выпала яму дагэнуль поўнага спадку пасярод плямёнаў Ізраелявых.

І паслалі сынове Дановы ад роду свайго пяцёх чалавекаў зь ліку свайго, людзёў харобрых із Цоры а зь Ештаолу, каб выглядзець зямлю й праскумаць яе, і сказалі ім: «Пайдзіце, праскумайце зямлю». І яны прышлі на гару Яхрэмаву аж да дому Мішынага, і начавалі там. Яны былі ў доме Мішыным, і пазналі яны голас маладога Левіта, і зайшліся туды, і сказалі яму: «Хто цябе прывёў сюды, і што ты тут робіш, і што табе тут?» Ён сказаў ім: «Тое а тое зрабіў імне Міха, і наняў мяне, і я стаў у яго за сьвятара». І яны сказалі яму: «Папытай, калі ласка, у Бога, каб нам ведаць, ці будзе дасьпешная дарога наша, у каторую мы йдзем». Сказаў ім сьвятар: «Ідзіце ў супакою; перад СПАДАРОМ дарога ваша, у каторую вы пойдзеце».

І пайшлі тыя пяцёх мужоў, і прышлі да Лаішу, і абачылі люд, каторы ўнутры яго, што ён жывець бязрупатліва, подле звычаю Сыдонян, ціхі а бязрупатлівы, і што ня было прысаромлюючых за што-колечы ў краю ад маючых уладу; і далёкія яны ад Сыдонян, і ніякага дачыненьня ня было ў іх ні зь кім. І прышлі яны да братоў сваіх да Цоры а Ештаолу, і сказалі ім браты іхныя: «З чым вы?» Яны сказалі: «Устаньма і ўзыйдзіма на іх; бо мы бачылі зямлю, і вось, яна вельмі добрая. А вы маўчыце? не лянуйцеся пайсьці, увязацца ў спадак зямлі. Як прыйдзеце вы, прыйдзеце да люду бязрупатлівага, і зямля тая прасторная, — бо даў яе Бог у рукі вашы, — гэта месца, ідзе няма нястачы ні ў чым, што ў зямлі». І крануліся стуль радзімы Дановы з Цоры а Ештаолу, шасьцьсот мужоў, паперазаўшыся ваеннай зброяю. Яны ўзышлі а разьлягліся табарам у Кіраф-Еарыме, у Юдэі. Затым і завуць тое месца табарам Дановым дагэтуль; яно адзаду Кіраф-Еарыму.

І перайшлі стуль яны на гару Яхрэмаву, і прышлі аж да дому Мішынага. І адказалі тыя пяцёх мужоў, каторыя хадзілі выглядаць зямлю Лаіш, і сказалі братом сваім: «Ці ведаеце, што ў дамох гэтых наплечнік, тэрафім, выразаны абраз а выліваны абраз? дык ведайце, што рабіць». І зайшліся туды, і прышлі да дому дзяцюка Левіта, у дом Мішын, і прывіталі яго. А шасьцьсот чалавекаў, якія із сыноў Дановых, паперазаўшыся ваеннаю зброяю, стаялі ля ўходу брамы. І ўзышлі пяцёх чалавекаў, што хадзілі выглядаць зямлю, увыйшлі туды, узялі выразаны абраз а наплечнік а тэрафім а выліваны абраз. І сьвятар стаяў ля ўходу брамы, і тыя ж шасьцьсот чалавекаў, паперазаўшыся ваеннаю зброяю. А гэтыя ўвыйшлі ў дом Мішын, і ўзялі выразаны абраз, наплечнік, тэрафім а выліваны абраз. І сказаў ім сьвятар: «Што вы робіце?» І сказалі яны яму: «Маўчы, палажы руку сваю на вусны свае, і йдзі з намі: і будзь нам за айца а за сьвятара. Ці валей быць табе сьвятаром у дому аднаго чалавека, ці быць сьвятаром у плямені і ў радзіме ў Ізраелю?» І ўзрадавалася сэрца сьвятарова, і ўзяў наплечнік а тэрафім а выразаны абраз, і пайшоў сярод люду. І яны завярнуліся, і пайшлі, і пусьцілі дзецяняты, статак а цяжары наперад. Яны адышліся ад дому Мішынага. Людзі ў дамох, суседніх із домам Мішыным, згукаліся й дагналі сыноў Дановых, І гукалі сыном Дановым. І абярнулі віды свае, і сказалі Місе: «Чаго табе, што ты згукаў людзёў?» І сказаў: «Багі мае, каторыя я зрабіў, вы ўзялі, і сьвятара, і пайшлі; і чаго яшчэ болей? І што ж вы кажаце імне: "Чаго табе?"» І сказалі яму сынове Дановы: «Хай ня будзе чуцён голас твой меж нас, каб не напалі на вас людзі, зьнемарашчаныя душою, і ты згубіш душу сваю і душу дому свайго». І пайшлі сынове Дановы сваёю дарогаю; і абачыў Міха, што яны дужшыя за яго, абярнуўся й зьвярнуўся да дому свайго.

І яны ўзялі тое, што зрабіў Міха, і сьвятара, каторы быў у яго, і пайшлі да Лаішу, на люд супакойны а бязруплівы, і паразілі іх лязом мяча, а места спалілі цяплом. І ня было ратуючага, бо ён быў воддаль ад Сыдону, і ні зь кім ня меў дачыненьня, і ён быў у даліне ля Веф-Рэгова. І яны збудавалі места, і асяліліся ў ім. І назвалі імя места: Дан, імям Дана, айца свайго, каторы радзіўся Ізраелю, але Лаіш імя места таго было ўперад.

І ўстанавілі сабе сынове Дановы выразаны абраз; і Ёнафан, сын Ґіршона Манасёнка, ён а сынове ягоныя былі сьвятарамі ў плямені Дановым аж да дня перасяленьня зямлі. І пастанавілі сабе выразаны абраз, што зрабіў Міха, і стаяў усі дні, пакуль быў дом Божы ў Шыле.

І сталася тых дзён, калі караля ня было ў Ізраеля, і быў чалавек Левіт, што жыў на схоне гары Яхрэмавай. Ён узяў сабе мамошку з Бэтлеему Юдэйскага. І бязуліла мамошка ягоная, і пайшла ад яго да дому айца свайго да Бэтлеему Юдэйскага, і была там чатыры месяцы. І ўстаў муж ейны, і пайшоў да яе, каб гукаць да сэрца яе і зьвярнуць яе. І дзяцюк ягоны зь ім, і пара аслоў. Яна ўвяла яго да дому айца свайго. І абачыў яго айцец маладзіцы, і ўзрадаваўся, і вышаў наўпярэймы яму, І ўзьдзяржаў яго цесьць ягоны, айцец маладзіцы. І прабыў ён у яго тры дні; і яны елі а пілі, і начавалі там. І было на чацьверты дзень, што ўсталі яны нараніцы, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў айцец маладзіцы зяцю свайму: «Пасілі сэрца свае кавалкам хлеба, і потым пойдзеце». Яны селі, елі а пілі абое разам. І сказаў айцец маладзіцы чалавеку таму: «Папрыяй, калі ласка, і пераначуй, і хай павяселіцца сэрца твае». І ўстаў тый чалавек, каб ісьці; але цесьць ягоны ўпрасіў яго, і ён зьвярнуўся й начаваў там. І ўстаў нараніцы на пяты дзень, каб ісьці. І сказаў айцец маладзіцы тае: «Пасілі, калі ласка, сэрца свае»; і забавіліся да сходу дня, і елі абое яны. І ўстаў тый чалавек, каб ісьці, сам ён а мамошка ягоная а дзяцюк ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, айцец маладзіцы: «Гля, пачынае вечарэць, начуйце, калі ласка; гля, вечарэе, начуй тут, і хай павяселіцца сэрца твае; і ўстанеце рана заўтра ў дарогу сваю, і пойдзеш да будану свайго». Але муж не захацеў начаваць, і ўстаў, і пайшоў; і прышоў аж супроці Евусу, каторы Ерузалім; а зь ім пара аслоў зь цяжарам і мамошка ягоная зь ім.

Як яны былі ля Евусу, то чыста зьвечарэла. І сказаў дзяцюк спадару свайму: «Пайдзіма, калі ласка, і зьвернем да гэтага места Евусэявага, і будзем начаваць у ім». І сказаў яму спадар ягоны: «Не, ня зьвернем да места чужога, каторыя ня із сыноў Ізраелявых, але дойдзем аж да Ґівеі». І сказаў дзяцюку свайму: «Пойдзем і дабліжымся да аднаго з гэтых месцаў, і пераначуем у Ґівее альбо ў Раме». І перайшлі, і пайшлі, і зайшло ім сонца ля Ґівеы Веняміновае. І завярнуліся яны туды, каб пайсьці начаваць у Ґівее. І прышоў ён, і сеў на вуліцы места, але ніхто ня прыняў іх да дому начаваць.

І вось, чалавек стары прышоў з работы свае з поля ўвечары; і чалавек гэты з гары Яхрэмавае, і ён жыў у Ґівее. Людзі месца гэтага сынове Веняміновы. І ён узьняў вочы, і абачыў чалавека падарожнага на вуліцы месцкай. І сказаў стары: «Куды йдзеш? і скуль ты прышоў?» Ён сказаў яму: «Мы пераходзім із Бэтлеему Юдэйскага аж да схону гары Яхрэмавае, скуль я. Я хадзіў да Бэтлеему Юдэйскага, і да дому СПАДАРОВАГА я йду; і ніхто ня прымае мяне да дому. І таксама салома, таксама пошар ё аслом нашым; таксама хлеб а віно імне а служэбцы тваёй а дзяцюку ёсьць у слугаў тваіх; ні ў чым няма нястачы». І сказаў стары яму: «Супакой табе! няхай уся нястача твая будзе на імне, адно не начуй на вуліцы». І ўвёў яго ў дом свой, і даў пошару аслом, і яны абмылі ногі свае, і елі, і пілі.

Яны разьвесялілі сэрцы свае, і вось, людзі места, сынове Веляла, абступілі дом, біліся ў дзьверы, і гукалі старому, гаспадару дому, кажучы: «Вывядзі чалавека, што ўвыйшоў у дом твой, мы пазнаем яго». І вышаў да іх тый чалавек, гаспадар дому, і сказаў ім: «Не, браты мае, калі ласка, не рабіце ліха; як чалавек гэты ўвыйшоў у дом мой, не рабіце гэтага шалу. Вось, у мяне дачка дзеўка, і ў яго мамошка, вывяду я іх, мучча іх і рабіце зь імі, што добрае ў вачох вашых; а з чалавекам гэтым не рабіце гэтага шалу. Але не хацелі тыя людзі слухаць яго. Тады муж схапіў сваю мамошку і вывеў вонкі да іх. І яны пазналі яе, і зьдзекаваліся зь яе ўсю ноч да раньня; і адпусьцілі яе, як зарала. І прышла жонка сьвітаньням, і павалілася ля ўходу дому таго чалавека, у каторага быў спадар ейны, і ляжала аж да сьвету. І ўстаў спадар ейны нараніцы, і адчыніў дзьверы дому, і вышаў, каб ісьці ў дарогу сваю: і во, мамошка ягоная ўпала ля ўходу дому, і рукі ейныя на парозе. Ён сказаў ёй: «Устань, і пойдзем». І няма адказу. Ён узяў яе на асла; і ўстаў тый муж і пайшоў на свае месца.

Прышоў да дому свайго, і ўзяў вялікі нож, і ўхапіў мамошку сваю, разрэзаў па касьцёх яе на двананцаць кавалкаў, і разаслаў па ўсіх граніцах Ізраелявых. І было, што кажны, хто бачыў гэта, казаў: «Ня было й ня відаць было падобнага ад дня ўзыходу сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае аж дагэтуль; зьвярніце ўвагу на гэта, парадзьцеся й кажыце».

І вышлі ўсі сынове Ізраелявы, і зьберся збор, як адзін чалавек, ад Дану да Веер-Шэвы, і зямля Ґілеадзкая — да СПАДАРА ў Міцпе. І сталі начэльнікі ўсяго люду, усі плямёны Ізраелявы, у грамадзе люду Божага, чатырыста тысячаў пяхотных мужоў, меч агаляючых.

І пачулі сынове Веняміновы, што ўзышлі сынове Ізраелявы да Міцпы. І сказалі сынове Ізраелявы: «Скажыце, як сталася нягоднасьць гэта?» І адказаў гэты чалавек Левіт, муж гэнае забітае жонкі, і сказаў: «Да Ґівеы Веняміновае прышоў я а мамошка мая начаваць. І паўсталі на мяне спадары Ґівеы, і абступілі дзеля мяне дом ночы. Мяне маніліся забіць, а мамошку Маю замучылі, і яна памерла. Я ўхапіў мамошку сваю, парэзаў яе і паслаў яе да ўсіх палёў дзяржавы Ізраелявае, бо яны зрабілі бязулства а шал у Ізраелю. Вось, вы ўсі, сынове Ізраелявы, разгледзьце гэтую справу й радзьцеся праз гэта». І паўстаў увесь люд, як адзін чалавек, кажучы: «Ня пойдзем ні водзін да будану свайго і ня зьвернем ні водзін да дому свайго. І во што мы зробім із Ґівеаю: кінем на жэрабя ўзглядам яе. І возьмем дзесяцёх чалавекаў із сту з усіх плямёнаў Ізраелявых, сту з тысяча і тысяча зь дзесяцёх тысячаў, каб яны прынесьлі еміны люду, каторы, прышоўшы, мог зрабіць Ґівее Веняміновай подле ўсёга шалу, што яна зрабіла ў Ізраелю».

І зьберліся кажны Ізраелец да места, як адзін чалавек сьсябраваўшыся.

І паслалі плямёны Ізраелявы людзёў да ўсіх родаў Веняміновых, кажучы: «Што за нягоднасьць сталася меж вас! А цяпер дайце гэных сыноў Веляла, што ў Ґівеы, мы зробім ім сьмерць, і выкаранім ліха з Ізраеля». Але не хацеў Венямін паслухаць голасу братоў сваіх, сыноў Ізраелявых. Але зьберліся сынове Веняміновы зь местаў да Ґівеы, каб пайсьці вайною із сынамі Ізраелявымі. І налічылі сыноў Веняміновых таго дня зь местаў дваццаць шэсьць тысячаў чалавекаў, што агалялі меч; апрача тога, із жыхараў Ґіўскіх налічылі сямсот выборных. З памеж усіх гэтых было сямсот чалавекаў выборных, каторыя не валодалі праваю рукою, і кажны зь іх, пушчаючы з пушчалаў каменьне ў волас, не абмахнуўся.

І мужоў Ізраелцаў налічылі, апрача сыноў Веняміновых, чатырыста тысячаў чалавекаў, што агалялі меч; кажны зь іх чалавек вайны. І ўсталі, і ўзышлі да дому Божага, і пыталіся ў Бога, і сказалі сынове Ізраелявы: «Хто ўзыйдзе дзеля нас спачатку на бітву із сынамі Веняміновымі?» І сказаў СПАДАР: «Юда спачатку». І ўсталі сынове Ізраелявы нараніцы, і разьлягліся табарам ля Ґівеы. І выступілі Ізраелцы на бітву супроці Веняміну, і зладзіліся сынове Ізраелявы на бітву супроці іх ля Ґівеы. І вышлі сынове Веняміновы з Ґівеы, і зразілі ў Ізраелю таго дня дваццаць дзьве тысячы чалавекаў на зямлю. І ўюшыўся люд, кажны Ізраелянін, і ўзноў зладзіўся да бітвы на тым месцу, ідзе зладзіліся першы дзень. І ўзышлі сынове Ізраелявы, і плакалі перад СПАДАРОМ аж да вечара, і пыталіся ў СПАДАРА, кажучы: «Ці яшчэ імне дабліжыцца на бітву із сынамі Веняміна, брата майго?» І сказаў СПАДАР: «Узыйдзіце супроці яго».

І падступілі сынове Ізраелявы да сыноў Веняміновых другі дзень. І Венямін вышаў супроці іх ізь Ґівеы на другі дзень і яшчэ зразіў із сыноў Ізраелявых асьмінанцаць тысячаў чалавекаў на зямлю, усі яны агаляючыя меч. І ўзышлі ўсі сынове Ізраелявы а ўвесь люд, і прышлі да дому Божага, і плакалі, і сядзелі там перад відам СПАДАРОВЫМ, і поставалі таго дня аж да вечара, і абраклі ўсепаленьне а супакойныя аброкі перад СПАДАРОМ. І пыталіся сынове Ізраелявы ў СПАДАРА, — і там тых дзён скрыня змовы Божае, І Фінегас, сын Елеазара Ааронка, стаяў перад ёю тых дзён, — кажучы: «Ці выходзіць імне яшчэ на бітву із сынамі Веняміна, брата майго, ці перастаць?» СПАДАР сказаў: «Узыходзьце, бо заўтра Я аддам яго ў руку тваю». І пастанавіў Ізраель засаду супроці Ґівеы.

І ўзышлі сынове Ізраелявы на сыноў Веняміновых на трэйці дзень, і зладзіліся супроці Ґівеы, як кажны раз. І вышлі сынове Веняміновы наўпярэймы люду, і адвалакліся ад места, і пачалі разіць ізь люду; і было забітых, як уперад, на гасьцінцах, з каторых адзін вядзець да Бэт-Элю, а адзін да Ґівеы полям, і забілі якіх трыццацёх чалавекаў із Ізраелцаў. І сказалі сынове Веняміновы: «Яны зражаны перад намі, як і ўперад». А сынове Ізраелявы сказалі: «Уцякайма ад іх, і адцягнем іх ад места на дарогі». І кажны муж Ізраелянін усталі зь месца свайго, і зладзіліся ў Ваал-Тамары. І засада Ізраелява прарвалася із свайго месца, ізь сенажаці Ґівеы. І прышлі насупраці Ґівеы дзесяць тысячаў чалавекаў, выборных мужоў із усёга Ізраеля, і бітва была цяжкая; але сынове Веняміновы ня ведалі, што ліха датыкаецца да іх.

І зразіў СПАДАР Веняміна перад Ізраелям, і выгубілі сынове Ізраелявы ў Веняміну таго дня дваццаць пяць тысячаў сту чалавекаў, кажны з гэтых агаляў меч. І абачылі сынове Веняміновы, што яны зражаны. І ўступілі сынове Ізраелявы месца сыном Веняміновым, бо спадзяваліся на засаду, каторую яны пастанавілі ля Ґівеы. Засада ж пабарзьдзіла й пусьцілася да Ґівеы, і ўступіла засада, і зразіла ўсе места лязом мяча. Умоўны знак быў у Ізраеля із засадаю, павялічыць падымак булаку дыму зь места. І адвярнуліся мужове Ізраелявы зь бітвы, і Венямін пачаў цяць іх. Забітых мужоў Ізраелявых было якіх трыццацёх мужоў, бо казалі: «Во валіцца, валіцца ён перад намі, як і ў ранейшыя бітвы»; І булак пачаў падыймацца зь места — стоўп дыму, і азірнуўся Венямін назад, і во, падыймаецца дым з усёга места пад неба. І мужы Ізраелявы азірнуліся, а Венямін спалохаўся, бо абачыў, што дакрануліся да ліха. І адвярнуліся яны ад Ізраелцаў па дарозе да пустыні; але бітва дагнала яго, і тыя, што выходзілі зь местаў, губілі яго сярод яго; Абступілі Веняміна, гналіся за ім аж да Менугі, і тапталі аж да супраці Ґівеы з усходу сонца. І палі із сыноў Веняміновых асьмінанцацёх тысячаў чалавекаў, усі яны дужасілы. І абярнуліся, і ўцяклі на пустыню, да скалы Рымон, і дабілі яшчэ іх на дарогах пяць тысячаў чалавекаў; і гналіся за імі аж да Ґідому, і зразілі зь яго дзьве тысячы чалавекаў. І было ўсіх палых Веняміну гэтага дня дваццаць пяць тысячаў, кажны агаляючы меч, і ўсі яны дужасілы. І абярнуліся, і ўцяклі на пустыню, да скалы Рымон шасьцьсот чалавекаў, і заставаліся там у скале Рымоне чатыры месяцы. І мужы Ізраелявы зьвярнуліся да сыноў Веняміновых, і зразілі іх лязом мяча, ад места й ад людзіны аж да статку і да ўсёга, што сустракалася; таксама ўсі месты, каторыя яны знайшлі, яны аканавалі цяплу.

І кажны муж Ізраелец прысяг у Міцпе, кажучы: «Ніхто з нас не аддасьць дачкі свае за жонку Веняміну». І прышоў люд да Бэт-Элю, і сядзелі там аж да вечара перад Богам, і ўзьнялі голас свой, і плакалі плачам вялікім. І сказалі: «Чаму, СПАДАРУ, Божа Ізраеляў, прыгадзілася гэта ў Ізраелю, што ня стала цяпер у Ізраеля аднаго плямені?» І было назаўтрае, і ўстаў люд нараніцы, і збудавалі там аброчнік, абракалі ўсепаленьне й супакойныя аброкі. І сказалі сынове Ізраелявы: «Хто ня ўзыходзіў да грамады, да СПАДАРА з усіх плямёнаў Ізраелявых?» Бо вялікая прысяга была на тых, што ня ўзыходзілі да СПАДАРА да Міцпы, кажучы: «Сьмерцяй хай памрэць!» І зжаліліся сынове Ізраелявы над Венямінам, братам сваім, і сказалі: «Цяпер адцята адно плямя ад Ізраеля; Што зробім ім засталым што да жанок, а мы ж прысягалі СПАДАРОМ ня даць ім жанок із дачок нашых?» І сказалі: «Хто тый з плямёнаў Ізраелявых, што ня прышоў да СПАДАРА да Міцпы?» І вось, ня прышоў ніхто да табару да грамады зь Явісу Ґілеадзкага. І агледжаны люд, і вось, ня было там ні воднага із жыхараў Явісу Ґілеадзкага. І паслаў туды збор двананцацёх тысячаў чалавекаў, з дужасілаў, і далі ім расказаньне, кажучы: «Ідзіце й пабіце лязом мяча жыхараў Явісу Ґілеадзкага, і жанкі, і дзецяняты. І во што зрабіце: кажнага мужчыну й кажную жонку, што пазнала ляжаньне мужчыны, акануйце». І знайшлі яны із жыхараў Явісу Ґілеадзкага чатырыста дзяўчат у дзявоцтве, што не пазналі мужа, ляжаньня з мужчынам, і прывялі іх да табару ў Шыле, каторае ў зямлі Канаанскай.

І паслаў увесь збор, і гукалі сыноў Веняміновых, што ў скале Рымоне, і агаласілі ім мір. І зьвярнуўся Венямін у тым часе, і далі ім жонкі, каторыя пакінулі жывыя із жанок Явісу Ґілеадзкага, але іх ня было ім даволі.

І люд жалеў Веняміна, бо СПАДАР зрабіў прорву ў плямёнах Ізраелявых. І сказалі старцы збору: «Што нам рабіць засталым, што да жонак, бо выгублены жанкі ў Веняміна?» сказалі: «Спадак Веняміна хай будзе ўцеклым Веняміна, і хай не загіне плямя з Ізраеля. Мы, адылі, ня можам даць ім жанок із дачок нашых; бо прысяглі сынове Ізраелявы, кажучы: "Пракляты, хто дасьць жонку Веняміну"». І сказалі: «Вось, бывае кажнага году сьвята СПАДАРОВА ў Шыле, каторае на поўнач ад Бэт-Элю й на ўсход сонца ад дарогі, што ўзыходзе ад Бэт-Элю да Сыхему, і на паўдня ад Левоны». І расказалі сыном Веняміновым, кажучы: «Пайдзіце й засядзьце ў вінішчах. І глядзіце, як выйдуць дачкі Шыльскія скакаць у карагодах, тады выйдзіце зь вінішчаў, і схапіце кажны чалавек сабе жонку з дачок Шыльскіх, і пайдзіце да зямлі Веняміновае. І будзе, як прыйдуць бацькі іхныя альбо браты іхныя, каб вадзіцца з намі, то мы скажам ім: «Даруйце нам за іх, бо мы не ўзялі кажнаму зь іх жонкі на вайне, і вы не далі ім: цяпер вы вінны». І зрабілі так сынове Веняміновы, і ўзялі жонкі подле ліку свайго з былых у карагодзе, каторыя яны схапілі, і пайшлі, і зьвярнуліся да спадку свайго, пабудавалі месты і жылі ў іх.

І пайшлі стуль сынове Ізраелявы таго часу кажны да плямені свайго а да радзімы свае, і пайшлі стуль кажны да спадку свайго.

Тых дзён ня было караля ў Ізраеля; кажны рабіў тое, што справядлівае ў ваччу ягоным.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.