Библия › Станкевіча › Кніга Егошуі

Кніга Егошуі

І было, што па сьмерці Масея, слугі СПАДАРОВАГА, сказаў СПАДАР Ігошуі Нунянку, служцу Масеяваму, кажучы: «Масей, слуга Мой, мертвы; дык устань, перайдзі Ёрдан гэты, ты а ўвесь люд гэты, да зямлі, каторую Я даю ім, сыном Ізраелявым. Кажнае месца, на каторае ступе ступа ног вашых, Я вам даў яго, як Я сказаў Масею: Ад пустыні й Лібану гэтага аж да ракі вялікае, ракі Еўфрату, усю зямлю Гэцічаў; і аж да вялікага мора на захад сонца будуць граніцы вашы. Ніхто ня ўстое перад табою ўсі дні жыцьця твайго; як Я быў із Масеям, так буду і з табою; не адступлюся ад цябе і не пакіну Цябе. Будзь дужы а адважны, бо ты люду гэтаму перадасі на спадак гэтую зямлю, каторую Я прысягаў айцом іхным даць ім. Толькі будзь дужы а вельмі адважны, каб рупіцца паўніць подле ўсёга Права, каторае расказаў табе Масей, слуга Мой; не адхікайся ад яго ані направа, ані налева, каб мець дасьпех у вусім, куды ты пойдзеш. Хай не аддаляецца кніга Права гэтая ад вуснаў тваіх; і разважай над ёй удзень і ночы, каб захаваць і рабіць усе, што ў ёй напісана, бо тады пашчасьце табе ў дарогах тваіх, і тады будзеш мець дасьпех. Ці не расказаў Я табе: будзь дужы а адважны, ня бойся а не лякайся, бо з табою СПАДАР, Бог твой, усюдых, куды пойдзеш».

І расказаў Ігошуа нагляднікам люду, кажучы: «Прайдзіце ўнутры табару й раскажыце люду, кажучы: "Прыгатуйце сабе ежы, бо ўжо за тры дні вы пярэйдзеце Ёрдан гэты, каб прыйсьці ўзяць у дзяржаньне зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець вам на спадак"».

А плямені Рувінаваму, Ґадоваму а палавіцы плямені Манасавага сказаў Ігошуа, кажучы: «Помні слова, што расказаў вам Масей, слуга СПАДАРОЎ, кажучы: "СПАДАР, Бог ваш, супакоіў вас і даў вам зямлю гэтую". Жонкі вашыя, дзецяняты вашыя і статак вашы няхай прабываюць у зямлі, каторую даў вам Масей за Ёрданом; а вы перайдзіце ўзброіўшыся перад братамі сваімі, усі дужасілы, і памажыце ім, Пакуль не супакое СПАДАР братоў вашых, як і вас, і апануюць і яны зямлю, каторую СПАДАР, Бог ваш, даець ім. Тады зьверніцеся да спадку вашага й дзяржыце зямлю, каторую Масей, слуга СПАДАРОЎ, даў вам за Ёрданом на ўсход сон-ца». І адказалі яны Ігошуу, кажучы: «Усе, што ты расказаў нам, зробім, і куды пашлеш нас, пойдзем. Подле ўсяго як слухалі мы Масея, так будзем слухаць і цябе; адно хай будзе СПАДАР, Бог твой, з табою, як Ён быў з Масеям. Кажны, хто спрацівіцца вуснам тваім і не паслухае словаў тваіх у вусім, што ты раскажаш яму, памрэць. Адно будзь дужы а адважны!»

І паслаў Ігошуа Нунянок цішком із Сытыму двух мужоў узьведнікаў, кажучы: «Пайдзіце, выглядзіце зямлю а Ерыхон». І пайшлі, прышлі да дому жонкі бязулі, а імя яе Рагаў, і ляглі там. І наказалі каралю Ерыхонскаму, кажучы: «Вось, людзі прышлі сюды гэтае ночы із сыноў Ізраелявых, каб выглядзець зямлю». І паслаў кароль Ерыхонскі Рагаве, кажучы: «Вывядзі людзёў, што прышлі да цябе, каторыя ўвыйшлі ў дом твой; бо выглядзець усю зямлю яны прышлі». І ўзяла жонка двух чалавекаў тых, і схавала іх, і сказала: «Але, прыходзілі да мяне людзі, але я ня ведала, скуль яны. І сталася, як надабе было замкнуць браму, бо сьцямнела, мужы тыя тады вышлі; ня ведаю, куды пайшлі мужы тыя; ганіцеся барзьдзей за імі, бо вы дагоніце іх». А сама ўзьвяла іх на страху, і схавала іх у снапох лёну, раскладзеных у яе на страсе. А людзі гналіся за імі па дарозе да Ёрдану аж да броду; а браму замкнулі, просьле тога як вышлі тыя, што гналіся за імі. Уперад чымся яны ляглі, яна ўзышла да іх на страху, І сказала тым людзём: «Я ведаю, што даў СПАДАР вам зямлю, і што паў жах ваш на нас, і што скволелі ўсі жыхары зямлі перад вамі; Бо мы чулі, як высушыў СПАДАР воды Чырвонага мора перад вамі, як вы вышлі зь Ягіпту, і што ўчынілі вы двум каралём Аморэйскім, каторыя на другім баку Ёрдану, Сыгону а Оґу, каторых вы аканавалі. І мы ўчулі, і скволелі сэрцы нашыя, і ні ў кога ня ўзьняўся ўжо дух перад вамі; бо СПАДАР, Бог ваш, ё Бог на небе ўгары й на зямлі далавах. І цяпер прысягніце, калі ласка, імне СПАДАРОМ, што, як я зрабіла вам ласку, то зробіце таксама ласку дому айца майго; і дасьце мне праўдзівы знак; І захаваеце жывых айца майго а маці маю а братоў маіх а сёстраў маіх а ўсіх, хто ё ў іх, і выбавіце душы нашы ад сьмерці». І сказалі ёй гэтыя людзі: «Душа нашая за вас на сьмерць, калі вы не азнайміце гэтае нашае справы; і будзе, як СПАДАР дасьць нам зямлю, дык зробім з табою міласэрдзе й праўду». І спусьціла яна іх на паварозе пераз акно, бо дом ейны быў у месцкай сьцяне, і ў сьцяне яна жыла; І сказала ім: «На гару йдзіце, каб ня стрэлі вас гонячыя, і хавайцеся там тры дні, пакуль ня зьвернуцца гонячыя тыя; а потым пойдзеце ў дарогу сваю». І сказалі ёй тыя людзі: «Мы вольныя будзем ад прысягі гэтае, каторай ты нас запрысягла: Вось, мы ўходзім у зямлю, то чырвовы віты павароз гэты прывяжы да акна, каторым ты нас спусьціла, і айца свайго а маці сваю а братоў сваіх а ўсю радзіму айца свайго зьбяры да сябе да дому свайго. І будзе, што кажны, хто выйдзе зь дзьвярэй твайго дому вонкі, таго кроў на галаве ягонай, а мы нявінныя; а хто будзе з табою ў доме, таго кроў на галаве нашай, калі чыя рука дакранецца да яго. Калі ж ты азнайміш гэтую нашую справу, то мы будзем вольныя ад прысягі твае, каторай ты нас запрысягла». І яна сказала: «Подле словаў вашых так яно хай будзе». І адпусьціла іх, і яны пайшлі, а яна прывязала да акна віты чырвовы павароз. Яны пайшлі, і прышлі на гару, і прабылі там тры дні, пакуль не зьвярнуліся гонячыя. І шукалі іх гонячыя па ўсёй дарозе, і не знайшлі. І зьвярнуліся два гэтыя чалавекі, зышлі з гары, і перайшлі Ёрдан, і прышлі да Ігошуі Нунянка, і пераказалі яму ўсе, што зь імі прыгадзілася. І сказалі Ігошуу, што «аддаў СПАДАР у рукі нашы ўсю зямлю», што таксама «скволелі перад намі ўсі жыхары зямлі».

І ўстаў Ігошуа рана нараніцы, і крануліся яны ад Сытыму, і прышлі аж да Ёрдану, ён а ўсі сынове Ізраелявы, і начавалі там уперад, чымся перайшлі. І было пры канцу трох дзён: і прайшлі ўраднікі ўнутры табару, І расказалі люду, кажучы: «Як абачыце скрыню змовы СПАДАРА, Бога свайго, і сьвятароў Левітаў, што нясуць яе, дык вы краніцеся зь месца свайго і йдзіце за ёю. Воддаль, адылі, меж вас і яе будзе каля дзьвюх тысячаў локцяў мераю; не падходзьце да яе блізка, каб ведаць вам дарогу, па каторай ісьці вам, бо вы не хадзілі гэтаю дарогаю ані ўчорах, ані заўчора».

І сказаў Ігошуа люду: «Пасьвяціцеся, бо заўтра створа СПАДАР сярод вас чудосы». І сказаў Ігошуа сьвятаром, кажучы: «Падыйміце скрыню змовы й перайдзіце перад людам». Яны паднялі скрыню змовы й пайшлі перад людам.

І сказаў СПАДАР Ігошуу: «Гэтага дня Я пачну ўзьвялічаць цябе перад ачыма ўсяго Ізраеля, каб яны ведалі, што, як Я быў із Масеям, так буду і з табою. А ты раскажы сьвятаром, што нясуць скрыню змовы, кажучы: "Як толькі ўвыйдзеце ў бераг вады Ёрдана, прыстойце ў Ёрдане"».

І сказаў Ігошуа сыном Ізраелявым: «Дабліжчася сюды й выслухайце слова СПАДАРА, Бога вашага». І сказаў Ігошуа: «З гэтага даведаецеся, што сярод вас Бог жывы, і пражанець перад вамі Канааняніна а Гэціча а Гэвея а Ферэзэя а Ґерґесэя а Аморэя а Евусэя. Вось, скрыня змовы Спадара ўсяе зямлі пярэйдзе перад вамі Ёрданом. І цяпер вазьміце сабе двананцацёх чалавекаў з плямёнаў Ізраелявых, аднаго чалавека з плямені. І станецца, што як супачынуць ступы ног сьвятароў, што панясуць скрыню СПАДАРА, Спадара ўсяе зямлі, у вадзе Ёрдану, вада ёрданская запыніцца, вада, што цячэць зьверху, і стане адным валам». І было, што як крануўся люд ад сваіх буданоў, каб пераходзіць Ёрдан, і сьвятары, што несьлі скрыню змовы перад людам, І як увыйшлі нясучыя скрыню ў Ёрдан, і ногі сьвятароў, што несьлі скрыню, занурыліся ля берагу вады, — Ёрдан жа выступае з усіх берагоў сваіх усі дні жніва, — Дык стаялі воды вельмі далёка ад места Адама, каторае ля Царэтану, а цякучыя да мора раўніны, мора Салонага, сусім чыста былі адцяты. І люд пераходзілі супроці Ерыхону; І непарушна стаялі сьвятары, што несьлі скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, на сушы сярод Ёрдану. І ўвесь Ізраель пераходзілі па сушы, пакуль увесь народ сусім чыста не перайшоў Ёрдану.

І было, як увесь народ супоўна скончыў пераходзіць Ёрдан, то сказаў СПАДАР Ігошуі, кажучы: «Вазьміце сабе зь люду двананцацёх чалавекаў, па адным чалавеку з плямені, І раскажыце ім, кажучы: "Панясіце сабе адгэтуль, ізь сярэдзіны Ёрдану, зь месца стаяньня ног сьвятароў непарушна, двананцаць камянёў, і перанясіце іх із сабою, і палажыце іх на начулішчу, ідзе будзеце начаваць гэтую ноч"».

І гукнуў Ігошуа двананцацёх чалавекаў, каторых прыгатаваў із сыноў Ізраелявых, па адным чалавеку з плямені; І сказаў ім Ігошуа: «Перайдзіце перад скрыняю СПАДАРА, Бога свайго, у сярэдзіну Ёрдану й падыйміце сабе кажны на плячо свае па адным каменю, подле ліку плямёнаў сыноў Ізраелявых, Каб яны былі знакам сярод вас, як папытаюцца ў вас сынове вашыя заўтра, кажучы: «Што гэта за камяні гэтыя ў вас?» Дык скажаце ім, што адцяты былі воды Ёрдану перад скрыняю змовы СПАДАРА; як яна пераходзіла Ёрдан, тады воды Ёрдану былі адцяты. І будуць камяні гэтыя на памятку сыном Ізраелявым навекі». І зрабілі так сынове Ізраелявы, як расказаў Ігошуа: і панесьлі двананцаць камянёў ізь сярэдзіны Ёрдану, як казаў СПАДАР Ігошуу, подле ліку плямёнаў сыноў Ізраелявых, і перанесьлі із сабою на начулішча, і палажылі іх там. І двананцаць камянёў пастанавіў Ігошуа сярод Ёрдану ля месца стаяньня ног сьвятароў, што несьлі скрыню змовы; і яны там дагэтуль. І сьвятары, каторыя несьлі скрыню, стаялі сярод Ёрдану, пакуль ня скончана было ўсе гэта, што СПАДАР расказаў Ігошуу гукаць люду, подле ўсёга, што Масей расказаў Ігошуу; і барзьдзіў люд, і пераходзіў. І было, як скончыў увесь люд пераходзіць, тады перайшла скрыня СПАДАРОВА, і сьвятары перад людам. І перайшлі сынове Рувінавы, і сынове Гадовы, і палавіца плямені Манасавага збройна сьпераду сыноў Ізраелявых, як казаў ім Масей. Каля сараку тысячаў супоўна ўзброеных перайшло перад СПАДАРОМ на раўніны Ерыхонскія, на бітвў.

Таго дня ўзьвялічыў СПАДАР Ігошуу ў вачох усяго Ізраеля, і баяліся яго, як баяліся Масея, усі дні жыцьця ягонага.

І казаў СПАДАР Ігошуу, кажучы: «Раскажы сьвятаром, што нясуць скрыню сьветчаньня, і хай яны ўзыйдуць зь Ёрдану». І расказаў Ігошуа сьвятаром, кажучы: «Узыйдзіце зь Ёрдану». І было як узыходзілі сьвятары, што несьлі скрыню змовы СПАДАРОВАЕ ізь сярэдзіны Ёрдану, і адарваліся ступы ног іхных на сушу, дык зьвярнуліся воды Ёрдану на свае месцы і пайшлі, як учорах а заўчора, вышэй усіх берагоў сваіх.

І люд узышлі зь Ёрдану на дзясяты дзень першага месяца, і разьлёгся табарам у Ґілґале, на ўсходнім канцу Ерыхону. І двананцаць камянёў гэтых, каторыя ўзялі яны зь Ёрдану, Ігошуа пастанавіў у Ґілґале, І сказаў сыном Ізраелявым, кажучы: «Як папытаюцца сынове вашыя заўтра ў бацькоў сваіх: "Што гэта за камяні?" То паведамце сыном сваім, кажучы: «Па сушы перайшоў Ізраель Ёрдан гэты»; Бо высушыў СПАДАР, Бог ваш, воды Ёрдану перад вамі, пакуль вы не перайшлі яго, таксама як СПАДАР, Бог ваш, зрабіў Чырвонаму мору, каторае высушыў перад намі, пакуль мы не перайшлі яго, Каб усі люды зямлі пазналі, што рука СПАДАРОВА дужая, каб вы баяліся СПАДАРА, Бога вашага, усі дні».

І было, як пачулі ўсі каралі Аморэйскія, каторыя на гэтым баку Ёрдану, к мору, і ўсі каралі Канаанскія, каторыя ля мора, што высушыў СПАДАР ваду Ёрдану перад сынамі Ізраелявымі, пакуль пераходзілі яны, тады скволела сэрца іхнае, і ня стала ўжо ў іх духу перад сынамі Ізраелявммі.

Таго часу сказаў СПАДАР Ігошуу: «Зрабі сабе мячы з крамянёў і ўзноў абрэж сыноў Ізраелявых другім наваратам». І зрабіў сабе Ігошуа мячы з крамянёў, і абрэзаў сыноў Ізраелявых на «Ўзгорку абразаньня». І во прычына, чаму абрэзаў Ігошуа ўвесь люд, каторы вышаў зь Ягіпту, мужчынаў: усі здольныя да вайны памерлі на пустыні на дарозе, па выхадзе зь Ягіпту; Бо абрэзаны быў увесь люд, што вышаў; але ўвесь люд, што радзіўся на пустыні на дарозе, па выхадзе зь Ягіпту, ня быў абрэзаны; Бо сорак год хадзілі сынове Ізраелявы па пустыні, пакуль ня скончыўся ўвесь народ, здольны да вайны, што вышаў зь Ягіпту, каторыя ня слухалі голасу СПАДАРА, і каторым СПАДАР прысягаў, што яны не абачаць зямлі, праз каторую прысягаў СПАДАР бацьком іхным, даць нам зямлю, ідзе цячэць малако а мёд. А сыноў іхных, каторых устанавіў замест іх, абрэзаў Ігошуа, бо яны былі не абразаныя; бо не абразалі іх на дарозе. І было, як скончылі абразаць увесь народ, то заставаўся ен на сваіх месцах у табару, пакуль не ачуняў.

І сказаў СПАДАР Ігошуу: «Сядні Я скаціў з вас ган ягіпецкі». Затым і завецца тое месца «Ґілґал», нават дагэгуль. І разьлягліся сынове Ізраелявы табарам у Ґілґале, і рабілі Пасху на чатырнанцаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх. І елі з пладоў зямлі на другі дзень Пасхі праснакі а сушаныя зярняты таго ж дня. А манна перастала падаць назаўтрае, як яны елі з пладоў зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраелявых, але яны елі таго году плады зямлі Канаанскае.

І было, як быў Ігошуа ля Ерыхону, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і вось, чалавек стаіць перад ім, і ў руццэ ягонай меч на галі. Ігошуа падышоў да яго й сказаў яму: «Ці ты наш, ці зь непрыяцеляў нашых?» Ён сказаў: «Не; бо я вайводца войска СПАДАРОВАГА, цяпер прышоў». Ігошуа паў відам сваім на зямлю, і пакланіўся, і сказаў яму: «Што спадар мой скажа слузе свайму?» І сказаў вайводца войска СПАДАРОВАГА Ігошуі: «Здыймі вобуй свой з нагі свае, бо месца, на каторым ты стаіш, сьвятое». І зрабіў Ігошуа так.

А Ерыхон заперся, і быў заперты ад сыноў Ізраелявых; ніхто ня выходзіў і ніхто ня ўходзіў.

І сказаў СПАДАР Ігошуу: «Гля, Я аддаў у руку тваю Ерыхон а караля ягонага а дужасілаў. І кружыняйцеся навокал места ўсі, здольныя да вайны, і абходзьце места аднойчы; і гэтак рабі шэсьць дзён. І сямёх сьвятароў хай нясуць сем трубаў з бараняга рогу перад скрыняю; а на сёмы дзень кружыняйце навокал места сем разоў, і сьвятары хай трубяць у трубы. І будзе, як затрубяць спацягла ў барані рог, як пачуеце гук трубы, тады ўвесь люд хай крыкне голасам вялікім; і абурыцца сьцяна места пад сябе, і ўзыйдзе люд, кажны супроці сябе». І пагукаў Ігошуа Нунянок сьвятароў, і сказаў ім: «Нясіце скрыню змовы, і сямёх сьвятароў хай нясуць сем трубаў з бараняга рогу перад скрыняю СПАДАРОВАЙ». І сказаў люду: «Перайдзіце й кружыняйце навокал места; узброеныя ж хай пярэйдуць перад скрыняю СПАДАРОВАЙ». І было, як сказаў Ігошуа люду, дык сямёх сьвятароў, што несьлі сем трубаў з бараняга рогу перад СПАДАРОМ, перайшлі й затрубілі ў трубы, і скрыня змовы СПАДАРОВАЕ йшла за імі. Узброеныя ж ішлі сьпераду сьвятароў, каторыя трубілі ў трубы; а збор войска йшоў за скрыняю, ідучы й трубячы ў трубы. Люду ж расказаў, кажучы: «Ня крычыце й няхай ня чуваць будзе голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да дня, пакуль я не скажу вам: "Крычыце!" і тады крыкнеце». І кружыняла скрыня СПАДАРОВА навокал мес-та, і абышла аднойчы; і прышлі да табару, і начавалі ў табару.

І ўстаў Ігошуа нараніцы, і панесьлі сьвятары скрыню СПАДАРОВУ. І сямёх сьвятароў, што несьлі сем трубаў з бараняга рогу перад скрыняю СПАДАРОВАЙ, ішлі а йшлі й трубілі ў трубы; і ўзброеныя йшлі сьпераду іх, а йдучыя ззаду йшлі за скрыняю СПАДАРОВАЙ, і йдучы трубілі ў трубы.

І кружынялі навокал места на другі дзень адзін раз, і зьвярнуліся да табару. Гэтак рабілі шэсьць дзён.

І было на сёмы дзень: усталі, як зарала, і кружынялі навокал места такім жа парадкам сем разоў; адно гэтага дня кружынялі навокал места сем разоў. І было, што на сёмы раз трубілі сьвятары ў трубы, і Ігошуа сказаў люду: «Крыкніце, бо аддаў СПАДАР вам места!» І будзе места аканавана і ўсе, што ў ім, СПАДАРУ; адно Рагаў бязуля хай застанецца жывая, яна а кажны, хто зь ёй у доме; бо яна схавала пасланцоў, каторых мы паслалі. А толькі вы сьцеражыцеся аканаваньня, каб не аканаваліся, калі вы возьмеце з аканаваньня, і падасьце табар Ізраелявых аканаваньню, і зьнемарасьціце яго. І ўсе срэбра а золата, і судзьдзе мядзянае а зялезнае — сьвятыня яно СПАДАРУ, да скарбніцы СПАДАРОВАЕ пойдзе». І крыкнуў люд, і трубілі ў трубы. І было, як пачуў люд голас трубы, і крыкнуў люд вялікім крыкам; упала сьцяна пад сябе, і ўзышоў люд да места, кажны насупроці свайго, і зваявалі места. І аканавалі ўсе, што ў месьце, ад мужчыны аж да жонкі, ад хлапца аж да старога, і аж да вала а авечкі а асла, лязом мяча.

А двум чалавекам, што выглядалі зямлю, Ігошуа сказаў: «Пайдзіце да дому тае бязулі й вывядзіце стуль тую жонку а ўсіх, што ў яе, як вы прысягалі ёй». І прышлі дзяцюкі-ўзьведнікі, і вывялі Рагаў а айца яе а маці яе а братоў яе а ўсіх, каторыя ў яе, і ўсю радзіму ейную вывялі, і пастанавілі іх вонках табару Ізраельскага. А места а ўсе, што ў ім, спалілі цяплом; адно срэбра а золата а судзьдзе мядзянае а зялеза аддалі да скарбніцы дому СПАДАРОВАГА. Рагаў жа бязулю а дом айца ейнага а ўсіх, каторыя ў яе, пакінуў жывых Ігошуа, і яна жыла сярод Ізраеля дагэтуль; бо яна схавала пасланцоў, каторых пасылаў Ігошуа выглядзець Ерыхон.

І закляў Ігошуа таго часу, кажучы: «Пракляты чалавек перад СПАДАРОМ, каторы паўстане й збудуе места гэтае Ерыхон; на першаку сваім ён паложа падруб яго, і на наймалодшым сваім пастанове дзьверы яго».

І быў СПАДАР із Ігошуам, і было чутно празь яго па ўсім краю.

І выступілі сынове Ізраелявы выступам супроці аканаваньня. Ахан, сын Хармы, сына Заўда Заранка з плямені Юдзінага, узяў з аканаванага, і ўзгарэўся гнеў СПАДАРОЎ на сыноў Ізраеля.

І паслаў Ігошуа людзёў зь Ерыхону да Гаю, каторы ля Бэт-Авэну з усходу Бэт-Элю, і сказаў ім, кажучы: «Пайдзіце, выглядзіце зямлю». Яны пайшлі й выглядзелі Гай. І зьвярнуліся да Ігошуі, і сказалі яму: «Хай ня ўзыйдзе ўвесь люд, каля дзьвюх тысячаў альбо каля трох тысячаў чалавекаў хай узыйдуць і паб’юць Гай; ня трудуй туды ўсяго люду, бо крыху іх. І ўзышлі зь люду туды каля трох тысячаў чалавекаў, але яны ўцяклі перад людзьмі Гаю. І забілі зь іх людзі Гаю да трыццаць шасьцёх чалавекаў, і гналіся за імі ад брамы аж да Сэварым, і разьбілі іх на схоне гары; і растаяла сэрца люду, і сталася, як вада. І разьдзер Ігошуа адзецьці свае, і паў відам сваім на зямлю перад скрыняю СПАДАРОВАЙ, і ляжаў аж да вечара ён а старцы Ізраелявы, і пасыпалі пылам галавы свае. І сказаў Ігошуа: «О Спадару СПАДАРУ! Чаму Ты перавёў люд гэты перазь Ёрдан, каб аддаць нас у рукі Аморэя, загубіць нас? О, валей бы мы жылі за Ёрданом! О, Спадару! што сказаць імне просьле тога, як Ізраель абарачае завыек свой да варагоў сваіх? І пачуюць Канааняне а ўсі жыхары зямлі, і абступяць нас, і выгубяць імя нашае ізь зямлі. І што зробіш імені Свайму вялікаму?»

І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Устань, чаго ты паў на від свой? Ізграшыў Ізраель, і таксама выступілі яны із змовы Мае, каторую Я расказаў ім; і таксама ўзялі з аканаванага, і таксама ўкралі, і таксама стаілі, і таксама палажылі памеж свайго судзьдзя. І не маглі сынове Ізраелявы вытрываць перад варагамі сваімі й абярнуліся завыйкам да варагоў сваіх, бо яны былі аканаваныя; ня буду болей з вамі, калі ня выгубіце аканаванага з пасярод вас. Устань, пасьвяці люд і скажы: "Пасьвяціцеся назаўтрае, бо гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Аканаванае сярод цябе, Ізраелю; ты ня можаш вытрываць перад варагамі сваімі, пакуль не аддаліш аканаванага з пасярода вас’. І дабліжчася нараніцы па плямёнах сваіх. І будзе: Плямя, злоўленае СПАДАРОМ, хай бліжыцца родамі; і род, злоўлены СПАДАРОМ, хай бліжыцца дамамі сваімі; і дом, які СПАДАР злове, хай бліжыцца мужчынамі сваімі. І будзе: прылічнага з чым аканаваным хай спаляць цяплом, яго а ўсе, што ў яго, за тое, што ён выступіў із змовы СПАДАРОВАЕ, і за тое, што зрабіў нягоднасьць у Ізраелю"».

І ўстаў Ігошуа нараніцы, і дабліжыў Ізраеля па плямёнах; і злоўлена плямя Юдзіна. І дабліжыў роды Юдзіны; і злоўлены род Зэрагаваў. І дабліжыў род Зэрагаваў; і злоўлены Заўд. І дабліжыў ягоны дом па мужчынах; і злоўлены Ахан, сын Хармы, сына Заўда Заранка, з плямені Юдзінага. І сказаў Ігошуа Ахану: «Сыну мой! Уздай, калі ласка, хвалў СПАДАРУ, Богу Ізраельскаму, і дай яму падзяку, і скажы імне, што ты зрабіў, не таі ад мяне». І адказаў Ахан Ігошуі, і сказаў: «Запраўды, я ізграшыў перад СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, і тое а тое зрабіў. Я абачыў памеж здабытку пазорнае адзецьне сэнаарскае і дзьвесьце сыкляў срэбра, і пруток золата пяцьдзясят сыкляў вагою, я пагаліўся на іх і я ўзяў іх; і вось, яны схаваны ў зямлі сярод будану майго, і срэбра пад ім». Ігошуа паслаў пасланцоў, і яны пабеглі да будану; і вось, гэта схавана было ў будане ягоным, і срэбра пад ім. Яны ўзялі гэта з пасярод будану, і прынесьлі да Ігошуі а да ўсіх сыноў Ізраелявых, і палажылі перад СПАДАРОМ. І ўзяў Ігошуа Ахана Зэражонка а срэбра а адзецьце а пруток золата а сыноў ягоных а дачкі ягоныя а вала ягонага а асла ягонага а авечку ягоную а будан ягоны а ўсе, што ў яго, і ўсяго Ізраеля зь ім, і ўзьвялі іх на даліну Ахор. І сказаў Ігошуа: «За тое, што ты зьнемарасьціў нас, СПАДАР зьнемарасьце цябе гэтага дня». І ўкаменавалі яго ўсі Ізраелцы, і спалілі іх цяплом, і накідалі на іх каменьня. І назьбіралі на яго вялікую крушню каменьня, што ляжыць дагэтуль. І адвярнуўся СПАДАР ад палу гневу свайго. Затым дагэтуль завецца імя гэнага месца даліною Ахор.

І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Ня бойся а не палохайся; вазьмі із оабою ўвесь люд вайны і, устаўшы, узыйдзі да Гаю; гля, Я аддаў у руку тваю караля Гайскага а люд ягоны, места ягонае а зямлю ягоную. І ўчыні Гаю а каралю яго, як ты ўчыніў зь Ерыхонам а каралём яго, адно здабытак яго а статак яго грабце сабе. Зрабі сабе засаду места адзаду». І ўстаў Ігошуа а ўвесь люд вайны, каб узысьці да Гаю; і абраў Ігошуа трыццацёх тысячаў чалавекаў дужасілаў, і паслаў іх ночы. І расказаў ім, кажучы: «Глядзіце, вы будзеце ў засадзе ля места, адзаду места; не здаляйцеся вельма ад места і будзьце ўсі гатовы. А я а ўвесь люд, што з імною, дабліжымся да места. І будзе, як выступяць супроці нас, як і ўперад, дык мы пабяжым ад іх. І яны выйдуць за намі, так што мы адцягнем іх ад места, бо яны скажуць: "Уцякаюць ад нас, як і ўперад", і мы ўцячэм ад іх, А вы ўстаньце із засады й займіце места; і СПАДАР, Бог ваш, аддасьць яго ў рукі вашы. І будзе, як захопіце места, спаліце места цяплом, подле слова СПАДАРОВАГА зрабіце. Глядзіце, я расказаў вам». І паслаў іх Ігошуа, і яны пайшлі ў засаду, і заселі памеж Бэт-Элю й Гаю, із заходняга боку Гаю; і начаваў Ігошуа тую ноч сярод люду.

І ўстаў Ігошуа нараніцы, і агледзіў люд, і ўзышоў ён а старцы Ізраелявы сьпераду люду аж да Гаю; І ўвесь люд вайны, каторы быў ізь ім, узышоў; дабліжыліся а прышлі супроці места, і разьлёгся табарам з паўночнага боку Гаю, а даліна памеж іх і Гаю. І ўзяў ён каля пяцёх тысячаў чалавекаў, і пасадзіў іх у засадзе меж Бэт-Элю й Гаю, із заходняга боку места. І пастанавілі люд увесь табарам, каторы быў з паўночнага боку места, так што задняя часьць была із заходняга боку места. І прышоў Ігошуа тае ночы на сярэдзіну даліны. І сталася: як абачыў кароль Гайскі, тады яны пабарзьдзілі — і ўсталі рана, і вышлі людзі места напярэймы Ізраелю на бітву, ён а ўвесь люд ягоны, на прызначаны час перад раўніною. А ён ня ведаў, што засада ў яго адзаду места. І, быццам разьбітыя імі, Ігошуа а ўвесь Ізраель, пабеглі дарогаю пустыні. І пагукалі ўвесь люд, каторы ў месьце: каб гнацца за імі; і гналіся за Ігошуам, і адбегліся ад места. І не засталося чалавека ў Гаю а Бэт-Элю, каторы ня вышаў бы за Ізраелям. І пакінулі яны места адчыненае, гонячыся за Ізраелям.

І скаэаў СПАДАР Ігошуі: «Выцягні дзіду, што ў руццэ тваей, супроці Гаю, бо ў рукі твае Я аддам яго». Ігошуа выцягнуў дзіду, каторая ў яго ў руццэ, да места. І седзячыя ў засадзе якга ўсталі зь месца свайго й пабеглі, як толькі ён выцягнуў руку сваю, і ўвыйшлі ў места, і ўзялі яго, і борзда запалілі места цяплом. І азірнуліся жыхары Гаю назад, і абачылі, і вось, падыймаецца дым ізь места да неба. І ня было ў іх сілы ўцякаць туды альбо сюды, а люд, што бег да пустыні, абярнуўся да гонячых. Ігошуа а ўвесь Ізраель, абачыўшы, што ўзялі седзячыя ў засадзе места, і дым ізь места падыймаецца, зьвярнуліся й білі людзёў Гаю. А тыя зь места вышлі напярэймы ім, і яны былі ў сярэдзіне памеж Ізраельцаў, адныя былі з гэтага боку, а другія з гэнага. І білі іх, пакуль не засталося ніякае астачы ані ўцеклага. А караля Гайскага схапілі жывога і дабліжылі яго да Ігошуі. І было, як скончыў Ізраель забіваць усіх жыхараў Гаю на полю, на пустыні, куды яны гналіся за імі, і палі ўсі чыста ад ляза мяча, тады ўсі Ізраелцы абярнуліся да Гаю й разілі яго лязом мяча. І было ўсіх палых таго дня, ад мужчыны аж да жонкі, двананцаць тысячаў, усіх людзёў Гаю. А Ігошуа не апушчаў рукі свае, каторую ён выцягнуў ізь дзідаю, пакуль не аканаваў усіх жыхараў Гаю. Толькі статак а здабытак места гэтага заглабалі сабе сынове Ізраелявы, подле слова СПАДАРОВАГА, каторае расказаў Ігошуі. І спаліў Ігошуа Гай, і абярнуў яго ў кучу вечную, аж дагэтуль. А караля Гайскага засіліў на дзерве аж да вячэрнага часу; а па заходзе сонца загадаў Ігошуа, і спусьцілі труп ягоны зь дзерва, і кінулі яго ля брамы месцкае, і назьбіралі на яго вялікую крушню каменьня, што ёсьць аж дагэтуль.

Тады Ігошуа збудаваў аброчнік СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, на гары Гэбал, Подле тога як расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ, сыном Ізраелявым, як напісана ў кнізе права Масеявага, аброчнік із камянёў суцэльных, на каторыя не нахіналі зялеза; і абраклі на ім усепаленьне СПАДАРУ, і зрабілі аброкі супакойныя. І напісаў там на камянёх адпіс права Масеявага, каторае ён напісаў перад сынамі Ізраелявымі. І ўвесь Ізраель а старцы ягоныя, нагляднікі а судзьдзі ягоныя сталі з тога й другога боку скрыні супроці сьвятароў а Левітаў, што носяць скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, як чужаземцы, так і прыродныя жыхары, палавіца іх супроці гары Ґерызым, а палавіца іх супроці гары Гэвал, як уперад расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ, дабраславіць люд Ізраеляў. І потым чытаў усі словы права, дабраславенства й кляцьбу, подле ўсёга, што напісана ў кнізе права. Ня было слова з усёга, што Масей расказаў, каторага Ігошуа не прачытаў бы перад усім зборам Ізраеля, і жанкамі, і дзецянятамі, і чужаземцам, што хадзіў памеж іх.

І было, як пачулі ўсі каралі, каторыя за Ёрданом, на гары і на раўніне, і па ўсім беразе вялікага мора, супроці Лібану, Гэціч, Аморэй, Канаанянін, Ферэзэй а Евусэй; То зьберліся, каб згодна ваяваць ізь Ігошуам а Ізраелям.

Але жыхары Гівеону, пачуўшы, што Ігошуа зрабіў Ерыхону а Гаю, Пусьціліся яны на хітрыкі: пайшлі і прыдаліся за паслоў, і ўзялі мяхі на аслы свае, гнілыя, паськяпаныя а палапленыя скураныя мяхі віна; І вобуй стары з лапікамі на нагах сваіх, і адзежа на іх гнілая; і ўвесь хлеб, што ўзялі сабе ў дарогу, быў сухі а брасьнелы. І яны пайшлі да Ігошуі да табару Ґілґалу, і сказалі яму а кажнаму Ізраелцу: «З далёкае зямлі прышлі мы; дык зрабіце з намі змову». І сказалі мужы Ізраелцы Гэвеям: «Можа сярод мяне ты жывеш? як імне зрабіць із табою змову?» І яны сказалі Ігошуі: «Слугі твае мы». Ігошуа ж сказаў ім: «Хто вы й скуль прышлі вы?» І яны сказалі яму: «Зь вельма далёкае зямлі прышлі слугі твае ў імя СПАДАРА, Бога твайго, бо мы чулі чутку празь Яго, і ўсе, што рабіў Ён у Ягіпце, І ўсе, што зрабіў Ён двум каралём Аморэйскім, што на тым баку Ёрдану, Сыгону, каралю Гэшбонскаму, і Оґу, каралю Вашанскаму, каторы ўв Астарофе. І сказалі нам старцы нашыя й усі жыхары нашае зямлі, кажучы: "Вазьміце ў рукі сабе ежы ў дарогу, і пайдзіце ім напярэймы, і скажыце ім: ’Мы слугі Вашы; дык цяпер учыніце з наміі змову’". Гэты хлеб наш быў цёплы, як мы прыгатавалі яго ў дамох сваіх, у дзень выхаду свайго, каб пайсьці да вас, а цяпер во, ён высах і забрасьнеў. І гэтыя мяхі зь віном, каторыя мы налілі новыя, то вось, паськяпаліся, і гэтая адзежа нашая а вобуй наш згнілі ад вельма далёкае дарогі». І ўзялі гэтыя людзі ад іх ежы, а вуснаў СПАДАРА не папыталіся. І ўчыніў Ігошуа зь імі мір, і ўчыніў змову зь імі, што пакіне іх жывых; і прысягнулі ім князі збору. І было пры канцу трох дзён просьле тога, як учынілі яны зь імі змову, пачулі, што блізкія яны яму і сярод яго жывуць.

І крануліся сынове Ізраелявы ў дарогу, і прышлі да местаў іхных на трэйці дзень; месты ж іхныя: Гівеон а Кефіра а Беероф а Кіраф-Еарым. І не пабілі іх сынове Ізраелявы, бо прысягнулі ім князі збору СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым. І наракаў увесь збор на князёў. І сказалі ўсі князі ўсяму збору: «Мы прысягнулі ім СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, і затым цяпер ня можам дакрануцца да іх. Гэта зробім ім: і пакінем іх жывых, і ня будзе на нас гневу за прысягу, каторай мы прысягнулі ім». І сказалі ім князі: «Хай жывуць і будуць секачамі дроў і сілячамі вады ўсяму збору, як казалі ім князі».

І пагукаў іх Ігошуа, і гутарыў зь імі, кажучы: «Чаму вы ашукалі нас, сказаўшы: "Мы вельма далёка ад вас", а вы сярод нас жывіце? А цяпер праклятыя вы! і не перастане з вас слуга, і секачы дроў, і сілячы вады дому Божаму». І адказавалі яны Ігошуі, і сказалі: «Наказалі слугам тваім, што расказаў СПАДАР, Бог твой, Масею, слузе Свайму, даць вам усю зямлю й выгубіць усіх жыхараў гэтае зямлі перад відам вашым; і мы вельма баяліся за душы свае перад відам вашым, і зрабілі гэты ўчынак. Цяпер во мы ў руццэ тваёй: як добра а справядліва ў ваччу тваім зрабіць нам, рабі».

І ўчыніў ізь імі гэтак: і выбавіў іх ад рукі сыноў Ізраелявых, і яны не забілі іх; І прызначыў таго дня Ігошуа іх за секачоў дроў і за сілячоў вады грамадзе й аброчніку СПАДАРОВАМУ, аж дагэтуль, на месцу, каторае бы абраў.

І было, як пачуў Адонісэдэк, кароль Ерузалімскі, што перамог Ігошуа Гай і аканаваў яго, — як ён зрабіў Ерыхону а каралю яго, так ён зрабіў Гаю а каралю яго, — і як зрабілі мір жыхары Гівеону з Ізраелям і засталіся сярод іх; Тады яны вельма баяліся, бо Гівеон места вялікае, як адно зь местаў каралеўскіх, і што яно большае за Гай, і ўсі людзі ягоныя харобрыя. І паслаў Адонісэдэк, кароль Ерузалімскі, да Гогама, караля Гэўронскага, а да Пірама, караля Ярмуфскага, а да Яфа, караля Лахіскага, а да Дэвіра, караля Еґлонскага, кажучы: «Узыйдзіце да мяне, і памажыце імне, і зразім Ґівеон за тое, што ён учыніў мір із Ігошуам а із сынамі Ізраелявымі». І яны зьберліся, і ўзышлі пяцёх каралёў Аморэйскіх: кароль Ерузалімскі, кароль Гэўронскі, кароль Ярмуфскі, кароль Лахіскі, кароль Еґлонскі, яны а ўсі табары іхныя, і разьлягліся табарам ля Гівеону, і ваявалі зь імі. І паслалі людзі Ґівеону да Ігошуі да табару ў Ґілґале, кажучы: «Не адхіні рукі свае ад слугаў сваіх; узыйдзі да нас барзьдзей, і выбаў нас, і памажы нам; бо зьберліся на нас усі каралі Аморэйскія, жыхары гораў». І ўзышоў Ігошуа з Ґілґалу сам а ўвесь ваенны люд ізь ім а ўсі дужасілы.

І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Ня бойся іх, бо ў руку тваю Я аддам іх: ніхто зь іх ня вытрывае перад відам тваім». І прышоў на іх Ігошуа зьнецікі, усю ноч узыходзіў ён із Ґілґалу. І СПАДАР прывёў іх у зямятню перад Ізраелям, і яны зразілі іх вялікай паразаю ў Ґевеоне, і гналіся за імі па дарозе да ўзвышша Веф-Горону, і разілі іх аж да Азэку а аж да Мекеду. А было, як яны ўцякалі ад Ізраелцаў па схоне гары Веф-Горонскае, то СПАДАР кідаў на іх ізь нябёсаў вялікія камяні аж да Азэку, і яны паміралі; болей было тых, што памерлі ад граду камянёў, чымся тых, каторых пабілі сынове Ізраелявы мячом.

Тады гукаў Ігошуа СПАДАРУ таго дня, каторага аддаў СПАДАР Аморэя ў рукі сыноў Ізраеля, і сказаў перад ачамі Ізраеля: «Сонца, змоўкні над Ґівеонам, і месяц над даліною Аялонскаю!» І змоўкла сонца, і месяц стаяў, пакуль народ памсьціўся над варагамі сваімі. Ці ня гэта напісана ў кнізе справядлівага: «І стаяла сонца на паланіцы нябёсаў, і не барзьдзіла заходзіць цэлы дзень?» І ня было такога Дня ўперад ані просьле тога, каб прыслухаўся СПАДАР да голасу чалавека; бо СПАДАР ваяваў за Ізраеля.

І зьвярнуўся Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім да табару, да Гілґалу. І ўцяклі тыя пяцёх каралёў, і схаваліся ў пячоры ў Македзе. І наказалі Ігошуі, кажучы: «Знайшліся пяцёх каралёў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе». І сказаў Ігошуа: «Прываліце вялікія камяні даадтуліны пячоры і прыстаўце да яе людзёў, сьцерагчы іх. А вы ня стойце, ганіцеся за варагамі сваімі, і нішчча заднюю часьць, і не давайце ім увыйсьці ў месты іхныя; бо СПАДАР, Бог ваш, аддаў іх у рукі вашы». І было, як скончыў Ігошуа а сынове Ізраелявы біць іх вельма вялікаю паразаю супоўна, і астача, каторыя засталіся зь іх, прышлі да местаў умацаваных, Тады зьвярнуўся ўвесь люд да табару да Ігошуі да Македу ў супакою, і ніхто не пакратаў языком сваім на сыноў Ізраелявых. І сказаў Ігошуа: «Адчыніце адтуліну пячоры й вывядзіце да мяне тых пяцёх каралёў зь пячоры». І зрабілі так, і вывялі да яго зь пячоры пяцёх каралёў тых: караля Ерузалімскага, караля Гэўронскага, караля Ярмуфскага, караля Лахіскага а караля Еґлонскага. І было, як вывялі каралёў гэтых да Ігошуі, дык гукнуў Ігошуа ўсіх мужоў Ізраелцаў, і сказаў вайводцам ваенных людзёў, што хадзілі зь ім: «Дабліжчася, пастаноўце ногі свае на шыі каралёў гэтых». І яны дабліжыліся й пастанавілі ногі свае на шыі іх. І сказаў ім Ігошуа: «Ня бойцеся а не палохайцеся, будзьце дужыя а адважныя, бо так учыне СПАДАР з усімі варагімі вашымі, з каторымі вы ваюеце». І цяў іх Ігошуа просьле тога, і забіў іх, і павесіў іх на пяцёх дзервах; і віселі яны на дзервах аж да вечара. І сталася заходам сонца: расказаў Ігошуа, і зьнялі іх ізь дзерваў, і кінулі іх у пячору, у каторай яны хаваліся, і палажылі вялікія камяні да адтуліны пячоры, каторыя там аж дагэтуль.

І Макед зваяваў Ігошуа таго самага дня, зразіў лязом мяча яго а караля ягонага, і аканаваў іх і ўсі душы, што ў ім; не пакінуў астачы. І ўчыніў з каралём Македзкім, як учыніў з каралём Ерыхонскім.

І перайшоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім із Македу да Ліўны, і ваяваў зь Ліўнаю. І аддаў СПАДАР таксама яе ў рукі Ізраеля і караля яе, і пабіў Ігошуа места лязом мяча і ўсю душу, што ў ёй; не пакінуў у ёй астачы. І ўчыніў з каралём яе, як учыніў з каралём Ерыхонскім. І перайшоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім ізь Ліўны да Лахісу; і разьлёгся супроці яго табарам, і ваяваў зь ім. І аддаў СІІАДАР Лахіс у рукі Ізраеля, і зваяваў яго назаўтрае, і зразіў яго лязом мяча і ўсю душу, што ў ім, подле ўсёга, як учыніў зь Ліўнаю.

Тады ўзышоў Горам, кароль Ґезэрскі, памагаць Лахісу, і зразіў яго Ігошуа а люд ягоны, аж пакуль не засталося ў яго астачы.

І перайшоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім із Лахісу да Еґлону, і разьлягліся ля яго табарам, і ваявалі зь ім. І зваявалі яго таго ж дня, і зразілі яго лязом мяча, і ўсю душу, што была ў ім таго дня, аканаваў ён, подле ўсёга, як зрабіў Лахісу.

І ўзышоў Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім ізь Еґлону да Гэўрону, і ваявалі зь ім. І зваявалі яго, і зразілі яго лязом мяча, і караля ягонага, і ўсі месты ягоныя, і ўсю душу ў ім; не пакінуў астачы, подле ўсёга, як учыніў ён ізь Еґлонам: аканаваў яго а ўсю душу, што ў ім.

І зьвярнуўся Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім да Дэвіру, і ваяваў ізь ім. І зваяваў яго, і караля ягонага, і ўсі месты ягоныя, і зразілі іх лязом мяча, і аканавалі ўсю душу, што ў ім; не засталося астачы. Як учыніў із Гэўронам а каралём ягоным, і як учыніў ізь Ліўнаю а каралём ейным, так учыніў із Дэвірам а каралём ягоным.

І зразіў Ігошуа ўсю зямлю гаравую а паўднявую а нізіну а зямлю падгорную, і ўсіх каралёў іхных; не пакінуў астачы, і ўсю душу аканаваў, як расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў. І зразіў іх Ігошуа ад Кадэш-Варні аж да Ґазы, і ўсю зямлю Ґошэн аж да Ґівеону. І ўсіх каралёў гэтых а землі іхныя Ігошуа зваяваў за адзін раз, бо СПАДАР, Бог Ізраеляў, ваяваў за Ізраеля.

І зьвярнуўся Ігошуа а ўвесь Ізраель ізь ім да табару да Ґілґалу.

І было, як пачуў Явін, кароль Гацорскі, дык паслаў да Ёвава, караля Мадонскага, а да караля Шымронскага а да караля Ахшафскага А да каралёў, каторыя на поўнач на гары й на раўніне з паўднявога боку Хіннерофу, і на нізінах, і ў Нафоф-Дору на захад, Да Канааняніна на ўсход і на захад а Аморэя а Гэціча а Ферэзэя а Евусэя, што на гары, а Гэвея пад Гэрмонам у зямлі Міцпе. І выступілі яны а ўсе войска іхнае зь імі, люд чысьлены, як пясок на беразе морскім множасьцяй; і коні і цялежак вельма шмат. І зьберліся ўсі каралі гэтыя, і прышлі, і разьляглісл табарам разам ля водаў Меромскіх, каб ваяваць із Ізраелям.

І сказаў СПАДАР Ігошуі: «Ня бойся іх, бо заўтра, каля гэтага часу, Я аддам усіх на забіцьцё Ізраелю; коням жа іх перарэж жылы і цялежкі іхныя спалі цяплом». І прышоў Ігошуа і ўвесь ваенны люд ізь ім, зьнеціку на іх да водаў Меромскіх, і напалі на іх. І аддаў іх СПАДАР у руку Ізраеля, і зразілі яны іх, і гналіся за імі аж да Сыдону Вялікага, і аж да Місрэфоф-Маіму, і аж да даліны Міцпы на ўсход, і перабілі іх, так што зь іх не засталося астачы. І ўчыніў Ігошуа зь імі, як сказаў яму СПАДАР: коням іхным перарэзаў жылы і цялежкі іхныя спаліў цяплом.

Зьвярнуўся Ігошуа ў тым часе, і зваяваў Гацор, і караля ягонага забіў мячом, — Гацор жа ўперад быў галавою ўсіх каралеўстваў гэтых. І пабілі ўсю душу, што ў ім, лязом мяча аканаваўшы; не засталося ні воднае душы; а Гацор спаліў ён цяплом. І ўсі месты каралёў гэтых і ўсіх каралёў іхных зваяваў Ігошуа, і пабіў лязом мяча, аканаваўшы іх, як расказаў Масей, слуга СПАДАРОЎ. Месты, адылі, каторыя стаялі на ўзгорках, Ізраель не паліў, апрача адзінюсенькага Гацору, каторы спаліў Ігошуа. А ўвесь здабытак местаў гэтых і статак паглабалі сабе сынове Ізраелявы, адно людзёў усіх перабілі лязом мяча, пакуль ня зьнішчылі іх; не пакінулі ні воднае душы. Як расказаў СПАДАР Масею, слузе Свайму, так Масей расказаў Ігошуі, і так зрабіў Ігошуа; не адвярнуўся ад ні воднага слова з усёга, што расказаў СПАДАР Масею. І ўзяў Ігошуа ўсю гэтую зямлю гаравую а паўднявую а ўсю зямлю Ґошэн а нізіну а раўніну а гару Ізраеляву а нізіну яе, Ад гары Галак, што ўзыходзе да Сэіру, і аж да Баал-Ґаду ў даліне Лібанскай пад гарою Гэрмонам, і ўсіх каралёў іхных зваяваў, і зразіў іх, і забіў іх. Даўгі час вёў Ігошуа вайну з усімі гэтымі каралямі. Ня было места, каторае зрабіла б мір із сынамі Ізраелявымі, апрача Гэвеяў, жыхараў Ґівеону; усі яны ўзялі вайною; Бо ад СПАДАРА было тое, каб закаляніць сэрца свае, каб стрэлі вайною Ізраеля, каб аканаваць іх, каб ня было ім міласэрдзя, але каб выгубіць іх, як расказаў СПАДАР Масею.

І прышоў Ігошуа таго часу, і выкараніў Енакімоў з гары, з Гэўрону, з Дэвіру, з Анаву, і з усялякае гары Юдзінае, і з усяе гары Ізраелявае; зь местамі іхнымі аканаваў Ігошуа. Не засталося Енакімоў у зямлі сыноў Ізраелявых; адно ў Ґазе, у Ґафе а ў Ашдодзе засталіся яны. І ўзяў Ігошуа ўсю зямлю, подле ўсёга, як гукаў СПАДАР Масею, і аддаў яе Ігошуа на спадак Ізраелю, подле падзелу памеж плямёнаў іхных. І зямля супакоілася ад вайны.

І во каралі тае зямлі, каторых зразілі сынове Ізраелявы і ўзялі на спадак зямлю іхную па тым баку Ёрдану на ўсход сонца, ад цур’я Арнона аж да гары Гэрмону, і ўсю раўніну на ўсход: Сыгон, кароль Аморэйскі, што жыў у Гэшбоне, гаспадарстваваў ад Ароеру, каторы ля берагу цур’я Арнона, і ад сярэдзіны цур’я, і ад палавіцы Ґілеаду аж да цур’я Явока, граніцы сыноў Амонавых, І на раўніне аж да мора Хінерофскага на ўсход і аж да мора раўніны, мора Салонага, на ўсход па дарозе да Беф-Ешымофу, а на паўдня пад усхонамі Пісґі; І прасьцягі Оґа, караля Вашанскага, із засталых Рэфаімаў, што жыў у Аштарофе а ў Едрэі, І гаспадарстваваў на гары Гэрмоне а Салесе ў вусім Вашане, аж да граніцы Ґешурскае а Мааскае, і ў палавіцы Ґілеаду, аж да граніцы Сыгона, караля Гэшбонскага. Масей, слуга СПАДАРОЎ, і сынове Ізраелявы пабілі іх; і даў яе Масей, слуга СПАДАРОЎ, на спадак Рувінаваму а Ґадоваму а палавіцы плямені Манасавага.

І во каралі зямлі, каторых зразіў Ігошуа а сынове Ізраелявы на гэтым баку Ёрдану на захад, ад Ваал-Ґаду на даліне Лібанскай аж да гары Галака, што ўзыходзе да Сэіру, — і аддаў Ігошуа яе плямёнам Ізраелявым на спадак, подле падзелу іх, — На гары й на нізіне, на раўніне, на схонах, і на пустыні, і на паўдні, Гэціча, Аморэя, Каананяніна, Ферэзэя, Гэвея а Евусэя:

Адзін кароль Ерыхону, адзін кароль Гаю, каторы ля Бэт-Элю, Адзін кароль Ерузаліму, адзін кароль Гэўрону, Адзін кароль Ярмуфу, адзін кароль Лахісу, Адзін кароль Еґлону, адзін кароль Ґезэру, Адзін кароль Дэвіру, адзін кароль Ґедэру, Адзін кароль Гормы, адзін кароль Арада, Адзін кароль Ліўны, адзін кароль Одуламу, Адзіл кароль Македу, адзін кароль Бэт-Элю, Адзін кароль Таппуагу, адзіну кароль Гэферу, Адзін кароль Афеку, адзін кароль Лашарону, Адзін кароль Мадону, адзін кароль Гацору, Адзін кароль Шымрон-Мерону, адзін кароль Ахшафу, Адзін кароль Фаанаху, адзін кароль Меґідда, Адзін кароль Кедэшу, адзін кароль Ёкнеаму ля Кармілу, Адзін кароль Дору ля Нафар Дору, адзін кароль Ґоіму ў Ґілґале, Адзін кароль Фірцы. Усіх каралёў трыццаць адзін.

І Ігошуа быў стары, увыйшоў у гады; і сказаў СПАДАР Яму: «Ты застараўся, увыйшоў у гады, а зямлі браць на спадак застаецца яшчэ вельма шмат. Во тая зямля, што засталася: усі аколіцы Пілісцкія і ўсі Ґешурскія. Ад Шыгору, каторы перад Ягіптам, аж да граніцы Екрону на поўнач, уважаюць за Канаанскія; пяцёх князёў Пілісцкіх: Ґаскага а Ашдодзкага, Ашкелонскага, Ґафскага а Екронскага а Гэвеяў; Ад паўдня ўся зямля Канаанская і Меара, што належа да Сыдонян аж да Афеку, аж да граніцаў Аморэйскіх, І зямля Ґевалы, і ўвесь Лібан на ўсход сонца ад Ваал-Ґаду, каторы пад гарою Гэрмонам, аж да ўходу ў Гамаф. Усіх жыхараў гаравых ад Лібану аж да Місрэфоф-Маіму, усіх Сыдонян Я выжану ад віду сыноў Ізраелявых; адно падзялі яе жэрабям на спадак Ізраелю, як Я расказаў табе. Цяпер падзялі зямлю гэтую на спадак дзевяцём плямёнам а палавіцы плямені Манасавага». А зь ім Рувін а Ґад узялі спадкі свае, каторыя даў ім Масей за Ёрданом на ўсход, як даў ім Масей, слуга СПАДАРОЎ, Ад Ароеру, каторы на беразе цур’я Арнона, і места, каторае сярод цур’я, і ўсю раўніну Медэву аж да Дывону; І ўсі месты Сыгонавы, караля Аморэйскага, каторы гаспадарстваваў у Гэшбоне, аж да граніцаў сыноў Амонскіх, І Ґілеад, і ўкраіну Ґешурскую а Мааскую, і ўсю гару Гэрмон, і ўвесь Вашан аж да Салехі, Усе каралеўства Оґа Вашанскага, каторы гаспадарстваваў ув Аштарофе а ў Едрэі. Ён застаўся з астачы Рэфаімаў, і Масей зразіў іх, і прагнаў іх. І ня выгналі сынове Ізраелявы Ґешуру а Мааху, і жылі Ґешур а Мааха сярод Ізраеля аж дагэтуль.

Адно плямені Леваваму ня даў ён спадку. Аброкі СПАДАРОВЫ, Бога Ізраелявага, ё спадкам ягоным, як Ён казаў яму.

І даў Масей плямені сыноў Рувінавых па радзімах іхных: І была ў іх граніца Ароер, каторы на беразе цур’я Арнона, і места, каторае сярод цур’я, і ўся раўніна ля Медэвы, Гэшбон а ўсі месты ягоныя, каторыя на раўніне, Дывон а Вамоф-Ваал а Веф-Ваал-Меон А Ягаца а Кедэмоф а Мефааф А Кірафаім а Сыўма а Цэрэф-Шагар на гары Емек А Веф-Пеор а схоны Пісґі а Веф-Ешымоф А ўсі месты на раўніне а ўсе каралеўства Сыгонава, караля Аморэйскага, што гаспадарстваваў у Гэшбоне, каторага зразіў Масей, яго а князёў Мідзянскіх: Ева а Рэкема а Цура а Гура а Рэва, князёў Сыгонавых, жыхараў зямлі; І Валаама Веоронка, варажбіта, забілі сынове Ізраелявы мячом, меж забітых імі.

І быў граніцаю сыноў Рувінавых Ёрдан. І гэта ё граніца спадку сыноў Рувінавых, подле радзімаў іхных, месты іхныя а сёлы іхныя.

І даў Масей плямені Ґадоваму, сыном Ґадовым, па радзімах іхных. І былі іх украінаю Язэр і ўсі месты Ґілеадзкія, і палавіца зямлі сыноў Амонавых аж да Ароеру, каторы перад Раўвою, І ад Гэшбону аж да Рамаф Міцпы а Ветоніму, і ад Маганаіму аж да граніцаў Дэвіру; І ў даліне Веф-Гарам а Веф-Німра а Сукоф а Цафон, астача каралеўства Сыгонавага, караля Гэшбонскага, Ёрдан з украінаю ягонай аж да канца мора Хінэрэйскага за Ёрданом на ўсход. Гэта спадак сыноў Гадовых, подле радзімаў іхных, месты іхныя а сёлы іхныя.

І даў Масей спадак палавіцы плямені Манасавага, і ён быў палавіцы плямені сыноў Манасавых, подле радзімаў іхных. І была граніца іхная: ад Маганаіму ўвесь Вашан, усе каралеўства Оґава, караля Вашанскага, і ўсі сёлы Яіровы, каторыя ў Вашане, шасьцьдзясят местаў. А палавіца Ґілеаду а Аштарофу а Едрэя, месты каралеўства Оґа Вашанскага, — сыном Махіровым, сына Манасавага, палавіцы сыноў Махіровых, подле радзімаў іхных. Во што Масей даў на спадак на раўнінах Моаўскіх за Ёрданом супроці Ерыхону на ўсход.

Але плямені Леваваму ня даў Масей спадку: СПАДАР, Бог Ізраеляў, Сам ё спадкам іхным, як Ён казаў ім.

І во што спала сыном Ізраелявым у зямлі Канаанскай, што падзялілі ім на спадак Елеазар сьвятар а Ігошуа Нунянок а галавы айцоў плямені сыноў Ізраелявых. Жэрабям быў ім спадак, як расказаў СПАДАР Масеям, дзевяцём плямёнам а палавіцы плямені; Бо даў Масей спадак двум плямёнам а палавіцы плямені за Ёрданом; Левітам жа ня даў спадку памеж іх, Бо было сыноў Язэпавых два плямені: Манасава а Яхрэмава; затым не далі дзелі Левітам у зямлі, апрача местаў жыць ізь перадмесьцямі іх дзеля статку іхнага і дзеля маемасьці іхнае. Як расказаў СПАДАР Масею, так і зрабілі сынове Ізраелявы, і падзялілі на спадкі зямлю.

І дабліжыліся сынове Юдзіны да Ігошуі ў Ґілґале, і сказаў яму Калеў Ефунёнак, Кенезянін: «Ты ведаеш слова, што гукаў СПАДАР Масею, чалавеку Божаму, празь мяне а празь цябе ў Кадэш-Варнеі. Імне было сорак год, як паслаў мяне Масей, слуга СПАДАРОЎ, з Кадэш-Варнеі выглядзець зямлю; і я зьвярнуў яму слова подле сэрца свайго. А браты мае, адылі, што ўзыходзілі з імною, скволілі сэрца люду, а я супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам сваім. І прысягаў Масей таго дня, кажучы: "Ня будзе, каб ня была твая зямля, па каторай ступала нага твая, яна будзе спадкам табе а дзяцём тваім навекі, бо ты супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам маім". А цяпер вось, СПАДАР захаваў мяне жывога, як Ён казаў гэта; ужо сорак пяць год ад тога часу, як СПАДАР казаў Масею слова гэтае, і Ізраель хадзіў па пустыні; цяпер, вось, імне асьмідзясят пяць год. Яшчэ й цяпер я дужы, як таго дня, калі паслаў мяне Масей; як тады было ў мяне сілы, так і цяпер ё, каб ваяваць, і ўходзіць, і выходзіць. Дык дай імне гэтую гару, праз каторую гукаў СПАДАР таго дня; бо ты чуў таго дня, што там Еначонкі, і месты вялікія а ўмацаваныя; можа СПАДАР з імною, і я выжану іх, як сказаў СПАДАР». І дабраславіў Ігошуа яго, і даў Гэўрон на спадак Калеву Ефунёнку. Затым стаў Гэўрон спадкам Калева Ефунёнка Кенезяніна дагэтуль, за тое, што ён супоўна йшоў за СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым. А імя Гэўрону ўперад было Кіраф-Арба, як зваўся адзін вялікі чалавек меж Еначонкаў. І супакоілася зямля ад вайны.

І было жэрабя плямені сыноў Юдзіных, па радзімах іхных: сумежнай зь Едомам была пустыня Цыа, на паўдня, ля канца Феману. І была ў іх паўднявая граніца ад канца мора Салонага, ад затокі, што прасьцягаецца на паўдня. І выходзе яна на паўдня на верх Акраўвіму, і праходзе Цын, і ўзыходзе з паўднявога боку к Кадэш-Варна, і праходзе Гэсрон, і, узыходзячы аж да Аддару, паварачае к Каркі, І праходзе Ацмон, і ідзець к цур’ю Ягіпецкаму, і было канцом гэтае граніцы мора. Гэта будзе паўднявая ваша граніца. І граніцай усходняй мора Салонае, аж да ўтоку Ёрдану; а граніца з паўночнага боку ад затокі мора, ад утоку Ёрдану; І ўзыходзе граніца да Веф-Гоґлы, і праходзе з паўночнапа боку аж да Веф-Арабы, і ўзыходзе граніца ўгару да каменя Богана, сына Рувінавага. І ўзыходзе граніца да Дэвіру ад даліны Ахор, і на поўначы паварачае да Ґілґалу, каторы супроці ўзгор’я Адумміму, што ляжыць з паўднявога боку цур’я; і праходзе граніца да водаў Ен-Шэмешу, і былі канцы яе ля Ен-Роґела. І ўзьнімаецца граніца пераз даліну сына Гінномавага з паўднявога боку Евуса, каторы Ерузалім, і ўзыходзе граніца на верх гары, каторая на захад супроці даліны Гінномавае, каторая на канцы даліны Рэфаімаў на поўнач. І адзначана граніца ад верху гары аж да жарала водаў Нефтоаг, і йдзець аж да местаў гары Ефрону, і адзначаецца граніца да Ваалу, яна ж Кіра-Еарым. І паварачае граніца ад Ваалу к мору да гары Сэіру, і праходзе паўночным бокам гары Еарым, яна ж Кесалон, і, зыходзячы да Веф-Шэмешу, праходзе перад Фімну. І выходзе граніца паўночным бокам Екрону, і значыцца граніца аж да Шыкерону, і праходзе пераз гару Ваал, і выходзе да Яўнеелю. І былі канцы граніцы ля мора. І заходняй граніцаю ё вялікае мора ўздоўж берагу яго. Гэта граніца сыноў Юдзіных навокал із радзімамі іхнымі.

І Калеву Ефунёнку даў часьць сярод сыноў Юдзіных, подле слова СПАДАРОВАГА Ігошуі: Кіраф-Арбу, айца Енаковага, накш Гэўрон. І выгнаў адтуль Калеў трох Еначонкаў: Шэшая, Агімана а Фаммая, дзяцей Енаковых. І ўзышоў стуль к жыхарам Дэвіру, а імя Дэвіру ўперад Кіраф-Сэфер.

І сказаў Калеў: «Хто зразе Кіра-Сэфер і зваюе яго, таму аддам Ахсу, дачку сваю, за жонку». І зваяваў яго Офнель Кеназёнак, братаніч Калеваў, і аддаў ён яму Ахсу, дачку сваю, за жонку. І было, як яна мела йсьці, дык яна намовіла яго прасіць у вайца ейнага поля, і яна ісьсела з асла. І сказаў ёй Калеў: «Чаго табе?» І яна сказала: «Дай імне дабраславенства; бо зямлю паўднявую ты імне даў, дык дай жа імне жаролы водаў». І даў ён ёй жаролы вышнія й жаролы дольнія.

Во спадак плямені сыноў Юдзіных, па радзімах іхных: І месты канцавыя плямені сыноў Юдзіных сумежныя зь Едомам на паўдні былі: Каўцэель а Едэр а Яґур А Кіна а Дымона а Адада А Кедэш а Гацор а Іфнан, Зыф а Тэлем а Ве-Алоф А Гацор-Гадафа а Кіра-Гэцрон, накш Гацор, Амам а Шэма а Молада А Гацар-Ґадда а Гэшмон а Веф-Пелет А Гацар-Шуал, Вееф-Шэва а Візёфа, Ваала а Ім а Эцэм А Елталад а Кесыл а Горма А Цыклаґ а Мадмана а Сансана А Леваоф а Шэльгім а Аін а Рыммон: усіх дваццаць дзевяць местаў зь іх сёламі.

На нізіне: Ештаол а Цора а Ашна, Заноаг, Ен-Ґаннім, Таппуаг а Енам, Ярмуф, Одолам, Сохо а Азэка, Шаараім, Адыфаім, Ґедэра або Ґедэрофаім: чатырнанцаць местаў зь іх сёламі.

Цэнан а Гадаша, Міґдал-Ґад А Дылеан а Міцпе а Екфель, Лахічы а Воцкаф а Еґлон А Хабон а Лагмам а Хіфліс А Ґедэроф, Беф-Даґон, Наама а Макед: шаснанцаць местаў зь іх сёламі.

Ліўна а Ефер а Ашан, Іфтаг а Ашна а Нецыў А Кеіла, Ахзыўў а Марэша: дзевяць местаў зь іх сёламі.

Екрон ізь местачкамі й сёламі яго. І ад Екрону аж да мора ўсе, ціто каля Ашдоду, ізь сёламі іх. Ашдод, местачкі яго а сёлы яго, Ґаза, местачкі яе а сёлы яе, аж да цур’я Ягіпецкага а вялікага мора, каторае граніца. На гарах: Шамір а Ятыр а Сохо, Данна, Кіраф-Санна, накш Дэвір, Анаў, Ештэмо а Анім А Ґошэн а Голон а Ґіло: адзінанцаць местаў зь іх сёламі.

Араў, Дума а Ешан А Янім, Веф-Таппуаг а Афека А Гумта а Кіра-Арба, накш Гэўрон, а Цыор: дзевяць местаў зь іх сёламі.

Маон, Карміл а Зыф а Юта А Ізрэель а Екдэам а Заноаг, Каін, Ґівеа а Фімна: дзесяць местаў зь іх сёламі. Галгул, Веф-Цур а Ґедор, А Маараф а Беф-Аноф а Елтэкон: шэсьць местаў зь іх сёламі.

Кіраф-Ваал, накш Кіра-Еарым а Раўва: два месты зь іх сёламі.

На пустыні: Веф-Араба, Міддын а Сэкаха, Ніўшан, Места Солі а Ен-Ґеды: шэсьць местаў ізь сёламі іх. Але Евусэяў, жыхараў Ерузаліму, не маглі выгнаць сынове Юдзіны, і жывець Евусэй у Ерузаліме аж дагэтуль.

І вышла жэрабя сыном Язэпавым: ад Ёрдану ля Ерыхону, ля водаў Ерыхонскіх на ўсход, пустыня, што ўзыходзе ад Ерыхону пераз гару Бэт-Эль, І йдзець ад Бэт-Элю да Лузу, і пераходзе да граніцы Аркі, да Атарофу, І спушчаецца к мору, да граніцы Яфлеты, да граніцы Беф-Горону дольняга аж да Ґезэра, і былі яе канцы ля мора. І адзяржалі сынове Язэпавы, Манас а Яхрэм. І была граніца сыноў Яхрэмавых па радзімах іхных, і была граніца спадку іхнага з усходу: Атароф-Адар аж да Веф-Горону вышняга. І вышла граніца да мора паўночным бокам Міхмефафу, і паварачае да ўсходняга боку Фанаф Шыла, і праходзе яна з усходняга боку Яноагу. І спушчаецца ад Яноагу да Атарофу а Наарагу, стыкаецца зь Ерыхонам і даходзе аж да Ёрдану. Ад Тапуагу йдзець граніца к мору да цур’я Кана, і канцы яе былі ля мора. Гэта спадак плямені сыноў Яхрэмавых, па радзімах іхных. І месты выдзеленыя сыном Яхрэмавым сярод спадку сыноў Манасавых, усі месты ізь сёламі іх. Але ня выгналі Канааняніна, што жылі ў Ґезэру; і жыў Канаанянін сярод Ехрэма дагэтуль, і стаў нявольнікамі дані.

І вышла было жэрабя плямені Манасаваму, бо ён пяршак Язэпаў. Махіру, першаку Манасаваму, айцу Ґілеада, бо ён быў чалавек вайны, дастаўся яму Ґілеад а Вашан. І было засталым сыном Манасавым па радзімах іхных: і сыном Авезэравым, і сыном Гэлекавым, і сыном Асрыелявым, і сыном Шэхемавым, і сыном Гэферавым, і сыном Шэмідавым. Гэта сынове Манаса Язэпенка, мужчыны па радзімах сваіх.

У Цэлофегада ж, сына Гэфера, сына Ґілеада, сына Махіра Манасёнка, ня было сыноў, але адны дачкі. І гэта ймёны дачок ягоных: Магла а Ноа, Гоґла, Мілка а Фірца. І яны дабліжыліся да сьвятара Елеазара а да Ігошуа Нунянка а да князёў, кажучы: «СПАДАР расказаў Масею даць нам спадак памеж братоў нашых». І даны ім спадак, з расказаньня СПАДАРОВАГА, памеж братоў айца іхнага. І выпала Манасу дзесяць дзеляў, апрача зямлі Ґілеадзкае а Вашанскае, каторая за Ёрданом; Бо дачкі Манасавы адзяржалі спадак сярод сыноў ягоных, а зямля Ґілеадзкая дасталася засталым сыном Манасавым. І была граніца Манасава ад Ашэру да Міхмефафу, каторы перад Сыхемам; граніца йдзедь направа да жыхараў Ен-Тапуагу. Манасу была зямля Тапуаг, а места Тапуаг ля граніцы Манасавае сыном Яхрэмавым. І спушчаецца граніца да цур’я Кана з паўднявога боку цур’я. Месты гэтыя Яхрэмавы сярод местаў Манасавых. І граніца Манасава на паўночным баку цур’я, і былі канцы яе ля мора. На паўдня — Яхрэму, а на поўнач — Манасу; і было мора граніцаю яго. І яны стыкаліся з Ашэрам на поўначы, і з Іссасхаром на ўсходзе. І былі Манасавы ў Іссасхара а Ашэра: Веф-Шэан ізь местачкамі яго, Іўлеам ізь местачкамі яго, жыхары Дору зь местачкамі іх, і жыхары Ен-Дору зь местачкамі іх, і жыхары Фаанаху зь местачкамі іх, і жыхары Меґіда зь местачкамі іх, і трайціна Нафафу. І не маглі сынове Манасавы выгнаць местаў гэтых, і зычыў Канаанянін жыць у зямлі гзтай. І было, як падужэлі сынове Ізраелявы, тады зрабілі яны Канааняніна даньнікамі, але чыста выгнаць іх ня выгналі.

І гукалі сынове Язэпавы Ігошуу, кажучы: «Чаму ты даў імне спадак аднаго жэрабя й адну дзель, а я люд вельмі чысьлены, бо аж дагэтуль дабраславіў мяне СПАДАР?» І сказаў ім Ігошуа: «Калі ты люд чысьлены, то ўзыйдзі сабе ў лес і выцерабі сабе там, у зямлі Ферэзэяў а Рэфаімаў, бо цесная табе гара Яхрэмава». І сказалі сынове Язэпавы: «Ня стане нам гары; але цялежкі зялезныя ў вусіх Канаанян, што жывуць у зямлі даліны, як у тых, каторыя ў Бэф-Шэане а ў местачках іхных, так і ў тых, каторыя на даліне Ізрэельскай». І сказаў Ігошуа дому Язэпаваму, Яхрэму а Манасу, кажучы: «Люд чысьлены ты і сіла вялікая ў цябе; не адно жэрабя будзе ў цябе, Але гара будзе твая, бо лясістая яна; і ты выцерабіш яе, і будуць тваімі канцы яе, бо ты выжанеш Канааняніна, дарма што ў яго цялежкі зялезныя, і дарма што яны дужыя».

І зьберліся ўся грамада сыноў Ізраелявых у Шыло, і пастанавілі там будан збору, і зямля была пераможана перад імі. І засталіся із сыноў Ізраелявых сем плямёнаў, каторыя яшчэ не адзяржалі спадку свайго. І сказаў Ігошуа сыном Ізраелявым: «Пакуль вы будзеце адвалакаць, каб пайсьці ўвязацца ў зямлю, каторую даў вам СПАДАР, Бог айцоў вашых? Дайце ізь сябе па трох чалавекаў з плямені; і я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі, і апішуць яе подле спадку свайго, і прыйдуць да мяне. І падзеляць яе на сем спадкаў. Юда хай застанецца ў граніцы сваёй з паўдня; а дом Язэпаў хай застанецца ў граніцы сваёй з поўначы. А вы расьпішыце зямлю на сем часьцяў і прынясіце імне сюды; і я кіну вам на жэрабя тут перад відам СПАДАРА, Бога нашага. Бо няма часьці Левітам памеж вас, бо сьвятарства СПАДАРОВА ё спадак ягоны; Ґад жа а Рувін а палавіца плямені Манасавага ўзялі спадак свой за Ёрданом на ўсход, каторы даў ім Масей, слуга СПАДАРОЎ».

І ўсталі гэтыя людзі, і пайшлі. І расказаў Ігошуа йдучым апісаваць зямлю, кажучы: «Пайдзіце, і абыйдзіце зямлю, і апішыце яе, і зьвярніцеся да мяне; а я тут кіну вам на жэрабя перад відам СПАДАРОВЫМ у Шыле». І пайшлі гэтыя людзі, і прайшлі па зямлі, і папісалі яе па местах яе, на сем часьцяў у кнізе, і прышлі да Ігошуі да табару ў Шыле. І кінуў Ігошуа на жэрабя ім у Шыле перад СПАДАРОМ, і падзяліў там Ігошуа зямлю сыном Ізраелявым подле дзеляў іхных.

І ўзышло жэрабя плямені сыноў Веняміновых, па радзімах іхных. І вышла граніца жэрабя іхнага памеж сыноў Юдзіных і сыноў Язэпавых. І ўзышла ім граніца на поўнач ад Ёрдану, і ўзыходзіла граніца ў бок Ерыхону з поўначы, і ўзыходзіла на гару на захад, і былі яе канцы на пустыні Веф-Авен. А стуль праходзіла граніца аж да Лузу, да боку Лузу на паўдня, накш Бэт-Элю, і спушчалася граніца да Атароф-Адару на гары, каторая на паўдня Веф-Горону дольняга. І цягнулася граніца, і сьхіналася да морскае стараны на паўдня ад гары, каторая на паўдні перад Вэф-Горонам, і былі канцы яе ля Кіраф-Ваалу, накш Кіраф-Еарыму, места сыноў Юдізных. Гэта заходняя старана. І паўднявой стараною ад канца Кіраф-Еарыму йдзець граніца к мору, і даходзе аж да жарала вады Нефтоагу; Скуль зыходзе граніца да канца гары, што перад даліною сына Гінномавага, што ў даліне Рэфаімаў, на поўнач, і зыходзе даліною Гінномаваю па баку Евуса, на паўдня, і зыходзе да Ец-Роґелю. Адлі паварачае з поўначы, і йдзець да Ен-Шэмэшу, і йдзець да Ґелілофу, што супроці ўзгор’я Адуміму, і зыходзе да каменя Богана, сына Рувінавага, І йдзець у бок супроці Арабы на поўнач, і спушчаецца на Арабу. Адсюль праходзе граніца ў бок Веф-Гоґлы на поўнач, і быў канец граніцы ля паўночнае затокі мора Салонага, ля паўднявога канца Ёрдану. Гэта граніца паўднявая. А Ёрдан агранічае яе з усходу. Гэта спадак сыноў Веняміновых, з граніцаю яго навокал, па радзімах іхных. І былі месты ў плямені сыноў Веняміновых, па радзімах іхных: Ерыхон а Веф-Гоґла а Емек-Кецыц А Веф-Араба а Цэмараім а Бэт-Эль А Аўвім а Пара а Офра А Кефар-Амон а Офні а Ґева: двананцаць местаў ізь сёламі іх. Ґівеон а Рама а Веероф А Міцпе а Кефіра а Моца А Рэкем а Ірпеель а Фарала А Цэла, Га-Елеф а Евус, каторы Ерузалім, Ґівеа а Кіраф-Еарым: чатырнанцаць местаў ізь сёламі іх. Гэта спадак сыноў Веняміновых, па радзімах іхных.

І вышла другое жэрабя Сымону, і пляменю сыноў Сымонавых, па радзімах іхных; і быў спадак іхны сярод спадку сыноў Юдзіных. І было ў іх, у спадку іхным: Веер-Шэва а Шэва а Молада А Гацар-Шуал а Вала а Ацэм А Елтолад а Вефул а Горма А Цыклаґ а, Веф-Маркавоф а Гацар-Суса А Веф-Леваоф а Шаруген: трынанцаць местаў ізь сёламі іх. Ен-Рыммон а Ефер а Ашан: чатыры месты ізь сёламі іх. І ўсі сёлы, каторыя наўкола местаў гэтых аж да Ваалаф-Веера, паўднявое Рамы. Гэта спадак плямені сыноў Сымонавых, па радзімах іхных. Зь дзелі сыноў Юдзіных спадак сыноў Сымонавых, бо дзель сыноў Юдзіных была лішне вялікая ім; затым адзяржалі спадак сынове Сымонавы сярод іхнага спадку.

І ўзышло трэйцяе жэрабя сыном Завулонавым, па радзімах іхных, і была граніца спадку іхнага аж да Сарыду. Узыходзе граніца іхная да мора а Марэалі, і натыкаецца на Дабешэфа, і натыкаецца на цурэй, каторы перад Ёкнеямам, І паварачае ад Сарыду ў кірунку ўсходнім, на ўсход сонца аж да граніцы Кіслоф-Фавору, адгэтуль да Даверафу і ўзыходзе аж да Яфы. А адгэтуль праходзе ў кірунку ўсходнім да Ґаф-Гэферу, да Іт-Кацыну, і выходзе да Рыммону, Міфоару а Неі. І акружае яго граніца з поўначы да Ганафону, і канцы яе былі ў даліне Іфтагэль. Адлі Катаф а Нагалал а Шымрон а Ідала а Бэтлеем: двананцаць местаў ізь сёламі іх. Гэта спадак сыноў Завулонавых, па радзімах іхных, гэта месты а сёлы іхныя.

Іссасхару вышла жэрабя чацьвертае, сыном Іссасхаровым, па радзімах іхных. І былі граніцы іхныя: Ізрэель а Кесулоф а Шунем А Гафараім а Шыён а Анагараф А Раўвіф а Кіш’ён а Евец А Рэмеф а Ен-Ґанім а Ен-Гадда а Веф-Пацэц. І натыкаецца граніца на Фавор а Шагацуму а Веф-Шемес, і былі канцы граніцы ля Ёрдану: шаснанцадь местаў ізь сёламі іх. Гэта спадак плямені сыноў Іссасхаровых, па радзімах іхных; гэта месты а сёлы іхныя.

І вышла жэрабя пятае плямені сыноў Ашэравых, па радзімах іхных. І была граніца іхная: Гэлкаф а Галі а Ветэн а Ахшаф А Аламелех а Амад а Мішал. І натыкаецца на Карміл із заходняга боку а Шыгор-Ліўнаф, І паварачае на ўсход сонца да Веф-Даґону, і натыкаецца на Завулон а даліну Іфта-Эль на поўнач Веф-Емену а Неелю, і йдзець ля Кавулу, зь левага боку. Адлі ля Еўрону а Рэгову а Гамону а Каны аж да Сыдону Вялікага. Потым зварачаецца граніца да Рамы аж да ўмацаванага места Тыра; і паварачае граніца да Госы, і былі канцы яе ля мора, у раёне Ахзыве А ў Умме а Афеку а Рэгове: дваццаць два месты ізь сёламі іх. Гэта спадак плямені сыноў Ашэровых, па радзімах іхных; гэта месты а сёлы іхныя.

Сыном Неффалімовым вышла шостае жэрабя, сыном Неффалімовым, па радзімах іхных. І была граніца іхная ад Гэлефу, ад дубровы да Цананіму а Адамі-Некеву а Яўнеелю аж да Лакуму, і былі канцы яе ля Ёрдану. І зварачаецца граніца на захад да Азноф-Фавору, і йдзець стуль да Гукоку, і натыкаецца на Завулон з паўдня, і на Ашэр натыкаецца із захаду, і на Юду ля Ёрдану, з усходу сонца. А месты ўмацаваныя: Цыдым, Цэр а Гамар, Раккаф а Хінэрэф А Адама а Рама а Гацор А Кедэш а Едрэя а Ен-Гацор А Ірон а Міґдал-Эль, Горэм а Веф-Анаф а Веф-Шэмес: дзевятнанцаць местаў ізь сёламі іх. Гэта спадак плямені сыноў Неффалімовых, па радзімах іхных; гэта месты а сёлы іхныя.

Плямені сыноў Дановых, па радзімах іхных, вышла жэрабя сёмае. І былі граніцаю спадку іхнага: Цора а Ештаол а Ір-Шэмеш А Ша-Алаўвін а Айлон а Іфла А Елон а Фімна а Екрон А Елтэке а Гіўвефон а Ваалаф А Ігуд а Бене-Верак а Ґаф-Рыммон А Ме-Яркон а Ракон із граніцаю супроці Еппы.

І ад іх вышла граніца сыноў Дановых. І ўзышлі сынове Дановы, і ваявалі ізь Лешэмам, і зваявалі яго, і зразілі яго лязом мяча, і адзяржалі яго на спадак, і асяліліся ў ім, і назвалі Лешэм Данам подле імені Дана, айца свайго. Гэта спадак плямені сыноў Дановых, па радзімах іхных: гэта месты а сёлы іхныя.

І скончылі дзяліць зямлю па граніцах яе; і далі сынове Ізраелявы спадак Ігошуу Нунянку сярод сябе. З расказаньня СПАДАРОВАГА далі яму места, каторага ён прасіў, Фімнаф-Сэраг, на гары Яхрэмавай; і збудаваў ён места, і жыў у ім.

Гэта спадкі, каторыя раздалі на спадкі плямёнам сыноў Ізраелявых Елеазар, Ігошуа Нунянок а галавы айцоў, жэрабям у Шыле, перад відам СПАДАРОВЫМ, ля ўходу будану збору. І скончылі дзяльню зямлі.

І гукаў СПАДАР Ігошуі, кажучы: «Гукай сыном Ізраелявым кажучы: "Дайце сабе месты ўцёку, праз каторыя Я казаў вам Масеям, Каб мог уцякаць туды ўбіўца, што забіў чалавека абмыльна, нясьведама; і будуць яны ў вас уцёкам ад помсьніка за кроў. І ўцячэць да аднаго зь местаў гэтых, і стане ля брамы места, будзе гукаць у вушы старцом места таго справы свае; і яны прымуць яго да сябе да места, і дадуць яму месца, і ён будзе жыць у іх. І як пагоніцца за ім помсьнік за кроў, то яны ня маюць выдаваць убіўцу ў рукі яго, бо ён нясьведама забіў бліжняга свайго, не ненавідзіў яго ўчорах ані заўчора. І хай ён жывець у гэтым месьце, пакуль ня стане перад грамадою на суд, пакуль не памрэць вялікі сьвятар, што будзе ў тых днёх. Тады хай зьвернецца ўбіўца, і прыйдзе да места свайго а да дому свайго, да места, з каторага ён уцёк"». І пасьвяцілі Кедэш у Ґалілеі на гары Неффалімовай, і Сыхем на гары Яхрэмавай, і Кіраф-Арбу, накш Гэўрон, на гары Юдзінай. І за Ёрданом супроці Ерыхону на ўсход далі: Бецэр на пустыні, на раўніне, ад плямені Рувінавага, і Рамоф у Ґілеадзе ад плямені Ґадовага, і Ґолан у Вашане ад плямені Манасавага. Гэтыя месты былі прызначаны ўсім сыном Ізраелявым і чужаземцу, што жыхара ў іх, каб уцякаў туды кажны, што забіў чалавека абмыльна, і каб не памер ён ад рукі помсьніка за кроў, пакуль ня стане перад грамадою.

І дабліжыліся галавы айцоў Левітаў да Елеазара сьвятара а да Ігошуі Нунянка а да галоў айцоў плямёнаў сыноў Ізраелявых, І гукалі ім у Шыле, у зямлі Канаанскай, і сказалі: «СПАДАР расказаў Масеям даць нам месты жыць і перадмесьці іх статку нашаму». І далі сынове Ізраелявы Левітам із спадкаў сваіх, з расказаньня СПАДАРОВАГА гэтыя месты зь перадмесьцямі іх.

І вышла жэрабя радзімам Когафовым; і было сыном Аарона сьвятара, зь Левітаў, ад плямені Юдзінага, і ад плямені Сымонавага, і ад плямені Веняміновага трынанцаць местаў.

А засталым сыном Когафовым было ад радзімаў плямені Яхрэмавага, і ад плямені Дановага, і ад палавіцы плямені Манасавага, жэрабям дзесяць местаў.

І сыном Ґіршонавым — ад радзімаў плямені Іссасхаровага, і ад плямені Ашэравага, і ад плямені Неффалімовага, і ад палавіцы плямені Манасавага ў Вашане, жэрабям, трынанцаць местаў.

Сыном Мераравым, па радзімах іхных, ад плямені Рувінавага, і ад плямені Ґадовага, і ад плямені Завулонавага, двананцаць местаў.

І аддалі сынове Ізраелявы Левітам гэтыя месты зь перадмесьцямі іх, як расказаў СПАДАР Масеям, жэрабям.

І далі ад плямені сыноў Юдзіных і ад плямені сыноў Сымонавых месты гэтыя, каторыя ён менаваў імёнамі:

І былі сыном Ааронавым, з радзімаў Когафовых, із сыноў Лева, — бо ім было жэрабя першае, — І далі ім Кіраф-Арбу, айца Енаковага, накш Гэўрон, на гары Юдзінай, і перадмесьці яго наўкола яго. А поле гэтага места й сёлы яго аддалі Калеву Ефунёнку ў дзяржаньне.

І сыном Аарона сьвятара далі места схову ўбіўцы, Гэўрон а перадмесьці яго, і Ліўну а перадмесьці яе, І Ятыр а перадмесьці яго, Ештэму а перадмесьці яе, Голон а перадмесьці яго, Дэвір а перадмесьці яго, І Аін а перадмесьці яго, Юту а перадмесьці яе, Веф-Шэмеш а перадмесьці яго: дзевяць местаў ад двух плямёнаў гэтых.

І ад плямені Веняміновага: Ґівеон а перадмесьці яго, Ґеву а перадмесьці яе, Анафоф а перадмесьці яго, Алмон а перадмесьці яго: чатыры месты. Усіх местаў сыном Ааронавым, сьвятаром, трынанцаць местаў ізь перадмесьцямі іх.

А што да радзімаў сыноў Когафовых, Левітаў, засталых із сыноў Когафовых, то былі месты жэрабя іхнага ад плямені Яхрэмавага. І далі ім места ўцёку ўбіўцы — Сыхем а перадмесьці яго, на гары Яхрэмавай, і Ґезэр а перадмесьці яго, І Кіўцаім а перадмесьці яго, і Веф-Горон а перадмесьці яго: чатыры месты.

І ад плямені Дановага: Елфеке а перадмесьці яго, Ґіўвефон а перадмесьці яго, Айлон а перадмесьці яго, Гаф-Рымон а перадмесьці яго: чатыры месты.

І ад палавіцы плямені Манасавага: Фаанах а перадмесьці яго, Ґаф-Рымон а перадмесьці яго: два месты. Усіх местаў дзесяць і перадмесьці іх засталым радзімам сыноў Когафовых.

А сыном Ґіршонавым із радзімаў Левіцкіх: ад палавіцы плямені Манасавага места ўцёку ўбіўцы, Ґолан у Вашане а перадмесьці яго, і Беештэру а перадмесьці яе: два месты.

І ад плямені Іссасхаровага: Кіш’ён а перадмесьці яго, Давераф а перадмесьці яго, Ярмуф а перадмесьці яго, Ен-Ґанін а перадмесьці яго: чатыры месты.

І ад плямені Ашэравага: Мішал а перадмесьці яго, Аўдон а перадмесьці яго, Гэлкаф а перадмесьці яго, і Рэгоў а перадмесьці яго: чатыры месты.

Ад плямені Неффалімовага места ўцёку ўбіўцу, Кедэш у Ґалілеі а перадмесьці яго, і Гамоф-Дор а перадмесьці яго, і Карфан а перадмесьці яго: тры месты. Усіх местаў Ґіршонавых па радзімах іхных — трынанцаць местаў ізь перадмесьцямі іхнымі.

І радзімам сыноў Мераравых, засталым Левітам: ад плямені Завулонавага Ёкнеам а перадмесьці яго, Карфа а перадмесьці яе, Дымна а перадмесьці яе, Нагалал а перадмесьці яго: чатыры месты.

Ад плямені Рувінавага: Бецэр а перадмесьці яго, Ягац а перадмесьці яго, Кедэмоф а перадмесьці яго, Мефааф а перадмесьці яго: чатыры месты.

Ад плямені Ґадовага: месты ўцёку ўбіўцы — Рамоф у Ґілеадзе а перадмесьці яго, Маганаім а перадмесьці яго, Гэшбон а перадмесьці яго, Язэр а перадмесьці яго: усіх местаў чатыры. Усіх местаў сыном Мераравым, па радзімах іхных, засталым із радзімаў Левіцкіх, і было жэрабям іхным двананцаць местаў.

Усіх местаў Левіцкіх сярод дзяржавы сыноў Ізраелявых — сорак восьмі местаў ізь перадмесьцямі іх. Гэтак былі тыя месты: кажнае места а перадмесьце яго навокал яго; гэтак у вусіх местаў тых. І даў СПАДАР Ізраелю ўсю зямлю, каторую Ён прысягаў айцом іхным даць, і яны адзяржалі яе на спадак, і асяліліся на ёй. І даў СПАДАР супакой ім навокал, подле ўсёга, што прысягаў айцом іхным; і ня вытрываў ніхто перад імі з усіх варагоў іхных — усіх варагоў іхных даў СПАДАР у рукі іхныя. Не прамінула нічагусенькі з усёга добрага, каторае СПАДАР казаў дому Ізраеляваму: усе спраўдзілася.

Тады Ігошуа пагукаў плямя Рувінава а Ґадова а палавіцу плямені Манасавага, І сказаў ім: «Вы споўнілі ўсе, што расказаў вам Масей, слуга СПАДАРОў, і слухалі голасу майго подле ўсёга, што я расказаваў вам. Вы не пакінулі братоў сваіх вось усі гэтыя шмат дзён дагэтуль, і вы паўнілі расказаньні, даныя вам СПАДАРОМ, Богам вашым. Цяпер жа СПАДАР, Бог ваш, супакоіў братоў вашых, як казаў ім. Дык цяпер абярніцеся й пайдзіце сабе да буданоў сваіх, да зямлі вашае дзяржавы, каторую даў вам Масей, слуга СПАДАРОЎ, за Ёрданом. Адно рупцеся вельма паўніць расказаньні а права, каторае расказаў вам Масей, слуга СПАДАРОЎ: любіць СПАДАРА, Бога свайго, і хадзіць усімі дарогамі Ягонымі, і дзяржаць расказаньні Ягоныя, і ліпці да Яго, і служыць Яму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душою сваёй». І дабраславіў Ігошуа іх, і адпусьціў іх, і яны пайшлі да буданоў сваіх.

І палавіцы плямені Манасавага даў Масей дзяржаву ў Вашане; а палавіцы яго даў Ігошуа з братамі іхнымі па гэтым баку Ёрдану на захад. І таксама адпушчаў іх Ігошуа да буданоў іхных, і дабраславіў іх, І сказаў ім, кажучы: «З чысьленымі багацьцямі зварачаецеся вы да буданоў сваіх, і з чысьленым вельмі статкам, із срэбрам, із золатам, зь медзяй, і зь зялезам, і зь вельмі шмат адзежай; падзяліцеся ж здабыткам у варагоў сваіх із братамі сваімі».

І зьвярнуліся, і пайшлі сынове Рувінавы а сынове Гадовы а палавіца плямені Манасавага ад сыноў Ізраелявых із Шыла, каторае ў зямлі Канаанскай, каб ісьці да зямлі Ґілеаду, да зямлі свае дзяржавы, каторую адзяржалі ў дзяржаньне з расказаньня СПАДАРОВАГА Масеям.

І прышлі да аколіцаў Ёрдану, каторыя ў зямлі Канаанскай, і збудавалі сынове Рувінавы а сывове Ґадовы а палавіца плямені Манасавага там аброчнік ля Ёрдану, аброчнік вялікі выглядам. І пачулі сынове Ізраелявы, што кажуць: «Вось, сынове Рувінавы а сынове Ґадовы а палавіца плямені Манасавага збудавалі аброчнік на супроці зямлі Канаанскае, у ваколіцах Ёрдану, на другім баку ад сыноў Ізраелявых». І пачулі сынове Ізраелявы, і зьберліся ўвесь збор сыноў Ізраелявых у Шыле ўзыйсьці супроці іх, ваяваць.

І паслалі сынове Ізраелявы да сыноў Рувінавых а да сыноў Ґадовых а да палавіцы плямені Манасавага да зямлі Ґілеадзкае Фінегаса, сына Елеазара сьвятара, І дзесяцёх князёў ізь ім, па адным князю, па адным князю дому айцоў з усіх плямёнаў Ізраелявых; і кажны зь іх быў галавою дому айцоў сваіх памеж тысячаў Ізраелявых. І прышлі яны да сыноў Рувінавых а да сыноў Ґадовых а да палавіцы плямені Манасавага, да зямлі Ґілеадзкае, і гукалі ім, кажучы: «Гэтак кажа ўвесь збор СПАДАРОЎ: "Што гэта за выступ, якім вы выступілі супроці Бога Ізраелявага, каб адвярнуцца, перастаць цяпер ісьці за СПАДАРОМ, збудавалі сабе аброчнік, каб збунтавацца цяпер супроці СПАДАРА? Ціж мала нам бяспраўя Пеоравага, ад каторага мы не ачысьціліся дагэтуль, і была кара на збор СПАДАРОЎ? А вы адварачаецеся, каб ня йсьці за СПАДАРОМ. І станецца, што вы цяпер бунтуецеся супроці СПАДАРА, а заўтра загневаецца СПАДАР на ўвесь збор Ізраеляў. А толькі, калі нячыстая зямля дзяржавы вашае, то перайдзіце да зямлі дзяржавы СПАДАРОВАЕ, ідзе перабывае вітальня СПАДАРОВА, і вазьміце дзяржаву сярод нас, але ня бунтуйцеся супроці СПАДАРА, і супроці нас ня бунтуйцеся, будуючы сабе аброчніх, апрача аброчніку СПАДАРА, Бога нашага. Ці не Ахан Зэражонак выступіў выступам узглядам аканаванага, а на ўвесь збор Ізраельскі быў гнеў? І не адзін ён памер за свае бяспраўе!"»

І адказалі сынове Рувінавы а сынове Гадовы а палавіца плямені Манасавага, і гукалі галавам тысячаў Ізраелявых: «БОГ, Бог СПАДАР, БОГ, Бог СПАДАР, Ён ведае, і Ізраель хай ведае! Калі мы бунтуемся й адступаемся ад СПАДАРА, то няхай не спасае нас гэтага дня! Калі мы збудавалі аброчнік на тое, каб адвярнуцца, перастаць ісьці за СПАДАРОМ, і на тое, каб абракаць на ім усепаленьне а аброкі хлебныя, і каб абракаць на ім аброкі супакойныя, то хай Сам СПАДАР вымагае! Ці мы не зрабілі гэта з рупатлівасьці, кажучы: "Заўтра скажуць сынове вашы сыном нашым, кажучы: "Што вам да СПАДАРА, Бога Ізраелявага? І граніцу даў СПАДАР меж нас і вас, сынове Рувінавы а сынове Ґадовы, Ёрдан; нямаш вам дзелі ў СПАДАРУ’. І пераказяць сынове вашы сыном нашым баяцца СПАДАРА". І мы сказалі: "Дайма зробім сабе гэта, збудуем аброчнік не на ўсепаленьне ані на аброкі, Але сьветкаю меж нас і вас, меж наступных родаў нашых, служыць службу СПАДАРОВУ перад відам Яго ўсепаленьнямі нашымі, і аброкамі нашымі, і супакойнымі аброкамі нашымі, і каб вашы сынове не сказалі заўтра сыном нашым: ’Няма вам дзелі ў СПАДАРУ’". І сказалі мы: "І будзе, калі скажуць гэтак нам а родам нашым заўтра, то мы скажам: ’Бачыце падобнасьць аброчніку СПАДАРОВАГА, каторую зрабілі айцове нашы не на ўсепаленьне ані на аброкі, але сьветкаю ён меж нас і вас’". Крый Божа, каб збунтавацца нам супроці СПАДАРА й адвярнуцца, каб ня йсьці за СПАДАРОМ, і каб збудаваць аброчнік на ўсепаленьне а на аброкі хлебныя а на аброкі, апрача аброчніку СПАДАРА, Бога нашага, каторы перад вітальняю Ягонай!»

І пачуў Фінегас сьвятар, і князі збору, і галавы тысячаў Ізраеля, каторыя зь ім, словы, каторыя гукалі сынове Рувінавы а сынове Ґадовы а сынове Манасавы, і люба было ў вачох іх. І сказаў Фінегас Елеазаронак, сьвятар, сыном Рувінавым а сыном Ґадовым а сыном Манасавым: «Цяпер мы даведаліся, што СПАДАР сярод нас, што вы ня выступілі супроці СПАДАРА выступам гэтым; цяпер вы выбавілі сыноў Ізраелявых ад рукі СПАДАРОВАЕ».

І зьвярнуўся Фінегас Елеазаронак, сьвятар, а князі ад сыноў Рувінавых а ад сыноў Ґадовых ізь зямлі Ґілеадзкае да зямлі Канаанскае да сыноў Ізраелявых, і прынесьлі ім слова. І люба было гэтае слова ў вачох сыноў Ізраелявых, і дабраславілі сынове Ізраелявы Бога, і не маніліся йсьці на іх вайною, каб спустошыць зямлю, на каторай жылі сынове Рувінавы а сынове Ґадовы. І назвалі сынове Рувінавы а сынове Ґадовы аброчнік: Ед, «бо ён сьветка меж нас, што СПАДАР ё Бог».

І сталася за шмат дзён просьле тога, як СПАДАР супакоіў Ізраеля ад усіх варагоў ягоных навокал, а Ігошуа застараўся, увыйшоў у гады. І гукнуў Ігошуа ўсяго Ізраеля, старцоў яго а галоў яго а судзьдзяў яго а нагляднікаў яго, і сказаў ім: «Я застараўся, увыйшоў у гады. А вы бачылі ўсе, што зрабіў СПАДАР, Бог ваш, перад відам вашым із усімі гэтымі народамі, бо СПАДАР, Бог ваш, — Ён тый, што ваяваў за вас. Гля, я прызначыў вам жэрабям засталыя народы гэтыя на спадак плямёнам вашым, ад Ёрдану, і ўсі народы, каторыя я выгубіў, і вялікае мора, на захадзе сонца. І СПАДАР, Бог ваш, Сам адапхнець іх ад вас, і выжане іх перад вамі, і вы адзяржыцё на спадак зямлю іхную, як казаў вам СПАДАР, Бог ваш. І сілуйцеся вельма заховаваць а рабіць усе напісанае ў кнізе права Масеявага, каб не адварачацца ад яго направа ані налева. Каб вам ня ўвыйсьці памеж гэтых народаў, гэтых засталых із вамі, то імені багоў іхных не ўспамінайце, і не прысягайце імі, і ня служыце ім, і ня кланяйцеся ім; Але да СПАДАРА, Бога свайго, прыліпніце, як вы рабілі дагэтуль. І прагнаў СПАДАР ад вас народы вялікія а дужыя; а што да вас, то ніхто ня вытрываў перад вамі дагэтуль. Адзін із вас праганяе тысяча, бо СПАДАР, Бог ваш, Ён тый, Каторы ваюе за вас, як казаў вам. Затым вельма глядзіце сябе, каб любіць СПАДАРА, Бога свайго. Бо калі ж вы чыста адвернецеся й прыліпніце да астачы народаў гэтых, што засталіся з вамі, і пасваячыцеся зь імі, і ўвыйдзеце да іх, а яны ўвыйдуць да вас; То напэўна, ведайце, што СПАДАР, Бог ваш, ня будзе далей праганяць народы гэтыя перад вамі, і будуць вам сеткаю, і пераказаю, і пугаю баком вашым, і церням ачом вашым, пакуль ня будзеце выгублены з гэтае добрае зямлі, каторую даў вам СПАДАР, Бог ваш. І вось, я цяпер адыходжу ў дарогу ўсяе зямлі. А вы ведайце ўсім сэрцам сваім і ўсёй Душою сваёй, што не прамінула ні воднае слова з усіх добрых словаў, каторыя казаў праз вас СПАДАР, Бог ваш: усе спраўдзілася вам, не прамінула зь яго ні воднае слова. І будзе: як прышло на вас кажнае добрае слова, каторае казаў вам СПАДАР, Бог ваш, так прывядзець СПАДАР на вас усялякае благое слова, пакуль ня выгубе вас із гэтае добрае зямлі, каторую даў вам СПАДАР, Бог ваш. Калі вы выступіце із змовы СПАДАРА, Бога свайго, каторую Ён расказаў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багом, і кланяцца ім, дык узгарыцца на вас гнеў СПАДАРОЎ і ўборзьдзе загінеце з гэтае добрае зямлі, каторую даў вам».

І зьбер Ігошуа ўсі плямёны Ізраелявы да Сыхему, і згукаў старцоў Ізраелю, і галавы іх, і судзьдзяў іхных, і нагляднікаў іхных, і сталі яны перад Богам. І сказаў Ігошуа ўсяму люду: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "За ракою жылі айцове вашыя здаўна, Фераг, ацец Абрагамаў, ацец Нагораў, і служылі іншым багом. І Я ўзяў айца вашага Абрагама з за ракі, і вадзіў яго па ўсёй зямлі Канаанскай, і размножыў насеньне ягонае, і даў яму Ісака. І даў Ісаку Якава а Ісава. І даў Ісаву гару Сэір на спадак яму; Якаў жа а сынове ягоныя зышлі да Ягіпту. І паслаў Я Масея а Аарона, і зразіў Ягіпет, як Я зрабіў сярод яго, потым Я вывеў вас. І вывеў Я айцоў вашых ізь Ягіпту, і вы прышлі аж да мора, і гналіся Ягіпцяне за айцамі вашымі зь цялежкамі а коньнікамі да Чырвонага мора. І загаласілі да СПАДАРА, і Ён палажыў цемень памеж вас і Ягіпцян, і навёў на іх мора, каторае іх і пакрыла. І бачылі вочы вашы, што Я зрабіў у Ягіпце. І вы прабывалі на пустыні шмат дзён. І прывёў Я вас да зямлі Аморэяў, што жылі за Ёрданом; і яны ваявалі з вамі; і даў Я іх у рукі вашы, і вы адзяржалі на спадак зямлю іхную, і Я выгубіў іх перад вамі. І паўстаў Валак Цыпоронак, кароль Моаўскі, і ваяваў із Ізраелям, і паслаў і пагукаў Валаама Веоронка, каб ён пракляў вас. Але Я ня зычыў паслухаць Валаама; і ён дабраславенствам дабраславіў вас, і Я выбавіў вас із рукі яго. І вы перайшлі Ёрдан, і прышлі да Ерыхону. І ваявалі з вамі спадары Ерыхону, Аморэй а Ферэзэй, Канаанянін а Гэціч а Ґерґесэй а Гэвей а Евусэй; але Я аддаў іх у рукі вашы. Я паслаў перад вамі шаршні, і прагналі яны іх ад вас, двух каралёў Аморэйскіх; не мячом тваім ані лукам тваім. І даў Я вам зямлю, над каторай вы не марыліся, і месты, каторых вы не станавілі, і вы жылі ў іх; зь вінных а аліўных садоў, каторых вы не садзілі, вы ясьцё". А цяпер бойцеся СПАДАРА і служыце Яму ў супоўнасьці а праўдзе; аддальце багі, каторым служылі бацькі вашыя за ракою а ў Ягіпце, і служыце СПАДАРУ. І калі ліха ў вачох вашых служыць СПАДАРУ, то выбярыце сабе цяпер, каму служыць, ці багом, каторым служылі бацькі вашыя, быўшы за ракою, ці багом Аморэяў, у каторых зямлі жывіцё, а я а дом мой будзем служыць СПАДАРУ».

І адказаваў люд, і сказаў: «Крый Божа, каб мы пакінулі СПАДАРА, каб служыць іншым багом! Бо СПАДАР, Бог наш, Ён Тый, Каторы ўзьвёў нас а бацькоў нашых ізь зямлі Ягіпецкае, з дому нявольнікаў, і каторы рабіў перад ачыма нашымі гэтыя вялікія знакі, і ахараняў нас у вусёй дарозе, па каторай мы йшлі, і сярод усіх людаў, пераз каторыя мы праходзілі. І прагнаў СПАДАР ад віду нашага ўсі люды й Аморэя, жыхара зямлі. Таксама мы будзем служыць СПАДАРУ, бо Ён Бог наш». І сказаў Ігошуа люду: «Ня зможаце служыць СПАДАРУ, Бо Ён Бог сьвятасьцяў, ён Бог завіднік, Ён не даруе выступаў вашых а грахоў вашых. Бо калі вы пакінеце СПАДАРА й будзеце служыць чужым багом, то Ён павернецца супроці вас, зробе ліха вам і выгубе вас просьле тога, як Ён добра дзеяў вам». І сказаў люд Ігошуі: «Не, мы СПАДАРУ будзем служыць». І сказаў Ігошуа люду: «Вы сьветкі празь сябе, што вы абралі сабе СПАДАРА, служыць Яму?» І яны адказалі: «Сьветкі». «А цяпер аддальце чужыя багі, каторыя пасярод вас, і нахінеце сэрца свае да СПАДАРА, Бога Ізраелявага».

І сказалі люд Ігошуі: «СПАДАРУ, Богу нашаму, будзем служыць і голасу Яго будзем слухаць».

І ўчыніў Ігошуа змову зь людам таго дня, і ўставіў яму ўставы а суд ў Сыхеме.

І ўпісаў Ігошуа словы гэтыя ў кнігу права Божага, і ўзяў вялікі камень, і пастанавіў яго там пад дубам, каторы ля сьвятыні СПАДАРОВАЕ. І сказаў Ігошуа ўсяму люду: «Вось, камень гэты будзе нам за сьветку, бо ён чуў усі словы СПАДАРОВЫ, каторыя Ён гутарыў із намі, ён будзе за сьветку супроці вас, каб вы не адракліся СПАДАРА, Бога свайго». І адпусьціў Ігошуа люд, кажнага да спадку свайго.

І сталася просьле гэтага, што памер Ігошуа Нунянок, слуга СПАДАРОЎ, сту дзесяцёх год. І пахавалі яго ў граніцы спадку ягонага ў Фімнаф-Сэрагу, каторы на гары Яхрэмавай, на поўнач ад гары Гааш. І служыў Ізраель СПАДАРУ ўсі дні Ігошуі і ўсі дні старцоў, каторых дні працягнуліся тады просьле Ігошуі, і каторыя ведалі ўсю справу СПАДАРОВУ, якую Ён учыніў Ізраелю.

І косьці Язэпавы, каторыя ўзьнесьлі сынове Ізраелявы зь Ягіпту, пахавалі ў Сыхеме, у дзелі поля, каторае купіў Якаў у сыноў Гамора, айца Сыхемавага, за сто манэтаў, і сталася яно спадкам сыном Яээпавым. І Елеазар Ааронёнак памер, і пахавалі яго на ўзгорку Фінегаса, сына ягонага, каторы даны яму на гары Яхрэмавай.



2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.