Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Другапраўе 28 Другапраўе 28 раздзел

1 І будзе, калі ты будзеш уважліва слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго, рупіцца паўніць усі расказаньні Ягоныя, каторыя расказую табе цяпер; то СПАДАР, Бог твой, дасьць быць табе над усі народы зямлі.
2 І прыдуць на цябе ўсі дабраславенствы гэтыя, і дасягнуць цябе, калі будзеш слухаць голасу СПАДАРА, Бога свайго:
3 Дабраславёны ты ў месьце, і дабраславёны ты на полю.
4 Дабраславёны плод жывата твайго, і плод зямлі твае, і плод статку твайго, і прыбытак валоў тваіх, і ягняты авец тваіх.
5 Дабраславёны кош твой а дзяжа твая.
6 Дабраславёны ты ўходзячы і дабраславёны выходзячы.
7 Дасьць СПАДАР, што варагі твае, каторыя паўстануць на цябе, будуць зражаны перад табою; аднэй дарогаю яны выступяць супроці цябе, а сяма дарогамі ўцякуць ад цябе.
8 Раскажа СПАДАР табе дабраславенства ў сьвірнах тваіх і ў вусім, да чаго ты прыкладаў руку сваю; і дабраславе цябе на зямлі, каторую СПАДАР, Бог твой, даець табе.
9 Пастанове цябе СПАДАР людам сьвятым Сваім, як Ён прысягаў табе, калі ты будзеш дзяржаць расказаньні СПАДАРА, Бога свайго, і будзеш хадзіць дарогамі Ягонымі.
10 І абачаць усі народы зямлі, што імя СПАДАРА мянуецца на табе, і будуць баяцца цябе.
11 І перапоўне цябе СПАДАР дабром у плодзе жывата твайго, і ў плодзе статку твайго, і ў плодзе зямлі на зямлі, каторую СПАДАР прысягаў айцом тваім даць табе.
12 Адчыне табе СПАДАР добрую скарбніцу Сваю, неба, каб яно давала дождж зямлі тваёй упару яе, і каб дабраславіць усю работу рукі твае: і будзеш пазычаць шмат якім народам, а сам ня будзеш пазычаць.
13 І дасьць СПАДАР быць табе галавою, а не хвастом, і будзеш толькі на гарыні, а ня будзеш далавах, калі будзеш прыслухацца да расказаньняў СПАДАРА, Бога свайго, каторыя расказую табе сядні, дзяржаць а паўніць,
14 І не адвернешся ад усіх словаў, каторыя расказую вам сядні, ані направа, ані налева, каб пайсьці за іншымі багамі служыць ім.
15 І будзе, калі не паслухаеш голасу СПАДАРА, Бога свайго, каб рупіцца паўніць усі расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, каторыя я расказую табе сядні, то прыйдуць на цябе ўсі кляцьбы гэтыя і насьпеюць цябе:
16 Пракляты ты ў месьце, і пракляты ты на полю.
17 Пракляты кош твой а дзяжа твая.
18 Пракляты плод жывата твайго й плод зямлі твае, прыбытак валоў тваіх і ягняты авец тваіх.
19 Пракляты ты ўходзячы й пракляты выходзячы.
20 Пашлець СПАДАР на цябе кляцьбу, замятню а няшчасьце ў вусім, да чаго прыкладаў ты руку сваю, што ты рабіў, пакуль ня будзеш выгублены, і ты борзда загінеш за ліхія ўчынкі свае, за тое, што ты пакінуў Мяне.
21 СПАДАР прылепе да цябе мор, пакуль не зьвядзець Ён цябе ізь зямлі, да каторае ты ўходзіш, каб апанаваць яе.
22 Зразе цябе СПАДАР сухотамі, трасцаю, гаручкаю, запаленьням, мячом, палячым ветрам, сухмянём а іржою; і яны будуць перасьледаваць цябе, пакуль не загінеш.
23 І будуць нябёсы твае, каторыя над галавою тваёю, медзьдзю, і зямля пад табою зялезам.
24 Дасьць СПАДАР дождж зямлі тваёй пылам, і попел ізь неба будзе зыходзіць на цябе, пакуль ня будзеш выгублены.
25 Аддасьць цябе СПАДАР на паразу перад відам варагоў тваіх; аднэй дарогаю выступіш супроці іх, а сяма дарогамі ўцячэш ад іх; і будзеш дрыготаю па ўсіх каралеўствах зямлі.
26 І будзе труп твой ежаю ўсім птушкам нябёсным і зьвяром зямлі, і ня будзе пужаючага іх.
27 Зразе цябе СПАДАР скульлям ягіпецкім, ґемороям, каростаю а сьвербам, ад каторых ты ня зможаш вылячыцца.
28 Зразе цябе СПАДАР шалам, нявісносьцяй а зуменьням сэрца.
29 І ты будзеш вошчупкам хадзіць паўднём, як нявісны вошчупкам ходзе ўцямне, і ня будзеш мець дасьпеху ў дарогах сваіх, і будзеш адно ўцісканы а крыўджаны ўсі дні, і няма выбавіцеля.
30 Із жонкаю заручышся, і другі будзе ляжаць ізь ёю; дом пастановіш, і ня будзеш жыць у ім; вінішча насадзіш, і ня будзеш пратаць ягад яго.
31 Вала твайго зарэжуць на аччу тваім, ня будзеш есьці яго; асла твайго заглабаюць у цябе і ня зьвернуць табе; авечкі твае аддадуць варагом, і няма ў цябе ратаўніка.
32 Сынове твае а дачкі твае будуць адданы другому люду; і вочы твае будуць бачыць і будуць кволець празь іх цэлы дзень, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
33 Плады зямлі твае і ўсю працу тваю будзе есьці люд, каторага ты ня знаў, і ты будзеш адно ашуканы а разьбіты ўсі дні.
34 І адыйдзеш ад разуму ад бачаньня аччу твайго, што ты пабачыш.
35 Зразе цябе СПАДАР скульлям ліхім на каленях а галёнках, ад каторага ты ня зможаш вылячыцца, ад падашвы нагі твае аж да цемені твайго.
36 Завядзець цябе СПАДАР і караля твайго, каторага ты пастановіш над сабою, да народу, каторага ня знаў ты ані айцове твае, і будзеш служыць там іншым багом, дзерву й каменю;
37 І будзеш жахам, прыпавесьцю а прымазьзю ў вусіх людаў, да каторых завядзець цябе СПАДАР.
38 Сяўбы шмат вынясеш у поле, а зьбярэш мала, бо паесьць яе шаранча.
39 Вінішчы будзеш садзіць і ўрабляць, але віна ня будзеш піць і не зьбярэш, бо паесьць іх чырва.
40 Аліўныя дзервы будуць у цябе ў вусіх граніцах тваіх, але аліваю не памажашся, бо асыпяцца аліўкі твае.
41 Сыноў а дачкі народзіш, але іх ня будзе ў цябе, бо пойдуць у палон,
42 Усі дзервы твае й плады зямлі твае апануе іржа.
43 Чужаземец, каторы сярод цябе, будзе падыймацца над табою вышэй а вышэй, а ты спушчацца будзеш ніжэй а ніжэй.
44 Ён будзе пазычаць табе, а ты ня будзеш пазычаць яму; ён будзе галавою, а ты будзеш хвастом.
45 І прыйдуць на цябе ўсі кляцьбы гэтыя, і будуць перасьледаваць цябе, і дасягнуць цябе, пакуль ня будзеш выгублены, бо ты ня слухаў голасу СПАДАРА, Бога свайго, дзяржаць расказаньні Ягоныя а ўставы Ягоныя, каторыя Ён расказаў табе.
46 І яны будуць знакам і дзівам на табе а на насеньню тваім навекі.
47 За тое, што ты ня служыў СПАДАРУ, Богу свайму, зь весялосьцяй а дабрынёю сэрца, пры множасьці ўсяго,
48 Дык будзеш служыць ворагу свайму, каторага пашлець на цябе СПАДАР, у галадові а смазе а голасьці а ў вусялякай нястачы; і ён узложа на шыю тваю зялезнае йго, пакуль ня выгубіць цябе.
49 Падыйме на цябе СПАДАР народ здалеку, з канца зямлі; як арол наляціць народ, каторага мовы ты ня будзеш цяміць,
50 Народ із гарэзным відам, каторы ня ўсьціць віду старога і над маладым ня зьмілуецца.
51 І будзе ён есьці плод статку твайго й плод зямлі твае, пакуль ня зьнішча цябе, ажно не пакіне табе збожжа ані віннога соку, ані алівы, ані прыбытку валоў тваіх, ані ягнят авец тваіх, пакуль не загубе цябе.
52 І будзе аблягаць цябе ў вусіх брамах тваіх, пакуль не наваляцца высокія а моцныя сьцены твае, на каторыя ты спадзеешся, па ўсёй зямлі сваёй; ён будзе аблягаць цябе ў вусіх брамах тваіх, па ўсёй зямлі тваёй, каторую СПАДАР, Бог твой, даў табе.
53 І ты будзеш есьці плод жывата свайго, цела сыноў сваіх а дачок сваіх, каторых СПАДАР, Бог твой, даў табе, у ваблозе а ў сьціску, у каторым сьцісьне цябе вораг твой.
54 Чалавек, раскунежаны ў цябе і ў вялікай раскошы ўзгадаваны, будзе мець благое вока на брата свайго, і на жонку ўлоньня свайго, і засталых сыноў сваіх, каторыя застануцца,
55 І ня дасьць ні воднаму зь іх цела дзяцей сваіх, каторыя ён будзе есьці, бо ў яго не застанецца нічога ў ваблозе а ў сьціску, у каторым сьцісьне цябе вораг твой у вусіх брамах тваіх.
56 Раскунежаная, у раскошы ўзгадаваная жонка ў цябе, каторая не прабавала ступы нагі свае станавіць на зямлю з прычыны раскошы а скунежанасьці, будзе мець благое вока на мужа ўлоньня свайго а на сына свайго а на дачку сваю
57 А на пасьцелю, што выходзе з памеж ног ейных, а на дзеці, каторыя яна народзе; бо зьесьць іх зь нястачы ўсяго, патай у ваблозе а сьціску, у каторым сьцісьне цябе вораг твой у брамах тваіх.
58 Калі ня будзеш рупіцца паўніць усі словы Права гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай, і ня будзеш баяцца гэтага славутнага а страшнага імені СПАДАРА, Бога свайго;
59 Дык дзіўнымі зробе СПАДАР болькі твае а болькі насеньня твайго, болькі вялікія а кажначасныя, і хваробы ліхія а кажначасныя.
60 І прыверне на цябе ўсі хваробы ягіпецкія, каторых ты баяўся, і яны прыліпнуць да цябе.
61 Таксама ўсялякую хваробу і ўсялякую больку, якая не запісана ў кнізе права гэтага, СПАДАР узьвядзець на цябе, пакуль ня будзеш выгублены.
62 І застанецца вас людзёў малы лік, замест тога, што вы былі, як зоры нябёсныя, бо ты ня слухаў голасу СПАДАРА, Бога свайго.
63 І будзе, што як радаваўся СПАДАР із вас, робячы вам дабро й множачы вас, так будзе радавацца СПАДАР із вас, губячы вас а нішчачы вас, і вырваны будзеце ізь зямлі, да каторае ты йдзеш, каб апанаваць яе.
64 І разьвее цябе СПАДАР па ўсіх людах, ад канца зямлі аж да канца зямлі, і будзеш там служыць іншым багом, каторых ня знаў ты ані айцове твае, дзерву а камяню.
65 І памеж тых народаў ты несупакоішся, і ня будзе месца супачынку ступе нагі твае, і СПАДАР дасьць табе там ляклівае сэрца, і цьмяныя вочы, і бядунлівую душу.
66 І будзе жыцьцё твае вісець перад табою, і будзеш жахацца ўдзень і ночы, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.
67 Нараніцы ты скажаш: "О, калі б настаў вечар!" а ўвечары скажаш: "О, калі б настала раньне!" зь ляку сэрца свайго, каторым ты будзеш абняты, і з бачаньня аччу сваіх.
68 І зьверне цябе СПАДАР да Ягіпту на караблёх тэй дарогаю, праз каторую я сказаў табе: "Ты болей не абачыш яе"; і там будуць прадаваць вас варагом вашым за нявольнікаў а за нявольніцы, і ня будзе купляючага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Пятая кніга Масеява: Другапраўе, 28 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.