Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміін Плач 1 Ераміін Плач 1 раздзел

1 Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну.
2 Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі.
3 Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах.
4 Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму.
5 Ворагі апанавалі яго, няпрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага.
6 І адабрана ў дачкі Сіёна ўся яе велічнасьць; князі яе, як алені, што не знаходзяць пашы; і бясьсіла ідуць яны перад паганятым.
7 Успамінае Ерусалім у дні бедства свайго і пакутаў сваіх, пра ўсе скарбы свае, што былі ў яго за былымі днямі, тым часам народ яго гіне ад рук ворага, і ніхто яму не пасабляе; супастаты глядзяць на яго і сьмяюцца зь яго суботаў.
8 Цяжка зграшыў Ерусалім, і за тое зрабіўся агідны; кожны, хто славіў яго, глядзіць на яго з пагардай, галізну ягоную ўбачыўшы; ён і сам уздыхае і адварочваецца.
9 На прыполе ў яго была нечысьць, але ён ня думаў пра будучыню, і заняпаў так ганебна, і няма яму суцешніка. «Паглядзі, Госпадзе, на гароту маю, бо вораг узвысіўся!»
10 Вораг руку працягнуў на ўсе скарбы ягоныя; ён бачыць, як уваходзяць язычнікі ў сьвятыню ягоную, пра якую Ты наказаў, каб яны ня ўступалі ў сходню Тваю.
11 Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць. «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!»
12 Хай ня будзе гэтага з вамі, вы, што дарогай праходзіце! зірнеце і падзівецеся, ці ёсьць хвароба, як хвароба мая, што спасьцігла мяне, што наслаў на мяне Гасподзь у дзень палкага гневу Свайго?
13 Згары Ён паслаў агонь у косткі мае, і ён авалодаў імі; раскінуў сеткі на ногі мае, абярнуў мяне, і зьбедніў мяне, каб я таміўся дзень кожны.
14 Ярмо пахібнасьцяў маіх зьвязана ў руцэ Ягонай; яны сплецены і падняліся на шыю маю; Ён паслабіў сілу маю. Гасподзь аддаў мяне ў рукі, зь якіх не магу я вырвацца.
15 Усіх дужых маіх Гасподзь скінуў сярод мяне, склікаў супроць мяне сход, каб вынішчыць хлопцаў маіх; як у таўчэльні стаптаў Гасподзь дзеву, дачку Юдавую.
16 Па гэтым плачу я; вока маё, вока маё вылівае воды, бо далёка ад мяне мой суцешнік, які ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо перамог вораг.
17 Сіён працягвае рукі свае, а суцешніка яму няма, Гасподзь даў загад пра Якава ворагам ягоным; Ерусалім сярод іх амярзоціўся.
18 Гасподзь праведны, бо не ўпакораны быў я слову Ягонаму. Паслухайце, усе народы, і зірнеце на немач маю: дзевы мае і хлопцы мае ў няволю пайшлі.
19 Клічу сяброў маіх, але яны ашукалі мяне; сьвятары мае і старцы мае канаюць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб душу сваю падмацаваць.
20 Паглядзі, Госпадзе, бо мне цесна, хвалюецца ўва мне нутроба, сэрца маё перавярнулася ўва мне за тое, што я ўпарта Табе супрацівіўся; меч звонку зьбязьдзетніў мяне, а дома — як сьмерць.
21 Пачулі, што я енчу, а суцешніка мне няма; пачулі ўсе ворагі мае пра гароту маю і парадаваліся, што Ты зрабіў гэта: о, калі б Ты загадаў, каб настаў дзень, Табою прадказаны, і каб яны мне ўпадобніліся!
22 Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні зь імі гэтак сама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Ераміін Плач, 1 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.