Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 52 Ераміі 52 раздзел

1 Сэдэкію было дваццаць адзін год, калі пачаў цараваць, і цараваў у Ерусаліме адзінаццаць гадоў; імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ераміі зь Ліўны.
2 І ён рабіў благое ў вачах Госпада, усё тое, што рабіў Ёакім;
3 таму гнеў Госпада быў над Ерусалімам і Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго; і Сэдэкія адпаўся ад цара Вавілонскага.
4 І было, у дзявяты год яго кіраваньня, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, сам і ўсё войска ягонае, да Ерусаліма і аблеглі яго і зрабілі вакол яго насыпы.
5 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.
6 У чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца, голад у горадзе ўзмацніўся, і ня было хлеба ў народа зямлі.
7 Зроблена была праломіна ў горад, і пабеглі ўсе ваенныя з горада ўначы праз браму, што была паміж дзьвюма сьценамі каля царовага саду, і пайшлі стэпавай дарогаю; а Халдэі былі вакол горада.
8 Войска Халдэйскае пагналася за царом, і дагнала Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.
9 І ўзялі цара і прывялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, у зямлі Эмат, дзе ён учыніў над ім суд.
10 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах у яго, і ўсіх князёў Юдэйскіх закалоў у Рыўле;
11 а Сэдэкію выкалаў вочы і загадаў закаваць яго ў медныя аковы; і завёў яго цар Вавілонскі ў Вавілон і пасадзіў яго ў дом варты да дня сьмерці яго.
12 У пяты месяц, у дзясяты дзень месяца, — гэта быў дзевятнаццаты год цара Навухаданосара, цара Вавілонскага, — прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, які стаяў перад царом Вавілонскім, у Ерусалім,
13 і спаліў дом Гасподні, і дом цара і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём.
14 І ўсё войска Халдэйскае, што было з начальнікам целаахоўцаў, разбурыла ўсе сьцены вакол Ерусаліма.
15 Бедных з народу і астатні люд, што заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага, і наогул рэшту простага люду Навузардан, начальнік целаахоўцаў, высяліў.
16 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў дзеля вінаграднікаў і земляробства.
17 І слупы медныя, якія былі ў доме Гасподнім, і падставы, і меднае мора, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі і занесьлі ўсю медзь іхнюю ў Вавілон.
18 І тазы і лапаткі, і нажы і чары, і лыжкі і ўвесь медны посуд, ужываны пры набажэнстве, забралі;
19 і місы і абцугі, і чары і катлы, і лампады, — і фіміямнікі, і кубкі, што было залатое — залатое, і што было срэбнае — срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў;
20 таксама два слупы, адно мора і дванаццаць медных валоў, якія служылі падстаўкамі, якія цар Саламон зрабіў у доме Гасподнім, — медзі ва ўсіх гэтых рэчах немагчыма было зважыць.
21 Слупы гэтыя былі кожны слуп у васямнаццаць локцяў вышыні, і шнурок у дванаццаць локцяў абымаў яго, а таўшчыня сьцен яго, усярэдзіне пустога, у чатыры пальцы.
22 І вянок на ім медны, а вышыня вянка пяць локцяў; і сетка і гранатавыя яблыкі вакол былі ўсе медныя; тое самае і на другім слупе з гранатавымі яблыкамі.
23 Гранатавых яблыкаў было па ўсіх баках дзевяноста шэсьць; усіх яблыкаў вакол сеткі — сто.
24 Начальнік целаахоўцаў узяў таксама Сэраю першасьвятара і Цэфанію, другога сьвятара, і трох вартавых парога.
25 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які быў начальнікам над ваеннымі людзьмі, і сем чалавек, што стаялі перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і галоўнага пісара ў войску, што запісваў у войска народ зямлі, і шэсьцьдзясят чалавек — з народу краіны, знойдзеных у горадзе.
26 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і завёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.
27 І перабіў іх цар Вавілонскі і аддаў сьмерці іх у Рыўле, у зямлі Эмат; і выселены быў Юда зь зямлі сваёй.
28 Вось народ, які выселіў Навухаданосар: у сёмы год тры тысячы дваццаць тры Юдэі;
29 у васямнаццаты год Навухаданосара зь Ерусаліма выселена васемсот трыццаць дзьве душы;
30 у дваццаць трэці год Навухаданосара Навузардан, начальнік целаахоўцаў, выселіў Юдэяў сямсот сорак пяць душ: усяго чатыры тысячы шасьцьсот душ.
31 У трыццаць сёмы год пасьля перасяленьня Ёакіма, цара Юдэйскага, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты дзень месяца, Эвільмэрадах, цар Вавілонскі, у першы год цараваньня свайго, узвысіў Ёакіма, цара Юдэйскага, і вывеў яго зь цямнічнага дома;
32 і гутарыў зь ім прыязна, і паставіў трон ягоны вышэй за троны цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;
33 і памяняў цямнічную вопратку ягоную, і ён заўсёды ў яго абедаў ва ўсе дні жыцьця свайго.
34 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае выдавалася яму ад цара дзень у дзень да дня сьмерці яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 52 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.