Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 16 Ераміі 16 раздзел

1 І было мне слова Гасподняе:
2 не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым.
3 Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі:
4 цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.
5 Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне.
6 І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх.
7 І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх.
8 Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць;
9 бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты.
10 Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: «за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?»
11 тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закона Майго ня трымаліся.
12 А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.
13 За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю.
14 Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,
15 а: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх»; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім.
16 Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал.
17 Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх.
18 І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю.
19 Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: «толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці».
20 Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі?
21 Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё — Гасподзь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 16 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.