Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 16 Ярэміі 16 раздзел

1 І было слова Госпада да мяне, і казала:
2 «Не возьмеш ты жонкі і не будзе ў цябе сыноў і дачок у гэтым месцы».
3 Бо вось што кажа Госпад пра сыноў і дачок, якія нараджаюцца на гэтым месцы, ды пра мацерак іх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, з пакалення якіх нарадзіліся яны на гэтай зямлі:
4 «Паўміраюць яны ад смяротных хвароб, будуць яны не аплаканыя і не пахаваныя, будуць яны, як гной на полі, ды будуць вынішчаны мечам і голадам, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і звярам палявым».
5 Бо гэтак сказаў Госпад: «Не ўваходзь у дом смутку, і не ідзі на галашэнне, і не шкадуй іх, бо ўхіліў Я супакой Мой ад гэтага народа, — кажа Госпад, — міласэрнасць і спагаднасць.
6 І паўміраюць вялікія і малыя на гэтай зямлі, не будуць яны пахаваныя, і ніхто не будзе па іх плакаць, ніхто не зробіць дзеля іх нарэзаў і не будзе стрыгчыся.
7 І не будуць ламаць хлеба для таго, хто ў жалобе, каб пацешыць па памерлым, і не пададуць яму чашы пацехі па яго бацьку і маці.
8 Не ўваходзь таксама ў дом банкетавання, каб сесці з імі з’есці і выпіць».
9 Бо вось гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Вось, Я спыню на гэтым месцы на вашых вачах ды ў вашых днях голас весялосці і голас радасці, голас жаніха і голас нявесты.
10 А калі абвесціш гэтаму народу ўсе гэтыя словы і скажуць табе: “Чаму Госпад прызначыў на нас усё гэта вялікае ліха? Што за злачыннасць наша і што за грэх наш, у чым зграшылі мы Госпаду, Богу нашаму?”,
11 скажаш ім: “Бо пакінулі Мяне бацькі вашы, — кажа Госпад, — і пайшлі следам за багамі чужымі, ды служылі ім, і пакланяліся ім, а ад Мяне адвярнуліся, ды закон Мой не пільнавалі.
12 Але і вы паводзілі сябе яшчэ горш за бацькоў вашых, бо, вось, кожны з вас жыве па сапсаванасці сэрца свайго ліхога, каб не слухаць Мяне.
13 Дык Я выкіну вас з гэтай зямлі ў зямлю, якой не ведаеце ані вы, ані бацькі вашы, і будзеце вы там служыць багам чужым, днём і ноччу, бо Я не дам вам прабачэння.
14 Вось таму прыйдуць дні, — кажа Госпад, — калі ўжо не будуць казаць: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай”,
15 а толькі: “Жывы Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, па якіх Ён іх расцерушыў”. І Я вярну іх зноў у зямлю іх, якую даў бацькам іх.
16 Вось, Я пашлю многіх рыбакоў, — кажа Госпад, — і будуць лавіць іх, а пасля гэтага пашлю да іх многіх паляўнічых, і будуць паляваць на іх з кожнай гары і з кожнага ўзгорка і са шчылін скальных.
17 Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іх: яны не схаваліся ад Мяне, і не ўтоена ліхота іх ад вачэй Маіх.
18 І Я аддам ім найперш удвая за ліхоту і за грахі іх, за тое, што апаганілі зямлю Маю трупамі ідалаў сваіх і брыдотай сваёю напоўнілі спадчыну Маю».
19 «Госпадзе, цвярдыня мая і абарона мая, і прыстанішча маё ў дзень трывогі; да Цябе прыйдуць народы ад канцоў зямлі і скажуць: “Сапраўды, бацькі нашы атрымалі ў спадчыну няпраўду, марнасць, якая нічым не дапаможа.
20 Ці ж можа чалавек зрабіць сабе багоў? А яны ж зусім не багі!”»
21 «Дзеля таго, вось, Я пакажу ім гэтым разам, пакажу ім руку Сваю і магутнасць Сваю, каб ведалі, што імя Мне — Госпад!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 16 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.