Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 20 Ярэміі 20 раздзел

1 І Пасур, сын Эмэра, святар, які быў пастаўлены кіраўніком у доме Госпада, пачуў, як Ярэмія праракаваў гэтымі словамі;
2 і ўдарыў Пасур прарока Ярэмію ды закаваў яго ў калоду, якая была ў Верхняй браме Бэньяміна, у доме Госпадавым.
3 А назаўтра, як развіднела, вызваліў Пасур Ярэмію з вязніцы. Тады сказаў яму Ярэмія: «Ужо Госпад не называе цябе Пасур, але “Трывога навокал”,
4 бо, вось, гэта кажа Госпад: “Вось, Я зраблю з цябе страхоцце ды з усіх тваіх таварышаў; і ўпадуць яны ад меча ворагаў сваіх, а твае вочы будуць глядзець! І ўсяго Юду Я выдам у рукі цара Бабілонскага, і павядзе ён іх у няволю ў Бабілон, і будзе забіваць іх мечам.
5 І дам усе багацці гэтага горада ды ўвесь плён працы яго, усе яго каштоўнасці, усе скарбы цароў Юды дам у рукі ворагаў іх, каб іх рабавалі, і забралі, і вывезлі ў Бабілон.
6 Ты ж, Пасур, і ўсе твае хатнія пойдзеце ў няволю. І пойдзеш ты ў Бабілон, і там памрэш і будзеш пахаваны ты і ўсе твае таварышы, якім праракаваў ты лжыва”».
7 «Звёў Ты мяне, Госпадзе, і я даўся звесціся, Ты быў дужэйшы за мяне і перамог, стаўся я пасмяяннем на цэлы дзень, усе насміхаюцца з мяне.
8 Бо як толькі пачынаю гаварыць — усклікаю, крычу пра бяду і вынішчэнне; і сталася мне слова Госпада знявагай і кпінамі на цэлы дзень.
9 І сказаў я: “Не буду Яго ўзгадваць і не буду болей гаварыць у імя Яго!” Але тады ўзняўся ў сэрцы маім як бы агонь пякучы, замкнуты ў касцях маіх, дык я змучыўся і не мог вынесці яго.
10 Я чуў паклёпы многіх і жах навокал: “Паведаміце, і мы паведамім пра яго!” Усе спагадныя да мяне чакалі падзення майго: “Можа, ён дасць падмануць сябе, дык мы адолеем яго і будзем спаганяць на ім помсту”.
11 Але Госпад пры мне, як волат магутны; таму тыя, што пераследуюць мяне, упадуць і стануцца слабымі. Раптам пасаромеюцца яны, бо не даб’юцца поспеху, вечная ганьба, якая ніколі не забудзецца.
12 А Ты, Госпад Магуццяў, выпрабоўваеш справядлівага і бачыш ныркі і сэрца. Прашу, хай пабачу я помсту Тваю над імі, Табе бо даручыў я справу сваю.
13 Спявайце Госпаду, хваліце Госпада, бо вызваліў Ён душу беднага з рук злачынцаў.
14 Пракляты той дзень, у якім я нарадзіўся, дзень, у якім нарадзіла мяне маці мая, хай не будзе дабраславёны.
15 Пракляты той чалавек, які паведаміў бацьку майму, кажучы: “Нарадзіўся у цябе сын”, і вельмі ўзрадаваў яго;
16 хай будзе той чалавек, як гарады, якія знішчыў Госпад і не пашкадаваў, хай чуе ён крык раніцай і гармідар апоўдні,
17 ён, які не забіў мяне ва ўлонні маці, каб сталася для мяне маці мая магілай, а ўлонне яе вечна было цяжарным.
18 Навошта я выйшаў з улоння? Каб бачыць пакуту і гора, ды каб дні мае скончыліся ў ганьбе?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 20 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.