Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 44 Ярэміі 44 раздзел

1 Слова, што было праз Ярэмію ўсім юдэям, якія жылі ў зямлі Егіпецкай ды якія жылі ў Магдоле, і ў Тапнэсе, у Мемфісе і ў зямлі Патрос:
2 «Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Бачылі вы ўсё тое няшчасце, якое навёў Я на Ерузалім і на ўсе гарады Юды. І вось, сёння яны зруйнаваны і няма ў іх жыхароў,
3 за іх злачыннасць, якой дапускаліся яны, каб правакаваць Мяне да гневу, ды хадзілі складаць ахвяры і служыць іншым багам, якіх не ведалі ані яны, ані вы, ані бацькі вашы.
4 І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся ноччу і пасылаючы, каб казалі: “Не рабіце гэтых паганых рэчаў, якія Я ненавіджу!”
5 Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй ліхоты і каб не складаць ахвяр чужым багам.
6 І пралілося абурэнне Маё і гнеў Мой, і разгарэліся ў гарадах Юды ды на вуліцах Ерузаліма, і абярнуліся яны руінамі і пусткаю, як і па гэты дзень”.
7 А цяпер вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Чаму вы наводзіце на душы свае вялікае ліха, каб быў забіты спаміж вас мужчына і жанчына, дзіця і немаўля з асяроддзя Юды ды каб не засталося ў вас аніякай рэшты?
8 Чаму вы правакуеце Мяне ўчынкамі рук вашых, складаючы ахвяры чужым багам у зямлі Егіпецкай, каб вас рассыпала і каб былі вы на праклён і на здзек для ўсіх народаў зямлі?
9 Ці забыліся вы пра злачынствы бацькоў вашых і злачынствы цароў Юдэйскіх, злачынствы жонак іх, пра злачынствы вашы і пра злачынствы жонак вашых, якіх дапускаліся ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерузаліма?
10 Да сёння не ўпакорыліся яны, і не баяцца, і не ходзяць паводле закону Майго і прыказанняў Маіх, якія Я даў перад вамі і перад бацькамі вашымі”.
11 Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я звярну аблічча Сваё супраць вас на няшчасце і знішчу ўсю Юду.
12 І вазьму Я рэшту Юды, якія звярнулі абліччы свае, каб пайсці ў зямлю Егіпецкую і качаваць там, і яны ўсе папрападаюць у зямлі Егіпецкай: упадуць ад меча ды ад голаду, прападуць ад малога да вялікага, ад меча і ад голаду памруць; і стануцца яны праклёнам, страхоццем, знявагаю і здзекам.
13 І пакараю Я тых жыхароў зямлі Егіпецкай, як пакараў Ерузалім: мечам, голадам і пошасцю.
14 І не будзе нікога, хто б уцёк і хто б ацалеў з рэшты юдэяў, якія прыйшлі, каб качаваць у зямлі Егіпецкай ды каб вярнуцца ў зямлю Юды, у якую яны прагнуць душамі сваімі, каб вярнуцца і жыць там; але не вернуцца, апроч тых, якія ўцякуць”».
15 І адказалі Ярэміі ўсе мужчыны, якія ведалі, што іх жонкі складаюць ахвяры чужым багам, і ўсе жанчыны, якія стаялі ў вялікай грамадзе, і ўся супольнасць тых, хто пражывалі ў зямлі Егіпецкай у Патросе, кажучы:
16 «Не паслухаем ад цябе слоў, якія ты перадаў нам ад імя Госпада.
17 Але здзейснім рашуча кожнае слова, якое выйшла з нашых вуснаў, і будзем складаць ахвяры кадзільныя царыцы неба і складаць на ўшанаванне яе ахвяры вадкія, як рабілі мы і бацькі нашы, цары нашы і князі нашы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма. Тады мелі мы ўдосталь хлеба, і добра было нам, і не спатыкала нас нішто благое.
18 А вось з таго часу, як перасталі мы складаць ахвяры царыцы неба і складаць ёй ахвяры вадкія, церпім нястачу ва ўсім і прападаем ад меча і голаду.
19 А калі мы і складаем ахвяры царыцы неба ды выліваем ёй ахвяры вадкія, то хіба мы без мужоў нашых робім для яе пірагі, падобныя формай да яе, або выліваем ёй ахвяры вадкія?»
20 І вось што сказаў Ярэмія ўсяму народу, мужчынам, жанчынам ды ўсім людзям, якія яму далі гэты адказ:
21 «Ці ж не тую ахвяру, якую складалі вы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерузаліма, вы і бацькі вашы, цары вашы і князі вашы, і народ зямлі, — ці не пра іх памятае Госпад, ці не яна ўзышла на сэрца Яго?
22 І не мог ужо Госпад пераносіць ліхоту ўчынкаў вашых і агіднасцей, якіх вы дапускаліся. Дзеля таго зямля ваша сталася пустэчаю, страхоццем і знявагаю, бо не стала ў ёй жыхароў, як і да гэтага дня.
23 За тое, што складалі вы ахвяры і грашылі супраць Госпада, што не слухалі голасу Госпада і не хадзілі паводле Яго закону, паводле прыказанняў Яго і пастаноў, прыйшло на вас гэткае няшчасце, якое трывае і сёння».
24 І сказаў Ярэмія ўсяму народу і ўсім жынчынам: «Слухайце слова Госпада, Юда, што ў зямлі Егіпецкай!
25 Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вы і жонкі вашы прамаўляеце сваімі вуснамі і выконваеце сваімі рукамі, кажучы: “Споўнім нашы прысягі, якія склалі, каб ахвяроўваць кадзіла царыцы неба і выліваць ёй ахвяры вадкія”. Выконвайце свае прысягі і спаўняйце іх насамрэч!
26 Дзеля таго паслухайце слова Госпада, ты, увесь Юда, які пражываеш у зямлі Егіпецкай. “Вось, Я прысягаю вялікім імем Сваім, — кажа Госпад, — што ва ўсёй зямлі Егіпецкай ніколі не будзе прызывана імя Маё вуснамі любога чалавека з Юды, які б казаў: “Жыве Госпад Бог”.
27 Вось, Я буду чуваць над вамі на няшчасце, а не на дабро. Усе людзі з Юды, якія ў зямлі Егіпецкай, загінуць ад меча і голаду, аж пакуль да рэшты не звядуцца.
28 Тыя, што ўхаваюцца ад меча, вернуцца з зямлі Егіпецкай у зямлю Юды ў вельмі малой лічбе, каб пазнала ўся рэшта Юды, якая прыбыла ў зямлю Егіпецкую з намерам качаваць там, чыё слова здзейсніцца: Маё ці іх?”
29 “І гэта вам знак, — кажа Госпад, — што Я пакараю вас у гэтым месцы, каб вы пазналі, што Мае словы споўняцца па праўдзе цалкам на ваша няшчасце”.
30 Гэта кажа Госпад: “Вось, Я аддам фараона Хофру, цара Егіпецкага, у рукі яго ворагаў ды ў рукі тых, што цікуюць на яго душу, падобна як аддаў Сэдэцыю, цара Юдэйскага, у рукі Набукаданосара, цара Бабілона, яго ворага, які цікаваў на яго душу”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 44 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.