Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 44 Ераміі 44 раздзел

1 Слова, якое было Ерамію пра ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Егіпецкай і пасяліліся ў Магдоле і Тафнісе, і ў Нофе, і ў зямлі Патрос:
2 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедства, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх,
3 за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя.
4 Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: «не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу».
5 Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам.
6 І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня.
7 І сёньня так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: навошта вы робіце гэта вялікае зло душам вашым, вынішчаючы ў сябе мужчын і жанчын, дарослых дзяцей і немаўлят з асяродзьдзя Юдэі, каб не пакінуць у сябе астатку,
8 гневаючы Мяне вырабам рук сваіх, каджэньнем іншым багам у зямлі Егіпецкай, куды вы прыйшлі жыць, каб загубіць сябе і зрабіцца праклёнам і паганьбеньнем ва ўсіх народаў зямлі?
9 Хіба вы забылі бязбожнасьць бацькоў вашых і бязбожнасьць цароў Юдэйскіх, вашу ўласную бязбожнасьць і бязбожнасьць жанчын вашых, якую яны чынілі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерусаліма?
10 Ня зьмірыліся яны да сёньняшняга дня, і не баяцца і ня ўчыняюць паводле закона Майго і паводле пастановаў Маіх, якія Я даў вам і бацькам вашым.
11 Таму так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вось, Я павярну супроць вас аблічча Маё на пагібель і на вынішчэньне ўсёй Юдэі
12 і вазьму рэшту Юдэяў, якія павярнулі аблічча сваё, каб ісьці ў зямлю Егіпецкую і жыць там, і ўсе яны будуць вынішчаны, загінуць у зямлі Егіпецкай; мечам і голадам будуць вынішчаны; ад малога і да старога памруць ад меча і голаду, і будуць праклёнам і жахам, асудаю і паганьбеньнем.
13 Наведаю тых, што жывуць у зямлі Егіпецкай, як Я наведаў Ерусалім, мечам і голадам, паморкам і згубнай пошасьцю,
14 і ніхто ня ўнікне і не ацалее з рэшты Юдэяў, што прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там і потым вярнуцца ў зямлю Юдэйскую, куды яны ўсёю душою хочуць вярнуцца, каб жыць там; ніхто ня вернецца, акрамя тых, якія ўцякуць адтуль.
15 І адказвалі Ерамію ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць іншым багам, і ўсе жанчыны, што стаялі там у вялікім мностве, і ўвесь люд, які жыў у зямлі Егіпецкай, у Патросе, і сказалі:
16 «словы, якія ты казаў нам імем Госпада, мы ня слухаем ад цябе;
17 але канечне будзем рабіць усё тое, што выйшла з вуснаў нашых, каб кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньні, як мы рабілі, мы і бацькі нашыя, цары нашыя і князі нашыя, у гарадах Юдэі і на вуліцах.
18 А з таго часу, як перасталі мы кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньне, церпім ва ўсім нястачу і гінем ад меча і голаду.
19 І калі мы кадзілі багіні неба і вылівалі ёй выліваньні, дык хіба бязь ведама мужоў нашых рабілі мы ёй піражкі з выяваю яе і вылівалі ёй выліваньні»?
20 Тады сказаў Ерамія ўсяму люду, мужчынам і жанчынам, і ўсяму люду, які так адказаў яму:
21 «ці ж ня гэта каджэньне, якое чынілі вы ў гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, вы і бацькі вашыя, цары вашыя і князі вашыя, і народ краіны, спамянуў Гасподзь? І ці не яно ўзышло Яму на сэрца?
22 Гасподзь ня мог болей трываць ліхіх дзеяў вашых і гідотаў, якія вы рабілі; таму і зрабілася зямля ваша пустыняю і жахам, і праклёнам, без жыхароў, як бачыце сёньня.
23 Як бо вы, учыняючы тое курэньне, грашылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Госпада, і не паводзіліся паводле закона Ягонага і паводле пастановаў Ягоных, і паводле загадаў Ягоных, дык і спасьцігла вас гэтая бяда, як бачыце сёньня».
24 І сказаў Ерамія ўсяму народу і ўсім жанчынам: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай:
25 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы і жонкі вашыя, што вуснамі сваімі гаварылі тое і рукамі сваімі рабілі; вы кажаце: «будзем выконваць зарокі нашыя, якія мы давалі, каб кадзіць багіні неба і паліваць ёй паліваньне», — цьвёрда трымайцеся зарокаў вашых і дакладна выконвайце зарокі вашыя.
26 Затое выслухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія жывуць у зямлі Егіпецкай: вось, Я запрысягнуўся вялікім імем Маім, кажа Гасподзь, што ня будзе ўжо на ўсёй зямлі Егіпецкай вымаўляцца імя Маё вуснамі якога-небудзь Юдэя, які кажа: «жывы Гасподзь Бог!»
27 Вось Я буду сачыць за вамі на пагібель, а не на дабро; і ўсе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай, будуць гінуць ад меча і голаду, пакуль зусім ня вынішчацца.
28 Толькі невялікі лік тых, што пазьбегнуць меча, вернуцца зь зямлі Егіпецкай у зямлю Юдэйскую, і даведаюцца ўсе пазасталыя Юдэі, якія прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там, чыё слова збудзецца, Маё, ці іхняе.
29 І вось вам азнака, кажа Гасподзь, што Я наведаю вас на гэтым месцы, каб вы ведалі, што збудуцца словы Мае пра вас на пагібель вам.
30 Так кажа Гасподзь: вось, Я аддам фараона Вафрыя, цара Егіпецкага, у рукі ворагам ягоным і ў рукі шукальнікам душы ягонай, як аддаў Сэдэкію, цара Юдэйскага, у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, ворагу ягонаму і шукальніку душы ягонай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 44 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.