Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 31 Ераміі 31 раздзел

1 У той час, кажа Гасподзь, Я буду Богам усім плямёнам Ізраілевым, а яны будуць Маім народам.
2 Так кажа Гасподзь: народ, які ацалеў ад меча, знайшоў мілажаль у пустыні, іду супакоіць Ізраіля.
3 Здалёк явіўся мне Гасподзь і сказаў: любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму даў табе Маё ўпадабаньне.
4 Я зноў уладжу цябе, і ты будзеш уладжана, дзева Ізраілевая, зноў будзеш упрыгожвацца тымпанамі тваімі і выходзіць у карагодзе тых, якія весяляцца;
5 зноў насадзіш вінаграднікі на горах Самарыі; вінаграднікі, якія будуць гадаваць іх, самыя будуць карыстацца імі.
6 Бо будзе дзень, калі вартаўнікі на гары Яфрэмавай абвесьцяць: «уставайце, і пойдзем на Сіён да Госпада Бога нашага».
7 Бо так кажа Гасподзь: радасна сьпявайце пра Якава і ўсклікайце перад галавою народаў; узьвяшчайце, слаўце і кажэце: уратуй, Госпадзе народ Твой, рэшту Ізраіля!
8 Вось, Я прывяду іх з краіны паўночнай і зьбяру іх з краёў зямлі; сьляпы і кульгавы, цяжарная і парадзіха разам зь імі, — вялікі гурт вернецца сюды.
9 Яны пайшлі са сьлязьмі, а Я павяду іх з уцехаю; павяду іх бліз патокаў водаў, дарогаю роўнаю, на якой не спатыкнуцца; бо Я — бацька Ізраілю і Яфрэм — першынец Мой.
10 Слухайце слова Гасподняе, народы, і ўзьвясьцеце выспам аддаленым і скажэце: «Хто расьсеяў Ізраіля, Той і зьбярэ яго, і будзе ахоўваць яго, як пастух статак свой»;
11 бо адкупіць Гасподзь Якава і пазбавіць яго ад рукі таго, хто быў дужэйшы за яго.
12 І прыйдуць яны — і будуць радавацца на вышынях Сіёна; і сьцякуцца да добрасьці Гасподняй, да пшаніцы і віна і алею, да ягнят і валоў; і душа іхняя будзе як напоены вадою сад, і яны ня будуць ужо болей таміцца.
13 Тады дзяўчына будзе весяліцца ў карагодзе, і хлопцы і старыя разам; і замяню маркоту іхнюю на радасьць і суцешу іх, і парадую іх пасьля смутку іхняга.
14 І накармлю душу сьвятароў тлушчам, і народ Мой насыціцца дабротамі Маімі, кажа Гасподзь.
15 Так кажа Гасподзь: голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма.
16 Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца яны з зямлі варожым.
17 І ёсьць надзея для будучыні тваёй, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае.
18 Чую Яфрэма, які плача: «Ты пакараў мяне, — і я пакараны, як цялё неўтаймоўнае; навярні мяне, — і навярнуся, бо Ты — Гасподзь Бог мой.
19 Калі я быў навернуты, я каяўся, і калі быў настаўлены на розум, біў сябе па клубах; я быў пасаромлены, я быў зьбянтэжаны, бо нёс няславу маладосьці маёй».
20 Ці не дарагі ў Мяне сын Яфрэм? ці ня любае дзіця? бо, як толькі загавару пра яго, заўсёды зь любоўю ўспамінаю пра яго; нутроба Мая абураецца за яго; умілажалюся зь яго, кажа Гасподзь.
21 Пастаў сабе дарожныя знакі, пастаў сабе слупы, павярні сэрца тваё на дарогу — на шлях, па якім ты ішла; вяртайся, дзева Ізраілевая, вяртайся ў гэтыя гарады твае.
22 Ці доўга табе бадзяцца, адпалая дачка? Бо Гасподзь стварыў на зямлі нешта новае: жонка выратуе мужа.
23 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: наперад, калі Я вярну палон іхні, будуць казаць на зямлі Юды і ў гарадах ягоных гэтае слова: «хай дабраславіць цябе Гасподзь, жытлішча праўды, гара сьвятая!»
24 І паселіцца на ёй Юда і ўсе гарады ягоныя разам, земляробы і тыя, што ходзяць са статкамі.
25 Бо Я напаю душу стомленую і накармлю душу скрушную.
26 Пры гэтым я прачнуўся і паглядзеў, і сон мой быў прыемны мне.
27 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я засею дом Ізраілеў і дом Юдаў насеньнем чалавека і насеньнем быдла.
28 І як Я назіраў за імі, выкараняючы і ламаючы, і разбураючы і губячы, і пашкоджваючы, так буду назіраць за імі, будуючы і насаджваючы, кажа Гасподзь.
29 У тыя дні ўжо ня будуць казаць: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах — аскома»,
30 а кожны будзе паміраць за сваё ўласнае беззаконьне; хто будзе есьці кіслы вінаград, у таго на зубах і аскома будзе.
31 Вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
32 не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; той запавет Мой яны парушылі, хоць я заставаўся ў еднасьці зь імі, кажа Гасподзь.
33 А той запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу закон Мой у іхнюю нутрыну і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.
34 І ўжо ня будуць вучыць адзін аднаго, брат — брата і казаць: «спазнайце Госпада», бо ўсе самі будуць ведаць Мяне, ад малога да старога, кажа Гасподзь, бо Я дарую беззаконьні іхнія і грахоў іхніх ужо не спамяну болей.
35 Так кажа Гасподзь, Які даў сонца на асьвятленьне ўдзень, пастановы месяцу і зоркам на асьвятленьне ўначы, Які хвалюе мора, што аж хвалі яго равуць; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
36 Калі гэтыя пастановы перастануць дзейнічаць перад Мною, кажа Гасподзь, дык і племя Ізраілевае перастане быць народам перад Мною назаўсёды.
37 Так кажа Гасподзь: калі неба можа быць абмерана ўгары, а асновы зямлі — дасьледаваныя ўнізе, дык і Я адкіну ўсё племя Ізраілевае за ўсё тое, што яны рабілі, кажа Гасподзь.
38 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі горад уладжаны будзе на славу Госпаду ад вежаў Анамэіла да брамаў вугольных,
39 і каморніцкая вяроўка пойдзе проста да пагорка Гарыва і абыдзе Гаат.
40 І ўся даліна трупаў і попелу, і ўсё поле да патока Кедрона, да кута конскае брамы на ўсход, будзе сьвятыняю Госпада; не разбурыцца і не распадзецца векавечна.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 31 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.