Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 42 Ераміі 42 раздзел

1 І падступіліся ўсе ваенныя начальнікі, і Ёанан, сын Карэеў, і Езанія, сын Гашаі і ўвесь люд ад малога да старога,
2 і сказалі Ерамію прароку: «хай прыпадзе перад аблічча тваё прашэньне наша, памаліся за нас Госпаду Богу твайму за ўсю гэтую рэшту, бо з многага засталося нас мала, як вочы твае бачаць нас,
3 каб Гасподзь Бог твой паказаў нам дарогу, якою нам ісьці, і тое, што нам рабіць».
4 І сказаў ім Ерамія прарок: «чую, памалюся Госпаду Богу вашаму, паводле слоў вашых, і ўсё, што адкажа вам Гасподзь, абвяшчу вам, ня ўтою ад вас ні слова».
5 Яны сказалі Ерамію: «Гасподзь хай будзе паміж намі сьведкам слушным і праўдзівым у тым, што мы дакладна выканаем усё тое, з чым прышле цябе да нас Гасподзь Бог твой:
6 ці добра, ці блага тое будзе, але голасу Госпада Бога нашага, да Якога пасылаем цябе, паслухаемся, каб нам было добра, калі будзем паслухмяныя голасу Госпада Бога нашага».
7 Як прайшло дзесяць дзён, было слова Гасподняе Ерамію.
8 Ён паклікаў да сябе Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, і ўвесь люд, ад малога да старога
9 і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, да Якога вы пасылалі мяне, каб пакласьці перад Ім маленьне ваша:
10 калі застанецеся на зямлі гэтай, дык Я ўладжу вас і ня спустошу, пасаджу вас і ня выкараню, бо Я шкадую за тое бедства, якое навёў на вас.
11 Ня бойцеся цара Вавілонскага, якога вы баіцеся; ня бойцеся яго, кажа Гасподзь, бо Я з вамі, каб уратаваць вас і выбаўляць вас ад рукі ягонай.
12 І пакажу вам літасьць, і ён зьлітасьцівіцца з вас і верне вас у зямлю вашу.
13 Калі ж вы скажаце: «ня хочам жыць у гэтай зямлі», і не паслухаецеся голасу Госпада Бога вашага, кажучы:
14 «не, мы пойдзем у зямлю Егіпецкую, дзе вайны ня ўбачым і трубнага голасу не пачуем, і галадаць ня будзем, і там жыцьмем»,
15 дык выслухайце сёньня слова Гасподняе, вы, рэшта Юды: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: калі вы рашуча павернеце твары вашыя, каб ісьці ў Егіпет, і пойдзеце, каб жыць там,
16 дык меч, якога вы баіцеся, дагоніць вас там, у зямлі Егіпецкай, і голад, якога вы страшыцеся, будзе заўсёды сьледаваць за вамі там у Егіпце, і там памраце.
17 І вось, каторыя павернуць твар свой, каб ісьці ў Егіпет і там жыць, памруць ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, і ніводзін зь іх не застанецца і не пазьбегне таго бедства, якое я навяду на іх.
18 Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: як выліўся гнеў Мой і лютасьць Мая на жыхароў Ерусаліма, так выльецца лютасьць Мая на вас, калі ўвойдзеце ў Егіпет, і вы будзеце пракляцьцем і жудасьцю, і паганьбеньнем і кляцьбою, і ня ўбачыце болей месца гэтага.
19 Да вас, рэшта Юдава, прамовіў Гасподзь: не хадзеце ў Егіпет; цьвёрда ведайце, што я сёньня перасьцярог вас;
20 бо вы зграшылі супроць саміх сябе: вы паслалі мяне да Госпада Бога нашага, сказаўшы: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму, і ўсё, што скажа Гасподзь Бог наш, абвясьці нам, — і мы зробім»,
21 Я абвясьціў вам сёньня; але вы не паслухаліся голасу Госпада Бога нашага і ўсяго таго, з чым Ён паслаў мяне да вас.
22 Дык вось ведайце, што вы памраце ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці ў тым месцы, куды хочаце ісьці, каб жыць там.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 42 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.