Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 33 Ераміі 33 раздзел

1 І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:
2 так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе, — Гасподзь імя Яму:
3 пакліч Мяне — і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.
4 Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў
5 тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.
6 Вось, я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,
7 і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,
8 і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.
9 І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.
10 Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: «яно пустое, бязь людзей і бяз быдла», — у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,
11 зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: «слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго», і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.
12 Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое — бязь людзей, бяз быдла — і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.
13 У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.
14 Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.
15 У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, — і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.
16 У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: «Гасподзь — апраўданьне наша!»
17 Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,
18 і ў сьвятароў-лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.
19 І было слова Гасподняе Ерамію:
20 так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,
21 дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтак сама зь лявітамі — сьвятарамі, службітамі Маімі.
22 Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.
23 І было слова Гасподняе Ераміі:
24 ці ня бачыш, што народ гэты кажа: «тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў», і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?
25 Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,
26 дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 33 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.