Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 20 Ераміі 20 раздзел

1 Калі Пасхор, сын Эмэраў, сьвятар, ён жа і наглядчык у доме Гасподнім, пачуў, што Ерамія прароча вымавіў словы гэтыя,
2 дык ударыў Пасхор Ерамію прарока і пасадзіў яго ў калоду, якая была каля верхняе брамы Веньямінавае пры доме Гасподнім.
3 Але на другі дзень Пасхор выпусьціў Ерамію з калоды, і Ерамія сказаў яму: не Пасхор назваў Гасподзь імя табе, а Магор Місавіў.
4 Бо так кажа Гасподзь: вось, Я зраблю цябе жахам табе самому і ўсім сябрам тваім, і загінуць яны ад меча ворагаў сваіх, і твае вочы ўгледзяць гэта. І ўсяго Юду перадам у рукі цара Вавілонскага, і завядзе іх у Вавілон і паб’е мечам.
5 І перадам усё багацьце гэтага горада і ўвесь набытак яго і ўсе каштоўнасьці яго, і ўсе скарбы цароў Юдэйскіх аддам у рукі іх, і зрабуюць іх і возьмуць і адправяць іх у Вавілон.
6 І ты, Пасхор, і ўсе, хто жыве ў доме тваім, пойдзеце ў палон; і прыйдзеш у Вавілон — і там памрэш, і там будзеш пахаваны, ты і ўсе сябры твае, якім ты прарочыў фальшыва.
7 Ты вёў мяне, Госпадзе, — і я паведзены; Ты мацнейшы за мяне — і перамог; і мяне кожны дзень высьмейваюць, кожны зьдзекуецца зь мяне.
8 Бо толькі пачну гаварыць я, — крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэньне, бо слова Гасподняе абярнулася кляцьбою мне і штодзённым высьмейваньнем.
9 І падумаў я: ня буду я нагадваць пра Яго і ня буду больш гаварыць у імя Яго; а было ў сэрцы маім, як бы палкі агонь, заключаны ў костках маіх, і я стаміўся, трымаючы яго, і — ня мог.
10 Бо я чуў перагуды многіх: пагрозы вакол; «заявеце, казалі яны, і мы зробім данос». Усе, хто жыў са мною ў міры, пільнуюць мяне, але ці не спатыкнуся я: «магчыма, кажуць, ён пападзецца, і мы адолеем яго і адпомсьцім яму».
11 Але са мною Гасподзь, як моцны ваяр; таму перасьледнікі мае спатыкнуцца і не адолеюць; моцна спаганьбяцца, бо рабілі неразумна; паганьбеньне будзе вечнае, ніколі не забудзецца.
12 Госпадзе сіл! Ты выпрабоўваеш праведнага і бачыш нутрыну і сэрца. Хай жа пабачу я помшчаньне Тваё ім, бо Табе даверыў я справу маю.
13 Сьпявайце Госпаду, хвалеце Госпада, бо Ён збаўляе душу беднага ад рукі зламысьнікаў.
14 Пракляты дзень, у які я нарадзіўся; дзень, у які нарадзіла мяне маці мая, хай ня будзе дабраславёны!
15 Выкляты чалавек, які прынёс вестку бацьку майму і сказаў: «у цябе нарадзіўся сын» і тым вельмі парадаваў яго.
16 І хай будзе з тым чалавекам, як з гарадамі, якія разбурыў Гасподзь і не пашкадаваў; хай чуе ён раніцай енк і аполудні галашэньне,
17 за тое, што ён не забіў мяне ў самай нутрыне — так, каб маці мая была мне труною, і чэрава яе заставалася вечна цяжарнае.
18 Навошта я выйшаў з нутрыны, каб бачыць працу і скрухі, і каб дні мае зьніклі ў няславе?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 20 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.