Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Ераміі 46 Ераміі 46 раздзел

1 Слова Гасподняе, якое было Ерамію прароку пра народы язычніцкія:
2 пра Егіпет, пра войска фараона Нэхао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Еўфрат і Кархаміс, і якое пабіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага.
3 Рыхтуйце шчыты і дзіды, і ўступайце ў бітву;
4 сядлайце коні і сядайце, вершнікі, і станавецеся ў шаломах; мяньцеце дзіды, апранайцеся ў браню.
5 Чаму ж, бачу Я, яны зьнясьмеліліся і павярнуліся назад? і дужыя ў іх пабітыя, і бягуць без аглядкі; адусюль жах, кажа Гасподзь.
6 Не ўцячэ хуткі на ногі, і не ўратуецца дужы; на поўначы, каля ракі Еўфрат, яны спатыкнуцца і ўпадуць.
7 Хто гэта падымаецца, як рака, і як патокі хвалююцца воды яго?
8 Егіпет падымаецца, як рака, і, як патокі, захваляваліся воды яго, і кажа: «падымуся і пакрыю зямлю, загублю горад і жыхароў яго».
9 Сядайце на коні і імчэце, калясьніцы, і выступайце, дужыя, Эфіопы і Лівійцы, узброеныя шчытом, і Лідыйцы, што трымаеце лукі і напінаеце іх;
10 бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп’ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат.
11 Ідзі ў Галаад і вазьмі бальзаму, дзева, дачка Егіпта; дарма ты будзеш памнажаць лекаваньні, няма табе ацаленьня.
12 Пачулі народы пра пасаромленьне тваё, і лямант твой напоўніў зямлю; бо дужы сутыкнуўся з дужым, і абодва разам загінулі.
13 Слова, якое сказаў Гасподзь прароку Ерамію пра Навухаданосара, цара Вавілонскага, каб разьбіць зямлю Егіпецкую:
14 абвясьцеце ў Егіпце і дайце знак у Магдоле, і дайце знаць у Нофе і Тафнісе; скажэце: «спыніся і рыхтуйся, бо меч пажырае навакольлі твае».
15 Чаму дужы твой павалены? — ня ўстояў, бо Гасподзь пагнаў яго.
16 Ён памножыў тых, што падалі, нават падалі адзін на аднаго, і казалі: «уставай і вернемся да народу нашага ў родную нашу зямлю ад пагібельнага меча»,
17 А там крычаць: «фараон; цар Егіпта сумеўся; ён прапусьціў умоўлены час».
18 Жыву Я, кажа Цар, імя Якога — Гасподзь Саваоф: як Тавор сярод гор і як Карміл каля мора, так пэўна прыйдзе ён.
19 Рыхтуй сабе патрэбнае на перасяленьне, дачка — жыхарка Егіпта, бо Ноў будзе спустошаны, застанецца без жыхара.
20 Егіпет — цудоўная цялушка; але пагібель ідзе з поўначы, ідзе.
21 І найміты яго сярод яго, як укормленыя цяляты, — і самыя павярнулі назад, пабеглі ўсе, ня ўстоялі, бо прыйшоў на іх дзень пагібелі іхняй, час наведваньня іх.
22 Голас яго ляціць, як зьмяіны; яны ідуць з войскам, прыйдуць на яго зь сякерамі, як дрывасекі;
23 высякуць лес яго, кажа Гасподзь, бо яны нязьлічоныя; іх больш, чым саранчы, і няма ліку ім.
24 Пасаромлена дачка Егіпта, перададзена ў рукі народу паўночнаму.
25 Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў кажа: вось, Я наведаю Амона, які ў Но, і фараона і Егіпет, і багоў яго і цароў яго, фараона, і тых, што спадзяюцца на яго;
26 і перадам іх у рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі рабам ягоным; але пасьля таго ён будзе населены, як у ранейшыя дні, кажа Гасподзь.
27 Ты ж ня бойся, рабе Мой Якаў, і не палохайся, Ізраіле: бо вось, Я выратую цябе з далёкай краіны і насеньне тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў, і будуць жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго.
28 Ня бойся, рабе Мой Якаў, кажа Гасподзь: бо Я з табою; Я зьнішчу ўсе народы, да Якіх Я выгнаў цябе, а цябе ня вынішчу; а толькі пакараю цябе ў меры; непакараным жа не пакіну цябе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Ераміі, 46 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.