Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 31 Ярэміі 31 раздзел

1 «У той час, — кажа Госпад, — Я буду Богам для ўсіх плямёнаў Ізраэля, а яны будуць Мне народам».
2 Гэта кажа Госпад: «Знайшоў ласку ў пустыні народ, які ўратаваўся ад меча. Ізраэль пойдзе да месца супачынку свайго».
3 Госпад аб’явіўся мне здалёк: «Я ўзлюбіў цябе любоўю вечнаю, дзеля таго прыгарнуў цябе з міласэрнасцю.
4 Я зноў адбудую цябе, і будзеш ты адбудаваная, дзева Ізраэля. Ты зноў аздобішся бубнамі сваімі і выйдзеш у карагодзе вясёлым.
5 Ты зноў будзеш садзіць вінаграднікі на ўзгорках Самарыі, і будуць садзіць іх і збіраць вінаград земляробы.
6 Надыдзе бо дзень, калі вартаўнікі закрычаць на гары Эфраіма: “Уставайце, узыдзем на Сіён да Госпада, Бога нашага”.
7 Бо вось што кажа Госпад: “Спявайце радасна ў гонар Якуба, усклікайце перад першым між народамі! Абвяшчайце, спявайце і кажыце: “Збаў, Госпадзе, народ Твой, рэшту Ізраэля!”
8 Вось, Я прывяду іх з зямлі паўночнай і збяру іх з канцоў зямлі, між імі будуць сляпы і кульгавы, жанчына цяжарная і парадзіха разам: вялікая грамада тых, што вяртаюцца сюды.
9 Яны выйшлі плачучы, але Я прывяду іх з радасцю, Я павяду іх праз ручаі водныя, дарогай прамой, і не будуць яны спатыкацца на ёй, бо Я стаўся для Ізраэля бацькам, а Эфраім — першародны Мой”».
10 Народы, паслухайце слова Госпада, і абвясціце на астравах, што воддаль, і скажыце: «Той, Хто расцярушыў Ізраэля, збярэ яго; і будзе берагчы яго, як пастух статак свой».
11 Адкупіў бо Госпад Якуба і вызваліў яго з рукі дужэйшага за яго.
12 І прыйдуць яны, і будуць спяваць хвалу на гары Сіён, і прыгарнуцца да даброццяў Госпада: збожжа, і віна, і аліўкавага алею, ягнят і цялят; і душа іх станецца, як сад абводнены, і не будуць яны больш прагнуць.
13 «Тады будзе радавацца дзяўчына ў карагодзе, і юнакі, і старыя ўсе разам. І замяню Я смутак іх на радасць, і пацешу іх, і ўзвесялю па іх пакутах.
14 І насычу душу святароў тлустасцю, а народ Мой будзе напоўнены дабротамі Маімі», — кажа Госпад.
15 Гэта кажа Госпад: «Чуецца ў Раме голас ляманту, плач і галашэнне Ракелі, якая аплаквае сыноў сваіх і не хоча супакоіцца дзеля іх, бо няма іх».
16 Гэта кажа Госпад: «Хай супакоіцца твой голас ад плачу і вочы твае ад слёз, бо ёсць узнагарода за працу тваю, — кажа Госпад, — і яны вернуцца з зямлі варожай.
17 І ёсць надзея дзеля будучыні тваёй, — кажа Госпад, — і вернуцца сыны ў межы свае».
18 Слухаў Я і пачуў перасяленца Эфраіма: «Пакараў Ты мяне, і я навучаны, як нерахманае цяля. Навярні мяне, і я навярнуся, бо Ты — Госпад, Бог мой!
19 Як бо навярнуў Ты мяне, я пакаяўся, а калі паказаў Ты мяне, я ўдарыў па сцёгнах сабе, засаромеўся і пачырванеў, бо атрымаў я за ганьбу маладосці сваёй».
20 «Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад.
21 Пастаў сабе камяні, парасстаўляй сабе знакі на дарогах, звярні сэрца сваё на дарогу, на шлях, якім ішла; вярніся, дзева Ізраэля, вярніся да гэтых гарадоў сваіх!
22 Дакуль будзеш бадзяцца, дачка непакорлівая? Госпад бо стварыў навіну на зямлі: жанчына збавіць мужа.
23 Гэта кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: «Дагэтуль будуць гаварыць гэтае слова ў зямлі Юдэйскай і ў гарадах яе, калі Я перамяню лёс іх: “Хай дабраславіць цябе Госпад, жытло справядлівасці, гара святая”.
24 І абжывуцца ў ёй Юда, і ўсе разам гарады яе, земляробы і тыя, што за статкам ходзяць.
25 Бо напаю Я душу знямоглую, і кожную душу згаладнелую накармлю».
26 На гэтым як бы ад сну я прачнуўся і глянуў, і сон мой быў мне прыемны.
27 «Вось жа, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я засею дом Ізраэля і дом Юды семем людзей і семем жывёлы.
28 І як рупіўся Я пра іх, каб вырываць і нішчыць, раскідваць, губіць і пераследаваць, так буду рупіцца пра іх, каб адбудаваць іх і засадзіць — кажа Госпад.
29 У тыя дні не будуць яны ўжо казаць: “Бацькі елі горкія ягады, а зубы сыноў здранцвелі”,
30 але кожны памрэ за сваю злачыннасць, і ў кожнага чалавека, які будзе есці горкія ягады, здранцвеюць зубы яго.
31 Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет.
32 Не такі запавет, які заключыў Я з бацькамі іх, у дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай, запавет, які яны парушылі, а Я ж валадарыў над імі, — кажа Госпад.
33 Але вось якім будзе запавет, які Я заключу з домам Ізраэля па тых днях, — кажа Госпад, — Я размяшчу закон Мой у нутры іх ды ў сэрцы іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.
34 І не будзе вучыць болей чалавек блізкага свайго і брат брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, бо ўсе ад найменшага з іх аж да найбольшага будуць ведаць Мяне, — кажа Госпад, — бо Я прабачу злачынствы ім і пра грахі іх не буду больш узгадваць».
35 Гэта кажа Госпад, Які дае сонца, як свяціла дня, парадак месяцу і зоркам, як свяцілам ночы, Які хвалюе мора, што шумяць хвалі яго, імя Яму — Госпад Магуццяў:
36 «Калі б зніклі гэтыя законы перад абліччам Маім, — кажа Госпад, — тады б знікла і насенне Ізраэля і не было б перада Мною народам на ўсе дні.
37 Гэта кажа Госпад: “Калі магчыма будзе змерыць неба ўгары і даследаваць падваліны зямлі ўнізе, тады і Я адкіну ўсё семя Ізраэля за ўсё тое, што яны зрабілі”, — кажа Госпад.
38 “Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі будзе адбудаваны горад Госпада ад вежы Хананээль аж да вонкавай брамы.
39 І будзе цягнуцца далей шнур для мерання наўпрост, аж да ўзгорка Гарэб, ды зверне на Гоа.
40 І ўся лагчына трупаў і попелу, ды ўсё наваколле аж да ручая Цэдрон, да рога брамы Конскай на ўсход — святыня Госпада, і не будуць яны ўжо больш знішчаныя і зруйнаваныя навекі”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 31 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.