Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 50 Ярэміі 50 раздзел

1 Слова, якое прамовіў Госпад пра Бабілон і пра зямлю Халдэйскую праз Ярэмію прарока:
2 «Паведамце між народамі і хай яны пачуюць, падыміце сцяг, абвяшчайце, не хавайце, кажыце: “Бабілон здабыты! Бэл асаромлены! Мэрадах пераможаны! Асаромлены балваны іх, паразбіваны ідалы іх!”
3 Бо, вось, ідзе супраць яго народ з Поўначы, які заменіць зямлю іх на пустыню, і ніхто не будзе жыць у ёй, ад чалавека да жывёлы, усе падымуцца і сыдуць.
4 У тыя дні ды ў той час, — кажа Госпад, — прыйдуць сыны Ізраэля самі ды сыны Юды разам, і будуць ісці, плачучы, ды шукаць будуць Госпада, Бога свайго.
5 Будуць яны пытацца пра Сіён, і аблічча сваё — на дарогу да яго: “Хадземце, злучымся з Госпадам запаветам вечным, які ніколі не будзе знішчаны забыццём”.
6 Народ Мой стаўся статкам згубленым, пастыры іх звялі іх і прымусілі бадзяцца па гарах; ад гары да ўзгорку хадзілі яны і забыліся пра свае лежбішчы.
7 Усе, хто знаходзілі іх, з’ядалі іх, і ворагі іх казалі: “Не правініліся мы, бо яны зграшылі супраць Госпада, прыстанішча справядлівасці і надзеі бацькоў іх — Госпада”.
8 Выходзьце з Бабілона, пакіньце зямлю Халдэйскую і будзьце, як казлы, на чале статка.
9 Бо, вось, Я ўзбуджу і навяду на Бабілон грамаду вялікіх народаў з зямлі паўночнай; і яны стануць войскам супраць яго, і будзе ён здабыты. Стрэлы іх, як у адборнага лучніка, не вернуцца дарэмна.
10 І пойдзе Халдэя на разрабаванне, і насыцяцца ўсе яе нішчыцелі, — кажа Госпад. —
11 Пакуль вы весяліцеся і напышліва прамаўляеце, рабаўнікі спадчыны Маёй, пакуль вы скачаце, як цяляты па траве, і ржаце, як магутныя коні,
12 збянтэжылася надзвычай маці ваша, сталася пасмешышчам тая, што вас нарадзіла; вось, будзе яна апошняй сярод народаў: пустыняй, бездарожжам і сухім стэпам.
13 Дзеля гневу Госпадавага будзе яна неабжытай, але ўся станецца пустыняю; кожны, хто будзе праходзіць праз Бабілон, здзівіцца і засвішча дзеля ўсіх караў яго.
14 Станьце войскам супраць Бабілона навокал усе, што нацягваеце лукі! Страляйце ў яго, не шкадуйце стрэлаў, бо зграшыў ён перад Госпадам.
15 Гаманіце супраць яго; куды б ні працягнуў ён руку, падаюць слупы яго, разбураныя муры яго, бо гэта — помста Госпадава; спаганяйце помсту на ім: як ён рабіў, зрабіце яму.
16 Нішчыце ў Бабілоне сейбіта і таго, хто трымае серп у час жніва. Перад пагрозлівым мечам кожны вернецца да народа свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю.
17 Ізраэль — заблуканая авечка, ільвы палявалі на яе. Першы еў яе цар асірыйцаў, а апошні, Набукаданосар, цар Бабілона, паламаў ёй косці.
18 Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля: “Вось, Я пакараю цара Бабілона і зямлю яго, як пакараў цара асірыйцаў.
19 І прывяду Я Ізраэля зноў на пашы яго, і будзе ён пасвіцца на Кармэлі і на Басане, і на гары Эфраіма, і ў Галаадзе насыціцца душа яго”.
20 “У тыя дні і ў той час, — кажа Госпад, — будуць шукаць правіну ў Ізраэля, але не будзе яе, і граху ў Юды не знойдуць, бо літасцівы буду да тых, якіх пакіну.
21 Выступі супраць зямлі Мэратаім і супраць жыхароў Пакода! Руйнуй і забівай, пераследуючы іх, — кажа Госпад, — і зрабі паводле ўсяго таго, што Я табе загадаў!»
22 Гармідар ваенны на зямлі і вялікае знішчэнне.
23 Як пабіты і зламаны молат усяе зямлі! Як стаўся пустыняю Бабілон сярод народаў!
24 «Наставіў Я на цябе сіло і схапіў цябе, Бабілон, а ты не ведаў. І знайшлі цябе і схапілі, бо ты правакаваў Госпада.
25 Адкрыў Госпад скарбоўню Сваю і дастаў начынне гневу Свайго, бо справа ёсць у Госпада, Бога Магуццяў, у зямлі Халдэйскай.
26 Прыходзьце да яе з усіх канцоў, адкрыйце ўсе яе кладоўкі, і раскідайце яе ў груды каменняў, як снапы, і выбіце яе, каб ніхто не застаўся.
27 Выбіце ўсіх яе валоў, хай ідуць яны на зарэз. Гора ім, бо надышоў іх дзень, час наведання іх.
28 Гоман уцекачоў і тых, якія выйшлі з зямлі Бабілонскай, каб абвясціць на Сіёне пра помсту Госпада, Бога нашага, пра помсту за Яго святыню.
29 Склічце лучнікаў супраць Бабілона. Вы ўсе, хто нацягвае лукі; расстаўце лагер вакол яго, каб ніхто не выйшаў, і аддайце яму належна за яго справы і ўсё, што ён вам рабіў, зрабіце яму, бо ён паўстаў супраць Госпада, супраць Святога Ізраэлева!
30 “Дзеля таго пападаюць юнакі яго на плошчах яго; і ў той дзень змоўкнуць усе ваяры яго, — кажа Госпад.
31 Вось, Я супраць цябе, пыха, — кажа Госпад, Бог Магуццяў, — бо прыйшоў дзень твой, час пакарання цябе.
32 І спатыкнецца пыха, і ўпадзе, і не будзе каму яе падняць, і запалю Я агонь па яго гарадах, і ён праглыне ўсё навакол”.
33 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Сыны Ізраэля церпяць знявагу, а разам з імі сыны Юды. Усе, якія зняволілі іх, трымаюць і не хочуць адпусціць іх”.
34 Але вызваліцель іх моцны, Госпад Магуццяў імя Яго. Справядліва будзе Ён бараніць справу іх, каб даць супакой зямлі і ўстрывожыць жыхароў Бабілона.
35 “Меч на халдэяў, — кажа Госпад, — і на жыхароў Бабілона, і на князёў і на мудрацоў яго!
36 Меч на варажбітоў яго, і яны стануцца дурнымі, меч на мужных яго, і яны будуць баяцца!
37 Меч на яго коней і на яго калясніцы, і на ўсю грамаду людзей, якая ёсць пасярод яго; і будуць яны, як жанчыны! Меч на скарбы яго, і будуць яны разрабаваныя.
38 Суша будзе на воды яго, яны перасохнуць, бо гэта зямля ідалаў, бо яны шалеюць ад страшыдлаў сваіх.
39 Таму жыць там будуць звяры пустыні з шакаламі, паселяцца ў ім страўсы, і не будзе больш ніколі ён абжыты, і ніхто там не паселіцца з пакалення ў пакаленне.
40 Як збурыў Бог Садом і Гамору, і суседнія з імі гарады, — кажа Госпад, — і не абжывецца там ніхто і не будзе качаваць там ніводзін сын чалавечы.
41 Вось жа, прыходзіць з поўначы народ, народ вялікі, і многія цары ўстаюць з канцоў зямлі.
42 Трымаюць яны лук і шаблю, жорсткія яны і неміласэрныя, і голас іх будзе шумець, быццам мора, і будуць сядзець яны на конях, і, як адзін чалавек, гатовыя яны да бою супраць цябе, дачка Бабілона!
43 Пачуў цар Бабілона вестку пра іх, і аслабелі рукі яго; і жах ахапіў яго, і боль, як у парадзіхі.
44 Вось, выйдзе ён, як леў, з гушчару над Ярданам на паплавы вечна зялёныя, бо Я ў момант прымушу яго ўцякаць адтуль, а пастаўлю над ім таго, які будзе выбраны. Хто ж бо падобны да Мяне? І хто пакліча Мяне на суд? І хто той пастыр, які ўстаіць перад абліччам Маім?”»
45 Дзеля таго паслухайце намер Госпада, што задумаў Ён супраць Бабілона, і думкі Яго, якія мае Ён адносна зямлі Халдэйскай: дакладна выцягнуць нават найменшых са статка, і дакладна спустошаны будуць у іх пашы іх.
46 Пры вестцы аб захопе Бабілона дрыжыць зямля, і крык чуецца сярод народаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 50 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.