Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 23 Ярэміі 23 раздзел

1 «Гора пастырам, якія губяць і разганяюць статак паствы Маёй», — кажа Госпад.
2 Дзеля таго вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля пастырам, якія пасвяць народ Яго: «Вы расцярушылі статак Мой, і разагналі, і не рупіліся пра іх; вось таму Я пакараю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, — кажа Госпад. —
3 І Я збяру рэшткі статка Майго з усіх земляў, у якія выкіну іх, ды вярну іх на пашы іх, і будуць яны расці, і павялічацца.
4 І Я пастаўлю над імі пастыраў, і будуць пасвіць іх; і не будуць яны больш палохацца і баяцца, і не трэба будзе нікога пералічваць, — кажа Госпад.
5 Вось жа прыйдуць дні, — кажа Госпад, — і вырашчу Давіду парастак справядлівы, і будзе валадарыць цар, і ён будзе мудры, і будзе ён спаўняць закон і чыніць справядлівасць на зямлі.
6 У тыя дні будзе збаўлены Юда, а Ізраэль будзе жыць бяспечна, і гэта — імя, якім назавуць яго: “Госпад — справядлівасць наша”.
7 Дзеля таго, вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і не будуць казаць больш: “Жыве Госпад, Які вывеў сыноў Ізраэля з зямлі Егіпецкай!”,
8 але: “Жыве Госпад, Які вывеў і прывёў пакаленне дому Ізраэля з зямлі паўночнай ды з усіх земляў, у якія выкінуў іх; і будуць яны жыць у сваёй зямлі”».
9 Аб прароках. Спакутавалася сэрца маё ўва мне, задрыжалі ўсе косці мае, стаўся я, быццам п’яны ды быццам чалавек, які напіўся віна, з прычыны Госпада і святых Яго слоў;
10 бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо дзеля праклёну сумуе зямля, высахлі пашы ў стэпе, накірунак іх стаўся ліхім, і сіла іх — несправядлівасць.
11 «Прарок бо і святар апаганены, і ў доме Маім знайшоў Я ліхоту іх, — кажа Госпад. —
12 Таму дарога іх будзе быццам слізгата, у цемры будуць спатыкацца ды будуць падаць у ёй; бо Я навяду на іх няшчасці, год пакарання іх, — кажа Госпад. —
13 Таксама сярод прарокаў Самарыі бачыў Я недарэчнасць: праракавалі яны ў імя Баала і падманвалі народ Мой, Ізраэля.
14 Ды сярод прарокаў Ерузаліма Я бачыў агідныя рэчы: чужаложніцтва ўчыняюць, жывуць у падмане ды падтрымліваюць ліхадзеяў, і ніхто не навяртаецца ад ліхоты сваёй: сталіся яны ўсе Мне як Садом ды жыхары яго, як Гамора.
15 Дзеля таго вось што кажа Госпад Магуццяў прарокам: “Вось, Я накармлю іх палыном ды напаю іх жоўцю, бо ад прарокаў з Ерузаліма распаўсюдзілася нячыстасць па ўсёй зямлі”.
16 Гэта кажа Госпад Магуццяў: “Не слухайце словы прарокаў, якія прарочаць вам і зводзяць вас; распавядаюць яны вам прыдумкі сэрца свайго, а не з вуснаў Госпада.
17 Яны кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Сказаў Госпад: будзе супакой вам”, а кожнаму, хто жыве ў сапсаванасці сэрца свайго, кажуць: “Не спаткае вас няшчасце”».
18 Хто ж бо быў на нарадзе ў Госпада, і бачыў, і чуў словы Яго? Хто звярнуў увагу на слова Яго і пачуў?
19 Вось жа, бура ад Госпада, лютасць узнялася, навальніца разбуральная спадзе на галаву бязбожнікаў.
20 Не спыніцца гнеў Госпадаў, пакуль не здзейсніць ды пакуль не выканае Ён намераў сэрца Свайго; у апошніх днях зразумееце ўсё цалкам.
21 «Не пасылаў Я прарокаў, а яны самі прыбеглі; і Я не гаварыў да іх, а яны самі прарочылі.
22 Калі б былі яны на нарадзе Маёй, паведамілі б яны словы Мае народу Майму і адвярнулі б, напэўна, іх ад ліхой дарогі іх і ад ліхіх учынкаў іх.
23 Думаеш, Я — Бог зблізку, — кажа Госпад, — а не Бог здалёку?
24 Калі чалавек схаваецца ў заканурку, Я не ўбачу яго? — кажа Госпад. — Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа Госпад.
25 Я чуў, што сказалі прарокі, якія прарочылі ў імя Маё, няпраўду і казалі: “Меў я сон, і сніў я”.
26 Дакуль жа будзе гэта ў сэрцы прарокаў, прадказваючых няпраўду ды прарочачых падман сэрца свайго?
27 Яны хочуць зрабіць, каб праз сны свае, якія адзін аднаму расказваюць, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іх на імя Маё з прычыны Баала.
28 “Прарок, які ўбачыў сон, хай расказвае сон, а хто мае Маё слова, той хай абвяшчае Маё слова праўдзіва! Што мае агульнага салома з зернем?” — кажа Госпад. —
29 “Ці ж Мае словы не ёсць, як агонь, — кажа Госпад, — ды быццам молат, што разбівае скалу?
30 Дзеля таго, вось, Я — супраць прарокаў, — кажа Госпад, — якія крадуць узаемна адзін у аднаго Мае словы.
31 Вось, Я — супраць прарокаў, — кажа Госпад, — якія карыстаюцца сваімі мовамі і кажуць: “Кажа Госпад”.
32 Вось, Я — супраць прарокаў, якія прарочаць фальшывыя сны, — кажа Госпад, — яны расказваюць іх і падманваюць народ Мой сваёй няпраўдаю і крывадушнымі абяцаннямі, хаця Я не пасылаў іх і не даручаў ім нічога; няма ад іх аніякай карысці для гэтага народа, — кажа Госпад. —
33 А калі гэты народ, або прарок, або святар спытае цябе: “Які цяжар ад Госпада?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкіну вас”, — кажа Госпад.
34 Калі прарок, або святар, або народ скажа: “Цяжар Госпада”, Я пакараю таго чалавека і дом яго.
35 Гэта будзеце казаць кожны свайму прыяцелю ды кожны свайму брату: “Што адказаў Госпад?” або: “Што казаў Госпад?”
36 Але не ўзгадвайце ўжо больш “цяжар Госпада”, бо інакш для любога станецца цяжарам яго слова, бо перакручваеце вы словы Бога жывога, Госпада Магуццяў, Бога нашага.
37 Так звяртайся да прарока: “Што адказаў табе Госпад?” або: “Што гаварыў Госпад?”
38 Калі ж вы будзеце гаварыць “цяжар Госпада”, то тады так кажа Госпад: “Паколькі ўжываеце вы гэтае слова “цяжар Госпада”, нягледзячы, што Я паслаў вам сказаць: не гаварыце “цяжар Госпада”,
39 дзеля таго, вось, Я падыму вас і выкіну з Майго віду, вас і горад, які Я даў вам і вашым бацькам,
40 ды дам Я вас на пасмяянне вечнае і на вечную ганьбу, якая ніколі не будзе забыта”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 23 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.