1 Госпад скіраваў да мяне наступнае слова:
2 «Ідзі і крычы ў вушы Ерузаліму, кажучы: гэта кажа Госпад: “Я памятаю цябе, прывабнасць тваёй маладосці і любоў, калі ты была нарачонаю, калі хадзіла ты за Мною па пустыні, у зямлі, якой ніхто не засявае.
3 Святы для Госпада Ізраэль, першыя плады Яго ўраджаю; усе, хто паядалі яго, былі асуджаны; ліха прыходзіла на іх”», — кажа Госпад.
4 Слухайце слова Госпада, дом Якуба ды ўсе роды дому Ізраэля!
5 Гэта кажа Госпад: «Што благога знайшлі ўва Мне бацькі вашы, што аддаліліся ад Мяне, пайшлі следам за марнасцю і самі сталі марнымі?
6 І не пыталіся яны: “Дзе Госпад, Які даў нам выйсці з зямлі Егіпецкай, Які правёў нас праз пустыню, праз зямлю неабжытую і поўную ям, праз зямлю сухую і цёмную, праз зямлю, па якой ніхто не хадзіў і ніводзін чалавек не жыў?”
7 А Я ўвёў вас у зямлю садоў, каб вы спажывалі плады яе і з яе найлепшае; а вы, увайшоўшы, спаганілі зямлю Маю і спадчыну Маю пераўтварылі ў абрыду.
8 Святары не казалі: “Дзе ёсць Госпад?” І заканадаўцы не ведалі Мяне, і пастыры паўсталі супраць Мяне, і прарокі прарочылі на карысць Баала і хадзілі за тым, што не дае дапамогі.
9 Дзеля таго буду далей спрачацца з вамі, — кажа Госпад. — І з дзецьмі дзяцей вашых буду судзіцца.
10 Пайдзіце на астравы кітымскія і паглядзіце ды пашліце ў Кедар і прасачыце старанна, і паглядзіце, ці сталася там штосьці падобнае?
11 Ці народ змяніў сваіх багоў? А яны ж не багі насамрэч! Мой жа народ змяніў сваю славу на тое, што ніяк не дапамагае!
12 Аслупянейце, нябёсы, дзеля гэтага і палохайцеся звыш меры, — кажа Госпад.
13 Два бо ліхоцці зрабіў народ Мой: пакінулі Мяне, крыніцу жывой вады, каб выкапаць сабе вадаёмы, вадаёмы разбітыя, якія не могуць трымаць вады.
14 Ці ж Ізраэль ёсць паслугач, ці нявольнік? Чаму ж ён зрабіўся здабычай?
15 Над ёй рыкаюць ільвы, выяўляючы голас свой; яны змянілі зямлю яе ў пустыню, а гарады яе спалены, няма каму жыць у іх.
16 Нават сыны Мемфіса і Тапнэса абголяць табе галаву.
17 Ці ж не зрабілася гэта табе за тое, што пакінула ты Госпада, Бога твайго, калі вёў Ён цябе дарогаю?
18 А цяпер што за патрэба табе хадзіць у Егіпет, каб піць ваду з Ніла? І навошта ходзіш у Асірыю? Каб піць ваду з ракі?
19 Абвінаваціць цябе ліхота твая, і адступніцтва тваё асудзіць цябе. Ведай таму і глядзі, што ліхім і горкім ёсць тое, што ты пакінула Госпада, Бога твайго, ды не маеш у сабе страху перада Мною. — кажа Госпад, Бог Магуццяў. —
20 Здаўна зламала ты ярмо тваё, парвала путы твае ды сказала: “Не буду служыць!” На кожным бо ўзгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным ты клалася, як блудніца.
21 Я ж пасадзіў цябе як найлепшую вінаградную лазу, як кожнае сапраўднае насенне; дык як жа ты змянілася на парасткі чужой вінаграднай лазы?
22 Нават калі ты памыешся лугам і ўжывеш шмат попелу драўлянага, бруднай застанешся перад абліччам Маім у правіннасці сваёй, — кажа Госпад Бог. —
23 Як жа ты кажаш: “Я не спаганеная, за Баалам я не хадзіла”? Паглядзі на свае паводзіны ў лагчыне, прызнайся, што ты зрабіла, спрытная вярблюдзіца, якая збочвае на шляхах сваіх.
24 Дзікая асліца, прывыкшы да пустыні, у пажаданні душы сваёй уцягвае паветра; жарсць яе хто стрымае? Усе тыя, хто яе шукаюць, не спрацуюцца, у час месячніцы яе знойдуць яе.
25 Беражы нагу сваю, каб не стала босай, і горла сваё, каб не сасмагла. А ты кажаш: “Надарма, ні за што! Я люблю чужых і пайду за імі!”
26 Як саромеецца злодзей, калі яго зловяць, так пакрыўся сорамам дом Ізраэля, яны і цары іх, князі і святары ды прарокі іх.
27 Кажуць яны дрэву: “Ты бацька мой”, і каменю: “Ты мяне нарадзіў”. Павярнуліся да Мяне спінаю, а не тварам, але ў час гора свайго просяць: “Падыміся і вызвалі нас!”
28 Дзе багі твае, якіх ты сабе нарабіла? Хай падымуцца яны і вызваляць цябе ў часіну гора твайго; бо якая колькасць гарадоў тваіх, столькі і багоў тваіх сталася, Юда!
29 Чаму хочаце вы са Мною спрачацца? Усе вы адступіліся ад Мяне, — кажа Госпад. —
30 Надарма караў Я сыноў вашых: навукі яны не прынялі. Прарокаў вашых паглынуў меч ваш, быццам леў-спусташальнік.
31 Што вы за пакаленне? Вы бачыце слова Госпада: ці ж Я зрабіўся пустыняй для Ізраэля або зямлёй цемры? Дык чаму народ Мой кажа: “Мы аддзяліліся! Не прыйдзем ужо болей да Цябе!”
32 Ці ж дзяўчына забудзецца пра аздобы свае, а маладая — пра нагрудную стужку? Мой народ, аднак, забыўся пра Мяне ўжо безліч дзён.
33 Як добра рыхтуеш ты дарогу сваю, каб шукаць кахання! Звыш таго, прывучыла ты дарогі свае да ліхоты!
34 На фрэнзлях шатаў тваіх — кроў бязвінных і ўбогіх душ, якіх ты не злавіла на зладзействе, але сярод гэтага ўсяго
35 кажаш ты: “Я не вінаватая, таму гнеў Яго адвярнуўся ад мяне”. Вось жа, Я буду судзіць цябе, бо ты сказала: “Я не зграшыла”.
36 Як лёгка ты мяняеш дарогі свае! Дык асаромлена будзеш Егіптам, як асаромлена была ты Асірыяй.
37 І ад яго бо адыдзеш ты, і рукі твае будуць на галаве тваёй, бо Госпад адкінуў тых, на якіх ты спадзявалася, і ты не будзеш мець поспеху з імі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.