Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 18 Ярэміі 18 раздзел

1 Слова, якое было Ярэміі ад Госпада, якое казала:
2 «Устань і спусціся ў дом ганчара; там пачуеш Мае словы».
3 Дык я спусціўся ў дом ганчара, і вось, ён працаваў пры коле,
4 і пасудзіна, якую рабіў ён з гліны рукамі сваімі, рассыпалася, як гэта здараецца з глінай у руцэ ганчара, і ён ізноў зрабіў з яе іншую пасудзіну, — так, як яму пажадалася.
5 І было слова Госпада да мяне, якое казала:
6 «Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраэля, як гэты ганчар? — кажа Госпад. — Бо вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраэля, у Маёй руцэ.
7 Часам Я скажу супраць народа і супраць царства, што Я выкараню, развалю ды знішчу яго.
8 Калі раскаецца народ гэты ў ліхоце сваёй, за якую наканаваў Я [пакаранне] на яго, то і Я раскаюся ў ліхоце, якую задумаў учыніць яму.
9 Іншым разам скажу Я адносна якога народа ці царства, каб збудаваць і засяліць яго.
10 Калі б, аднак, ён дапускаўся ліхоты на віду ў Мяне, каб не слухаць голасу Майго, то Я раскаюся ў дабротах, якія абяцаў зрабіць яму.
11 Цяпер жа кажы мужу Юдэі і жыхарам Ерузаліма, кажучы: гэта кажа Госпад: “Вось, Я рыхтую вам бяду і маю намер супраць вас. Дык навярніцеся кожны ад сваёй ліхой дарогі і выпрастуйце дарогі вашы і паводзіны вашы”».
12 А яны сказалі: «Надарма! Мы пойдзем за сваімі ўласнымі задумамі, і кожны будзе паводзіць сябе паводле сапсаванасці ліхога сэрца свайго».
13 Таму вось што кажа Госпад: «Спытайце ў народаў: ці хто чуў пра такія жахі, якія ўчыніла без меры дзяўчына Ізраэля?
14 Ці ж знікне з камянёў даліны снег Лібана або ці высахнуць воды крынічныя, халодныя і цякучыя?
15 А народ Мой забыўся пра Мяне, для марнасці палячы кадзіла ды спатыкаючыся на дарогах сваіх, на даўнейшых шляхах, каб блукаць па сцежках, па дарозе невыхаджанай,
16 каб зямлю сваю ўчыніць пустыняй ды адвечным пасмяяннем. Кожнага, хто будзе праходзіць праз яе, ахопіць здзіўленне, і будзе ён ківаць галавою сваёй.
17 Падобна, як вецер усходні, Я раскідаю іх на віду ворага. Спіну, а не твар, пакажу ім у дзень знішчэння іх».
18 А яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, не прападзе ж бо закон без святара, ані рада без мудрага, ані слова без прарока. Хадземце, паб’ем яго языком і не звернем зусім увагі на яго словы».
19 Зваж на мяне, Госпадзе, і пачуй голас непрыяцеляў маіх.
20 Ці ж ліхам адгаджаецца за дабро? А яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад Табою, каб прасіць дабра для іх ды каб адвярнуць гнеў Твой ад іх.
21 Дзеля таго аддай іх дзяцей на голад ды завядзі іх пад меч! Хай жонкі іх стануць бяздзетнымі ды ўдовамі, а мужы іх хай папрападаюць ад пошасці, а моладзь іх хай загіне ў баі ад меча.
22 Хай чуецца крык з іх дамоў; навядзі на іх раптам злодзеяў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, а пад ногі мае пасткі паставілі.
23 Ты ж, Госпадзе, ведаеш усе іх хітрыкі супраць мяне, не даруй ім іх злачынства, і хай не аддаліцца з віду Твайго грэх іх. Хай папрападаюць перад Табою, у час гневу Твайго асудзі іх!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 18 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.