Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 37 Ярэміі 37 раздзел

1 І пачаў валадарыць цар Сэдэцыя, сын Осіі, замест Ёахіна, сына Якіма; яго паставіў царом Набукаданосар, цар Бабілона, у зямлі Юдэйскай.
2 Але ані ён, ані яго паслугачы, ані народ зямлі не слухалі слоў Госпада, якія Ён казаў ім праз прарока Ярэмію.
3 І паслаў цар Сэдэцыя Юхала, сына Сэлеміі, і Сафонію, сына Маасіі, святара, да прарока Ярэміі, каб сказалі яму:
4 «Памаліся за нас да Госпада, Бога нашага!» А Ярэмія хадзіў свабодна паміж людзей, бо яго яшчэ не кінулі пад ахову ў вязніцу.
5 Войска фараона выйшла ў той час з Егіпта. І халдэі, якія аблягалі Ерузалім, пачуўшы такую навіну, адступілі ад Ерузаліма.
6 І было такое слова Госпада да Ярэміі прарока:
7 «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “Так скажаце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне па раду: “Вось, войска фараона, якое выйшла вам на дапамогу, вернецца ў сваю зямлю, у Егіпет.
8 А халдэі зноў прыйдуць, і будуць ваяваць супраць гэтага горада, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”.
9 Гэта кажа Госпад: “Не ашуквайце душы свае, паўтараючы: “Напэўна, пойдуць проч і адступяць ад нас халдэі!”, бо не адыдуць яны.
10 Нават калі б вы пабілі ўсё войска халдэяў, якія ваююць з вамі, так што засталіся б з іх адно параненыя, то і тады кожны з іх падняўся б са сваёй палаткі і падпалілі б гэты горад агнём”».
11 І калі адступіла войска халдэяў ад Ерузаліма дзеля войска фараона,
12 Ярэмія выйшаў з Ерузаліма, каб ісці ў зямлю Бэньяміна і там падзяліць маёмасць перад народам.
13 Калі ён прыбыў да брамы Бэньяміна, быў там вартавы брамы на імя Ярыя, сын Сэлеміі, сына Хананіі, і затрымаў ён прарока Ярэмію, кажучы: «Ты перабягаеш да халдэяў».
14 І адказаў Ярэмія: «Няпраўда! Не бягу я да халдэяў!» Але Ярыя яго не слухаў, але схапіў Ярэмію і завёў яго да князёў.
15 І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, а потым укінулі ў вязніцу, якая была ў доме Ёнатана, пісара, з якога зрабілі астрог.
16 І Ярэмія апынуўся ў лёхах са столлю, і сядзеў там Ярэмія шмат дзён.
17 І паслаў цар Сэдэцыя, каб прывялі яго, і пытаўся ў яго таемна, у сваім доме, і казаў: «Ці маеш ты слова ад Госпада?» І адказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў: «Ты будзеш выдадзены ў рукі цара Бабілона».
18 І сказаў Ярэмія цару Сэдэцыю: «Чым правініўся я перад табою, і перад слугамі тваімі, і гэтым народам, што ўкінулі мяне ў вязніцу?
19 Дзе вашы прарокі, якія прадказвалі вам і гаварылі: “Не прыйдзе цар Бабілона супраць вас і супраць гэтай зямлі”?
20 Цяпер жа паслухай, калі ласка, гаспадару мой, цар! Хай маленне маё цябе кране! Не адсылай мяне ў дом Ёнатана, пісара, каб я не памёр там».
21 І цар Сэдэцыя загадаў трымаць Ярэмію на вартавым панадворку і даваць яму штодзень па булачцы хлеба з вуліцы пекараў, пакуль не скончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І заставаўся Ярэмія на вартавым панадворку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 37 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.