Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Ярэміі 40 Ярэміі 40 раздзел

1 Слова, якое было Ярэміі ад Госпада па вызваленні яго з Рамы Набузарданам, кіраўніком целаахоўнікаў, калі ён вызваў яго, скаванага ланцугамі сярод усіх тых, што выходзілі з Ерузаліма і Юды ды мелі быць выведзеныя ў Бабілон.
2 І ўзяў кіраўнік целаахоўнікаў Ярэмію, і сказаў яму: «Госпад, Бог твой, прадказаў такое няшчасце гэтаму месцу;
3 і здзейсніў, і зрабіў Госпад, як прадказваў. Саграшылі бо вы супраць Госпада і не паслухаліся Яго голасу, і таму здзейснілася на вас слова гэтае.
4 Цяпер, вось, я вызваляю цябе з путаў, якія на руках тваіх. Калі здаецца табе добрым ісці са мною ў Бабілон, то ідзі; тады я ўскладу вочы свае на цябе; калі табе здаецца нядобрым ісці са мною ў Бабілон, то заставайся. Вось, уся зямля — перад табою: што выбраў ты і куды табе ісці даспадобы — туды і накіруйся.
5 Вярніся да Гадаліі, сына Ахікама, сына Сафана, якога цар Бабілона зрабіў кіраўніком над гарадамі юдэйскімі, і жыві з ім сярод народа, або ідзі туды, куды табе захочацца пайсці». І даў яму кіраўнік целаахоўнікаў харчоў і падарункі і адпусціў яго.
6 І прыйшоў Ярэмія да Гадаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і абжыўся з ім сярод народа, які застаўся ў краіне.
7 Калі пачулі ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, яны самі і іх людзі, што цар Бабілона зрабіў кіраўніком над краінаю Гадалію, сына Ахікама, і што даручыў яму мужчын і жанчын, дзяцей і тых з убогіх зямлі, якія не былі пераселены ў Бабілон,
8 то прыйшлі да Гадаліі ў Міцпу: Ізмаэль, сын Натаніі, Ёханан і Ёнатан, сыны Карэя, Сарая, сын Тангумэта, ды сыны Опі, якія былі з Нэтофы, Езанія, сын Мааха, яны самі і людзі іх.
9 І Гадалія, сын Ахікама, сына Сафана, склаў ім і людзям іх прысягу, кажучы: «Не бойцеся служыць халдэям! Заставайцеся ў краіне і служыце цару Бабілона, і будзе вам добра.
10 Я, вось, застаюся ў Міцпе, каб заступацца перад халдэямі, якія прыходзяць да нас, а вы збірайце віно, плады і алей, і складайце ў свае пасудзіны, і жывіце ў гарадах сваіх, якія займаеце».
11 Таксама ўсе жыхары Юды, якія былі ў зямлі Маабскай і сярод сыноў Амона, і ў Эдоме, і ва ўсіх краях, пачулі, што цар Бабілона пакінуў частку людзей у Юдэі і паставіў над імі начальнікам Гадалію, сына Ахікама, сына Сафана.
12 Дык вярнуліся ўсе жыхары Юдэі з усіх месцаў, у якія былі выгнаныя, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадаліі ў Міцпу, і сабралі віна і пладоў вельмі многа.
13 А Ёханан, сын Карэя, і ўсе кіраўнікі войскаў, якія былі раскінуты па ваколіцах, прыбылі да Гадаліі ў Міцпу
14 і сказалі яму: «Ведай, што Бааліс, цар сыноў Амона, паслаў Ізмаэля, сына Натаніі, знішчыць душу тваю». Але не паверыў ім Гадалія, сын Ахікама.
15 А Ёханан, сын Карэя, сказаў патаемна Гадаліі ў Міцпе так: «Я пайду і заб’ю Ізмаэля, сына Натаніі, так што ніхто не даведаецца. Навошта мае ён душу тваю знішчыць? Бо ўсе жыхары Юды, якія зараз сабраны пры табе, разбягуцца, і гэтак прападзе рэшта Юды».
16 І сказаў Гадалія, сын Ахікама, Ёханану, сыну Карэя: «Не рабі гэтак; бо фальшыва гаворыш ты пра Ізмаэля».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ярэміі, 40 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.