1 Сэдэку было дваццаць адзін год, як ён загаспадарстваваў, і гаспадарстваваў адзінанцаць год у Ерузаліме; а імя маці ягонае Гамуталь Ярэмішка, зь Ліўны.
2 І ён рабіў ліха ў ваччу СПАДАРОВЫМ, подле ўсёга, што Егоякім рабіў;
3 За тое ад гневу СПАДАРОВАГА сталася ў Ерузаліме а ў Юдэі, што ажно Ён адхінуў іх ад віду Свайго; і збунтаваўся Сэдэка супроці караля Бабілёнскага.
4 І сталася дзявятага году дзяржавы ягонае, дзясятага месяца, на дзясяты дзень месяца, што прышоў Невухаднецар, кароль Бабілёнскі, ён а ўсе войска ягонае, на Ерузалім, і абляглі яго, і насыпалі наспы навокал яго.
5 І было места ў ваблозе да адзінанцатага году караля Сэдэкі.
6 І чацьвертага месяца, дзявятага дня месяца, павялічылася галадоў у месьце, што ня было хлеба люду зямлі;
7 Тады пралом быў зроблены ў месьце, і ўсі ваюны ўцяклі, і вышлі зь места ночы пераз браму памеж дзьвюх сьцен, што ля каралеўскага гароду, і пайшлі дарогаю раўніны; а Хальдэі былі навокал места.
8 Але войска Хальдэйскае пагналася за каралём, і насьпелі Сэдэку на раўніне Ерыхонскай, а ўсе войска ягонае разьбеглася ад яго.
9 І нялі караля, і прывялі яго да караля Бабілёнскага да Рыўлы ў зямлі Гамаф, ідзе ён выдаў рассудак на яго.
10 І зарэзаў кароль Бабілёнскі сыноў Сэдэчыных перад ачыма ягонымі, і таксама ўсіх князёў юдэйскіх ён зарэзаў у Рыўле;
11 І вочы Сэдэку зрабіў нявіснымі, спутаў яго мядзянымі ланцугамі; і прывёў яго кароль Бабілёнскі да Бабілёну, і аддаў яго ў вязьніцу аж да дня сьмерці ягонае.
12 Пятага месяца, дзясятага дня месяца, каторы дзевятнанцаты год Невухаднецара, караля Бабілёнскага, прышоў да Ерузаліму Невузар-Адан, начэльнік катаў, што станавіўся перад каралём Бабілёнскім.
13 І спаліў дом СПАДАРОЎ, і дом каралеўскі, і ўсі дамы ерузалімскія, і ўсі дамы вялікія спаліў цяплом.
14 І ўсі сьцены навокал Ерузаліму абурыла войска хальдэйскае, што было з начэльнікам катаў.
15 І зь бедных люду, і астачу люду, што засталіся ў месьце, і ўцеклых, уцеклых да караля Бабілёнскага, разам із астачаю ўмелых работнікаў, вывеў палоненікамі Невузар-Адан, начэльнік катаў.
16 І Невузар-Адан, начэльнік катаў, пакінуў зь бедных зямлі за гараднічых вінішчаў а за ралейнікаў.
17 І мядзяныя стаўпы, што ў доме СПАДАРОВЫМ, і падстаноўкі, і мядзянае мора, што было ў доме СПАДАРОВЫМ, зламілі Хальдэі й завезьлі ўсю медзь іх да Бабілёну;
18 І казаны, і лапаткі, і нажы, і крапільніцы, і ложкі, і ўвесь мядзяны спрат, каторымі служылі, яны забралі.
19 І вазы, канчаранкі, крапільніцы, гаршкі, сьветачы, ложкі, чары да ачышчэньня, што было залатое — у золаце, і што было срэбнае — у срэбру начэльнік катаў забраў;
20 Два стаўпы, адно мора, двананцаць мядзяных валоў, што былі пад падстаноўкамі, каторыя зрабіў кароль Салямон у доме СПАДАРОВЫМ, — ня было вагі медзі і ўсяго гэтага спрату.
21 І стаўпы: увышкі адзін стоўп быў асьмінанцаць локцяў, і пояс двананцацёх локцяў папяразаваў яго, і таўшчыня яго чатыры палцы, ён пусты.
22 І апука мядзяная на ім, і вышыня апукі пяць локцяў ізь сеткаю а гранатовымі яблыкамі на апуках навокал, — усе мядзянае; другі стоўп такі самы й гранатовыя яблыкі як на гэтым.
23 І было гранатовых яблыкаў на старане дзевяцьдзясят шэсьць, усіх гранатовых яблыкаў навокал сеткі — сто.
24 І ўзяў начэльнік катаў Сэраю, галоўнага сьвятара, і Софоню, другога сьвятара, і трох вартаўнікоў парогу.
25 Узяў таксама зь места легчанца, што меў нагляд над ваюнамі, і сямёх чалавекаў, што бачылі від каралёў, каторых знайшлі ў месьце, і галоўнага пісара вайсковага, што запісаваў людзёў зямлі, і шасьцьдзясят чалавекаў зь люду зямлі, каторых знайшлі сярод места.
26 І ўзяў іх Невузар-Адан, начэльнік катаў, і завёў іх да караля Бабілёнскага да Рыўлы.
27 І кароль Бабілёнскі зразіў іх, і зрабіў ім сьмерць у Рыўле ў зямлі Гамаф. Гэтак Юда быў выведзены палоненікамі ізь зямлі свае.
28 Во люд, што Невухаднецар вывеў палоненікамі: сёмага году тры тысячы дваццаць тры Юдэі;
29 Асьмінанцатага году Невухаднецар вывеў палоненікамі зь Ерузаліму асьмісот трыццаць двух чалавекаў;
30 Дваццаць трэйцяга году Невухаднецара Невузар-Адан, начэльнік катаў, вывеў палоненікамі Юдэяў сямсот сорак пяць душаў; усяго чатыры тысячы шасьцьсот.
31 І сталася трыццаць сёмага году палону Егоякіма, караля Юдэйскага, двананцатага месяца, дваццаць пятага дня месяца: Евіл-Меродах, кароль Бабілёнскі, першага году дзяржавы свае павышыў Егоякіма, караля Юдэйскага, і вывеў яго зь вязьніцы;
32 І гутарыў зычліва да яго, і пастанавіў пасад ягоны вышэй за пасад каралёў, што былі зь ім у Бабілёне;
33 І адмяніў вязьнічныя адзецьці ягоныя, і даў кажначасна есьці хлеб ізь ім усі дні жыцьця ягонага.
34 І што да ежы, то была кажначасна давана яму ежа ад караля Бабілёнскага, кажны дзень дзель аж да дня сьмерці ягонае, усі дні жыцьця ягонага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарокі Ярэмы, 52 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.