1 Мы, дужыя, мусім перанасіць не́мачы слабых, а не сабе́ дагаджаць.
2 Бо кожны з нас няхай дагаджае бліжняму на дабро, на збудаваньне.
3 Бо і Хрыстос не Сабе́ дагаджаў, але, як напісана: Зьняважаньні зьнязажаючых Цябе́ выпалі на мяне́ (Псальм 68:10).
4 Бо ўсё, што напісана было ране́й, напісана нам дзеля навукі, каб праз цярплівасьць і паце́ху Пісаньня ме́лі надзею.
5 А Бог цярплівасьці і паце́хі няхай дасьць вам аднолькава думаць сярод сябе́ паводле навукі Хрыста Ісуса,
6 каб вы аднадушна, аднымі вуснамі выслаўлялі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста.
7 Дзеля гэтага прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.
8 Кажу-ж, што Ісус Хрыстос стаўся служкаю абрэзаньня — дзеля праўды Божай, каб выпаўніць абяцанае айцоў.
9 А для паганаў — з літасьці, каб славілі Бога, як напісана: За гэта буду славіць Цябе́ між паганамі і сьпяваць іме́ньню Твайму (Псальм 17:50).
10 І яшчэ сказана: Узьвесяліцеся, пагане, з народам Яго! (Другазаконьне 32:43.)
11 І яшчэ: хвале́це Госпада, усе́ пагане, і слаўце Яго, усе́ народы! (Псальм 116:1.)
12 Ісая таксама кажа: будзе корань Ясе́явы і Той, што́ паўстане, валадаць народамі; на Яго пагане спадзявацца будуць (Ісая 11:10).
13 Бог жа надзе́і няхай напоўніць вас усякай радасьцяй і мірам у ве́ры, каб вы, сілаю духа Сьвятога, абагаціліся надзеяй.
14 І сам я перакананы аб вас, браты маі, што і вы поўныя дабраты, напоўненыя усякаю ве́даю і можаце навучаць адзін аднаго.
15 Сьмяле́й жа пісаў я вам, браты, часткова як-бы дзеля напамінаньня вам, праз даную мне́ ад Бога ласку
16 быць мне́ служкаю Ісуса Хрыста сярод паганаў, сьвятарна абвяшчаючы Эвангельле Божае, каб ахвяра паганаў, асьвячоная Духам Сьвятым, была ўгодна Богу.
17 Маю вось пахвалу ў Ісусе Хрысьце́ ў тым, што (датычыцца) Бога:
18 бо не адважуся сказаць што-не́будзь, чаго ня зьдзе́яў Хрыстос праз мяне́ на послух паганаў, словам і дзе́лам,
19 сілаю знакоў і цудаў, сілаю Духа Божага; гэтак Эвангельле Хрыстовае пашырана мною ад Ерузаліму і ваколіц да Ілірыка.
20 Гэтак я стараўся абвяшчаць Эвангельле ня там, гдзе́ ўжо было вядома імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужой аснове,
21 але як напісана: Каму не абве́шчана аб Ім, убачаць, і хто ня чуў, даве́даюцца (Ісая 52:15).
22 Цераз гэтае я шмат разоў і ме́ў перашкоду прыйсьці да вас.
23 Цяпе́р жа, ня маючы больш ме́сца ў гэных краінах, ды з даўных год маючы жаданьне прыйсьці да вас,
24 як толькі пакіруюся ў Гішнанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, праходзячы, пабачыцца з вамі, ды што вы правядзецё мяне́ туды, як толькі крыху наце́шуся вамі.
25 Цяпер-жа я йду ў Ерузалім паслужыць сьвятым;
26 бо Македонія і Ахайя надумалі ўдзяліць не́шта бе́дным сьвятым у Ерузаліме. Надумалі, але й вінаватыя ім.
27 Бо, калі пагане зрабіліся ўчасьнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цяле́сным.
28 Выпаўніўшы вось гэтае і даставіўшы ім пад пячацяй гэты плод, пайду праз вас у Гішпанію.
29 Ве́даю-ж, што, калі прыду да вас, дык прыду ў поўні багаслаўле́ньня Эвангельля Хрыстовага.
30 Малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, памагаць мне́ малітвамі за мяне́ да Бога,
31 каб выбавіцца мне́ ад няве́руючых у Юдэі, і каб служэньне маё для Ерузаліму было ўгодна сьвятым,
32 каб мне́ воляй Бога ў радасьці прыйсьці да вас і супачыць з вамі.
33 Бог жа міру з усімі вамі: Амін.
Пасланьне Паўлы да Рымлянаў, 15 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.